Алесь Аркуш
ВАРОНА
Гэтая гісторыя зусім і не гісторыя, так сабе, нейкая прыдумка. Бывае, уталопіцца штосьці ў галаву й вярэдзіць, і вярэдзіць, і дробна зумкае. Ня тое, каб замінала жыць. Проста ведаеш – недзе ёсьць, прысутнічае ў нетрах сьвядомасьці. Калі заманіцца – прыслухаесься, дык і пачуеш. А не – дык не. Бо хто гэта будзе адмыслова прыслухоўвацца да розных недарэчных дробязяў?
Карацей, усё гэта глупства. І гісторыя ня вартая асобнага расповеду. Аднак, надарылася мне пазнаёміцца з адным чалавекам. Быў ён мастак і меў такія-сякія амбіцыі. Увогуле, я люблю амбітных людзей. Бо калі ты ня маеш жаданьня зьдзівіць сьвет, дасягнуць вяршыні, дык жыцьцё папросту марнуецца. Ходзіш на працу, зарабляеш на хлеб, нэрвуесься з-за дробязяў, змагаесься за мейсца пад сонцам – гэткая вавёрчына каруселя. Здаецца, бяжыш некуды, напружваеш цягліцы, а сам ведаеш выдатна – нікуды ўсё адно не патрапіш. Можна ня бегчы, а паціху нечым займацца, нетаропка, з асалодай, з прыемным хваляваньнем у сярэдзіне – проста дзеля справы, проста каб уцерці ўсім нос. Зробіш, азірнесься, а тыя, што беглі, далёка-далёка ззаду. Безнадзейна адсталі. Змарнавалі толькі час. А ўсё з-за чаго? Ня мелі амбіцыяў. Яны думалі: вось зараблю на машыну, або стану начальнікам – і буду вялікім чалавекам. Аўто разаб'ецца ў аварыі або заржавее, з пасады звольняць або адправяць на пэнсію – і зноў ні хаты, ні лапаты. А час уже ня вернеш. Таму гэта не амбіцыі, калі нехта хоча стаць начальнікам. Гэта пыха. Вось калі ён імкнецца вынайсьці лекі ад AIDSу або намаляваць геніяльную карціну – гэта амбіцыі. Вызначыць розьніцу між імі нескладана. Сапраўднае застаецца тваім назаўжды. Нават пасьля сьмерці.
Дык вось гэты мастак меў амбіцыі. Ня ведаю, ці меў ён на іх падставы. Бо наўрад ці вы адразу тут і ўзрадаваліся, пачуўшы таямніцу сапраўднага. Не такія вы прастакі. Можна мець вялікія амбіцыі там, дзе нічога табе ня сьвеціць. Гэтак найчасьцей і бывае. Вой як ня проста – мець рэальныя амбіцыі.
Мастака завуць Георг. Родам ён з Арменіі, але гадоў шэсьць жыве ў Менску. Я меў зь ім працяглую гутарку. Відавочна, гэта адукаваны чалавек, ён вольна цытаваў гішпанскую паэзію, слушна разважаў пра эўрапейскі жывапіс і ўсходнюю культуру, бо, як прызнаўся, належыць да руху прыхільнікаў філязофіі ёгі. Апошняе, мне падаецца, і сфармавала яго як асобу. Георг доўга разважаў пра лёс і наканаванасьць. Маўляў, і тое, што жыве зараз у Менску, і тое, што апынуўся ў Полацку – наканаваньне. Гэта зусім ня значыць, што іншага не магло быць, проста дзеля ягонага духовага разьвіцьця тое патрэбнае.
Прызнаюся, Георг – сымпатычны мне чалавек, і я зь цікавасьцю яго слухаў. Аднак у нейкую хвіліну мне ўзгадалася варона, якую колькі тыдняў таму бачыў са свайго вакна. Птушка павольна ляцела ля самага майго пятага паверху, зусім побач, і я пасьпеў яе добра разглядзець. Пёры на крылах, вока, якое не выдавала ніякіх эмоцыяў, падкурчаныя лапкі, графічнасьць дзюбы. Узгадаў, і птушка не выходзіла з маёй галавы. Тады, калі я яе ўбачыў, мне падумалася: вось ляціць некуды й ведае куды, бо, відавочна, ня проста так кружляе. У чым палягае матывацыя яе палёту? Бязглуздае пытаньне, але яно засела ў маёй галаве, і я некалькі разоў вяртаўся да гэтай гісторыі, спрабуючы прааналізаваць усе прычыны й вынікі гэтага. Я разважаў пра пошукі ежы, будаўнічага матар’ялу для гнязда... Але нечакана мне падумалася зусім аб іншым. Што здарылася б із сусьветам, калі б кожная варона страціла разуменьне таго, куды і навошта трэба ляцець?
Я слухаў Георга, а перад вачыма стаяла тая варона, якая, нясьпешна махаючы крыламі, упарта ляцела да нейкай, невядомай мне мэты. Ці кіравала ёю ў гэтым палёце наканаваньне? Па вялікім рахунку – так. Бо жыцьцё патрабуе выкананьня запраграмаваных прыродай адпаведных дзеяньняў – сну, харчаваньня, клопату пра патомства. Але варона ляцела менавіта ў тым накірунку, менавіта ў той час, менавіта з той хуткасьцю, менавіта на той вышыні…...
Я й дасюль не разьвітаўся з пытаньнем пра варону. Прайшло столькі часу, а яно ўсё не дае мне спакою.
ТКАЧЫ
Раней ніхто й не здагадваўся, што ў нашым горадзе жывуць ткачы. Нават старажылы ня памятаюць, каб былі тут якіясь ткацкія фабрыкі. Прычым, гэтыя ткачы да нас ніадкуль не прыехалі, гэта ня нейкія там мігранты з баваўнянай Сярэдняй Азіі. Як раз не. Гэта свае, тутэйшыя. Тут нарадзіліся, гадаваліся й сталелі. Але як ім удалося дасюль хаваць сваю прыналежнасьць да тае спэцыфічнае прафгрупы? Загадка.
Раней я быў па-дзіцячаму наіўны. Мне падавалася, што калі ты каваль, дык мусіш вырабляць на кавадле працоўныя прылады з мэталу, а калі ткач – ткаць халсты. Нічога падобнага. Можна быць ткачом і ня ведаць, што такое ткацкае абсталяваньне й чым бавоўна адрозьніваецца ад нэйлёну. Карацей, быць поўным прафанам у ткацтве. Калі я даведаўся, што такое магчыма, дык страшэнна зьдзівіўся. Можна сказаць, што ў маёй галаве адбылася рэвалюцыя. На ўзор сэксуальнай. Прабачаюся, але колькі словаў мушу сказаць пра сэксуальную рэвалюцыю.
За савецкім часам на сэксуальную сувязь да ўзяцьця шлюбу глядзелі як на паўкрымінальную правіну. Гэта сьцьвярджалі ўсе інстытуты грамадзтва – мараль, ідэалёгія, адукацыя, сям’я. Таму ўласна сэксуальная сувязь ва ўяўленьні моладзі паўставала ў выглядзе гэткай д’ябальскай спакусы. Гэткага сатанінскага ўчынку. Побач зь якім проста не існавала месца каханьню. Каханьне ўсё ж такі боскае пачуцьцё. Ня цяжка ўявіць, што нараджалася ад сэксу без каханьня. Сэксуальная рэвалюцыя выбухнула як супраціў татальнаму падману. Як ахоўчая рэакцыя маладых арганізмаў і душаў. Сацыяльная экалёгія, што згубіла раўнавагу, патрабавала ратаваньня. Трэ было вярнуць каханьне чалавечым адносінам. Памятаю, мая аднакурсьніца, апраўдваючы дашлюбную сэксуальную сувязь, казала, што гэта небясьпечна – браць шлюб без выпрабаваньня свайго суджанага. Маўляў, навошта ўскладняць сабе будачае жыцьцё. Дзяўчына была прагматычнаю й думала пра будучае. Сатанінскі сэкс ня думае ні пра што.
Ткачы, мне падаецца, нарадзіліся ад сатанінскага сэксу. Ткачы проста ня ўмеюць думаць. Яны жывуць рэфлексамі. Для іх не існуе ніякіх тармазоў.
Сусьветная гісторыя сьведчыць, што ткачы масава зьяўляюцца падчас пэўных грамадзкіх узрушэньняў. Яны гуртуюцца ў паўвайсковыя аддзелы, падобныя да зграяў шакалаў. Прычым, разабрацца, хто ў іх галоўны -- немагчыма, бо ніякай формы яны ня носяць, ня кажучы ўжо пра пагоны й пятліцы. Здаецца, што й загадаў ніхто ў іх асяродзьдзі не аддае. Відавочна, загадам для іх робіцца тая мэта-задача, якая патрапляе ў іх галовы. Больш агрэсіўных і дэструктыўных людзей цяжка ўявіць. Яны на вялікай адлегласьці адчуваюць ворага. Найбольш іх разражняе што-кольвечы разумнае й мудрагелістае. Першымі сваімі ворагамі яны лічаць рознага кшталту "мудрацоў". Няма чаго думаць і балбатаць,– кажуць яны,– трэба дзейнічаць. За галоўную абразу сярод іх уважаецца слова "прафэсар".
Ведаючы, на што здатныя ткачы, я не выходжу на вуліцу без газавага пісталета. Сябры мне прапаноўвалі сапраўдны «вальтэр». Я адмовіўся. Усё адно забіць чалавек я няздольны. Навошта «вальтэр», калі й «газавік» падобны да сапраўднага. Напужаць ткача я магу і ім. Ніколі раней не паверыў бы, што прызвычаюся да гэтае «цацкі» й нават палюблю яе. «Газавік» мяне ратуе. Ня столькі ў фізычным пляне, колькі ў духовым. Бо лепш бараніцца, чым, абмінаючы небясьпеку, прыстаўляцца, выдаваць сябе за свайго, за ткача. Удаваць я ня ўмею.
Часам я чую ад ткачоў слушныя словы. Але яны падобные да пажухлае лістоты. У іхніх словах няма жыцьця. Слушнасьць не бывае вечнай ці хаця б доўгатэрміновай. Прамоўленыя сёньня слушныя словы, заўтра становяцца зусім няслушнымі й нават хлусьлівымі. Ткачам гэта цяжка зразумець.
Раней я спрабаваў ткачам нешта давесьці, патлумачыць. Але хутка пераканаўся ў марнасьці маёй асьветнай дзейнасьці. Яны ўпарта стаяць на сваім. Усё кепскае, што надараецца ў краіне, яны тлумачаць наступствам змовы. Ня цяжка здагадацца, хто вінаваты ў тых змовах.
Я ня раз задумваўся: у чым прырода гэтай хлусьні? Аднойчы мне ўзгадаліся бачыны мэмуараў былых гулагаўцаў: тых, што выжылі. Часам, менавіта хлусьня ім дапамагала захаваць жыцьцё. Напрыклад, у новага канвою вязьняў, што прыгналі ў лягер, пытаюцца, ці ёсьць сярод іх рахункаводы. Некалькі чалавек выходзіць з шыхтоў. Сярод іх той, хто ніколі ня быў рахункаводам. Чалавек падмануў і выжыў. Захаваў сябе ад нечалавечых пакутаў на лесапавале або ў рудніку.
Ткачы таксама, напэўна, імкуцца выжыць. У час грамадзкага ўзрушэньня. Іншага тлумачэньня я ня бачу. Яны выйшлі з агульнага шыхту й гучна прамовілі – МЫ ТКАЧЫ. Толькі ніхто іх у ніякі гулаг яшчэ ня гнаў. Пра мажлівасьць гулагу прайшла толькі першая пагалоска. Баючыся спазьніцца, яны загадзя падманулі і аб’ядналіся ў хаўрус. Каб выжыць….
2000, Полацак.

Алесь Аркуш. 1997. Парыж.