БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 8

ПОЎНЫ КЕРКЕШОЗ
раманец

Вiтаўт Чаропка

КНIЖКА ДРУГАЯ

Нi адкуль нiчога нiякага

Вiтаўт ЧаропкаУ той час, пакуль Хлестачонка везьлi некуды з пастарунку, у горадзе ўсталёўвалася новая ўлада. Партрэты былога прэцэдэнта скiдвалiся на зямлю, а на iх месца соцабнавiсты вывешвалi сацыяльна абноўленыя сьцягi. Пётр Сьцяпанавiч Верхавенскi з балькону прэцэдэнцыi абвясьцiў новую эпоху ў гiсторыi Разумава. Горад Разумаў цяпер становiцца ня проста горадам, а калыскай сусьветнай смуты. А таму Разумаў, як i раней, будзе называцца Глупавым. «Я вярнуў вам ваша спрадвечнае iмя». Глупаўцы радасна закрычалi i гатовы ўжо былi бегчы сьвяткаваць гiстарычную падзею, як пачулi, што адгэтуль важна не як i што, а важна што i як. Глупаўцы ажно спынiлiся там, дзе стаялi. Што яны пачулi? Але нагадалi, што цяпер у iх рэзалюцыя, а значыць, магчыма i такое: не як i што, а што i як. А таму трэба адсьвяткаваць заваяваную праўду. I ўжо зьбiралiся глупаўцы бегчы да Выпiвайкiна i Прапiвайкiна, як пачулi ад Верхавенскага яшчэ больш важнае. «Цяпер у вас будзе справядлiвасьць – кожнай бабе па мужыку, а мужыку па бабе!» Радасьцi не было межаў, яна была бязьмежная. Усе плакалi ад радасьцi – i тыя, хто меў, i тыя, хто ня меў бабу або мужыка (згодна сваёй арыентацыi). Нават самаму апошняму глупаўцу было ясна, што жыць будзе ня так, як жылося. Усялякага хапала ў Глупаве, а вось рэзалюцыi яшчэ не было, ды яшчэ сэксуальна справядлiвай.

А тым часам выведчык Шцiрлiк даносiў у цэнтар: «Экспэрымэнт паказаў: шырокiя масы чакаюць ананасы. Хоць i ня ведаюць, што гэта такое, але цацанкамi iх не накормiш. У горадзе адбылася масавая акцыя пратэсту. Прэцэдэнт звар’яцеў i забыўся, як яго клiчуць. Уладу ў горадзе захапiлi антыграмадзкiя элемэнты. Экспэрымэнт можна лiчыць закончаным, бо невядома, чым усё гэта скончыцца». У цэнтры доўга думалi i вырашылi завяршыць экспэрымэнт. I так ясна –абяцанкi-цацанкi, а дурням радасьць.

Усяго гэтага няшчасны Iван Аляксандравiч Хлестачонак ня ведаў, дык што з гэтага – усё роўна ня памятаў сябе. Прывезьлi яго ў лякарню своеасаблiвага лекаваньня.

Адразу за брамай Хлестачонак убачыў чалавека, якi бiў лыжкай па начным гаршэчку. Бухнуў раз – адазвалася «бум», бухнуў другi –»бум», бухнуў трэцi – «бах». Заўважыўшы новага, гэты чалавек зьдзiўлена ўсклiкнуў:

– Хлестачонак! Якiм макарам сюды патрапiў?

Хлестачонак i сам вельмi абрадаўся, што даведаўся пра сваё прозьвiшча. Вось бы даведацца, кiм жа ён быў, што рабiў i чым займаўся, i тады можна стаць самiм сабой.

– Дык хто ж я такi?

– Ну, здрасьце, прыехалi. Ты ж наш прэцэдэнт – самы што нi ёсьць. Гэта ж ты нас вучыў, што важна ня што i як, а важна як i што.

Вось як атрымлiваецца: ня ведаў, ня знаў, ня чуў, ня бачыў, не гадаў, а наш прэцэдэнт. Гэта нiчога сабе, толькi вось вызначэньне «наш» –нешта ня тое. Значыць, атрымлiваецца, ён вар’яцкi прэцэдэнт.

– А я цяпер Гогаль! Гэта я дадумаўся да таго, да чаго не хацеў дадумацца нiхто. Я пранiкаю ў сьвет неiснуючых словаў. Вось ляпнеш у тазiк, нiбыта ў бубен,– Гогаль ляпнуў у гаршэчак, i глухi гук адазваўся ў адказ. – I слова з нябыту вернецца рэхам –лiхтарык-лухтарык. Такi вось закон трансбумбамбахiзму.

– Дык ты паэт?

– Я не паэта, крый мяне Божа... Паэты пiшуць ганарары, а я шукаю слова, а плацяць за радкi.

Гогаль ганарыста прайшоўся па двары, ляпаючы лыжкай у гаршчок: «бум-бам-бах»!

Трэба было выконваць свае абавязкi «нашага» прэцэдэнта. «А то тут безь мяне, безь мяне няма тут нiчога»,– вырашыў Хлестачонак. Толькi вакансiя прэцэдэнта была ўжо занятая. Не пасьпеў ён увайсьцi ў новы дом, як гучны сыгнал трубы заклiкаў вар’ятаў на шыхтаваньне. Яны хуценька зьбеглiся з розных закуткоў i куткоў на двор i сталi ў шэраг. Тут зьявiўся нехта, якога ўсе прывiталi так: «Вiват, прэцэдэнт!» Хлестачонак дзiву даўся – а хто ж ён сам тады такi, калi ён не прэцэдэнт?

– А ты будзеш Швэйкам! – загадаў Хлестачонку прэцэдэнт.

Як нi было крыўдна, але трэба было прыняць i гэты паварот долi. Вышэйшая мудрасьць самазахаваньня падказала яму – трэба быць цяпер нават Швэйкам, абы кiмсьцi быць, бо будзеш тады нiкiм. Гэтая вар’ятня – сьвет зусiм iншага ўспрыманьня сьвету. Хлестачонак пракаўтнуў i крыўду, i абразу, i стаў у шэраг, i затоiў думкi i словы свае. Але прэцэдэнту не спадабалася ягоная адвольная хада, а хада яго паказвала яшчэ ня скораны дух.

– Швэйк! Выйсьцi з шэрагу! – закрычаў прэцэдэнт.

Ну хай яму палягчае, хай пацешыцца сваёй уладай – усё роўна гэта ня ўлада, а вар’яцтва. Хлестачонак адчуваў сябе акторам, якi грае ў спэктаклi абсурду i павiнен выконваць сваю ролю. Ён выйшаў з шэрагу, але прэцэдэнту ня вельмi спадабалася ягоная адвольная хада.

– Жаўнер!

Ну чаго гэты гатак гэтак крычыць? Што ён такое так хоча? Прэцэдэнт нечага чакаў, i выгляд у яго быў пакрыўджаны, i здавалася – ён вось-вось заплача ад дарэмнасьцi чаканьня. Шэраг пацiху пасьмейваўся.

– Усе раўняйцеся на мяне! – загадаў прэцэдэнт. – Абвяшчаю жаўнеру Швэйку тое, чаго нiкому не абвяшчаў: ён цяпер нiхто!

«Нiчога, я сваё пакажу. Маё яшчэ ў мяне. Яны яшчэ даведаюцца, хто я такi. А я не абы-хто i не абы-што»,– думаў Хлестачонак. Тут пачалася праверка наяўнасьцi асабовага складу. На лiтару А быў названы Амарал. Ён адазваўся: «Я». На лiтару Б быў нехта Брут. На лiтару В – дзед Ванiтуй. На лiтару Г – Гогаль. Былi тут Дыракол, Елупень, Ёпэрэсэтэ, Жэбiнь-Жэбай, Зануда, Iбiда, Йошкар-Ала, Курва, Лярва, Мудак, Ньютон (а як жа без яго?), Ост Вест Дзюйм, Плятон (i без яго як?), Рафаэль, Сад (маркiз дэ), Тарчыла, Удурак, Фрэйд... Тут Хлестачонак нацяўся, набраў у глотку паветра, каб крыкнуць «Я!», бо хай ведаюць – ён не абы-хто i не абы-што. I вось прэцэдэнт выгукнуў:

– Хлестачонак! – I сам адказаў: – Я!

I такое дарагое, такое любiмае «Я» захрасла ў горле Хлестачонка, ён папярхнуўся iм i праглынуў у свае вантробы. Далей былi: Цыпа-Дрыпа-Фiрымонi, Чынгiз-Хам, Шах-Шарах, Цьвёрды Знак, Ы-ы-ы, Эхты, Яндала.

– Нiхто!

Хлестачонак не зразумеў, што назвалi ягонае iмя, але яму даходлiва патлумачылi – штурхнулi ў плечы.

– Я. – I нiколi так прыкра не гучала гэтае ягонае «Я», як зараз, бо зараз ён быў не «Я», а нiхто.

«Ну, нiчога, перажыву i гэта. Важна ня што i як, а важна як i што. Проста так я ня здамся, я не такi»,– вырашыў Хлестачонак.

А як пачаўся абед, Хлестачонак зноў глытаў сьлёзы крыўды, каб не паказаць нiкому i каб нiхто не здагадаўся, што важна як i што. На раздачы абеду сядзеў той, якi i сваiм калярытным зьнешнiм выглядам i сам па сабе апраўдваў сваё прозьвiшча – Удурак.

– А для цябе пайкi няма,– мовiў ён.

– Што гэта за дыскрымiнацыя? Па якому прызнаку – расаваму, сэксуальнаму, палавому цi сацыяльнаму? Я такi, як i вы ўсе тут разам ўзятыя. Мы – браты па няшчасьцi, а ты мне есьцi не даеш. У мяне таксама жывот кармiць трэба.

Удурак толькi па-удурачнаму крывiў вусны.

– Давай пайку! – патрабаваў свайго Хлестачонак. «Цяпер цi нiколi. Адступiў раз, адступiў два, адступiў тры – а там i адступаць няма куды».

– Можаш скардзiцца,– адказаў Удурак, як у душу плюнуў.

Усе жыхары лякарнi зь цiкавасьцю назiралi за гэтым супрацьстаяньнем iнтэлектаў. Удурак быў здаровы (паводле прынцыпу сiла ёсьць – розуму ня трэба), i вось гэтае адзiнае ён i разумеў – супраць сiлы не папрэш.

– Ананасаў ня хочаш? – спытаў Удурак. – Еш свой ананас,– выклаў ён на стол рэпу. – Нас накармiў, а цяпер сам еш.

– Не хачу i ня буду! – як юнак на дапросе, мужна адказаў Хлестачонак i горда падняў падбародак.

– Еш! Еш! Еш! – закрычалi ўсе ад А да Я.

– Не хачу i ня буду!

– Захочаш i будзеш! – патрабавалi ўсе ад А да Я.

I Хлестачонак пабег прэчкi, забiўся ў закуток. Нiчога ўжо не хацеў даводзiць, нi за што не хацеў змагацца – толькi б пакiнулi яго самiм сабой. I такiм няшчасным адчуваў ён сябе, што да горкiх сьлёз праняло яго гэтае пачуцьцё. Толькi стары дзед Ванiтуй падыйшоў да яго i суцешыў.

– Ня плач. Ужо так Бог даў, што на ўсялякую бяду ёсьць i бяда, ёсьць нам паратунак.

I гэта была надзея, а надзея памiрае апошняй, i пакуль яна не памерла, яе трэба выкарыстаць. А тым часам прэцэдэнт правiў сваё права.

– За ногi, за рукi! Прывядзiце гэтага Нiхто да маiх ног! – загадаў ён.

Хлестачонка за ногi i за рукi прывялi i паставiлi перад нагамi прэцэдэнта.

– У нас тут свае законы – законы вар’яцтва. Хочаш жыць, дык будзь вар’ятам,– патлумачыў Антыхлестачонак. – Тут важна не як i што, а важна што i як.

Гэта быў крах! У Хлестачонка забралi ня толькi сапраўднае вялiкае iмя, ня толькi дарагую волю, але i ягоную генiяльную думку, ягоную неўмiручую iдэю. I што засталося ў яго? Нiчога. Ён зьняважаны, абражаны, пакрыўджаны, апушчаны, выгнаны, абадзёрты, абкрадзены, падмануты, ашуканы, зашрубаваны, апляваны, апаганены, ачмурэлы, занядбаны, разьвенчаны, пакiнуты, пракiнуты, закiнуты, расчараваны, расьцярушаны, расьцiснуты, разгублены, засмучаны, асьмяяны, прыгнечаны, прыбiты, забыты, пераможаны, растарможаны, затарможаны, пакараны, абарваны, адвергнуты, змушаны, парушаны, запаршывелы, вiнаваты, зьнясiлены, зьняслаўлены, зганьбаваны, абезасоблены, перайменаваны, звар’яцелы. «Але, ня будзь я Хлестачонкам, каб чаго-небудзь ня вытварыў, i ня буду я Хлестачонкам, калi гэтае чаго-небудзь ня вытвару»,– вырашыў ён увечары, лежачы на мулкім тапчане.

Вар’яты доўга яшчэ не засыналi. То адзiн, то другi, то трэцi, то яшчэ хто i нехта бегалi па спальным пакоi, крычалi i балдзелi. Чынгiз-Хам ганяў Сада, кiдаў праз вакно падушку, i той у зубах прыносiў яе са двара. Некаторыя, якiя лiчылi сябе за мужчын, пайшлi да жанчын –тутэйшых прадстаўнiц напаўжаночага пачатку. Хлестачонку ўсё было да фенi, апроч сваёй асобы. А вось Гогаль злаваўся.

– Я зараз у каго-небудзь пантофлю кiну, каб не перашкаджалi думку думаць! – крычаў ён са свайго тапчана.

I вось сапраўды ў паветры замiльгала пантофля i праляцела каля нечай галавы.

– Ах ты, паршывы сачынiцель! Ты думаеш, што я ня думаю?

Каго-небудзь (а гэта апынуўся сам Удурак) з пантофляй у руках падбег да Гогаля, узмахнуў ёй i з баявым воклiчам ударыў па тапчане. Гогаль ледзь пасьпеў саскочыць пад тапчан i там схаваўся да спакойнага моманту.

– Глядзi ў мяне. Другi раз адразу па хабальнiку – i палова шнобэлю застанецца.

– Ён табе толькi дзякуй скажа,– прамовiлi ў адказ.

«А мне ўсё да фенi, усё да фенi. Хай яны тут усе звар’яцеюць. Мяне чакаюць вялiкiя справы, а мяне ў нiхто ўтапталi. Нiчога, я што-небудзь вытвару»,– вырашыў Хлестачонак.

Ранiцай, калi вар’яты дружнай суполкай увалiлi на кухню на кармёжку, дык аслупянелi ад убачанага. На стале, на белым абрусе, ляжала акрываўленая галава Хлестачонка. Яны стаялi ды пялiлiся на яе, а яна раптам раскрыла вочы i пранiкнёна зiрнула на iх, а пасьля ў галавы заварушылiся вушы ды прагучала залiвiстае «Гаў!» У каго падкасiлiся ногi, той упаў, а хто ўстаяў, дык як атарапелы. У цiшынi з рук Удурка бразнулася на падлогу чарпло. Першым ачуўся Антыхлестачонак:

– Што гэта такое?

– Высокая ступень вар’яцтва – вось што гэта такое. Гаваркая галава вар’ята Усё да Фенi. А вось вы хто такiя? Вы – самазванцы! Тут адзiн я, а вы не такiя. Вы здаровыя – i душой, i галавой, а прытвараецеся хто ведае кiм, з-за гэтай пайкi. Ня трэба ня сеяць, не араць, бо сусьветная арганiзацыя хто ведае каго шле вам гуманiтарную дапамогу, дык чаму не пабыць хто ведае кiм. Я разьбяруся, хто ёсьць абы-хто. Вось ты – хто такое?

– Я... я... Удурак я,– замямлiў мужык, як буржуй перад Ленiным.

– Гэтага мала, каб быць вар’ятам. На табе араць трэба, а ты грушы тут атрасаеш. Гуляй!

Удурка баялiся i паважалi, бо сваiмi моцнымi рукамi ён трымаў чарпло, а хто раздае пайку, таму i глядзяць у рот. Усе былi ў ягоным роце, а каму гэта падабаецца? Таму, як нi абураўся Удурак, пагражаючы падаць у лечкамiсiю, пiсаць скаргi ў камiтэт па правах вар’ятаў, нiхто за яго не заступiўся. Дый увогуле,– чаго варты чалавек, якi выпусьцiў з рук чарпло?

– Валяй, а то яшчэ горш будзе,– паслалi яго прэч.

Удурак убраўся са сцэны дзеяў. Наступным быў Амарал.

– Глядзiш разумна – зусiм як сабака,– зрабiла выснову галава.

Амарал упаў на каленi i забрахаў апантана i натхнёна – ну зусiм як сабака.

– Ды якi ты Амарал? Ты сапраўдны Аргус. Да нагi!

Сабака-чалавек на чатырох кукiшках падбег да стала i лёг на падлогу, высунуўшы з пашчы вiльготны язык. Сумненьняў не ўзьнiкала – ён не дарэмна еў свой хлеб. А тыя, хто лiчыў сябе вар’ятамi, падумалi, што галава – рэвiзор сусьветнага грамадзтва вар’ятаў. Значыць, трэба было вар’яцець, каб ня выгналi, у поце вiду свайго здабываць хлеб. Бруту гэта не дапамагло. Хоць ён i крывiў твар мордай, пускаў сьлiну, дрыгаў нагамi, трос рукамi i казаў адно i тое слова – «Вiй», прысуд быў вынесены загадзя. Ну хто, скажыце, трымае каля сябе Брута? Хаця ён i крычаў, што ня той Брут, а Хама Брут i сапраўды звар’яцеў. Пра гэта i Гогаль пiсаў. Спыталiся ў Гогаля, а ён такога Хаму Брута i знаць ня знаў, i ведаць ня ведаў, i нiчога такога пiсаць не пiсаў.

– З-за такiх, як ты, цэнзару горла перарэзалi,– выказаўся Усё да Фенi.

I ўсё стала ясна. Брута моўчкi здалi i выправадзiлi за высокi плот. Дзеда Ванiтуя з-за ягоных сiвых валасоў варта было пашкадаваць, тым больш, што ён ужо даўно выжыў з розуму i мармытаў нешта непатрэбнае: «А халера яго ведае, я кажу, што ты ня дай Бог, што ты нiчога не было б, каб не было як». Ну, ясна – вар’ят. Не было праблем з Гогалем. Ён ляпнуў у гаршэчак раз, ляпнуў другi, ляпнуў трэцi i пракрычаў: «Бухарык-хубарык!» А пасьля на ўсё зрабiў з дзесятага на пятае. Вар’ят.

Чаго пiсаць пра гэтую рэвiзiю? Той, хто ня здолей звар’яцець цi зьвiхнуцца, цi завярнуцца, таго Хлестачонак выставiў у сьвет. Выставiў ён i прэцэдэнта, якi прыкiнуўся Швэйкам.

– Тут радзiма ў небясьпецы, а ты схаваўся ў тыле.

– Ды я тут гаспадар. Мяне сам рэвалюцыйны камiтэт назначыў галоўным вар’ятам! – бiў кулакамi ў грудзi i пырскаў сьлiнай Антыхлестачонак.

– А мне ўсё да фенi.

Былi выстаўлены за плот усялякiя там сачкi тыпу Чынгiз-Хама (з-за тыранскiх схiльнасьцяў, бо мучыў мух i Сада маркiза дэ), Фрэйда (шмат ведаў пра нейкае лiбiда i шмат казаў пра нейкiя генiталii), Рафаэля (расьпiсаў сьцены знакамi X, Y i невядомым знакам з вышэйшай алгебры). Мяккi Знак таксама быў непатрэбны, як, дарэчы, i Цьвёрды Знак. Яны абуралiся: «Што гэта за такое? Якая гэта вар’ятня, калi нi Мяккi, нi Цьвёрды Знак».

«А нам усё да фенi, мы вар’яты. Хi-хi-ха»,– паказвала язык галава i паказала з-пад стала чарпло.

Неяк само сабой, за няма нiшто ўся ўлада перайшла ў хлестачонкавы рукi, бо яны трымалi чарпло надзейна i сур’ёзна. Цяпер Усё да Фенi стаў галоўным раздатчыкам пры гуманiтарным карыце, а значыць, ад яго залежала, хто будзе сыты, а хто будзе галодны. А голад ня цётка –прызнаеш i Усё да Фенi. А ён папярэдзiў: хто не працуе – той ня есьць.

Неўзабаве заплянаваныя страты папоўнiлiся. Брама вар’ятнi расчынiлася, i жандары ўштурхнулi за парог не каго iншага, а графа Фiлькенштэйна. Усё да Фенi асабiста меў зь iм гаворку. I вось якая бяда здарылася. Цяпер кожная здаровая, ясная i вялiкая думка абвяшчаецца вар’яцтвам. У якiм мы сьвеце жывём, што за вар’яцтва? Вось такая наша доля!

– Дзярмо доля,– супакоiў графа Усё да Фенi.

– Эўрыка! – усклiкнуў Фiлькенштэйн. – Дзярмо нас выратуе.

Тут ужо i сам Усё да Фенi зьдзiвiўся, ажно язык праглынуў у рот.

– Якiм чынам?

– О! – падняў дагары палец граф. – Думаць трэба, а я думаю. У нас пад бокам такiя невычэрпныя выплаўнi дзярма плаваюць без карысьцi. А мы вырыем дзермаправод, паставiм дзермасыскi i пагонiм дзярмо прама ў цывiлiзацыю. А там дарэмна i дзярмо ня тоне. Якiя грошы пацякуць сюды. Ды мы дзярмом увесь сьвет затопiм.

– Разумная галава – i ў вар’ятнi галава. Вось я цяпер загадчык чарпла, раздаю пайку. А другi як быў дурнем, дык дурнем i дуба дасьць. Ха-ха-ха-хi-хi-хi-ху-ху-ху-хе-хе-хе-хо-хо-хо-хы-хы-хы! Важна ня як i што, а важна што i як.

– Ну, гэта вы занадта... Менавiта важна як i што. Гэтаму нас навучыў прэцэдэнт.

– А мне ўсё да фенi. А калi табе ўсё трэба, дык ты Усё Трэба.

– Вось-вось, вельмi правiльна. Пляваць на ўсё трэба з высокай вежы, з хмарачоса, зь сёмага неба. Толькi той, каму ўсё да фенi, шчасьлiвы чалавек.

О дайце, дайце мне свабоду!

У лякарнi можна было жыць, але свабодалюбiвая душа Хлестачонка рвалася на волю. Там, на гэтай волi, можна было разгарнуцца ўшыркi i ўглыбкi. Трэба было i яшчэ тоiць думкi i словы свае, як i пачуцьцi i крыўду сваю. Але гэта была толькi палова праблемы, другая палова мела псыхалягiчную асаблiвасьць. Хлестачонак заўважыў, што яму ня проста да фенi ягоныя абавязкi старшынi пайкi, а – як гэта далiкатна выказацца? – ён замэнчыўся. Дык вось, Хлестачонак ня мог быць вар’ятам i чэсна раздаваць пайку. Яго замэнчылi патрабаваньнi ананасаў, а ён крычаў: «Пераб'ецеся!», але вось не перабiвалiся –хацелi, ажно патрабавалi. Гэта ўжо не вар’яцтва, а форменнае нахабства. Ён пасылаў падалей, а далёка не адыходзiлi, патрабавалi i прасiлi сваё. Ён страцiў усялякае цярпеньне, калi цярпеньне ня вытрымала – убачыў недаедкi. «Вiдаць, зашмат кармлю, бо ўжо ня лезе iм». I пачаў даваць мала. Нiчога дзiўнага, што вар’яты засумнявалiся: цi вар’ят Усё да Фенi.

I пакуль яшчэ перуны ня трэснулi па ягонай лабэшнi, Хлестачонку трэба было нешта такое вычварыць. I ён вычварыў. Ранiцай, чарговай ранiцай вар’яты ўбачылi Усё да Фенi ва ўсёй красе i велiчы. Ён, накрыты белай прасьцiрадлай, сядзеў на тапчане з важным выглядам i нябесным позiркам у вачах. Вар’яты насьцярожана i асьцярожна зьбiралiся каля ягоных ног, не маглi што падумаць i як здагадацца, хто ён такi.

– Я папа i мама ўсяго недзялiмага i адзiнага,– заявiў Усё да Фенi.

Вар’яты i ня ведалi, радавацца гэтаму цi яшчэ што рабiць. Гэта ж табе папа i мама ў мужчынскай i жаночай iпастасях у адной асобе. Нават самы дурны вар’ят здагадаўся: Усё да Фенi закасiла шыза. Куды iм да яго! А значыць, ён стопрацэнтовы вар’ят. Народ укленчыў перад новаяўленым кумiрам.

– Цяпер я ўсiм каралям папа i ўсiм царам мама, i толькi Бог мне ўказ. О дайце, дайце мне свабоду, я вам i не такое вычвару!

– Ды прыкiдваецца ён, косiць пад шыза,– засумняваўся Усё Трэба. –Усяго бачыў, нават пiнгвiнаў, а такога папу i такую маму ня бачыў. Якi ты папа? Якая ты мама?

– Якi мама, такая i папа,– слушна адказаў Хлестачонак i меў рацыю, бо якi мама – такая i тата.

I меў рацыю, бо нiхто не спрачаўся з гэтым. Але гэтага Хлестачонку здавалася мала. Усялякага зьведаў ён у жыцьцi, усялякага наглядзеўся, а вось свайго апошняга шляху ня бачыў. Раптам ён звалiўся з тапчана i выцягнуў ногi.

– Хана-мана,– горка ўздыхнулi ўсе.

– Ага,– згадзiўся Хлестачонак.

Усе заплакалi, залямантавалi, што яны няшчасныя сiрацiнушкi, бо засталiся без такой папы i такога мамы. Сьлёзы кранулi чульлiвую натуру Хлестачонка, i ён сам пусьцiў сьлязу. Паднялi яго на плечы i з плачам панесьлi. Хлестачонак быў на вяршынi шчасьця. Нарэшце, ён зьведаў усю глыбiню народнага гора з нагоды ягонага (але, спадзяваўся, ня хуткага) апошняга шляху. Будуць ведаць, якога чалавека страцiлi, а не цанiлi, не бераглi, дык гаруйце, бядуйце, лiце сьлёзы.

I тут брама вар’ятнi адчынiлася, i ўвалiла сур’ёзная кампанiя. Наперадзе яе знаходзiўся сам няўдалы Швэйк, а з-за ягоных плячэй вымалёўвалiся абрысы Удурка, Чынгiз-Хама, Шах-Шараха ды iншых непаўнавартых вар’ятаў. Працэсiя запаволiла хаду, а то i зусiм спынiлася. Хлестачонак адным вокам прыкiнуў становiшча i зразумеў: нешта ня тое, што павiнна быць тым.

– А зараз слухайце мяне. Ад iмя рэвалюцыйнага камiтэту я аўтарытэтна заяўляю. Вось дзе я вас усiх паважаў. – Швэйк паказаў пальцам непрыстойны знак. – Цяпер я тут пан i гаспадар на законных правах. Вось i бiлет мой,– падняў ён над галавой нейкi блянк з пячаткай.

З-за плячэй Швэйка выступiў Фрэйд i паведамiў наступнае.

– Я буду вас лячыць, i ня дай чорт вы ня вылечыцеся. Мала ня будзе. Мы паставiм вас на навуковую падставу.

Пасьля гэтых словаў наперад выйшаў Удурак, хмыкнуў, рыкнуў, заiкнуўся, i ўсе здагадалiся – навуковая падстава вельмi трывалая. А Хлестачонак нават парадаваўся, своечасова выцягнуў ногi, бо хаця ён i жывы, але разам з тым памёр. Нiчога тут не паробiш – нi ў чым ён не вiнаваты. Але гэта яму нiколькi не дапамагло. Калi ты дыхаеш, дык нават доктар Фрэйд не падпiша даведку аб сьмяротным капуце. Так што Хлестачонак быў прызнаны жывым, а значыць, годным для адказу перад рэвалюцыйным камiтэтам за памылкi, блуканьнi, недагляд i ўсе астатнiя грахi. Хлестачонак не пярэчыў, бо, каб давесьцi адваротнае, трэба было ня дыхаць, а дакладней – адкiнуць ногi. На гэта ўжо не хапала нi мужнасьцi, нi адвагi, нi жаданьня. Заставалася моўчкi падпарадкавацца новаму павароту долi. А тым больш – ён ведаў, што доля – яна такая заўсёды: нядоля доля. Вось таму ён дазволiў аднесьцi сябе, як i было загадана панам i гаспадаром лякарнi, у камору бяз вокнаў з чорнымi сьценамi.

Ён лёг на тапчан i падумаў. Як там нi было i што б там нi было, але ён пасьпеў сваё зрабiць, адкрыўшы актуальнейшы закон людзкога жыцьця: важна ня што i як, а важна як i што. Iдэя дагэтуль насiлася ў паветры, а цяпер яна матар’ялiзавалася, бо ўлезла ў галовы, пацякла па венах i артэрыях, набыла плоць i кроў. Паспрабуй яе высячы сякерай –дарэмная праца. Ён сваё слова мовiў, а слова гэтае – важкае i неўмiручае. I што цiкава – i да яго казалi словы: усё пачыналася са слова, а вось у яго яно (слова) атрымалася сапраўды словам – цяжкiм i нятленным. А гэтыя мiмалётныя непрыемнасьцi, нястачы, перашкоды –усяго толькi выпрабаваньнi дзеля нечага. Ну i што з таго, ну, пасадзiлi яго ў камору, схавалi ад людзкiх вачэй, але ён жывы, дыхае, думае, яшчэ i не такое вытварыць. Iншага шляху для яго няма. Ён жа пайшоў гэтым шляхам, iншым iдуць iншыя. Хлестачонак на радасьцях ускочыў з тапчану, заскакаў i засьпяваў пра бабу, якая сеяла трусiла. Прыстаўлены да дзьвярэй Удурак паглядзеў у вочка i вырашыў, што Хлестачонак сапраўды зьвiхнуўся.

Мiж тым, новае кiраўнiцтва лякарнi правяло рэвiзiю наяўнага складу. Кожны павiнен быў даць адказ аб сваёй дзейнасьцi. Прадугледжвалiся некаторыя скарачэньнi мужчынскага полу, бо кожнай бабе хапала па мужыку. Важна было не памылiцца i праявiць рэвалюцыйную сэксуальна-сацыяльную справядлiвасьць. Ну, скажам, з Аргусам не ўзьнiкала праблемы. А вось у Гогаля знайшлi рукапiс другога тома «Мёртвых душ». Дык гэта ж форменнае вольнадумства i марнаваньне паперы. Гогаль каяўся ў сваiм незацугляным натхненьнi – перапiсаўся. Спалiў ён рукапiс, але ў шчырасьць ягонага пакаяньня рэвiзоры не паверылi. Вольнадумец, нават пакаяўшыся, усё роўна кукiш у кiшэнi пакажа i ўсклiкне нешта падобнае на гэта: «А рукапiсы не гараць!» Такiм чынам, i Гогаля завялi ў камору да Хлестачонка чакаць асаблiвага рашэньня рэвалюцыйнага камiтэту. Ньютона i Плятона пакiнулi, бо ньютоны i плятоны патрэбны былi на ўсялякi выпадак росквiту навук i культур. Саду (маркiзу дэ) выдалi пасьведчаньне лектара таварыства ведаў i прызначылi чытаць лекцыi шырокiм масам аб стваральнай сiле сэксапаталёгii. Жыбiнь-Жэбай быў залiчаны ў штат зьнешнiх зносiнаў перакладчыкам-тлумачом з кiтайскай граматы на матчыну мову i наадварот. Ёпэрэсэтэ, Елупень, Яндала ды iншыя былi прызнаны чыстакроўнымi цяжкахворымi на глузды. На сваё месца вярнуўся Цьвёрды Знак. А дзе ягоны брат Мяккi Знак, гэтага нiхто ня ведаў, як ня ведалi, дзе падзеўся Хама Брут, бо пра яго ўсе забылi. Ост Вест Дзюйм застаўся ў рэзэрве, на выпадак перамены ветру i незаплянаваных подыхаў навальнiцы. Усё было б добра, калi б у рэвiзiю ня ўблытаўся Усё Трэба.

– Як гэта назваць? Я гэта называю абы-што i нiчога. Я гонар i слава навукi, а мяне вар’ятам зрабiлi. Перадайце свайму камiтэту. – Усё Трэба працягнуў Швэйку паперу.

– Аб карысьцi дзярма для горада Глупава,– прачытаў Швэйк. – Ну, i якая карысьць?

– Гiстарычна-сусьветная,– ганарлiва адказаў навуковец.

Усё Трэба таксама адвялi ў камору, каб ня выплыла тайна карысьцi дзярма. Цяпер у Хлестачонка зьявiлiся два сябры па няшчасьцi. Ён супакоiўся i раскiнуў думкi, як бы выбрацца на волю вольную. Хадзiў туды-сюды па каморы i раптам ён расьсьмяяўся так гучна, што абодва сябры па няшчасьцi зьдзiўлена ўтаропiлiся на яго, а ў вочка дзьвярэй паглядзеў Удурак.

– Ха-ха-ха! – сьмяяўся Iван Аляксандравiч. – Што для мяне гэтыя сцэны? Вы ж самi бачылi, як мужна, як высокародна я пераношу ўсе выпрабаваньнi долi i тою думкi i словы свае, а таксама пачуцьцi i крыўду сваю.

– Бачылi, бачылi.

– Вось ты – iнжынэр чалавечых душ,– зьвярнуўся Хлестачонак да Гогаля,– скажы, хiба можна ўтрымаць маю жывую душу ў сьценах?

– Хм... – сачынiцель задумаўся. – Блiн аб кампот. Я спэцыялiст па мёртвых душах, асаблiва па другому тому.

– А ў мяне такое ўражаньне, што там прытвараюцца, а тут як яно ёсьць, так яно i ёсьць,– зрабiў выснову Усё Трэба.

– Там i тут – якая розьнiца для жывой душы. А вось целу лепш быць там, бо там заўсёды лепш, чым тут? Вось вы: адзiн – сачынiцель, другi – навуковец, i ня можаце прыдумаць, як вырвацца з гэтых сьценаў.

– Вось каб у нас было многа дзярма, мы б яго закаркавалi ў цылiндар, i ў нейкi крытычны момант яно б выбухнула, i сьцены абвалiлiся, i свабода нас радасна сустрэла каля ўваходу,– выказаў свой плян Усё Трэба.

– Дзе ж узяць столькi экскрэмэнтаў? I чакаць трэба гэтага крытычнага моманту, а тут кожная хвiлiна вырашае шмат чаго. Дый небясьпечна для здароўя – як бухне, дык i сябе не зьбярэм,– слушна заўважыў Хлестачонак i зьвярнуўся да сачынiцеля: – А ты што можаш прыдумаць?

– Мне дык на ўсё можна... Добра б чорта лысага злавiць, а ён адсюль выцягнуў бы нас хоць на кулiчку.

I гэты плян уяўляўся абсалютна нерэальным. Ну дзе, скажыце, злавiць чорта лысага? Але й сам Хлестачонак нiчога трапнага i вартага не прыдумаў. Абмацаў сьцены i дзьверы – галавой не праб'еш. Сеў на тапчан i задумаўся. I што? Прызнацца ў сваiм поўным бясьсiльлi на радасьць непрыяцелям i нядобразычлiўцам? I гэта Хлестачонак? Ды ён сам ня верыў у тое, што ён зараз Хлестачонак. Павiнна быць нейкае выйсьце! I яно ёсьць, толькi яго трэба знайсьцi. А вось як знайсьцi? А гэтыя яшчэ заяўляюць: важна што i як. Сьмех i годзе. Адразу бачна, што ня ведаюць досьведу i практыкi. А гады i досьвед навучаць, што важна як. Вось-вось, як знайсьцi гэтае выйсьце? Як – гэта ключ да што. Калi гэта ведаеш, трэба толькi ўставiць ключ у замок i адчынiць дзьверы.

Заскроб ключ у замку, i дзьверы адчынiлiся. Удурак кiнуў на падлогу нешта загорнутае ў газэту i зачынiў дзьверы, i ключ зацiх у замку. Гогаль разгарнуў газэту, i яны ўбачылi рэзалюцыйную пайку – тры высахлыя воблы. Трэба было разумець, што з гуманiтарнай дапамогай нешта ня тое – вiдаць, перапоi ў рэзалюцыйным камiтэце. Але Хлестачонак ня думаў пра кармёжку жывата. Мяркуючы па зморшчынах на лбе, у галаве высьпявала генiяльная думка, але яна яшчэ была ў эмбрыянальным стане, таму патрэбны час для яе нараджэньня яшчэ не прысьпеў. Як паказалi гады, вопыт i практыка, для генiяльнай думкi недастаткова думаць. I Хлестачонак чакаў азарэньня, мiмалётнага i вернага. I тут (паўтараю для тых, хто забыўся, як часта ўсё пачынае адбывацца з гэтага тут) з-пад тапчана вылезла шэрая выродлiвая iстотка з востранькай пысай i доўгiм лысым хвастом. Маленькiмi вочкамi-пацеркамi агледзела наяўных i прысутных.

– Так-так,– вiсклiвым голасам прапiшчала яна. – А хто будзе мне плацiць за арэнду?

– Ты хто такая? – гiдлiва скрывiўся сачынiцель Гогаль, калi спытаўся, а пасьля яшчэ гiдлiвей скрывiўся.

– Я крысуня Ангелiна, тутэйшая гаспадыня памяшканьня. Я такая добрая, я малюся i сьвечкi стаўлю, а мяне ўсе падманваюць i ўсе крыўдзяць. Ай-ай-ай. – Яна па-крысуняму павярцела носам, панюхала паветра. – Рыбку дайце, а то пракляну i вас, i вашых дзетак, i ўсё на сьвеце.

– Ды афэрыстка ты,– пачуўся яшчэ адзiн пiск, i з-пад тапчана зьявiлася спачатку вострая пыса пацука, а пасьля i сам ён вылез на вочы прысутных i наяўных. – А я Кiры-Крукi,– прадставiўся пацук i забраўся на тапчан. Ганiце гэтую крысу.

– Я ня крыса, а крысуня!

Якi быў спакойны Гогаль (i ў гэтым можна было ня раз пераканацца), i ён ня вытрымаў i запусьцiў у крысуню пантофляй, каб тая зьлiняла пад тапчан.

I тут азарэньне працяла Хлестачонка ад пятак да макаўкi, ажно ўсклiкнуў: «Прыдумаў!»

– Ня мучай душу, кажы, як ёсьць,– не цярпелася Гогалю.

Хлестачонак саскочыў з тапчана i падыйшоў да каналiзацыйна трубы. Усё генiяльнае проста, варта толькi проста дадумацца да генiяльнага. Вось ён i проста дадумаўся.

– Як цябе там – Кiрык-Крук?

– Кiры-Крукi, палiтычны эмiгрант. Цяпер вось хаваюся ад несправядлiвасьцi.

– Ясна,– перабiў яго Хлестачонак. – Перагрызi трубу.

– А што мне за гэта будзе?

– Давай тады ня будзем, а калi будзем, дык тады давай.

– Так, што адразу?

– Не, можаш i паступова.

Пацук падбег да трубы, прыкiнуў на адзiн зуб, прыкiнуў на другi зуб.

– Не дзеля вас, не дзеля свабоды, а дзеля прынцыпу, каб гэтай сучцы напаскудзiць. Колькi яна на мяне даносаў напiсала, што я тут бяз ордэру жыву. Колькi мяне пацягалi. Ну, цяпер-зараз i на будучыню хай молiцца свайму пацучынаму богу.

I Кiры-Крукi ўгрызся зубамi ў чугунную трубу. Жых-жых-жых. Працаваў самааддана, дзеля прынцыпу. А калi хто iдзе дзеля прынцыпу, той дойдзе да поўнага прынцыпу.

Пакуль пацук грыз трубу, Хлестачонак зазiрнуў у газэту. Вялiкiя лiтары вяшчалi: «Рэзалюцыя пра якую доўга казалi соцабнавiсты, нарэшце прынятая». I даведаўся, што менавiта ён, Хлестачонак Iван Аляксандравiч, i быў прэцэдэнтам Разумава, якога скiнуў рэзалюцыйны камiтэт. Але не з-за гэтага было крыўдна, i ня гэта абурала. А было крыўдна, а яшчэ больш абурала тое, што яго назвалi дэмагогам i самадурнем. Ну, гэта яшчэ можна было перажыць. Але не стрываў, калi прачытаў, што ён уцёк з гораду ў жаночым адзеньнi. Хлестачонак забегаў па камеры i ўголас выказаў свой гнеў.

– Якая нахабная хлусьня! I гэта мяне дэмагогам i самадурнем назвалi?! Якая чорная няўдзячнасьць! I на што намякаюць – нiбыта я... гэты, ну гэты... сэксуальны меншавiк. Я iм яшчэ пакажу, яны яшчэ пабачаць мяне, соцабнавiсты рэзалюцыйныя.

Мiж тым Кiры-Крукi прынцыпова грыз трубу – жых-жых-жых – i перагрыз. Моцны напор вады вырваўся на волю.

Праз гадзiну вады ў камэры было ўжо па калена. Вязьнi сумленьня сядзелi на тапчане i чакалi крытычнага моманту. Кiры-Крукi таксама ўзабраўся на тапчан i не пушчаў туды крысуню Ангелiну, якая плавала па хвалях i пiшчала: «Я буду скардзiцца, бедную i няшчасную жанчыну –тапiць!»

Празь якi час вада паднялася да сярэдзiны камэры, i тапчан, як карабель, загойдаўся на хвалях. Крытычны момант наблiжаўся.

Супадзеньнi зь верагоднымi падзеямi проста неверагодныя

I вось нарэшце вады налiлося – ажно далей не было куды. Вязьнi ўваткнулiся галовамi ў столь, а таму падплылi на тапчане да дзьвярэй i загрукалi ў iх з усяе моцы крытычнага моманту. Удурак, якi сьнiў нешта прыемнае, вымушаны быў прачнуцца i зiрнуць у вочка. Убачыў ён замест склепа акварыюм i тры воблы, якiя плавалi ў воднай стыхii. Спачатку ён падумаў, што гэта яму прысьнiлася, але ўкусiў сябе за локаць i пераканаўся ў праўдзiвай рэчаiснасьцi – водная стыхiя калыхалася за вочкам, а па ёй плавалi воблы. Пасьля ён падумаў, што, можа, таго – зьехаў з глуздоў. Працёр вочы, а перад iмi па-ранейшаму тое самае – вада i рыбы. Значыць, было тут нешта ня тое, i трэба было разабрацца, што тут ня тое. Удурак адчынiў дзьверы i пасьпеў толькi войкнуць, бо магутная хваля накрыла яго з ног да галавы. А сьледам iмклiвая плынь вынесла тапчан i панесла яго па калiдоры на шырокi прастор. Хваля павалiла браму i высокi плот. Карабель выплыў на глыбокую плынь.

Хлестачонак горда стаяў на капiтанскiм мастку i ўяўляў сябе ледзь не Калюмбам, а можа i Магелянам, але што мараплаўцам – дык дакладна. Куды плыць, ён ня ведаў i спадзяваўся на плынь – куды-небудзь вынесе. А яна вынесла карабель на галоўны прашпэкт Глупава. Гэта яшчэ добра, што стаяла ноч i глупаўцы ня бачылi гэтага пэрманэнтнага патопу, а то б падумалi, што вярнулiся ў часы Ноевы.

Каля пiцейнай Выпiвайкiна карабель прычалiў да ганку, i на бераг сышоў Гогаль. Празь якi час ён вярнуўся на борт, пасьля чаго, зразумела, на караблi яшчэ больш радасна загучалi галасы. Тут нешта прапiшчала. То была крысуня Ангелiна, якая зубамi ўчапiлася ў карму i плыла ўсьлед за караблём. На радасьцях даравалi ёй паскудзтвы i дазволiлi не тапiцца.

Праплываючы праз пiцейную Прапiвайкiна, граф Фiлькенштэйн папрасiў прычалiць. Прычалiлi. Граф зьбегаў у краму i вярнуўся... зь вялiкiм фатаграфiчным партрэтам Пятра Сьцяпанавiча Верхавенскага ў бронзавай рамцы з завiтушкамi.

– Навошта табе гэта трэба? – зьдзiвiлiся Гогаль i Хлестачонак.

– О! – Фiлькенштэйн падняў палец дагары. – Думаць трэба.

Карабель адправiўся ў далейшае плаваньне. Неўзабаве вада расьцяклася па вулках i завулках, па каналiзацыйных люках, i карабель урэшце сеў на мель. Давялося нашым героям сыходзiць на бераг i па сушы дабiрацца да даму Фiлькенштэйна. Хлестачонак ня памятаў, якiя ўспамiны зьвязаныя з гэтым домам, а таму прыняў запрашэньне. Гогалю (ня трэба забывацца, што гэта ўсё ж такi Могаль, а нiякi ня Гогаль, хаця ён шчыра лiчыў, што ён Гогаль, а таму, каб не пакрыўдзiць нi таго i нi гэтага, вiдаць, варта яго называць Гогалем-Могалем), дык вось, Гогалю-Могалю было ўсё роўна – абы зь пятае на дзесятае... Ну, а Кiры-Крукi так спадабаўся графу, што той узяў яго ў падвопытныя асыстэнты.

Залiшне казаць, што дурную кампанiю графiня не чакала. Як дасьведчаная ў такiх выпадках жанчына, яна заўсьмiхалася ўсьмешкай, прыемнай для ўсiх i ва ўсiх адносiнах, а пасьля, як жонка Фiлькенштэйна, грымнула на яго.

– А дзе цябе нялёгкая носiць?! Усё гулi?! Ды лепш бы я замуж выйшла за Кошчачку, а не за цябе!

– Ты паглядзi, якi партрэт прынёс я табе, зьвярнi ўвагу – якiя ўзоры,– Фiлькенштэйн паказаў партрэт .

Пасьля такога прэзэнту графiня зноў вярнула на твар усьмешку, прыемную для ўсiх, у тым лiку i для мужа.

– Вось зараз павесiм на сьценку. Якая прыгажосьць! Пакуль я тут сёе ды тое, дык пасмаж цьвiкi ў алеi, каб лацьвей у сьценку ўвайшлi,–даў граф жонцы мэтанакiраваную ўстаноўку.

I, пакуль графiня мэтанакiравана выконвала ўстаноўку, адбылiся наступныя падзеi. У шафе знайшлi Адольфа Быкоўскага, якi кланяўся i прасiў прабачэньня, бо ён зьбiўся са шляху i трапiў выпадкова ў шафу. Яму даравалi. Пасьля кампанiя выпiла за волю-вольную сувэнiрную. У вынiку чаго Кiры-Крукi, якi не разьлiчыў узьдзеяньне выпiтага на яго магчымасьцi, звалiўся з усiх чатырох лапак i заснуў проста на стале. Узрадаваны, што яго правiльна зразумелi, Адольф Быкоўскi таксама ня ўлiчыў свае магчымасьцi i перабраў лiшку, хаця еў, як не ў сабе, i ўкалоў вiдэльцам пацука. Той падскочыў ад болю на чатыры лапкi i ўкусiў Быкоўскага за палец. Убачыўшы сваю кроў, аматар таямнiчых шафаў упаў у непрытомнасьцi i ня бачыў далейшых падзей. А дарэмна. Тут дзьверы расчынiлiся, i ў залю ўвайшлi два жандары – тыя самыя, якiя заўсёды зьяўляюцца на старонках гэтай гiсторыi.

– Дзе што калi? – спыталi яны.

– А вось тут абы-што цяпер. Жонка звар’яцела. Папрасiў яе прыгатаваць чаго-небудзь перакусiць на закусь, а яна цьвiкi смажыць. Дзе ж гэта бачна, каб цьвiкi елi? – адказаў Фiлькенштэйн.

– Ясна, зразумелi – клiнiка.

Жандары пабеглi на кухню, а там i сапраўды на патэльнi скварчэлi цьвiкi. Каля прымуса завiхалася графiня i падлiвала алею ў патэльню. Такога жандары яшчэ ня бачылi, i сумненьняў у iх ужо не было. Схапiлi яны графiню пад белыя ручкi i павялi куды трэба. Графiня абуралася: «Як вы можаце? Я вам сама Баба Яга!» А iм гэта толькi i трэба было пачуць.

Графiню адвалаклi ў адпаведнае месца. Фiлькенштэйн сьвяткаваў справядлiвасьць над «няўдзячнай iнтрыганкай, якая сапсавала мне жыцьцё i ня выканала свае шлюбныя абавязкi». Так ён выказаўся, i цяпер яму нiхто не перашкодзiць душой i натурай аддацца служэньню навуцы. Значыць, можна i выпiць, бо зьявiлася грунтоўная падстава –за служэньне навуцы. Налiвалася i пiлося. Быкоўскi ачуняў i таксама далучыўся да стала. Расчулены, ён скардзiўся на сваю долю – нiяк ня знойдзе сабе дзеўку на ўсе бакi, як сторублёвую кабылу, i Верхавенскi не дапамог.

– Мне хоць бы якую, абы як сторублёвая кабыла была. А то кажуць: забясьпеч нам заўтрашнi дзень. Дзе ж я iм гэты дзень забясьпечу, калi я ем як не ў сабе. Можа быць, я натура шляхетная. Гора маё клятае, нiхто мяне ня сватае,– паскардзiўся на сваю долю Быкоўскi.

– Гора не бяда. Едзем у сваты! – усклiкнуў Гогаль-Могаль.

На пьяныя глузды прапанова прайшла адзiнагалосна. Кiры-Крукi паспрабаваў завесьцi спрэчкi – маўляў, ёсьць пастанова рэзалюцыйнага камiтэту i яе трэба выконваць. Значыць, сядзi i чакай сабе бабу.

– Рэзалюцыя рэзалюцыяй, а ўсё ж хочацца,– аспрэчыў яго Адольф. –Страх як хочацца!

I гэта было правiльна, хто будзе сумнявацца – толькi таму ня хочацца, каму ўжо ня хочацца. А так – усiм хочацца, калi хочацца.

Хлестачонак яшчэ задаваў сабе пытаньнi: што ён тут робiць i, увогуле, навошта яму ўсё гэта трэба? Аднак ня мог нiчога слушнага адказаць. Яму было добра, радасна, i ён не адчуваў на плячах цяжару ўсялякiх клопатаў, нявырашаных задач i нязробленых справаў. А таму ён i падтрымаў хеўру.

– Дапамагчы чалавеку ў бядзе – мой гонар i годнасьць. А мой гонар i годнасьць важнейшыя, чым чалавек у бядзе. Адно з двух – выберам трэцяе. Ранiцай адправiлiся ў сваты на таксоўцы, запрэжанай жвавым конiкам. Фiлькенштэйн даваў Быкоўскаму мэтанакiраваныя iнструкцыi:

– Ты глядзi, за сталом не налягай. Мы табе ў торбачку паклалi пайку. Калi згаладаеш, дык выйдзi на двор i налягай. Захаваеш свой iмiдж –i нам ня сорамна, i табе ня сорамна, i ўсiм прыемна.

– А калi налягу?

– Мы табе на нагу наступiм – значыць, не налягай, i ўсё будзе чынам,– супакоiў Быкоўскага граф.

Аднак толькi зараз спахапiлiся – да каго едуць у сваты? «А якая розьнiца – да каго-небудзь прыедзем»,– вырашылi яны. I вось прыехалi, самi ня ведалi куды. Дом ня дом, а хата нейкая. Насустрач iм выбеглi гаспадары – дзед ды баба, ды Жучка-сабачка.

– А мы тут вам, гэта... малайца прывезьлi. Часам не патрэбны? –завёў гаворку Гогаль-Могаль.

– Малайцы на стайнi стаяць,– засьмяяўся з кiшэнi Фiлькенштэйна Кiры-Крукi.

Граф цыкнуў на пацука, i той змоўк да пары да часу.

– Дык у нас тут ёсьць красная галубка. Дзеўка на ўсе сто працэнтаў, але расчараваная такая,– адказалi дзед ды баба. – Але нiчога.

Зайшлi ў сьвятлiцу i адразу за стол. Фiлькенштэйн выставiў бутэльку. Гаспадары выставiлi закусь: i бульбачку вараную, i гурочкi, i грыбочкi, i шкварачкi, i курачку, i каўбаску пальцам пханую, i бiфштэксiкi, i крывяначку, i галубцы, i пiрагi, i капустачку па-брусэльску, i нават ананас на дэсэрт... Сьлiна пацякла адразу ў сватоў, а ў Быкоўскага перасохла ў роце, бо ўсю сьлiну ён праглынуў адразу пры выглядзе стала – палiгону дзеяньня для ягонага апэтыту. Ну i пайшло, i паехала. Маўчалi, маўчалi. Нарэшце, гаспадар ня вытрымаў:

– Можа, што-небудзь, сваткi, скажаце?

– А хата ваша даўно гарэла? – сказаў што-небудзь граф.

– Дык вось, не паверыце, не гарэла яшчэ. Неяк ужо i няёмка перад iншымi. У iх гараць, а ў нас не гарыць.

Ну, што ж, выпiлi за тое, каб гарэла. Быкоўскi сядзеў i мужна трымаўся, не раўнуючы, як той юнак на дапросе, але ўжо дакладна ведаў – ня вытрымае. I ня вытрымаў: толькi працягне руку да смачнага кавалку, як на нагу яму наступяць, як руку апячэ.

Ну, нарэшце дамовiлiся, каб паказалася красная дзявiца. Яна выйшла ў сьвятлiцу. Прыгажуня маляваная, як сторублёвая кабыла: ножкi вытанчаныя, галоўка маленькая, вочы вялiкiя i сумныя, а волас да воласа. Прыгажосьцi такой мы яшчэ ня бачылi. Ну, прыгажуня народная – рэдкi экзэмпляр. I такой была гэтая прыгажосьць, што нельга забыць яе. Але Хлестачонак пазайздросьцiў, што Быкоўскаму павiнна дастацца такая доля, а яна магла быць ягонай. Iншага меркаваньня быў Гогаль-Могаль. На словы прыгажунi, што ёй трэба забясьпечыць заўтрашнi дзень, ён абурыўся.

– Што гэта за доля? Пляваў я на такую долю. Цэлае жыцьцё забясьпечвай ёй заўтрашнi дзень. Гэтак i здохнеш, не дажыўшы да гэтага заўтрашняга дня.

Дый Быкоўскi ўжо зусiм спахмурнеў тварам – напэўна, яго ня радавала атрымаць такую долю.

– Я ня працяндую.

Таксама выявiў незадавальненьне Кiры-Крукi, якi вылез з кiшэнi парткоў Фiлькенштэйна i заявiў:

– А гэта яшчэ што за капрызы? Ёсьць пастанова рэзалюцыйнага камiтэту, i яе трэба выконваць. Бяры дзеўку, i нiякiх умоваў. Умовы самi створыце i будзеце шчасьлiвыя.

Ягонае зьяўленьне на сцэне дзеяньня было сустрэта спужаным усклiкам красунi: «Грызун!» Пасьля чаго яна ў непрытомнасьцi звалiлася на падлогу. Яе пачалi дружна прыводзiць у прытомнасьць.

Карыстаючыся вэрхалам, Быкоўскi выбег на двор да сваёй торбачкi i налёг на пайку, ажно шчокi надзьмулiся. Ад варушэньня ягонага рота ўзьняўся вецер, завыў, закруціў пыл. Усе выбеглi з хаты падзiвiцца на невядомую мэтэаралягiчную зьяву.

– Во мяце, во мяце! – дзiвiлiся яны.

– Сваё мяту, а ня ваша. Мне паклалi ў торбачку,– прамыкаў праз набiты пайкай рот Адольф Быкоўскi.

– Ма-ма! Та-та! – зараўла праз вакно дзявiца-галубiца. – Каго мне падсунулi! Як жа ён мне забясьпечыць заўтрашнi дзень, калi нiчога на сёньня не пакiдае? А есьць, а есьць, як не ў сабе!

– А я ня працяндую. Дазвольце адкланяцца, вашамосьцi,– адказаў Быкоўскi, як плюнуў на ўсё з пятага на дзесятае, i ўскочыў у таксоўку.

– Хай вам няхай,– замахалi рукамi тата i мама.

Хлестачонак быў задаволены. Як там было i што там не было, але ён увачавiдкi пераканаўся ў важнасьцi як i што.

– Вось вам i рэзалюцыя: як была сэксуальная несправядлiвасьць –гэтак i ёсьць,– зрабiў ён выснову, i як ад сэрца адлягло.

– Пры чым тут рэзалюцыя? – абурыўся Кiры-Крукi. – Гэта ўсё дробна прыватнiцкая натура жанчыны. Яе не перайначыш. Ева i тая на яблык пасквапiлася.

Было дзiўнавата, чаму гэты пацук абараняў рэзалюцыю (яму якая справа?), але яго падтрымаў граф Фiлькенштэйн.

– Усе дзеўкi добрыя, але але адкуль бабы лiхiя бяруцца? Якраз з гэтага заўтрашняга дня.

– А я думаю, тут ня ў бабах цi дзеўках справа,– мовiў Гогаль-Могаль.

– У чым? – спытаў Кiры-Крукi, якi праяўляў жывую цiкаўнасьць да размовы i не хаваўся ў кiшэню да Фiлькенштэйна.

– Няма каханьня. Дзе яно падзелася? Мы вар’яцеем ад чаго заўгодна, толькi не ад каханьня. Ну хто з вас хоць раз кахаў?

– А каханьне – гэта як? – спытаўся Хлестачонак.

– !..

– Вось каб вярнуць Асмадэя,– летуценна мовiў Гогаль-Могаль.

Кiры-Крукi раззлавана хапнуў яго зубамi за руку i сувора папярэдзiў:

– Не кажы глупства. Увогуле, што за драматычныя размовы? Не забывайцеся, мы зараз у сатырычным творы. Усё павiнна быць даведзена да поўнага керкешоза.

– Скуль жа табе ведаць? – спытаў Фiлькенштэйн.

– Вось мне i ведаць, бо важна што i як.

Цяпер ужо раззлаваны Хлестачонак хацеў пхнуць пацука нагой, але той загадзя саскочыў з таксоўкi i шмыгнуў у дзiрку пад плотам, i толькi бачылi яго...

Таксоўка выехала на галоўны прашпэкт горада Глупава. Нiшто не нагадвала, што ноччу тут працёк пэрманэнтны патоп. Жыцьцё iшло сваёй звычайнай хадой. Бегалi сабакi i заглядвалi адно аднаму пад хвост. Каты ганялi па бруку крысуню Ангелiну, якая на ўсё горла верашчала аб ратунку. Глупаўцы хадзiлi па парах – мужык з бабай, цi баба з мужыком. А з падваротняў i з закуткоў чулiся характэрныя гукi гэтай сэксуальнай iдылii. На фасадах вiселi партрэты сэкс-сымбаля Верхавенскага. Канечне, гэта ўсё быў разброд, хiстаньнi i непарадак. Вось да чаго даводзяць сацыяльныя катаклiзмы. На галоўным пляцы сабраўся натоўп i вельмi ж хваляваўся, бо ўжо сьлiна пацякла ў тых цi iншых па барадзе ад хваляваньня i крыкаў. А крыкi былi такiя.

Крык першы: А што нам даў Хлестачонак?

Крык другi: А што дала ваша рэзалюцыя?

Крык трэцi: Мужыку па бабе, а бабе па мужыку!

Крык чацьвёрты: А ў нас i без рэзалюцыi такое было!

Крык пяты: Затое ананасаў не было!

Крык шосты: Затое рэпа была! А цяпер толькi хрэн!

Хлестачонак зацiкавiўся гэтымi крыкамi, бо ясна – дыскусiя насiла характар абмеркаваньня ягонай асобы. А з другога боку, у яго зьявiўся намер паказацца перад вачыма глупаўцаў, каб пераканалiся яны, што нiкуды ён не ўцякаў, а па-ранейшаму зь iмi i ў гэты час смутных выпрабаваньняў. Ён выйшаў з таксоўкi, узмахнуў рукамi i паказаў iм сябе.

– Народ, а вось i я!

Народ вылупiўся на яго сваiмi вачыма, як пятнiца на сераду.

– Ай, бацюшка ты наш! Жывы-здаровы! А такое казалi, усялякае казалi, а ты жывы-здаровы.

– А дзе ж нашы ананасы? Еш сам сваю рэдзьку,– крычалi другiя i пагрозьлiва трэсьлi кулакамi.

– Вярнiся да нас. Навядзi парадак,– крычалi адныя i кланялiся яму ў пояс.

– Хто ты? Ты не Хлестачонак! – крычалi другiя i насоўвалiся на яго. – За ўсё адкажаш!

Ён адступiў на крок, але й натоўп наступiў на яго на крок. Тады ён адступiў яшчэ на крок, але й натоўп наступiў яшчэ на крок. Крыкi не сьцiхалi, а наадварот, напалялiся i ўжо кiпелi.

– А мы вам па бабе!

– А мы вам па мужыку!

– А што вашы бабы!

– А што вашы мужыкi!

– Яны ня нашыя, яны вашыя!

– Яны вашыя, яны ня нашыя!

– Жарыце вашы ананасы!

– Падавiцеся сваiм хрэнам!

Натоўп з гэтымi крыкамi ўсё блiжэй i блiжэй падступаў да Хлестачонка. I яму заставалася адно – ён гэта i зрабiў, толькi пяткi замiльгацелi. Але хiба ўцячэш ад наканаванага? Гэта ён добра ведаў –ня ўцячэш. Аднак, бывала, i ўцякаў. Вось i зараз тое самае. А за iм i першыя i другiя – пасьпявай толькi пяткамi мiльгацець. Канечне, гэта нiяк не суадносiлася зь ягонымi прынцыпамi i, увогуле, з усiм тым, што ён значыў на гэтай зямлi. Але, мяркуючы па ваяўнiчых крыках другiх з натоўпу, дык ён для iх на гэтай зямлi нiчога ня значыў, таму ў ягонай галаве ўзьнiкала падазрэньне, што яго могуць затаптаць. Вось i мiльгацеў пяткамi, пакуль перад вачыма не паўстала жалезная брама пастарунку. Гэта было выратаваньне – не, не на ўсё астатняе жыцьцё, а менавiта ў дадзены момант. Хлестачонак настойлiва забарабанiў рукамi i нагамi ў браму, якая яму на гэтае кароткае iмгненьне ўявiлася брамаю неўмiручасьцi. I нават не паверыў, калi яна адчынiлася. Гэта проста не магло такое адбыцца – тут было нешта ня тое. Аднак у Хлестачонка неставала нi хвiлiнкi на роздум, бо недзе ён чуў: ня задумваўся нi на хвiлiнку. I Хлестачонак ня думаў – шмыг у браму, i ў пастарунку апынуўся. Жандары ляпнулi брамай перад самымi насамi першых i другiх.

– Зноў ты! – усклiкнулi яны. – Колькi можна!

– Ну, я, а хто яшчэ можа быць? Хлестачонак Iван Аляксандравiч! Колькi змагу, столькi i можна будзе.

– Ня ведаем такога. У сьпiсах ня значыцца.

Грукат у браму падказаў Хлестачонку, што натоўп патрабуе доступу да ягонага цела. Нiчога добрага гэты доступ ягонаму целу не абяцаў.

– Не выдавайце, браткi. А я ўжо буду такiм удзячным, што самi пабачыце i не пашкадуеце,– прасiў Хлестачонак жандараў.

Ну, тыя ж таксама людзi, хоць i пры выкананьнi службовых абавязкаў. Вось i ня выдалi Хлестачонка натоўпу, а завялi яго ў камэру. Пэўна, гэта было меншае зло, а можа i горшае. Хлестачонак яшчэ ня ведаў, што менавiта.

Разьдзел наступны

– I ты трапiўся! – гэтак прывiтаў Хлестачонка Жыль Блазн. – Вось цяпер поўны збор.

– Я сам, па сваёй волi – за поўны збор,– адказаў Хлестачонак.

Доўга ён тут не зьбiраўся затрымлiвацца, а таму ня вельмi хацеў размаўляць. Апроч Жыля Блазна у камэры былi яшчэ некаторыя асобы. Перш за ўсё адзначым выведчыка Шцiрлiка. Былi тут Выпiвайкiн i Прапiвайкiн, бо iх пiцейныя забягалаўкi нацыяналiзавалi, а самiх ня ведалi куды падзець, вось i сунулi сюды. Быў тут i Мяккi Знак, якога западозрылi ў беларускiм нацыяналiзме, бо, як высьветлiлася, ягонае сапраўднае iмя – Апостраф.

– Будзеш бiцца з намi, або зь iльвом? – спытаў Хлестачонка Жыль Блазн.

– Гэта яшчэ што такое? Я тут ня бiцца прыйшоў, а гэта... падтрымаць вас духоўна i маральна. Ды я за друга душу сваю пакладу. А вы мне –бiцца... – шчыра абурыўся Хлестачонак.

– Я i сам iдэйны працiўнiк насiльля i яшчэ больш – iдэйны прыхiльнiк усялякага разьняволеньня чалавечай натуры,– хадзiў вакол Хлестачонка Жыль Блазн i прамаўляў. – Але ёсьць традыцыi, а iх трэба выконваць i разьвiваць. Хай там катаклiзмы, крызысы, перавароты i другое, але традыцыi дапамагаюць нам выжыць. Можна колькi заўгодна выдаваць дэкрэты, каб жанчыны абавязкова падымалi нараджальнасьць на душу насельнiцтва, але яны не падымаюць. Бо не паводле дэкрэтаў нараджаюцца дзецi, а паводле прыроднай традыцыi.

– I гэта ты мне кажаш? Цi ня ўзьнiкла ў кагосьцi падазрэньня, што я баюся? Калi тут такая традыцыя, дык я гатовы. – Хлестачонак зрабiў пагрозьлiвым твар i цьвёрда сьцiснуў кулакi. – Ну, хто першы? Дзе ваш леў?

– Вось ён,– Жыль Блазн паказаў на намаляванага на сьцяне льва, бачна была манэра майста пэндзля, бо малюнак выглядаў рэалiстычна i калярытна. – Да перамогi цi да першай крывi?

– Да перамогi! – ганарлiва адказаў Хлестачонак.

Ён пачаў бiцца з усiм умельствам баявых навыкаў, якiя атрымаў у розныя часы. Махаў кулакамi, дрыгаў нагамi, нават падымаў iх, падскокваў... Леў спакойна наглядаў за гэтым баявым майстэрствам i хоць бы рыкнуў. Традыцыя традыцыяй, але i Хлестачонак зразумеў глупства гэтай традыцыi. У чым заключылася перамога, калi намаляванага льва нельга перамагчы? Зрэшты, традыцыя ня ведала такiх пераможцаў. А тут i вязьнi засьмяялiся. Раззлаваны Хлестачонак так ударыў нагой у сьцяну, аж яна захiсталася. I, не паверыце – леў быў пераможаны. Устрывожаны хiстаньнем сьцяны, у камэру забег сам начальнiк пастарунка унтэр Зашыбаеў.

– Не дазволена, сядзець i не праяўляць нiчога i не праяўляцца нiяк! – гаркнуў ён.

– А як жа я? – спытаў Хлестачонак.

– Ты ў сьпiсах ня значышся. Будзем чакаць рэзалюцый i пастаноў,–адказаў начальнiк i ляпнуў дзьвярыма.

– Во сволач! – аблаяў яго Жыль Блазн. – Не прызнае сваiх. Бяз сьпiсу i чалавека няма.

– Улады i сьпiсы псуюць людзей, паверце мне,– прызнаўся Хлестачонак. – Але ня будзь я самiм сабой, калi я не пакажу, хто я.

– Давай падмочым яго рэпутацыю i аўтарытэт,– прапанаваў Жыль Блазн. – Яму навука i нам сатысфакцыя.

Прапанова была прынята адзiнагалосна i праведзена ў жыцьцё. I вось на грукат у дзьверы начальнiк адчынiў вакенца ў iх, i нехта проста яму ў твар лiнуў з конаўкi сiкамi. I там, за дзьвярыма, раздаўся роў, а праз хвiлiну i сам Зашыбаеў уварваўся ў камэру. Дружны храп сустрэў яго, нават Хлестачонак, уладкаваўшыся на нарах, рабiў выгляд, што храпiць, а значыць, сьпiць.

– Падняцца, маць вашу! – крычаў Зашыбаеў i насiўся па камэры, як ашпараны. – Хто? Хто? Вы не мяне зьняважылi, вы замахнулiся на сьвятое – на рэзалюцыю. Не, не замахнулiся – вы насцалi ў ейны твар, на маю асобу.

Вязьнi сталi перад Зашыбаевым з конаўкамi ў руках. Ён шукаў сьляды злачынства – хоць адну кропельку сiкаў, хоць пах iхнi. Сунуў нос у першую, вынюхаў, выглядзеў i пераможна ўсклiкнуў: «Папаўся, галубчык!» Папаўся Выпiвайкiн, i несьцi б яму суровую кару па ўсiх суровых рэзалюцыйных законах, каб Прапiвайкiн не падсунуў пад нос Зашыбаеву сваю конаўку. Унтэр зморшчыўся, як жандар на сiкi. «I ты сцыкун!» Тут пад нос Зашыбаеву сунулi свае конаўкi i iншыя. Той завыў ад скрухi.

– Гэта змова! Бунт! Гэтую ганьбу вы ня змыеце анi крывёю, анi сiкамi. Гэта ты ўсяму завадатар,– спынiўся Зашыбаеў каля Хлестачонка. – Як ты зьявiўся ў горадзе, дык усё ў нас нагамi дагары.

– Важна як i што. I прашу мне ня тыкаць! – закрычаў Хлестачонак граданачальнiцкiм голасам, ды так, што Зашыбаеў выцягнуўся перад iм у струнку. – Хто ты, а хто я!

– Я тут загадваю! I мне вырашаць, што важна. Кожнаму свой керкешоз, а табе поўны – па самую катушку! – гаркнуў начальнiк i ляпнуў дзьвярыма, ажно дух сьпёрла.

– Вось што значыць са мной пагаварыць. Вы заўважылi, што ў яго разьмякчылася шэрае рэчыва? Можна зрабiць выснову, што й пад казённай шапкай глузды варушацца. Прыдумаў жа: кожнаму свой керкешоз,–задаволена выказаўся Хлестачонак. – Я толькi ня ведаю, што такое керкешоз. За вочы чую, чую, а ў вочы ня бачыў.

– Без усялякай сьцiпласьцi скажу – маё вынаходнiцтва,– прызнаўся Жыль Блазн. – Керкешоз – гэта азначае нешта, а поўны керкешоз –поўнае нешта, значыць нiчога.

– Нейкi абсурд,– мовiў выведчык Шцiрлiк.

– Вось-вось, абсурд. Яшчэ больш скажу – без абсурду няма гармонii, як бяз нешта няма чагосьцi, а без чагосьцi няма нiчога. Самi павiнны разумець, што поўны керкешоз – гэта нешта ў нiчым без чагосьцi i нiчога. Словам, поўны керкешоз!

– Як я зразумеў,– абы-што нешта,– мовiў Выпiвайкiн.

– Цi нешта абы-што,– гэтак зразумеў Прапiвайкiн.

– А можа нешта нейкае або нiчога нiякага,– выказаў сваю думку Апостраф.

– А мне здаецца, гэта глупата ў яе чыстым выглядзе,– выказаў сваё меркаваньне выведчык.

– Можна i з гэтым пагадзiцца, але поўны керкешоз – нешта больш сур’ёзнае, чым глупата, i нешта больш важнае, чым абы-што нешта нейкае i нiчога нiякае, гэта як i што, а можа што i як,–растлумачыў Жыль Блазн.

I вось Хлестачонак, якi зразумеў нарэшце, што такое поўны керкешоз, узгадаў, дзе ён бачыў да болю ў памяцi знаёмы твар.

– Дык гэта ты быў карэспандэнтам Жыль Блазнам! – ускрыкнуў ён абрадавана.

– Кiм я толькi ня быў – i Жыль Блазнам таксама, але розныя iпастасi не мяняюць маёй сутнасьцi. Зараз я Асман дэ Бандэрас, а заўтра, магчыма, стану графам Монтэ Карла, але ўсё роўна застануся тым, кiм быў.

– Усё гэта падазрона, вельмi падазрона,– заклапочана падумаў уголас Хлестачонак. – Ты што – шпiён?

– Ну, гэта ня так сказана. Я раблю тое, за што грашовыя знакi плацяць. I лепш у цьвёрдай валюце. А шпiён у нас ёсьць прафэсiйны i штатны,– дэ Бандэрас паказаў на Шцiрлiка. – Прыстаўлены шпiёнiць за табой.

Шцiрлiк ня вытрымаў i падняўся з тапчана.

– Гэта хлусьня! Нiякi я не шпiён, i ў тым лiку не яцьвяжскi! Нiчога з таго, што на сьцёгнах радысткi Бэт знайшлi мае адбiткi. Цi мала маiх адбiткаў усюды? А выконваў я даручэньне цэнтру – вывучаў эспэрымэнт, якi вось таварыш Хлестачонак праводзiў у горадзе Глупаве: як доўга шырокiя масы могуць чакаць ананасы.

– Экспэрымэнт? – Хлестачонак ажно стрымаўся ад крыку адчаю, таму ледзь чутна вымавiў i сеў на тапчан.

Значыць, гэта быў экспэрымэнт. Ён ня правiў мудра горадам Глупавым, не вяршыў вялiкiя справы, а праводзiў экспэрымэнт для масавага i маштабнага вывучэньня: колькi шырокiя масы могуць чакаць ананасы. А ён, такi шчыры, уявiў сябе раўнёй, братам i калегам усiм прэзыдэнтам, а яго ўспрымалi як прэцэдэнт.

– Цiкава, што ж даў экспэрымэнт? – пацiкавiлiся Выпiвайкiн i Прапiвайкiн. – Што для сэрца i душы нашага чалавека даў экспэрымэнт?

– Нельга прызнаць, што ён быў дарэмны, наадварот, мы цяпер ведаем многа дробязяў з жыцьця ўсялякага глупаўца i ня зробiм шмат якiх памылак.

– А рэзалюцыя? – ужо пацiкавiўся Апостраф. – Яна таксама памылка?

– Усялякая рэзалюцыя – памылка ў выбары жаданьня, калi магчымасьцяў нестае, бо нiзы ня хочуць па-старому, а вярхi нiчога ня могуць прапанаваць новенькага. У дадзеным выпадку вопыт паказаў, што прынцып абяцанкi-цацанкi, а дурням радасьць – верны. Але нельга замест абяцанак даваць цацанкi. Трэба нешта новенькае. Цярпеньне шырокiх масаў таксама мае сваю крытычную масу. I вось вынiк –рэзалюцыя. Экспэрымэнт закончыўся.

– Дык значыць, мы тут сядзiм проста так i нiзашто? – падаў свой голас Апостраф. – Мяне абвiнавачваюць у нейкiм беларускiм нацыяналiзме – нiбыта змагаюся за вяртаньне беларусам мяккага знаку, а я i чуць ня чуў пра гэтых беларусаў. Яны што нам – браты па розуму?

Пытаньнi засталiся без адказу, бо тут усьлед абурылiся Выпiвайкiн i Прапiвайкiн.

– Не, вы паглядзiце i пабачце! Яны там экспэрымэнты ставяць на нас, а нам тут разграбай. А дзе ж правы чалавека? Мы будзем змагацца за свае правы.

Выпiвайкiн i Прапiвайкiн загрукалi кулакамi ў дзьверы.

– Пракурора сюды! Мы патрабуем адваката!

З-за дзьвярэй пачуўся раззлаваны голас Зашыбаева:

– Не парушайце дысцыплiны заключэньня.

– Мы патрабуем нашы правы чалавека. Экспэрымэнт закончыўся, а мы тут гiбеем – бязьвiнныя i бяспраўныя! – крычалi Выпiвайкiн i Прапiвайкiн, а разам зь iмi i Апостраф.

– Хто там хварэе? Прышлю доктара,– прагучала з-за дзьвярэй, i гук крокаў зацiх у канцы калiдора.

Зашыбаева нядобра вылаялi, пры чым узгадалi ягонага бацьку, ажно да пятага калена. Хлестачонку не было нiякай справы да кiпеньня жарсьцяў у камэры. Ён ня мог зьмiрыцца з таямнiцай, але са сваiм прызначэньнем нельга зьмiрыцца. Гэта яго выкарысталi i выкiнулi. Каго? Яго, таго, хто змог i можа больш, чым змог. Перад якiм любы хто –нiхто. Якога не было i ня будзе. Якi за як i што i супраць што i як. I вось яго... На што пайшоў яго талент? На што растрачана яго кiпучая дзейнасьць? На што аддаў ён сябе – на поўны керкешоз, на абяцанкi-цацанкi, на радасьць дурням.

Але жыцьцё не стаiць на адным месцы, яно ўпарта крочыць сваёй хадой далей i далей, а хто спазьнiўся iсьцi зь iм у нагу, той застаецца ўсё далей i далей ад жыцьця.

– Ня трэба перажываць за мiнулае, а трэба дзейнiчаць зараз, каб будучае не паўтарала мiнулае,– прапанаваў Хлестачонку дэ Бандэрас.

I Хлестачонак мусiў зь iм згадзiцца – трэба дзейнiчаць. У сваю чаргу разважлiвы выведчык Шцiрлiк прапанаваў бязьдзеяньне.

– Ня трэба варушыцца. Галоўнае – вытрымка. У цэнтры ўсё ведаюць, зрабiлi належныя дырэктывы i пастановы. Тым больш, тут адкрылi невычэрпныя выплаўнi дзярма. Прапасьцi такому дабру не дадуць. Нядоўга чакаць.

– Чакаць! У нас пiцейныя забралi. Чакаць! – ускрычалi Выпiвайкiн i Прапiвайкiн. – Вып’юць i прап’юць усё нашае! А ў нас прыватная ўласнасьць на сродкi выпiваньня i прапiваньня.

– Цiшэй,– папрасiў Шцiрлiк. Ягонае натрэнiраванае вуха раней за ўсiх пачула шоргат крокаў на калiдоры. – Доктар.

–Цар-жопа сваёй пярсонай,– мовiў дэ Бандэрас.

Адчынiлася вакенца, i ў ягоным праёме зьявiўся тлусты жаночы твар, i пiсклявы голас спытаў:

– Хворыя ёсьць?

– Я даўно хварэю на душу i сэрца,– адказаў дэ Бандэрас.

Твар зьнiк, i ў вакенца прасунулася рука, а на далонi ляжалi пiлюлькi. Ды не такiм быў дэ Бандэрас. Ён схапiўся за гэтую руку i ўжо трымаў яе жалезна, як слова добрага хлопца – i не туды i не сюды.

– Ганей ня коняць нiкуды! – мовiў па-замежнаму дэ Бандэрас. А па-наску азначала – драчы, а то не адпушчу.

Вось тут па ўсiм пастарунку аглушальна пракацiўся цi то крык, цi то вой, цi то роў. Гэта Цар-жопа клiкала хуткую дапамогу. I хуткая дапамога пасьпела хутка. Прыбеглi начальнiк Зашыбаеў i жандар Мэнталiтэт, учапiлiся за Цар-жопу i цягнулi пацягам, цягнулi яе на сябе i не маглi адцягнуць, бо на дапамогу дэ Бандэрасу прыйшлi Выпiвайкiн i Прапiвайкiн. Тады Зашыбаеў паклiкаў на хуткую дапамогу жандара Цэ-мента. Але й на гэты раз не ўдалося нiчога. Тут ужо Мяккi Знак – «то бишь» Апостраф – i нават выведчык Шцiрлiк ухапiлiся за руку закладніка. Усталявалася хiсткая раўнавага. Абодва бакi пайшлi на перамовы. Вязьнi, i гэта зразумела, патрабавалi адвакатаў, пракурора, волi i кампэнсацыi. Начальнiк Зашыбаеў адмаўляўся прадаставiць усё гэта оптам i не згаджаўся прадаставiць усё гэта ў розьнiцу.

Зноў абодва бакi пацягнулi ў розныя бакi закладніка. Адзiн бок – да сябе, а другi бок – да сябе. Доктарка раўла, як пажарная сырэна, толькi вухi затыкай, але рукi былi ў прынцыповай справе – хто каго. Тут выбегла зь нейкага закутка напужаная крысуня Ангелiна, якая прабралася ў пастарунак на часовае пражываньне.

– Ой, што робiцца, што робiцца?! Я буду скардзiцца! – верашчала яна.

Яе спакусiлi пажыцьцёвай пайкай, i яна зубамi ўчапiлася за абчуг бота Зашыбаева i прыклала ўсе свае намаганьнi. Менавiта Крысуня стала той рашучай сiлай, якая дазволiла выцягнуць руку няшчаснай доктаркi з рук вязьняў. Гэта яшчэ раз пацьвердзiла iсьцiну – нельга недаацэньваць працiўнiка. Зад закладніка быў вызвалены ад ганьбы i ўсялякiх iншых непатрэбнасьцяў.

Начальнiк Зашыбаеў пераможцам зайшоў у камэру. Вязьнi вымушаны былi прыняць ягоную дырэктыву: сядзець i нiчога не праяўляць i нiяк не праяўляцца. Адносна асобы Хлестачонка было iншае рашэньне:

– Гэта ты ўсяму завадатар i правакатар!

– А я не працяндую,– ганарлiва адказаў Хлестачонак. – Я завадатар i правакатар усяму.

Па загаду начальнiка Хлестачонка перавялi ў азiночную камэру для высьвятленьня i вызначэньня. Але мiмалётная слабасьць ужо нiчога ня значыла для яго, бо вярнулася вера ў сябе. Хай яму наканавана i гэтае выпрабаваньне, можна перажыць i такое, i не такое, i тое, i сёе. Важна як, а не што перажыць. Прэцэдэнта яму не вярнуць, а стаць царом – няма царства. Зрэшты, ён можа быць лiтаратурным героем i праславiцца на векi вечныя. Вось тое, вось яно! Калi што, калi не адшукаюць ягонае прозьвiшча ў сьпiсах i давядзецца сядзець у вадзiночнай камэры, ён, не раўнуючы на Сэрвантэса, напiша неўмiручы, нятленны, генiяльны твор сам пра сябе. Гэта будзе поўны керкешоз! Праўда-няпраўда, але як яно ёсьць – гэтак яно i ёсьць.

Тут роздум Хлестачонка быў парушаны нейкiм падазроным шоргатам ва ўнiтазе – нешта там, у нетрах каналiзацыi, варушылася, скрэблася i прасiлася зьявiцца перад ягонымi вачыма. Хлестачонак на ўсялякi выпадак падрыхтаваўся да ўсяго-ўсякага, ня ведаючы яшчэ да чаго менавiта. Шкрабаньне i варушэньне вiдавочна насiла прыродны характар, а не было нейкiм мэханiчным, i з кожным ударам трапяткога сэрца Хлестачонка набывала выразнасьць i гучнасьць. Заплёскалася вада ва ўнiтазе, i вось адтуль, з гэтай зеўры, вылез пацук Кiры-Крукi з рашпiлем у зубах. На радасьцях Хлестачонак зноў пераблытаў ягонае iмя.

– Кiрык-Крук! Сябра!

Пацук выплюнуў з зубоў на каменную падлогу, так, што атрымаўся характэрны гук ляскату мэталу па камні. Пасьля чаго абтрос ваду i мачу i ўсё iншае каналiзацыйнае з поўсьцi i ўсеўся на краi зеўры.

– А мы пра цябе памятаем,– загаварыў ён. – Вось i прэзэнт табе ад сяброў з волi.

Хлестачонак быў крануты да сьлёз. Не, справа ягоная не загiнула, калi сябры прыслалi яму рашпiль. Нiколi ў жыцьцi ён не адчуваў нiчога падобнага, бо гэты маленькi рашпiль быў даражэйшы за царскi вянец. Гэта ня рашпiль – гэта надзея на вяртаньне ў сьвет, дзе ён яшчэ нямала натворыць тако-о-га!

– Чаго-чаго, а вось гэтага я не чакаў i ня думаў,– радасна казаў Хлестачонак. – Вось яно, пацьверджаньне маёй высновы – важна як i што!

– Ты думаеш? – спытаў Кiры-Крукi i блiснуў ва ўсьмешцы вострымi iкламi.

– А як жа можа быць iначай, калi iначай ня можа быць нiяк.

– Памыляешся. Iншы раз памылка варта ўсяго i нiчога таго, чаго варты ты сам,– адказаў Кiры-Крукi.

– Гэта я нiчога такога ня варты? Ну ты скажаш! – абурыўся Хлестачонак да глыбiнi душы i да ўсiх яе фiбраў i да кожнай клетачкi фiбраў.

– I скажу – ты поўнае фiяска. Прэцэдэнта зь цябе не атрымалася, царом ты ня стаў, а чалавекам ня быў i ня будзеш. Цябе няма, бо ты нiхто, нават i ў сьпiсах ня значышся.

Вось тут Хлестачонак пашкадаваў, што ён ня кот у ботах, бо за такiя словы пацук адказаў бы дакладна, i па натуры. А так карыстаецца правам сябра i ягоным гуманiзмам.

– А хто ты? Ты пацук, усяго толькi пацук. Хоць i вывучыў ты мову, але веданьне чалавечай мовы яшчэ ня сьведчыць аб наяўнасьцi ў галаве чалавечага розуму. Быў пацуком, i будзеш iм, а на большае ты няздатны.

– Памыляешся!

Кiры-Крукi саскочыў з унiтаза, ударыўся аб падлогу, i чорны сьмярдзючы дым засьцiў вочы Хлестачонку. Празь якую хвiлiну дым расьсеяўся. Перад Хлестачонкам стаяў Пётр Сьцяпанавiч Верхавенскi i трыюмфальна ўсьмiхаўся поўным ротам зубоў.

– Вось як бывае, калi думаеш, што такога не бывае. Зьдзiвiўся?

Хлестачонак сапраўды зьдзiвiўся, але не падаў выгляду.

– Мала чаго бывае, калi ведаеш, як гэта бывае. Прыняў iпастась пацука i лiчыш гэта арыгiнальным. Нiчога тут арыгiнальнага. Быў бы я бесам, дык i не такое змог бы. Хлестачонак яшчэ раз пашкадаваў, што ён ня кот, а то Пётр Сьцяпанавiч гэтак i застаўся б Кiры-Крукам у нашай памяцi. Але, калi ён мог прымаць iпастась пацука, значыць, мог быць iншай iпастасьсю. Кiм-небудзь такiм, каго можна расьцiснуць як блашыцу на бэльцы.

– Я вось заўсёды той, хто ёсьць, а ты заўсёды прыкiдваешся кiм ты ня ёсьць,– павёў сваю iнтрыгу Хлестачонак.

– Гэта ты прыкiдваешся, а я той, хто ёсьць.

– Я Хлестачонак, а гэта гучыць горда! – высока падняўшы галаву, сказаў чалавек. – А мухай можаш быць сам, нават уладаром мух.

Верхавенскi засьмяяўся i празь сьмех вымавiў:

– Шчырая глупата! Чаго хацеў – каб я быў мухай? Каб ты мяне расьцiснуў, як блашыцу на бэльцы? Я бываю ўсiм i ва ўсiм.

Пасьля гэтых слоў Верхавенскi ўзмахнуў рукамi i прама на вачах паменшыўся ў памерах i ператварыўся ў вэнтылятар фiрмы «Самсунг-Фiлiпс». Хлестачонак вырашыў дзейнiчаць – ударыць нагой па вэнтылятары, разьбiць i растаптаць яго. Ён ужо замахнуўся нагой, але лопасьцi вэнтылятара закруцiлiся з такой сiлай, зьлiўшыся ў нябачнае кола, што пругкая паветраная хваля адкiнула яго да сьценкi. Вэнтылятар спынiў працу. На верхняй лопасьцi тырчэла мiнiятурная галава. Хлестачонак пазнаў яе. То была паменшаная копiя ягонай галавы.

– Ну што, уражвае? – спытала галава ягоным жа голасам.

Такога Хлестачонак яшчэ ня бачыў нават у фантастычных мультфiльмах. Тут была не фантазiя, не iлюзiя, не алюзiя, а чорт ведае што. Тым ня менш Хлестачонак захаваў прысутнасьць рэчаiзму.

– Зьдзiўляе, але ня ўражвае. Што вось гэта паветраганялка дае для сэрца i душы чалавека? Нiчога! I вось на гэта губляюцца фантазiя, розум, сiла i здароўе?

– А ты думаеш, што ты чалавек? Не, ты не чалавек, ты... сам ня ведаеш хто. Ты – казёл!

– За казла адкажаш! – Хлестачонак схапiў рашпiль, гатовы абаранiць свой гонар.

Вэнтылятар пачаў расьцi ў памерах i адначасова зьмяняць свой дызайн. I вось перад Хлестачонкам стаяў на падлозе тэлевiзар. Гэта было трошкi весялейшай справай. Хлестачонак апусьцiў занесеную руку. Экран засьвяцiўся, i на iм вымаляваўся прыгожы краявiд: рэчка, што нясе свае хвалi памiж берагоў, а на берагах растуць вербалозы, якiя схiляюцца да вады. Сонечнае неба крыжавалi траекторыяй палёту птушкi. На даляглядзе быў бачны лес. Было так цудоўна, што Хлестачонак сам захацеў апынуцца на прыродзе. Ведаў бес, чым яго спакусiць. I не было большай пакуты, чым сядзець за сьценамi пастарунка, пазбаўленым самага дарагога – волi!

На экране зьявiўся казёл. Штосьцi зь iм адбывалася. Залез ён у вербалозы i сумна блеяў, нiбыта плакаў. А людзi паказвалi на яго i казалi: «Глядзiце – казёл».

Жах прабег па ўсiм казьлiным целе – ад рагоў да самых чатырох капытоў, i яны прырасьлi да зямлi. Да яго дабраўся воўк. Драпежна выскалiў вострыя iклы i пагрозьлiва зарыкаў:

– Вось i абед мой.

– Якая мая вiна? – праблеяў казёл.

– Ты прычына вiны, таму што я жэрці хачу.

– Але ж я чалавек, я Хлестачонак Iван Аляксандравiч.

– Ой, не прыкiдвайся чалавекам. Ты казёл. Гэта там, у жыцьцi, можна прыкiдвацца кiм заўгодна, а тут калi ты казёл – дык казёл, i нiхто i нiшто цябе не перайначыць.

Хлестачонак хацеў абурыцца такiм сцэнарам – мала што казла назвалi ягоным прозьвiшчам, дык яшчэ i ваўка напусьцiлi, каб ад яго рожкi ды ножкi засталiся. Ён вельмi блiзка да сэрца прыняў фiльм i вельмi перажываў за казла, як за самога сябе.

– Гэта горш за пекла! – усклiкнуў казёл.

– А гэта i ёсьць пекла – другi бок рэчаiснасьцi.

Воўк разявiў пашчу, набiтую iкламi i зубамi. З чырвонага языка сьцякала сьлiна. I ў той самы момант, калi воўк скокнуў на казла, Хлестачонак ударыў па тэлевiзары.

Пасыпалiся аскалёпкi, шкло, транзыстары, блiснулi iскры – тэлевiзар рассыпаўся. Але гэтага Хлестачонак ужо ня бачыў. Яго замкнула на фазе, i ён адключыўся.

– Што за шум, а бойкi няма! – ускочыў у камэру наглядчык i ўбачыў разьбiты тэлевiзар, нерухомае цела Хлестачонка i рашпiль. Наглядчык ажно пачухаў патылiцу.

– Ды тут нейкая д’ябальшчына, як я пагляджу. Гэта ўсялякiя межы пераходзiць i ўсе краi перапаўняе. Цярпеньне ўжо ня церпiць.

– Каб толькi д’ябальшчына, а то поўны керкешоз. – Гэтак мовiў пракурор Саламон Самасуй, калi прыехаў у пастарунак разьбiрацца, што да чаго.

Ён агледзеў беспрытомнае цела Хлестачонка, памацаў пульс жыцьця i прыйшоў да высновы – даскакаўся казёл.

– Пахавайце, каб нiхто ня бачыў i нiколi ня ведаў, як i што, калi i дзе,– загадаў пракурор жандарам.

Цела Хлестачонка піхнулi ў мех i занесьлi ў лёхi. Пастарункавы доктар склала даведку: «Той, хто быў Хлестачонак Iван Аляксандравiч, замкнуўся па фазе i адключыўся назаўсёды. Цяпер яго няма, i можна сьцьвярджаць, i не было».

Dum vivimus, vivamus

Ачуняў ён ад холаду, якi гострымi iголкамi калоў яго нерухомае i беспрытомнае цела. Гэта было першае, што адчуў Хлестачонак,– холад, другое адчуў – боль. Галава раскалвалася на часткi i костачкi, а глузды расплывалiся, як мысьля па дрэве. Трэцяе, што ён адчуў,–знаходзiцца ў нечым цесным. Тады ён зразумеў, што некуды трапiў. Якiм чынам трапiў, ня памятаў. А для прыняцьця адзiна правiльнага рашэньня трэба было хоць нешта ўзгадаць. Ён сабраў глузды ў цьвёрды кулак i сiлай волi прымусiў сябе згадаць, што i да чаго. Ажно яшчэ больш пахаладзеў – няўжо казёл? Няўжо ён у страўнiку ваўка? Мiжвольны крык адчаю «Ма-ма!» выляцеў з ягонага горла. Адлягло ад сэрца – крык быў членаразьдзельны, а значыць, чалавечы. Ён чалавек! Як гэта велiчна гучыць! Хлестачонак на радасьцях нават некалькi разоў паўтарыў: «Я чалавек! Я чалавек!», з асалодай услухоўваючыся ў чароўныя гукi гэтага велiчнага слова.

Да яснасьцi ўзгадаў ён сустрэчу з Верхавенскiм i сваё вiртуальнае пераўтварэньне ў казла. Ня важна, што было, а важна, як выбрацца адсюль, а там ужо будзе бачна i зразумела. Вось тут яму вельмi прыйшлiся дарэчы зубы, бо, каб не яны, дык не прагрыз бы дзiрку ў меху. Толькi ўзяўся рукамi разарваць яе далей ушыркi, як пачулiся галасы i крокi. Дзе тут будзеш дзейнiчаць, калi трэба было стоiць дых i чакаць, а калi абставiны запатрабуюць – увогуле ня дыхаць. Да меха, дакладней, да Хлестачонка падышлi два чалавекi – калi меркаваць па галасах, бо адзiн голас належаў аднаму, а другi –другому. Дый ня мог адзiн чалавек размаўляць двума галасамi, ды яшчэ тупаць за дваiх. Хлестачонак парадаваўся таму, што не згубiў лёгiку думаньня – галава па-ранейшаму варыла думкамi.

– Вось быў ён – i няма яго,– казаў адзiн.

– Быў усiм, а стаў нiхто,– казаў другi.

– Бедны Янка. Дзе цяпер ягоныя ўказы ды загады, як i што? – казаў адзiн, як спачуваў.

– I ўся ягоная велiч апынецца на рачным дне,– казаў другi, як зьдзекваўся.

– На якое ён адправiцца кармiць ракаў,– казаў адзiн.

– I нiхто не даведаецца, дзе магiлка яго,– казаў другi.

Абодва засьмяялiся i адзiн за рукi, а другi за ногi паднялi Хлестачонка i панесьлi, наракаючы на тое, што ён цяжкi, як на тое лiха. Хлестачонак ня дыхаў, а толькi думаў: «Гэта мяне хочуць утапiць, мяне – жывога i здаровага, якi функцыянаваў на карысьць усяго чалавецтва. I нiхто не заплача па мне, нiхто не аплача мяне, нiхто нават не абурыцца з гэтай найвялiкшай несправядлiвасьцi на сьвеце. Няўдзячнае чалавецтва, вось так яно губiць сваiх найлепшых сыноў. Мяне хочуць утапiць, мяне ня будзе, я ўтану. Але такога ня можа быць. Гэта iншыя памiраюць, зьнiкаюць у нябыце, а я не магу памерцi, не магу зьнiкнуць. Гэта другiя, а я не магу». Ён хацеў крычаць, але пачуцьцё самазахаваньня падказала яму: маўчы, дурань, i ня дыхай, каб не атрымалася яшчэ горш.

Яго несьлi, а пасьля паклалi на воз i павезьлi. Павольна хiстаўся вазок па дарозе, нiбыта човен Харона плыў у царства Аiда. Не зьбяжыш ад наканаванага i ня спынiш наканаванае. Дзесьцi, наганяючы жуду, крычала сава.

– Вось людзi памiраюць, а мне здаецца, што я буду жыць вечна,–загаварыў адзiн, нiбыта радуючыся, што для яго няма сьмерцi.

– Усе там будзем,– нiбыта сумаваў, што ад сьмерцi нiкуды ня дзенешся, другi.

Вазок спынiўся. Хлестачонак зразумеў – прыехалi. Яго паднялi i апусьцiлi на зямлю.

– Трэба камень прывязаць, каб ня выплыў,– мовiў адзiн. – Усё роўна дзярмо ня тоне.

Ну, гэта была поўная абраза – з ног да галавы. У iншым стане Хлестачонак паказаў бы iм, як дзярмо тоне, а зараз трэба было не варушыцца. Хай кiдаюць на рачное дно – ён выплыве. А там ужо... Што ўжо... ён не пасьпеў вырашыць, бо яго паднялi, разгайдалі i шпурнулi ў раку. Хлестачонак бязь лiшнiх эмоцый спакойна пайшоў сякерай на дно, адначасова разарваў рукамi дзiрку ў мяху i вылез зь яго. Але, паколькi Хлестачонак быў не дзярмо, ён ня мог выплысьцi. I кармiць бы яму ракаў на дне рачным, каб на яго шчасьце ня здарылася вось што.

Вось што здарылася

Пад глыбокiмi водамi рэчкi доўжылалася сваё, ня менш драматычна-трагiчнае жыцьцё, чым на зямлi. I там ( а ў дадзеным моманце тут) адбывалiся драмы, а бывала, i трагедыi. Даўно ўжо, ох, як даўно, наточвалi печкуры зубы на драпежнага шчупака, якi пачуваў сябе сапраўдным бацькам ракi. I, як належыць у такiх выпадках, браў ён зь печкуроў штодня на абед па адным маларым пячкурчыку, а на вячэру – па адной прыгожай пячкурачцы. Так доўга не магло доўжыцца, хаця доўжылася вельмi i вельмi доўга. I вось гэтае доўга скончылася. Сабралiся печкуры на ўсенароднае веча – падумаць, як выратаваць свой род. I зьвярнулiся яны да свайго пячкурнага бога з просьбай зьмiласьцiвiцца зь iх, даць раду, як iм быць i выжыць. I адказаў пячкурны бог сваiм дзiцяткам-печкурам: «Ёсьць адна рыба-вараг, жыве яна каля выспы Буян, у сiнiм моры. Пашлiце па яе. Хай узначалiць яна маiх дзiцятачак-печкуроў, абараняе iх i будуе парадак у рэчцы!» I паслалi печкуры да рыбы-вараг паслоў з такiмi словамi: «Рэчка наша глыбокаплынная i малаком цячэ яна, а беразi кiсялёвыя. I тонi, i за тонi, i мелi сонцам прагрэтыя. А ўсяго паесьцi i папiць досыць i да пузы. Жывi i кiруй намi». Рыба-вараг прыняла прапанову i прыплыла ў рэчку. Яе каранавалi тытулам «мудры пячкур». I ён сказаў: «Годзе!» I павёў печкуроў на бой з крыважэрнай акулай рачных вод. На зямлi б гэта назвалi натуральным адборам, а то й проста разборкай, а тут, пад вадой, гэта было пытаньнем жыцьця i сьмерцi. А памiж жыцьцём i сьмерцю печкуры выбралi жыцьцё.

Шчупак не баяўся печкуроў, бо ён быў зараз у сваiм шчупачыным росквiце i моц перапаўняла ягонае цела, i зубы ў яго былi вострыя, i скiвiцы – нiбы жалезныя. Шчупак мог перакусiць напалам нават бервяно. Памятаеце, плыло нейкае бервяно з срэбнай барадой i залатымi вусамi ды нешта там казала, а ён гэтае бервяно – раз! – i перакусiў, i яно ўжо больш нiчога не казала. Шчупак даўно прызвычаiўся адчуваць сябе царом ракi. Яму саступалi дарогу гультаяватыя й няўклюдныя самы, пранырлiвыя колкiя акунi i яршы, пiяўкi не прысмоктвалiся да ягонай заднiцы. Зь ягонымi зубамi пазнаёмiўся мядзьведзь, i нават рак. Зубры, i тыя старалiся абмiнуць яго i прасiлi дазволу напiцца з ракi. I што ўжо казаць пра печкуроў... Але на гэты раз печкуры iнтэгравалiся ў адзiны i недзялiмы кагал, i ўзначалiў iх сам мудры пячкур. Гэты пячкур быў унушальных памераў, i яшчэ мудры. Казалi, што ён нiякi не пячкур, а пярэварацень – былы чалавек-амфiбiя.

Кагал печкуроў быў занадта вялiкi, каб зьесьцi iх паасобку. Можна было памерцi ад незварэньня страўнiка. Таму шчупак вырашыў пазьбегнуць бою, бо адчуваў, што печкуры будуць бiцца да сьмерцi, бо будуць бiцца за жыцьцё. А з другога боку – iх многа, а ён адзiн, а адзiн у рэчцы ня воiн. I тады шчупак стралой пусьцiўся наўцёкi, наколькi дазваляла глыбокая вада.

Мудры пячкур павёў свой печкурыны кагал усьлед за шчупаком. У яго быў адмысловы плян – зьнясiлiць шчупака, а пасьля загнаць яго на водмель, дзе ён пазбаўляўся свабоды манэўра, i накiнуцца на яго ўсiм кагалам ды замятаць iкрой з галавы да хваста, каб адвечны вораг падавiўся ёю. Шчупак рухаўся вялiкiмi рыўкамi, i неўзабаве яго адвечныя самаахвярнiкi значна адсталi, але пагонi не перапынялi, а, быццам забываючыся на стому, немiнуча – дзюйм за дзюймам, буёк за буйком – скарачалi адлегласьць.

Шчупак нырнуў на самую глыбiню, дзе ён ведаў кожную сьцяжынку. I трэба ж такому здарыцца, што менавiта на гэтую глыбiню лягло месячнае сьвятло i высьвецiла ў водах шчупака. Думаць не даводзiлася. Шчупак ляцеў стралой каля Хлестачонка, i той пасьпеў-такi ўскочыць на рыбу. Шчупак адчуў, што нешта важкае звалiлася на ягоную сьпiну. Ад нечаканасьцi ён бясьсiльна ляснуў зубамi, бо ня мог дастаць гэтае нешта важкае на сьпiне, але перапынiць свой iмклiвы палёт не адважыўся. А Хлестачонак, якi ўжо пачаў трацiць запасы паветра, падганяў шчупака як мог. Рыба то кiдалася ўбакi, то нырала на самае дно – абы толькi пазбавiцца чалавека, а то паднялася да паверхнi. Тыя некалькi глыткоў паветра, якiя Хлестачонак глынуў, вярнулi яму частку сiл, а вось шчупак ужо выбiўся з апошнiх сiл. I таму чалавек моцна трымаў рыбу за жабры i змог ён навязаць сваю волю. «Па майму хаценьню, нясi мяне да берага!» Шчупак панёс яго да берага, але брухам наляцеў на водмель i захрас на ёй. Хлестачонак зьлез са сьпiны гэтага павержанага цара ракi i пабрыў да берага. «Вось вам, выкусiце! Гаўно ня тоне!» – мовiў ён i ведаў, што казаў.

Герой упаў на траву i адчуў бег крывi па целе. Здавалася, гэта сама стома расьцякаецца па iм. Хлестачонак абыякава глядзеў на чорнае, засыпанае зоркамi неба, i вочы самi змыкалiся. Хутчэй бы гэты керкешоз закончыўся. «Дадому,– прашаптаў Хлестачонак. – Бяз права на надзею, бяз права на паратунак, дадому дайсьцi, упасьцi на ложак i забыцца ў сне. Ня ведаць, што дзень будзе, калi трэба плацiць па рахунках. Ня ведаць, што ёсьць Я. Так хацелася... быць шчасьлiвым. Справай на славу i славай навекi засьведчыць прысутнасьць сваю ў сьвеце. I вось дабрацца дадому i зьнiкнуць у сьне, згубiцца ад усiх, калi нiкому нiчога, нiшто i нiколi ня вiнен. Але бяз права на надзею няма надзеi на паратунак». Трэба было падымацца i праз не магу iсьцi шукаць сабе дом. Ён расплюшчыў вочы – маўклiвае неба зоркамi глядзела на яго. Хлестачонак ускочыў на ногi. «А ну, наперад, i толькi наперад!» – загадаў ён нагам, i тыя пакрочылi наперад.

Была цiхая i зораная ноч. Замоўклi ўжо салаўi ды iншыя пеўчыя птушкi, ня квакалi жабы, ня пстрыкалi конiкi, толькi брахалi зрэдку сабакi. А ў самiм горадзе Глупаве назiраўся агульны спакой. Зь цемры вымалёўвалiся ягоныя маўклiвыя будынкi. На старых высокiх лiпах, што расьлi ўздоўж дарогi, час ад часу крумкалi крумкачы i будзiлi вартавога жандара. Ён скурчыцца ад холаду, прышлёпне на шчацэ камара i адправiцца ў абход. Шумеў вецер у дрэвах, i здавалася жандару, што нехта iдзе за iм. Тады ён пiльна круцiў галавой, насьцярожана ўглядаючыся ў цемру,– толькi нехта падыдзi! А нехта не падыходзiў, i, супакоiўшыся, жандар забiраўся ў будку i зноў засынаў. Вось у хвiлiну такога сну на пасту Хлестачонак увайшоў у горад Глупаў –вярнуўся на кругi свая.

Для iншага гэтае нефартуннае становiшча здалося б безвыходным: бяз грошай, без дакумантаў, без сяброў, бяз даху – i што рабiць, i куды падацца? Але толькi не для Хлестачонка. У яго было жыцьцё i воля, ён меў рукi i ногi, адну зь лепшых галоў чалавецтва, а гэта было самадастаткова. Трэба было толькi дзейнiчаць. Абдумаць плян дзеяньня ён прысеў на лавiцу каля нейкай хаткi. Ён адчуў пранiклiвы позiрк на сваёй сьпiне, азiрнуўся. Нейкая старая, страшэнная, як пачвара, злосна глядзела на яго, ажно сьвяцiлiся яе вочы. На плоце ляжалi яе кашчавыя i валасатыя рукi з доўгiмi кiпцюрамi. Хлестачонак ужо ня думаў – пабег як угарэлы, толькi вецер засьвiстаў у ягоных вушах. Спынiўся, калi ўжо дыхалку забiла. Ды не пафартунiла яму i зараз. Рыпнулі весьніцы, i са двара нейкай хаты выйшла на вулiцу тая ж старая i спытала:

– А што табе, дзiцятка, трэба, што ты маешся?

Хлестачонак пабег куды ногi панесьлi яго. Пераскочыў цераз плот i без усялякiх сiл упаў на зямлю. Хаця, няма лiха без дабра –пабегаў-пабегаў i сагрэўся. На нейкi момант Хлестачонак адключыўся i ўключыўся, калi побач яго нехта хадзiў. Працягнуў руку i дакрануўся да нейчай галавы, адчуў мяккую поўсьць, правёў рукой – i натыкнуўся на рогi. «Чорт!» Хлестачонка зноў ускiнула на ногi, i ён пабег туды, куды яны яго панесьлi, а несьлi яны яго доўга, пакуль ня сьпёрла дых. Але пачуў такое знаёмае блеяньне – як зоў на выгане. Ён ня мог не азiрнуцца на гэта зоў, бо гэта быў покліч ягонага ўспамiну. Нiчога дзiўнага не было. За iм бег казельчык. Ад раптоўнай перамены пачуцьцяў Хлестачонак проста звалiўся з ног на каленi i заплакаў. Казельчык тыцнуўся рожкамi ў ягоныя грудзi, а ён гладзiў ягоную казьлiную галаву.

– I цябе ператварылi ў казла. Хто ж ты, такi няшчасны?

Казельчык толькi блеяў i нiяк ня мог сказаць, кiм ён быў у чалавечай iпастасi, бо ад нараджэньня i тата ў яго быў казлом, а мамы не было, i дзед, i баба – па бацькоўскай лiнii – усе казьлiнай пароды. Толькi блеяў, а чалавек плакаў.

– Што ж ты носiшся, як Марка па пекле? – пачуў Хлестачонак рыпучы старэчы голас за сьпiнай. – Прымушаеш сябе чакаць.

Ён павiнен быў азiрнуцца на гэты голас, i азiрнуўся. Хаця яшчэ ня бралася на сьвiтанак, а золак яшчэ ня быў дастаткова прыкметны, але нават у гэтым шэра-цьмяным змроку ён разгледзеў невыразныя абрысы асаблiва выразнай i безаблiчнай пачвары.

– Ты што – сьмерць? Пiльнуеш мяне на кожным кроку. Я буду змагацца да апошняга, да апошняй кроплі крывi. За няма нiшто гiнуць ня буду. А калi загiну – але не спадзявайся, што гэта будзе хутка,– дык хай мяне лiчаць камунiстам.

– Камунiстам? – пачвара перапытала з патаемным зьдзекам.

– Так, камунiстам. Ня бачу тут нiчога сьмешнага. Камунiсты гiнуць за сьветлую справу, а значыць, прама трапляюць у рай,– растлумачыў Хлестачонак, бо ведаў, што ў пекле яму наканавана быць у аблiччы казла, а таму лепш у рай.

– Я твая нядоля ,– мовiла пачвара.

– Нядоля? – Хлестачонак ажно падняўся з каленяў i зрабiў крок наперад, каб увачавiдкi разледзець гэтую нядолю, але шэра-цьмяны змрок ператварыў яе у нешта-нейкае невыразнае.

I гэта нешта-нейкае i была ягоная нядоля? Якая несправядлiвасьць! Цьмяна, вельмi цьмяна – амаль не разгледзець – ён узгадаў сваю Долю. Што засталося ад яе прыгажосьцi, ад яе рэдкай прыгажосьцi, якой мы яшчэ ня бачылi? Пабмаляваныя броўкi, падфарбаваныя вейкi, сiнiя-сiнiя вочкi i яскрава, рэклямна вымаляваныя вусны – так усё ненатуральна. А памятаў яе вяснушкi, бачныя праз падман пудры, як пралескi на сьнезе. Вось яно, самае мiлае. Яно натуральнае, нават фарбамi незамаляванае, пудрай ненапудранае, яно жывое, трапяткое, як мае ўсё, што спакушае i прымушае мужыкоў. Гэта была ягоная Доля. Яна непаўторная, гэта ён быў паўторны i не разумеў, не адчуваў, ня ведаў... То была ягоная Доля, дадзеная яму раз i назаўсёды. I вось Нядоля! Ды хоць як яе абзавi, якiм самым ня тым словам – а ўсё роўна, гэта нiчога не зьмяняе: яна Нядоля. Нiчога-нiчога добрага –толькi благое.

– Магла б быць хоць трошкi прывабнай,– паскардзiўся Нядолi Хлестачонак. – Як мне – дык i нядоля нялюдзкая.

– Dum vivimus, vivamus,– адказала яна.

Хлестачонак ажно затырчэў, разявiўшы рот. Не такая ж ягоная нядоля была цьмяная – пасьвета вiднелася ў яе словах. Тое, што яна мовiла, ён зразумеў iнтуiтыўна, i гэта было яго, i ён быў для гэтага.

– Dum spiro, spero,– прыдумаў ён тое, што было ягонае, а сам вырашыў так: «Дзе наша не прападала». – Падумаў так, бо ягонае наша нiдзе не прападала.

Нядоля сказала:

– Пайшлi.

А ён адказаў:

– Куды?

I пайшоў сам, ня ведаючы куды, усьлед за сваёй нядоляй – маленькi жаўнер абставiн, якiх ён не баяўся, бо яны яго баялiся. Яна вяла яго за сабой у невядомае, а ён паслухмяна крочыў за ёй, бо ня мог ня крочыць, бо гэта была ягоная нядоля, ягоная наканаванасьць. I калi ўжо доля згублена, дык хай будзе нядоля. Казаў жа дзед Ванiтуй: «Ужо так Бог даў, што на ўсялякую бяду ёсьць i бяда, ёсьць нам ратунак». Вось i нядоля цяпер – ратунак для яго. Пакуль жывецца, будзем жыць, i пакуль дыхаю – спадзяюся. I ён дыхаў, жыў i спадзяваўся.

Нядоля ўвайшла ў старую пахiленую хату, а Хлестачонак – за ёй усьлед, як дзiцятка за маці, баючыся хоць на крок адстаць. Ня тое ён чакаў убачыць тут. Проста за парогам пачынаўся даўгi калiдор –падлога, сьцены, столь былi люстэркавыя, i яскравае сьвятло немаведама адкуль лiлося адусюль. Было такое ўражаньне, што гэты калiдор – пераход да нечага новага, невядомага, вартага таго, каб прыйсьцi туды, убачыць, адчуць i зразумець гэтае новае i невядомае. Ён пайшоў побач зь Нядоляй. Ягоная постаць адбiвалася ў люстэрках. I леваруч, i праваруч за iм крочыў ягоны адбiтак, а калi паглядзець пад ногi, дык i за iм бег ягоны цень-адбiтак, а па столi суправаджала яго педабенства, толькi выгляд зьверху. Дзiўна, але Нядоля не засьвяцiлася ў люстэрках, нiбыта яна адсутнiчала. Хлестачонак зiрнуў на яе i... побач зь iм iшла зграбная, маладая, з хвалямi валасоў Яна – ягоная Доля! I мiлыя вяснушкi нагадвалi пралескi на сьнезе, а сiнiя-сiнiя вочы зiхацелi недасягальнай марай. Цi гэта нядоля стала ягонай доляй, цi наадварот – як ён мог зразумець? Ён нават баяўся спытацца, каб не падмануцца, каб ня страцiць надзею i не расчаравацца. Так яны iшлi моўчкi па гэтым асьветленым люстэркавым калiдоры. А леваруч, праваруч, над iмi, за iмi, перад iмi крочыў ягоны двайнiк – адбiтак у люстэрках, нежывое падабенства жывога. I яна загаварыла:

– Расплата ўжо наканавана за слабасьць перад слодыччу спакусы. Але спакуса яшчэ ня вызначана, i ня зьдзейсьнены грэх.

– Хiба я вiнаваты, што сьвет недасканалы i грэшны, i перад спакусай людзi бясьсiльныя?

– Канешне, ты невiнаваты. Хацеў быць, а ня тое што ня быць, i спакусу прыняўшы за сродак выратаваньня, чакай расплаты за спакусу. Я быў для другiх, а для сябе ня быў. Няма мяне для сябе, няма. Але прадчуваньне наканаванай расплаты – як прадчуваньне нараджэньня сябе.

I больш яны не размаўлялi, iшлi моўчкi. Спынiлiся перад дзьвярыма.

– Цябе чакаюць,– прамовiла Доля.

Хлестачонак i пераступiў парог. Апынуўся ён у бацькоўскай хаце, дзе кожная рэч была зь дзяцiнства знаёмай. I нiчога ён ня мог зразумець. «Калi я на гэтым сьвеце, дык пры чым тут мае бацькi? А калi я на тым сьвеце, прычым тут я жывы?»

– Ах, сыночак ты наш! А дзе ж ты бадзяешся? А падняўся ты высока i ўпаў нiзка,– загаласіла мацi, падхапiўшыся з-за стала. – Не па-людзку жывеш.

– Лёгкага хлеба захацелася? – прабурчэў асуджальна бацька.

– А вось зноў заладзiў, зь дзiцяткам ня дасьць пагаварыць...

Бацька злосна плюнуў сабе пад ногi i нядобра вылаяўся, перш чым паслаць...

– Iдзi ты да чорта, як слова не скажы.

– Кiнь, сынок, гэтую дурную справу. Жывеш не па-людзку. Лепш вярнiся да нас. I ў цяпле, i адзеты, i накормлены. Тут i дзевачка – пагуляў бы зь ёй! А там няхай другiя, а ты – дадому. Ну паслухай маці, хоць раз паслухай. Хiба я калi благое табе казала? Вось каб ня слухаў усякiх там... Кiдай усё гэта, сынок. Га?

– Дык чаго вы мне жадаеце – каб як у людзей было, цi дабра?

– Дабра! Дабра!

– Дык зрабiце дабро. Не жадайце, каб у мяне як у людзей было,–кiнуў Хлестачонак. – Лепш бы хлебушка далi i выпiць налiлi.

– Ой, сыночак, ня пi – казельчыкам станеш,– папярэдзiла ўзрушаная матуля.

А бацька зарагатаў, i бачыць Хлестачонак, што гэта ня бацька, а сам Верхавенскi сваёй асобай перад iм рагоча. А мацi – гэта ня мацi, а Нядоля. Кiнутае iм крэсла паляцела у люстэрка, i звон разьбiтага шкла паступова сьцiх у ягоных вушах... I тады ён не памёр...

Вяртаньне блудлiвага прэцэдэнта

Ранiшняе сьвяцiла ўзышло над зямлёй. Як бы нi казалi i што б ня думалi, але ранiца пачынаецца вельмi цяжка. I так не хацелася расплюшчваць вочы i бачыць гэты сьвет, а тым больш улiвацца ў агульны ток жыцьця гэтага сьвету. А што гэты сьвет? Як заўсёды, ён патрабуе ахвяры, а ахвяра – гэта ты сам.

Ранiшняе сьвяцiла зiхацела i прамянiлася ўсiмi фарбамi свайго сьвятла. Хлестачонак расплюшчыў вочы i вызначыўся. Ён ляжаў на зямлi i сам ня ведаў дзе. Побач стаяла пудзiла, апранутае ў лахманы. Чым займалася гэтае пудзiла, было няцяжка здагадацца – пужала птушак з ураджаю. Хлестачонак падняўся i зьняў з пудзiла сьвiтку, адзеў яе паверх пiнжака, насунуў на галаву рваны капялюш. Нiчога лепшага Нядоля не магла яму прапанаваць, але нiчога лепшага ён i не чакаў. Затое ў гэтым прыкiдзе нiхто не прызнае яго за яго самога. Так што iожна было дзейнiчаць!

Сьпярша трэба было падмацавацца, а пасьля дзейнiчаць. Але, каб падмацавацца, трэба было што-небудзь учыніць. Хлестачонак выбраўся на вулiцу i пайшоў насустрач новым падзеям.

Толькi глупаўцам не было нiякай справы да чалавека ў лахманах. I Хлестачонак парадаваўся свайму чарговаму ўвасабленьню: вось была б праблема, каб кожны пазнаваў яго. Дык гэта быў бы поўны керкешоз! А што гэта такое, Хлестачонак збольшага ўжо ведаў – нiчога нечага не абяцаў гэты самы керкешоз. Вось добра было б, каб у ягоных кiшэнях завалялася якая-небудзь манэта – ну хоць талер, цi грош, цi дукат, ну, на самы горшы выпадак – бакс. А што было рабiць, калi доля – амаль тое самае, што i нядоля. I што самае-нясамае, але непрыемнае, дык i нядоля становiцца тваёй доляй. У такiх выпадках цi туды, цi сюды – а ўсё роўна сам за сябе.

Хлестачонак Iван Аляксандравiч iшоў па горадзе, па якiм яшчэ ня так даўно разьяжджаў на тарантасе раўнёй, калегам i братам усiм тым, хто быў яму самому раўня, калега i брат. Ну i што з таго – ён нiхто, ён iмя свайго ня скажа, але на сьценах – «Важна ня што i як, а важна як i што!» I кожны, хто гэта пiша, ведае ягонае iмя. Гэта святое iмя, гэта сымбаль новага керкешозу. Ну што ж, ягоны шлях да пацьверджаньня таго самага – самога сябе. I гэта само сябе i ёсьць сутнасьць усяго.

I вось – глядзь – а на дарозе ляжыць грош. Падняў Хлестачонак манетку. Канечне, ня талер i не дукат, i ня бакс, а ўсяго грош, але ўжо можна было ўступаць у тавара-грашовыя адносiны. Павесялеў Хлестачонак i пайшоў далей. I ня тое, што нешта думаў, а зусiм ня думаў. Як бачыць ён – купка людзей стаiць i пасьмiхаецца зь нечага. Падышоў Хлестачонак да гэтай купкi i ўгледзеў добрага знаёмца Адольфа Быкоўскага. А ганяў ён мух, якiя хмарамi кружлялi каля павешанага на дроце шчупака. Адольф махаў рукамi, крычаў: «Кыш-кыш! Каб вас халера!», а мухам усё адно: лётаюць, кружляюць, чакаюць, калi iншыя мухi напоўзаюцца па шчупаку, каб i самiм папоўзаць. З размоў Хлестачонак высьветлiў, што да чаго. Быкоўскi заняўся бiзнэсам – знайшоў на водмелi шчупака, вывесiў яго на сонцы сушыцца i засеў падлiчваць будучы прыбытак. Пакуль лiчыў, пералiчваў, удакладняў, наляцелi мухi. Вось i ганяў iх зараз – ратаваў свой капiтал. Хацеў Хлестачонак пагаварыць з Быкоўскiм, але што зь iм гаварыць – ён справу робiць. I пайшоў ён далей.

Захацелася яму хоць вады папiць, калi паесьцi не выпадала. Дастаў ён з кiшэнi грош, паглядзеў на яго са скрухай – ну што за гэты грош набудзеш? Хоць ты выкiнь яго на шчасьце. Але Хлестачонак меў досыць падстаў пераканаць сябе, што шчасьця няма, але ёсьць доля – тое самае, што нядоля. Таму схаваў ён грош у кiшэню i пайшоў па вулiцы. Вось падышоў ён да лаўкi. Глядзь – сядзiць там маляваная-размаляваная дзявуля i налiвае за грош пiтво-вадзiцу. Прымерыўся Хлестачонак вокам, прыцэлiўся другiм вокам, падумаў i ўздыхнуў – дзе яго не прападала.

– Пiтва-вадзiцы шклянку,– кiнуў Хлестачонак грош, ды так кiнуў, што бразнуўся гэты грош аб прылавак i паляцеў на падлогу. Маляваная-размаляваная сагнулася да самай падлогi па грош, а Хлестачонак запусьцiў руку ў касу i хоп адтуль ажно жменю грошай – i шукай ягоных сьлядоў.

Такiм нячэсным шляхам Хлестачонак трохi разбагацеў. «Нiчога,–супакоiў ён сябе. – А хто чэсным шляхам багацее? Ну хто?» Сума была не такой дастатковай, каб быць самадастатковай. Але яна была, а значыць, ён мог дазволiць сабе павялiчыць яе. I Хлестачонак пайшоў туды, дзе iнтэнсыўна цыркулявалi грошы – на рынак. Пахадзiў ён, паўглядаўся туды-сюды, як бачыць – прадае мужык нешта такое.

– Што прадаеш? – спытаў яго.

– О, гэта тавар дэфiцытны. Кожная дзяўчына ходзiць па рынку i хоча мець нешта заўсёды па модзе. Спарым – i будзе вельмi алягантна,–адказаў яму мужык.

– О, не магу пазьбегнуць дастойных ступеняў. Проста не сустракаў лепш. Гэта сапраўды нешта, а ня венiк растрапаны,– ацанiў нешта Хлестачонак. – Ну i колькi?

– Шмат, а колькi дасi?

Тады бастаў Хлестачонак з кiшэнi грошы i падлiчыў iх. Было iх трошкi зашмат, каб у мужыка вочы загарэлiся.

– Дарагавата,– мовiў Хлестачонак. – Не па кiшэнi.

Схаваў ён грошы ў дзiравую кiшэню сьвiткi, так што яны па прамым назначэньнi трапiлi ў кiшэню пiнжака. Усяго гэтага мужык знаць ня знаў i здагадацца не здагадаўся.

– А ў мяне вось сьвiтка навыварат. Давай мяняцца.

– А чым яна такая, каб не як iншая? – пацiкавiўся мужык.

– А ў яе ногi вырастаюць. Як хто адзене, дык такiя прыткiя ногi ў таго становяцца – нiхто не дагонiць. Я ўжо набегаўся, дык ледзь хаджу. Прадаў бы, ды нiхто не купляе.

Мужык нешта перадаў Хлестачонку. Прымерыў на сябе Хлестачонак нешта, а мужык за сьвiтку – i ногi ў яго вырасьлi прыткiя, i пабег-пабег, нiхто не дагнаў. Калi ж сунуў на бягу руку ў кiшэню, дык толькi дзiрку там знайшоў, а ня грошы. I зразумеў тады ён, што ногi вырасьлi ў нешта.

А Хлестачонак ужо сядзеў у пiцейнай забягалаўцы iмя Выпiвайкiна i Прапiвайкiна i цешыўся ў чаканьнi харчу i пiтва. Няма чаго казаць, што нешта было датэрмiнова прададзена дзяўчынкам за палову кошту, абы выглядалi яны алегантна i па модзе. Такiм чынам Хлестачонак прыўмножыў свой капiтал i думаў, як яму зьехаць з горада Глупава. Што нi кажы, ён тут прымiльгаўся, а яго чакалi iншыя верагодна-неверагодныя справы.

Яму падалi харч i пiтво. А паколькi ён быў галодны, дык зьеў харч, а паколькi яго мучыла смага, дык выпiў пiтво. Замовіў сабе газэту i пачытаў яе чэсна. З газэты нiчога не даведаўся пра сябе, затое даведаўся пра Гогаля-Могаля. Гнеўнымi словамi выкрывалiся гогаля-могалеўскiя сутнасьць i зьмест, а таксама i форма. Хлестачонак даведаўся, што Гогаль-Могаль нiякi ня Могаль-Гогаль, а нейкi Фёдар Дастаеўскi. Увесь гэты час ён хiтра, мудра i невялiчкiм коштам маскiраваўся пад Гогаля i Могаля. А мiж тым напiсаў злосны паклёп на рэвалюцыю i, у прыватнасьцi, на лепшага сябра ўсiх глупаўцаў разам i кожнай бабы i кожнага мужыка паасобку Пятра Сьцяпанавiча Верхавенскага. Паклёп называўся «Бесы», i сьцьвярджалася там, што Верхавенскi сыстэматычна патрасае асновы, сыстэматычна разгнiвае грамадзтва, i ўсе пачаткi i канцы – дзеля таго, каб усiх зьбiць з панталыку, а з усяго зрабiць нiчога, i спанталычанае такiм чынам грамадзтва, нiякае i бездапаможнае, цынiчнае i пошлае, як нуль без кiйка, узяць у свае рукi i не выпускаць зь яжовых рукавiцаў. «А што я iм казаў,– згадзiўся Хлестачонак. – Я даўно iм казаў, што важна як i што, а яны ня верылi. Малайчына гэты Гогаль-Могаль! Але глядзi ты на яго – так хiтра маскiраваўся, што нават я не здагадаўся, што ён Дастаеўскi». Газэта паведамляла, што Дастаеўскага выслалi на Беларусь у вёску Дастоева, бо тутэйшыя лiтаратуралюбы адкапалi паходжаньне прозьвiшча Дастаеўскi ад тапонiма вёскi Дастоева. Але па дарозе Дастаеўскi недзе згубiўся, i ёсьць падазрэньне, што нiякi ён не Дастаеўскi, а хiтра маскiруе сваё сапраўднае аблiчча пад Могаля-Гогаля.

Аднак наступнае паведамленьне газэты абурыла Хлестачонка да глыбiнi сьлёз. Ён прачытаў лiтаральна такое:

«Верхавенскi – будаўнiк глупаўскай дзяржавы!

П.С.Верхавенскi, абапiраючыся на манумэнтальна-гранiтную базу сацыяльнага абнаўленьня (соцабнавiзму), абагульнiў усю культурную i iдэйную спадчыну чалавецтва i разьвiў яе далей углыбкi i ўшыркi. Верхавенскi склаў плян i кiраваў нашай вялiкай Глупаўскай рэвалюцыяй, а пасьля ўзяў ды пабудаваў нашу дзяржаву. Няхай доўгiя гады жыве наш родны i народны спадар Верхавенскi!»

«Гэта ж поўнае ёпарасэтэ,– абурыўся Хлестачонак. – А тады што я пабудаваў? Я ж таксама будаваў, i нiхто ня скажа, што гэтае нешта абы-што цi што-абы нешта. Цьмяна, цьмяна, але ўсё больш ясна становiцца бачна i можна разледзець жыдамасонскую змову,– падумаў Хлестачонак. Сёрбнуў ён пiтва, але яно нiяк ня дзейнiчала на глузды i разьняволенасьць думак, а тым больш на вальнадумства. Тут пачуў ён голас i павiнен быў адрэагаваць на гэты голас.

– Слухай, мужык, сапраўды, па натуры, дзе я бачыў твой фэйс?

За столiк да Хлестачонка сеў папросту нехта зь юнацкiм максымалiзмам i з бляскам у вачах. Iван Аляксандравiч не адчуваў патрэбы весьцi прэньнi, а таму адказаў зразумела i лягiчна:

– Мала дзе можна было мяне пабачыць.

– Не, па натуры, нешта знаёмае,– упарта чапляўся да твару Хлестачонка гэты спасамушыны субяседнiк. – Ты хто?

Калi чэсна, дык Iван Аляксандравiч ня ведаў i сам, хто ён цяпер такi, а тым больш ня мог растлумачыць гэта нейкаму чорт ведае каму нейкаму, якi называе яго мужыком. Дык якая розьнiца, хто ён цяпер такi.

– Я той i ня той, я проста нiхто, i кожны ведае хто,– адказаў Хлестачонак.

– Такога ня можа быць, бо быць такога ня можа. Калi ты нiхто, значыць, цябе няма. А калi цябе няма, дык чаму ты ёсьць? –субяседнiк пагладзiў свой лоб ад напружаньня роздуму.

Ну што за праблема? Хлестачонак мог сказаць сваё сапраўднае iмя – ня ў гэтым праблема. Але розных тут хапае, i хто ведае, што яны зробяць з гэтым iмем.

– Чуеш, мужык, ты па натуры. Ну ты даеш! Ну калiся – ты за каго? За старых глупаўскiх цi за новых разумаўскiх? – суразмоўца ажно лёг грудзямi на стол, так нецярплiва чакаў ён адказу.

– Я – за аднаго сябе.

– А я думаў... – расчаравана выдыхнуў суразмоўца i падняўся з-за стала.

Хлестачонак з надзеяй назiраў за iм, чакаючы, што ён звалiць, але...

– Чуеш, ты не ганi хвалю. Пытаньне ў тым, як i што!

– Гэта першы закон дзеяньня i вынiку,– адказаў Хлестачонак.

– Вось-вось,– зашаптаў яму на вуха суразмоўца. – А нас прымушаюць паверыць у адваротнае – што i як. Але так не бывае. Як – гэта дзеяньне. А што такое што? Колькi б мы нi рабiлi што – атрымаецца нiшто, бо ўвесь цымус – як рабiць. Вы мяне разумееце?

– Трэба чытаць клясыкаў думкi, напрыклад, Хлестачонка,– адказаў Iван Аляксандравiч, задаволена пасьмiхаючыся сам сабе.

– О! – усклiкнуў суразмоўца i пацiснуў каленку Хлестачонку i даверлiва шапнуў: – Фронт рот. Я – iнтэрнацыяналiст-патрыёт. – Ён зноў прысеў за стол. – А ведаеце, што мы, разумаўцы, самыя чыстакроўныя, самыя чыстапародныя гумасапiенсы. Гэта я вам кажу, чэсна. Усе астатнiя сапiенсы пераблыталiся памiж сабой; зблыталiся расы, вiды, роды i пароды, а мы засталiся ў сваёй першаснай чысьцiнi, захавалi натуральныя глузды. Наш вялiкi правадыр Хлестачонак вывеў нас на шырокi прастор. Але гэта таму-сяму не спадабалася, i яны зьдзейсьнiлi рэвалюцыю, разбурылi парадак, калi можна было сядзець на адным месцы цi iсьці – далей i падалей, хутчэй i пахутчэй. Вось быў час! А цяпер што? Нас зноў глупаўцамi зрабiлi. А ведаеце чаму? Толькi нiкому не кажыце. Я па галасах чуў, што ў нас знайшлi вялiкiя выплаўнi дзярма. Вось ворагi нашай сувэнiрнасьцi і зьдзейсьнiлi рэвалюцыю, каб прадаць наш горад з нашым дзярмом, а ўсiх нас, разумаўцаў, ператварыць у глупаўцаў. Але мы змагаемся!

– I многа вас? – пацiкавiўся Хлестачонак, якi шчыра ўсьцешыўся плёнам сваiх намаганьняў.

– Нас мала, i страшэнна далёкiя мы ад народу, але мы разбудзiм кагосьцi, якi ўдарыць у звон i разбудзiць усiх астатнiх. Тады зьбярэмся мы на ўсенародную тусоўку i разьбярэмся з кожным, дзе ён быў цяпер. – Вочы ў суразмоўцы ўжо загарэлiся агнём барацьбы. – Наш час яшчэ наперадзе. Справа Хлестачонка не загiне, бо гэта справа правая – i мы пераможам!

– А што Хлестачонак, дзе ён?

– Рознае тут кажуць. Чэсныя газэты пiшуць, што ён уцёк, але гэта хлусьня. Я тут па галасах чуў, што нашага прэцэдэнта ў вар’ятню засадзiлi. Такi чалавек, такой вялiкай думалкi чалавек... Я ўстанавiў, што ягоны род паходзiў ад нас, разумаўцаў.

– Вось як! – ужо сам Хлестачонак усклiкнуў. – А калi, скажам, ён вернецца?

– Не, хай ён не вяртаецца. Ён для нас – легенда i сымбаль, прыклад i сьцяг. Правадыра мы знойдзем, а вось сьцяг...

Хлестачонак сумна ўздыхнуў – яго здалi ў архiў гiсторыi, а з гэтым ён нiяк ня мог пагадзiцца.

– Ну, а калi Хлестачонак усё ж вернецца? – спытаў ён.

– Ты што, мужык, ахрэнеў? – абурыўся суразмоўца. – Я буду першым, хто здасьць яго. Легенда павiнна жыць у натуры.

Са скрухi Хлестачонак дапiў кроплi пiтва са шклянкi i з поўнай яснасьцю зразумеў, што ён нiяк не ап’янее, хоць бы на адно вока.

– Што гэта за мача? П’ю-п’ю – i не ў абодвух воках: анi ў тым, ані ў гэтым,– паскардзiўся ён.

– Гарэлка стала безалкагольнаю. У нас цяпер сухi закон,–растлумачыў суразмоўца. – Усё супраць нас, разумаўцаў, дыскрымiнацыю чыняць. А вы кажаце – навошта змагацца? Ня даць сабе засохнуць!

– Так-так, тут гэта, канечне, сама што ёсьць несправядлiвасьць,–пагадзiўся Хлестачонак. – Гэтак-так зьдзеквацца зь людзей? Хаця, затое кожнаму мужыку па бабе, а бабе – па Верхавенскаму.

– Вось-вось, нiбыта гэта i ёсьць справядлiвасьць. А калi я не хачу бабы, дык чаму я павiнен яе хацець – таму што я мужык? А дзе маё права, чуеш, мужык, дзе маё права на сэксуальную арыентацыю?

Ну што мог адказаць на гэта Хлестачонак? Паварушыць глуздамi i што-небудзь наварушыць. Ён так i зрабiў.

– Мне думаецца, што справядлiвасьць – не галоўнае. Галоўнае – быць правым, у гэтым сэнс жыцьця i усяго астатняга.

– Ды, як пагляджу, ты сапраўдны чыстапародны гумаразумавец. Такiя думалкi прападаюць! Думаць няма каму, а ты мысьлю па паветры носiшся. Слухай, мужык, ты хто?

– Хлестачонак Iван Аляксандравiч,– зьляцела зь яго языка, перш чым падумаў.

– Як?! – суразмоўца вылупiў вочы, а з разяўленага рота вывалiўся язык.

Хлестачонак быў задаволены ўражаньнем ад свайго iмя. Адразу чуваць, як гучыць – горда гучыць!

– Многiя прыйдуць пад ягонае iмя. А ты... нiхто па натуры.

– А я i не працяндую,– абыякава адказаў Хлестачонак, ды i навошта было прэтэндаваць самому на сябе?

Суразмоўца выбег з пiцейнай. Хлестачонак адчуваў цьмянае пачуцьцё трывогi. Нешта тут было ня тое, каб адчуваць сябе спакойна. I вось у пiцейную зайшлi два жандары, а за iмi – i той, суразмоўца, i паказаў на Хлестачонка пальцам: «Гэта ён».

«Вось i здалi мяне... Але каб па мяне паслалi нейкiх хлопчыкаў... Вось, памятаю, мяне сам генэрал...» Хлестачонку не далi распавесьці. На прапанову прайсьцi ў адпаведнае месца ён згадзiўся – дзе ягоная не прападала, i там не прападзе. У гэтым ён не сумняваўся.

Разьдзел N апошнi

I прадстаў ён перад пракурорам Саламонам Самасуем, якi сядзеў у пракурорскiм крэсьле за сталом правасудзьдзя.

– Ты вiнаваты, бо ты нiхто на ўсе сто працэнтаў.

– Хто быў нiхто – той стане ўсiм,– слушна нагадаў вядомую iсьцiну Хлестачонак.

– Па нашых рэзалюцыйных законах, хто нiхто – таго няма.

– Я – Хлестачонак Iван Аляксандравiч. Вось хто я. I гэта нават ты ведаеш. Я – ахвяра дзяржаўнага непаразуменьня, але ад свайго iмя не адмоўлюся.

– Хлестачонак памёр. Вось i даведка з пячаткай. – Пракурор паказаў даведку, i сапраўды – на ёй стаяла пячатка. – Той, хто быў Хлестачонак Iван Аляксандравiч, замкнуўся па фазе i адключыўся назаўсёды. Цяпер яго няма, i можна сьцьвярджаць, i не было,–прачытаў пракурор i дадаў: – А даведцы больш веры чым чалавеку.

Усё гэта нагадвала нешта абы-што. Як бы Хлестачонак нi даводзiў сваю прысутнасьць у сьвеце, дык нiчога не давёў бы, бо ня меў права на сваё роднае iмя. А значыць, быў няправы. I толькi зараз Хлестачонак зразумеў, якi ён быў правы, калi казаў, што галоўнае быць правым.

– Я – Хлестачонак Iван Аляксандравiч. – Ён мужна трымаўся за сваё iмя.

– Ну што мне рабiць з табой? – Пракурор задумаўся. – Нешта ж трэба рабiць з табой... Для сьветлай будучынi ты не падыходзiш, а ў змрочнае мiнулае не вяртаесься.

Хлестачонак ужо ня мог сьцямiць, чаго ад яго хочуць.

– Ёсьць чалавек – ёсьць праблема, няма чалавека – няма праблемы. Але тут iншы выпадак: ёсьць той, каго няма,– нiхто,– разважаў уголас пракурор. – Вось праблема, а мне вырашаць яе i адказваць перад гiсторыяй. Але ж як можна адказаць за нiкога?

– Я – Хлестачонак Iван Аляксандравiч. – П