ТРУПЭРНЯ
Iван Фурсевіч
– Ну вось і ўсё. Празь дзесяць дзён застанецца толькі рубец на памяць,– сказаў доктар Бусел, завязваючы канцы бінта на мурашкавай галаве.
– Эх, не пашанцавала,– заміж падзякі, сказаў Мурашка.
Лекар аж спыніў перавязку.
– Як гэта – не пашанцавала? Табе, браце, пашанцавала, ды яшчэ як. Ты ж мог бы і чэрап праламаць, і вочы выбіць, і забіцца зусім. А ты – не пашанцавала! Дзякуй Богу, што ўсё так абышлося.
– Празь дзесяць дзён я быў бы ўжо на волі. А так цэлы месяц давядзецца сядзець,– гнуў сваё Мурашка. – А вы ж разумееце, як цяжка апошнія дні чаканьня даюцца.
– Я цябе разумею. Два разы болей пражыў на сьвеце. Але так здарылася. Пацярпі, адпачні. Сам ведаеш лягерную прымаўку: дзень канту – год жыцьця. А ў цябе іх цэлых дзесяць. Прыдадуцца на волі. А цяпер ідзі ў барак, адпачні. Заўтра раніцаю паглядзім рану і падумаем, куды цябе на гэты раз прыткнуць.
– А можа, я на руднік пайду? – нясьмела спытаў Мурашка.
– З такою ранаю – на руднік? – А пасьля – нагнаеньне. А гэта ж галава, мазгі. Мэнінгіт хочаш зарабіць? Ідзі, адпачывай.
Мурашка паволі падняўся з табурэткі. Але адразу закружылася галава і ў вачах пацямнела. Толькі на хвілінку. Перамогшы гэта, Мурашка паплёўся ў барак.
Улёгшыся на сваё мейсца, Мурашка стаў успамінаць падзеі здарэньня. Усё ішло нармальна. Даў паўтары нормы. Ён стараўся зарабіць залікі дзён. Бурыльшчыкам пры такой выпрацоўцы налічвалі тры дні за адзін прабываньня ў няволі. Стаў апускаць свой тэлескоп долу. Гэты сьвідравальны малаток быў вялікі, нязграбны і вельмі цяжкі – аж сорак пяць кіляграмаў. А яго трэба было кожны дзень падымаць на вяроўках у забой і пасьля працы апускаць уніз. І трэба ж было гэтаму расстрэлу[1] абарвацца. Страціўшы апору, Мурашка паляцеў разам з малатком долу.
Ачнуўшыся на дне забоя, Мурашка спачатку нічога ня ўбачыў -- вакол была цемра. «Разьбілася лямпачка»,– спачатку падумаў ён. Давядзецца дабірацца да клеці вобмацкам, па шпалах. Але пасьля зразумеў, што гэта яго вочы залітыя крывёю. Працёршы іх, ён заўважыў, што лямпачка гарыць. Заціснуўшы рану рукою, ён сам дабраўся да мэдпункту, дзе лекпом[2] вымыў яму твар і перавязаў рану. Але кроў сачылася і праз бінт. Сябры пад рукі давялі яго да лягера. Лекар наклаў больш за дзесятак швоў. Цяпер рана сухая, але ў галаве шуміць, і можа сапраўды ўсё добра скончылася. А лішні месяц ён неяк вытрымае. З гэтымі думкамі ён і заснуў.
Назаўтра, памацаўшы рану праз павязку, лекар сказаў:
– Усё нармальна, Рана сухая. Адкрываць ня будзем.
– А цяпер куды? Можа, на руднік?
– Які руднік? Я табе ўчора растлумачыў. Пойдзеш днявальным у інвалідны барак. Там у днявальнага адкрылася рана на назе. Заменіш яго.
– У трупэрню? – аж уздрыгануўся Мурашка. – Там жа мерцьвякі.
– Ніякая не трупэрня, а інвалідны барак, з акцэнтам сказаў доктар Бусел. – І не мерцьвякі там, а звычайныя, такія як мы, людзі. Ім проста не пашанцавала ў лягеры.
– Як так?
–Яны прайшлі ўсе сем колаў пекла. Ды не дантаўскага, мітычнага, а нашага, сапраўднага. Нам з табою пашанцавала. Мы прайшлі толькі следзтва, дзе нас зламалі маральна, прайшлі перасылку, дзе нас крыху прымарылі фізычна, і тармазнуліся. Цяпер я ў санчасьці, а ты – на бурэньні, хаця і гэта – ня мёд. А яны пайшлі далей. Куды? На адкатку. А там – катарга. Празь некаторы час – дыстрафія. І куды? У ОП[3]. Там крыху адкормяць манкаю і аўсянкаю і – куды? На будоўлю. Быццам бы лягчэй. Але ж бярвеньні цягаць не лягчэй. А яшчэ ж мароз пад сорак і больш. І цэлы дзень на ім. І зноў дахадзілаўка. І зноў куды? У ОП. Пасьля куды? На «лёгкую працу» – на дарогу. Нормы там няма, каменьняў і сьнегу там ніякі чорт ня мераў. Але ж да мейсца працы – пяць-сем кілямэтраў. І цэлы дзень – на марозе. А не выводзяць жа толькі пры пяцідзесяці. А якая розьніца паміж пяцюдзесяцьцю і сарака градусамі? Усё адно сьліна на лёце замярзае. Пасьля дарогі што? Пэлягра і дыстрафія. Зь ёю куды? У ОП. А адтуль і ў інвалідны барак. А там – на прамую фінішную – у вечную мерзлату, на вечны пакой. А чакаць гэтай чаргі, Валодзя, значна цяжэй,чым волі. Ім ужо нічога ня трэба, акрамя спакою і крышку цяпла. Ты – настаўнік, псыхоляг, і, я спадзяюся, зразумеў мяне і зразумееш іх. Ідзі.
– А што там рабіць? – разгублена спытаў Мурашка.
– Выконваць абавязкі днявальнага – насіць ежу, паліць печку, мыць падлогу, дапамагаць нямоглым. Але там ёсьць каму табе дапамагаць. Гэтае мейсца – самае цёплае ў лягеры. Ня бойся.
– А што там за людзі?
– Людзі як людзі. Нават вельмі цікавыя. Палкоўнік і дырэктар вялікага завода сядзяць з трыццаць сёмага. Прайшлі ўсе колы пекла па некалькі разоў. Дырэктар – ляжачы. Але за ім глядзіць палкоўнік-парторг бяз рук. Ты яго ведаеш. Латыш Лапіньш і эстонец Ойве з бэры-бэры. Эстонец паралізаваны і яго трэба карміць. Дацэнт – сьляпы. Манах – паўсьляпы. Галяк – вібрацыёньнік, Гуць – эпілептык. Два баптысты – у пэлягрыёзным псыхозе. Ахмед – без рукі – добры чалавек і добры памочнік. І днявальны – аднаногі Гнацюк. Ён табе і падкажа, і дапаможа.
Інвалідны барак стаяў у самым канцы лягеру, за КВЧ і лазьняю. Раней, калі будавалі камбінат, інваліды займалі цэлы барак. Тады яго і празвалі трупэрняю, бо зь яго амаль кожную раніцу вывозілі, як дровы – як бярозавыя бярвеньні,– скачанелыя голыя трупы. Цяпер інваліды займалі толькі палову барака. Другая яго палова была забіта дошкамі.
Барак здаваўся нежылым. Туды амаль ніхто ніколі не заходзіў і ніхто, акрамя аднаногага днявальнага і аднарукага Ахмеда, не выходзіў.
Зэкі яго абміналі зь нейкім страхам. Быццам баяліся, што зь яго раптам нехта выскачыць і пацягне іх туды. Зэкі, нават калі нечакана заўважалі, што з барака выносяць нябожчыка, хаваліся ў барак і адтуль са страхам глядзелі, як праводзяць яго ў апошнюю дарогу. Гэта быў натуральны страх жывога перад мёртвым. Але гэты страх у лягеры, дзе сьмерць падпільноўвала зэка на кожным кроку, быў мацнейшым, чым на волі. Зэкі за жыцьцё чапляліся мацней, чым вольныя людзі.
Лягернае начальства ў інвалідны барак не заглядвала. Інваліды для яго былі адпрацаваным матэрыялам, балястам, які зьніжаў працэнт вываду зэкаў на працу, а значыць і працэнт прэміяльных за гэта.
Начальнік санчасьці доктар Дубаўцава, ці «Чыта», як яе звалі ўсе лягернікі, была больш чэкістам, чым доктарам. Яна іх ужо даўно сьпісала па акту. І таксама лічыла лішнімі, бо прэміяльныя ішлі і ёй.
Дзяжурныя наглядчыкі баяліся вонкавага выгляду інвалідаў і падчас праверак толькі прыадчынялі дзьверы барака і крычалі: «Днявальны!» Днявальны казаў: «Трынаццаць»,– і дзьверы зачыняліся.
Толькі адзін старшы наглядчык Рудой ніколі не мінаў інваліднага барака. Уваходзіў ён туды важна, як турэцкі паша ў загон з палоннымі гявурамі[4]. Моўчкі абвядзе ўсіх інвалідаў вачыма і працэдзіць скрозь свае рыжыя конскія зубы:
– Ну што, жмурыкі, яшчэ дыхаеце? Дыхайце-дыхайце пакуль.
Ад яго прыходу заўсёды веяла нейкім жахлівым холадам.
Рудой паводзіў сябе так ня толькі ў інвалідным бараку. Ён лічыў сябе ня менш важнаю пэрсонаю, чым сам начальнік лягеру – уладаром лёсаў і жыцьцяў зэкаў. Ён прысутнічаў пры прыёме і адпраўцы этапаў. Ён праводзіў, разьдзяваючы дагала і прамацваючы кожны рубчык адзеньня зэка, які ішоў на волю. Ён прысутнічаў, часам, і на праводзе. І тады рэдка абыходзілася без кайданкоў і стаяньня на камарах ці на марозе. Пасьля стаяньня на камарах зэк з чорным, як у нэгра тварам і вузкімі, як у якута вачыма, а на марозе – з абмарожанымі пальцамі, ішоў у санчасьць. Але вінаватым заўсёды заставаўся зэк.
Выконваў Рудой і больш «далікатныя» даручэньні опэра – вадзіў «на этап» зэка, які чымсьці не спадабаўся опэру. Ён адводзіў зэка за пасёлак і ўсаджваў чаргу ў сьпіну – «пры спробе ўцёкаў». Зэка яшчэ і кідалі на некалькі дзён перад вахтай – на запалохваньне разводаў.
Рудога, казалі, блатныя некалькі разоў прайгравалі ў карты. Але яму заўсёды ўдавалася перавесьціся ў іншы лягер.
Адзіным чалавекам, які свабодна, бяз боязі, хадзіў у інвалідны барак, быў Антон Іванавіч Бусел. Ён ведаў усіх інвалідаў даўно, ня раз лячыў іх у санчасьці, дапамагаў ім у цяжкія хвіліны. Ён быў для інвалідаў і самым блізкім чалавекам, зь якім можна было адкрыта пагутарыць, і іх апекуном. Яму цяжка было глядзець у іх запалыя, напоўненыя невыразнаю журбою і нявыказаным болем вочы. Але ён усё адно хадзіў туды, бо гэта быў ягоны маральны абавязак. Ён добра разумеў, што ніхто іншы гэтага зрабіць ня можа. Ён заўсёды стараўся хоць чым-небудзь ім дапамагчы – то парашком, то флякончыкам рыбінага тлушчу, пайкай хлеба, а то і цёплым, суцяшальным словам, якое ім таксама было вельмі патрэбнае. І інваліды заўсёды радаваліся прыходу доктара.
– Добры дзень добрым людзям,– прывітаўся Мурашка, уваходзячы ў барак.
– О, сам таварыш Шчорс да нас завітаў,– пачуў Мурашка, не пасьпеўшы закрыць дзьверы барака.
– Не, на Шчорса ён не падобны,– сказаў бяззубы дзед.
– А вы хіба бачылі жывога Шчорса? – зьдзіўлена спытаў Мурашка.
– Таварыш палкоўнік бачыў ня толькі жывога Шчорса, але й жывога Уладзіміра Ільліча, і таварыша Сталіна,– адказаў за палкоўніка бяспалы інвалід, які назваў яго Шчорсам.
«А жывога маманта вы выпадкова ня бачылі?» – ледзь не сарвалася зь языка ў Мурашкі. Але ён стрымаўся. На гэтай «цуднай сыбірскай плянэце» усё магчыма. Бачыў жа ён тут валасатага маманта, праўда, нежывога, які пятнаццаць тысяч гадоў праляжаў у вечнай мерзлаце. І ня толькі бачыў, але і цыгарку выкурыў з муштука, зробленага зь ягонага біўня. А гэты палкоўнік, пэўна ж, ваяваў яшчэ ў грамадзянскую і мог бачыць і Шчорса, і Леніна.
– О, Мурашка! Прывітаньне! Як ты сюды трапіў? Не пазнаеш?
– Прывітаньне, Галяк. Ледзь пазнаў,– прызнаўся Мурашка.
І сапраўды, ён ледзь пазнаў Галяка, зь якім яны два гады назад працавалі разам у забоі. Толькі Галяк быў у іншай брыгадзе.
А вось парторга Мурашка пазнаў адразу. Яго гісторыю ведаў увесь лягер. На волі ён працаваў парторгам ЦК пры МТС. Да яго жонкі стаў заляцацца начальнік раённага аддзела МГБ. На адной зь вечарынак, калі чэкіст стаў паводзіць сябе вельмі нахабна, парторг уляпіў яму аплявуху. Той зьнесьці такой абразы ня мог і аформіў парторгу ўсхваленьне амэрыканскіх студэбэкераў і зьнеслаўленьне савецкіх ЗІСаў, у выніку чаго ОСО[5] уляпіла яму дзесятку за "балалайку"[6].
Падчас аднаго разводу, калі Рудой прычапіўся да суседа па пяцёрцы, што той носіць «вольны» швэдар пад зэкаўскай курткай, і загадаў тут жа зьняць яго, парторг напаўголасу сказаў: «Гестапавец». Рудой гэта пачуў і, урэзаўшы парторгу ў зубы, надзеў яму кайданкі і паставіў на саракаградусным марозе ля вахты. Праз гадзіну пальцы прамерзьлі наскрозь. У санчасьці іх, пачарнелых, адкінуў доктар Бусел. А калі парторг напісаў начальніку лягера скаргу на Рудога, той прыйшоў у санчасьць і сказаў парторгу:
– Калі ты, гніда, яшчэ раз паскардзісься, я табе ня толькі рукі, але і яйцы адмарожу. Ты мяне ведаеш.
– Ды хто ж цябе ня ведае,– уздыхнуў парторг.
– Не цябе, а вас,– азьліўся Рудой. – Паўтары, як трэба!
– Не цябе, а вас, грамадзянін начальнік,– ледзь вымавіў парторг.
– Я ваш новы днявальны. На пэрыяд хваробы. Завуць мяне Уладзімірам. Па прозьвішчы Мурашка. Працаваў бурыльшчыкам. Атрымаў траўму галавы. Пабуду ў вас, пакуль галава зажыве.
– О, братка беларус! А за Гомелем бульба ёсьць? – спытаў сьляпы інвалід.
– Ёсьць, але дробненькая,– у тон яму адказаў Мурашка.
– То праходзь, распранайся, сядай. Раскажы, што новага ў лягеры, у сьвеце,– прапанаваў палкоўнік.
Мурашка разгубіўся. Ён ня ведаў, як сябе тут паводзіць. У брыгадзе заходнеўкраінскія сяляне і прыбалтыйскія хутаране ніякімі навінамі не цікавіліся. Іх цікавілі толькі працэнты, якія закрываў брыгадзір і ад якіх залежала пайка. А тут пытаюць, што новага ў сьвеце. На такія тэмы Мурашка мог размаўляць толькі зь вельмі блізкімі людзьмі, такімі як Бусел, яго брыгадзір Мікола Шабан і яшчэ некалькі чалавек. Зь людзьмі, якім верыў як сабе. Ён ведаў, што да такіх, як ён, опэр мог падсунуць наседку[7] і затым наматаць новую "балалайку". Адкрыта не баяліся гаварыць толькі доўгатэрміновікі. Для іх дзесяцігадовая "балалайка" не была страшнай.
І Мурашка павёў сябе асьцярожна.
– А што ў лягеры? Працуем. Даем краіне мэтал. Усё спакойна.
– А якія навіны ў краіне? – спытаў парторг.
– Краіна залечвае раны вайны, адбудоўваецца.
– А як там таварыш Сталін? – не сунімаўся парторг.
– А што Сталін. Адсьвяткаваў свой юбілей. Цэлы год атрымліваў віншаваньні і падарункі. Цяпер саджае лясныя палосы ў стэпах.
– А што чуваць у сьвеце? Як там імпэрыялісты? – зноў спытаў парторг.
– Імпэрыялісты точаць зубы, рыхтуюць новую вайну. А мы мацуем мір. Даём мэтал. Кобальт жа – мэтал міру. Ён ідзе на танкі. Лёзунг: «Чым больш мэталу, тым мацней мір» і цяпер вісіць на варотах камбінату.
– А што чуваць аб амністыі? – нясьмела спытаў ціхі інвалід, які сядзеў поруч з Галяком.
– Амністыя вам будзе, калі Сталін капыты адкіне,– раптам адказаў за Мурашку сьляпы дацэнт.
Адказваючы на пытаньні, Мурашка паціху аглядаўся вакол. У бараку было прасторней і значна сьвятлей, чым у іхнім. Тут заміж двух'ярусных ложкаў-вагонак былі тапчаны. І то ня ўсе яны былі занятыя. Пасярэдзіне, як і ў іх, стаяла печка-бочка, бакі якой былі чырвонымі. Інваліды сядзелі і ляжалі на тапчанах. Ён стаў углядацца ў іх і вылічваць, хто ёсьць хто. Палкоўніка ён ужо ведаў, Галяка і парторга таксама. Сьляпы інвалід – дацэнт. Манаха можна было пазнаць па аброслым твары і крыжы на грудзях. Двое псыхаў-баптыстаў сядзелі нерухома і ні на што не рэагавалі. Паралітык-эстонец сядзеў з апушчанымі, як вушы ў труса, рукамі. Латыш быў з апухлым тварам і вузкімі, як у мангола вачыма. Ахмед быў без рукі, а Гнацюк – без нагі.
Усе інваліды за выняткам латыша, былі худымі. Вочы іх, якія сядзелі ў цёмных глазьніцах, здаваліся вялікімі і вельмі сумнымі.
Гутарка-допыт доўжылася некалькі гадзінаў. Інваліды цікавіліся ўсім – і навінамі з волі, і сваімі былымі сябрамі. Тыя ўжо даўно іх, пэўна, забылі, а яны па-ранейшаму ўспаміналі розныя эпізоды з сумеснага жыцьця. І заўсёды адзываліся аб іх цёпла.
Са зьдзіўленьнем Мурашка заўважаў, што яны і сапраўды былі людзьмі цікавымі. Толькі жылі яны мінулым.
Гутарку спыніў Ахмед, які нечакана сказаў, што трэба ісьці па вячэру. Ён падаў Мурашку два вядры, і яны пайшлі на кухню.
Вядро з супам Ахмед паставіў на табурэтцы ля стала, а кашу – на печку. Ён папрасіў Мурашку прынесьці з полкі на сьцяне міскі і расставіў іх на стале ў адзін рад. Памешваючы чарпаком, Ахмед акуратна разьліў суп у міскі.
Інваліды, крэкчучы, пазлазілі з тапчаноў і рушылі да стала. Палкоўнік асьцярожна зьняў сваю нагу, якая згіналася не ў калене, а пасярэдзіне сьцягна, і, апіраючыся на мыліцу, дабраўся да края стала. Дацэнт, выставіўшы рукі наперад, таксама сеў на сваё мейсца. Эстонец, апіраючыся на два кіёчкі, ступаючы на вонкавых баках ступняў, маленькімі крокамі дабраўся да свайго мейсца. На тапчанах засталіся толькі дырэктар, латыш ды два баптысты. Іх па чарзе давёў да стала манах.
Манах з Гуцям падышлі да дырэктара, і манах, абхапіўшы яго пад пахі, пасадзіў, а Гуць падклаў яму бушлат пад сьпіну. Манах дастаў з-пад галавы ў дырэктара ручнік і разаслаў яму на каленях. А пасьля паставіў на яго міску з супам.
– Ешце, Васіль Іванавіч,– сказаў ён.
Гуць стаў карміць паралізованага эстонца. А манах падышоў да аднаго з баптыстаў, дакрануўся да яго плечука і ласкава сказаў:
– Будзем вячэраць. Адкрывайце рот.
Баптыст доўга глядзеў на манаха, які трымаў лыжку з супам перад ім, а пасьля паволі адкрыў рот. З рота баптыста высунуўся незвычайна чырвоны, тоўсты, з трэшчынамі язык. Манах асьцярожна выліў яму суп у рот. Баптыст, закрыўшы рот, нейкі час трымаў суп у роце, нібы раздумваючы, глытаць ці не. А пасьля ўсё ж праглынуў. Так паволі ён зьеў суп, а потым і кашу.
Накарміўшы аднаго баптыста, манах узяўся за другога.
Дырэктар еў паволі, нібы не сваім ртом, нахіліўшыся над міскай і стараючыся не разьліць супа, хаця рукі яго і дрыжэлі.
Эстонец глытаў ежу хутка, не жуючы, нібы баючыся, што ў яго яе адберуць. Гэтак жа таропка вячэралі і іншыя. Зрэшты, працы іх зубам, што ледзь трымаліся ў цынготных крывавячых дзёснах, падчас вячэры і не было. У супе крупінка за крупінкаю ганялася з дубінкаю, а каша-размазьня таксама лезла ў рот свабодна. А парторг дык наогул не карыстаўся лыжкаю. Ён, абхапіўшы міску кульцяпкамі рук, выпіў суп праз край. Такім жа чынам ён праглынуў і кашу. А пасьля, заціснуўшы скарынку хлеба ў рэштках вялікага пальца і далоні і запэцкаўшы далонь у кашы, выцер міску і аблізнуў далонь.
Манах, накарміўшы інвалідаў, перахрысьціўся, прашаптаў малітву і тады толькі стаў вячэраць. Вячэраў ён не спяшаючыся, спакойна, нібы смакуючы гэты нясмачны суп і кашу. Закончыўшы вячэру, ён яшчэ раз памаліўся.
Гледзячы на вячэру інвалідаў, Мурашка з болем думаў: як жа цяжка часам даецца людзям такая звыклая справа, як яда. Успомніўшы дзяцінства, калі ў роце ўзнікала нейкая белая балячка, якая выклікала рэзкі боль пры глытаньні, Мурашка з жахам думаў, а які ж боль церпяць яны, калі ўвесь язык, усе дзёсны – суцэльная рана.
Павячэраўшы, інваліды паволі, з кракценьнем, пацягнуліся да сваіх танчаноў. Толькі адзін Галяк застаўся за сталом. Ён зь нейкім вінаватым выгладам паглядаў то на Гнацюка, то на Ахмеда.
– Ну, бяры, палашчы,– сказаў Гнацюк.
І Галяк, неяк сьпяшаючыся, зачарпнуў гарачай вады зь вядра, што стаяла на печцы, уліў у міску і пачаў пальцам мыць яе. Пасьля, пераліваючы памыі з адной міскі ў другую і выскарабаючы нябачныя рэшткі кашы са швоў місак, Галяк такім чынам перамыў усе міскі. А пасьля тарапліва выпіў гэтыя памыі праз край міскі. Мурашка зьдзіўлена глядзеў на Галяка. А інваліды нават не зрэагавалі. Ён ведаў, што некаторыя яго брыгаднікі ноччу бегалі ў сталоўку мыць сталы, міскі і катлы і за гэта зараблялі міску кашы. Гэтым яны ратаваліся ад голаду. Але ж у місках, якія мыў Галяк, нічога не заставалася. Гэта быў проста пабман страўніка, які не даваў спакою.
Сам Мурашка ў лягеры ня надта і галадаваў. Часам, выручалі землякі- спэцкацялкі[8]. Часам, аддаваў частку забураных шпуроў вальняшку-вярбаванаму, які за гэта прыносіў бляшанку кансэрваў, а сам атрымліваў добрыя грошы, за якімі і прыехаў сюды. Але такога, каб пілі памыі, Мурашка ніколі яшчэ ня бачыў.
Пасьля вячэры ўлёгся на тапчан і Мурашка. Ягоны тапчан аказаўся побач з тапчанам дацэнта.
Памаўчаўшы некаторы час, дацэнт спытаў:
– А кім, Валодзя, вы былі на волі?
– Выкладчыкам гісторыі ў школе.
– І я выкладчыкам гісторыі, толькі у ВНУ.
– А які ў вас артыкул?
– "Балалайка".
– І ў мяне "балалайка".
– Прабачце, а ў чым вас абвінавацілі? Я ведаю, што аб гэтым не прынята пытаць і вы можаце не адказваць.
– У ганьбаваньні калгасаў,– адказаў Мурашка.
– Дзіўна, але і мяне ў гэтым.
Мурашка насьцярожыўся. Надта ўсё тут супадала.
– Прабачце, а ня можаце вы сказаць больш канкрэтна.
– Чаму ж не. Я няправільна расшыфраваў ВКП(б).
– Як гэта няправільна? – зьдзівіўся дацэнт.
– Я расшыфраваў як «второе крепостное право (большевиков)».
Дацэнт аж зарагатаў.
– Удала, але не зусім дакладна. Гэтае прыгоннае права бальшавікоў значна горшае за першае. Там прыгонны тры дні працаваў на пана, тры дні на сябе, а ў нядзелю ішоў у царкву ці ў шынок. А тут на чырвонага памешчыка селянін працуе ўсе сем дзён.
– А мяне,– памаўчаўшы, сказаў дацэнт,– абвінавацілі ў тым, што спрабаваў даказаць, што палітыка бальшавікоў адносна сялянаў была няправільнай і што калгасы няздольныя накарміць Расею. У выніку атрымаў дваццаць пяць гадоў.
– Няправільна гэта. Калгасы – самая перадавая форма сельскай гаспадаркі. Я сам працаваў у калгасе і гэта добра ведаю. Толькі дзякуючы калгасам краіна выйграла вайну,– умяшаўся ў размову парторг.
Мурашка аж скалануўся. Тут пахла правакацыяй. Ён раптам усхапіўся і пайшоў у калідор. Пастаяўшы нейкі час, ён вярнуўся на тапчан і ўлёгся, робячы выгляд, што зьбіраецца спаць.
– Вы, Валодзя, не пужайцеся. Тут у нас стукачоў няма. Тут усе прыстойныя людзі,– разгадаў мурашкавы думкі дацэнт.
Раптам дзьверы прыадчыніліся, і наглядчык спытаў:
– Днявальны?
– Трынаццаць, не, чатырнаццаць,– адказаў Гнацюк.
– Новенькі зьявіўся? – спытаў наглядчык.
– Не, новы днявальны. – І дзьверы зачыніліся.
Інваліды сталі ўкладвацца спаць. Манах паклаў на тапчаны баптыстаў, накрыў іх коўдрамі. Ахмед падкінуў дроў у печку і таксама лёг.
Ноччу Мурашка прачнуўся ад тупату ў бараку. Па бараку хадзіў Галяк і размахваў, нібы замёрзшымі на марозе, рукамі.
– На, патры,– працягнуў ён сваю вялізную лапу. Тры пальцы на ёй былі белыя, як у мерцьвяка. Граніца гэтай белізны праходзіла роўна па костачках запясьця.
Мурашка стаў асьцярожна, нібыта баючыся, што пальцы адваляцца, іх церці. Калі пальцы крыху сагрэліся і пасінелі, Галяк схаваў руку пад паху і працягнуў другую. Мурашка расьцёр і другую. Крэкчучы, Галяк улёгся на тапчан і заснуў. Неўзабаве заснуў і Мурашка.
Раніцою першым абудзіўся Галяк. Ён сваім моцным надрыўным кашлем разбудзіў усіх. Ён стараўся вызваліцца ад плягі, якая сабралася ў яго лёгкіх за ноч. Пляга – гэта крэмневы пыл, які бурыльшчык усю зьмену ўдыхае. Пыл гэты дарэшты забівае бронхі. Злучаючыся зь лёгачнай вадкасьцю, ён ператвараецца ў густую цягуткую масу, якая як цэмэнт прыстае да сьценак бронхаў. Адкашлівае гэты пыл бурыльшчык усё жыцьцё. Гэты кашаль быў адным з прызнакаў хваробы бурыльшчыкаў – сылікозу.
Гледзячы на Галяка, Мурашка ўспомніў адну зь нядаўніх гутарак з доктарам Буселам. Ён тады, расказваючы доктару аб сваіх плянах на волі, сказаў, што зьбіраецца пару гадоў папрацаваць бурыльшчыкам, зарабіць грошай і, калі ня пусьцяць на мацярык, выпісаць сюды сваю сяброўку і ажаніцца.
Антон Рыгоравіч, паслухаўшы Мурашку, сказаў:
– Бурыльшчыкам жаніцца няма сэнсу. У іх вечарам жонка разводзіць ногі, а мужык – рукі. А ноччу, заміж таго, каб абдымаць, песьціць жонку, ён суне свае анямелыя рукі пад жончыны цыцкі. Якая ж жонка згодзіцца жыць з такім мужам? А ў бурыльшчыка, акрамя вібрацыйнай хваробы і сылікозу, можа ўзьнікнуць яшчэ і тубэркулёз, і рак. Кобальт, як і сьвінец, зьяўляецца канцэрагенам.
Тады ён гэтым паўжартаўлівым выказваньням доктара Бусела не прыдаў значэньня. А цяпер зразумеў, што Антон Рыгоравіч гаварыў сур’ёзна. Жывы прыклад вібрацыйнай хваробы і сылікозу ляжаў на суседнім ложку.
Перад самым сьнеданьнем Мурашку напалохаў Гуць. Ён нечакана ўскрыкнуў нейкім нечалавечым голасам. Вочы яго пачалі торгацца і закаціліся ўверх, пад павекі. Дыханьне спынілася, твар пачаў сінець. А затым пачаліся сутаргі. Моцныя, аж галава стала біцца аб падушку. Галяк, які сядзеў каля яго, наваліўся на Гуця ўсім целам. Але сутаргі былі такімі моцнымі, што Галяка падкідвала разам з Гуцем на тапчане.
– Што стаіш. Разгінай мезенец,– сказаў разгубленаму Мурашку Галяк.
Але Мурашка ня ведаў, як гэта зрабіць, і стаяў нерухома.
Праз сэкунд дваццаць сутаргі ў Гуця сталі пакрыху слабець. Гуць задыхаў: шумна, праз сьціснутыя зубы. На вуснах зьявілася крывавая пена. Дыханьне паволі выраўнілася, твар прасьвятлеў. Галяк зьлез з Гуця. Гуць адкрыў вочы і абвёў усіх асалавелым поглядам. А затым ізноў закрыў іх.
– Хай пасьпіць пару гадзінаў,– сказаў Галяк.
– І часта ў яго гэта? – спытаў у Галяка Мурашка.
– Кожную раніцу.
– А чаму ж ён ня лечыцца?
– Няма лячэньня. Доктар дае парашкі, але яны мала дапамагаюць. Усё лячэньне – гэта ўтрымліваньне галавы, каб не пабіўся, ды разгібаньне мезенца падчас прыпадка. Яно спыняе прыпадак,– патлумачыў Галяк.
Сьнеданьне нічым не адрозьнівалася ад вячэры. Накармілі нямоглых, паелі самі.
– Ну, як здароўе? Сёньня вы быццам бы выглядаеце лепш,– зьвярнуўся да дырэктара парторг.
– Сёньня мне крыху лепей. Нават дыхаць лягчэй, і сэрца ня так калоціцца. Яшчэ б у лазьню схадзіць, і быў бы поўны парадак,– адказаў дырэктар.
– Дык у нас жа лазьня сёньня па графіку,– сказаў Гнацюк. – То і давайце яе зробім.
Але лазьня для інвалідаў была такой жа складанай працэдурай, як і ўсё астатняе. Спачатку трэба было падрыхтавацца – добра нагрэць барак, затым прынесьці з лазьні вялікія ночвы, нанасіць гарачай і халоднай вады і толькі пасьля гэтага брацца за мыцьцё. Нямоглых трэба было мыць у бараку.
Мурашка прынёс ночвы. Ваду насілі разам зь ім Гуць і Ахмед. Першым сталі мыць дырэктара. Гуць, разьдзеўшыся да пояса, стаў разьдзяваць дырэктара. Мурашка стаяў побач, ня ведаючы, чым дапамагчы. Калі Гуць разьдзеў дырэктара, Мурашка жахнуўся: на тапчане ляжаў жывы шкілет, абцягнуты бледна-шэрай скурай. Ключыцы страшна выпіналі. Рабрыны тырчэлі, як у недаплеценым кошыку. На іх, праз скуру, прасьвечвалі злучэньні іх з грудзінаю. Маршчыністы жывот быццам бы прырос да хрыбеціны. Таз тырчэў як чыгун, пад скураю бачныя былі цёмныя вяровачкі венаў. На шыі і пад лыжачкай часта пульсавалі артэрыі. Над левым саском была відаць пульсацыя сэрца. Тоўстыя суставы выглядалі неяк ненатуральна. На кожнай кісьці можна было бачыць усе яе выступы.
Мурашка з жахам глядзеў на гэты жывы шкілет. Такія шкілеты ён бачыў толькі на фатаграфіях зь нямецкіх лягераў і ў кадрах кінакронікі. А гэта ж быў не Бухенвальд.
– Падымай і нясі ў ванну,– сказаў Гуць.
Мурашка асьцярожна, быццам бы баючыся, што ён рассыплецца, падняў дырэктара на рукі. «Лягчэй за мой тэлескоп»,– падумаў ён, несучы дырэктара да ночваў. Гуць, намыліўшы вяхотку, стаў асьцярожна мыць дырэктара. Мурашка заўважыў, што дзьве рабрыны ў дырэктара былі крывыя.
– Што гэта ў вас? – спытаў ён.
– Пераломы. Яны выратавалі мне жыцьцё,– адказаў дырэктар.
– Як гэта?
– Пад час допытаў ад мяне патрабавалі прызнацца, што я перашкаджаў выпуску танкаў на сваім заводзе. Зламалі рэбры. Я ўжо гатовы быў падпісаць усё, што яны патрабавалі. Але пасьля пералому біць мяне перасталі. А тыя, што падпісалі, былі расстраляныя.
Вымыўшы дырэктара, узяліся за эстонца. Ён сядзеў неспакойна і нават перашкаджаў мыцьцю, боўтаючы ў вадзе сваімі нягнуткімі кісьцямі.
Латыш, як і да стала, дайшоў да ночваў сам, абапіраючыся на палачкі. У яго ня толькі твар быў ацёчны. Ацёчнымі былі і ногі. А жывот быў як зь цеста – націсьні пальцам – і ў ім узьнікаюць ямкі, якія выроўніваюцца вельмі павольна.
Калі закончылі мыцьцё нямоглых, інваліды сталі зьбірацца ў лазьню самі. Ахмед выдаў усім па пары чыстай бялізны і кавалачку мыла. Усе яны гуськом папляліся ў лазьню.
Інваліды пачалі паволі разьдзявацца. А баптысты, усеўшыся на лаўцы, нерухома сядзелі на ёй, пакуль іх не стаў распранаць Гуць.
Калі інваліды распрануліся, Мурашка заўважыў, што ўсе яны ня надта адрозьніваліся ад дырэктара – такія ж бледныя, такія ж слабыя , хіба толькі не такія худыя. На тле іх Мурашка выглядаў атлетам – у яго захаваліся мышцы, якія добра вымалёўваліся пад скураю.
Скура ў інвалідаў была бледна-шэраю, сухою, толькі ў палкоўніка і манаха яна на твары, шыі і локцях была смуглаю, нават бураватаю – сьляды перанесенай пэлягры. А ў баптыстаў твары былі, як у амэрыканскіх індзейцаў, і скура на шыі тоўстая, у складках бура-вішнёвага колеру і шалупілася. Такімі ж бура-вішнёвымі былі і каленкі.
Гуць, манах і Мурашка памылі парторга і баптыстаў, а затым памыліся самі.
Калі ўсе сабраліся, Ахмед сказаў:
– А цяпер будзем мал-мал той[9] рабіць.
Ён напярэдадні атрымаў пасылку з дому. Рудой распалавініў чай, згушчонку і цукар. Але палова засталася і Ахмеду. Не крануў ён толькі курду – кусочкаў сухога як камень салёнага сыру і казы – казаскай конскай каўбасы. На іх ён глядзеў грэбліва. А для казаха – гэта самы вялікі далікатэс.
Ахмед узяў літровую бляшанку, усыпаў туды цэлы пачак чаю і заліў кіпенем. А затым накрыў рукавіцай і паставіў на стол, каб настойваўся. Пасьля сабраў у кожнага інваліда бляшанкі-кубкі і расставіў на стале. Дастаўшы схаваны пад сталом нож, ён адкрыў дзьве бляшанкі згушчонага малака і пораўну наліў у кожную бляшанку. Туды ж паклаў і па два кавалачкі цукру. Пасьля гэтага наліў туды крута заваранага чаю-чыфіру, які п'юць зэкі, і даліў грамаў па сто кіпеню. З сур’ёзным, нейкім урачыстым выглядам ён асабіста паднёс конаўкі кожнаму інваліду. А затым даў ім па кавалачку казы. Курду ў рот адважыліся браць не ўсе – быў ён салёны і цьвёрды – не для ўсіх дзёснаў.
Пілі гэты «шай па-казахску», як казаў Ахмед, інваліды павольна, смакуючы кожны глыток.
Пасьля заканчэньня чаяваньня дырэктар сказаў:
– Вялікі табе дзякуй, Ахмедушка. Гэта было сапраўднае сьвята. Цяпер і паміраць можна.
– Зашым паміраць нада. На волю хадзіць нада. Доўга жыць нада.
Дырэктар толькі ўздыхнуў.
Падбадзёраныя напіткам інваліды вялі ціхую спакойную гутарку.
– Дырэктар памёр,– раптам ускрыкнуў палкоўнік. Інваліды паўскоквалі з ложкаў.
– Толькі што гаварыў і раптам перастаў,– разгублена выгукнуў палкоўнік.
Да дырэктара падышоў Мурашка, манах і Ахмед. Вочы дырэктаравы былі шырока адкрытыя. Расшыраныя зрэнкі нерухома ўставіліся ў столь. Манах нахіліўся над дырэктарам і паслухаў сэрца. Разагнуўшыся, ён перахрысьціўся і двума пальцамі закрыў вочы нябожчыку. А пасьля і прыціснуў ніжнюю сківіцу да верхняй.
Са спалоханым выглядам Мурашка схапіў целагрэйку, насунуў шапку і выйшаў з барака. Ён пайшоў у санчасьць.
– Дырэктар памёр,– з парога паведаміў ён доктару.
Доктар, на зьдзіўленьне Мурашкі, успрыняў гэта спакойна.
– Адмучыўся чалавек. Шкада, не дажыў да волі. Яму заставалася зусім мала.
– А вы не пойдзеце глядзець?
– А што там глядзець? Я яго глядзеў тры гады. А цяпер ужо няма чаго.
– А што ж нам рабіць?
– Нічога. Заўтра гаспадарчая каманда пахавае.
У разгубленасьці Мурашка вярнуўся ў барак. Там панавала цішыня. Сьмерць заўсёды прыгнятае людзей і ўспрымаецца імі зь нейкім мітычным жахам. Людзі баяцца сьмерці. А ўнутры, падсьвядома, радуюцца, што яна на гэты раз іх абмінула.
Празь некаторы час Мурашка спытаў, не зьвяртаючыся ні да кога:
– А што нам рабіць цяпер? Куды яго?
– А куды? Ён жа наш таварыш. Хай ляжыць тут. Толькі трэба пакласьці яго асобна на тапчан.
Свабодны тапчан паставілі пасярэдзіне барака. На яго і перанесьлі дырэктара. Манах выпрастаў яму ногі, склаў па-хрысьціянску рукі на грудзях.
– А вопратку? – спытаў Мурашка.
– У вопратцы хаваць не дазволяць. Добра, што хоць у бялізьне дазваляюць. Раней хавалі голымі – скідвалі, як бярвеньні, у вырытую бульдозэрам або ўзарваную аманітам яму.
Мурашка дагэтуль бачыў нябожчыкаў толькі ў трунах, прыгожа адзетых. А дырэктар ляжаў у бялізьне, з голымі нагамі, і ад гэтага рабілася неяк няёмка. Нібы ў гэтым была ягоная віна.
Празь некаторы час палкоўнік сказаў:
– Шкада Васіля Іванавіча. Месяц не дацягнуў да волі. А ён жа так спадзяваўся дажыць да яе. Ён так верыў, што там, на волі, даб’ецца праўды. Верыў, што партыя разьбярэцца ва ўсім. Ён быў сапраўдным бальшавіком-ленінцам. Ён у сямнаццаць гадоў прымкнуў да рэвалюцыі, прымаў непасрэдны ўдзел у ёй. Ён змагаўся супраць Карнілава, супраць белапалякаў, здабываў хлеб галоднаму Піцеру. Пасьля вайны закончыў інстытут, пачаў расьці як інжынэр. Вырас да дырэктара завода. А ў трыццаць восьмым годзе быў абылганы, абвінавачаны ў шкодніцтве і ледзь не расстраляны. Мы зь ім былі знаёмыя яшчэ на волі. Жонка мая працавала ў яго на заводзе. Я атрымліваў у яго танкі для свайго палка. Спатыкаліся мы і на Калыме. Першы раз – на Аркагале. Там мы нават разам працавалі ў шахце, дабывалі вугаль. І ён ніколі не губляў веры ў партыю, у таварыша Сталіна. Ён напісаў у ЦК партыі 30 лістоў. Але ні адзін зь іх не дайшоў. Лісты перахоплівала НКВД, і адказы прыходзілі ад іх – асуджаны правільна. Ён настолькі верыў у партыю, што быў ініцыятарам стварэньня партыйных ячэек у лягеры.
– І куды ж вы зьбіраліся станавіцца на ўлік? – нечакана спытаў дацэнт.
– На ўлік мы трапілі опэру. Ён месяц трымаў нас у ізалятары, хацеў прышыць контррэвалюцыйную арганізацыю. Але сам упэўніўся, што мы не контррэвалюцыянэры, і нас разагналі па капальнях. У пачатку вайны мы прасіліся на фронт. Шарагоўцамі, нават штрафнікамі. Некаторых узялі. Але да фронту не давезьлі – расстралялі.
– За што? – спытаў дацэнт.
– У іх шэрагах завяліся правакатары, якія сталі падбіваць перайсьці на фронце да немцаў. А расстралялі ўсіх.
– І вы дасюль верыце, што яны зьбіраліся перайсьці да немцаў? – зноў спытаў дацэнт.
– А чаму ж не,– сказаў палкоўнік,– усялякія людзі бываюць.
– Гэта такая ж праўда, як і тое, што Тухачэўскі быў нямецкім шпіёнам, а Блюхер – японскім і хацеў аддаць Далёкі Ўсход японцам,– зноў уставіў дацэнт.
Але палкоўнік не адрэагаваў на гэтую рэпліку.
– А як ён працаваў у вайну! Як радаваўся кожнай нашай перамозе, кожнаму вызваленаму гораду, як радаваўся, калі намываў добры самародак золата. Ён з гонарам нёс яго прыёмшчыку, хаця мог бы схаваць і заўтра прасачкаваць, а вечарам здаць як намыты за дзень. Ён і перамозе радаваўся, як дзіця, нібы сам яе дабываў на фронце. І пасьля вайны спадзяваўся, што партыя, Сталін разьбяруцца ва ўсім.
– І дасюль ён верыў у Сталіна? – спытаў ізноў дацэнт.
– Верыў, што Сталін нічога ня ведае.
– Але ж і ён, і вы ведаеце, што Сталін пасадзіў жонак прэзыдэнта – Старшыні Вярхоўнага Савета Калініна і свайго намесьніка Молатава, абвясьціўшы іх, як і нас, ворагамі. Вы ж ведаеце, што безь яго згоды ні адзін волас з іх галавы ня мог упасьці. Дык як пасьля гэтага можна было верыць, што Сталін нічога ня ведае? – спытаў дацэнт.
Але палкоўнік і тут прамаўчаў.
– І ўсё ж Васіль Іванавіч верыў у справядлівасьць партыі,– памаўчаўшы крыху, працягваў палкоўнік. – Ён спадзяваўся дайсьці да ЦК і расказаць усё.
– А як ён гэта хацеў зрабіць? – спытаў дацэнт.
– У яго ж так шмат сяброў засталося на волі. Некаторыя міністрамі сталі, яны б дапамаглі.
– O, sancta simplicitas! – усклікнуў дацэнт. – Вы ня ведаеце, а я бачыў у трыццаць сёмым, як шарахаліся, як пераходзілі на другі бок вуліцы лепшыя сябры, пабачыўшы жонак арыштаваных, як адмаўляліся, выракаліся ад мужоў жонкі і дзеці арыштаваных. А вы – дапамаглі б...
Нечакана дзьверы прыадчыніліся і ў іх зьявілася галава дзяжурнага наглядчыка. Пабачыўшы нябожчыка, ён спалохана зачыніў дзьверы. А пасьля, зноў прыадчыніўшы, прыглушана гукнуў:
– Днявальны!
– Чатырнаццаць зь нябожчыкам,– сказаў Гнацюк.
У бараку ізноў запанавала ціша. Парушыў яе манах. Ён падышоў да палкоўніка і неяк нясьмела прапанаваў:
– А можа я пачытаю псалтыр па нябожчыку?
– Які псалтыр? Ён жа быў камуністам.
– Але ж ён быў хрышчаным, хрысьціянінам.
Усе чакалі адказу палкоўніка. Той, крыху памаўчаўшы, сказаў:
– Чытайце. Усё адно нам ня спаць.
Манах, усеўшыся ля нябожчыка, стаў у паўголасу чытаць псальмы, перамежваючы іх з малітвамі. Чытаў ён іх напамяць. У гэтае чытаньне ніхто асабліва не ўслухоўваўся. Усе маўчалі. Чытаў псальмы манах некалькі гадзінаў. Пасьля спыніўся, напіўся вады і зноў пачаў чытаць. Так чытаў ён да самага раньня.
Раніцаю сьнеданьне нікому ня лезла ў рот.
Пасьля сьняданьня манах сказаў палкоўніку:
– Дазвольце, я адпраўлю апошнюю службу па нябожчыку, адпяю яго, як належыць.
– Адпявайце,– махнуў рукою палкоўнік.
Манах зьняў з шыі свой алюмініевы крыж, адвязаў ад яго стужачку, на якой насіў і падышоў да нябожчыка. Падышлі туды і тыя, хто мог стаяць, нават палкоўнік на мыліцах.
– Слава Айцу і Сыну і Святому Духу,– пачаў манах, як сапраўдны сьвятар. Ён чытаў знаёмыя зь дзяцінства малітвы, перамешваючы іх час ад часу фразай: «Упакой, Госпад, душу усопшага раба твайго Васілія». Падчас гэтага некаторыя сьпешна, нібы саромеючыся, хрысьціліся. Адпяваньне цягнулася каля гадзіны. Прасьпяваўшы «вечную памяць», манах адышоў ад нябожчыка. Толькі два баптысты не рэагавалі на ўсё, што адбывалася ў бараку. Адзін зь іх, паклаўшы рукі на калені і апусьціўшы галаву, нерухома сядзеў на сваім тапчане. На твары яго было выражэньне такога балючага суму, болю, быццам бы ён хаваў самага блізкага чалавека. Але ён ні разу не паглядзеў на нябожчыка, нібыта ня бачыў, што той ляжыць у бараку. Другі пільна ўглядаўся ў вакно і выраз яго твару ўвесь час мяняўся. На твары зьяўляліся то страх, то зьдзіўленьне, то радасьць, то смутак. Баптыст то ўвесь напружваўся, нахіляючыся наперад, то з жахам адкідваўся назад. І ён не заўважаў і не разумеў, што адбываецца навокал.
Блізу абеда на парозе барака зьявіліся два расканваіраваныя зэкі з гаспадарчай каманды.
– Ну, дзе ваш жмурык? Давайце,– з парога сказаў адзін зь іх.
– Ня жмурык, а нябожчык,– злосна паправіў палкоўнік. – Заўтра сам будзеш на яго мейсцы.
– То можа заўтра, а ён сёньня,– уздыхнуў зэк.
Мурашка і Грыць асьцярожна вынесьлі нябожчыка на двор. Там стаялі вялікія санкі. Але Васіль Іванавіч на іх не зьмяшчаўся. Тады паклалі наўскос. Твар манах закрыў белай хусьцінкаю.
Праводзіць нябожчыка да вахты пайшлі манах, Грыць, Мурашка, палкоўнік на мыліцах і Гнацюк са сваёй самаробнай кавялой.
На вахце чакалі начальнік спэцчасьці і Рудой.
Першым падышоў да санак Рудой. Ён грэбліва, двума пальцамі, скінуў хусьцінку з твару нябожчыка. Начальнік спэцчасьці падаў невялікі квадрацік фанэркі зь вяровачкай. На фанэрцы было напісана колькі лічбаў.
– Прывяжыце да вялікага пальца правай нагі,– сказаў начальнік спэцчасьці.
Гэта было «Лягернае пасьведчаньне аб сьмерці» – хавалі нябожчыкаў пад зэкаўскімі нумарамі.
Рудой, зайшоўшы на вахту, узяў там завостраны як піка прэнт і падышоў да нябожчыка. Начальнік спэцчасьці адвярнуўся, а дзяжурны наглядчык схаваўся за дзьверы. Рудой жа, стаўшы над нябожчыкам, прымерыўся і апусьціў прэнт у жывот нябожчыка. Ён прашыў нябожчыка наскрозь – прэнт ажно ўваткнуўся ў санкі. Рудой спакойна выцягнуў яго і пайшоў на вахту. Такі ў лягеры быў мэтад праверкі нябожчыкаў – каб, крый Божа, пад выглядам мерцьвяка ня вывезьлі жывога.
Адзін з зэкаў паклаў на санкі слупок з таблічкаю, на якой былі напісаны такія ж лічбы, дзьве кіркі і рыдлёўку. Са скрыпам адчыніліся лягерныя вароты, выпускаючы «на вечную волю» дырэктара. Сябры апошні раз паглядзелі на Васіля Іванавіча, і зэкі пацягнулі санкі за вароты. За імі пайшоў і начальнік спэцчасьці. Ён па інструкцыі павінен быў асабіста прысутнічаць пры пахаваньні.
Лягерныя могілкі былі недалёку ад лягера, пад сопкаю. Зэкі выдзеўблі кіркамі неглыбокую, з паўмэтра, ямку і паклалі туды дырэктара. Саромеючыся кідаць мёрзлую зямлю на твар, яны накрылі яго лапкамі сланіка, што рос тут жа, і закідалі камамі мёрзлай зямлі, перамешанай з камянямі. Зьверху ўваткнулі слупок з дошчачкай. Яшчэ адна ахвяра залягла навечна ў вечнай мерзлаце.
А ў інвалідным бараку працягвалася жалоба. Жалобнага стала, зразумела, не было. Інваліды проста ўспаміналі свайго сябра, зь якім правялі апошні час.
– А ці застаўся хто-небудзь у яго з блізкіх? – пацікавіўся Мурашка.
– Засталася адна дачка. Быў сын, але згарэў у танку. Жонка загінула ў ссылцы пад Акмолінскам у вайну. Дачка жыве ў Чэлябінску. У мяне і адрас ёсьць: Васіль Іванавіч прасіў напісаць ёй. Але ж як ёй напішаш? Опэр жа не прапусьціць,– з сумам сказаў палкоўнік.
– А вы напішыце, я паспрабую пераслаць ёй ліст,– сказаў Мурашка, якому таксама стала шкада гэтага, па сутнасьці, незнаёмага чалавека.
– Валодзя, а можа ты перашлеш і мой ліст таварышу Сталіну? – нечакана спытаў парторг.
Мурашка маўчаў. А парторг чакаў адказу.
– Вы ж ведаеце, парторг, што Рудой пры вызваленьні распранае дагала і не заглядвае толькі ў кезаўку. А ліст, пабываўшы там, таварышу Сталіну пэўна ж будзе чытаць ня вельмі зручна,– неяк вельмі груба адказаў за Мурашку дацэнт. – Пашліце лепш праз спэцчасьць. Там жа сядзяць такія ж таварышы, як і таварыш Сталін.
Калі назаўтра Мурашка пайшоў на перавязку, доктар Бусел спытаў:
– Ну, як табе падабаецца праца?
– Падабаецца. Там людзі шмат цікавейшыя і шмат лепшыя, чым у нашай брыгадзе. Ды і самі яны вельмі цікавыя кожны паасобку. Там жа цэлы мэдычны музэй. Іх бы ў інстытут. На волі студэнты такога не пабачаць.
– Правільна, не пабачаць. Дзе цяпер пабачыш цынгу, пэлягру, бэры-бэры, дыстрафію? Студэнтам іх могуць паказваць толькі на фатаграфіях з Бухенвальду: во што, маўляў, тварылі фашысты. Такое можна было пабачыць толькі ў каляніяльных краінах і ў фашыстоўскіх лягярох. А ў нас жа ні голаду, ні авітамінозаў няма. Але гэта, Валодзя, не музэй, а страшэннае абвінавачаньне нашай сыстэме злачынства, якое чалавецтва не павінна дараваць. Гэтых людзей сыстэма выкарыстала да канца, высмактала да апошняй кроплі ўсю кроў і адправіла пад сопку ў вечную мерзлату.
– Як фашысты,– сказаў Мурашка.
– Гэта горш за фашыстаў.
– Правільна. Немцы скарыстоўвалі і попел, і скуру на абажуры, і валасы. А нашы пакуль што ўсяго гэтага скарыстаць ня могуць. Але яны кладуць няпоўнасьцю выкарыстаны матэрыял у вечны маразільнік. Там ён можа захоўвацца ня толькі дзесяткі, але і тысячы гадоў. Надыдзе час, і такія ж зэкі выкапаюць трупы з гэтага халадзільніка і пусьцяць у перапрацоўку. А людзі там і сапраўды цікавыя. Толькі жывуць яны зусім іншым жыцьцём, нібы ў іншым вымярэньні,– сказаў Мурашка.
– Усе мы жывём у розных сусьветах і ў розных вымярэньнях, -- падхапіў доктар. - Калі паглядзець больш уважліва на нашае жыцьцё, дык нават на гэтым маленькім кавалачку зямлі мы жывём у розных сусьветах. Адзін сусьвет за нашай зонай, другі – у зоне, трэці – у інвалідным бараку. І мы, фактычна, жывём у сваіх вымярэньнях і нават мала ведаем аб гэтых сусьветах. А калі глянуць яшчэ глыбей, то і кожны чалавек – гэта цэлы сусьвет. Вазьмі тых жа баптыстаў. Яны ў сваім бараку жывуць у сваім, толькі ім зразумелым жыцьцём. У іх мазгах адбываюцца падзеі сусьветнага значэньня – войны, землятрусы, паводкі ды іншыя катаклізмы. Яны ўсё гэта «бачаць» сваімі мазгамі. А нас яны ў гэты час нават і ня бачаць. Сьмерць аднаго чалавека – гэта сусьветная катастрофа, Валодзя.
– Так. Гэта сапраўды цікава,– у задуменьні сказаў Мурашка.
– А ты казаў: трупэрня...
м. Докшыцы
1 Расстрэл – копі, якія мацуюцца ў вэртыкальным забоі дзеля таго, каб па іх можна было падымацца да месца бурэньня.
2 Лекпом, або ляпіла – лягерная назва фэльчара.
3 ОП – барак узмоцненага харчаваньня.
4 Гявур – няверны.
5 Асобае савецкае....... пры міністры дзяржбясьпекі.
6 "Балалайка" – арт. 58-10 – контррэвалюцыйная агітацыя і прапаганда.
7 «Наседка» або стукач – даносчык.
8 Спэц-кацялок, спэц-пасяленец – чалавек, які жыў у пасёлку па рашэньні суда, ці былы зэк, якому не дазваляўся выезд на мацярык.
9 Той – па-казаску – сьвята.