ПОЛАЦКІЯ ГІСТОРЫІ
Зьмітрок Куніцкі
Калі я паглыбляюся думкамі ў сваё больш-менш сьвядомае дзяцінства, думкі гвалтоўна апаноўвае аэрадром.
У маёй памяці ён захаваўся назаўсёды – калісьці маленькі, потым яго тройчы дабудоўвалі: да вайны, у вайну і пасьля яе. Сучасная забудова, жылы мікрараён, калі хочаце, мяне нават крыху крыўдзяць – зьнікае тая вольная прастора, якая, пэўна, і пасяліла ў маёй душы цягу да свабоды, да далягляду, да чыстага неба.
Аэрадром... Уздоўж яго, з боку Себескай вуліцы (цяпер Зыгіна) – глыбокія раўнюткія канавы, цёплыя ўлетку валуны, якія засталіся з часоў пракладкі шашы, невялікая цагельня зь сіняватаю глінай, і Міхайлаўскія могілкі.
Яны знаходзіліся на краі дугападобнага абрыву, які шырока ахопліваў заліўны палатоўскі луг ад Запалоцьця да Пагіршчыны, прыблізна на месцы сучаснай аўтабазы «Полацаксельбуд». Гэта былі старадаўнія невялікія могілкі, з цаглянай каплічкай, якая па маёй памяці цягнула на невялічкую цэркаўку. У тую каплічку нават самыя адчайныя з нас не рашаліся заходзіць. Па Себескай пра яе хадзіла, як кажуць, дурная слава.
Наш сусед па хутары (бацькі мае купілі двор яшчэ да сьсяленьня хутароў у пасёлак) Канаплёў пахаваў на Міхайлаўскіх могілках сваю жонку і па першасьці кожны дзень наведваў яе магілку. Чарговы раз пасля працоўнага дня гэты высокі, ладнага складу чалавек у роспачы -- як-ніяк на руках у мужыка засталося трое хлапчукоў, -- падыходзіў да жалобнага месца. Зьмяркалася. Раптам са сьвежага бугарочка паўстала празрыстая расплыўчатая постаць зь невыяўнымі абрысамі чалавека. Яна паволі гойдалася, варушылася. Хвіліна здранцвеньня, і Канаплёў, не разважаючы, кінуўся наўцёкі. Постаць – за ім. Ён хутчэй, і яна хутчэй. Ён у вадзін бок, яна – за ім, ён у другі, яна – сьледам... У страху вочы вялікія, але спрацаваў розум – успомніў старую прытчу: зьняў на бягу ватнік і шпурнуў прыцэльна насустрач сваёй перасьледніцы. Тая нібыта накінулася на вопратку, а ён, ледзьве жывы, дабег да дому і потым надоўга заказаў сабе туды дарогу. Казалі, а можа нас проста страшылі, што ватнік назаўтра знайшлі пашкуматаным і абпаленым.
Зараз навукоўцы тлумачаць гэткую зьяву фасфарычным выхадам, які імкнецца ў разрэджаную ад бегу прастору, а тады мы верылі гэтай легендзе і пабойваліся тых Міхайлаўскіх могілак.
На пачатку вайны, падчас пашырэньня аэрадрому, могілкі разам з каплічкай зруйнавалі. А зусім нядаўна, будуючы дарогу на новы мост празь Дзьвіну, старыя клады зноў далі аб сабе знаць. Вестуном з таго сьвету зьявіўся «Действительный статский советник Погодин...» З такім надпісам быў знойдзены надмагільны камень, а таксама чалавечы чэрап. Нібыта папярэджанне: на касцях будуеце!
Цмок
Здані, на маю ўласную думку, зьяўляюцца перад тымі, хто іх баіцца. На самой справе гэта вобразы ўяўленьня, міражы, фантазія страху. З гэтага і распавяду бабульчын сказ.
Вёска, дзе даўненька жыла бабуля, знаходзілася на даволі высокім узвышшы, а зводдаль, ля самай дарогі, што вяла да Полацку, на роўнядзі – могілкі з невысокай драўлянай каплічкай. Каплічка як каплічка -- са скразнымі вакенцамі ў барабане. Ад вёскі па прамой цераз могілкі стаяў хутар млынара. І нікому доўгі час не прыходзіла ў голаў здагадка, што менавіта зь яго вакенца ў вокнах царквушкі і сьвяціўся вечарамі, а калі-нікалі і ноччу, наганяючы на людцаў страх, нічым ня вінны звычайны агеньчык.
Чутка чутку гоніць, чуткай паганяе. Ужо гадамі ніхто -- ні стары, ні малы -- не сумняваліся, што ў капліцы пасяліўся цмок.
Давялося Гнату Цвіламу, прадаўшы тое-сёе на Полацкім базары і кульнуўшы з выпадку не адзін кілішак гарэліцы, позьненька вяртацца дадому. Ужо добра завечарэла, калі хмельную галаву Гната прарэзала думка аб дурной славе могілак. Па меры набліжэньня да іх, страх узрастаў усё больш і больш, завалодваў ім, лез аднекуль з нутра, апаноўваў цела і розум. З гэтага Гнат гнаў свайго беднага Шэрку, сьцябаў пугаю, паганяў словамі, аздабляючы іх салёнымі расейскімі мацюкамі. Усё ж узьехаў на могілкі, калі зусім сьцямнела. І раптам адчуў хвосткі і даволі балючы ўдар па сьпіне, нібыта хтосьці перацяў ладным хлыстом. Гнат уцягнуў голаў у плечы і добранька сьцебануў свайго коніка, пускаючы таго ў галоп. Але чым шпарчэй бег Шэрка, тым часьцей сьпіну Гнатаву лупцаваў невядомы на працягу добрай вярсты да вёскі.
Ледзь жывыя конь і чалавек урэшце ўварваліся ў родны двор. Не распрагаючы Шэрку, зь якога шматкамі спаўзала пена, Гнат з крыкам: “”Цмок!’’ – уваліўся ў хату. Крыху ачуняўшы, пад “ахі” і “вохі” хатніх, распавёў пра страхотлівае здарэньне і доўга ляжаў потым з вырачынымі вачыма, покуль не праваліўся ў бездань гвалтоўнага сну.
Раніцай з задняга кола тарантаса выцягнулі даўгі, у вялікі палец таўшчынёю, сасновы корань, які і наладзіў Гнату начную экзэкуцыю.
А сакрэт агеньчыка ў хуткім часе разгадаў-такі мяйсцовы сьвінапас Міцька, трохі сьцёбнуты пыльным мяшком, які нікога і нічога не баяўся. Шукаючы адвячоркам сьвіньню, што адлучылася ад гурта, зайшоў з іншага боку каплічкі, глянуўшы на вокны барабана, раптам ня ўбачыў таго самага жахлівага агеньчыка. Абыйшоў могілкі па кругу і даўмеўся, што сьвятло зьяўляецца ў вокнах, калі глядзець на іх толькі з боку вёскі.
З тае пары ўжо ніхто так не баяўся могілак. А бедны Гнат на ўсё астатняе жыцьцё набыў мянушку Цмок.
Аэрадром
Аднойчы сярод белага дня на чыгунцы супраць нашага пасёлка спыніўся таварняк, што было ўжо надзвычайшчынай. Мала чым адрозьніваўся ён ад сучасных, бадай толькі што маленькімі вагонамі-«цялятнікамі» з адзіночнымі парамі колаў. Першымі зь іх павыскоквалі вайскоўцы зь вінтоўкамі наперавес. За імі з расхрыстаных дзьвярэй сыпанула чорная маса людзей, якія бязладна шыхтаваліся ў калёну па чатыры: ватнікі, шапкі-аблавушкі (напрыканцы вясны), буцы, пашытыя са старых аўтапакрышак.Гэта былі зэкі.
Зэкаў прагналі праз наш пасёлак да Чарнешчыны, там яны сталі лягерам. І закіпела праца. Сноўдалі няўклюдныя бульдозэры- «сталінцы», бегалі палутаркі, падвозячы жоўты пясок з кар’ераў каля Ахотніцы. Па ўсім полі корпаліся чорныя ватнікі – падвозілі пясок на тачках-аднаколках па пракладзеных дошках, раўнялі рыдлёўкамі, утрамбоўвалі той самы пясочак; залівалі ў драўляныя шасьцікутныя формы цэмэнтовую рошчыну. Рабілася ўзьлётна-пасадачная паласа.
Адзначу, што на тэхніцы і падводах з суседніх калгасаў, якія па чарзе адбывалі «прынудзілаўку», працавалі вольныя грамадзяне.
Сьпяшаліся. Ішоў 1941 год.
Нягледзячы на афіцыйныя заявы прэсы і радыёталерак, больш падобных на патэльні, народ адкрыта шаптаўся аб блізкай вайне. За хуткім часам, адчуваючы набліжэньне гэтай навалачы, сталі ўцякаць з будоўлі зэкі. На аднаго зь іх мы, пасьвячы ў лесе кароў, і натыкнуліся. Ён спаў на сухой балаціне, парослай сасоньнікам і густым багульнікам, і пакуль мы раіліся, як нам быць, зьнік з поля нашага зроку.
Чатыры аблачынкі
Сумна вядомы молатаўска-рыбэнтропаўскі пакт аб ненападзе быў дужа дзіркаваты, праўда, з аднаго боку – нямецкага. Маю на ўвазе частыя парушэньні межаў СССР. Масква афіцыйна павінна была маўчаць, хоць як адцягнуць непазьбежнае, пакуль аднаўлялася баявая тэхніка, будаваліся абарончыя ваенныя аб’екты, праводзіліся манэўры, зборы і вучэньні. Раз за разам патрапляў на іх і мой бацька, на пятліцах якога ў такі час красавалі аж тры трохкутнічкі.
У якасьці камандзіра аддзяленьня чарговым сэзонам 41-га адбываў ён такія зборы на зенітнай батарэі з даўжэзнымі рулямі гармат, якая месьцілася за аэрадромам у невялічкім рове пад Чарнешчынай. Усё ішло сваім парадкам. У чыстым, нібыта добра вымытае шкло, небе сьвяціла яснае сонейка, зэкі чорнымі мурашамі корпаліся па ўсім полі аэрадрома, узад-уперад поўзалі розныя машыны. Гэтая мітусьня крыху адбівалася на звыкла спакойным жыцьці нашага пасёлка: у кожнай хаце пастаяльцы, на падворках – коні. Нам, хлопцам, задавальненьне – хадзіць ля коней, паіць, чысьціць, уладкоўвацца ў начное.
Незнаёмы, непрывычны гул зьявіўся нечакана ў самы разгар дня. Набліжаўся ён з боку экіманскага лесу: буркліва нарастаў, тужліва працінаў нутро чалавека сваёй незразумеласьцю, трывожыў. І ня больш як хвілін праз пяць над аэрадромам зьявіўся чужак – чорнай афарбоўкі, як бы з абрэзанымі крыламі, безь якіх-небудзь апазнавальных знакаў. На брыючым палёце перасек аэрадром, пасёлак, чыгунку, даляцеў да ваеннага гарадка Баравухі-3 (там стаяла авіяэскадрыля), разьвярнуўся і на той жа вышыні ўзяў курс на захад. І толькі калі ён зноў аказаўся над аэрадромам, грымнулі ўсе чатыры аграмадныя “”бацькавы’’ гарматы – ды толькі й рахунку, што павылецелі ў той-сёй хаціне шыбіны з вокнаў. Бацька, завітаўшы ў нядзелю дахаты, тлумачыў, што гэта было баявое вучэньне. Самалёт, маўляў, спэцыяльна падрабілі пад замежны, і білі гарматы халастымі зарадамі. Толькі вось чамусьці ў высокім небе ў той момант зьявіліся былі чатыры маленькія пышненькія жаўтавата-шызыя аблачынкі. Чатыры першыя баявыя аблачынкі над мірным Полацкам – прадвесьніцы чатырохгадовай гібельнай хмары са сталёвым громам і шырачэзнымі бліскавіцамі пажараў. Хмары, якая ў каторы раз на вяку насунулася на нашу шматпакутную зямельку.
Інструкцыя
Фронт набліжаўся. Лавіна браніраванай тэхнікі і зялёна-шэрая маса людзей паглыналі нашу зямлю з гарадамі і вёскамі з нечаканай хуткасьцю. Будаўніцтва аэрадрома спынілі, чыгункай былі адпраўлены, нібыта ў Разань, будаўнічыя прылады і цяжкая тэхніка: трактары, бульдозэры, каткі і інш. А аўтамабілі пайшлі калёнай сваім ходам – пустыя! Спушчаная зьверху нейкім дужа пільным начальнікам інструкцыя ці то з варожай мэтай, ці, як мне падсказала адна разумная жанчына, па дурасьці, забараняла ўзяць у эвакуацыю каго б там ні было. У той калёне быў і мой бацька, а мы -- бабуля, маці і нас чацвёра -- засталіся чакаць невядомага.
Усё ж такі наш кватарант амаль на хаду прыхапіў сваю маладую жонку з маленькім клуначкам. Распавядалі, што за Смаленскам начальнік будаўніцтва ўгледзеў пасажырку-бяглянку і, каб не кіроўцы, што сталі на яе абарону, высадзіў бы сярод чыстага поля – інструкцыя!
Хто напісаў інструкцыю? Ворагі? Магчыма. Ды хутчэй за ўсё служака, якому не хапала дзьвюх-трох зьвілін, як вырашыць становішча на карысьць людзей, а не паперчыны. Людзей, якія потым ажно тры гады жылі пад страхам акупацыйных парадкаў. Нам пашчасьціла – нас не кранулі.
А што зь іншымі, як на іхнім лёсе адбілася тая дурная бесчалавечная інструкцыя?
За кніжкамі
Ня памятаю добра, хто, хутчэй за ўсё Куплёнік – сусед-аднагодак майго малодшага брата, праныра і блюзьнер, стукнуўшы ў вакно, крыкнуў:
– Валодзька, пайшлі ў лясны за кніжкамі!
Абразлівую мянушку – Куплёнік – прыляпілі яму браты-скрабары, якія невядома адкуль аб’явіліся ў нас незадоўга да вайны, за тое, што яго ўзяла зь дзіцячага дому адзінокая жанчына Сінічыха – купіла.
Я ўжо да таго часу скончыў чатыры клясы, вельмі любіў чытаць і, як тады казалі, нават дэклямаваў вершы на школьных сьвятах. Таму ня доўга думаў: лахі пад пахі і – уперад. Ого, кніжкі!
Пяць-сем падлеткаў хутка прамінулі невялікі, заліўны ўвесну лужок паміж Себескай вуліцай і чыгункай (цяпер цалкам забудаваны ўласьнікамі), селішча плодагадавальніку і апынуліся ў двары ляснога тэхнікума. У падмурку старадаўняга, з чырвонай цэглы збудаваньня, над самай зямлёй зеўрыла даволі вялікая дзірка, прабітая разрывам снарада, хутчэй за ўсё нямецкага.
Куплёнік, які, бачна, ня раз бываў ужо тут, бо нырнуў першым у тую дзірку і па нейкім лябірынце хадоў-пераходаў прывёў нас у бібліятэку ляснога тэхнікума. Божа! Кнігі!.. Кнігі грудамі валяліся на падлозе паміж стэляжамі. Відовішча выклікала ў мяне недзіцячы жаль і смутак. Хто якія кнігі панабіраў, я зараз ня памятаю. А я набраў пад абедзьве пахі тоўстых кніг у прыгожых каленкорававых вокладках і апошнім выскачыў на вуліцу Фрунзэ. Трэбы было перабегчы яе, сігануць да Палаты і ўжо адтуль, спакойна агледзеўшыся, разыйсьціся па хатах.
– Halt! – пачуў я моцны выкрык і адразу ўбачыў двух афіцэраў, якія ішлі у бок Эўфрасіньнеўскай царквы, трымаючы ў руках наганы.
Хлопцы пасьпелі ўжо схавацца пад берагам Палаты, я застаўся адзін, і у той жа момант да мяне дайшло, на якія кніжкі паквапіўся.
– Kom hir! – загадаў адзін зь немцаў.
Іду з пакорай. А што яшчэ заставалася рабіць? Бегчы нельга – падстрэляць як зайца. Іду насустрач. Наганы афіцэры паклалі ўжо ў кабуры, але не зашпілілі. Усё ж лягчэй, але...
Мой дзіцячы розум працуе ў асобым рэжыме. Тым часам немцы ўжо гартаюць «мае» кніжкі, а там – Ленін, Сталін, Варашылаў, Берыя і г.д., і г.д.
З усяго сказанага немцам разумею толькі адно слова «Warum». Ага! Навошта. А навошта? Думаць няма калі. І – азарыла. З дапамогаю двух-трох слоў па-нямецку і жэстаў тлумачу:
– Pan, Haus (і далонямі паказваю – клеіць!).
– О, gut! – зразумеў афіцэр і таксама жэстам паказвае: партрэты да сьцяны.
– Ja! Ja! – радасна ўсклікваю я, падбіраючы кнігі.
Немцы перакінуліся нейкімі словамі паміж сабою. Адзін зь іх, падштурхнуўшы зьлёгку мяне ў плечы, сказаў:
– Schnel nach Haus.
І я ўжо без усялякіх сховаў шыбую дамоў.
Так у першы раз з дапамогай кемлівасьці я падмануў сваю сьмерць.
Прадказаньне
Любыя катаклізмы, з дакладнасьцю прадказаныя прагназыстамі самай высокай катэгорыі і адпаведнасьці, заўсёды нечаканыя: ці то яны ад звар’яцелай прыроды, ці то ад чарноты чалавечага розуму, сярод якіх самае страшэннае – вайна.
Як пра яе ні шапталіся, як ні чакалі, яна засьцігла і вярхі і нізы зьнянацку.
Нас, маці і чацвёра дзяцей (старэйшаму, мне, не было яшчэ адзінаццаці) бацька адправіў на радзіму маці – у Ліпаўку, што на Расоншчыне, тыдні за два да прыходу немцаў. Упершыню на сваёй скуры мы спазналі слова «уцекачы».
Ехалі па старой, здаецца, нямошчанай дарозе, па якой часткова цяпер пралёг так званы Машэраўскі тракт. Дні стаялі выдатныя, сьветлыя, а людзі за падводамі ішлі змрочныя, спужаныя – як яно станецца? Мясьціны лясістыя, там-сям паўсухія забалоціны з тонкім, у руку, сасьняком, паваленым ўздоўж і ўпоперак. Гледзячы на гэтае непрывабнае відовішча, бабуля раптам сказала, як прадракла:
– Шмат маладых людзей загіне ў гэтай бойні чалавечай. Шмат загіне...
З тае пары мінула амаль шэсцьдзесят гадоў. Як жывы перад вачыма той сумны краявід і роспачны голас лагоднай і ласкавай бабулі Мар’і:
– Шмат маладых людзей загіне ў гэтай бойні чалавечай.
Шмат загінула. Вельмі шмат.
Ударнік
Аніяк не магу і не хачу пазбавіцца ўспамінаў пра родныя мясьціны. Асабліва цяпер сьвідруе розум тая нашая вышкаленая бацькам гарадзкая дысцыплінаваная наіўнасьць. Вёска вучыць грубаватай прастаце, не замшэламу, але і не адпрасаванаму жыцьцю. Таму там, спадзяюся, і дагэтуль жывуць рознага кшталту кпіны, не прычасаныя, затое павучальныя – на ўсё жыцьцё.
А пачаць хочацца чамусьці крыху зь іншага.
Кожнае лета нас, мяне і брата, адпраўлялі на вёску да дзеда Івана і бабулі Мар’і. Спачатку на хутар Ліпавая Гара, а потым, як зьнеслі хутары да кучы,– у вёску Ліпаўку, якая разам зь вёскай Грыбёл зрабілася калгасам «Пралетарый», ці, як яго звалі вяскоўцы, «Пралетарыя».
Ой, і даставалася ж нам!
Пачну з сябе. Калі зараз чуецца слова «ўдарнік», дык перш-наперш яно асацыюецца са словам «бубнач». Я сам у свой час адбіваў рытам калатушкай па сабачай скуры пустацелага кораба. А зараз, глядзіш ты,– ударнік! А розьніца? Што на адным вялікім, што на пяці малых – бубнач і ўсё тут. Бабуля мая сказала б у жаху: «Пустазвон». Ды я не пра іх. Я ўвогуле.
Ударнік...
Ужо да вайны ў Савецкім Саюзе зьявіліся ўдарнікі працы. Здаецца, яшчэ і зараз існуюць яны дзе-нідзе, але цяпер ужо без прыметніка «камуністычнай». Давялося і мне адзін год насіць гэтую мянушку – ударнік камуністычнай працы. А я ніколі ня быў камуністам.
І зноў я не пра тое.
Павялі неяк нас з братам на фэрму калгаса «Пралетарый». Цікава. У загарадках сьвіньні, авечкі, у стойлах каровы – кожная паасобку. Чысьціня. Парадак. Але гонар калгаса – быкі. Статак кароў, як памятаю, невялікі, а быкоў – ажно тры! І ўсе, як і каровы, маюць мянушкі.
І што вы думаеце, стаіць такі ільсьняны, вірлавокі, чорнае масьці прыгажун. Фыркае нядобразычліва. А я, дашкольнік, па літарах чытаю: «У-да-р-нік». І зь дзіцячае наіўнасьцю радасна ўсклікваю: «Мой бацька таксама ўдарнік!»
Жанкі, што працавалі на фэрме, што называецца, паехалі са сьмеху. Тады мне было ня ўцяміць непрыхаванае жаноцкае зайздрасьці да таго майго параўнаньня, і я з гонарам за свайго бацьку сьмяяўся разам зь імі. А можа, і не дарма...
Полацак
Зьмітрок Куніцкі (Уладзімер Стральцоў) нарадзіўся на Полаччыне ў 1929 годзе. Мастак-афарміцель. Скончыў мастацкую вучэльню ў Рызе. Працаваў загадчыкам пастаноўчай часткі полацкага народнага тэатру. Сябра полацкага літаб’яднаньня “Наддзьвіньне”. Аўтар зборніка вершаў "Рэха трох асін", Полацак, 2000.