|
У ТАТАРСКІМ ПАЛОНЕ
Алег Мiнкiн
Закладнiкi. Раней я бачыў iх на экране тэлевiзара ды чуў пра іх з расповядаў знаёмых. Цяпер гэта закранула мяне самога. Тое, што са мною здарылася, адбываецца сёньня на ўсiм абшары вялiкай Расеi, сталася будзённаю зьяваю гэтай ускрай крымiналiзаванай краiны...
1. Пралёг
Напрыканцы красавiка пачаў мяне даймаць тэлефоннымі званкамi адзiн мой стары знаёмы з горада N, якому я колькi гадоў таму назад дапамагаў у Вiльнi збываць прывезеныя iм тавары. Мой прыяцель У. запрашаў мяне прыехаць у ягоны родны горад, паглядзець, як ён жыве, чым займаецца ды аднавiць былыя камэрцыйныя сувязi. Прапановы ягоныя былi заманлiвыя, досыць выгадныя. Зьявiлася нiбыта мажлiвасьць крыху падзаробiць на сям’ю, на выданьне газэты. Апроч усяго iншага, я даўна ўжо ня быў у Расеi й пастанавiў (каб не марнаваць часу) напiсаць пра яе падарожныя нататкi, а таксама завітаць да сваякоў, якія жывуць у Падмаскоўi. Асаблiва хацелася пабываць у татарскай сталiцы Казанi: цiкавiла, як вырашаецца нацыянальнае пытаньне найбольш шматлiкага, пасьля расейцаў, народу ў РФ.
I вось, узяўшы з сабою адно толькi кiшэнныя грошы ды фотаапарат, я рушыў у дарогу, разьлiчваючы празь якiх дзесяць дзён вярнуцца дахаты. Падарожжа маё, аднак, расьцягнулася на доўгi й пакутлівы месяц...
Задаюся пытаньнем: цi былi ў мяне кепскiя прадчуваньнi? Безумоўна, былi. Таксама й добра знаёмыя мне вiленскiя бiзнэсмэны адгаворвалi ехаць, кажучы, што Татарстан сёньня адзiн з найбольш «бандыцкiх» рэгiёнаў, што злодзеі там нiкому спакойна працаваць не даюць, што ўжо не аднаго лiтоўца яны «раскруцiлi», а некаторыя дык i зусiм не вярнулiся дамоў – дагэтуль у росшуку. Я аднак супакоiў сябе тым, што еду да чалавека, якога нiколi раней не падводзiў, што еду да яго ў сям’ю, што ён ужо сталага веку. Апроч таго, за савецкiм часам мне давялося шмат папрацаваць у розных «мядзьведжых кутках» Расеi на камсамольскiх ды iншых новабудоўлях побач з «хiмiкамi» (вольнаадпушчанымi зэкамі), меў пэўны досьвед, як сябе паводзiць, калi раптам патраплю ў лапы да былых зэкаў.
2. Прыезд
Праз два днi, пасьпеўшы добра паблукаць па Маскве (па «горадзе смутку майго i каханьня», дзе, дарэчы, прайшлi мае студэнцкiя гады), ды палюбаваўшыся з вагоннага вакна на ранiшнюю чырвонацагляную Казань з крамлём i мячэцямi, асьветленымi дэкаратыўным зялёным сьвятлом,– я ўжо быў у N i званiў у дзьверы кватэры майго прыяцеля У. Дзьверы ён адчынiў мне сам. Заспаны i ў халаце. Кватэра была аднапакаёвая, бедна абстаўленая, бруднаватая. Гэта адразу занепакоiла мяне, бо У. раней быў добра забясьпечаным чалавекам, меў вялiкiя грошы ад свайго бiзнэсу. Але, убачыўшы, жонку й малую яшчэ дачушку, супакоiўся: цi мала што з намi здараецца ў жыцьцi? У мяне ў самога неаднойчы здаралiся ўзьлёты й падзеньнi.
Пакуль У. хадзiў у краму, жонка У. пасьпела накрыць стол. У чаканьнi надоўга зьнiклага У. мы пагаварылі зь ёй пра жыцьцё-быцьцё ў N i ў Лiтве, дзе яна неаднаразова бывала з мужам. Прыкладна праз паўтары гадзiны вярнуўся У.
Падчас пачосткi сябра мой паводзiўся крыху нэрвова: не глядзеў мне ў вочы, не хацеў асаблiва «чокацца» за нашых агульных знаёмых i за прыезд. Пасьля пачосткі, я прыняў душ. Было ўжо паабедзьдзе. Нехта пазванiў у дзьверы, i У. запрапанаваў паехаць пазнаёмiцца зь ягонымi кампаньёнамi.
На вулiцы нас чакала машына. Крыху пакружляўшы па горадзе, мы спынiлiся каля звычайнага, здаецца, 13-павярховага гмаху. Паднялiся на лiфце разам з У. на дзевяты паверх, напарнiк мой пазванiў у абшарпаныя дзьверы адной з кватэраў, прапусьцiў мяне наперад i зашчоўкнуў за мной замок.
3. У «падвале»
У амаль пустым пакоi з абдзертымi шпалерамi, з вокнамi, занавешанымi бруднымi анучкамi, мяне чакалi двое ў чорных, з проразьзю для вачэй, «амонаўскiх» каўпаках. Адзiн зь iх паказаў мне «ствол», параiў, каб я паводзiўся цiха, насунуў мне на галаву задам наперад бруднабелы шарсьцяны каўпак зь дзюркай для носу (у такiх каўпаках працуюць падчас маразоў на Поўначы зваршчыкi), туга зьвязаў за сьпiнай рукi суконным поясам. Потым абшукаў мяне, забраў грошы, дакуманты i ўсё, што я меў пры сабе. (Пакiнутую на кватэры ў У. торбу з рэчамi назаўтра таксама прывезьлi ў «падвал»).
Я быў агаломшаны такiм абыходжаньнем, такiм хуткiм i, як мне здавалася, бязглуздым паланеньнем. Глядзеў на ўсе так, нiбыта гэта адбывалася не са мною, не адчуваў страху. Тымчасам мяне пасадзiлi на адзiную ў пакоi канапу, У. сеў насупраць у крэсла, пачалiся нашыя першыя перамовы зь iм, якiя ўважлiва слухалi мае «ахоўнiкi». У. сказаў, што яму патрэбная (касьмiчная для мяне) сума «зялёных», каб расплацiцца з пазыкамi ды нанова «закруцiць бiзнэс». Я адказаў, што ня маю за душою нi граша (што было чыстай праўдай) i сам хацеў крыху заробiць за кошт У. Адным словам, мы размаўлялi на розных мовах. (Гэта была акурат тая «клясычная» сытуацыя, калi ў «прадаўца» няма тавару, у «пакупнiка» грошай, а навокал куча галодных злодзеяў, каторыя ўжо нiзавошта цябе проста так не адпусьцяць).
Бачачы маю незгаворлiвасьць, «ахоўнiкi» вырашылi мяне пужнуць. Адзiн зь iх паклаў мяне на канапу тварам унiз i заткнуў рот кляпам. Затым зьняў зь левай нагi чаравiк, надзеў замест яго тэпаць (каб не было сiнякоў?), заламаў нагу й ня дужа моцна выцяў гумовай дубiнкай. Удар па напружанай назе тупым болем адгукнуўся ў скронях. Пасьля некалькiх «лёгкiх» удараў, я страцiў прытомнасьць. Калi ачомаўся, мой катавальнiк паказаў мне яшчэ адзiн з сваiх «прыёмаў»: бiў пад рэбры, ад чаго на хвiлiну спынялася дыханьне. На знак таго, што я буду больш згаворлiвы, ён пасьля трох такiх удараў, запрапанаваў мне кiўнуць галавой. Мне нiчога не заставалася, як пагадзiцца зь iм. Як потым даведаўся, гэткiм «прыёмам» майго новага прыяцеля «навучылi» ў «ментоўцы» й што бiцьцё па заламанай назе, сапраўды, не пакiдае сiнякоў i можа каго хочаш зрабiць вар’ятам. «Калi ўдасца вярнуцца дамоў, дык нiчога ўжо ня будзеш помнiць»,– растлумачыў ён.
Катавалi мяне нядоўга i ўсяго адзiн раз. Вельмi шкадавалi, што я iм «у бацькi гаджуся»: быў бы маладзейшы, далi б не такога чосу. Пасьля заканчэньня працэдуры мне выцягнулi з рота кляп, перавярнулi на бок, накрылi чамусьцi з галавою коўдрай. У. з адным з «ахоўнiкам» некуды сыйшлi. Той, хто мяне катаваў, сеў насупраць у крэсла. Я наўмысна варочаўся й зрабiў так, каб праз шчылiну бачыць яго. Свой чорны нагалоўнiк хлопец зьняў. Быў ён чарнявы, смуглы, з прыгожымi рысамi твару, худы, нейкi зусiм нястрашны. Пад прыкрыцьцём коўдры я незаўважна вызвалiў з суконнага поясу рукi. Крыўдна было паводзiцца, як авечка перад закланьнем, сьмеласьцi прыдавала й выпiтая папярэдне з «сябрам» У. гарэлка. Я выскачыў з-пад коўдры й нечакана накiнуўся на свайго адзiнага вартаўнiка. Ды ён аказаўся спрытнейшы, выхапiў «ствол», наставiў на мяне. Я вярнуўся на канапу, моўчкi сеў. Ён нанова завязаў мне рукi (гэтым разам сьпераду), сталёвым iзаляваным дротам спутаў ногi, так што я з гэтага моманту мог рухацца толькi дробнымi крокамi. Бiць ён мяне ня стаў. (Пазьней прызнаўся, што быў уражаны маiмi «нестандартнымi паводзiнамi»).
Затым малады «ахоўнiк» перавёў мяне за шафу, загадаў легчы на брудны, з засохлаю крывёю цюфяк, на якім ляжала такая ж брудная падушка. На гэтым лежбiшчы за шафай я, нарэшце, пачаў усьведамляць сваё незайздроснае становiшча. Знаходзiўся я ў абсалютна чужым горадзе, апынуўся па мiласьцi «сябра» у лапах бандытаў, мае блiзкiя нават ня ведалi, цi даехаў я да мейсца. Мяне маглi (напрыклад, ад страху) забiць, схаваць труп ды паведамiць, што я не прыехаў. Зразумеў, што самае галоўнае для мяне цяпер «падаць голас», каб ведалi, дзе я знаходжуся.
Так я праляжаў да наступнага вечара. Не прасiў нi пiць, нi есьцi: дый мне й не прапаноўвалi. Прасiўся толькi ў прыбiральню, перад якой мне разьвязвалi рукi. Дзьверы прыбiральнi не зачынялi.
Гэтыя першыя содні майго палону былi найбольш роспачныя. Кватэра была, вiдаць, зьнятая пад мяне й за мае «канфiскаваныя» грошы. У дзьверы почасту стукалiся падпiтыя знаёмыя папярэдняга жыльца (а можа ахвяры?). Мае «ахоўнiкi» затойвалiся, замотвалi мне рот шырокай лiпучай стужкай, якая потым балюча аддзiралася разам з барадою. За шафаю было задушлiва, я страшэнна пацеў у куртцы й чаравiках. Па цюфяку, пад самым носам бегалi прусакi.
Пра што мне, увогуле, думалася ў гэтыя першыя соднi палону? Што застаецца ў сьвядомасьцi чалавека ў гэткай, як мая, «парогавай сытуацыi»? Не пакiдала пачуцьцё крыўды за зьняважаную чалавечую годнасьць: што можна сёньня кожнага чалавека вось гэтак нi за што, нi пра што, як кавалак мяса, як парсюка, зьвязаць, запіхнуць за шафу й патрабаваць выкуп. Аднак сапраўднага страху сьмерцi й шкадаваньня да сябе самога чамусьцi не было. (Мо таму, што век мой павярнуў з зэнiту на захад? Што я ўжо даволi нажыўся?). Вострае шкадаваньне было да самых блiзкiх мне людзей: жонкi й дачушак, якiя ня сталi яшчэ на ногi. Шкадаваў трохi, што нешта не дарабiў у сваёй творчасьцi, што, наогул, так мала зрабiў. Думалася, як недарэчна мусяць памiраць людзi. Прабягалi перад вачыма, як карцiнкi ў калейдаскопе, фрагмэнты прамiнулага жыцьця, як бы я разьвiтваўся зь iм. Думалася пра вышэйшую справядлiвасьць, пра Бога: няўмела спрабаваў малiцца...
А тым часам пад’езд i вулiца жылi сваёй звычайнай, недасяжнай мне цяпер i таму жаданай, будзённасьцю. Звонку гулi й сыгналiлi машыны, брахалі сабакi, крычалi людзi. За дзьвярыма чулiся крокi тых, хто вяртаўся цi йшоў на працу, бразгалi дзьверцы сьмеццяправодаў, сьмяялiся дзецi. I я ляжаў усяго ў некалькiх крокаў ад iх!
Наступнага вечару прыехаў У., сказаў, што заўтра прывязе тэлефон, што я з «падвала» буду стэлефаноўвацца зь Вiльняй, прасiць, каб хто-небудзь прыехаў у N з выкупам. Я адказаў, што такога чалавека, каторы даў бы за мяне выкуп, няма. Магу толькi выклiкаць чалавека зь Лiтвы з задаткам за тавары, якiя прапаноўваў мне У. На тым i пагадзiлiся.
4. Другiя содні й пераезд на «фазэнду»
Назаўтра У. так i не знайшоў тэлефона, па каторым я змог бы пазванiць у Вiльню. Гэтая «няўдача» ў пэўнай ступенi паспрыяла майму ўратаваньню й шмат у чым палегчыла мой лёс. Я па-ранейшаму ляжаў цiха, дурных пытаньняў не задаваў, не скуголiў, разумеючы, што мае ахоўнiкi толькi простыя выканаўцы, «пацаны», карыстаючыся зэкаўскiм слэнгам. Гэткiя мае «нэўтральныя» паводзiны, каторым я навучыўся на Поўначы i ў Сыбiры, мелi пэўны посьпех. Мае «ахоўнiкi», часам, самi прапаноўвалi ваду й хлеб. Ад хлеба я адмаўляўся, а ваду пiў – шмат пацеў у сваiм катуху.
Вартавалi мяне двое. Ноччу яны спалi папераменна. Удзень то адзiн, то другi ненадоўга адлучалiся ў горад. Калi я заставаўся сам насам з В., каторы мяне катаваў, ён дазваляў мне зьняць каўпак ды пасядзець у крэсьле. Чалавекам гэты хлопец аказаўся начытаным, зь цiкавымi думкамi, з насычаным падзеямi лёсам. Прайшоў дзьве савецка-расейскiя вайны, меў дзьве адседкi. Да таго ж, быў цiкавым апавядальнікам. (Зразумела, пакуль што я не магу падрабязьней расказаць пра яго. Скажу толькi, што ён, напрыклад, шмат цытаваў зь Лермантава). Лiтаратурна-фiлязофскiя размовы зь iм ды роспыты пра войны й адседкi адганялi панылыя думкi праз увесь час майго палону.
Другi ахоўнiк – А. – быў больш нэрвовы й грубы ў дачыненьнi да мяне, больш падозраны. Дазваляў толькi сядзець на цюфяку, часта зазiраў за шафу, правяраў завязку на руках i путы.
Аднак збольшага мае ахоўнiкi абодва знаходзiлiся ў пакоi. Тады я маўчаў, слухаў, пра што яны гаварылi, чуў, як яны гулялi ва ўлюбёную зэкаўскую гульню нарты ды слухалi Шафуцiнскага й iншую расейскую «папсу» з блатным ухiлам. Асаблiва назаляла «Малалетка, малалетка...», якая суправаджала мяне праз увесь час паланеньня.
Надвечар прыехаў У. Паведамiў, што прыдатнага для перамоваў зь Лiтвой тэлефону ён не знайшоў i што мы пераяжджаем на «фазэнду». Мяне папярэдзiлi, каб я «ня рыпаўся» i разьвязалi. Я памыўся й трохi пачысьцiў скамечаныя штаны й куртку. Перад тым, як выйсьцi, У. паказаў мне «ствол». А., каторы йшоў адзаду, таксама на ўсялякi выпадак паказаў мне «лiмонку», сказаўшы, што губляць яму няма чаго.
Пакуль пераяжджалi, з прыемнасьцю й зайздрасьцю глядзеў з машыны на вечаровы N, на праяжджаючыя мiма машыны, на шпацыруючых людзей. Звычайнае чалавечае жыцьцё сталася раптам для мяне такiм недасяжным...
6. Першы вечар на «фазэндзе»
Прывезьлi мяне ў звычайную трохпакаёвую кватэру на трэцiм паверсе пяцiпавярховага дому. Завялi ў адзiн з пакояў, дзе ў кутку мяне ўжо чакаў зашмальцаваны матрац з гэткай самай падушкай – новае маё лежбiшча. Пасадзiлi на матрац, далi выпiць чарку гарэлкi, каб усё выглядала натуральней, потым паставiлi перада мною тэлефон, да скронi прыставiлi «ствол»: «Званi!». Папярэдзiлi, што калi ня тое буду гаварыць, дык мне капцы. Я набраў нумар тэлефону ў Вiльнi, гаварыў «тое». Часам У. выхоплiваў трубку ў мяне з рук, слухаў адказы «лiтоўца», каторы меўся прыехаць з грашыма за «таварам», якога не было. (Назаўтра бандыты падключылi паралельны тэлефон i праслухоўвалi кожнае маё слова. У свой першы вечар на «фазэндзе» я меў магчымасьць нейкiм словам-паролем папярэдзiць «лiтоўцаў», каб яны не выяжджалi. Пра такi пароль я, аднак, зь iмi не дамовiўся – настолькi давяраў У.).
Зь першай маёй тэлефанiчнай размовы зь Лiтвой нібыта вынiкала, што «лiтоўцы» словам маiм паверылi й што яны неўзабаве з задаткам (фактычна, з выкупам за маю галаву) прыедуць у N. Прыкра мне было, што мой знаёмы ў Лiтве, якога я (хоць i пад «ствалом») «падстаўляў», паверыў у маю байку й пагадзiўся прыехаць, бо ў глыбiнi душы я малiў Бога, каб ён здагадаўся пра маё жалю вартае становiшча і ня пёрся ў Татарстан. На жаль, мае першыя перамовы прайшлi гладка. Адно крыху ўсьцешыла, што выкуп за мяне зьменшыўся ў тры разы – з большымi грашыма «лiтоўцы» ехаць не пагадзiлiся. Зрэшты, праз некалькi дзён я ад гаваркога ахоўнiка В. даведаўся, што акурат такую суму запазычыў У. у iхнiм бандыцкiм «абшчаку» й не вярнуў. Бандыты добра яго за гэта «наказали» –раструшчылі ногi, пасьля чаго У. тры месяцы ляжаў у гiпсе. Цяпер У. з гора «патрапiў у залежнасьць» (г. зн. ужываў наркотыкi) і ня меў права выяжджаць з гораду... Зразумела, мне ад такiх расповядаў лягчэй ня сталася.
Акрыленыя сваёй першай перамогай ды бачачы маё нібыта шчырае жаданьне дапамагчы iм i сабе, ахоўнiкi гэтым разам не завязвалi мне вочы й ня зьвязвалi рук. Я быў упершыню накормлены смажанай бульбаю зь кiслымi агуркамi, папiў гарбаты з цукрам i маслам. Затым уладкаваўся на цюфяку й мне было дазволена глядзець тэлевiзар. Ужо позна ахоўнiкi заставiлi дзьверы, што вялi ў прыхожую, цяжкаю тумбачкаю зь вялiкай кветкай на ёй. Спалi яны па чарзе: А. – на канапе, што стаяла каля вакна, а В. – проста на падлозе каля мяне, бо нядаўна пакiнуў нары і ня мог спаць на мяккiм.
7. Яшчэ дзевяць дзён палону
Наступныя дзевяць дзён былi аднастайныя й падобныя адзiн да аднаго. Таму апiшу iх фрагмэнтарна, што найбольш запомнiлася.
Я па-ранейшаму захоўваўся цiха, нi з кiм ня йшоў на блiзкi кантакт. Кватэру, як высьветлiў, здымалi студэнты-юрысты зь мяйсцовага ўнiвэрсытэту, каторыя ў вольны ад вучобы час, відаць, дапамагалi бандытам. Адзiн зь iх заходзiў да мяне згуляць у шахматы, распытваў пра жыцьцё ў Лiтве. У гэты час ахоўнiкi, нiбыта выпадкова, выходзiлi з нашага пакою, спадзеючыся, верагодна, што я пачну «расколвацца»: жалiцца iхняму прыяцелю, прасiць, каб дапамог мне выбрацца з пасткi, прапаноўваць грошы. Зразумела, я вёў з сваiм партнэрам па шахматах чыста нэўтральныя размовы.
Дзякуючы посьпеху ў перамовах зь Лiтвой i ўзорным паводзiнам, мне дазволiлi хадзiць па пакоі, мыцца й сьцiрацца ў часы, калi ў дом падавалi гарачую ваду. Кармiлi раз на дзень усё той самай смажанай бульбаю з кiслымi гуркамi. Зрэшты, мае ахоўнiкi сiлкавалiся мала, тым самым, што й я, i таксама адзiн раз на дзень. Было вiдаць, што гэта iхнi звыклы, «зэкаўскi» лад жыцьця.
У часе праходак па пакоi, я глядзеў у вакно, арынтуючыся паступова, дзе знаходжуся, куды бегчы, калi раптам пашчасьцiць выбрацца з палону. Пакiдаў у пакоi, дзе толькi можна, «сьляды» – на той выпадак, калi мяне раптам перавязуць у iншае мейсца. Аднаго разу схаваў пры сабе асадку й напiсаў у прыбiральнi на шматку паперы, што я закладнік i што «здаў» мяне чалавек, каторы жыве па гэткiм i гэткiм адрасе. Паперку схаваў у патайной кiшэнi нагавiцаў. Калi вартаўнiкi забывалiся зачынiць дзьверы пакою, я бачыў уваходныя дзьверы, назiраў, як яны адмыкаюцца й замыкаюцца. Зразумеў, што нiякага сакрэту замок ня мае. Прыйшоў таксама да высновы, што, мяркуючы па ўсiм, вонкавай аховы дзеля мяне не выстаўлялi, бо быў я для бандытаў звычайны ды выпадковы «лох-барыга» (камэрсант, якога ўдалося празь ягоную залiшнюю даверлiвасьць заманiць у пастку), каторы нiчога ня быў вiнны «братве» й якога трэба было толькi «раскруцiць» дзеля папаўненьня «абшчаку».
Была поўная невядомасьць, што будзе са мной i зь «лiтоўцамi», калi тыя прыедуць у N. Хаця В., каторы сымпатызаваў мне, абяцаў пагаварыць з паханом (старшым па званьню бандытам), каб усiх нас жывымi адпусьцiлi дамоў i нават машыну не адбiралi,– я ня дужа спадзяваўся на гэткi «шчасьлiвы» канчатак сваiх прыгодаў. Самым лепшым выйсьцем у маiм становiшчы былі б уцёкі, пра што я ўвесь час думаў. У выпадку, калi б я вырваўся, я губляў толькi тое, што ўжо й так згубiў: грошы, дакуманты, рэчы. А самае галоўнае – не «падстаўляў» сваiх прыяцеляў зь Лiтвы. Але непамысна й страшнавата было ўяўляць, што чакала мяне ў выпадку няўдачы: зноў пабоi, каўпак на галаве, прусакi...
Пакуты мае аблягчыў сваiмi разважаньнямi В., якому, вiдаць, iмпанавала гутарыць з чалавекам, абазнаным у фiлязофii й лiтаратуры. Мне таксама было цiкава пачуць падрабязнасьцi пра апошнiя войны ў Расеi й цяперашняе жыцьцё ў «зонах». На маё пытаньне, як паводзiцца, калi раптам патрапiш туды, В. назваў тры галоўныя запаветы цi то зэкаў, цi то будыстаў:
– Нiкога ня бойся;
– Гавары праўду (цi маўчы);
– Нiкому ня вер.
Слушныя й карысныя, як мне здалося, парады, каторыя неўзабаве дапамаглi мне. Паверыўшы, што я пiсьменьнiк (у мяне ў дакумантах быў пiсьменьнiцкi бiлет), В. ахвяраваў мне свой лiтаратурна-фiлязофскi твор, фрагмэнт каторага падаю нiжэй:
8. Я любiў...
Я раньше всё время жил в каком-то выдуманном мире: школа, дом, родители, работа, армия. Армия... Попав в этот адский мир войны, во мне всё перевернулось: идеалы, мысли, желания. Хотя жужжание пуль и не располагает к глубоким размышлениям, тем не менее там они меня всё время посещали. Зачем? почему? за что? – эти вопросы хотелось не задавать, а выкрикивать! Вот и сейчас, сидя в тюрьме, по прошествии пяти лет после того кромешного ада, который я прошёл в пьяном угаре и безмолвной ярости,– пытаюсь проанализировать, что же во мне изменилось после этого «сеанса шоковой терапии»? То, что я стал жёстким и колючим, это однозначно, хотя и мягко сказано. Я стал жестоким. Вспоминая тот случай, из-за которого я получил свою первую судимость, я поражаюсь той жестокости, с какой всё это проделал. Кругом была кровь, а мне было всё мало. В тоже время я ужасаюсь своей собственной жестокости и бесповоротности моей натуры и всё больше и больше утверждаюсь в мысли, что уже не изменюсь. Я очень молод, но вместо справедливости, радости и счастья во мне, как в последней гнилушке, осталась только злость, даже больше, чем злость,– ярость, ненависть, подозрение и месть. Ненависть не ко всему живому, а к Человеку. Вот! Поэты воспевают, что человек – венец природы... Да никакой он не венец, а самое гнусное её изобретение, её самая большая ошибка.
Я боюсь своих мыслей. О чём бы я не стал думать, всё у меня в конечном итоге сводится либо к гнусности, либо к низменным порывам. Я просвета не вижу! I это страшит. Но ведь с вечной злобой жить нельзя, и такой образ мышления моей натуры приведёт меня либо в дурдом, либо к стенке. Я осознаю всё это, но остановиться не могу. Живу и тону в своей же ярости, всё делаю с каким-то остервенением и кончу, наверное, свою жизнь как бешеный пёс, чего и заслуживаю. Встречаюсь с человеком, чувствую интуитивно, что он человек хороший, но ищу в нём плохие черты. Или, не найдя их, рву с этим человеком все отношения...
У меня какая-то мания окружать себя отбросами общества и потом их же и топтать. Иногда думаю: «Кто же тебе права дал людей наказывать?» Не знаю и наверное никогда этого не пойму. Почему я отталкиваю хороших людей, даже когда они сами ко мне стремятся, огорождая себя ничтожествами? А если так, то я не имею никакого права их наказывать, потому что стою на одной социальной ступеньке с ними, стало быть не лучше их. Но почему я считаю себя лучше их, правильней, справедливее? (Не могу сказать, что я не способен к самоанализу. Так что в объективности моих рассуждений о себе сомневаться не приходится). Почему же так происходит? Может это болезнь, мания величия? По-моему, симптомы не те. Выходит, что я до такой степени прогнил? Опять же не соглашусь, взяв из своей жизни несколько элементарных примеров. А может я слишком требователен к себе? Но я никогда не требую от человека, чего не делаю сам!..
Я сильно запутался в своих мыслях, никого не допускаю в свой внутренний мир. Хочется жить просто, но мне с самим собой сладить не просто. Пытаюсь понять, что со мной стало после армии? Я же никогда раньше таким не был. Веселился, когда было весело, плакал, когда было плохо, я любил!
9. Уцёкі
У чаканьнi выезду сваiх «вызвалiцеляў» зь Лiтвы, правёў я так дзевяць дзён. Нарэшце, быў прызначаны дзень выезду. За содні перад тым узрадаваныя навiною ахоўнiкi, i разам зь iмi У., вырашылi адзначыць посьпех у такой рызыкоўнай з усiх бакоў справе, як захоп i ўтрыманьне закладнікаў. У. недзе пад абед прывёз дзьве лiтровыя пляшкi гарэлкi й два бутлi пiва, кiлбасаў, цыбулi. В. ненадоўга зьнiк i прывёз з сабой пахана, ужо падпiтага, брытагаловага, невысокага ростам татарына пад шэсьцьдзесят гадоў. Пахан сеў поруч са мною, трохi параспытваў мяне пра Вiльню, хiтаў пры гэтым сваёй круглявай галавою й чамусьцi радасна ўсьмiхаўся, хаця я нiчога сьмешнага не гаварыў. З намi ён доўга не сядзеў.
Гарэлка ўперамешку зь пiвам падзейнiчалi, як мае быць. Празь якiя дзьве гадзiны мае ахоўнiкi пазасыналi. Я заснуў таксама. Калi нечакана прачнуўся, убачыў, што дзьверы насупраць, як зазвычай, застаўленыя тумбачкаю, а на маiм месцы, на цюфяку, храпiць (!) А. Нiкога больш вiдаць не было. У астатнiх пакоях было цiха. Трэба сказаць, што побач з канапай былi яшчэ адны дзьверы ў сумежны пакой: з гантэлямi, штангай ды iншымi прыладамi, у якiм кампанiя маiх новых знаёмых часам расслабаняла зацеклыя падчас нялёгкай «службы» цяглiцы i зь якога таксама быў выхад у прыхожую... Дзьверы гэтыя былi застаўленыя толькi столiкам на колках, на каторым мы кагадзе «бяседавалi».
Я неяк адразу адчуў, што iншага зручнага моманту ў мяне ўжо ня будзе. Успомнiўшы пра першы зэкаўскi запавет («нiкога ня бойся») i, прыслухоўваючыся да храпу А., я цiхенька адсунуў столiк ад дзьвярэй.... Дзьверы таксама адчынiлiся бязь лiшняга скрыпу. Асьцярожна, каб ня рыпнуць, падняўся з канапы і ціха выйшаў у сумежны пакой. Пастаяў там крыху. Пачуў, што з пакою насупраць даносiцца храп цi то пахана, цi то В. Выйшаў у прыхожую, падыйшоў да выхадных дзьвярэй, узяў у вадну руку свае прыхаваныя ў куту чаравiкi, а другой –павярнуў зашчоўку замка, так, як тое шмат разоў рабiў у сваiх думках. Штурхануў дзьверы, i ў адной кашулi i ў шкарпэтках зьбег па сходах на двор. Пабег на ажыўленую вулiцу. У двухстах мэтрах ад мейсца майго зьняволеньня, на трамвайным прыпынку, я пад зьдзiўленымi позiркамi людзей, абуўся. Тут падасьпеў i трамвай...
10. Эпiлёг
Пра тое, як я выбраўся з зусiм чужога мне гораду, бяз грошай i пашпарту, хто й чым дапамог мне,– я распавядаць ня буду. Зразумела й так, што сьвет не бяз добрых людзей. Скажу толькi, што Расея цяпер настолькi небясьпечная краiна, што калi табе, чытач, раптам пашчасьцiць вырвацца з «татарскага» цi колечы-якога iншага палону, дык ня варта зьвяртацца да мяйсцовых ворганаў мiлiцыi, бо там могуць спачатку зрабiць выгляд, што табе ня вераць, а потым «здаць» тым самым бандытам, а не дык i замочаць проста ў пастарунку... Усе там «павязаныя». Так што, ратуючыся колькi дзён ад бандытаў, я найперш рабiў усё, каб не патрапiць у лапы тамтэйшых мiлiцыянтаў.
Прыемна было, аднак, у першую пасьля ўцёкаў (яшчэ халодную) травеньскую ноч сядзець на нейкiх дачах, прыхiнуўшыся, каб не было так зiмна, сьпiнай да драўлянай сьцяны дамка, пад азораным небам i слухаць жыцьцярадаснае крумканьне жабаў у безымянным прытоку Кама-ракi. Слухаць i быць задаволеным, што, слава Богу, нiкога не «падставiў», што ўсё абыйшлося малой крывёю, што «плакалi грошыкi» маiх «дабрадзеяў», каторыя ўжо «раскаталi на іх губу» і што – самае галоўнае – паводзіў сябе, як мужчына.
1999, Вільня.
Алег Мінкін у Трокскім возеры. 2000.
|