БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 8

ВІЗЫТ МІНАТАЎРА

Вінцэсь Мудроў


Інжынэр-канструктар Васіль Бяссонаў, чорнавалосы, не па ўзросту вясёлы мужчына, утаропіўся на прастакутнік ватману і намаляваная на ім крыжавіна дыфэрэнцыялу паволі закруцілася ўваччу. Інжынэр вохнуў, налёг лабацінай на кульман і да болю выяўна зразумеў: калі ён зараз жа не пахмеліцца, пасьлязаўтра яго павязуць на машыне зь елкамі.

“Горад у жалобным убраньні... Прыспушчаны дзяржаўныя сьцягі... Цяжкая страта напаткала спэцыяльнае канструктарскае бюро сельгасмашынабудаваньня, а разам зь ім і ўсё перадавое чалавецтва”,– прагучаў у сьвядомасьці левітанаўскі голас і ўадначас – ужо на яве – за сьпінай Васілёвай секануў прасьцяг сіпаты воклік:– Бяссонаў... да начальніка!

Загадчык сэктара Маргун сядзеў у сваім катуху, правіў алоўкам графік здачы праектнай дакумэнтацыі і на твары ягоным ляжаў цень сьмяротнай тугі і сумоты.

– Што... зноў трасешся? – ускінуў вока Маргун, і той, да каго ён зьвяртаўся, асуджана прамармытаў: – На ўлазінах быў... узялі па чарцы.

Загадчык сэктару ўздыхнуў, пацёр правую лобную долю.

– Графік зрываем... А тут яшчэ Капніст захварэў. Дзякуй Богу, хоць у хаце малюе,– загадчык мацюкнуўся, зь вясёлым адчаем пацёр левую лобную долю: – Ты ў яго ніколі ня быў?

Падначалены разьвёў рукамі і Маргун таропка напісаў на паперцы адрэсу: – Ліст з матавілам занясеш тэхнолягам, а з саломатрэсам – у трэці сэктар. Запомніў?

– І глядзі ж – нідзе не затрымлівайся! – гукнуў Маргун на разьвітаньне, тыцнуў алоўкам у графу “матавіла” і навылёт прадзёр лядашчую паперу.

Піўная бочка на рагу Калектарнай і Экскаватарнай была аточаная з усіх бакоў і ў сьвядомасьці ізноўку абудзіўся няўрымсьлівы Левітан. “Бясконцая людзкая плынь... Тут, у ганаровай варце, стаяць салдаты і афіцэры, старшыны і мічманы, інжынэры і тэхнікі...”– зацята бубнеў дыктар усесаюзнага радыё і Васіль, каб пазбыцца чмуры, адрывіста – тры рашучых стаката – выпусьціў паветра. Таго дня ў Маскве хавалі нейкага прайдзісьвета; радыё без супыну прамаўляла розную лухту і словы тых дэклямацыяў сьвярблівымі ваўчкамі ўчапіліся ў мазгі.

Васіль аблізнуў сасьмяглыя вусны, стаў на дыбкі, паныла агледзеў натоўп і ў самых нетрах людзкіх убачыў калегу – Сеню Мотыля з сэктару льноцерабілак. Сеня выбіраўся з натоўпу, трымаючы над галавой два бурапенных кухлі...

...Калегу таксама смажыла, а таму ён дазволіў зрабіць толькі чатыры глыкі. Васіль у вадказ пачаставаў Сеню цыгарэтай, здаволена адрыгнуў і разам з піўным духам выдыхнуў ёмістую фразу: “Канструктарскую галаву чатырма глыткамі ня вылечыш”.

Ехаць трэба было на другі канец горада, у мікрараён Мандрыкаўка-2, і пакуль ён дабіраўся да той Мандрыкаўкі і блукаў у пошуках патрэбнага дома, зь яго сышло сем патоў і ў душу ўбілася пякучая крыўда: Маргун урэшце рэшт мог паслаць па матавіла каго-небудзь з маладых. “Адных капіравальшчыц сем штук”,– уголас прабубнеў Васіль і, зьверыўшы лічбу, напісаную ў паперцы, з той, што была на дзьвярах, намацаў гузік званка.

Яму доўга не адчынялі, ён пазваніў другім разам і за дзьвярыма недаверліва запыталіся: – Хто?

– Свае,– буркнуў Васіль і пачуў яшчэ больш недаверлівае: – А як ваша прозьвішча?

Госьць каротка мацюкнуўся, назваў прозьвішча і дзьверы з прытоеным рыпам прачыніліся.

– Не пазнаў па голасе,– сьцішана выдыхнуў гаспадар, а госьць, убіўшыся ў прысенак, гэткім жа ціхім голасам пацікавіўся: – Што, жонка сьпіць?

– Ды не, яна на лецішчы... зь цешчаю,– гаспадар бліснуў шкельцамі акуляраў, пайшоў у пакой і вынес адтуль скрутак цупкіх ватманскіх лістоў. – Скажаце Маргуну – у панядзелак выйду. Калі такая запарка – папрацую на бюлетні.

“Хаця б на кухню запрасіў, сволач”,– падумаў Васіль і неспакойная рука памацала тое месца – пад самым сэрцам – дзе пукацілася бутэлька.

– Слухай... я тут узяў па дарозе... Можа кульнем? За здароўе? – фраза яшчэ не была скончана, а гаспадар ужо замахаў рукамі: – Ды што вы... у мяне ж гіпэртанічны крыз... толькі што з уколаў...

– Таму і крыз, што не ўжываеш,– выдыхнуў госьць, адсунуў гіпэртоніка ўбок і камандорскім крокам рушыў на кухню.

Гермаген Нікандравіч Капніст, да якога завітаў Вася Бяссонаў, быў наогул дзіўным чалавекам. Ён ня піў, не паліў, ні з кім не сябраваў і таму, адпрацаваўшы пятнаццаць гадоў у КБ, вышэй першай катэгорыі так і не падняўся. І наогул: гэты сугней мог цэлы дзень адстаяць ля кульмана і не перакінуцца з калегамі аніводным словам. Адзіны, хто мог яго разгаварыць – гэта Клава Бадунова з аддзелу камплектацыі. З гэтай самай Клавай яны абедалі разам у кабэшнай сталоўцы: Гермаген пры гэтым кожны раз шморгаў носам, давіўся груцай, штосьці апавядаў сяброўцы, і Васіль, седзячы непадалёку, мог чуць абрыўкі вусьцішных аповедаў пра тое, як цешча агрэла сугнея кухоннай качалкай, а потым паабяцала здаць у міліцыю.

... Разьліўшы гарэлку – сабе паўшклянкі, гаспадару – крыху менш,– Васіль хукнуў у жменю, паднёс шклянку да вуснаў, але піць ня стаў – змучана перакрывіўся і кіўнуў у бок лядоўні: – Можа ёсьць што на зуб?

Гарэлка была цёплая і вымагала закусону.

– Я тут хварэў тыдзень, у краму не хадзіў...– буркнуў гаспадар, прачыніў лядоўню і госьць угледзеў у сьветлай пройме кавалак доктарскай каўбасы.

– Каўбасені адчыкрыж – сама тое,– госьць падаў ножык, што ляжаў на стале, а гаспадар уздыхнуў і зачыніў дзьверцы. – Цешчына,– патлумачыў гаспадар, чым надта зьдзівіў госьця. Госьць уражана страсянуў чупрынай, кульнуў чарку і, прыціснуўшы зубы да рукава, здушана прамармытаў: – Адрэж крыху – усё адно не заўважыць.

– Заўважыць,– выдыхнуў пасьля працяглай паўзы гаспадар.

Хвіліну гаспадар сядзеў нерухома, потым – з насьцярожлівай павольнасьцю – палез у кухонную шафу, выцягнуў адтуль нітку з прывязаным на канцы плястмасавым кручком.

Васіль зірнуў на кручок, запытальна таргануў падбародзьдзем.

– Бязьмен цешчын, даўжыню пазначае,– растлумачыў гаспадар; дрыжачыя гаспадаравы рукі падхапілі каўбасу, пачапілі кручок да каўбаснага хваста, выцягнулі нітку ўздоўж каўбасіны.

Пабачыўшы такое, Васіль нават прасьлязіўся. – Лютуе? – запытаўся пераселым ад абурэньня голасам і калі гаспадар кіўнуў галавой, зь нянавісьцю адкусіў кавалак ніткі. – Цяпер не заўважыць,– мовіў Васіль і з імпэтам разьніка жагнуў нажом па калбасным батоне.

Такая рашучасьць не магла ня ўражваць. Гаспадар увабраў голаў у плечы, паправіў акуляры і, відаць, насуперак уласнай волі ўзьняў шклянку. Піў ён цяжка, гнятліва, зьвёўшы вочы да пераносься; пры гэтым кашляў, душыўся, варушыў кадыком і Васіль, які таксама прыклаўся да шклянкі і левым вокам сачыў за калегам, нават упрэў ад такога відовішча.

– Вось гэта па-нашаму,– гукнуў госьць, калі пакутнік Гермаген адолеў сваіх трыццаць грамаў і пусьціў пад ногі густую сьліну.

Васіль запіхнуў у рот пакутніку колца каўбасы і зноў напоўніў шклянкі.

– І даўно яна тут жыве?

– Год, два месяцы і чатырнаццаць дзён,– прашамкаў Гермаген, а праглынуўшы недажаваную каўбасу, дадаў: – З Хахляндыі прыехала...

Словы такія Васіля не на жарты ўсхвалявалі. Ён нават ускочыў з крэсла.

– Цяпер я цябе разумею,– у голасе Васілёвым абудзіліся трагічныя абэртоны,– у мяне ў самога цешча з Хахляндыі.

Госьць кінуў у рот папяросу, пстрыкнуў запалкай і жоўты агеньчык заскакаў у ягоных зьвільгатнелых вачах.

– Прыехала аднойчы, абжылася, і давай ва ўсе дзіркі нос тыцкаць ды Галку супроць мяне настройваць. Жонка ў мяне лагодная, лішняга слова ня скажа. А тут ад самага раньня ўзялася бурчэць. Маўляў, хопіць піць, займіся сынам і ўсё такое. Ну, я слухаю, але маўчу, нібыта мяне гэта ня тычыцца. І вось, дзесьці пад восень, выбраўся на рыбалку. Ну, выпілі троху, вярнуўся позна, прылёг у калідоры, не распранаючыся. Раніцай пайшоў у прыбіральню. Чую, шапоча, падлюга: "Выкідвай гэтага п’янтоса і перапісвай на сябе кватэру". Тут мяне і прарвало. Сьцягнуў са зьмеявіка цешчыны мэтлахі, выйшаў і кажу: "Ось, шчо, мамо... забырай свойі трусы,– у гэтым месцы Васіль махнуў рукой, паказваючы, як ён шпурляў цешчыны трусы, і Гермаген ад захапленьня нават падскочыў на табурэце,– забырай свою доньку, та йідты туды, зьвідкіля прыйіхалы!”. Потым яшчэ з нагі балотнік сьцягнуў, таксама шпурнуў, ды няўдала: патрапіў у адчыненую фортку. Цешча потым бегала на двор – шукала той балотнік, ды не знайшла – сабакі некуды зацягнулі.

Васіль папярхнуўся тытунёвым дымам, здушана кашлянуў: – Пасьля таго сеў на тэлефон, замовіў дзьве прамых пляцкарты да Чарнавіц і зноў на рыбалку паехаў,– Васіль кашлянуў і гучна крэкнуў. – Наступным ранкам прыходжу: цешчу не пазнаць. Бегае, мітусіцца. "Васылько, Васылько прышов... Боршчу, Васыльку, пойіш..." Помню, тры талеркі тады навярнуў... з галадухі.

Госьць падняў шклянку, агледзеў пусты стол і гаспадар матлянуўся да лядоўні. Праз імгненьне на стале зьявілася міса з салатай, бляшанка шпротаў і ўсё тая ж доктарская каўбаса. Гермаген узяў нож, мерачыся распалавініць калбасіну, і Васіль схапіў калегу за рукаво.

– Герман... Гена... ня трэба,– Гермаген паспрабаваў вырваць руку, а потым схапіў каўбасіну зубамі і стаў шкамутаць, дэманструючы сябру, што з гэтай хвіліны ўжо нікога на сьвеце не баіцца.

Праз гадзіну, падхапіўшы пад пахі ватманскія лісты, Вася Бяссонаў выкуліўся на вуліцу, зірнуў на вокны і, убачыўшы ў адным зь іх знаёмую постаць, узьняў угору сьціснуты кулак, як гэта рабілі колісь нямецкія антыфашысты.

Гермаген Нікандравіч Капніст зьявіўся на працы ў аўторак. Пры гэтым ён меў выгляд чалавека, якога прапусьцілі праз вібрацыйны грохат: на лобе Гермагенавым сінеў вялізны гузак, левае вуха было зьлёгку надарванае, а ў акулярах адсутнічала правае шкельца. Васіль хацеў быў падысьці да небаракі, спытаць – што здарылася, але не рашыўся. Блізу абеду ў аддзел завітала Клава Бадунова.

– Гермаген Нікандравіч, што з вамі? Вас білі? – вохнула сяброўка.

Усе наўкол стаіліся, наструнілі слых.

Капніст сьцягнуў з носа акуляры.

– Бяссонаў страшны чалавек,– мовіў ён па-змоўніцку ціхім голасам і, адвярнуўшыся, змахнуў рукавом няпрошаную сьлязіну.

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія