ТЫ ЗАПОМНІ МЯНЕ ВЯСЁЛАЮ...
* * *
Заліхвацкім пахмельным разгулам
І пажаднасьцю еднасьці душ
Разьвянчалі куміраў агулам
І бравурны адбацалі туш
На аскепках старэчага веку,
Не пытаючы – што, як і дзе.
У нябогі ад гэткага зьдзеку
Кроў гарачая горлам ідзе.
На руінах апошняга храма
Выгінаецца ў скоках Карга,
Узыходзіць панылае раньне...
Вось і наша настала чарга…
* * *
Шчакой гарачай мякка прыхініся,
Аддам далоням застарэлы страх.
Занадта доўга мы стаялі, мусіць,
На скразьняковых лютаўскіх вятрах.
Настылі рукі, вусны абвятрэлі,
І галасам, і сэрцам не да слоў.
У тонкіх сьвечках кноцікі згарэлі,
Аплыўшы воскам спраўдзіўшыхся сноў.
Занадта доўга мы вясны чакалі,
Дажджоў гаючых, неба багадаць.
Аголеныя нэрвы ў тым напале
Ня сёньня-заўтра полымем згараць.
* * *
Я цябе не пасьмею паклікаць,
Калі буду ад страху канаць
І ў апошнім разрэджаным кліне
Безгалоса над дахам лунаць.
Я цябе не пасьпею ўстрывожыць,
Калі промнік апошні кальне
І самотны сярпок наварожыць
Разьвітаньне на белым віне.
І апошнія словы даверу
Праглыне непрабудная ноч.
Я сказала, а ты не паверыў,
І было тое як не са мной.
Адлячу чарадой летуценьняў,
Гаманкіх і самотных – любых.
Ты ня бойся, у заўтрашніх цернях
Чужаніцу ня цяжка забыць.
* * *
Каласіцца на схіле ліпеня
Самасейная цаліна.
Неба мутныя лужы выпіла –
Ці бяда мая, ці віна…
Ты запомні мяне вясёлаю,
Ты запомні мяне жывой,
Пераменлівай – моцнай, кволаю,
Недзе трошачкі незямной.
Перакіне масты высокія
Звонкі час зь нематы глухой,
І па іх імклівымі крокамі
Я прайду вясёлкай-дугой.
ЛЕТНІ ДОЖДЖ
Замутнелі выцьвілыя далі,
Гоніць вецер хмары наўскасяк,
Клёны вецьцем гонка разгайдалі
Перасьмяглы, стоены абсяг.
Узарвалі скручаную цішу
Доўгага сьпякотнага сіла,
З долу ўгору, весела і ўвішна
Пух таполяў дуйка узьвіла.
Шуганула ліўнем перасьпелым
Зь цёмных космаў хмарных валуноў,
І вясёлка неба перабегла,
Захмялеўшы водарам грамоў.
Полацак