БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 8

СКУЛА
аповед

Iгар Сідарук

Iгар СідарукУ Зьмітра Аблыгі ўскочыла скула. І дзе ж яна, сучка, ускочыла! Яна ўскочыла там... ай, і ня хочацца гаварыць нават... Хочацца плакаць наўзрыг, на такім цікавенькім месьцейку выперла яе, такую заразу. А погань самая была ў тым, што Зьміцер нават і пабачыць яе ня мог, як ні хіліўся долу ды ні выкручваў галаву так ды гэтак, спрабуючы зазірнуць туды, куды прыстойнаму чалавеку зазіраць ну ніяк не выпадае. Карацей, вы ўжо здагадаліся. Вам, можа, і сьмех. А Зьміцеру такое гора, што хоць ботам страляйся.

Спачатку ён цярпеў.

Хадзіў неяк бачком, рэзка анікуды ня тузаўся, а калі выпадала садзіцца, дык умошчваўся так, каб, значыць, на самым краечку... каб толькі зачапіцца... а сярэдзіна як-небудзь і без таго... сярэдзінаю сядзець, у прынцыпе, і не абавязкова. Абавязковым, яно было іншае. Гэта хадзіць туды, дзе трэба... ну, адным словам, рабіць глыбакадумны выгляд, седзячы на кукішках. А які тут ужо глыбакадумны выгляд, калі ў цябе на самым стратэгічным мейсцы – скула!.. От, тады жыцьцё-жыцьцейка здавалася Зьміцеру невыносным.

Ну, пабыло так дзень, другі, трэйці. Спадзяваўся Зьміцер, што яно неяк пройдзе: разьмякчыцца, рассмокчацца, рассунецца там ці яшчэ што. Не рассмакталася, аднак, і не рассунулася. А ўсё болей смылела й ужо дапякала так, што гамон. Трэ’ было неяк ратавацца.

Ага, ратавацца. Вам сказаць лёгка. А Зьміцеру як?! Гэта ж трэба ў лякарню сунуцца, якой маладзенькай дохтарцы ўсе свае набыткі, так бы мовіць, адкрытым тэкстам паказваць. Ды Зьміцер хутчэй жыўцом згарыць, чым перад такою вось сьвістаплюсечкай штаны задзярэ. Ды вы што?! Не, нават і думаць пра такое забудзьце. Лепш няхай там усё лопне, але ў такі адчаёвы сорам Зьмітро не ўкачаецца.

Вой, але тут мушу перарвацца. Трэба ж напачатку колькі словаў сказаць, кім такім Зьміцер Аблыга ёсьць. А ёсьць ён тым самым звычайным рабацягам, якіх паўнютка-поўна дзе толькі можна, і якіх урадовыя эСМэІ ахрысьцілі смачна-гучнымі словамі «авангардовая частка электарату». І круціць Зьмітро, як прадстаўнік гэтае самае авангардовае часткі, мутэрку з раніцы й да вечара на звычайным аўтарамонтным заводзіку, як круцяць тысячы а то й мільёны гэтакіх як і ён рабацягаў.

Здаецца, і праца не абы якая, а фізычная, і ежа здаровая – усё часьцей цыбуліна з салам ды плюс дэзынфэкцыйныя трыста-чатыраста грамаў чыстае як сьляза «Русской» ці «сам-гнаў-трэстаўскай» – а бач ты, засабачыла яе т-туды-растуды, распракуду такую! Тут ужо й мутэрку добра крутануць сілаў нямашака – як трохі моцы рукам надасі, так і коціцца сьляза з вачадолаў: нібыта табе добры кулачыдла спаміж седавак упярохваюць. Карацей, і праўда гамон.

Але праўдзівы гамон прыйшоў Аблыгу тады, калі майстар цэху Язэп Грыберман, пад гарачую руку якога патрапілі тры хвацкія малойцы разам з нашым Зьміцерам, загадаў ім скінуць чыгунныя чушкі з борту «газону» у двары заводзіку. Як на грэх, на той момант сказаць майстру Грыберману пра сваё горкае гора Аблыга пасаромеўся. І за гэта яго неадвержна напаткала адплата: пасьля разгрузкі чушак скула, здаецца, перакрыла ўсё, што яшчэ можна было хоць бы як перакрыць.

– Мамуля мая пракаветная! – недарэзным сабачкам, што ляжыць ды канае пераеханым на асвальце, скугальнуў счарнелы да рубэройду Зьміцер. – Лепей ужо пад бульдозэр, чым так!..

– Давай, Дзімка, дуй да бабкі Аўдоты,– спачувальна яму ва ўнісон скрывіўся напарнік Касташ Шалёны, які зь нядаўняе пары быў дапушчаны да самазьнішчальнае тайны Аблыгі. – Хай яна змаракуе, што са шчасьцем тваім рабіць...

– А што мне твая бабка?.. – завератачыўся здыхаваты Аблыга.

– Ты давай дуй. Мазі яна ведае. Траўкі ўсялякія...

– І што мне – мазі твае?

Аднак было бачна, што ў глыбіні даўно стухлых зьмітровых вачэй запалілася непрыкметным агеньчыкам штосьці падобнае на надзею.

– Ня мне, а табе, дурань! Ці гэта ў мяне выперла?.. Каб у мяне так смылела, я б ужо даўно... – Касташ смачна сплюнуў, бязьмежна горды адное тым, што не яго жарэ гэткая навалач.

Зьміцер вагаўся. Ён муляўся з нагі на нагу, дарэмна спрабуючы знайсьці больш зручнейшую паставу.

– Каб мне нейкай ключцы старой – сраку сваю паказваць?!

– Ды ня трэба табе ёй нічога паказваць! Я ж кажу – мазі яна ведае. Ужо палова нашых мужыкоў у гэнай Аўдоты пералекавалася.

– І што? – зноў тупа запытаўся Зьмітро.

– От, бляха! – нецярпліва пляснуў па сьцягну Шалёны. – Я дзела табе кажу. Ня хочаш да Аўдоты – у лякарню шкыньдзёхай!

Пралетар Аблыга зноў уявіў, як маладая дахторка лезе яму якім-небудзь нікэлёвым зондам у задні праход, і рашуча матлянуў галавою.

– Не!..

– Што – «не»?

– Толькі не ў лякарню.

– Горай будзе.

– А ты ня кракай! – Зьмітро перамяніў паставу. – Давай, дзе там твая Ізьвяргіль жыве?

– Аўдота яна,– невядома чаго пакрыўдзіўся за абзываньне «Ізьвергіляю» чужое, ня роднае яму бабці Шалёны. – Ды во – у завулку Задымлянскім. Тры даляры за візыту бярэ. І за мазьку, здаецца, столькі ж.

– Ого! – толькі й выдыхнуў Зьміцер. Ён паспрабаваў прыкінуць у галаве, колькі ж гэта будзе на звычайныя грошы. Выходзіла болей за некалькі мільёнаў. «Ні фіга сабе!» – У мяне й грошай такіх няма.

Касташ крыху памаўчаў, крытычна аглядваючы хваравітага Аблыгу.

– Знойдзеш. Як хочаш сядзець па-людзку ды з рознымі бабамі качацца – дык знойдзеш.

Надвячоркам, каб адагнаць нейкую дурную страхату, Аблыга храснуў з заводзкімі хлопцамі «малянкоўскую» шклянку падазронае самаробнае гары ды пацёгся ў Задымлянскі завулак. Ад гарэлаўкі яму раптам стала моташна. Праз тканіну порткаў яму здавалася, што ягоная скула зрабілася зусім сінюшняю й тугою, і не раўнуючы празь якую хвіліну покне на самусенькім анусе самазрыўнай гранатаю... Добра яшчэ, што завулак быў зусім побач.

Мокры, дрыжачы, ён хапянуўся за клямку дзьвярэй перакослае, заімшэлае хаты.

– А хто тут? – раптам данеслася недзе з бакоўкі да Зьміцера, калі ён асьцярожненька пераступіў хісткі, прагнілы парог, баючыся праваліцца і тым самым нарабіць сабе канчальнае калецтва.

– Я...

– Хто? – з бакоўкі нешта дробна загрукала па масьцінах, і на сьвет Божы выйшла крывая, старажытная бабця, абапіраючыся на палачку-сукаватку. Яна ўпарта глядзела некуды ў адну кропку, ейныя вачадолы сьлязіліся, і Зьміцер раптоўна скеміў, што яна – сьляпая.

– Гэта я... – няўцямна замармытаў дзяцюк. – Хвароба ў мяне... Да вас паслалі. Сказалі, паможаце. Мазьку бы мне якую...

– То хто тут? – зноў паўтарыла старая, нібыта й ня ёй сказаў усё гэта Аблыга.

– Ну, я! Хлопец. Сказалі, да вас мне трэба..

– А!.. М-шля... – нешта зацухмолела вуснамі старая. І раптам зноў: – То хто тут?

– Зьміцер я. Аблыга. З завода! – ужо й ня ведаў, як прадстаўляцца гэтай старэчы Зьміцер. – Болька ў мяне. Ну, там. Сказалі, лечыце...

Бабця стаяла пасярод задушнае варыўні й з выглядам абсалютнае тугатлумнасьці, відаць, абдумвала пачутае. Трэба сказаць, што зьнерухомела яна надоўга. Наш бядак ужо сур’ёзна падумваў, ці не падацца яму бачком адсюль прэч, як раптам бабця Аўдота ўсё ж зварухнулася. Дробны грук кіёчку патупаў насустрач:

– А... М-шля... Кха! Ну, то пакажы.

– Што – паказаць?! – ціха ашалеў той.

– Ну, больку сваю, значыць, і пакажы.

– Каму? – здурэла запытаў Зьміцер, як быццам перад ім стаяла не адна, а з добры тузін Аўдотаў.

– Куму тваму. – (Бабця, аказваецца, яшчэ был аздатнай й на нейкія кіпікі.) – Ты, хлопча, мяне ня бойся. Знайду я табе мазьку. Але ты ўсё ж пакажы, пакажы... Каб, ня дай Гасподзь, не наблытаць чаго.

– А што тут блытаць?! Скула яна й ёсьць скула,– стараючыся стрымліваць у сваім сэрцы дзікага зьвера, што наравіў прачнуцца, зіркануў з-пад ілба Зьміцер на бабцю. «А Косьціку я ўлімоню. Бач, па шэсьць даляраў бярэ й нават у душу не зазірае!..» – Што я вам тут паказваць буду?! Ты ж... – аднак слова «сьляпая» усё ж да пары захрасла ў горле Зьміцера.

– Як грубіянстваваць будзеш – і слухаць не захачу,– сычыхаю надзьмулася бабця. («Ого, яшчэ тая каргеча!..»)

– Баліць мне, разумееш ты парасолька ты недарэзаная,– Зьміцер і сам ня цяміў, чаму ён гэтую сьлязьлівую старычыху параўнаў зь нейкай «недарэзанаю парасолькаю».

– Пайшоў вон, ш-чыкун! – раптам ціха-спакойна прашлямкала Аўдота, як быццам была не вядзьмічкаю-траўніцаю, а натуралёвым абспаднічаным босам у якое фэшэнэбэльнае канторцы.

– Ты мне траўку якую дай – даўно пайшоў бы! – Ужо й стаяць на нагах Зьміцеру не было як, а тут гэтая прахалюдра ну проста зьдзекам зьдзекуецца!.. – Болька ў мяне, разумееш?! На срацы!

– Бачу, што не на языку,– усё гэтак жа спакойна адказвала Аўдота, як быццам і на самой справе бачыла й Зьмітровы язык, і больку, і тое самае канкрэтнае мейсца. – Пакажы – будзе табе мазька.

– От, ёлупеніцтва непадмазанае! – Аблыга аж пабялеў, так задрынькала-захадохала яго гэтая бабішча. – Што я табе пакажу?! што я табе, кура сьлепянечая, пакажу?

– Якая я табе «кура»? – не на жарт закрыўдавала траўніца. – Ты, малец, адсюль ідзі, ідзі! А не – дык псуцьця напушчу. Да скону сваго крывым будзеш.

Гэта ўжо Зьміцера ўзьела конча. Ён раптам, нават не зважаючы на пякельчысты сьверб ды вярэдзістае незагойства, згроб вобхапак ненавідлую старую, заціснуў, бы абцугамі, ёй шыю ды затрос нібы макаўку.

– Ах ты, сморча гаўнярская! Я табе напушчу псуцьця! Ды я хутчэй сам табе кіндзюхі твае цераз гарлячку выпушчу! – Трос і трос Аўдоту Аблыга. Тая толькі тузалася рукамі-нагамі, падобная на ляльку, скручаную з бруднай анучы, ці на старую, няшчасную прусачыху, што раптам адчула свой перадсьмяротны час. А пралетар Аблыга шаленстваваў яшчэ болей. – Ты сама ў мяне траўкамі лекавацца будзеш! Калі толькі адрозьніш крываўку ад пырніку!.. І на гаршчок да самае сьмертухны не папросісься, гэта ўжо точна! Бач ты, псуцьця яна напусьціць!..

Бабця толькі сычэла, спрабуючы нешта давесьці Зьміцеру, хоць бы як, так бы мовіць, асьцюдзіць ягоны гарачы запал. Але той зьнянацку аступіўся, зачапіў нагою пустое вядро, амаль зьедзенае іржою; яно бразнулася набок, дзяцюк адпусьціў бабцю, аднак гадзючыным выгінам падхапіў з падлогі вядро й не марудзячы насабечыў няшчаснае траўніцы проста на голаў. А для вернасьці ўбабохаў зьверху сваім пралетарскім пракопчаным кулачыдлам.

– А, б-блядзь! – захукаў Зьміцер на выцяты моцна кулак. Наўкол былі адныя боль, крыўда, зьдзекі, шкадоба.

А бабця зь вядром на галавёнушцы, насупраць лёгіцы, што зараз задзярэ яна дагары ногі ды ня вымавіць анігучку, ня толькі здолела гукнуць хоць што – яна зараўла. Праўда, перад гэтым яна ўсё ж бразнулася на падлогу дакладна дагары нагамі, а потым ужо зараўла. Ды так, што Зьміцер ад сполаху не ад старое адскочыў, а да яе падбег і яшчэ раз гваздануў па донцы вядра, ад чаго ў кулаку ягоным штосьці аж храснула.

– А-я-яйа-йа! – загаласіла старэча. – То ж забі-і-й-й-ва-ваюць!

– Я з-за цябе руку разьбіў, гадаўка! Костка трэсла!..

– Мі-ліцыя! Міліцы-я-а-а! Забівец ён! Як ёсьць, забівец!.. Зьмей пракляты!..

Пачуўшы пра міліцыю, забівец і зьмей Аблыга трохі ахалоў. Са сполахам трымаючы перад вачыма страшнаватую карціну – вядзьмачку зь іржавым вядром замест галавы – ён пасунуўся задком да парогу.

Бегчы б ён усё роўна ня здолеў, як бы ні напінаўся тое зрабіць.

* * *

– Ты каго мне насватаў, мударэз сьвінячы?! – да белі бычачы вочы, пайшоў напорам на Косьцю Шалёнага Зьміцер. – Касташ разам з гэткімі ж, як і ён, пралетарамі-таварышамі сядзеў у халадочку блізузаводзкага піўнамору «Дося» і смачна смактаў «Жыгулёўскае» каламутнае. – Я пра шаптуху тваю, Аўдоту гаўнярскую! Бач, сядзяць, глыкаюць! А яна мне!... У дупу, бляха!.. Сволач ты, Косьця. Сволач!..

Не пасьпеў Косьця й рота раскрыць, каб адказаць Зьміцеру нечым годным ды адпаведным, як раптам той хапянуў усё бярэма куфельчыкаў, што стаяла перад пралетарамі на стале, і так-такі зьмёў усё іхняе піўнёвае баляваньне проста на сырую зямлічку.

І пралетары паўсталі. І маўчком на Зьміцера пасунуліся. І не пасьпеў ён зразумець, што трэба бегчы адсюль, бегчы, прычым як мага хутчэй, як моцны хук зьлева таго самага Шалёнага якраз трапна прыйшоўся ў аблыгава падбародзьдзе.

– А ну, жопа нямытая, растварыся адсюль у прастранстве! – стаяў Касташ аж барвовы. Бач ты, гніда скулёвая, ён яшчэ піва ім перакідваць будзе!.. – І быстра! А то кухлем зараз!..

– Я... Я... – мармыкаў нешта няшчасны дзяцюк. – Я не хацеў... Пастаўлю я, хлопцы, вам піва. Потым...

І за ўпацелаю сьпінаю Зьміцера засталіся ўшчэнт прапахлая півам «Дося» ды панурыя, знаёмыя заводзкія рабяты. Засталіся, як хутка стане вядома, каб ужо ніколі не пачуць ягонае «Потым...»

Ноч для яго прайшла ў адчаёвай, зморнай гарачцы. Здуру ён нават, калі было ўжо ня вытрываць, прыклаў да скулы прыпарку са сьпірытусу, ад чаго кулакі ягоныя спрэс пакрыліся скусамі, а вэртыкальная сьценка ледзь не ператварылася ў бягунскую стомэтровую дарожку... Нарэшце ён зьдзер зь сябе нянавісныя майткі, прыклаў дупу да халаднаватага тынку прасьценку й гэткім чынам забыўся хоць на нейкую заспакоеную гадзінку.

На раніцу заставалася толькі адно: рыпнуць да крышыва зубамі ды намыліцца з праклятым візытанцтвам у местачковую лякарню.

І там, як на грэх, ён напраўду патрапіў да сымпатычнае, як жнівеньскі няскручаны сланечнік, маладзенькае сакаўнаклубнае дахторкі. Зьміцер аж ледзь ня сплюнуў ад злосьці, як толькі пераступіў парог мэдычнага габінэту ды ўбачыў гэтую самую сонечную рыжуху.

– Што ў вас? – млява пасунулася яна крыху насустрач Аблыгу.

– У мяне?.. – у роце было суха, нібы ўнутры перакручанага электрычнага дроту.

– Ну не ў мяне ж,– паехала ўніз у шармовае крывізьне ўсьмешачка маладзіцы.

– У мяне, там... ну... таго, вообшчэм!.. – гэта было ўсё, што быў здатны больш-менш талкова вытлумачыць пасьмешлівае дахторцы наш рабацяга.

– Паказвайце, дзе там і што,– здаецца, не зьвяртала ўвагі на ягоны гарачы, струменісты пот мэдычка.

– Як... і вам паказваць?! – тут ужо запахла ня потам, а невыносным, зацятым жахам.

– Што значыць – і мне? – дахторка запытальна павярнула набок сваю прыгожую шыйку.

Зьміцер маўчаў, разумеючы, што збалбатнуў нейкую лухту.

– Давайце, давайце. Ня вы першы, ня вы апошні.

Зьмітро стаяў, марудзячы.

– Ды не ўкушу я вас, малады чалавек. Сорам тут не да месца.

Ён узяўся за прарэшку. Змакрэлыя пальцы дрыжэлі, «маланку» заклініла. Ён, у душы клянучы й сябе, і гэтую ўсьмешлівую маладзічку, тузануў мацней. Безвынікова. Тады Аблыга, ужо злуючыся ўшчэнт, шмаргануў што было сілаў ды выдзер амаль усю прарэху «зь мясам». Зьніякавелы, ён трымаўся за пас і ня ведаў, што рабіць са штанамі.

– Станьце на калені на канапку ды рассуньце седніцы,–маладзічка, здаецца, як на зло, проста забаўлялася ўсім тым, што адбывалася са Зьміцерам.

– Што?..

– У вас праблемы са слыхам ці з чым іншым?

І Аблыга, заціскаючы ў руцэ выдзертую «маланку», нібы заціскаючы свой апошні шанец на выжываньне, стаў. І седніцы рассунуў, трымаючы ў правым кулаку ўсё тую ж клятую «маланку».

У нейкую пякельную каменную крушню абрынулася ягонае сэрца, калі да тугое паверхні скулы раптам дакрануліся халаднаватыя пальчыкі дахторкі. Спачатку яна толькі лёгка правяла пальцам па больцы, а потым нечакана націснула мацней.

– А-а!.. – Зьмітрок гатоў быў бразнуцца з кушэткі, такі гэта быў адчаёвы боль. – Што ж вы... – ледзь стрымаўся ён, каб не паслаць дахторку па-пралетарску.

– Так баліць? – даўно прывыклая да няўцерпных мужчынскіх енкаў, запытала мэдычка.

– А то не!..

– Пацярпіце. Да бабці, відаць, хадзілі? – нечакана спытала, як стрэліла, маладзічка.

– Да якой бабці?! Да вас адразу...

– Маўчыце ўжо. Бачу я, як да нас... І што яна вам сюды прыкладала?

– Ды не прыкладала яна мне нічога!

– Вы гэтыя казкі каму іншаму распавядайце. Каб яшчэ горшых наступстваў не было.

– Якую праўду? Якіх наступстваў?! – здавалася, і тут ня будзе канца зьдзекам.

– Незваротных. Калекам на ўсё жыцьцё захацелі застацца? Дык чым яна вас прыхарошвала?

– Нічым, кажу я вам! – ужо досыць голасна, праўда, усё стоячы ракам, гіркануў у вадказ Аблыга. – Яна й не глядзела нават! Бо я ёй не паказаў. Старэчы сьляпое!... І адразу – да вас.

– Кіньце...

Ад таго, што зрабіла гэтая прапахлая этэрам ды пігулкамі бялявая пракуда, у Зьміцера пацямнела ўваччу. Нават не пацямнела – здаецца, вечная ноч з дробнымі-дробнымі ясачкамі накрыла сабою ўсю ягоную існасьць.

– А Божа ж ты мой! Божа ж ты мой!.. – ня цямячы, ці да месца ўспамінае ён Госпада, да салёнае крыві прыкусіў губу Аблыга й раптам нечакана выціснуў: – От, падла!

– Ціха!

Мэдычка павярнулася да ўмывальні, злосна бразнула нечым па ракавіне:

– Вы тут свае крыкі кіньце. Я й сама ня горай за вас магу!

– А я й не крычу! – крычаў на канапцы Зьмітро.

– І не крычыце! Адразу да нас трэба было ісьці. А не лекавацца саматугам дрэньню рознай!..

– Ды не лекаваўся я анічым! – ужо ўшчэнт разьбірала Зьміцера крыўда.

– У мяне што – павылазіла? Я ж бачу!

– А бачыш – дык...

– А ну, замаўчыце! – раптам вярэснула дахторка голасам дурное базаршчыцы. – Вам апэрацыя трэба! Сама пазьней – заўтра. А лепей – сёньня!..

Аблыга раптам сьцішыўся.

– Што – рэзаць? – (ён так і стаяў ракам на кушэтцы, разьдзіраючы сабе седніцы рукамі).

Маладзічка абярнулася:

– Так, рэзаць! І можаце апранацца.

Аднак з канапкі Зьміцер не падняўся. Ён як стаяў, так і стаяў, толькі спачатку ціха, а потым усё гучней, абаблена й непрыгожа, пускаючы нейкія даўкія сьліні, заенчыў:

– Ня дамся я рэзаць! Ды што ж гэта такое?.. Ды што ж гэта робіцца, га? Піва яны смокчуць!.. Ды навошта ім піва тое?! Колькі ж можна зьдзеквацца так?!. Хто прыдумаў гэта ўсё, га? Тут жывеш, ходзіш, спадзяесься на нешта, а табе – р-раз! – і рэзаць!... Зарэзалі б ваабшчэ, ей-бо! ! майстар яшчэ, Грыберман гэны! «Чушкі, чушкі!» Ну, й жары свае чушкі! Усёрвацца буду, а болей да морды жыдзярскае не падыйду! І чаго раптам усё мне аднаму? Я грэшнік які ці што? Ці познамка ў мяне на лобе якая? Ці ў жыцьці я шмат хлусіў? Разы два ці тры, ня болей!.. І з бабамі культурна ж заўсёды. І палучку... У зьберагацельнай касе адкладваў!.. І матацыклетку – бацьку аддаў!.. О, Божа-а-а-а-а!.. Гы-ы-ы-ы-ы!.. – ужо капітальна загаласіў бясштанны Аблыга. – І апяць няма вінаватых! Няма, бляха, як ні круціся!.. А я вам усё роўна ня дамся, хоць рэжце! Ну за што, скажыце, за што?

– Як сабе хочаце,– зьнянацку на свой звыклы тон перайшла дахторачка. – Дрэнь...

– Што?.. – скрозь сьлёзы перапытаў бядовы пралетар.

– Справы вашыя – дрэнь,– канстатаваў белы халаточак,– адварочваючыся да вакна.

– От, ёп! – заенчаны, сшарэлы тварам да гнілое цытрыны пацыент падхапіўся з канапкі, так-сяк падцягнуў штаны і ўжо стаяў, па-дурному падтрымліваючы іх, каб не спаўзалі ізноў долу, сволачы!.. – Ну, ёп!..

Але толькі сабраўся ён пайсьці адсюль прэч, як раптам дзьверы ў габінэт з трэскам расчыніліся й у праёме паказаліся строгія ды ўкормленыя (кха!..) твары адразу ці не сямёх міліцыянтаў.

– С-стая-аць! Рукі за голаў! – зароў, па ўсім відаць, старшой гэнага ўзмоцненага апэратыўнага нараду.

І, не чакаючы, пакуль і без таго стаяшчы бядак закладзе рукі за голаў, гэты самы старэйшы клапаносы міліяка хвацка паднырнуў Зьміцеру пад локаць, адначасна бязьлітасна выкручваючы яму руку, і мыском свайго хромавага боту гэтак зачваўберыў яму ніжэй сьпіны, што пралетар толькі гвякнуў і цэпам паваліўся на тую самую канапку, на якой толькі што рачкаваўся.

Мэдычка войкнула, схапілася за рот ды вымкнула з габінэту.

– А ну, уставай! – паддаў кулаком Зьміцеру пад дых ужо іншы міліцяянт. – Ты бач, разваліўся! Старую Аўдоту замачыў, а цяпер курортніка зь сябе муціш?

Але прадстаўнік авангардовае часткі электарату Зьміцер Аблыга болей ня ўстаў. У вапошнюю хвілю свайго жыцьця ён раптам адчуў, што скулу ягоную ад сакрушальнага ўдару міліцыянцкім ботам прарвала навылёт, і ад гэтага яму стала лёгка-лёгка.

Адразу, аднак, пасьля гэтае лёгкасьці на яго накаціла бязьмежная, усеакіянская хваля шкадобнага, мэлянхалічнага суму.

Ад невыноснай тугі, жалю й роспачы ён і памёр, ніцма лежачы на бялюткае, як першы лістападаўскі сьнег, канапцы.

Міліцыянты тупавата паўзіраліся ў зьбялелы, зьліты з прасьцінаю, твар Аблыгі.

– Мудзіла! Ну й каго цяпер браць будзем? – сплюнуў на стэрыльную падлогу старшой, і службоўцы парадку, цяжэзна грукаючы па ёй ботамі, гужам пашлэпалі прэч з раптоўна асірацелага габінэту.

Ліпень, 1999, Кобрынь.

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія