БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 8

Цень ваўкалака над новым горадам
Алесь Аркуш. Выбранае (вершы і паэма. 1988-1998): Полацак-Горадня, “Полацкае ляда”, 1999, 56 с., 100 асоб.

Мы – дзеці чорнага горада,
Мы выйшлі зь ягонага чэрава.
Мы сталі ягоным голасам,
А голас ня мае ценю.
                                               Тацяна Сапач

1. МІТАЛЁГІЯ ВОБРАЗАЎ

Новаму беларускаму гораду насамрэч болей як тысячу год, калі пачынаць лічыць ад Рагвалода.

Новы беларускі горад, бадай, напалову складаецца з новых беларускіх вершаў, прынамсі, тое, што прынята называць паэзіяй урбаністычнай, зрабіла неацэнены ўнёсак у стварэньне, а дакладней – аднаўленьне беларускай гарадзкой сьвядомасьці.

Новы беларускі верш ствараўся пры дапамозе “асадкі” і “аркуша”, вяртаючы ў побыт старыя словы. Алесь Аркуш ёсьць спараджэньне адначасова старажытнага полацкага дзяцінца і “чорнага горада” – новабеларускага індустрыйнага мэгаполісу.

Ад полацкіх каранёў у аркушавых вершах “паганства” і часам адмысловая “фальклёрная” рытміка:

За лясамі, ўзгорамі,
За сівымі зорамі
Ягадай несьпелаю
Сьпіць краіна белая…
                                               (“Ускраіна”)

Ва “Ўскраіне” фальклёрнасьць сутыкаецца з сацыяльнасьцю, старажытнасьцю – з сучаснасьцю і гэтая сумесь у сваю чаргу спараджае надзвычайную унутраную дынаміку верша – за кошт зьмены рытму ў другой частцы твора –

Мой сын маўчыць, маўчу і я:
Навокал скрозь – калёнія.
Калее ў студзеньскай вадзе
Пярсьцёнак згубленых надзей.

…і суіснаваньне ў межах аднае страфы сучаснага вобраза культурніцкай калёніі і дастаткова распаўсюджанага ў казках вобраза пярсьцёнка як сымбаля таямнічай прыхаванай моцы. Адмысловую ролю тут грае гукапіс, але пра мэлёдыку аркушавых вершаў – асобная гаворка.

Пакуль што, разглядаючы “паганскія матывы”, нельга не закрануць улюбёную паэтамі-урбаністамі “ваўчыную” тэму. Каменныя лябірынты новага беларускага горада заселеныя старымі, як калыханка, паганскімі вобразамі. Цень Ваўка-Ваўкалака лунае над горадам Адама Глёбуса і Тацяны Сапач. Ваўкалак жыве ў горадзе Аркуша яшчэ з часоў Усяслава Чарадзея. Паэт расклаў працэс ператварэньня чалавека ў ваўка пакадрава, з аналізам пачуцьцяў і адчуваньняў.

Воўк валюхаста пабег мне насустрач.
Ад гэтага я раз’юшваюся ўдвая.
Я сам раблюся падобным да ваўка.
Няхай! Няхай да д’ябла! Няхай да ваўкалака!
Бо шэры – мой вораг! Я трызьню помстай!
                                                                                      (“Воўк”)

Да канца верша пераўвасабленьне адбываецца канчаткова і сьцьявярджаецца апошнім радком,– гэтая спроба стварыць адчувальны вобраз “унутранага зроку”:

я(...) заплюшчваю вочы і бачу Ваўка.

Ад паганства і ўвесь набор ідалаў – ад Перуна да Вялеса – і рэшткі замежнае – антычнае – міталёгіі (“Разьвітаньне з Танталам”).

З таго ж кошыка й “Каляды” – верш, пабудова і рытміка якога правакуюць на стварэньне яго музычнага аздабленьня. Зрэшты, сучасная беларуская паэзія спрэс вызначаецца сваёй “музычнасьцю”, а значная частка новых беларускіх вершаў ёсьць у першую чаргу песьнямі.

Наш маршрут праз сумёты й лес,
Дзе даўно не кугае зязюля,
Дзе пануе сучасны прагрэс
I блукае шалёная куля.
Мужыкі там гуляюць у віст,
А жанчыны – у хованкі зь лёсам.
Нашы песьні, як ветрыка сьвіст,
Толькі чуюцца ў комінах вёсак.
                                               (“Каляды”)

На памежжы старажытнага і тэхнічнага – “Катрынка”. Сымбаль “старога” беларускага горада, які мусіць запоўніць часавую прастору паміж старажытным і новым беларускім горадам, зьвязаўшы іх і выступіўшы пэўным доказам існаваньня спадкаемнасьці паміж імі. Што ж, “Грай, катрынка, сьпявай безупынку”.

Траска ў кансэроўцы, сталёвая рыба і люстэрка – асноўныя прэтэндэнты на тое, каб стацца ўрбаністычнымі міталягемамі ў новым горадзе, які сам па сабе ёсьць сыстэмаю ўпарадкаваных ці адвольна раскіданых люстэркаў, што мусяць вонкава павялічваць вагу чалавека ў безьліч разоў. Так, люстэрка ёсьць найвялікшым дасягненьнем, бо павінна пашыраць прастору, але паколькі сама сыстэма люстэркаў – замкнёная, то ўтвараецца эфэкт кансэроўкі, а горад робіцца адзіным вялікім лябірынтам

Углядайся да зьнямогі,
а калі стомішся, то шлях, брукаваны
чалавечымі галовамі, зьдзівіць бязьлюдзьдзем.
                                                                                         (“Натоўп”)

Адначасова мы адлюстроўваемся
ва ўсіх люстэрках, якія
акаляюць нас,–
памнажаемся, скажаемся,
памяншаемся, павялічваемся
і… зьнікаем.
                                                                                      (“Люстэркі”)

А ноччу адбіткі пакінуць люстэрка,
Пасыплюцца долу – заб’юцца ўтрапёна,
Як соліды важкія з бомкай манеркі,–
профілі згубяць дазваньня імёны.
                                                                                        (“Адбіткі”)

2. МІТАЛЁГІЯ СЛОЎ

Кладу ў імбрычак зёлкі
пры гэтым вымаўляю
сапраўднае імя кожнай

Словы булькочуць у нетрах верша, як у варыве вядзьмаркі, выклікаючы да жыцьця забытыя і пакінутыя вобразы. Паступова чытач пачне атаясамліваць “імбрык” з прыстасункам для прыгатаваньня гарбаты гэтаксама, як раней навучаўся ўспрымаць найменьне “аркуш”.

ты ўпадзеш у пярыну падбелу
мацярдушкі скрыпеню жывакосту
дзівасілу сьвятаяньніку браткоў
                                                                                  (“Ultima Thule”)

Словы-міты, ужытыя бяз знакаў прыпынку, без інтанацыйных вылучэньняў гучаць, як модлы на паганскім жэглішчы.

Пільня, стодка, зёлкі, чарупіна, сіберны, нехлямяжы, валюхаста –

чарада слоў
драбніцы стракатых падзей
мэтамарфозы быцьця
навонкі…
яго (гэтага места) няма – пакуль ты
ня ўявіш яго сам
                                                                     (“Патрэба вяртаньня”)

Арфаграфія ў Алеся Аркуша адмысловая: не падпадае ні пад правілы наркамаўкі ні пад правілы тарашкевіцы, ад чаго, як ні дзіўна, ствараецца ўражаньне самабытнасьці і натуральнасьці – але гэта ўжо належыць іншай сфэры.

3. МІТАЛЁГІЯ ГУКАЎ

У кансэроўцы зварухнулася траска.
I Іплаўнікі запрацавалі, што вінты.
У плаўнях морквы і лаўровага ліста
Яна ўсплывала са статычнае вады.
                                                       (“Траска”)

Адзіны дрыжачы гук у беларускай фанэтыцы ёсьць адначасова бадай самым урбаністычным і, адпаведна, займае належнае месца ў сыстэме аркушаўскага гуказапісу.

Чуеш – як скрыгат расьце,
Воды стаўбурацца ў гудзе?
Безьліч сьмяротных асьцей
Рэчцы патрапілі ў грудзі.
                                     (“Сталёвая рыба”)

Пэўне ж, аркушавыя гукі, як і вобразы магчыма падзяліць на “паганскія” ды “урбаністычныя”, далучыўшы да апошніх якраз тыя, што імітуюць скрыгат і звон мэталу.

Рыба губляе луску –
Сталь дамагаецца цела.
Па мэталёвым пяску
Рыба зьнямогла ляцела.
                                      (“Сталёвая рыба”)

А старыя, так бы мовіць, “фальклёрныя”, гукі – усе асыміляваныя па мяккасьці – сьвісьцячыя зычныя.

Ва “Ўскраіне” першы слупок – падкрэсьлена фальклярызаваны, што перадаецца й з дапамогай гукапісу – за кошт паўтора спалучэньняў “сьп” у двух націскных складох – гэткая своеасаблівая гукавая ланцужковая рыфма.

Ягадай нясьпелаю
Сьпіць краіна белая.

А ў апошнім слупку такі ж прыём скіраваны на ўрбанізацыю: акцэнт прыпадае на мэталёвы зычны “л” у спалучэньні “кале”.

Навокал скрозь – калёнія.
Калее ў студзеньскай вадзе
Пярсьцёнак згубленых надзей.

4. МІТАЛЁГІЯ НОВАГА ГОРАДА

Эўрапейскасьць патрабуе урбаністычнасьці. Для ўваходжаньня беларускай паэзіі ў агульнаэўрапейскую паэтычную сыстэму ёй патрэбны новы беларускі горад. Аркуш стварыў уласны варыянт такога горада – гэты горад дае аўтару магчымасьць ісьці па Парыжу, “як змоўнік”, “як барбар”, “як заваёўнік”. Новы беларускі горад здаецца значна маладзейшым за Парыж. Але калі, заблукаўшы ў французскай сталіцы, паэт раптам падыме галаву – то не пабачыць над Парыжам ценю Ваўкалака, і вернецца ў Полацак па новыя вершы.

Ганна Штэйнман

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія