|
Рэпартажы з краіны абсурду
Сярhіej Astraвец. Цэnzarскія nажniцы. Проза 1984-1999. Гародня – Беласток, 2000.
Ёсьць кніжкі, якія існуюць раней за сваё насамрэчнае выкнігаваньне; яны містычнапрысутнічаюць у літаратуры выпадковымі адкніжнымі публікацыямі ў газэтах ды часопісах, жывым тайнічым голасам з пісьменьніцкае шуфляды, прадчуваньнем пакрыёмае наканаванае явы, якая ваколкніжна чакае ўласнага пераўтварэньня ў літаратурны адбыў; зьяўленьне згаданых выдрукаў у сьвеце – то ня спроба існаваньня ў рэальнасьці, а самаістае пацьверджаньне рэальнапраўднасьці сьвету; “Цэнзарскія нажніцы” Сяргея Астраўца, што ўкнігаваліся ў 2000 годзе, ёсьць гэткая тайнічая кніжка: яна духацьвердзіць рэальнасьць, спраўджае сабою даўно прамоўленую наканаванасьць, духаўрачыстуе над прыгонам рэчаіснасьці, яна бясконцанапоўненая незвычайнасьцямі й самім жыцьцём; яна як бы ўраўнаважвае сабоюяваю ўласную ранейшую адсутную прысутнасьць.
Кніжка гэтая адмысловая ў сваіх памкненьнях да волі й творчасьці; яна ёсьць жывыя паказчык і помнік духовага пісьменьніцкага процістаяньня нежывым навакольным умоўнасьцям; “Цэнзарскія нажніцы” – гэта ўпартае цьверджаньне мастака як вольнае асобы насуперак тым зьнявагам, якія даводзіцца спатыкаць сёньня таленавітаму пісьменьніку й шчыраму беларусу: цягам гадоў Сяргей Астравец пісаў па сутнасьці “ў стол”, ягоныя творы ўпарта ігнараваліся літаратурнымі афіцыйшчыкамі ды літкрытычнымі гомасэксуальшчыкамі, перакідваліся з пляну ў плян, не дапускаліся да выданьня, душыліся, замоўчваліся; сам пісьменьнік у даслоўку “62 аповеды”, што зьмешчаны на завяршэньні кніжкі “Цэнзарскія нажніцы” сумнаіранічна заўважае пра гэтае: “Кніжка “Цэнзарскія нажніцы” была здадзена ў выдавецтва “Мастацкая літаратура” у 1994 г., калі “цэнзарскія нажніцы” ўжо пачыналі здавацца амаль музэйным экспанатам. Але насамрэч іх часова пераклалі з шуфляды ў сэйф. Побач з асялком, каб потым завострыць. Кніга была набрана, але так і ня выйшла. Што тут дадаць? Толькі тое, што цэнзарскія нажніцы часам, можа, нават надаюць натхненьня. Пакуль іх не вымаюць і не кладуць пры руцэ. Пакуль цэнзары ня робяцца пракурорамі. За наступны час у аўтара напісалася новая кніга “Хома новус”. Вымушана яна апынулася з “Цэнзарскімі нажніцамі” пад адной вокладкай, а плюс да іх 21 “савецкае апавяданьне” й міні-раман у шпігелі. Атрымалася дзьве кніжкі ў адной, нават тры. Як кава адразу з цукрам і вяршкамі. Хаця некаторым лепей смакуе толькі чорная кава без дадатка…; некаторым у нас дужа смакуе парсючынае пойла,– і кніжка Сяргея Астраўца ёсьць пратэст, перамога і ўрачыставаньне напроці таго галасістага заняпалакалгаснага ненаедку, што сёньня галодзіць і морыць нашых сьвіналітаратуршчыкаў; кніжка ягоная – духовае ўзвышэньне над штукарствамі літаратурнае мафіі, якая здаўна афіцыйнаабсталявала літаратуракавальскі цэх сьвінячым карытам ды праз свае законы змусіла працавітых кавалёў навыперадкі сёрбаць з карыта ўсялякую дрэнь; Сяргей Астравец прынцыпова адмовіўся ўладжваць выдавецтва ўласных твораў у мафіёзны спосаб, і ў ягоным самавыдавецкім чыне адчуваецца ўрачыставаньне асобы вольнае й годнае, гэткае, як бальшыня герояў проціцэнзарскіх аповяедаў. Кніжка ягоная вызначальная й непахісным цьверджаньнем уласных эстэтычных поглядаў і перакананьняў насуперак юрлівым блазнаватым вохам-стогнам літмужалюбаў з залюбошанымі каравымі мальчыкамі ў глазах; па сутнасьці, гэта ўсё тое ж духовае процістаяньне літаратурнае мафіёзнае “групавусе”, спробам юродзівых літаратурасекаў-камісараў запрыгоніць творчасьць пустымі лёзунгамі ды адозвамі, спляжыць у пісьменьніку ягоную адметнасьць, задушыць у ім асобу і волю; “…Крытык толькі павучае пісьменьніка, сам жа ім ніколі ня стане.”; “Ведаць, як гэта робіцца, яшчэ замала, каб самому пісаць.”; Сяргей Астравец адпачатнанемафіёзны ў сваёй творчасьці й кнігавыдавецтве; ягоны творчы шлях незвычайны, ня біты, самастойны й самабытны; жывучы ў Горадні, ён прыслухоўваецца да сябе, да сваіх уласных пакрыёмых сьцяжынаў і не імкнецца ісьці ў літаратуру агульнаэтапам, завядзёнкаю, якую ўсталявала “сям’я” і ейныя “хросныя”; у апавяданьні “Звоўчыўся” пісьменьнік, кажучы пра літаратурнага героя і ад яго імя, найперш кажа пра сябе, свае прынцыпы й сваё жыцьцё: “Варта ў нас пачаткоўцу апублікаваць нізку вершаў або апавяданьнейка, як ён адразу пачынае рабіць захады, каб уцячы да сталіцы, і ўжо пачаць друкавацца стала. Сталіца “высмоктвае” зь Беларусі паэтаў. Гэта зрабілася няпісаным законам. Вядома, аднак, што можа спарадзіць у душы вяскоўца гарадскі асвальт. Тугу па вёсцы ды нейкае вершавана-празаічнае румзаньне. У пісьменьніцкім саюзе атабарылася цэлая плойма такіх настальгічных літаратараў. Мяне гэта ня вабіла, дужа не хацелася далучацца да агульнага хору. Можа гэта й падасца нясьціплым, але я моцна адчуваў уласную аўтэнтычнасьць. Мне здавалася, мае апавяданьні не былі падобныя да друкаванага ў сталічных часопісах. Я пісаў сваё. А сталіца...… Калі ў шыбе паказваліся першыя, з адлегласьці яшчэ нізкарослыя гмахі, сэрца маё сьціскалася ад скрухі. “Хутчэй бы дахаты”. Нежывыя вуліцы, натоўпы з пустымі вачыма. Шкляныя пагляды. Шэра і безаблічна. Адчужанасьць навокал.”
Кніжка “Цэнзарскія нажніцы” незвычайная й сваёй красою, аздобчай вытанчанасьцю; гэткіх прыгожых кніжкаў самавыдавецтва ў межах рэспублікі яшчэ ня ведала, дый для штатных выдавецтваў “Цэнзарскія нажніцы” могуць быць сапраўдным узорам майстэрства й працы: што зьяўлецца сёньня для самавыдавецтва бядою, дык для афіцыйнадруку – гана, і ў параўнаньні з літаратурастаткавымі кнігасьвіньнямі, паўзгадаванымі афіцыйнымі мафіёзамі, “Цэнзарскія нажніцы” выглядаюць недасягальна й чароўна; таўсматая кніжка (больш за паўтысячы старонак) самая просіцца ў рукі, змушае на гартаньне аркушоў і чытаньне аповедаў,– і гэтае пры ўсім тым, што пісьменьнік аздобіў кніжку самарушна, без выдавецкіх мастакоў.
Дый зьмесьціва ў ёй незвычайнае гэтак жа, як і аздоба: “Цэнзарскія нажніцы” напісаныя вытанчана й непаўторна, цікавай моваю, адметным стылем; Сяргей Астравец аўтар беспадобнай літаратуры, якую ён вызначае, як “газэтную прозу”, заснаваную на памежжы мастацкае творчасьці й працы журналіста; аднак журналісцкі дамешак аніяк не прыніжае мастацкую якасьць твораў: газэтчына выяўляецца ў апавяданьнях не як руціна і аднастайнасьць, а надае як бы дакумэнтовую дакладнасьць адвольнаму мастацкаму вобразу, рэчаіснапраўдзіць яго; у апавяданьнях Сяргея Астраўца дзіўным чынам спалучаюцца сапраўдныя асобы з выдуманымі пэрсанажамі, фантастычна-нерэальныя вобразы з дакумэнтовасьцю, знарочыстабутафорская рэчаіснасьць з фатаграфічна-адлюстраванаю натураю, сэнсавызваленьне ад непахісных ісьцінаў і законаў з набыцьцём сэнсу ў вольных няўцямных вобразах; творы Сяргея Астраўца напоўненыя абсурдам рэчаіснасьці, і гэты абсурдасьвет падкрэсьлівае жыцьцёвасьць і вечнасьць чалавечае душы сярод бязглуздае краіны-сьмехачасу – якойсь “кітайгародсзкай барбарусі”, дзе помнік Уладзіміру Ільлічу Леніну плача, як сікстынская мадона, а ў БТР (бартарна-транзытная й бананава-таталітарная рэспубліка) пачаткуецца ды існуецца новая раса афраазіятаў; акурат праз гэтую незвычайнасьць, створаную на аснове абсурду, выдумкі й рэпартажнае даталёвасьці выяўляецца Астраўцова філязофія волі, дый самая воля пісьменьніка, ягоная нязломная прага пісаць і духатварыць. “Цэнзарскія нажніцы”,– прызнаецца пісьменьнік,– вельмі гарадзенская кніга. Брук, муры, званіцы, статуя Хрыста, рака, бронзавы помнік Алізы Ажэшкі, стары вежавы гадзіньнік. Барэльеф караля Стэфана Баторыя ў фарным касьцёле, сфінксы на замкавай браме, кансьпіратыўная кватэра Каліноўскага, дом урада БНР. Усё гэта паўплывала на аўтара, дапамагло яму напісаць гэтую кнігу.”; трэба дадаць, што “Цэнзарскія нажніцы” – вельміастравецкая кніжка: яна найяскравей выяўляе талент і творчую індывідуальнасьць Сяргея Астраўца, толькі ягоны сьвет з абсурдам мэханічнае рэчаіснасьці й мудрасьцю жывое чалавечае душы; то сьвет, намаляваны чарамі гарадзенскіх старых падворкаў і старажытных замкаў, водарам “літаратурнае” кавы, постукам пісьменьніцкае друкаркі,– непаўторнай і няўлоўнай-няўтлумнай чульлівасьцю, толькігарадзенскім і толькіастраўцоўскім настроем, які крыху й поўна выявіўся і ў вершы, зьмешчаным у апавяданьні “Ундэрвуд”:
На стале маім кніжкі,
як цэгла – адна на адной.
Побач машынка
чорнаю плямай
са зламанай рукой.
Сьвечка памерлая,
чорны кнот
бела-хворае
стэарынавае цела
працяў навылёт.
Кветка зімовая здранцьвела
канае,
утапіўшы карэньне засьмяглае
ў гліняным гаршчку
са сьпятрэлай зямлёй.
Зіма. Лютага сьцень.
Дотык холаду.
Лявон Вашко
|