Дажынкі
* * *
Сяргей Красьнята. Душа зямлі: Віцебск, “Фонд Льва Сапегі”, 1999, 32 с., 50 асоб.
Красьнята паспрабаваў стварыць гераічны беларускі эпас, што засьведчана ў ягонай прадмове. З увагай на падобныя памкненьні Янка Брыль неяк адцеміў: “усе народы ўжо даўно адбразгацелі ў літаратуры рыцарскімі мячамі ды латамі, а мы цяпер – наўздагон”. Але для аўтара “Душы зямлі” ўсё толькі пачынаецца, а пэрсанажы айчыннай гісторыі – жывей усіх жывых. У першых жа радках сваёй кнігі С.Красьнята выклікае на паэтычны турнір цень Гала Ананіма – цені адказваюць паэту ўзаемнасьцю.
Кнігу складаюць гісторыка-гераічная паэма “Душа зямлі” і “Быліны Дзьвіны”, зьмест якіх – рэканструкцыя яцьвязкіх паданьняў і легендаў аб Усяславе Чарадзею. Лучыць паэмы паганскі зацін. Змагаючыся зь відзежамі крывіцкай Антычнасьці, паэт выпрацаваў харызматычны зык, жарсьцю сваёй нагадваючы паэтычныя практыкаваньні Л.Кэрала з “Алісы ў Залюстэр’і”. Такі ўжо лёс гераічнага патасу ў наш цынічны век – ані Красьнята, ані Гамэр тут не выключэньне.
Можна заўважыць аналёгію паміж творчасьцю аўтара “Душы зямлі” і Язэпам Драздовічам у іхнім супольным зацікаўленьні архаічнымі крывіцкімі кодамі. Пераклічка прысутнічае і ў лёсах – як і знаны крывіцкі Вандроўнік, Красьнята таксама бянтэжыць сумленьне аселых суайчыньнікаў сваімі падарожжамі. Што гоніць “паэтаў-цароў” па Краю, што трымае іх тут – пра гэта С.Красьнята мог распавесьці і за сябе, і за Драздовіча, і за “таго хлопца”.
Кожнае пакаленьне мае сваіх герояў – адныя фігуруюць у хрэстаматыях, іншыя – у показках. Дзякуючы апошнім і зьдзяйсьняюцца нэафітаўскія мары чарговых бурапеньнікаў. Вось і Красьнята рэалізаваў на свой капыл праграмную ўстаноўку “Тутэйшых” аб стварэньні нацыянальнага гераічнага эпасу. Зрэшты, кропку ставіць рана – покуль будзе ў полацкіх чарналесьсях жыць воўк, будуць складаць і вершы аб ваўкалаку. Ані крытыкі, ані ўнівэрсытэцкая адукацыя гэтаму не заміна. Так і Красьнята – атрэсься ад асьпіранцкай навукі ды памкнуў у нетры фольку. Магчыма, учэпістая на вершы вясковая памяць будзе больш літасьцівай да ягоных твораў, чымсі да маляванак Драздовіча. І тады – у чарговы палявы сэзон студэнты-гісторыкі з Полацку ўзбагацяць навуку адкрыцьцём гераічнага народнага эпасу “Душа зямлі”, калі не ўсплыве толькі дзесь на сялянскім гарышчы ценькая кніжка з аднайменнай назвай. Зрэшты, заўжды знойдзецца крытык, які абвесьціць рарытэт містыфікацыяй. У любым выпадку, беларуская фальклярыстыка не застанецца без сэнсацый. Душа зямлі – жывая.
* * *
Пятро Васючэнка, Антоні Вырвіч. Прыгоды аднаго Губашлёпа. (Аповеды пра Валентага): Менск, ЧП “Редакцыя газеты “Частный детектив”, 1999, 64 с., 1000 асоб.
Эўрапейская гумарыстычная літаратура мае ўласны пантэон герояў: тут і чэскі жаўнер Швэйк, і эстонскі памешчык Тооц, і ангельскія “афіцэры ды джэнтэльмэны”. Падобны разнабой саслоўяў невыпадковасьць – па-сяброўску пакепліваць можна толькі над тымі, хто адэкватна рэагуе на жарты. Відавочна, што ў беларусаў – гэта студэнцтва. Студэнцкім фальклёрам прасякнуты хрэстаматыйныя старонкі “Сібірскай аповесьці” Ул.Арлова ды “Палоннага Чорнага стэпу” В.Мудрова, зь інтэрнацкага побыту паўсталі колісь ліхтугі “Бацькі ў калаўроце” Р.Семашкевіча. У гэты шэраг варта залічыць і “Прыгоды” Пятра Васючэнкі. Галоўны герой апавяданьняў Васючэнкі – студэнт-“заходнік” Валенты Крукоўскі, як сьведчыць анатацыя да кнігі,– “здае зь пераменным посьпехам іспыты, гуляе ў храпа і “Спортлото”, тушыць неіснуючыя пажары, поіць адмысловай гарбатай нямецкага генэрала, кахае і расчароўваецца, і, на жаль, дзюбае гарэлачку ды "чарніла", анічым не саступаючы тут “усходнікам”. На нашых вачах, ці не ўпершыню ў беларускай літаратуры, адбываецца дэканструкцыя крэольскага міту аб дзьвюх Беларусях – усходняй і заходняй, які зьяўляецца перанясеньнем нэгатыўных вобразаў “чужога”: паляка – на “заходнікаў” і маскаля – на “ўсходнікаў”. Дзеля падобных абаватальскіх стэрэатыпаў гумар – найбольш дзейсны сродак прафіляктыкі, што і прадэманстравана аўтарам “Прыгодаў”.
Першая часопісная публікацыя апавяданьняў Васючэнкі зь ягонага “студэнцкага” цыклю зьявіліся дзесь у сярэдзіне 90-х. Эвалюцыя, якую зазнала за гэты час беларуская літаратура, ня толькі не абясцэніла творчыя пошукі П.Васючэнкі, але і перамясьціла іхны плён у “мэйн-стрым” сучаснай прозы, побач з творамі Ул.Арлова, Л.Вашкі, В.Мудрова, С.Яновіча. Характэрнымі рысамі гэтай плыні зьяўляецца навэлістычны фармат і тэхналягічнасьць пісьма, зьвернутага да чытача, а ня крытыка – адсюль перавага побытавай гумарыстычнай фабулы. І ў сваіх культуралягічных рэчах – “Полацкіх лябірынтах”, “Крыўскім слоўніку паводле Я.Баршчэўскага” – Васючэнка патрапляе сумяшчаць інтэлектуалізм з шырокімі чытацкімі запатрабаваньнямі. Гэта адзнака нашага часу – Адраджэньне пачынаецца з дэмакратычай паліграфіі і масавых сэрый у “мяккай” вокладцы.
* * *
Рыгор Барадулін. Здубавецьця: Менск, “Паліфакт”, 1996, 160 с., 3000 асоб.
Прыхільнікі канцэпцыі балта-крывіцкага паходжаньня беларусаў знойдуць у “Здубавецьці” Р.Барадуліна цікавы аргумэнт на карысьць сваіх перакананьняў. Ушацкія досьціпы, сабраныя ў гэтай кнізе, характарам свайго гумару нагадваюць латыскія дайны. Апошнія, дарэчы, сталіся даступныя сучаснаму беларускамоўнаму чытачу праз пасярэдніцтва менавіта дзядзькі Рыгора. Народная сьмехавая культура – заўжды дыялёг, вымагаючы таленавітых апавядальніка і слухача. Гэта і дэманструе Р.Барадулін, прапануючы нам не застылыя анэкдоты, а жывыя галасы, сумоўе -- традыцыйнай культуры і сучаснасьці, латыскага і беларускага народаў. Чытаючы Барадуліна, разумееш заканамернасьць нараджэньня канцэпцый “дыялёгу” і “карнавалу” М.Бахціна ў атмасфэры Паўночнай Беларусі, зь ейным этнічным і канфэсійным шматгалосьсем, суплётам жывой народнай культуры і старажытнай урбаністычнай традыцыі Полаччыны.
Акром паспалітага чытацкага інтарэса гэтая кніга патрапіць задаволіць і акадэмічныя запатрабаваньні аматараў беларускага слова. Галоўным героям у барадулінскіх карацельках робіцца почасту само маўленьне – амаль у традыцыі філялягічных абразкоў Ф.Янкоўскага. Гэтыя мініятуры актуалізуюць ня проста дыялектную лексыку, але і старажытную этыку суіснаваньня чалавека з навакольным асяродзьдзем-прыродай, суседзямі, космасам. Падобнага адчуваньня этнаэкалёгіі-зьнітаванасьці нацыянальнай ідэі зь ляндшафтам штодзённай культуры – беларушчыне бракуе ад часоў Багдановіча ды Канчэўскага. Таму сваім словам Барадулін здольны легітымаваць ня толькі сучасныя культурна-палітычныя пачынаньні, але, рэтраспэктыўным парадкам, і ўвесь літаратурны дыскурс Беларусі ХХ стагодзьдзя, якому часам не хапае жыцьцёвай сапраўднасьці.
У народным самапачуваньні беларусаў адсутнічае патас, што засьведчыла і “хуліганскае” “Здубавецьця”. Ці не прычына гэта таго, што беларусы здольныя цешыцца над самымі драматычнымі радкамі нашых сучасных эпікаў. Але для апошніх усё ж застаецца нейкая надзея, што іхныя творы будуць ужывацца па наўпроставым прызначэньні, як толькі айчынны кніжны рынак на/перасыціцца добрай, па-народнаму сьветлай літаратурай.
Чытайце Барадуліна і пераканаецеся самі: “Здубавецьця” – гэта сьмешна, як толькі можа быць сьмешным сапраўдны драматызм быцьця.
Сяргей Шыдлоўскі