|
 Генадзь АЙГI
Шчасьце
— Там, дзе вочы гэтыя радзіліся,
было справакаванае сьвятло.…
Я кладу сымэтрычна чарупінкі
на жанчыну чужую,
якая ляжыць на пяску.
А аблокі — як крыкі,
і неба ўсё ў гэтых крыках,
і мне адкрываюцца межы
паміж цішынёю і шумам,—
ва ўсьмешцы жанчыны
іх бачу, як швы на вятры;
і атрасаюся я, нібы конь,
між нашчадкаў прасьценкаў і дробаў;
і думаю: хопіць зь мяне, ня мой гэта клопат,
трэ памятаць, што два чалавекі —
гэта і ёсьць Біркенаў,—
о табу ты маё, Біркенаў маё,
гульня матэрыялу й жалеза маё,
цуд — не пасуе, цудзейка маё,
«я» — не пасуе, «оой!» маё!
1960
Сьнег
Ад блізкага сьнегу
на падаконьніку кветкі дзіўнеюць.
Ты ўсьміхніся мне хоць бы за тое,
што не гавару я словаў,
сэнсу якіх мне ніколі ня ўцяміць.
Усё, што табе я магу гаварыць:
крэсла, сьнег, вейкі, лямпа.
І рукі мае
простыя і далёкія,
і аконныя рамы —
як белыя выцінанкі,
а там, па-за імі,
каля ліхтароў,
кружыць сьнег,
аж зь дзяцінства нашага кружыць.
І будзе кружыцца, пакуль на зямлі
цябе згадваюць і з табою гавораць.
І бель камякоў гэтых колісь
я ўбачыў наяве,
і вочы заплюшчыў, і нe магу іх расплюшчыць,
і кружацца белыя яскаркі,
і не магу
іх спыніць.
1960
Казімір Малевіч
... і ўзыходзяць палі ў нябёсы.
Зь песьнясьпеву (варыянт)
дзе працу вартуе адно толькі вобраз Айца
і сілы ня мае багомленьне кола
і дошкі звычайныя не патрабуюць аблічча
а ўдалечыні — быццам сьпевы царквы
ня ведаюць больш песьняроў-спадкаемцаў
пастаўленыя нібы места
якое ня знала пэрыядаў часу
таксама і іншая воля ў тыя тварыла гады
расстаноўку самое ж сябе —
места — бачына — жалеза — паляна — квадрат:
… суцяшальны і просты як полымя ў попеле Віцебск
— пад знакам намёку адданы й узяты ізноў Велімір
— а Эль ён далёка ён лініяй для разьвітаньня
— гэта нібыта канцоўка для Бібліі: зрэз — завяршэньне — і Хармс
іншымі ў дошках уісьнены
белай эскіз дамавіны
і — узыходзяць — палі — у нябёсы
ад кожнага — просты — напрамак
да кожнае — зоркі
і б’е і кіруе жалеза канцом
пад убогай зарою
й замкнулася кола: нібыта зь нябёсаў убачана праца
каб бачыць нібыта зь нябёсаў
1962
Зьяўленьне сьнегу
Мяккі і блізкі падлетак няпэўны
у студню у студню
мой сон спалатнелым прарэзаўшы тварам
мяне асьвятляе ўздоўж сэрца
й назаўтра са дна раніцою вяртаецца
краскі на вокнах нявечыць
мне ранячы вусны чырвоным
сьвятлом старых сьвітак
нябачны нябачаны сьнег
ён там нерухомы
дзе мае угледнае месца як крэсла
што сонца здалёк асьвятляе
дзе толькі яны
бяз скуры народжаныя нібы кроў
і бяз іншае коркі
дзе зырчэйшы — ад печы да неба — агонь
нібы вобраз праяўлены ваш
у дзяцінстве на вуліцы
ў полі і ў доме астрожным
на камені ў жоўтай паперы
1963
Лясы — наўпопяць
у смузе
зіхаценьня радзімы
выспамі засталіся пэрламі засталіся
лясы да якіх
не дапаў я ніколі —
— дзіцячае штось памятаю: ці то плечукі выдаваліся ў іх —
і бялелі ў кірунку палёў
ці то скаргай
раптоўнаю рух расслабляўся: хутчэй у тузе
чым угледны — на тым недасяжным
узьлеску —
(я бачыў такія — так блізка
ды хутка
застаўся адно толькі вецер —
лёгка я — быццам у ветры — вучыўся
лёгка ўсьвядоміць што ўжо не вярнуцца) —
ў сьвятле скрыжаваньняў-далінаў
здавалася — дзеці ў траве прачыналіся
й песьня намацвала словы — дзесь побач
нібыта
адтуль —
у смузе зіхаценьня cусьвету
пэрламі засталіся выспамі засталіся:
балюча — больш чым у жыцьці — зіхацець
1985
Пераклаў з расейскай
Андрэй Хадановіч
Майстар прамаўленьня цішыні
Паэзія Генадзя Айгі — ня зь лёгкіх. Гэта дэманстратыўная «закручанасьць» ягоных чуваскіх і, асабліва, расейскіх твораў, была асноўнай прычынай яго выгнаньня з афіцыйнай савецкай паэзіі. Мэтафізычныя гіерогліфы Айгі, якія ён называў «гіерогліфамі Бога», не ўяўлялі, аднак, пагрозы дзеля звышдзяржавы (паэт ня быў дысыдэнтам sensu stricto), але пазьбягалі ідэалягічнага кантролю, ці хаця б кантролю пэдагагічнага, кантролю «правільнасьці». Яны не маглі разьлічваць на папулярызацыю ў Брэжнеўскай імпэрыі.
Эдвард Бальцажан
Калі гаворка ідзе пра буйнога Мастака зь ягоным непаўторным індывідуальным стылем і сьветаўспрыманьнем, уяўляюцца асабліва значнымі
і жыцьцяпіс, і творчы шлях, і лёс. Але пісаць аб жыцьці і творчасьці паэта незвычайнага, ні на каго не падобнага — справа, асуджаная на няўдачу,
ці, прынамсі, на частковы посьпех. Бо адзіная ўдача паэта — тое, што ён здолеў увасобіць у Слове, тое, у чым ён па-сапраўднаму здолеў выявіцца — ягоная паэзія.
Паспрабуем усё ж такі — хаця б пункцірна — пазначыць звышцяжкі Шлях, працярэблены Генадзем Мікалаевічам Айгі, якога яшчэ ў 1975 годзе буйнейшы лінгвіст Раман Якабсон назваў «экстраавангардным паэтам сучаснага расейскага авангарду».
Паэт нарадзіўся ў чуваскай вёсцы Шаймурзіна ў 1934 годзе. Бацька Айгі, вясковы настаўнік, які перакладаў Пушкіна на чуваскую мову, меў прозьвішча Лісін, якое яму прыляпіла савецкая ўлада пад час усеагульнай «пашпартызацыі». Генадзя Лісіна ў дзяцінстве называлі Хайхі (у перакладе — «вось той»), дакладней, Айхі — так адзін зь ягоных крэўных прамаўляў гэтае слова. Айхі (у расейскай транскрыпцыі — Айгі) — радавое імя, мянушка — прырасла да яго, зьлілася зь ім, сталася ягоным імем-знакам.
У пятнаццаць гадоў Айгі друкуе свае першыя, па-чуваску пісаныя вершы, і паступае ў Батыроўскую пэдвучэльню. З парады знакамітага паэта Педэра Хузангая едзе, пасьля сканчэньня вучэльні, у Маскву, дзе паступае
ў Літаратурны інстытут. Айгі займаецца ў сэмінары Міхаіла Сьвятлова, піша, перакладае на чуваскую мову «Васіля Цёркіна» Твардоўскага, вершы Маякоўскага, Веліміра Хлебнікава ды іншых блізкіх яму паэтаў. У 1958 годзе пабачыла сьвет першая кніга чуваскіх вершаў «Імем бацькоў». Тым жа «адліжным» часам паэта выключаюць з інстытуту «за напісаньне варожай кнігі вершаў, якая падрывае падваліны мэтаду сацыялістычнага рэалізму». Толькі праз год, калі Айгі рэпрэзэнтуе ўжо не арыгінальныя вершы,
а пераклады, яму дадуць магчымасьць атрымаць дыплём.
У 1961 годзе пачынаецца праца ў маскоўскім Дзяржаўным музэі імя Маякоўскага. Цягам дзесяцёх гадоў Генадзь Айгі загадвае там сэктарам выяўленчага мастацтва. Разам з М. І. Харджыевым ён ладзіць выставы Малевіча і Татліна, Філонава і Мацюшына, Ларыёнава і Ганчаровай,
а таксама выставу з нагоды 80-годзьдзя зь дня нараджэньня Хлебнікава; складае поўнае апісаньне іканаграфіі Маякоўскага і г. д.
У 1968 годзе выходзіць з друку анталёгія «Паэты Францыі», якую Айгі пераклаў на чуваскую мову. За гэтую кнігу ён быў ганараваны прэміяй Францускай Акадэміі. Праз колькі гадоў зьяўляюцца складзеныя і перакладзеныя ім анталёгіі «Паэты Вугоршчыны» і «Паэты Польшчы». Анталёгія чуваскай паэзіі (Айгі — складальнік і аўтар прадмовы) выдаецца
ў перакладзе на мадзярскую, італійскую, ангельскую ды францускую мовы.
Пачынаючы з 1960 года, з блаславеньня свайго сябра і настаўніка Барыса Пастэрнака, паэт піша вершы па-расейску, якія, зь вядомых прычынаў, у друк не патрапляюць. Першая «расейская» кніга Айгі выходзіць у 1975 годзе («Вершы 1954-1971», Мюнхен). У Расеі выбраныя вершы зьяўляюцца толькі ў год путчу («Тут». 1991, выд. «Сучасьнік») — праз трыццаць гадоў пасьля таго, як Айгі ўпершыню патрапіў на старонкі афіцыйных СМІ (у 1961 годзе, дзякуючы Міхаілу Сьвятлову, падборку вершаў зьмясьціла «Літаратурная газэта»).
Да 1988 года Айгі быў «невыязным». Ад таго часу ён робіцца сталым удзельнікам размаітых міжнародных фэстаў, сымпозыюмаў ды паэтыцкіх чытаньняў. А ў траўні 1997 года ў Чэбаксарах ладзіцца навуковая канфэрэнцыя «Творчасьць Генадзя Айгі ў кантэксьце чуваскай, расейскай ды агульнаэўрапейскай культураў», якая сабрала «айгістаў» — дасьледнікаў паэзіі Айгі — з Ангельшчыны, Францыі, Нямеччыны, ЗША, Вугоршчыны, Польшчы, Швэцыі, Аўстрыі ды іншых краінаў.
На сёньня за плячыма Генадзя Айгі — дзесяць кніг на чуваскай мове, дзесяткі кніг, надрукаваных па-расейску і ў перакладах (асобнымі выданьнямі вершы выходзілі ў 23-х краінах, творы Айгі перакладзеныя на 42 мовы).
У доўгім сьпісе ягоных міжнародных узнагародаў варта вылучыць прэмію Пятраркі (Нямеччына, 1993), «Залаты вянок» Стругаўскіх паэтыцкіх вечарынаў (Македонія, 1993), годнасьць камандора Ордэна мастацтва
і літаратуры (Францыя, 1998). Сярод айчынных узнагародаў згадаем, перш-наперш, Дзяржаўную чуваскую прэмію імя К. Іванова (1990; праз чатыры гады Айгі нададуць годнасьць народнага паэта Чувашыі) і апошнюю, магчыма, самую для яго дарагую — прэмію імя Барыса Пастэрнака
(з фармулёўкай: «За мастацкія адкрыцьці»; 2000).
Можна доўга пералічваць паэтавыя заслугі і дасягненьні, ці казаць аб прысьвечаных паэтавай творчасьці кнігах ды артыкулах. Але, думаю, і гэтага дастаткова дзеля першага знаёмства. Апроч таго, не даводзіцца сумнявацца, што аб паэце, які зьяўляецца на сёньняшні дзень самым «перакладным»
з усіх тых, хто піша па-расейску, і які летась мог атрымаць Нобэля, яшчэ напішуцца важкія манаграфіі, і будуць абароненыя дзесяткі дысэртацыяў, прысьвечаных ягонай паэзіі. І ўсё ж прызнаньне, посьпех, слава — гэта толькі вонкавыя прыкметы, самыя блізкія, а таму й самыя зыркія зоркі, якія можна бачыць няўзброеным вокам, «дзяжурныя» зоркі на неабдымным паэтыцкім даляглядзе Генадзя Айгі. Галоўнае дзеля паэта — уменьне пачуць цішыню словаў, якія прамаўляюцца дрэвамі, ярамі, палямі, кветкамі й дзецьмі; дар адчуць маўчаньне самой паэзіі і перадаць яго словамі, не падобнымі ні на што, апроч саміх сябе. Арсэн Мірзаеў,
паэт, літаратурны рэдактар выдавецтва «Мембус Пресс» (С.-Пецярбург)
|