БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 9

ФРАГМЭНТЫ СТРАЧАНАГА ГІПЭРТЭКСТУ

Валянцін Акудовіч

Бог прыдумаў неба і зямлю, Багушэвіч — Беларусь… Прыдумалі і памерлі, а мы гібеем… Пад небам бяз Бога, на Беларусі без Багушэвіча.

* * *

Беларусь усё яшчэ знаходзіцца ў сытуацыі адсутнасьці будучыні. З гэтай сытуацыі шмат чаго вынікае, але найперш тое, што на Беларусі (і з Беларусьсю) пакуль усё магчыма. Беларусь яшчэ магчымая як самастойная эўрапейская дзяржава і як занядбаная правінцыя адноўленай Расейскай імпэрыі, як лякальны фрагмэнт камунікатыўна адкрытай прасторы і як прамотар агрэсіўнай кааліцыі «славянскіх» дзяржаваў…

Але пры ўсёй цьмянасьці, невыразнасьці, шматварыянтнасьці магчымасьцяў будучыні нашай Бацькаўшчыны, застаецца надзея, што ў Беларусі ёсьць ня толькі доля, але і лёс. І вось чаму. — Цягам апошняга тысячагодзьдзя эўрапейскай гісторыі, Беларусь, як суб’ект гэтай гісторыі, раз-пораз хавалася ў сваю адсутнасьць, але яна ніколі не зьнікала як суб’ект эўрапейскай прасторы. Незалежна ад таго, якія дзяржаўныя ўтварэньні апаноўвалі гэтай прасторай (Полацкае князтва, ВКЛ, Рэч Паспалітая, Расейская імпэрыя, СССР), Беларусь заўсёды вымагала для сябе адметнага прасторавага статусу. Нават забараніўшы назоў «Беларусь», Расейская імпэрыя мусіла вынайсьці для яе апрычоную пазнаку («Северо-Западный край»), нават адсекшы лязом «Брэсцкага міру» Заходнюю Беларусь, Польшча не магла ня выдзеліць яе з свайго цэлага, як «крэсы всходне»…

І колькі б разоў за апошняе тысячагодзьдзе гэтая прастора не разрывалася на кавалкі рознымі дзяржаўнымі, ідэалягічнымі, канфэсійнымі ўтварэньнямі, яна рана ці позна зноў гуртавалася ў некую топасную цэласнасьць, канфігуратыўна блізкую да сваёй протатапалягічнай мадэлі. Усё гэта досыць пераканаўча сьведчыць, што прастора, цяпер пазначаная этнонімам «Беларусь» мае сваё сакральнае пакліканьне, а значыць і надалей яна не стане чакаць сабе хоць якога месца ў будучым, а стане патрабаваць і займаць яго сама для сябе.

Іншая рэч, якім зьместам будзе запоўненая гэтая сакральна вылучаная прастора, якія каштоўнасьці на ёй запануюць. На вялікі жаль, адказы на гэтыя пытаньні пакуль залежаць толькі ад тэмпэрамэнту таго, хто адказвае, а не ад ужо яўленых сутнасьцяў, якія самі яшчэ чакаюць будучыні, каб аб’явіцца для нас.

* * *

Нашыя інтэлектуальныя рэфлексіі вось ужо другое стагодзьдзе канцэнтруюцца амаль выключна вакол Беларусі. Таму ёсьць ня менш за дзьве прычыны. Першая паходзіць з таго, што Беларусь, як інтэлектуальная праблема, усё ніяк не разьвязваецца. Другая палягае на тым, што ў развагах над Беларусьсю мала каго цікавіць, а ў рэфлексіях над чым-кольвек іншым мы амаль заўсёды апынаемся ў сытуацыі аўтсайдэраў. Апошняе, бадай, нават пераважае ў тым, што мы ніяк не парушым межы Беларусі, як інтэлектуальнай праблемы.

* * *

Той, хто крочыць посьледам за некім, каб ня быць адно інтэрпрэтатарам чужога шляху, мусіць ставіць сабе іншыя задачы і мець іншыя мэты…

Арыгінальнымі нас робіць ня сам шлях, а тая пэрспэктыва, дзеля якой мы гэты шлях прамінаем.

* * *

Жыць нацыянальнай ідэяй — гэта ідэалёгія.

Жыць з нацыянальнай ідэі — гэта тэхналёгія.

У эпоху краха ўсіх ідэалёгіяў, калі быцьцё цалкам згарнулася да памераў тэхналягічнага бытаваньня, нацыяналізм марна разглядаць, ацэньваць, шанаваць і абараняць з гледзішча ягонай ідэалягічнасьці…

Уласна, у зьвязку з праблемай нацыяналізму ў тэхнакратычным грамадзтве, ёсьць, бадай, толькі адно сапраўднае істотнае запытаньне: наколькі нацыяналізм тэхнакратычны? Гэта значыць, наколькі ён можа быць вартасным не як ідэалёгія адбываньня быцьця, а як тэхналёгія адбываньня быцьця…

Ці тэхналягічны ў гэтым сэнсе беларускі нацыяналізм сёньня і ці ёсьць у яго шанцы быць (застацца) тэхналягічным заўтра? Гэта канцэптуальнае пытаньне, калі заўгодна — лёсавызначальнае для ідэі беларускай Беларусі. Бо калі — не, не тэхналягічны,— то колькі б мы не ўлягаліся ў адраджэньне мовы, гісторыі, культуры, колькі б не ладзілі мітынгаў, пікетаў, шэсьцяў, колькі б ня ганілі кожную новую ўладу за яе абыякавасьць да нацыянальнай ідэі — усё будзе марна. Сучасная цывілізацыя не бярэ пад увагу не тэхналягічныя ідэі, а тым болей не прымае іх да рэалізацыі…

Адказ на запытаньне аб тэхналягічнасьці нацыяналізма, у пэрспэктыве разгортваньня камунікатыўна адкрытай прасторы на ўсю зямную кулю, зусім верагодна можа быць цалкам адмоўным. У такім выпадку нацыяналізм застанецца адно ў якасьці прыватнай справы, своеасаблівым клюбам абраных на панылую любоў да ўмоўнай унівэрсаліі, якую сёньня мы пазначаем этнонімам Беларусь. (Дарэчы, калі быць больш дакладным, дык у гэтым, скрушным для заангажаваных нацыянальных ідэяў, выпадку нацыяналізм будзе нават ня справай, а ўсяго толькі інтэлектуальна-эмацыянальнай забавай, бо рэальна — пабытова, функцыянальна,— і нацыяналісты будуць жыць тэхналягічнымі, а не ідэалягічнымі ідэямі і іх канструктыўнымі праявамі; зрэшты, ужо і цяпер насамрэч мы існуем у сьвеце, які, калі выключыць фэномэн мовы, амаль цалкам пазбаўлены нацыянальных пазнакаў і атрыбутаў).

Але пакінем пакуль наступнасьць абок гаворкі, зьвернемся да сучаснасьці. Відавочна, што сёньня нават на Беларусі (ужо ня кажучы пра нацыянальна сфармаваныя дзяржавы), ёсьць сфэры, дзе нацыянальная ідэя — дастаткова тэхналягічная ідэя. Тут найперш згадваюцца літаратура, часткова — адукацыя, фрагмэнтарна — культура, у асобных праявах — палітыка, беларускамоўная журналістыка і г.д.

І хаця гэткіх сфэраў трагічна мала, яны лякальна разасобленыя, пераважна не прэзэнтатыўныя, аднак іх наяўнасьць сьведчыць, што нацыянальнай ідэяй можна ня толькі жыць (эмацыянальна, духова), але з нацыянальнай ідэі таксама можна і жыць (матар’яльна, прагматычна). І ў нас няма іншай магчымасьці зрабіць Беларусь беларускай, акрамя як пашыраць і пашыраць тыя сфэры, дзе чалавек за сваю працу, якая наўпрост ці ўскосна мацуе нацыянальную ідэю, будзе мець кавалак хлеба і сёе-тое да хлеба, каб нішчымная скарынка ня лішне дзерла горла…

* * *

На нашых вачах адбываецца працэс адсланеньня ўсяго масыву Культуры ад Дзяржавы, як сацыяльна-палітычнай інстытуцыі. І хаця пакуль Дзяржава ўтрымлівае ўласным коштам сякія-такія «вітрынныя» формы культуры і мастацтва, але падаецца напэўным, што час ростані Культуры і Дзяржавы насьпеў, паколькі цывілізацыя культураў ужо саступіла месца культуры цывілізацыі, якой без патрэбы традыцыйны тып культуры…

Гэтаксама ў сваю пару нацыянальнай Дзяржаве сталася непатрэбнай Царква… Культура, як сэкулярызаваная форма Духа, сёньня паўтарае лёс сваёй трансцэндэнтнай хаўрусьніцы. Але калі Царква і па-за Дзяржавай змагла захаваць жорстка дэтэрмінаваную структуру, бо засталася лёгацэнтрычна зьвязанай на непарушнасьць дагмату, то Культура, у паасобку ад структуры Дзяржавы, ня здолее існаваць як нешта цэлае і распарушыцца на мноства лякальных субкультураў, у прычыне кожнай зь якіх будуць апрычоныя матывы, ніякім чынам не зьвязаныя на ўсю праблематыку камунікатыўна адкрытага грамадзтва.

Зрэшты, ужо цяпер пра Культуру, як нешта ўнівэрсальнае цэлае, ахвотныя разважаць адно паталягічныя рамантыкі, якія да гэтай пары ня могуць забыцца на дыдактычную рыторыку сваіх школьных настаўнікаў…

* * *

Літаратура — гэта велічны саркафаг з муміямі жыцьця, а кожны літаратар — найперш муміфікатар…

Таму, калі нашыя вусны варушацца над тэкстамі Гамэра, Джойса ці Алеся Разанава, то гэта яны варушацца ад пацалункаў нябожчыкаў (у апошнім выпадку яшчэ не зусім астылых)… таму калі мы эратычна перажываем каханьне Трышчана да Іжольды, то гэта мы самі кахаемся з муміямі сярэднявечча.

Літаратура (і мастацтва ўвогуле) як нішто іншае выяўляе нэкрафільную сутнасьць члавека… Як вядома, у чалавеку амаль аднолькава моцныя воля ды жыцьця, і воля да сьмерці. За любоў да жыцьця сьведчыць наша жывое жыцьцё і жах сьмерці, а на любоў да сьмерці паказваюць нашыя ўцёкі ад жывога жыцьця ў раманы, вершы, гістарычныя расповеды — адным словам, усе нашыя хованкі ў саркафагу літаратуры.

Але літаратура ня толькі выяўляе нэкрафільную сутнасьць чалавека, куды больш істотнае тое, што, бальзамуючы жыцьцё, яна эстэтызуе сьмерць і праз гэта ў нейкай меры аптымізуе жах небыцьця, бо несупынна даводзіць нам, што сьмерць — гэта прыгожа, а мёртвае гэтаксама вартае любові, як жывое.

* * *

Зь іншага боку, шмат хто лічыць літаратуру жывейшай ад непасрэдна жыцьця. Калі трымацца гэткага меркаваньня, то зь яго досыць лягічна вынікае, што літаратура ёсьць самадастатковым фэномэнам… і тады ў яе, як і ў кожнага самадастатковага фэномэну мусяць быць свае, уласные патрэбы. Гэта значыць, што акрамя патрэбы задавальненьня чытача, ёй яшчэ неабходна задавальняць самую сябе…

Не складана вылучыць падобныя пэрыяды ў кожнай літаратуры. Але я хачу зьвярнуць увагу на іншае: калі патрэба ўнутранай мадэрнізацыі высьпявае і літаратура пачынае абслугоўваць найперш самую сябе, дык паміж ёй і паспалітым чытачом звычайна усталёўваецца непаразуменьне — чытач эгаістычна крыўдуе і пакідае літаратуру сам-насам.

Але паспаліты чытач крыўдуе дарэмна. Авангардныя, андэграўндныя постмадэрновыя практыкі сёньняшніх беларускіх літаратараў ня ёсьць пустым блазнаваньнем гульлівых правакатараў, гэта патрэба самой літаратуры ў неабходных ёй пераменах унутры самой сябе, якія яна і зьдзяйсьняе праз мадэрнізацыю уласнага начыньня.

Чалавек мае ня толькі права на волю, але й права на няволю. Пра апошняе звычайна саромяцца згадваць. І дарэмна. Адабраць у чалавека права на няволю — гэта яшчэ больш жорстка, чым адняць у яго права на волю, бо той, каго паклікаў геній волі, так ці інакш, але здабудзе яе ў барацьбе, перамозе альбо сьмерці, а няволю можна толькі атрымаць, як сваё натуральнае права…

Воля — занадта цяжкая ноша, каб яе сілком узвальваць на плечы таго, хто не жадае яе несьці добраахвотна.

* * *

За свабоду можна змагацца, але яе нельга заваяваць (у адрозьненьне ад улады).

Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца).

Кожная вайна за свабоду канцуецца альбо паразай тых, хто за яе ваюе (Спартак, Ян Гус, Пугачоў, Каліноўскі, Чэ Гевара…), альбо паразай самой свабоды, калі яе ваяры перамагаюць. Бо заваяваную свабоду верагодна ўтрымаць адно тэрорам ці дыктатурай, як гэта было ў выпадку Вялікай францускай рэвалюцыі, Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі, шматлікіх лацінаамэрыканскіх рэвалюцый, у прыватнасьці — Кубінскай…

Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца. Але свабоды можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць і чакаць менавіта як свабоду. Толькі ня трэба блытаць чаканьне з пасыўным перабываньнем у абыякавасьці. Калі мы моцна некага чакаем, то мы рыхтуемся яго сустрэць. Чаканьне свабоды — гэта падрыхтоўка да сустрэчы з свабодай. Да сустрэчы, якая абавязкова адбудзецца…

Свабода ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць. Таму яна і не зьявілася на Беларусі пасьля распаду савецкай імпэрыі. Адсюль і паўстае задача кожнага, хто заангажаваны прыйсьцем свабоды на Беларусь — мацаваць і вялічыць дыскурс чаканьня. А сродкі ў гэтай справе могуць быць самыя розныя: ад культурніцкай працы да палітычных акцыяў. Толькі пры гэтым трэба выразна ўсьведамляць, што сэнс і культурніцкай працы і працы палітычнай не ў здабываньні свабоды, а ў стварэньні сытуацыі яе масавага чаканьня. І калі мы ў сваім мностве станем чакаць свабоду — яна нас не праміне…

* * *

Што, сапраўды, гэты сьвет і гэты чалавек варты таго, каб столькі тысячагодзьдзяў і ў столькі галасоў пра іх бясконца гаварыць, пісаць, разважаць? Ды не, пэўна. Разважаць, асэнсоўваць, гаварыць — гэта ўсяго толькі адна з функцыянальных патрэбаў чалавека, па сутнасьці такая ж самая як піць, есьці, пладзіцца, хадзіць да ветру… Мы размаўляем, аналізуем, паведамляем не таму, што нам неабходна пра нешта даведацца ці штосьці давесьці сабе альбо некаму… Зусім наадварот: мы пытаемся, інфармуем, разважаем таму, што нам трэба размаўляць…

І як з патрэбы піць, есьці, пладзіцца ўзьніклі і паўсталі рамёствы, вытворчасьць, цывілізацыя, так з патрэбы размаўляць склаліся міталёгія, літаратура, філязофія. Уласна, большасьць моўных спосабаў дзейнасьці ёсьць адно формай вывяржэньня вэрбальных шлакаў, што застаюцца ад працэсу рэалізацыі такой функцыянальнай патрэбы чалавека, як маўленьне.

* * *

У XX стагодзьдзі мы паставілі пад сумнеў ня проста асобныя ідэі і выказваньні, а мову як цэлае. З таго, што мова згубіла наш давер, але па-ранейшаму застаецца асноўным інструмэнтам у спосабе засваеньня быцьця, мы ў сваіх шляхах апынуліся без пераканаўчых арыенціраў. Мы ўсё яшчэ пытаемся і адказваем, але ўжо ня верым у тое, што прамаўляем, нават калі прамаўляем тое, ува што верым.

* * *

Шчасьце — імаральная катэгорыя. Яно па-за кантэкстам праблематыкі дабра і зла. Шчасьлівы праз дабро і шчасьлівы праз зло, перабываючы ў стане шчасьлівасьці — аднолькава шчасьлівыя. Іншая рэч, што калі пачуцьцё шчасьлівасьці прамінае і чалавек вяртаецца ў сьвет маральнага, то яму ня ўсё роўна, куды ён вяртаецца — у дабро ці ў зло.

* * *

Чалавек — гэта вялікае запытаньне Быцьця.

Бог — адна з спробаў адказаць на яго.

Так, Бог — гэта адказ. Але не пераканаўчы…

Калі быць больш учэпістым, дык ня цяжка заўважыць, што Бог толькі падвоіў запытаньне пра чалавека. З гэтай падвоенасьці запыту мы атрымалі сытуацыю, у якой першае пытаньне ўжо адслоненае Богам, як адказам, у моўкнасьць — і з гэтага нам застаецца адно водгульле ападаючага рэха, некалі спароджанага няпэўным адказам…

Бог — гэта рэха запытаньня пра чалавека, якое згубілася ў моўчы.

* * *

Ісьціна — самае беспрытульнае слова. Яго прагне ўсё бытнае, а само яно не знаходзіць сабе прытулку нідзе і ні ў чым. Нават у чалавеку…

Дарэчы, можа таму — не знаходзіць, што чалавеку зусім не патрэбная Ісьціна дзеля жыцьця, Ісьціна яму патрэбная дзеля не-жыцьця — дзеля таго моманту, той сытуацыі, калі ён ня будзе тым, кім ёсьць, калі ён ня будзе мець таго, што называў жыцьцём.

Чалавека палохае ня сьмерць, як страта жыцьця, яго палохае страта сваёй прысутнасьці ў жыцьці, і ён спадзяецца, што адшуканая Ісьціна нейкім чынам скампэнсуе гэтую страту.

* * *

Чаму, калі сьвет бясконцы, у ім няма месца вечнаму чалавеку? Гэта выглядала б так натуральна: вечны чалавек у бясконцым сьвеце.

Менск, 2000

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія