БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 9

Гюнтэр Вальдхоф і яго крэдыторы

Альгерд Бахарэвiч

Drei Wochen war der Frosch so krank!
Jetzt raucht er wieder Gott sei Dank!
W.Busch

1.

— А мы думали, водку,— гучна сказала Алена Анатолеўна.— В холодильнике водка есть, наша, «Кристалл», не хотите?

Гюнтэр зьдзіўлена прыўзьняў бровы й нахіліўся да Жэні за тлумачэньнямі:

— Что есть: водку думать? Как это: водку думать?

У парцаляванай місе халоднай горкай узвышалася салата, побач чатыры рыбіны прытаіліся за шклом доўгай і вузкай, як прабірка, пасудзіны.

У бліскучым баку напоўненай сонцам супніцы адбівалася нешта шэра-чорнае, гюнтэрападобнае. Рука Алены Анатолеўны імгненна цапнула з-пад носу ў Гюнтэра хлеб, пакінуўшы пах дарагога крэму і вельмі слабы, але значна больш натуральны дух звонкай, шумнай, белай, запырсканай мойкі. Трэба было што-небудзь сказаць...

— А вы из какого города... ну там, в Германии?

Гюнтэр страпянуўся:

— Простите, йа...

— Он из Кёльна. Правда, Гюнтэр? — Жэня загаварыла гэтак хутка, быццам карысталася чужым сотавым тэлефонам.— Мам, ты же не думаешь, что он по-русски говорит как Толстой!

Трэба было глядзець кудысьці яшчэ, акрамя гэтых двух вострых конусаў пад Жэнінай майкай. Гюнтэр выбраў карціну на сьцяне: да агіды чыстая хатка, жарабяты, пастушок, азярцо з пошлым навязьлівым сонцам...

— Суп очэн вкусно,— сказаў ён і выцер сурвэткаю губы.

2.

Іпалітыч — perpetuum mobile, ён заўсёды ў руху: вось і цяпер у яго торгаецца нага, нібы ціснучы на нейкую сапсаваную пэдаль — не заводзіцца, не заводзіцца! Іпалітыч сядзіць насупраць Гюнтэра, стол ягоны гэткі ж, як Гюнтэраў, і тэлефон на стале гэткі ж, і толькі плякат над галавою —

з лягатыпам Канторы, а за Гюнтэрам — голая аблупленая сьцяна. Сівыя валасы мокра ўюцца па тоўстай шыі.

Іпалітыч. Саныч. Філіпыч. Slawische Schweinerei. Гюнтэр уздыхнуў і абвёў гэтыя два словы яшчэ раз, потым надаў ім аб’ёмнасьць, заштрыхаваў — літары вырасьлі ў памерах амаль удвая. Чысты аркуш, над якім Гюнтэр сядзеў з ранку, напоўніўся сэнсам. Гюнтэр глядзеў на Іпалітыча, і рука ягоная сама, як калі б яна мясіла плястылін, пачала вастрыць у літарах вуглы, прымацоўваць куточкі й згіны — гатычны шрыфт урачыста праступаў на паперы. Які ўсё ж азіяцкі

ў Іпалітыча твар... Фрыдрых Барбароса на белым кані ўваходзіў у ліфт, беглі ў прыбіральню кур’еркі, кайзэр Вільгельм у чорным ландо чакаў Гюнтэра ля пад’езду Канторы, Конрад Адэнаўэр пасунуў па мармуровай дошцы фэрзя на Ф5.

— Феденька, вы не забыли, сегодня ко мне гости...

Гюнтэр інстынктыўна прыкрыў аркуш рукой.

— В семь, и не опаздывайте. Вы ещё не знаете, какую штрафную наливает Ипполитыч!

Іпалітыч закашляўся сухім старэчым сьмехам, нарадзіў яблык і кінуў яго (лови—оп!) у Гюнтэра. Яблык трапіў Гюнтэру ў кадык, у роце зьявілася дзіўная церпкасьць, і сьліна праглынулася неяк зашумна.

— Угощайтесь, Феденька, дачные. А у вас (— Есть,— глуха сказаў Гюнтэр.) дача есть?

«Ненавіджу (— Что вы сказали? — Зарплата, говорю, ниже и ниже). Загадившая славянская душа. Упоительные вечера. Раздолье». Іпалітыч ужо другі год выведваў, дзе ў Гюнтэра лецішча. Напачатку Гюнтэр адказваў чыстую праўду, Іпалітыч забываў яе тут жа, і допыты працягваліся. Гюнтэру, не асабліваму знаўцы навакольнай геаграфіі, даводзілася ўсё цяжэй, мейсцазнаходжаньне лецішча пасоўвалася ўсё далей на поўнач і —

— А где? — прарохкаў яблыкам Іпалітыч.

— і ў апошні раз лецішча месьцілася недзе каля Вілейкі. Гюнтэр кінуў яблык у шуфляду стала, дзе ўжо дагнівала трое яго суродзічаў, і ціха сказаў:

— Есть такое местечко — Илья. Не бывали там?

Левая рука Гюнтэра ўсё яшчэ прыкрывала «Slawische Schweinerei», хаця патрэбы ў гэтым не было. Іпалітыч быў наскрозь расейскі і нават гаварыў з гідкім круглым расейскім оканьнем, яшчэ ён ведаў крыху па-мардоўску, бо нарадзіўся ў Саранску. Замежныя мовы былі для Іпалітыча тым жа, што нотная грамата для мухі. Шэф іхны вучыў ангельскую, але ў канторскіх курылках, пускаючы высакародны дым у лісьлівыя твары падначаленых, ахрэшчваў міжнародную мову няйнакш як зь вінавальным склонам у адной руцэ й натуральнай расейскай лексыкай у другой.

— А кстати, вы в курсе, Феденька, как немцы в войну евреев находили? — Іпалітыч зноў набыў злавесную матэрыяльнасьць. Іпалітыч, памножаны ў аркушах, зь няспыннай нагой, якая ўсё намагалася ўключыць нешта пад сталом. Гюнтэр буркнуў: «Нудабрхн».

— У евреев на темени мягко — палец можно вложить,— горка пасьміхнуўся Іпалітыч і прымружыў адно з чынгісханаўскіх вачэй.— Вот ставили людей в ряд, ходил эсэсовец и щупал, щупал...

Іпалітыч пераможна прадэманстраваў, як знаходзілі жыдоў. Гюнтэр сунуў руку ў кішэню — там, на жаль, была толькі запальнічка.

— Пойду, отравлюсь,— нясьмела сказаў ён і падняўся. З двайным стукам на падлогу ўпала асадка... Але вечны агонь пад Мацуокам не згасаў.

— Нет, вы не подумайте, что я против евреев. Они все очень... Умная очень нация. Эта мягкость у них на темени, знаете, что это?

Іпалітыч ускочыў, узяў Гюнтэра за плечы, і пацякло, забруілася:

— Космический разум, Феденька, космическая энергия! Она входит в них через это отверстие, понимаете? Потому то они такие умные, такие евреюшки... У меня жена покойная (Іпалітыч шырока, быццам у яго вырасла барада, перахрысьціўся) — умная была баба. Девичья фамилия — Шейнберг.

— Извините,— заціскаючы рукамі скроні, Гюнтэр выбег з габінэту.

...За што я цябе гэтак люблю, Нямеччына? Празь усё асабістае даунр можна пераступіць... чаму гэткі спакой, гэткае пачуцьцё гармоніі ўваходзяць у мяне, калі я чытаю тваю гісторыю ў паскудных савецкіх кніжках, чаму мне хочацца адшукаць пад тонамі ўласнае спрасаванае стомы самыя лагодныя словы, калі брат-славянін знаёміць мяне з тваімі сынамі? Кожны зь іх падаецца мне добрым іншаплянэтнікам, якому адному вядомыя самыя справядлівыя законы існаваньня. Адкуль гэтае пачуцьцё роднасьці зь немцамі, ды й наагул з усімі, хто жыве на захад ад Одэру, адкуль невыносная гідота да радзімы? Ёсьць такое ў расейцаў: «у мінулым жыцьці»... дык можа й папраўдзе я жыў калісь у слаўным горадзе Кёльне, і сабор тамтэйшы быў для мяне гэткім жа звычным, як цяпер пляц Перамогі? Не, гэта надта містычна, хутчэй гены. Найміт зь сялянкаю ў духмяным сене па згодзе, па каханьні; напалеонаўскі жаўнер з «прапрапра» проста ў колкім жыце; шараговец Паўль, мэдальён якога выскачыў з-пад кашулі ды б’е па малочных лапатках тутэйшай кабеты — за лесам Нарач (засталіся ад Паўля толькі рожкі крыжа — сьпі спакойна, продак...). Нямеччына, Нямеччына, Нямеччына. Хохдойч, Бэрлін, Аляксандарпляц, Румкорф, Група 47, Кох, «Дойчэ Вэле», Андэрш, Борхерт, Грас, пяшчота умляўту — яшчэ цалкам не ўсьвядомлены боль тугі па псэўдарадзіме. Самазман. Ілюзія. Казка. Нямеччына, дзе мне ніколі не бываць. Бо яе няма, той Нямеччыны. Усё выдумаў добры казачнік, які жыве на вершаліне тэлевежы; танюсенькай, з іголку, дый сам казачнік гном, эльф, ён абхапіў антэну ножкамі і распыляе казкі пра маю Нямеччыну з жоўтага балёнчыку.

...Гюнтэру адчыніў сам Іпалітыч — «Штрафную, штрафную!» Маленькая плоская жанчына прынесла Гюнтэру талерку й відэлец, ніхто ў прадымленай залі не зьвяртаў на Гюнтэра ўвагі, пакуль п’яны Іпалітыч, пачуўшы ад некага, што «водку жрали вёдрами», не зрыфмаваў зь нечаканай паэтычнасьцю «вёдрами—фёдорами» і не загаласіў: «Феденька!!!» Гюнтэр быў адразу ж выхаплены з блаславёнага забыцьця — «Тост!» «Тост!» — раўлі Гюнтэру гэтак, як, мусіць, некалі раўлі глядыятарам; так равуць і цяпер, з хмяльной крыважэрнасьцю, з прадчуваньнем таго, што ўжо тут можна выпусьціць сваю зацкаваную дзяржаваю і проста навакольным нахабствам дохлую волю, і воля будзе выкананая. Паасобку ніхто ня стаў бы нічога патрабаваць, але цяпер, у раскошы калектыўнасьці, можна было бяз страху настойваць на прыпадабненьні да сябе любога, хто яшчэ не пацьвердзіў уласнае свойскасьці. «Нет уж, тост, с вас тостик, молодой человек»,— крычаў проста ў нос Гюнтэру Давідыч з суседняга аддзелу, хаця Гютэр ужо ўздымаўся з абыякавым кілішкам. «Тос! Тос!» — з радасьцю алігафрэна паўтараў пяцігадовы ўнук Іпалітыча, пляскаючы ў цнатлівыя далонькі. «То-ост! То-ост!» — гэта ўжо было скандаваньнем, а скандаваньню гэтых людзей ня трэба было вучыць. Гэтак крычаць на вясельлях распухлыя бабы й маленькія тыраны, якія хочуць на раніцу ня толькі пахмелкі, але й нявесьцінай крыві.

— Уважаемый Константин Ипполитович...

Гэта яшчэ патанула ў хоры, але пакрысе ўсталявалася цішыня, якая чвякала й чакала.

— Я думаю, что именно в вашем возрасте к человеку приходит настоящая мудрость...

Іпалітыча не было відаць, Гюнтэр нават ня ведаў, да якога канца стала яму зьвяртацца, толькі маленькая спалоханая жанчына была акрэсьленай у дыме.

— За вашими плечами огромный жизненный опыт... нам, молодым, есть чему поучиться... Мы слушали... мы всегда слушали с увлечением ваши рассказы о вашей...

«Ваши» сталі «вошами», якіх тэрмінова трэба было выкалупнуць з каўтуну тосту.

— Слушали рассказы о вашем... нелёгком детстве, о вашей молодости... Ваши советы не раз помогали нам, молодым служащим... И сегодня мне, как и моим друзьям...

Як Гюнтэр не намагаўся, «друзья» ўсё адно ня вылезьлі зь іржавага, даўно прываранага да іх двукосься.

— ...хочется поднять эти бо... эти рюмки за то, чтобы вы в годы настоящей мужской мудрости вспоминали свою жизнь с гордостью... «Мы, оглядываясь, видим лишь руины...» Нет, смотрите на свою жизнь с гордостью!

У танальнасьці бля-мажор госьці выказалі сваё бурлівае захапленьне, кінамэханік абцёр з ілба пот,— стужка закруцілася зноў. Гюнтэр з палёгкай закусіў цёплым памідорам з пляўком маянэзу — цяпер можна было не сумнявацца, што ад яго адстануць, ды толькі моцныя рукі так нечакана, што аж войкнула сэрца, абхапілі яго ззаду і паставілі на ногі.

— Феденька... Феденька! — Ну ты даёшь, ну молодца!

Іпалітыч, у бледна-блакітнай майцы, нібы выведзенай з анабіёзу, стаяў перад ім, чухаючы мокрыя грудзі. Уммм-чу, уммм-чу, уммм-чу: левай шчацэ Гюнтэра пашчасьціла, яна атрымала толькі адну порцыю Іпалітычавай сьліны, у той час як правая — дзьве паўнаважкія, ісьцінна-рускія пяльменіны. Урэшце Гюнтэр схаваўся ў смузе... Іпалітыч жа разышоўся па-юбілейнаму. «Робяты, милыя мои робяты»,— пачынаў замілавана квахтаць Іпалітыч, і па гэтым чароўным знаку дзьве сьлязінкі імкнулі насустрач адна адной зь ягоных вачэй. Час ад часу Іпалітыч набіраў які-небудзь тэлефонны нумар і крычаў у слухаўку: «Хайль Гітлер!» Калі гасьцей, здавалася, зараз званітуе ад сьмеху, Іпалітыч раптам ніякавеў (нібы надзяваў маску) і глухім голасам абвяшчаў прысутным: «Мне было семь лет, когда фашисты изнасиловали мою мать...» Яму налівалі гэтак шмат, быццам плацілі вергельд за тое згвалтаваньне. Іпалітыч выпіваў і крычаў маленькай кабеце: «Шнэлер, матка!» Гюнтэр, прыкідваючыся то шафаю, то закаханай парачкай, то плашчом у прысенку, прабраўся да дзьвярэй і, як шчаня, якое цэлы дзень цярпела, выбег на вуліцу. Не, яны не сьпявалі «Оймарос», яны былі інтэлігенты. Яны цягнулі «Полеру — скоепо».

3.

— Саўсем абнаглелі,— радасна сказаў гардэробшчык.— Ты ў сябе дома тожэ ў плашчэ ходзіш?

Гюнтэр рэзка спыніўся (как вкопанный — куля з амэрыканскага баевіку) і сьпінай пайшоў назад, да шатні. «Э, э»,— затужыўся гардэробшчык спалохана. Гюнтэр павярнуўся да яго тварам і пачаў сьцягваць плашч, асьцярожна падтрымліваючы і так ужо пачарнелае крысьсё.

— С каких это пор в сентябре работает гардероб? — У руку Гюнтэра скочыў ня менш за гардэробшчыка спалоханы жэтон.— Зрэшты, гэта неістотна,— сказаў Гюнтэр сам сабе, прыгладзіў валасы і, паспрабаваўшы ўзяць букет жоўтых, распусных хрызантэмаў так, каб бібліятэкарка не падумала, што кветкі прызначаныя ёй, рушыў у залю.

«Бібліятэка прыме ў дар...» — што яна прыме, заставалася ў гулкім ценю калідора. Гюнтэр пакінуў бібліятэцы рэха сваіх крокаў; дзьверы, так густа абклееныя разнастайнымі аб’явамі, што здаваліся папяровымі, былі адчыненыя.

Бібліятэкарку псаваў толькі сіняк пад вокам, у астатнім яна была досыць мілая жанчына, поўненькая дзяўчынка ў ёй не капітулявала перад злой тонай мачахі, ды й было ёй гадоў дваццаць восем...

— Добры дзень,— сказаў Гюнтэр з-за сьпіны нейкай аматаркі джаан колінз, тая нэрвова павяла плячом, пасьпяшалася расьпісацца ды сысьці.— Добры дзень,— паўтарыў Гюнтэр, міжволі цэлячыся ў сіняк, і атрымаўшы адказ, паклаў кнігі на стол.— Знаете почему сорокалетний человек наполовину мёртв?

— У вас кто-то умер? — бібліятэкарка спытала гэта зь недаверам, паглядзеўшы на хрызантэмы і адцягнуўшы галаву назад.

— Потому что средняя продолжительность жизни у нас — восемьдесят лет,— сказаў Гюнтэр сур’ёзна і выцягнуў адну з кнігаў, у самай тонкай вокладцы, і самую тонкую, з-пад цаглінаў астатніх.— Вот тут написано (— Уф,— сказалі вусны пад сіняком.) Наверное, в сорок лет каждый рассчитывает, что доживёт до этой... средней продолжительности... надеется... ведь если раньше... это хуже, чем у людей, правда?

Гюнтэр пацёр вялікім пальцам сярэдні і ўказальны. Бібліятэкарка ўзяла абедзьвюма рукамі крэсла і падсунула сябе далей за стол, так што грудзі леглі на абанэмэнт — аднаго разу Гюнтэр сказаў ёй, што, відаць, яе малы сын пакрэмзаў па абанэмэнце асадкаю. Сына ў яе не было, затое была цудоўная вільготна-зубатая ўсьмешка. Калі б не сіняк... У-у-у...

Ён расьпісаўся за «Зондэркаманда на заўтра», «Пасьля сьцяны», «Erzдhlungen», «совр. нем. пов.», «Германию», сказаў насьмешліва «Ауфвідэрзэен, фройлян», забраў плашч ды выйшаў пад дождж, якому, ведама ж, хрызантэмы прыйшліся даспадобы.

Жэня спазьнілася на пятнаццаць хвілінаў (дзіва, але пра гэта яму паведаміў юнак з парасонам, які прыйшоў да помніка з Гюнтэрам нага ў нагу. «Что, опаздывает? Моя тоже, а уже пятнадцать минут прошло»,— уздыхнуў уладальнік парасону, калі Жэня — хуткая, злая — паказалася з-за помніка. «Verzeihen, Sie bi, mein hubsches Schwein»,— адказаў яму Гюнтэр і пайшоў насустрач Жэні.)

— Спасибо,— шапнула яна пасьля самага натуральнага ў сьвеце абмену паміж двума закаханымі на вуліцы.— Каждый раз новые. Новые, грю. Когда ты уже выучишь... Ничего, ещё пару моих уроков...» — Жэня паглядзела на яго з робленай салодкай млявасьцю, заўсьміхалася.— Ну, это ты должен понимать душой влюблённого. Любишь меня?

— Любить! — усклікнуў Гюнтэр, нібы аддаючы камусьці загад.

— Есть, хер штандартенфюрер,— падхапіла Жэня.— Идём? Эх ты, без зонта, а ещё немец... Зонт — вот это по-русски называется зонт... Не зонд, а зонт... А вот это по-русски — Гюнтер, глупый маленький Гюнтер, который рождается неизвестно где, вместо того, чтобы родиться в нормальной беларуси и любить свою женьку... Не хочу я говорить медленно, учись.

Праспэкт сьцякаў пад іх нагамі ў закратаваныя норы, агаляючы сваё засьмечанае, зарамантаванае цела. Калі Гюнтэр Вальдхоф прыехаў у сталіцу Эрбэ (гэткая вось спадчына!), яна падалася яму досыць чыстаю, прынамсі, чысьцейшаю за Маскву, дзе фірма хера Вальдхофа таксама адкрыла сваё прадстаўніцтва. Але на вуліцах зьявіліся гэтыя барбары-будаўнікі і ператварылі сталіцы Эрбэ ў нейкі... как это по-русски...

— Но сначала в магазин,— гучна завяршыла Жэня нешта надзвычай цікавае і дзьвюма рукамі павярнула яго да бліжэйшай вітрыны.— Кто здесь руль: ты или я? Я здесь видела — тебе понравиться (яны ўвайшлі) ...Такая вещь... А у тебя СПИД...

— Обед,— сказаў ім чалавек у чорным груба і ў той жа час неяк жалобна. Гаварыў ён у нос, як гэта зь нядаўніх пор прынята ў багатых трыццацігадовых падлеткаў, і ў літаральным перакладзе гэта гучала прыкладна так: «Куда прёшь, малая, не видишь — валютный отдел!» (пераклад Г.Вальдхофа).

— Скажи ему,— Гюнтэр атрымаў кулачком у бок, выдаў усьмешку №17 і гартанна сказаў:

— О, я понимать...

Адна дваццатая пазелянелага сёньня ўранку ўчорашняга заробку сьцёрла жалобу з твару чалавека ў чорным.— Лариска, обслужи,— кінуў ён у пустую залю.

— Good morning,— Лариса выпала з-пад вешалак, якія колам віселі на нечым аднаногім.— What...

— Здравствуйте,— сказала Жэня, у той час як Гюнтэр мабілізаваў усе сілы на надзіманьне матрасу саліднасьці, даволі, праўда, парэпанага.— У него с английским проблемс. Плохо учился в шуле, понимаете?

Яны прайшлі міма ампутаваных у нейкім кабарэ васьмі жаночых ног — жоўтых, чорных, белых, бязтварыя негрыцяначкі сустракалі іх у глыбіні. Жэня зьнікла за фіранкаю, прагаласавала за строгі дзелавы строй, потым выкрэсьліла яго — новыя выбары далі вячэрнюю доўгую сукенку... але потым і строй быў набыты... У мяйсцовыя саветы абралі ніжнюю бялізну (круцей за аленаанатолеўнаўскую) і падобныя на дзьве попельніцы пантофлі. Пазычаныя паўгоду таму грошы адправіліся ў вечнае сваё качэўе...

Дождж ня скончыўся — Гюнтэр з кейсам у адной руцэ й парасонам у другой чуў, як маленькая рука, якая схавала пальцы ў кішэню ягонага паліто, выстуквае: «Ты прелесть, Гюнтер, ты прелесть, точка-точка, тире».

...У ложку, залітым шэрым, з рухавымі ценямі, дзённым сьвятлом, яна прызналася яму ўрэшце пасьля мультфільмавай барацьбы і васьмі (Гюнтэр лічыў) паўускрыкаў, чаму зь ёй здарылася тая гістэрыка ля газэтнага шапіку — яны былі ўжо блізка ад запаветнай кватэры, заставалася толькі набыць каву, і тут чорнымі зьмеямі пацякла туш, твар па-грыбному зморшчыўся, сьлёзы паліліся гэтак шчодра; кожнае суцяшальнае слова Гюнтэра (запас якога, папраўдзе, быў небагаты) служыла сыгналам для новых рэзэрваў... «Почэму плакать? Всё бить карашо. Любить. Жэнья-жэнья»,— камбінуючы ўсё гэта (Шэсьць першапачатковых камбінацыяў) Гюнтэр чакаў, пакуль Жэня сама ня справіцца з сабою, што і адбылося ўрэшце.

— Понимаешь,— гаварыла яна цяпер, гледзячы кудысьці ў напрамку насатай кававаркі і пагрызваючы валасатую галенку Гюнтэра.— Понимаешь, мне хочется делать такие покупки шикарно... ну, не знаю... как замужняя дама, что ли... чтобы они с порога видели в нас солидную замужнюю пару... они ведь только слуги, ведь так? Как меня испортила эта страна, Господи... мне нужно от неё лечиться... вылечи меня, Гюнтер... Они видят во мне какую-то девочку, дуру, которой повезло... (Жэня сказала гэта так па-двароваму, што ў Гюнтэра салодка зашчымела недзе над жыватом) ... Эта Лариска... как она смотрела — с презрением и завистью... да, с презрением и завистью. Я хочу поменяться... ведь в Германии всё будет по-другому... поменяй меня, Гюнтер... поменяться...

І яны памяняліся, і цяпер ужо Гюнтэр крычаў: аскепкі сьвядомасьці табуном уцякалі ў чырвоныя стэпы, білася перад вачыма, як бактэрыі пад мікраскопам, каляровая, дзікіх адценьняў мазаіка, і Гюнтэр з апошніх сілаў намагаўся сабраць яе хаця б у падабенства малюнку. Нельга было крычаць, забыўшыся, нават гэтае простае «а» мусіла быць напружаным, фанэтычна вытрыманым, тэўтонскім... доўгі, прышпораны дыфтонг урэшце паляцеў да столі.

— Когда,— сказала Жэня, грэючыся побач. І калі Гюнтэр выкупіў сябе ў жорсткіх правадыроў, што ўсё яшчэ хісталіся перад вачыма, ён адказаў: «Октобэр».

Было ва ўсім гэтым уражаньне нечай злой і магутнай волі. Чалавечае ў Гюнтэры шукала вінаватых у тым, што дождж зноў ішоў, падскокваючы на мускулістых, трэніраваных нагах, як ішоў ён і ўчора, заўчора, і наагул лета было ня лета, а нейкі «зялёны зіма»; зьвярынае, першабытнае ў ім банальна цешылася; па сухіх, рыпучых далонях уколамі сьцьвярджалі сябе кроплі. Усё гэта ўваходзіла ў прыемнае сутыкненьне з канцом працоўнага тыдня... усё было ня так кепска. Іпалітыч, які выдаваў тою хвілінай на фокусьніка ў адстаўцы, стрэліў парасонам, паціснуў Гюнтэру руку:

— До понедельника, Феденька... А то заходите завтра в гости? (Спасибо, я буду отсыпаться,— сказаў Гюнтэр.) Ну тогда всего!

Субота надышла, як толькі Гюнтэр павярнуўся сьпінай да будынку Канторы, якая, дзякуючы адмысловаму разьмяшчэньню вокнаў, захоўвала выраз заўсёднае крыўды. Гюнтэр нават сеў у тралейбусе і некалькі прыпынкаў чытаў дрогкага Борхерта. Потым здарылася немінучае: у раёне рынку тралейбус запоўнілі розныя саракагадовыя бабулькі, а разам зь імі пах той своеасаблівай чысьціні, якую звычайны дождж здольны ператварыць у адзін з самых мярзотных водараў на сьвеце. Адна зь іх вісела па-над Гюнтэрам, нібы чытаючы ягоную кнігу — і ўстаць, саступіць мейсца не было аніякае магчымасьці, хіба што лезьці кабеце пад спадніцу... Побач, пагрузіўшы локаць Гюнтэру пад рэбры, велічна сядзеў інжынэрскага выгляду мужчына з бародкаю; на ягоны чамадан, які роўна закрываў калені, спакойна магла б сесьці адна з бабулек. «Парк» і «Цырк» — як гукі выдастанай і скарыстанай запалкі... Прыпынак за прыпынкам, тралейбус — гадзіньнік гораду, прыпынкі — дзяленьні на яго цыфэрбляце, жыві паводле тралейбуснага часу, ён мінае хутчэй...

— Парэнь, уступі места старухе,— закінула пробны камень адна з кабетаў, і бачачы, што ён ня з моцных транспартным духам, пачала:

— Сядзіт студзент, кнішку чытаіт. А ў мяне на нагах тромбы, астма і сэрца бальноя. Я панімаю, умны, у мяне ў самой сын у учылішчэ, дык он нікагда дажа ў тралейбусе ня сядзіт, ні то што этат, этаму хоць кол на галаве чашы... патаму што саўсем народ счарсьцвеў...

Слова «народ» — пароль у гэтай краіне, і аднекуль з чалавечай жыжкі панеслася:

— Сами же молодых учим, воспитываем, как мы, так и они...

— Лень жопу атарваць, іньцілігент...

— Раньша дабрэй маладзёш была, панятлівей...

— Я от у газеце чытала...

Гаварыла па большасьці жаночая частка пасажыр’я, мужчынская падзялілася на дзьве роўныя партыі: тая, што сядзела, не раўнуючы як па змове павярнулася да вакна; тая, што стаяла, глядзела на Гюнтэра з разуменьнем і нянавісьцю. Гюнтэр асьцярожна загарнуў «Erzдhlungen» і сказаў як мага лагодней:

— Entschuldigen, ich , bin Auslander, проститэ, йа плёхо понимать... Мне хотэт Торговий домм...

Агаломшаная цётка абвяла вачыма суайчыньнікаў, і тут Гюнтэр зразумеў (нават дзіўна, што да яго так позна дайшла гэткая відавочная ісьціна), што ня так ужо й трэба ёй сядзець — гадамі выпрацаваны спрыт дазваляў бы ёй есьці, праць і нараджаць у такой паставе, што тут усяго толькі «de la principa». Паўза, і пасьля паўзы:

— А я от і не пасматру, што інасранец! Я чалавек тожэ, старава чалавека вязьдзе надо уважаць. Сядзі ужо, чурка няруская...

Цётка тут жа заплакала, сьляза яе ўпала на вокладку «Erzдhlungen» і скурчылася спалохана на гэтай абсалютна чужароднай паверхні.

— Иностранцы да евреи Русь продали за зелёные... Продали Россию дерьмократы паршивые...— ціха, але добра пастаўленым голасам сказаў сусед Гюнтэра, зьвяртаючыся больш да нейкай абстрактнай славянскай душы, чым да навакольнай грамады.

Зрэшты, стала цішэй. Людзі проста пазмрачнелі, сапсавала ім пятнічны вечар уварваньне нечакана маштабнага клопату: душа — родина — потомки — потё-о-о-мки... Па ціхім калідоры Гюнтэр выйшаў ля Гандлёвага дому. Два бліжэйшыя аўтаматы адгукнуліся манатоннымі гудкамі, трэці таксама. На вуліцы ўжо шарэла. Выслухаўшы цэлую гісторыю няшчаснага каханьня (прычым, як ён ні намагаўся, Гюнтэр запомніў яе слова ў слова, уключаючы ўсялякія мілыя дробязі накшталт «Его серые носки»), яму ўсё ж удалося набраць Жэнін нумар у самым дальнім аўтамаце. На шчасьце, слухаўку падняла яна:

— Опаздываешь, Гюнтер, милый... У меня тут с маман разговор (гэта было сказана шэптам, у слухаўцы тэлефонны народзец раз-пораз камечыў нейкую паперу, і апрача слова «Гюнтэр» усё астатняе ён дадумаў сам,— зрэшты, як яму здавалася,— правільна). Папа вернулся, сидит на кухне, варенье жрёт... Ты купил? Ну заезжай быстрее, да смотри — не переплачивай таксисту...

Гэтым разам прыступкі былі адоленыя лягчэй, далей усё проста: Жэніна трапяткая рука ў небе, код, ліфт, які сёньня пах — неяк па-іншаму. Жэня адчыніла яму, з кухні выглянула Алена Анатолеўна і тут жа перамясьціла цэнтар цяжару ў прыхожую.— Здраустуйтэе, Елена Анатолевна, это фам,— гэст атрымаўся досыць элегантны, Алена Анатолеўна вохнула і адразу ж начапіла пярсцёнак на мокры, увешаны кужэляю пены, палец: «Гюнтер... Спасибо... Но... Красота-то какая... Благодарю...» За Аленай Анатолеўнай вырас цудоўны экзэмпляр вусатага скептыка па жыцьці, «цехнара» па адукацыі, ускормленага перабудоваю і прыплюснутага дзевяностымі гадамі. Ён зь вясёлым неўразуменьнем глядзеў на Гюнтэра, трымаючы ў руцэ бліскучую лыжачку з напаўаблізаным варэньнем.

— Так это ты с моей Женькой ходишь,— працягнуў ён прывітальную фразу так, быццам прымерваў шпалеры да кута спачывальні.

— Гюнтэр,— рука Гюнтэра была паціснутая без залішняга інтарэсу, як і сказанае мімаходзь «Саша».

— Ну проходи,— хітнуў «Саша» галавой на залю. (— А вы пока сварганьте чего-нибудь,— гэта было сказана без уладнасьці.)

— Так вот ты какой, северный олень,— сказаў гаспадар, бессаромна разглядваючы Гюнтэра.— По-русски понимаешь?

— Чуть-чуть,— сказаў Гюнтэр.

Аляксандар Паўлавіч трымаўся нязмушана, усё ў ім уваскрашала ў памяці такія забытыя словы, як «абшчага», «танцпляцоўка», «інстытуцкі КВН», ды яшчэ які-небудзь «супрамат»... Хутка Гюнтэр, разбэшчаны фамільярнасьцю гаспадара ды ягонымі заахвочвальнымі ўсьмешкамі, ужо глядзеў на рудавата-алімпійскія вусікі Аляксандра Паўлавіча бяз страху й нават паспрабаваў разабрацца ў структуры аднаго канструктарскага бюро (— Это как государство в государстве, штат ин штат,— бліснуў Аляксандар Паўлавіч з-пад вусоў трыма неадшліфаванымі дыямэнтамі, і Гюнтэр, счакаўшы, адкаркаваўся воплескамі, не забыўшы прадказальнае, але неабходнае «карашо».)

— Ну, прозит, как говорят у вас,— ускінуў Аляксандар Паўлавіч руку так, быццам хацеў зацыраваць прабіты стрэсамі дзень.— Я ведь был в гэдээр, да, Сансуси, брандэнбурх, Александрплатц... Ну, обмен опытом, понимаешь. Хотя куда тебе, капиталисту, до этого... херово было, застой, конечно, довели коммуняки страну до цугундера...

Пры слове «цугундер» Гюнтэр ускінуў бровы, нібы з толькі што спараджонай гаспадаром цікаўнасьцю, а Аляксандар Паўлавіч наліваў ужо другую.

— В шашки играешь? Сыграем, сделаем Германию...

Кухонная атмасфэра, у якой Гюнтэр мусіў падтрымліваць пастаянны ўзровень насьцярогі і адлегласьці, небясьпечна лагаднела. Славянская паршывая душа Гюнтэра ляцела да шырокай душышчы Аляксандра Паўлавіча з хуткасьцю тых самых цягнікоў, адзін зь якіх выйшаў з пункту А, другі — з пункту В, і якія абавязкова сутыкнуцца ў пункце С, якім зьяўляецца стрэлачнік...

А Аляксандар Паўлавіч ужо велікадушна прайграваў Гюнтэру пятую партыю ў шашкі пасьля чатырох бліскуча выйграных, і хацеў запіхнуць у кейс Гюнтэра самаробны СД-шнік, марна калупаючы закрыўкі («Ты только глянь: ничего лишнего! Сделан в часы досуга! У тебя в Германии обосрутся от зависти! Запатентуешь за хорошие бабки и...»). Небясьпечна ўсё было, але нават чуйная, як тыгрыца, Жэня падышла да Гюнтэра ззаду, абняла, сашчапіла на ягоным жываце маленькія далоні; зморшчыўшыся салодка, уцягнула ў ноздры ня гэтага, не,— таго, мокрага Гюнтэра пад помнікам... Алена Анатолеўна, як купчыха, ружавела ад лазьнева-венічнай гарбаты... Гюнтэру нават прыйшла цацачная думачка: ці не даверыцца яму аднаму добраму чалавеку, рэжысёру Іраклію, зь якім столькі было выпіта, выспрачана, высьмеяна, выкахана, выежджана...— скласьці зь ім дуэт: «Это мой freund Отто, он софсем не говорить русски», а Отто рабіў бы вялікія вочы й дзівіўся belorussiche Exothick, але гэта была менавіта цацачная думка, жарт для самога сябе...

— А вот ещё один анекдот... ста-а-а-рый...— Аляксандар Паўлавіч па-студэнцку засьмяяўся. Мінулая показка, над якой Гюнтэр ветліва патрос галавою, правалілася кудысьці за падкладку гэтага вечара, і дастаць яе адтуль не было аніякае магчымасьці.— Короче, встречаются как-то раз русский, немец и поляк...

Чырвоны твар Алены Анатолеўны казаў з дабрадушным неразуменьнем: «Няўжо вам, Гюнтэр, падабаецца гэтая балбатня?» Жэня крычала недзе ў тэлефон: «Субстантивация! Суб-стан-ти-вация!»

— Ну, точнее, не встречаются, а...

Тут жывёла перагрызла ашыйнік... Гюнтэр ускочыў, і ягоны кулак з чароўнай дакладнасьцю знайшоў на стале тое мейсца, адкуль пайшла звонкая хваля: дзьве талеркі ляпнуліся на падлогу і з зубным стукам пацалаваліся; лыжкі пацепнуліся; бутэлька зь недапітаю гарэлкаю, па-балетнаму пакруціўшыся, страціла ўрэшце раўнавагу і наводліў ударыла слоік з варэньнем, раскалоўшыся сама; два звараныя яйкі пакаціліся насустрач адно другому, ерэтычна наблізіўшы вялікдзень. Гюнтэр,

з незразумелай слодыччу аддаючыся свайму шаленству, ударыў па стале яшчэ раз:

— Не позволять! Как ви сметь! Scheise! Это ест оскорбление!

...Ён расплюшчыў вочы: аказалася, што ён знаходзіцца ў невялікім сарайчыку... празь няшчыльна прыгнаныя дошкі сьцяны прабівалася яркае сонечнае сьвятло. Са столі зьвісалі конскія хвасты... пахла чымсьці вельмі знаёмым. Гюнтэр застагнаў і павярнуўся на другі бок: усё адразу ж непрыемна высьветлілася. Ён ляжаў на Жэніных каленях, пальцы яе, пастаўленыя венчыкам, закрывалі яму твар. Па-над ім узвышалася аграмадзіна піяніна ў зялёнай, з махрамі, накідцы.

— Я же не знал,— чулася за сьцяной,— откуда ж я мог знать?

— Споил, козёл старый, немчика,— Алена Анатолеўна гаварыла з прысьвістам.— Женьке всё испортил... Это же наш шанс!

— Я не знал,— паўтарыў Аляксандар Паўлавіч.— Откуда я мог знать?

— Заткнитесь,— гучна прашаптала Жэня, і з кухні паказаліся два вінаватыя твары.— Гюнтер, ты как, лучше?

Гюнтэр падняўся (нага—твар—рука—нага), абцягнуў кашулю, зьняў скамечаны гальштук і паклаў яго ў кішэнь. Аляксандар Паўлавіч і Алена Анатолеўна ўжо імкнулі да яго, і дух апраўданьня ляцеў перад імі, водзячы ўяўным пальцам па ўяўным стале.

— Нэт, нэт,— прамармытаў Гюнтэр.— Я... как это по-русски... сам виноват... Ich verlor Kontrol... Простите... Простите я...

— Что вы что вы,— хутка загаварыла Алена Анатолеўна.— Мы обидели вас, Гюнтер, это вы нас... простите... пожалуйста...

Аляксандар Паўлавіч, як першакурьснік, схаваў губы ў вусы.

— А знаете, оставайтесь у нас, поздно уже. В гостиницу, я говорю, поздно идти... Кстати, вы в какой гостинице остановились?

— Оставайся, Гюнтер,— сказаў Аляксандар Паўлавіч,— дакорліва гледзячы на жонку.— Ты, кстати, не желаешь завтра с Женькой в деревню к моему батю рвануть? Места там... замечательные... на соломе поспишь... экзотика... будет что вспоминать в твоей пластиковой Европе.

Гюнтэр пастаяў нерухома, потым паставіў кейс ля фатэлю (— Вот и хорошо,— усьміхнулася Алена Анатолеўна і паспрабавала спакусіць яго Жэняй: «Доча! Стели в зале!»). Пятніца скончылася.

5.

І ўсё ж — аўтобусам. «Хочу смотреть Natur...» — «Прыроду»,— падказала Жэня і прыгладзіла Гюнтэру індзейскую пасмачку. Яны стаялі пад яшчэ не прасохлай і прыкметна перакрыўленай паветкай аўтавакзалу,

і вакол іх, ужо амаль назаляючы, мітусілася прыбіральшчыца, з паравозным стукам цягаючы за сабой вядро. Сонца скакала ў лужынах, чыгуначная трава паўзла па бэтоннай агароджы — перадавыя яе атрады ўжо прыглядаліся да чэзлага трыпутніку ў асфальтавым ярме; ар’ергард, пакідаючы на агароджы невялікія паселішчы, быў пакуль на другім баку. Паблізу машыны зь вільготным вурканьнем адольвалі каламутную, у вясёлкавых разводах, ваду... На суседняй лаўцы чалавек дзесяць маладзёнаў у чорных барэтах смурна глядзелі перад сабой, далёка адставіўшы доўгія зашнураваныя ногі, і старанна дэманструючы паўпустому вакзалу белыя нарукаўныя павязкі з трыма літарамі: РНЕ.— Кто это? — спытаў Гюнтэр з трывогаю, не дазволіўшы, аднак, нянавісьці ні на каліва быць пачутай.— А, придурки,— адказала Жэня бесклапотна, жуючы «Dirol».

— Нэт, мне... интэрэсно...— Гюнтэр павярнуўся да Жэні ўсім сваім парэзаным пасьля нэрвовага ранішняга галеньня тварам.

— Прыщик,— матыльковая ўсьмешка Жэні вылецела з падхватніку, але тут жа сетка бязьлітасна яго накрыла.— Оп,— ушчыпнула яна яго даволі балюча.— Ладно, пусть пока сидит... Ну, эти... как их... Русский национальный союз... или нет... ну, короче, я сама в этом не очень-то разбираюсь... Делать ребятам нехрен...

Гюнтэр дастаў нататнік і запісаў каліграфічна, залацістым пяром: «Nechren». «Правильно?» — спытаў ён, але тая, нават не зірнуўшы, пазяхнула і сказала: «Ага». У нататніку Гюнтэра ўжо былі «пофиг», «херня», «лох», «камок» і яшчэ адно запаветнае слова... у выкананьні Жэні яно гучала майскім хрушчам... «з» і «д» у ім былі гэткія гітарныя...

Урэшце яны ўладкаваліся ў сырым аўтобусе зь бязвольнымі фіранкамі салатавага колеру. Аўтобус пакутліва доўга выбіраўся з гарадзкіх межаў; потым выбраўся, матор уздыхнуў вальней, як пасьля ранішняга адплёўваньня — пацягнуліся катэджы, хатэджы, лецішчы і ГАІшчы. Жэня намагалася быць у тонусе (— А у меня тридцать восьмое, а у тебя тридцать седьмое!), але потым неяк склалася й заснула пад пахаю ў Гюнтэра. Наперадзе двое, па ўсёй бачнасьці не знаёмыя адно з адным, чыталі газэты, і Гюнтэр бачыў за махнатым вухам таго, што сядзеў справа, два вялікія беларускія словы — адно зь іх, падпарадкоўваючыся аўтобуснаму пахістваньню, калі-нікалі губляла першую літару, і тады Гюнтэру выразна чыталася: «Народная Оля».

Ён цярпліва глядзеў на бачаныя тысячы разоў бурыя краявіды за вакном, калі чалавек з «Народнаю Оляю» раптам павярнуўся да яго і сказаў з абурэньнем:

— Не, ён пераходзіць усялякія граніцы! Абвінаваціць фронт у выкраданьні Бабацкага! Гэта ж відавочная лухта! Падавіўся б ён сваім языком! Прабачце,— сказаў ён цішэй, заўважыўшы, як падымаецца на локці Жэня, з вачыма, яшчэ поўнымі вязкага аўтобуснага сну.

Аматар «Народнай Олі» быў прыемнай (інакш ня скажаш — правільныя рысы твару, добрая лінія тоўстага роту, зморшчынкі ля вачэй, ахайная прычоска, дзесяць запаведзяў пад вейкамі) зьнешнасьці мужчынам. Ён, відаць было, звыкся з усеагульным даверам — нават зусім незнаёмых людзей. Пасажыры вакол заварушыліся, пачуўшы мяйсцовую мову: нехта ікнуў, падавіўшыся печывам, нехта ўжо сунуў наперад цікаўную галаву, нехта проста пра сябе адзначыў: «Во». Жэня ж проста паціснула плячыма.

— Толькі не кажыце, што прэзідэнту мяшают! — сярдзіта сказаў нашчадак Багушэвіча.— Ня бойцеся вы, вы ж маладыя, гэта ў нас страх у генах! Ня бойцеся,— паўтарыў ён і потым наўмысна гучна: «Думаю, сярод нас няма агентаў Шэймана?»

— Он немец, по-белорусски совсем не понимает,— шкада, але Жэня ўсё ж уступіла ў гэтую размову, якой Гюнтэр так не хацеў.— И не кричите вы так, башка раскалывается...

— Немец?! Дык вам і трэба ўсё гэта ведаць,— беларус абапёрся на сьпінку свайго сядзеньня і нават трохі прыўстаў.— Распавядзіце... ладно, перейду на паганую маскальскую мову... расскажите... а по-русски он понимает?

— Чуть-чуть,— сказаў Гюнтэр.

— Ну, будете переводчицей,— нібы даючы доўгачаканы дазвол, радасна сказаў іхны суразмоўца.— Так вот, я говорю... Кстати, меня зовут Пятрусь Аборка.

— Жэня,— сказала Жэня й зноў прыхінулася да Гюнтэра. Позех усё ж перамог яе й вылез, падміргваючы.

— Гюнтэр Вальдхоф,— выдыхнуў Гюнтэр і абняў Жэню зацеклай рукой.

— Уважаемый Гюнтер, вы напишите в Германию: в Беларуси действительно нарушают права человека. Здесь геноцид, целую нацию духовно унижают. Да здесь... вы же сами видите — полицейское государство! Напишите, опубликуйте... это ваш... ну, не знаю... долг! Вы откуда, кстати? (— Кёльн,— правуркатала зь летуценнай усьмешкай Жэня). Вот и напишите в какой-нибудь «Кёльнский цайтунг» (Гюнтэр лянотна запляскаў у ладкі) про то, что у нас твориться... такое впечатление... все эти ваши обээс’е наблюдают за Беларусью, как за тараканьими бегами... не делают ничего тривиального... то есть реального... а нам нужна помощь международной супольности... и господин Вик...

Гюнтэр уладкаваўся зручней і пачаў, з саліднымі, важкімі паўзамі:

— Я, конечно, не фсё понимать... но я понимать... я понял... койе-что... Я жил здэсь год... и я видеть первий человек... кто говорить беларуски и так думать...

Гюнтэр зрабіў задуменны твар і пастараўся, каб працу ягонай думкі перадавалі нават нос і вушы.

— Я не виду (— Вижу,— раздражнёна сказала Жэня) ...не вижу беларуски нация... я вижу чу-чуть люди... который... ммм ... хотеть она называться... Но это не есть нация... Я думать что беларусы... терьять своё сафтра... (гэта ён сказаў з салодкім садысцкім задавальненьнем) Но конечно... я понимать... ви иметь... плёхое история... Unglьcklisches Volk... О, я просить просчения...

Зморшчыны вярнуліся на мейсца.

— Вы не понимаете,— з гарачай перакананасьцю загаварыў Пятрусь Аборка.— Вот в Великом княжестве Литовском беларуский был языком справаводства... а военные победы! Князь Альгерд... а Витаут! А кто книгопечатание в Москву привёз (— Честное слово, не я,— сур’ёзна сказала Жэня) ... А этот мудак задушил наше Адраджэнне... и в Россию тянет...

— Я тошэ чу-чуть знать... история...— усьміхнуўся Гюнтэр.— Народ... который иметь Ренессанс раз в пятьдесят лет... (Гюнтэр зьняў руку з успацелай Жэнінай сьпіны) и так и не родить... простите, не возродить... себья... это... это странно.

Гюнтэр пазяхнуў проста ў твар Петрусю.

— Und noch. В Европа мало снать про Беларус и про этот фаш... Большое Латышское Княжество... Простите.

— Вы поймёте,— пляснула зь Петруся жарсьцю.— Вы ведь в провинцию едете? Там беларусы живут. Вы увидите своими глазами... Вы услышите...

— Вы услышите своими ушами, вы попробуете на язык, вы унюхаете своим носом,— насьмешліва сказала Жэня.— Петрусь, не спорьте с ним, он всё равно не понял половины ваших словоизлияний. Блин, едем так долго, а ещё даже до Молодечно не доехали...

...У Вілейцы йшоў дождж — ягоны транспарт абагнаў аўтобус недзе на шашы. Гюнтэр і Жэня прасядзелі ўсе пятнаццаць хвілінаў стаянкі ў аўтобусе... кіроўца якраз пад іхнімі вокнамі разьмінаўся й бессаромна, засяроджана часаў сябе між ног. «Scheise»,— сказаў Гюнтэр і завесіў фіранку. Пасьля ўпартага супраціву сарака хвілінаў яны саскочылі на ўзбочыну ў змрочным бязьлюдным мейсцы. Сьцяжынка, галінка, мурашнік, паляны, вершаліны дрэваў птушыныя галасы — некалькі хвілінаў яны моўчкі йшлі праз сапсаваны беларускай літаратурай лес, які гэтак прагнуў закінуць ім за каўнер пару кропляў, цяжкіх, сьцюдзёных. Жэня ажыла, набрала падасінавікаў і кабылак, якія выкінула пад бліжэйшай сасной, забегла далёка наперад і потым раптоўна вылецела з хмызьняку: «Партизанен!» Хутка яна абтрасала са спадніцы ўчэпістыя іголкі, пакуль Гюнтэр зашпільваў нагавіцы зь вялікаю плямаю на левым калене, пасярэдзіне якой уладкавалася нешта васьмілапае... Але ў іх чамусьці нічога не атрымалася... Жэню гэта не засмуціла. Нарэшце забялела, затарахцела — да вёскі заставалася зусім нічога. Насустрач ім рыпела на ровары кабета ў сіняй мужчынскай куртцы й гумовых ботах. Параўняўшыся зь імі, кабета лёгка саскочыла на зямлю й сказала, шырока разяваючы рот:

— Во, мінскія прыехалі! Здраўствуй, Жэня, саўсім бальшая стала, можа і замуж ужо, га? Не? А бацька прыехаў?

— Здрасьте, тётка Ванда. Я с Гюнтером, он немец, везу к деду знакомить...

— Здрасьці,— засаромелася цётка Ванда.— Ну, я паехала, мне яшчэ ў магазін трэба, наш трэйці дзень не работае. Захадзіце ў госьці, не забыла, дзе мая хата?

Кабета паехала далей, а яны ўвайшлі ў вёску, дзе амаль адразу ж (—Смотри!) іх сустрэла жоўтая хаціна, ля якой, нібы зьбіраючыся фатаграфавацца, стаялі дзед з бабаю. На грудзёх дзеда ўспыхвала й гасла гронка медалёў і ордэнскіх плянак; бабка, зрэшты, ніякага дачыненьня да Жэнінай фаміліі ня мела і адразу ж адплыла, цяжка перакульваючы на бок свае капусныя клубы. Дзед жа, пусты рукаў якога, запраўлены ў нагрудную кішэню, быццам шукаў там чагосьці — акуляры, папяросы альбо іншых якіх маленькіх сяброў, нічога не сказаў на гюнтэрава прывітаньне. Ён толькі паглядзеў на госьця ўважліва, але памяць выдавала дзеду ня тыя, ня тыя фота: Гюнтэр быў на іх, але або сьпінаю, альбо схіліўшы твар, альбо ў цені...

Ля каліткі суседзкія дзеці эксгумавалі нешта ў пяску, і цьвёрдае «ч», як камкі гліны, шмякала па слыху. Гюнтэр усьлед за Жэняю прайшоў праз досыць дагледжаны двор і пад радаснае гаўканьне ўвайшоў у хату.

Жэня адразу ж, нібы ў яе вырасьлі дадатковыя рукі, бурліва пачала распакоўваць рэчы.— Во, дзеда, будешь первый модник на деревне!» Гюнтэраў кейс стаяў ля качаргі, як канцлер Шродэр з Алаізай Пашкевіч ля алтару. На прасьцюжанай трасянцы загаманіў тэлефон — дзед асірацелай рукой зьняў слухаўку.

— Здраўствуй, сыночак... Прыехалі, прыехалі... А, патроху... Ну зараз будзем. Бліноў во, смятаны. Ты ж... А... Ты б сам там меньша піў... Ну ўсё, усё, добра... Алене скажы, каб Зоі пазваніла, не забудзь... Ну ўсё. Усё...

— Немец, значыць,— за сталом дзед урэшце зьвярнуўся да Гюнтэра.— Многа пра вас гавораць...

Гюнтэр, па-майстэрску імітуючы прафана ў блінных справах, усё ніяк ня мог адвесьці вачэй ад указальнага Жэнінага пальца, які яна самааддана аблізвала.

— Немец, эхе... Я, канешна, вышшага абразаванія ня ймею, але ж мы так мяркуем: немцы — народ рабацяшчы, культурны... Тока знаеш, многа я тваіх к праайцам адправіў... ты не абіжайся... І ў Германіі тваёй быў...

— О, я понимать,— сказаў Гюнтэр пакорліва,— я фсё понимать...

— Дед,— уставіла Жэня.— Дед, кончай...

— Да, і ў Германіі быў,— павысіў голас дзед, разбавіўшы, аднак, строгасьць усьмешачкай.— У саставе восемдзесят другой гвардзейскай дывізіі...

— Дед, мама договорилась насчёт больницы,— рот Жэні быў часова вольны,— отлежишься зимой, а то с сердцем у тебя... я знаю...

— Бывала, з самага утра ляжыш у сасёнках, увесь у расе... сьпіну зводзіць, вада ў сапагах...— кавалак сала, які дзед узяў некалькі хвілінаў таму, так пакуль і не дайшоў да мэты.— А тут вашы Паулі-Міхелі праз поле... І адной вочарадзьдзю, прасьці Госпадзе, як збрыў...

— Дед, что-то ты не то говоришь,— сказала Жэня з дакорам, у той час як Гюнтэр адсунуў ад сябе талерку з жоўта-белым азярцом і цяпер намагаўся глядзець дзеду проста ў вочы.— Дед, ну при чём тут это?

— Інагда і падумаеш, чаго ты іх так, асобенна у Германіі кагда былі,— як у трансе працягваў дзед.— А патом успомніш, як яны ў сорак утарым прадзеда твайго, Казіміра Адамыча...

— Знаю, знаю,— сказала жалезная, гранітная, непрабівальная, надзейная, як дойчмарка, Жэня.— Только было это пятьдесят с хвостиком лет назад, больше чем полвека. Гюнтера тогда ещё на свете не было, и даже отца его не было... Как не было миллионов немцев и их отцов. А теперь что, молодым честным немцам жить с чувством вины за своих... ошибавшихся предков? Понимаешь, деда?

— Нэт, я фсё понимать,— сказаў Гюнтэр.— Это было очэн плёхо...

— Ні храна ты не панімать! — заварушыў чорнымі губамі дзед.— Вы яшчэ да канца сьвету будзеце перад Богам прашчэнія прасіць.

— Простите... я курить... спасибо... сад очэн красивый,— Гюнтэр рашуча выйшаў у сенцы. Абуваючы пантофлі, ён пачуў, як пасьля кароткага зацішша дзед Павел сказаў:

— Што, у Мінску нармальныя хлопцы перавяліся, што ты за немцамі бегаеш? Сьвет цяпер такі... Што ты ў ім нашла, у фрыцэ гэным... Маладая яшчэ, патом паймёш... Папользуецца табой і бросіць, а за граніцай знаеш як... Там з гаўна грошы робяць, ня то што з кінутай бабы... Газета во нядаўна пісала...

— Деда, он в меня по уши влюблён,— сказала Жэня па-змоўніцку.— В Германию уеду, потом вам здесь жизнь обеспечу. Гюнтер — он богатый... Ты ж телевизор смотришь, ты ж видишь, какая тут срань... Мотать отсюда надо, пока открыто. Для этого все средства хороши...

Гук, які пачуўся пасьля гэтага, прымусіў Гюнтэра маланкава завязаць шнуркі і выскачыць з хаты. Наўздагон яму яшчэ вылецела прыемна неславянская назва нейкага леку; ён запаліў і пайшоў у сад, які ад няма чаго рабіць шпурляўся кроплямі. Белую пену ў небе пакідаў па сабе самалёт, пахла падгнілым дрэвам, раптам нехта рохнуў проста ў вуха, Гюнтэр адхіснуўся ад пакрытага клінапісам вугла хлеву і, пасьлізнуўшыся, упаў на адну руку. Пад нагамі, у траве, пакінула лёгкі намёк на сваё існаваньне жабка. Гюнтэр дастаў насоўку й выцер далонь. Беспрасьветная славянская тупасьць. Славянскі культ крыўды. Тут мінулае сядзіць верхам на цяперашнім, а цяпершчына церпіць, цяпершчына — соннае сёньня. Узяць сябе ў рукі. Што за справа Гюнтэру Вальдхофу са слаўнага места Кёльну да нейкага дзеда, якому лёс даўно адпускае жыцьцё ў крэдыт.

...Яны адпраўляліся на нямецкія могілкі, якія Жэня даўно абяцала яму паказаць, але ў весьніцах сутыкнуліся з дужым маладзёнам — той загарадзіў ім дарогу і, не зварочваючы на гэта ўвагі, спыніўся і зароў у двор: — Казімірыч! Казімірыч, любіць цябе канём!

Дзед Павел павольна спусьціўся з ганку, але да весьніц падыходзіць ня стаў.

— Казімірыч, любіць цябе канём, адалжы лімон!

— Дык магазін жа ня робіць...

— Робіць, любіць яго канём! Валька тока што адкрыла! Скарэй, Казімірыч, а то мне...

...Гюнтэр пасьпяхова ўдаваў захапленьне тым, што апошняе слова іхняга госьця меў у нататніку і зьдзіўленьнем, што дзед Павел гадуе цытрусавыя ў суворым беларускім клімаце. Яны йшлі па лясной дарозе з двума вялікімі каляінамі ад ЗІЛаў — фаварытаў тутэйшых мясьцінаў. Нарэшце Гюнтэр атрымаў усе тлумачэньні і сказаў змрочна:

— Я понимать... Теперь я всё понимать...

— Ну слава богу,— сказала Жэня, якой тлумачэньні не прыносілі асаблівай радасьці.— Кладбище вон за тем поворотом...

(...У матавым зьзяньні спэрматазоіды п’юць на дваіх пляшку «Вішнёвага водару». Альбо «Вікторыі». Альбо «Асеньняга». Альбо «Сьвітанку». Альбо «Загадкі». Беларускія мужчыны выконваюць свой доўг.)

— Глупый маленький Гюнтер,— правуркатала Жэня.— Думает про всякую ерунду и совсем забыл свою Женечку. Свою женю-жену, ведь я твоя жена?

(...І замбіну хопіць на ўсіх. Бо сёлета ў нас багаты ўраджай, яблыкі велічынёй з галаву немаўляці, памерам зь месяц. З паветраны шар. Яблыкі як цэпэліны вісяць над Лоевам, Хойнікамі, Горадняй, Наваградкам, Докшыцамі, Наваполацкам, летась нам было ўсё адно, а сёлета ўсёадней. Красным цветом — после деноминации.)

— .. и вот про эту Людку рассказывают, как она жила с турком в Борисове, а этот турок сдавал её в аренду своим...— Жэня хлюпнула гумавым ботам.

(...Спэрматазоід-абраньнік. Ён адпраўляецца ў свой шлях на аўтапілёце, ён вырублены трыццацьцю абортамі. Беларускі хлопчык. Замбін ля рэчкі, дзе елка ў пары з хваіною як маладыя ў час каханьня.)

— Ну вот оно, кладбище... Не впечатляет?

Жэня спусьцілася з дарогі і, не даходзячы да роўных, як валасы на галаве навабранца, крыжыкаў, якія гуртаваліся ў роты між анархічных зарасьнікаў пустазельля, пачала рваць пабітыя дажджом кветкі.

(— В этом особенность нашей ру...славянской души,— басіць у духмяныя вусы папулярны расейскі кінарэжысэр.— Ру...славянский человек пьёт из-за вселенской тоски, американцу этого не понять... Пьянство — двери, которые соответствуют размаху нашего человека. Моя новая комедия — о таком, знаете, деревенском алкоголике, весельчаке, и вот он со своим другом, тоже алкоголиком, и со своей женой, тоже алкоголичкой... Но не буду раскрывать творческих задумок. Обещаю — будет ужасно смешно.)

6.

Да нагі прымацаваная стрэлка гадзіньніка. Кожны рух яна адзначае як карыснае дзеяньне. Я сяджу на стале й калыхаю нагой. Гэта агонія працоўнага дня. Дваццаць хвілінаў да шасьці.

...Іпалітыч сёньня прыемна нешматслоўны — усё правярае чарговую вэрсію паломкі гэтай загадкавай пэдалі пад сталом. Затое радыё... Заткнуць рот радыё!.. Няхай падавіцца яно ўраджаямі, ураджэямі, дажджэямі, ды-джэямі, ідэямі. Ідэямі, ідэяфа, ідэясоль, ідэяля, ідэясі. Нямеччына. Нямеччына. Нямеччына. Мой бацька, Адальбэрт Вальдхоф, меў мэблевую майстэрню на Рыгерштрасэ, 18. Мая маці — настаўніца ў каталіцкай школе. Мяне завуць Гюнтэр Вальдхоф.

Тэлефон.

— Да,— коратка кінуў Гюнтэр у слухаўку, хаця сам ненавідзеў гэтую тубыльскую звычку адказваць сьцьвярджальна нават пры адсутнасьці пытаньня.— Да, слушаю...

— Ну што, Фёдор, узнаёшь? — І аднекуль з-за плінтуса сьвядомасьці ўзьнікла: чалавек з васкова-вясковым тварам, стрыжаны пад тыфознага... Андрэй, Аляксандар, Альбэрт, Апалён, Адоніс, Афанасій, А...

— Артур,— сказаў Гюнтэр мэханічна.— Артур, привет.

— Знаешь, что мне сниться,— сказала слухаўка задушэўна.— Мне снится, что ты мне отдаёшь долг. Надеюсь, помнишь? Штука бакинских...

«Что за пошлый слог, Артур Петрович»,— так і хацелася сказаць Гюнтэру у тон гэтай бядзе, але ён маўчаў.

— Третьего верну,— слухаўка заакторствавала.— Третьего верну, а сейчас у нас (патрабавалася ўявіць каляндар з глянцавымі лістамі) сентябрь! СЕНТЯБРЬ!

— Молчишь,— уздыхнула слухаўка.— Хорошо молчать, когда ходишь в таком плаще... Кейсик, небось, на триста потянул? А туфельки? Сотка, полагаю?

У дзьвярох вырасла белая, у плямах поту, якія наглядна тлумачылі анатомію чалавека, фігура шэфа, ён няўхвальна паглядзеў на Гюнтэра й пачаў нешта патрабаваць ад Іпалітыча.

— Значит, так,— слухаўка стала строгай.— Я тебе даю неделю. В следующий понедельник жду тебя с деньгами. А иначе... Платон мне друг, но... Извини, Федя. Адресок помнишь: Каплан, 22. Жду.

«Жду, жду, жду...» — працягвала сьпяваць слухаўка. Гюнтэр зірнуў на Іпалітыча (— Без десяти шесть,— з гатоўнасьцю сказаў той) і — плашч, кейс, прыступкі, вуліца.

Нельга сказаць, што плястмасавы, з дзьвюма адтулінамі, Артур спалохаў роспачную ракавіну, у якой Гюнтэр жыў апошнія паўгоду. Не, ён толькі дадаў трошкі больш безнадзейнасьці, на гэты раз вострай,

як прыправа да супу. Гюнтэр прайшоў міма аўтобуснага прыпынку, на якім чалавек дзесяць спрабавала — і не бяз посьпеху — не заўважаць пару экскрэмэнтаў, пакінутых, без сумненьня, homo sapіens, абмінуў «хутка—смачна», краму цацак, трох сьляпых міліцыянтаў з сабакам-павадыром... яшчэ адзін прыпынак, бэтонныя пліты, за якімі будаўнікі займаліся нечым загадкава-гучным, перайшоў па гарачым, як у дзень Апакаліпсысу, асфальце на другі бок вуліцы...

Ён заўсёды называў яе «Девушка, продающая пирожки». Яе твар зусім ня цешыў Гюнтэравы густ, але быў верасень, і было ў ёй такое ўнутранае сьвятло, якое напаўняла гэтыя шэсьць вялікіх, быццам накладеных, пасмаў на шырокім ілбе, і ламаныя рысы твару, і густыя чорныя бровы дзіўнай лагодай. Ён набываў у яе часам, ня ў сілах пазбавіцца ад паганай савецкай звычкі, гэтую залацістую лаву, пад якой былі пахаваныя то пару плюхаў бульбы, то некалькі рысавых зярнятак. З маленства Гюнтэр памятаў жахлівыя аповеды маці (Никогда не ешь эту гадость!) пра пазаўчорашнія абеды ў папраўчых калёніях, якія злы геній кулінараў ператвараў у зьмесьціва піражкоў. Ён еў іх, калі быў школьнікам, еў употай і з адчуваньнем віны, як пасьля кароткага акту самазадаволеньня; еў у студэнцтве (дзікі голад!); еў і цяпер — шэф, заўважыўшы гэта, не пацярпеў бы такой дыскрэдытацыі Канторы.

Гюнтэр прайшоў міма паштовай скрыні, выклікаў ліфт, потым усё ж рашыў вярнуцца за поштай. Скрыня зазвычай выседжвала, акрамя спозьненай на месяц «Frankfurter Allgemeine», самыя нечаканыя паперы. Ад пэўнага часу Гюнтэр пачаў знаходзіць у іх пасьлядоўнасьці загадкавы, але няўмольна блізкі да разгадкі сэнс. Скрыня пачала з рэклямных улётак: «Ремонт телевизоров, дешёво», «Установка железных дверей», «Профессиональный фотограф обслужит свадьбы и юбилеи». На такія паведамленьні, поўныя прыхаванай пагрозы, Гюнтэр ніяк не рэагаваў,

і тады скрыня перайшла да другога этапу барацьбы. Неяк Гюнтэр знайшоў у ёй адразу тры аднолькавыя брашуры «Путь к богу» — падрабязныя, з плянам маршруту і нават указаньнем прыдарожных рэстаранчыкаў. Зноў анічога зроблена не было. Гюнтэр нават не набыў турысцкіх красовак, не гаворачы ўжо пра заплечнік і зборнік турысцкіх песьняў. Скрыня разрадзілася стосам абвестак кшталту: «Будзьма разам! Збор на плошчы Мялеція Сматрыцкага ў 12.00». Гюнтэр ужо зь цікавасьцю чакаў далейшага разьвіцьця падзеяў, і нейкі супэргюнтэр унутры падказваў яму, што сёньня скрыня пусьціць у ход самыя эфэктыўныя сродкі.

Ён з бразгатам адчыніў дзьверцу, і ў рукі яму скочыла, нібы замерзшы канчаткова, белая капэрта. У ліфце ён яшчэ намагаўся прылашчыць некалькі пухнатых маленькіх сумненьняў (паліклініка! бацька! ЖЭС! памылка!), але ўжо быў упэўнены...

«Дзяржаўны камітэт бясьпекі Эрбэ» — гаргоністае сонца напаўзакрывае мясьніцкі нож. Тое, што было ўнутры, яго асабліва не зьдзівіла: «Гражданину Сташуку Ф.А. Вам предлагается явиться в государственный комитет безопасности такого-то такого-то. К такому-то такому-то в такой-то кабинет. В случае неявки — такой-то штраф. Пропуск — в отделе пропусков. Подпись. Печать» (вольны пераклад Гюнтэра Вальдхофа).

Нямеччына. Дагледжаная й пешчаная, як маё каханьне. Роўная фрызура садоў і сквэраў, лясістыя горы на даляглядзе. Спрэс экспрэсы, кава-экспрэсо, freie presse, рэсурсы Руру, пруская прыстойнасьць, вабноты швабак — як доўга можна працягваць гэтыя цудадзейныя алітэрацыі! Права быць немцам, абавязак быць немцам, гонар быць немцам. Нямеччына, старажытная, юная, моцная, здаровая, пакутная, мудрая, рамантычная, геніяльная, родная; Нямеччына — у кветках і кнігах, у шкле і бэтоне, у травах і дрэвах, у жывой вадзе Рэйну, марская й горная. Плакаць ад шчасьця. Нямеччына.

7.

Жаночы хор сьпявае ўсё вышэй і вышэй, і зараз, зараз разарвуцца галасавыя зьвязкі, і малочная скура на горле, і тонкія тунікі...

Мэтро. Электрычка вылятае з тунэлю. У плексыгласе вакна яшчэ стаяць перакрыўленыя нянавісьцю твары тых, хто спазьніўся.

Усё пайшло сваёй чарадой: дзьверы пралясквалі назвы станцыяў, горад у апошні раз спрабаваў спакусіць Гюнтэра, прыадкрываючы то левы свой бок, то правае апэтытнае сьцягно. Мармуровыя жанчыны зь сярпамі ў руках выконвалі на пляцформах танец жывата, нібы вымольваючы ў пасажыраў хлеб. Па вагоне прайшоў нехта — ці то мужчына, ці то...— зь немаўлём на руках, дзіцё шчасьліва пасьміхалася, гуляючы са сваёй вязкай спружыністай сьлінай,— Гюнтэр сунуў у валасатыя пальцы ўсе тыя беларускія грошы, якія ў яго яшчэ заставаліся. Канцавая станцыя скончыла гэты парад дзеепрыслоўяў.

Мэтай Гюнтэра былі доўгія, каржакаватыя фургоны, якія аблюбавалі сабе ўзбочыну на шашы каля лясочку, што наводзіў на думку пра атамны выбух. Недалёка быў міліцэйскі пост. Тупаносыя машыны тут былі пераважна нямецкага — Нямеччына! — грамадзянства, але трапляліся і польскія, галяндзкія, літоўскія. Гюнтэр ішоў праз бульбяное поле, і сымболі Беларусі, як рукі нябожчыкаў, хапаліся за ногі, цягнулі ўніз. Наверсе прывітальна раўлі грузавікі.

Выкрэсьліце мяне з усіх вашых сьпісаў! Раздайце чарнобыльцам мой паёк! Мама, спалі маё пасьведчаньне аб нараджэньні! Прыдзіце за мной апоўначы, каб я мог зьесьці свой пашпарт! Хай вашыя рукі пакрыюцца язвамі ад атрутных выбарчых сьпісаў! Страўнікавая кіслата размывае словы

ў графах, подпісы й пячаткі. Забіце мяне, бо я — Гюнтэр Вальдхоф, і мая «Асабістая справа» — мая асабістая справа.

...Уціснуцца паміж двума вялізнымі кантэйнэрамі аказалася досыць цяжка, да таго ж унутры быў люты холад. Хутка Гюнтэр быў ужо няздольны стрымліваць зубную, каленную, пальцавую і невядома яшчэ якую дрыготку. Ён намацаў у заплечніку тэрмас, адпіў крыху, паварушыў непаслухмянымі пальцамі на нагах. Высокія боты, хаця й былі абшытыя знутры воўнаю, сталі неўзабаве нібыта гэткія ж мэталёвыя, як кантэйнэры. Фура мусіла ад’язжджаць аб адзінаццатай, абббадзін-н-наццатай, абббб... б-б-б...

Дзьверы адчыніся, і вечар лізнуў яго халодным, мокрым языком. Проста ў вочы яму біў ліхтарык сьветляка, на якія распадалася сьляпучае кола, кінуліся адначасова ў ва ўсе куты на вобшук. На Гюнтэра зьнізу ўверх глядзеў чалавек у бэйсболцы. Немец.

— Гэй, выходзь,— яшчэ не разгледзеўшы Гюнтэра як сьлед, па-нямецку сказаў чалавек.— Выходзь!

— Паслухайце,— сказаў Гюнтэр таропка, таксама па-нямецку.— Я дамовіўся... Вам не сказалі? Францу... Вы мусіце мяне зразумець...

— Ты хто? — запытаўся немец ужо цішэй, але ўсё яшчэ з насьцярогаю.

Гюнтэр хацеў сказаць усё, усё, але такія безабаронныя, хваравітыя пачуцьці, якія складаліся раней у галаве ладнаю кнігай, цяпер прымерзьліся ад страху: сабакадрот, вышказьвер, баракажах.

— Вы хочаце зьбегчы з краіны? — пачаў нешта цяміць немец — потым вымавіў гэткую доўгую і шпаркую фразу, што Гюнтэр не зразумеў нават просты дзеяслоў, які стаў на сваё законнае мейсца ў яе канцы.

— Паслухайце, не выдавайце мяне,— сказаў Гюнтэр з пачварным акцэнтам.— Я вам добра заплачу... долларс...

Ён пасунуўся бліжэй, немец адступіў на крок назад. Гюнтэр амаль закрычаў:

— Мяне чакае Нямеччына... Чакае як каханая жанчына, разумееце?

Немец апусьціў ліхтар і зачыніў цяжкія дзьверы. Гюнтэр апусьціўся на заплечнік. Кропелька поту, якая чамусьці нагадала яму Жэню, настойліва казытала жывот. Празь нябачныя шчыліны ў фургон забягалі раз-пораз палоскі сьвятла, суправаджаемыя кароткім шумам машыны, за сьценкаю фургона праходзілі, як памежны патруль, па ўсёй столі й гасьлі недзе ў гушчы кантэйнэраў. Дзесяць трыццаць.

Гэтым разам дзьверы адчыніліся хутка і ўладна, зь лямантам, які задушыў малады і тонкі голас:

— Выходить, быстро!

Ён напраўду быў зусім юны, гэты міліцыянт у завялікай для яго форме, якую вечар пазбавіў усякага колеру.

— Руки за голову! Вылазь, приехали!

Гюнтэр грузна саскочыў у лужыну, пасярэдзіне якой плаваў мёртвы месяц.

Жнівень—верасень 2000. Менск

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія