|
ІЛЮМІНАТАРЫ
Юрась БАРЫСЕВIЧ Прысеў на траву ля дарогі запісаць нешта ў нататнік і амаль адразу пачуў добразычлівы голас прахожага: «Прыпынку тут ужо няма, перанесьлі далей!». Там, дзе я пішу, аўтобусы цяпер не спыняюцца.
***
У салёне аўтобуса часам складана ня тое што кінуцца ў скокі, а проста ўстаць на сваю ж другую нагу. Тут разумееш, навошта нам патрэбныя сучасьнікі. Шчыльнасьць натоўпу пазбаўляе чалавека свабоды, але менавіта яна дазваляе нам верыць, што мы жывем вэртыкальна, галавою ў неба. Можна нават не трымацца за парэнчы на паваротах.
***
Кіроўца катафалку ведае горад ня горш за таксіста.
***
Для тых, хто думае пра нас з далёкае будучыні, мы ўжо мёртвыя. Але для тых, хто спрабуе ўявіць нас зь мінуўшчыны, мы яшчэ нават не нарадзіліся.
***
Перад тым, як нарадзіцца, чалавек замест вопраткі носіць уласную маці.
***
Нашыя веды і нават самое жыцьцё мы, напэўна, атрымліваем ад нашчадкаў, а продкі — гэта нешта накшталт антэны.
***
Рукі стаміліся. Кашуля прамокла. Хтосьці з нас не вытрымлівае:
— Хоць бы што добрае адкапаць, збанок які-небудзь з манэтамі, а то ўсё гліна ды гліна...
— І тое ўжо добра, што не магілу капаем.
***
Навуцы дагэтуль невядома, хто ўзарваў першасны згустак матэрыі. Кажуць, сапёр памыляецца толькі аднойчы — дык ці ня той Вялікі Выбух маецца на ўвазе?
***
Усялякая праўда трымаецца, колькі хопіць сілаў, на падмане, а потым б’е людзей па галаве.
***
Калі ведаеш, у чым сэнс жыцьця, жыць ужо няма калі: трэба хутчэй загінуць героем.
***
Кожную вясну і восень перагортваю на лецішчы зямлю. Напэўна, кожны чалавек, які сьціскае ў руках рыдлёўку, сьцяг альбо кілішак гарэлкі, і ёсьць тым самым апірышчам, якое ў свой час ня здолеў угледзець Архімэд, калі марыў перакуліць плянэту.
***
Калі займаесься чымсьці ўсур’ёз, часта атрымліваецца толькі вынік, а больш нічога добрага.
***
Часам страшна бывае сядаць на ўнітаз: а раптам ад цябе нічога не застанецца?
***
Надзеі спраўджваюцца гэтак жа рэдка, як і ўспаміны.
***
Мы ня толькі чытаем адны й тыя самыя кнігі зь бібліятэкі, але і бачым па чарзе аднолькавыя сны.
***
Што будзе пасьля канца сьвету: рэклямная паўза — і наступная сэрыя?
***
Аднойчы глядзеў па тэлевізары нейкую забаўляльную праграму з удзелам дзяцей ды іхных бацькоў. Пасьля чарговага нумару канфэранс’е кінуў у залю:
— Дзеці, вы хочаце пабачыць цуд?
— Так! — дружна ўзрадвалася дзятва.
— А дарослыя, вы хочаце пабачыць цуд?
— Так!.. — без асаблівай надзеі адказалі дарослыя.
— Ня чую! — прытварыўся канфэранс’е.
— Так!!! — зараўлі і дзеці, і бацькі.
А мне ў гэтым воклічы натоўпу, які чакае цуда, пачулася: «Хайль!»...
***
Калі «кожнаму — сваё», то каму астатняе?
***
Кінарэжысэр Віктар Асьлюк, аўтар вядомай стужкі пра парадоксы нацыянальнага адраджэньня «Сьлёзы блуднага сына», здымае дакумэнтальны фільм «Чалавек з куляю ў галаве». Насуперак назьве, стужка прысьвечаная не ахвярам палітычных ці крымінальных «разборак», а ролі хатніх жывёлаў у культурным жыцьці грамадзтва. У фільме не гучыць ніводнага чалавечага слова — толькі галасы тутэйшых жывёлаў: у іх таксама можна заўважыць беларускі акцэнт.
***
Дзеці хутчэй навучаюцца той мове, якая здаецца ім саладзейшаю. Мы размаўлям зь пляменьніцай: яна сядзіць насупраць, смокча карамельку і па чарзе паказвае мне то свой сапраўдны язычок, то акрайчык цукеркі. Проста білінгвізм нейкі.
***
На дні нараджэньня ў сябра паглядзець на гасцей прыйшоў ягоны сабака — невысокі, амаль што кішэнны. Я ўзяў яго на рукі, прылашчыў і штосьці сказаў. Нечакана сабака адказаў мне ціхім скавытаньнем. Пад жарты сяброў мы пачалі сьпяваць разам: я шаптаў, мармытаў, падвываў і раптам адчуў, што мы ўжываем адну і тую чалавеча-жывёльную трасянку. Здаецца, я сапраўды разумеў, што мне кажа сабака, толькі вось ня ведаю, пра што я сам яму распавёў.
***
Калі б чалавек не адпілаваў сука, на якім сядзеў, — так і застаўся б малпаю.
***
Замест кіпцюроў у нас не пазногці, а пальцы.
***
У пераходзе да мэтро пад пляцам Перамогі часам пасьвяцца галубы, свайго кшталту падземныя птушкі. Упершыню я зьвярнуў на іх увагу, калі вяртаўся дахаты зь першага выступу суполкі Бум-Бам-Літ у парку Горкага: такі самы андэграўнд!
***
Кампазытар складае музыку ня толькі з таго, што ён чуе навокал сябе, але і з таго, чым закусвае.
***
Рот мімаволі напаўняецца сьлінаю, калі стаматоляг прасоўвае ў яго свае пальцы. Напэўна, ёсьць у іх штосьці апэтытнае...
***
Сеў за пісьмовы стол, разгарнуў кнігу, два сшыткі, нататнік: раблю выпіскі, зьвяраю, сачыняю сам — і заўважаю раптам, наколькі падобныя нататнік і сшыткі да разяўленых дзюбаў схаваных пад паверхняю стала велічэзных птушанёў, якія прагна патрабуюць усё новых думак, малюнкаў ці хоць бессэнсоўных крамзоляў. Старонка запаўняецца — глыток — і апусьцелая дзюба ізноў расчыняецца наўсьцяж... Нават страшна часам дакранацца да паперы: яшчэ схопіць нечакана руку — і пракаўтне.
***
Адна галава добра, а ўсё цела — лепей.
***
У доме адпачынку, дзе я пісаў даволі цяжкі для мяне тэкст, між аконных рамаў часта заляталі цікаўныя мухі. Яны біліся галавой аб шкло, нешта жужжалі, але выхаду ні ў пакой, ні на волю адшукаць не маглі. Часам на падваконьне прылятала нейкая лясная птушка і спрабавала зьдзяўбсьці тых мухаў праз шкло. Напэўна, мухі — гэта былі мае думкі, але хто быў тою бесталковай птушкай?
***
Жывёла ўсё жыцьцё ходзіць у адным футры, а модніца — у розных.
***
Калі зарываюся тварам у мяккія валасы каханай жанчыны, я бачу індыйскія джунглі, кітайскі бамбук, тысячу аравійскіх начэй... Такая ж бо ў яе галава — кругасьветная.
***
Цалкам матэрыяльная для нас рэчаiснасьць — ня больш чым схематычная карта неўявiма хутчэйшага i глыбейшага сьвету, якую накрэсьлiў хтосьцi з тых, што жывуць паверхам вышэй.
***
На ўсялякі выпадак ня стаў выкідаць з партманэ стары праязны: раптам да прыпнку падыйдзе мінулагодні аўтобус?
***
Лепшае, што можа зрабіць у сваім жыцьці айсбэрг, — гэта сустрэцца з «Тытанікам».
***
Хрыстафор Калюмб амаль да скону сваіх дзён быў упэўнены, што адкрыў не Амэрыку, а Японію. Але што, калі памыліліся і тыя астраномы, якія адкрылі калісьці нашую плянэту, і мы з вамі жывем не на Зямлі, а на зусім іншым нябёсным целе? Нават касманаўты, што тыднямі лунаюць над нашым агульным домам, так нідзе і не знайшлі шыльды з надпісам «Зямля».
***
Ці выпадкова Ларыса Геніюш дала першаму зборніку сваіх вершаў прарочую назву «Ад родных ніў»? Ня варта шукаць тут алюзію на перасьлед лукашэнкавым рэжымам газэты «Наша Ніва» альбо на люстэрка заняпаду калгаснага ладу — урадавую газэту «Беларуская ніва». Хутчэй за ўсё, Геніюш замяніла расейскім словам «ад» беларускае «пекла» таму, што найвялікшым катаваньнем для яе было б чуць на родных палетках расейска-савецкую мову — мову Гулагу й каляніяльнае адміністрацыі. Але ня выключана, што паэтка зашыфравала ў назьве кнігі параду наступным пакаленьням патрыётаў не шукаць спачуваньня ідэям нацыянальнага адраджэньня ў калгаснай вёсцы.
***
У офісе абароннага заводу, дзе я калісьці працаваў, па сталах і падлозе нахабна сноўдаліся прусакі. Ніякая атрута іх не палохала. Для нас гэтае памяшканьне было толькі месцам працы, а для прусакоў — радзімаю.
***
Калі фатаграфаваліся ўсім аддзелам на працы з нагоды нейкага сьвята, фатограф пасьміхнуўся: «Нават на каленях ты на дзьве галавы вышэйшы за тых, што стаяць у поўны рост». Нічога дзіўнага: я ж узьлез на пісьмовы стол.
***
За кожным творам стаіць уся літаратура, за кожным словам — уся мова. Калі мы пішам нешта сваё — адначасна перапісваем і чужое, а зь іншага боку — нашыя папярэднікі пісалі толькі тое, што можа спатрэбіцца нам: зьбіралі для нас матэрыял. Кожны піша і для сябе, і для нашчадкаў, і нават для тых, хто так і не пасьпее нарадзіцца.
***
Буда кажа, што ў нас — людзей, жывёлаў, іншаплянэтнікаў — адно жыцьцё і адна душа на ўсіх. Так і ёсьць, але чалавеку аднаго жыцьця замала.
|