СКАЖА ТОЙ, ХТО НАРОДЗІЦЦА...
Бліц-інтэрвію зь Сяргеем Дубаўцом
1. Ты апошнім часам шмат пісаў і казаў на радыё пра вынікі, набыткі і страты мінулага стагодзьдзя. А ці ёсьць якія-кольвечы набыткі ў гэтак званага пэрыяду РБ?
Ён сам; мы ў ім; тое, што мы робім.
2. Ня памятаю, ці выказваўся ты калі-небудзь адносна «Тутэйшых»? Ведаючы, што ты меў непасрэднае дачыненьне да стварэньня гэтай літсуполкі, хачу запытацца: гэта быў палітычны, альбо культурніцкі праект?
Для мяне — сьветапоглядны.
3. Не магу не задаць пытаньня й адносна твайго шырокавядомага артыкула «Ружовы туман». Як ты ўяўляў працэс дэсаветызацыі беларускай літаратуры ў сярэдзіне 90-х?
Праз шырэйшы кругагляд, большую пераканаўчасьць і «чыстую красу».
4. Як бы ты паставіўся да раптам узьніклага гурта беларускіх інтэлектуалаў, якія аб’ядналіся б, да прыкладу, вакол газэты «Згода» і пачалі б разгортваць самастойнае культурніцкае будаўніцтва мадэрновай беларушчыны; прыкладна, тое ж, што робіш і ты, але на іншых падставовых пазыцыях?
Як да ўтопіі.
5. Што мусяць рабіць беларускія літаратары, калі сёлета Лукашэнка ўсьлед за прафсаюзамі разгоніць СП і пазачыняе літчасопісы? Сыходзіць у андэграўнд? Разгортваць дзейнасьць у замежжы (Беласточчына, Віленшчына)? Альбо кінуць літаратуру й заняцца выключна палітыкай?
Беларускі літаратурны працэс даўно не залежыць ад літчасопісаў, СП, беларускіх літаратараў, Лукашэнкі, эміграцыі і падпольля. Паэзія наведвае або пакідае паэтаў, не зважаючы на гэтыя фактары. У прыватнасьці — на тое, што будуць рабіць літаратары.
6. Ці пішаш ты зараз бэлетрыстыку? (прапануй нам).
Бэлетрыстыку як такую ніколі не пісаў. Калі будзе што — прапаную.
7. Чаму ты кінуў пісаць традыцыйную літаратурную крытыку? Няма вартых аўтараў і твораў?
Я пісаў эсэістычную, суб’ектыўную крытыку. Гэта плённы занятак, калі ёсьць яшчэ і крытыка акадэмічная. Цяпер я, часам, зьвяртаюся да ХІХ і ранейшых стагодзьдзяў, адносна якіх акадэмізму не бракуе. Што да ХХ-га, дык яно патрабуе поўнай пераацэнкі. Іншы раз я заступаю на гэтую глебу, але ведаю, што гэта не мая тэрыторыя.
8. Якім чынам паўстане новая беларуская літаратурная гіерархія?
Па-мойму, дастаткова было б некалькіх «круглых сталоў» нашых акадэмікаў, якія не разгубіліся ў часе. Але хто тое зладзіць? Магчыма, Інстытут літаратуры, ці Беларускі Калегіюм, ці Ліцэй?.. Гэта мусіць быць абмеркаваньне на акадэмічным узроўні.
9. Які літаратурны жанр стане галоўным у беларускай літаратуры ў ХХІ стагодзьдзі?
... скажа той, хто народзіцца.
10. Параўнай сучасныя літаратуры Літвы і Беларусі. Ці адбылося ў капіталістычнай Літве радыкальнае літаратурнае абнаўленьне?
Літва — не літаратурная краіна да такой ступені, як Беларусь.
11. Твае прагнозы. Першая беларуская Нобэлеўская прэмія — 200(?)..?
Алесь Аркуш, 2051 год.