|
Гала Гара
АФЭЛІЯ ПРАВІНЦЫІ
калі ты (о, як лятуць твае гады!)
прыйшла ў першы раз на танцпляцоўку —
у старым парку ля аўтастанцыі —
плыў ціхі месяц
і крапаў, крапаў
дождж, дождж
так сьмешна, дробна,
непахабна церусіўся
і ты хавала,
ты хавала вочы
ў мой каўнер
і ты хавала казачныя вочы...
афэлія, афэлія,
афэлія правінцыі...
афэлія, афэлія — чакай
...і муж-зануда загубіў-згасіў
сьвятло чароўных воч... афэлія, афэлія, бывай!
над танцпляцоўкай плыў,
гуляў, кружляў чароўны месяц
а ты хавала вочы ў мой каўнер
хавала вочы ад сваіх сябровак
і ад дажджу і ад мяне
ах, гэты дождж,
ах, гэты дробны, правінцыйны, празь сіта — дождж,
прасеяны празь дзіркавае сіта
сноў і казак,
тваіх надзей і парываньняў і памкненьняў
й майго неразуменьня
афэлія,
афэлія правінцыі, бывай,
бывай!
ЯКОГА БОГА ТАБЕ ПАТРЭБНА, МАМА?
... і пакуль я шукаю бога, бацькі адвярнуліся ад мяне,
дзеці пакінулі мяне, блізкія сябры ня хочуць быць ля мяне,
і я разумею: бог — у гэнай адрынутасьці, у маёй пакуце,
у маёй адзіноце, у маім разбураным, разбэрсаным сэрцы.
я — пратэстую, я амаль стала б пратэстанткай, калі б ня
вера ў генэтычную памяць продкаў, а яна — гэная памяць —
у мяне — на семьдзесят пяць адсоткаў — каталіцкая
і яшчэ на энную колькасьць — паганская.
няўжо галілеянін не маліўся на прыгажосьць і дасканаласьць,
на эстэтычную завершанасьць традыцыйнага канону, на глыбінную
памяць роду?
і тады — як жа пакутліва цяжка яму было бунтаваць-паўставаць!
ПАЛЯВАНЬНЕ
(ліст да сябра)
адпачынак у райскай даліне; як гэта добра; асабліва, калі
сьвеціць табе начное сонца і ты паціху п’еш гаркавую
гаркоту, слухаеш хлярафілавы бунт, і молішся да дарогі
млечнай з душой бунтарскага халопа, язычніка, паганіна вечнага —
антытэзаю эўропе; і ўсё было б добра, калі б не стрым-
галовасьць прамінаньня, і калі б не ўздымаўся ў душы ад
усяго вышэйпрацытаванага (як ты зразумеў, мой дружа, вышэйпамя-
нёнае ўсё, вышэйпрацытаванае — паэтычныя тропы тваіх калег па
пяру, найновых), дык вось, калі б не ўздымаўся ад усяго
вышэйпамянёнага «хлярафілавы бунт»...
так што, сябра мой, не вяртайся ў нявіннасьць,
лепш бяжы ад яе як мага далей, упадабляйся эвангельскай
дзеўцы Магдзе, і спрабуй адчуць закон божы, зямны
і чалавечы — на ўласнай скуры; бо, як сьведчыць
народная мудрасьць, а народ памыляецца рэдка, асабліва калі
яго ніхто ў каршэнь не таўчэ і калом не падпіхае,
дык вось, народ кажа, што за бітага двух нябітых даюць,
от як!
а што да веры, дык якую б ты ня выбраў, усё адно
застанешся адзін, так што не пакутуй.
наконт «зьліцьця» дабрыні і жорсткасьці — гэта пытаньне
неадназначнае, і вырашаць яго ў сьпешцы, адным махам, я ня раю.
а вось наконт таго, што ўсё «даўно прадвызначана», таму, маўляў,
ня трэба «торгацца» — я паспрачалася б.
Янова
|