Поўнач коціцца ў пакой
* * *
Надзея
сьвідруе
абалонку падсьвядомасьці;
імкнецца патрапіць
у сьвет,
дзе яе крылы
будуць зламаныя
аб каменныя гмахі
рэчаіснасьці;
дзе яе бязважкае цела
праткнуць
атрутныя стрэлы лёсу;
дзе яе загубіць
ледзяная скарынка
абыякавасьці.
Яна памрэ
і зноў,
нібы птушка
са старажытнае легенды,
уваскрэсьне,
ня маючы права на існаваньне...
* * *
Сьвітаньне
калматаю пысаю
невядомага зьвера
сунецца ў пакой,
зьлізвае з аконнага шкла
апошнія шматкі змроку.
Чапляю думкі
на ніці птушыных сьпеваў,
што пранізваюць
мой самотны сьвет.
Пакутліва-марудна
цягнуцца хвіліны
й патанаюць
у некранутым кубку
халоднай кавы,
пакінутым на стале
ноччу.
* * *
На непагадзь хварэе люты,
Захутваецца туманом;
Сьцякае кропелькамі смутак
З далоняў неба на вакно;
Сьцякае час па вострых лёзах
Гадзіньнікавых гільятын;
І вецер паўтарае сьлёзна
Тваё імя да нематы.
Зьбіраць аскепкі — не звыкацца,
Даўно ім ліку не вяду.
Сьцякае роспач паміж пальцаў,
Што марна ловяць пустату.
15.02.2001
Ліпеньскія абразкі
* * *
Лінія захаду — чырвань па сінім;
Мяккае цёплае змроку крыло
Лашчыць прыціхлае к ночы сяло;
Трэцца густых туманоў павуціньне.
* * *
Цёплы і зыркі, як сонца акраец,
Ліпеньскі яблык нясу ў даланях.
З хмельнаю млявасьцю летняга дня
Вецер аблокі на выган зьбірае.
* * *
Цэлае воблака белых рамонкаў
Звабіла, закалыхала мяне.…
Паваражу: дык кахае, ці не?
Шчасьце маё — на сьцябліначцы тонкай.
* * *
Лёгкія крокі сьляпога дажджу,
Срэбнае зьзяньне на тонкіх іголках.
Праз аксамітныя лапкі гляджу,
Як нараджаецца ў небе вясёлка.
* * *
Полудзень млявы. Лянотнае сонца.
Конікі ладзяць канцэрт у траве.
Хмара з-за гаю нясьпешна плыве —
Вып’е сьпякоту да самага донца.
Начное
Мяккай пысай аксамітнай
Засланяе змрок акно;
Раньняй сьпеласьцю наліты
Яблык падае — чутно.
Ноч у зорную хурманку
Запрагае туманы,
Каб да самага сьвітанку
Па зямлі развозіць сны.
Дзесь стаіўся ветрык порсткі
За прыціхлай асакой.
Праз адчыненую фортку
Поўня коціцца ў пакой.
Наваполацак