БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 9

ЦІТАВЕЦ
апавяданьне

Вінцэсь МУДРОЎ

Вінцэсь Мудроў— Сьляпая, гнятлівая цемра апанавала Бялград. Места як вымерла, і толькі на пляцы Тэразіе, дзе гарыць адзіны на ўвесь горад ліхтар, ды ля галоўнага вакзалу ківаюцца постаці амэрыканскіх ваякаў. Янкі ледзь трымаюцца на нагах, гарлаюць п’яныя песьні і бялградзкія паліцэйскія, пабачыўшы заакіянскіх гулякаў, лісьліва выструньваюцца і прыкладаюць далоні да скроняў...

Напорлівы, па-восеньску каляны вецер струменіў праз незакітаванае вакно, казытлівым халадком сьвідруючы стрыжаную патыліцу. Макар шморгаў носам, абдымаў грубку і прыслухоўваўся—адным вухам да гуду ў коміне, а другім — да гугнявага голасу, што вырываўся з рэпрадуктара. Надарваная, а таму й гугнявая папяровая талерка голасам дыктаркі Вольгі Высоцкай апавядала пра югаслаўскіх фашыстаў ды пра амэрыканскіх жаўнераў, якія, упіўшыся «кока-колай», блукалі па бялградзкіх вуліцах у пошуку самадаек. Скавытаньне ветру й аповеды пра цітаўцаў — кожнага разу, пачуўшы слова «цітавец», Макар сьцепанаўся — мярцьвілі дух і вярэдзілі сэрца.

— У-у-ых,— гуў вецер у коміне.— Та-та-та,— ляскатала шыбэрная засланка.— Што ж зь сябе уяўляе бялградзкая кліка? Што за людзі згуртаваліся вакол Ціта?— абзывалася Вольга Высоцкая і сэрца ад тых слоў і гукаў штохвілі спынялася, а потым білася ўпоравень з дробным лясканьнем юшкі.

Гусьцеў змрок. Трэба было распальваць керагаз, грэць гарбату, але Макар не варушыўся — стаяў, адчайна абхапіўшы печ, слухаў радыё і з хваравітай зацятасьцю — каторым ужо разам — мадэляваў у сьвядомасьці свой візыт у міліцыю.

— Адной з самых калярытных асобаў цітаўскага атачэньня зьяўляецца, безумоўна, Мілаван Джылас. Гэты прайдзісьвет яшчэ з студэнцкіх часінаў аказваў паслугі каралеўскай паліцыі. Сын жандарскага капітана, ён часьцяком бегаў у бліжэйшы пастарунак са сьпісамі нядобранадзейных студэнтаў, ну а сёньня, убіўшыся на службу да Ціта, займеў ляўры югаслаўскага Гэбэльса. Зрэшты, перад гаспадаром навасьпечаны Гэбэльс бегае на цырлах, аднак баіцца ён ня толькі гаспадара, але й Ранкавіча. А ўсё з-за сваёй жонкі — Мітры Мітравіч, якая гэтак жа спрытна падманвае мужа, як Мілаван падманвае югаслаўскі народ, і якую колькі разоў бачылі ў ранкавіцкіх абдымках...

Начальнік пашпартовага стала ўяўляўся яму плячыстым, гладка паголеным, а таму суворым з выгляду мужчынам з чырвонымі і жоўтымі лычкамі раненьня на кіцелі. Міліцэйскі начальнік выплываў аднекуль з сутонлівых глыбіняў, клаў на Макараву сьпіну цяжкую далонь і, паведаміўшы, што ён, Макар, нагадвае яму забітага на вайне сына, прапаноўваў узяць сваё прозьвішча. Стоячы з заплюшчанымі вачыма, Макар, здавалася, адчуваў цяжар начальніцкай рукі, і ў носе ягоным сьвярбела ад млявага паху «Шыпру», якім — так, прынамсі, лічыў Макар — мусіў асьвяжаць твар міліцэйскі начальнік.

Вось і цяпер у пакоі запахла цырульняй. Макар разьмежыў павекі, спрабуючы ўцяміць — адкуль зьявіўся гэты пах — доўга, з ашклянелай зацятасьцю глядзеў на маленькага мураша, што поўз па грубцы перад самым носам, а калі знадворку рыпнуў ганак і на калідоры затупалі, павярнуў галаву і ўлякнута зірнуў на дзьверы...

У манастырскай кельлі, дзе ён жыў разам з капітанам Івановым, таксама стаяла грубка. Толькі ня круглая, а квадратная, выкладзеная дыхтоўнай зялёнай кахляй. Палілася яна зь іншага пакою, дзе быў габінэт начальніка шпіталю, і з ранку яе нацяплялі так, што даводзілася адчыняць фортку і ў кельлю правіднай белай аблачынкай убіваўся мароз. Зьвечару, аднак, печ астывала, і калі вецер дзьмуў у вокны, яны да самага ранку круціліся з Івановым на ложках, чакаючы, калі за сьценкай рыпнуць масьніцы і на падлогу з сонным грукатам упадзе абярэмак дроваў.

За тонкай, зьбітай з сасновых аполкаў сьценкай, такім часам завіхалася зямлячка Ія — маленькая, непрыгожая з твару дзяўчына. Ія дзяжурыла ў ноч і прыканцы дзяжурства, дакладна а пятай гадзіне, распальвала грубку.

Гэты сонны грукат і стоенае рыпеньне масьніц уеліся ў памяць, не давалі спакою, і цяпер, калі мінула шэсць гадоў, Макар часьцяком абуджаўся сярод ночы, і потым доўга ня мог заснуць, а калі ўрэшце рэшт засынаў, дык ізноў вяртаўся ў халодную кельлю, і слых поўніўся знаёмымі зыкамі: сонным грукатам паленьня, цяжкім сапеньнем хірурга, шумам ветру знадворку і суворы Хрыстос, чыё аблічча прабілася мінулым летам скрозь пабелку, паглядаў на яго са столі, сьцьвярджаючы, што Ён ёсьць, што Ён заўсёды быў, хай і замазаны да часу слоем шарага тынку.

Пасьля таго, як Ія запаляла ў печы, яшчэ цэлую гадзіну можна было спаць і сон прыходзіў ціхамірны і апраметны, прыпраўлены салодкай асцою, якая часьцяком забягала ў вушы. І ня чуў Макар, як на калідоры стукалі мыліцы — першыя раненыя ўжо ішлі на перавязку,— як зямлячка Ія, па старой звычцы, ляпала ў дзьверы даланёю і абуджаўся толькі тады, як Іваноў, кашлянуўшы спрасонку, сьцягваў зь яго коўдру і гучна прамаўляў:

— Уставайце, сір, вас чакаюць вялікія справы!

Потым яны сьпехам, пацепваючыся ад халадэчы, нацягвалі нагавіцы, пырскалі на твары сьцюдзёнай вады з цэбра і начальнік шпіталю, сівагаловы дзядок Прыбышэўскі, гукаў з-за перабойкі:

— Не расплюхвайце, уначы спатрэбіцца.

— Хутка ў труну, а ўсё жартуе,— сьцішана выдыхаў у адказ Іваноў і насупліваў бровы: калі на станцыю прыбываў цягнік з раненымі, хірургі мусілі дзень да ночы стаяць ля апэрацыйных сталоў і, каб пазбыцца соннай замарачы, раз-пораз панурвалі галовы ў вядро з халоднаю вадою.

Капітана Іванова перакінулі да іх у кастрычніку сорак чацьвертага, з Сарапульскага шпіталю. Гэта быў ладны, заўсёды шчыгульна паголены мужчына сарака гадоў, якога адразу ж пакахалі маладыя мэдсёстры, і пра якога адразу ж сталі апавядаць розныя неверагодныя рэчы. Казалі, прыкладам, што ён зарэзаў падчас апэрацыі нейкага палкоўніка. І не выпадкова, а наўмысна: палкоўнік, калі верыць чуткам, кінуў на полі боя палёвы шпіталь і ўсе раненыя зазналі страшную сьмерць пад гусеніцамі нямецкіх танкаў. Мэдсёстры ж казалі, што ад капітана на Керчанскім пляцдарме зацяжарылі адразу дзве санінструктаршы, і ад штрафбату яго, нібыта, уратаваў акадэмік Бурдэнка.

Сам капітан пра свае франтавыя прыгоды ніколі нічога не казаў і толькі аднойчы, калі яны — тры хірургі ды пяцёра фэльчараў — абмывалі вызваленьне Лодзі, згадаў, як выносіў з акружэньня свайго параненага сябра, зь якім працаваў да вайны ў нэйрахірургічным інстытуце. Пачуўшы такое, усе пераглянуліся: інстытутам, як вядома, кіраваў той самы акадэмік і плёткі пра знаёмства капітана з Галоўным хірургам Чырвонай Арміі былі падобныя да праўды.

Спэцыялістам капітан Іваноў быў фаховым. Рабіў самыя складаныя апэрацыі, прычым уласным інструмэнтам, які прывёз з Сарапулу, надта ж той інструмэнт даглядаў і калі аднойчы са стала бясьследна зьнік скальпэль — трафэйны, зь цёмнай золінгенаўскай сталі,— цэлы тыдзень хадзіў пахмурны і ні з кім не размаўляў.

А яшчэ ён любіў чытаць. Увечары, падсунуўшы пад вуха цьмяную газьніцу, разгортваў «Ваенна-мэдычны часопіс» і так, з часопісам у руках, і засынаў. Час ад часу, пасьля ўдалых апэрацыяў, сусед па кельлі штосьці пісаў у сшытку, і калі Макар пацікавіўся аднойчы — пра што той піша, сусед зь неахвотаю прабурчэў:

— Бульбатамію распрацоўваем.

— Што-небудзь наконт бульбы?— перапытаў Макар і сусед, які дагэтуль рэдка калі пасьміхаўся, гэтым разам захлёбіста зарагатаў:

— Не крыўдуй, калега, але бульбай тут і ня пахне. Бульбатамія — мэдычны тэрмін, азначае апэрацыю ў верхнім аддзеле сьпіннога мозгу.

Макар не крыўдаваў. Ды ён і ня мог крыўдаваць, бо капітан Іваноў уяўляўся яму чалавекам зь іншага, дарэшты загадкавага сьвету, і, казелячы вокам на суседа, ён прагнуў вывучыцца на хірурга, заняцца распрацоўкай бульбатаміі, лавіць закаханыя погляды мэдсёстраў і менаваць фэльчараў паблажлівым слоўцам «калегі».

Аднойчы — гэта было напачатку траўня — яны з капітанам глынулі спірытусу, прабалбаталі да раньня, і капітан, перад тым, як кульнуцца на бок, прамовіў:

— Колькі людзей пабіла... Страшна падумаць. А ўсё з-за чаго? З-за таго, што псыхапаты пры ўладзе.

Капітан крэкнуў, кульнуўся на левы бок, а Макар, уражаны такімі словамі, зацкавана паглядзеў на Хрыста. І Збаўца, амаль нябачны ў ранішнім змроку, пагрозьліва зварухнуў узьнятым пальцам. «Якія псыхапаты? Каго ён мае на ўвазе? Ці не самога таварыша Сталіна?» —страхотлівыя думкі заварушыліся ў галаве, Макар перавёў позірк на дашчатую перабойку і замёр бяз дыху. Яму здалося, што там, пад стольлю, у дзірцы ад выбітага сучка, міргнула чыёсьці пукатае вока.

Капітана арыштавалі перад майскімі сьвятамі. Тае начы ён, Макар, езьдзіў на станцыю — прымаў санітарны цягнік з фронту, а калі вярнуўся, убачыў ля сваёй кельлі ўстурбаванага Прыбышэўскага і спалатнелую зямлячку Ію.

— Зайдзі... там... цябе пытаюцца...— прамармытаў дзядок Прыбышэўскі і, ня ведаючы, чым заняць здранцьвелыя рукі, стаў таропка праціраць шкельцы акуляраў.

У кельлі панаваў вэрхал. Капітанава тумбачка стаяла расчыненая, тут жа валяўся фібравы чамадан, у якім капітан захоўваў хірургічны інструмэнт, а падлога была засыпана саламянай пацярухай з парэзаных сяньнікоў.

На ягоным ложку сядзеў, насунуўшыся сьпінай на сьцяну, нехта ў даўгім шынялі, і штосьці таропка пісаў у блякноце.

— Вашае прозьвішча, імя, імя па бацьку...

Чалавек у шынялі задаваў пытаньні, не адрываючыся ад пісаніны, і толькі спытаўшы — ці не даваў грамадзянін Іваноў яму якой літаратуры? — пакінуў пісаць і запытальна зірнуў на Макара.

З кельлі ён выкуліўся, не адчуваючы пад сабой ног, выпіў нагбом мэнзурку брому, якую падала Ія, і потым цэлы дзень ляжаў хворы.

І ў гарачкавым трызьненьні яму мроіўся Хрыстос з узьнятым угору пальцам і капітан Іваноў, які, бліскаючы бельмамі вачэй, піхаў яму за пазуху нейкія страхотліва-чорныя кнігі...

Знадворку бразнулі дзьверы і калідор скалануўся ад капытлівага тупату: гэта вярнуліся з працы суседзі зь дзевятага пакою. «Трэба нагрэць чаю»,— падумаў Макар, пашукаў вачыма пакарабачаны чайнік, але ад грубкі так і не адкаснуўся. Папяровая талерка тым часам загаварыла голасам Юрыя Левітана.

— Вакол Ціта сабралася шмат рознай набрыдзі, але ўсе яны выглядаюць сапраўднымі анёламі ў параўнаньні з Александрам Ранкавічам. Гэты кат югаслаўскага народу з 1935 году знаходзіўся на ўтрыманьні каралеўскай паліцыі і менавіта пры дапамозе Ранкавіча паліцыі ўдалося зьнішчыць блізу ста партыйных кіраўнікоў. Ну а калі краіну акупавалі гітлераўцы, гэты палітычны правакатар стаў служыць гестапа. Менавіта гестапаўцы арганізавалі ўлетку 1941 года ўцёкі Ранкавіча зь бялградзкай турэмнай больніцы. Накіраваўшы свайго паслугача ў цітаўскі штаб, немцы спадзяваліся мець там свайго чалавека, але пралічыліся. У самы разгар вайны Ранкавіч апынуўся ў Эгіпце і ў той час, калі югаслаўскі народ праліваў кроў у змаганьні з фашыстоўскай навалай, піў чэры-брэндзі з сваімі новымі гаспадарамі — агентамі англа-амэрыканскай выведкі...

Уваходныя дзьверы бразнулі, пачуліся таропкія крокі і Макар адхінуўся ад печы. Ішла, відаць, жанчына, бо масьніцы не рыпелі пад нагамі і рэха кожнага кроку згасала, не пасьпеўшы нарадзіцца. «Да Серады»,— падумаў Макар і плюхнуў вады ў чайнік...

Вада закіпела на дзіва хутка, і пакарабачаны — знойдзены на пажарышчы і адшараваны да мэталёвага бляску — чайнік далучыў сваё аднастайнае сіпеньне да дзяржаўнага левітанаўскага голасу.

— Эдуард Кардэль шмат ведае пра гаспадара — пэўны час яны з Ціта нават спалі на адной кашме — і ў той жа час страшэнна яго баіцца. Гэты дэгенэрат добра ведае расейскую мову: да вайны пару гадоў жыў у Маскве, куды быў пасланы трацкістам Горкічам, былым сакратаром югаслаўскай кампартыі.

У вайну быў сувязным начальніка гестапа Славенскага Прымор’я, дапамог немцам выявіць і зьнішчыць тры партызанскія штабы на тэрыторыі Славеніі. Па сваіх перакананьнях Кардэль анарха-сындыкаліст і палкі прыхільнік Ніцшэ.

Напорысты вецер ударыў у шыбу, загуў на розныя лады, грукатліва пракаціўся па даху; чайнік пакінуў сіпець і з дакучлівай жарсьцю заляскатаў накрыўкай, а Макар, які толькі што сьцепанаўся ад кожнага калідорнага зыку, сядзеў, нерухомы, на краю табурэціны — скурчаны, прыгаломшаны, сьціснуты з усіх бакоў барачнымі сьценамі, невідушча пазіраў на парны струмень, што зь лёгкім посьвістам сьвідраваў панылы прыцемак і ў посьвісце тым яму мроіўся голас трацкіста Горкіча.

— Давай, Макарка, едзь у Маскву. Абжывіся, убейся ў давер Дзімітрову. Нічым сябе не выдавай і, галоўнае, вывучай расейскую мову. А праз пару гадоў ты нам спатрэбісься.

«Навошта ж яе вывучаць? І так добра ведаю»,— хацеў было сказаць Макар ды ў гэты момант дзьверы расчыніліся і ў пакой віхурна ўваліліся Лазюк з Каландзёнкам.

Лазюк бліснуў касаватым вокам — выпіў, відаць, у сталоўцы кухаль піва,— выцер аб мокрую анучу, што ляжала ля дзьвярэй, перапэцканыя кірзачы і, наструніўшы слых, кіўнуў у бок рэпрадуктара:

— Чуеш, цітавец, пра тваіх апавядаюць.

— У імпэрыялістычную вайну — гукаў рэпрадуктар,— фюрэр югаслаўскіх фашыстаў ваяваў на Карпацкім фронце, але, ратуючы сваю шкуру, дэзэртыраваў з аўстрыйскага войску і атабарыўся ў Заходняй Сібіры. У Сібіры ён спакусіў рускую дзяўчыну і неўзабаве зьбег у Маскву, дзе зьнюхаўся з трацкістам Бэла Кунам і пачаў падрыўную працу ў Камінтэрне...

— Ну і сволач,— прамовіў Лазюк, плюхнуўшыся на ложак і выцягнуўшы з кішэні папяросы.

— Першае, што ён зрабіў, калі вярнуўся ў Югаславію — паведаміў дыктатару Франка пра параплаў з дабраахвотнікамі, які ішоў у Іспанію і які, дзякуючы здрадніцтву Ціта, быў патоплены фашыстоўскай авіяцыяй.

— Ну і сволач,— паўтарыў Лазюк і пстрыкнуў запалкай.— Патрапіўся б ён мне ў сорак чацьвертым. Я б гэтаму фашысьцюгу ўраз кішкі выпусьціў.

— Давай, пераапранайся, а то спозьнімся,— прабурчэў Каландзёнак, сьцягнуўшы з ног брудныя бахілы, і Макар згадаў, што сёньня пятніца і суседзі па пакоі, нават ня піўшы гарбаты, пабягуць у клюб імя Варашылава, дзе а шостай гадзіне будзе кіно, а потым танцы.

— Больш усяго на сьвеце Ціта любіць віно і жанчын. Прычым, дзеля сваіх уцех ён абірае кабет з буржуазнага асяродку. Так, ягоная апошняя каханка Вольга Нінчыч — дачка былога югаслаўскага міністра Мамчылы Нінчыча. Каб падабацца жанчынам, Ціта шмат увагі надае свайму выгляду і штораніцы выскубвае пінцэтам бялявыя бровы...

— Чуеш, цітавец, з кім ты зьвязаўся? — Лазюк плюхнуўся на ложак і ўзьняў правую нагу: — Цягні!

Кроў прыліла да твару. Макар парывіста ўстаў, схапіўся за бот расчаперанымі пальцамі, сьцягнуў бот з Лазюковай нагі і ў душы сьцепануўся ад смуроду прэлых анучаў.

— Другі! — прамармытаў Лазюк, падымаючы левую нагу, і калі Макар паспрабаваў сьцягнуць бот, далікатна абхапіўшы халяву ўсімі дзесяцьцю пальцамі, Лазюк незадаволена пыхкнуў папяросай і скрозь зубы працадзіў: — Ручкамі, ручкамі давай...

У жніўні сорак пятага, убіўшыся ў апошні вагон санітарнага цягніка, Макар Цітавец ехаў на Радзіму. За вокнамі плылі бясконцыя слупы, грывасты паравозны дым засьціў перасьпелае, а таму ня надта гарачае сонца, і лёгкі цень то набягаў, то зьбягаў з Макаравага твару.

Ён глядзеў на віхурыстыя пасмы, на сонечныя бліскі, што ляцелі па правадах і ў галаве, як тая кроў у скронях, пульсавала адна і тая ж думка: пачынаецца новае жыцьцё. І жыцьцё гэтае ўяўлялася яму вясёлым і бесклапотным.

Зрэдзьчасу наперадзе з трывожным надрывам гуў паравоз, на твар набягаў правідны цень і Макар, уздыхнуўшы, згадваў капітана Іванова.

За што ўзялі капітана — ніхто так і ня ўведаў. Магчыма, згадалі гісторыю з зарэзаным палкоўнікам, а мо’ хто з санінструктарш, нарадзіўшы дзіцёнка, паведаміла прозьвішча бацькі. Зрэшты, капітана арыштоўвалі энкагэбісты, а яны, як вядома, займаліся куды больш сур’ёзнымі справамі. Аднойчы, падчас начнога дзяжурства, зямлячка Ія паведаміла па страшным сакрэце, што капітан быў нямецкім шпегам, і што на гарышчы знайшлі загорнутую ў прасьціну рацыю. Напачатку ён пасьмяяўся з тых плётак, але наступнае начы, у соты раз крутнуўшыся з боку на бок, прымроіў капітана, які сядзеў на гарышчы, поруч з расколатым звонам, і таропка адбіваў марзянку. Пры гэтым на рацыі зацята міргала зялёная лямпачка, кожны раз асьвятляючы голенае падбародзьдзе, і Макар, уражаны такім відмом, нават прыўзьняўся на ложку. Толькі цяпер згадаў Макар, што капітан Іваноў па два разы на ноч бегаў у прыбіральню. «Прастатыт замучыў»,— казаў сусед па кельлі і, згадаўшы гэтыя словы, Макар хацеў зараз жа бегчы шукаць энкагэбістаў, каб паведаміць ім пра такія начныя вандроўкі, але нікуды не пабег: адно перахрысьціўся на нябачнага ў цемры Хрыста ды стоена перавёў дых.

А неўзабаве па шпіталю пайшла пагалоска: хірургаў ды лекараў перакінуць у Чыту, а фэльчараў і абслугу адпусьцяць па хатах. Ён не даваў таму веры, ды тут, пад час ранішняга абходу, дзядок Прыбышэўскі ляпнуў яго па плячы і з зайздрасьцю ў голасе паведаміў:

— Усё, Цітавец, праз пару тыдняў будзеш дома.

І вось, бялёсым жнівеньскім днём сорак пятага году, піхнуўшы — каму трэба — пляшку сьпірытусу, ён сеў у разьдзяўбаны санітарны цягнік і зь лёгкім сэрцам выправіўся дахаты. Макару тады здавалася — варта адсюль зьехаць, і на яго ўсе забудуцца. Але, пазіраючы на грывасты паравозны дым ды на чорны цень цягніка, што мільгцеў за вокнамі, ён раптам убачыў сваё прозьвішча ў гэбісцкіх паперах і зразумеў, што капітанавы цень будзе заўсёды ляцець за ім сьледам і сэрца ягонае — вось як цяпер — будзе балюча трымцець ад поціску яжовых рукавіцаў.

Цягнік ішоў да самога Бэрліну; у Воршы ён мусіў сыходзіць, але праспаў і прачнуўся ўжо калі за вокнамі — паныла і павольна — плылі закурадымленыя менскія руіны.

Была раніца. Яшчэ не нагрэты зночы ветрык гуляў паперкамі, гнаў па пэроне цагляны пыл, рыпеў дзьвярыма прывакзальнай чайной. Макар і завітаў у тую чайную; выпіў кухаль піва, потым узяў яшчэ два — адзін сабе, другі—аднарукаму інваліду, які стаяў поруч ды горка ўздыхаў — і інвалід, выпіўшы кухаль без перадыху, здаволена выцер вусы:

—Куды едзем?

—У Воршу... думаю сястру адшукаць,— зь неахвотаю адказаў Макар,— жыла там... непадалёку ад вакзала.

—Ці знойдзеш каго...— уздыхнуў інвалід, скручваючы пальцамі адной рукі тоўстую самакрутку,— там, ля вакзала, камня на камні не засталося,— і Макар, зразумеўшы, што адным півам іхняя размова ня скончыцца, выцягнуў з рэчмяшка пляшку шпітальнага сьпірту.

З чайной яны выкуліліся блізу абеду, і аднарукі танкіст, віснучы на Макаравай шыі, прапанаваў завітаць да свайго брата. Брат таксама быў лекарам і працаваў у мэдпункце аўтарамонтнага заводу.

— Пасьля кантузіі рукі дрыжаць — укола зрабіць ня можа. Так што пойдзеш да яго напарнікам,— паведаміў былы танкіст, і калі Макар пачаў казаць нешта пра штатны расклад, той сьціснуў Макараву шыю і смачна мацюкнуўся.

На будоўлю аўтарамзаводу дабраліся адвячоркам, зайшлі ў вялізны намёт, дзе месьціўся мэдпункт, і пачулі незадаволены мужчынскі голас:

— І не прасі — нічога ня дам! Ужо інструмэнт вадой праціраю...

— Ды ня плач ты... Са сваім прыйшлі,— гракнуў у адказ інвалід і Макар, скінуўшы з пляча мяшок, таропка выцягнуў адтуль пляшку сьпірту, якую хацеў быў прыхаваць на чорны дзень.

Такіх пахмурых людзей Макару яшчэ не даводзілася бачыць. Пакуль расьпівалі пляшку, брат не прамовіў ані слова: сядзеў, утуліўшы голаў у плечы, лыпаў вільготнымі вачыма і раз за разам скручваў самакруткі. Затое былы танкіст гаманіў без супыну: пра тое, як яны фарсіравалі Дняпро, як захрасьлі на танку ў балоце, і як камандуючы 11-й гвардзейскай арміі генэрал-лейтэнант Галіцкі пачаставаў яго, простага сяржанта, папяросаю.

— Ну што ты сядзіш, як кантужаны,— выгукнуў, нарэшце, танкіст, плюснуўшы ў братаву конаўку.— Раскажы чалавеку, як цябе пад Керчу з катэру змыла.

— Што, у Крыму ваявалі? — пацікавіўся Макар.

— Шпіталь там разгортвалі, ды не пасьпелі... немцы накрылі,— прамовіў сугней, адвёўшы ўбок вочы.

— А вы такога капітана Іванова ведалі? — ляпнуў, не падумаўшы, Макар і сугней падхапіўся на ногі.

— Лёшу?! Аляксея Іванавіча?! Дзе ты яго бачыў?

Макар апусьціў галаву, цяжка ўздыхнуў.

— Забралі... у траўні сёлета.

Сугней неяк адразу змарнеў, сплюнуў махорачныя крыхі і разам з пякучым дымам выдыхнуў: — С-сукі.

А на наступны дзень, пакутуючы з пахмельля, Макар ужо завіхаўся на мэдпункце: бінтаваў галаву нямецкаму ваеннапалоннаму, якога ахоўнікі ўкінулі, па п’янцы, у бэтонамяшалку, і рабіў прышчэпкі ад слупняку прысланым на будоўлю рамесьнікам.

Грукнуўшы юхтавым ботам, ды так, што нават парахня сыпанула з гарышча, Лазюк зашпіліў палітон, нацубіў на вушы абвіслы капялюш, з дрыготкай у голасе абвясьціў:

— Ну, бляха, гульнем сёньня.

Ягоны сябручок Каландзёнак нацягнуў на плечы ватоўку — прыстойнай вопраткай і дагэтуль не разжыўся,— насунуў на левае вуха кепку-шасьціклінку.

— Куды там гульнеш. Вецер з ног валіць,— ужо з калідору буркнуў Каландзёнак і, папляваўшы на далонь, ускудлаціў віхор, які выбіваўся з-пад кепкі.

Макар выключыў радыё, падбег да дзьвярэй, убіў непаслухмянымі пальцамі кручок у прабой і застыў у нерухомасьці.

— Божухна, ну калі гэта ўсё скончыцца?— вырвалася з Макаравай грудзіны і халодны, адчувальны на дотык скразьняк, што струменіў зь дзьвярной шпары, казытнуў пасівелую скронь.

Шэрым восеньскім адвячоркам, прыціснуўшыся лобам да дзьвярэй, амаль нябачны сярод брудных ватовак, якія важка віселі на цьвіках, стаяў Макар Цітавец і ціха ды журботна паўтараў: — Ну калі... калі гэта скончыцца?

Два месяцы таму, апошнім летнім днём 1948 года, у іхным пакоі ладзілі бяседу. Нават не бяседу, а так... невялічкую гулянку з нагоды ад’езду Сёмкі Мазурына. Сёмка быў камандзіраваны з Горкаўскага аўтазаводу — налажваў абсталяваньне ў цэху зборкі — і цяпер ехаў дахаты, праставіўшы на разьвітаньне тры пляшкі гарэлкі. Трыма пляшкамі, аднак, бяседа не абмежавалася. Падышоў інжынэр Серада зь нейкай грудастай кабетай, потым падасьпелі мальцы з суседняга пакою, і давялося ізноў бегчы ў краму.

На вакзал выправіліся ўсім кагалам, і грудастая кабета, пад вясёлыя воклічы хлопцаў зь дзевятага пакою і самога Серады, абдымалася зь Сёмкам на пэроне і, скрозь п’яныя сьлёзы, абяцала прыехаць да яго ў Горкі.

Назад ішлі зь песьнямі. Яны сьпявалі на пару з інжынэрам раманс з кінафільму «Першая пальчатка», грудастая кабета ім бязладна падпявала і Макару ніколі не было так добра, як таго вечару.

Дахаты вярнуліся а другой гадзіне ночы і Каландзёнак — хлопец, зь якім яны жылі ў адным пакоі,— доўга ня мог патрапіць ключом у замочную шчыліну, а калі патрапіў і паспрабаваў адчыніць дзьверы, дык яны аказаліся незамкнутымі.

— Дзіўна... зачыняў, здаецца,— прамармытаў Каландзёнак, чыркнуў запалкай і Макар са зьдзіўленьнем убачыў, што на ягоным ложку нехта сьпіць.

Гэта быў, відаць, новы жылец. Але чаму ж ён паваліўся не на вольны ложак, а ўсьпёрся на ягоны, Макаравы?

— Эй, таварыш,— гукнуў Макар, тыцнуў таварыша ў бок, але той не прачнуўся.

«Чорт зь ім... заўтра разьбярэмся»,— падумаў тады Макар і, выставіўшы рукі, намацаў на ложку, дзе надоечы спаў Сёмка Мазурын, свой скручаны валікам сяньнік.

Наступнай раніцай ён прачнуўся з пахмельнай сечкай у галаве і, адпаведна, у кепскім настроі. І абудзіў яго не калідорны грукат, а нейкі агідны пах, ад якога, здавалася, ня толькі балела галава, але і дрыжэла паветра. Макар крутнуўся на ложку, павёў носам і зразумеў, што гэта сьмярдзяць ногі начнога незнаёмца. Ногі вытыркаліся з-пад коўдры, ля самай яго галавы, і левая нага з утрапёнай зацятасьцю чухала правую.

— У нас, між іншым, на чужыя ложкі не ўзьбіваюцца. Кладуцца на свабодныя,— прамовіў Макар, ашчадна дыхаючы адной наздрынай.

Незнаёмец пакінуў чухаць пятку і, пасьля паўзы, запытаўся:

— Дзе гэта — у вас?

Незнаёмец, мяркуючы па голасе, быў маладзейшым ад яго, да таго ж прамаўляў зь вясковым акцэнтам і Макар, прыўзьняўшыся на локці, трынцьлівым ад абурэньня голасам прамовіў:

— Дзе-дзе... у нас, у бараку.

— Я — Лазюк!— адрэкамэндаваўся ў адказ незнаёмец, і гэткая парсючыная годнасьць разьвесяліла Макара.

— Як-як? Лазюк? А мы думалі Сталін,— рагатнуў Макар і, шукаючы падтрымкі сваім словам, зірнуў на Каландзёнка. Сябрук, аднак, толькі што прачнуўся і з асавелай няўцямнасьцю лыпаў вачыма.

Той, што назваўся Лазюком, таксама прыўзьняўся на локці і Макар убачыў цыганаваты, пабіты восьпінамі твар.

— А чым табе, уласна кажучы, не падабаецца Сталін?

Пытаньне завісла ў паветры і Макару падалося на імгненьне, што на яго глядзіць не васпаваты Лазюк, а капітан Іваноў.

Лазюк падхапіўся на ногі, падышоў да дзьвярэй.

— Твой пінжак?

Макар ляжаў, як халадзёнкай абліты, зь дзіўным утрапеньнем пазіраючы, як новы жылец залез у кішэнь ягонага пінжака і дастаў адтуль мэдычнае пасьведчаньне ды заводзкі пропуск.

— Цітавец,— прачытаў Лазюк з націскам на першым складзе і Макар неспакойным голасам паправіў: — Цітавец!

— Вось яно як... Аказваецца, у нашым калектыве зьявіліся цітаўцы, а мы і ня ведалі,— прамармытаў Лазюк, вывучаючы Макарава пасьведчаньне.

— Што ты там вярзеш! Якія цітаўцы? Пакладзі назад дакумэнты! — Макар ускочыў на ногі, але, пачуўшы злавеснае: — Сядзе-эць! — плюхнуўся на ложак.

— Ня рыпайся, цітавец... Твае словы чуў ня толькі я,— Лазюк кіўнуў Каландзёнку і той, улякнута нацягнуўшы на сябе коўдру, таргануў падбародзьдзем.

У вочы ўдарыла зыркая яснасьць і Макар адхінуўся ад дзьвярэй. Стрэлкі ходзікаў, што віселі над Каландзёнкавым ложкам, выпрасталіся ў струнку: у гэты час, а шостай гадзіне, у барак давалі сьвятло. На калідоры капытліва затупалі, за сьценкай гучна зашкрэблі — суседі зь дзевятага пакою ўключылі электраплітку, а ў інжынэра Серады гучна зайграла радыё.

Апанаваны ўспамінамі, ён скалеў на лядышку і да печы ішоў на нягнуткіх нагах. Макар доўга, аж пакуль не закружылася галава, разьдзімаў шэры прысак, а ўкінуўшы ў печ тры сукаватых палены, так і застаўся стаяць на кукішках, слухаючы, як страляюць бярозавыя дровы і як шалее знадворку вятрыска.

Вецер заўсёды пазбаўляў спакою. Вось і цяпер яму здавалася, што разам зь ветрам у шыбу стукаецца бяда, што сёньня ўначы падвей выдушыць шкло, уварвецца ў пакой і на парозе паўстануць яны — людзі ў шэрых шынялях. Прадчуваньні ніколі яго не падманвалі і Макар, прыціснуўшыся лобам да цёплае грубкі, зварухнуў пасінелымі вуснамі: — Хутчэй бы...

Ён заплюшчыў вочы і адразу ж убачыў людзкія галовы, прыцемнае сьвятло над сталом прэзыдыюма і квадратнуў постаць чалавека ў цёмным кіцелі.

— Больш сквапнага і ўладалюбівага дзеяча, таварышы, цяжка знайсьці нават на Дзікім Захадзе,— прамоўца зрабіў паўзу, абцягнуў канцы форменнага кіцелю.— Дзеля захаваньня ўлады Ціта гатовы пайсьці на ўсё. Гэта ён, разам з сваімі падручнымі, забіў адданага сына югаслаўскага народу Арсо Ёванавіча, гэта ён кінуў тысячы югаслаўскіх патрыётаў у турмы і канцлягеры, гэта ён, Ціта, патапіў у крыві народную рэвалюцыю і зрабіў югаславаў рабамі англа-амэрыканскага імпэрыялізму...

Прамоўца ізноў перапыніўся, зірнуў на Газіна — заводзкага парторга,— і той, праліваючы ваду з букача, стаў поўніць шклянку.

— Няма сумневу,— сказаў прамоўца, глынуўшы вады,— што цітаўцы паспрабуюць разгарнуць сваю агентуру ў суседніх краінах народнай дэмакратыі і, ня выключана, у Савецкім Саюзе. І хаця такія спробы загадзя асуджаныя па правал, мы, як заўсёды, мусім быць пільнымі,— прамоўца чарговым разам перарваўся і зірнуў некуды паўзьверх людзкіх галоў.— Калі хто з вас пачуе нейкія падрыўныя размовы, ці ўбачыць варожую нам літаратуру, той павінен зьвязацца непасрэдна з намі, альбо патэлефанаваць па нумары, які я зараз назаву...

Тою хвілінаю ён, Макар, адчуў, што ногі зрабіліся ватнымі і налёг плечуком на вушак уваходных дзьвярэй. Ён спазьніўся на лекцыю, і цяпер стаяў ля дзьвярэй поруч з рэдактарам заводзкай шматтыражкі. «Што, млосна стала?» — шапятнуў рэдактар, «Запішыце нумар»,— гукаў маёр дзяржбясьпекі, але Макар нічога ня чуў і ня бачыў, апроч Лазюка, які сядзеў на трэцім радзе і круціў галавой, вышукваючы некага ў залі. Празь імгненьне іх пагляды сустрэліся і Макар, не адрываючы плечука ад сьцяны, выкуліўся на падворак.

«Божухна... як я раней не здагадаўся,— працяла мазгі хваравітая думка,— Лазюка падаслала да яго МГБ». Макар невідушча павёў рукамі, намацаў драўляную лаўку, што стаяла ля ўваходу.

— Ад задухі,— пачуў ён як скрозь сон і разьмежыў павекі. Рэдактар шматтыражкі яшчэ кароткую хвілю ляпаў яго па твары, а потым сумеўся і дастаў з кішэні пачак «Казьбеку».— Нічога, зараз пройдзе,— прамовіў рэдактар, пастукаўшы па старой афіцэрскай звычцы папяросінай па пачку.

Шум у вушах суціх і слых напоўніўся чырканьнем запалкі і прыглушаным драўлянымі сьценамі воклічам: — Ды што з тым Цітам валэндацца! Кінуць туды пару дывізіяў — і гамон фашыстам! — апошняе слова патанула ў бязладным гуле, якое заглушыла шыпеньне сярнічкі. Рэдактар прыпаліў папяросу, сплюнуў пад ногі тытунёвыя крыхоткі.

— Слухай, а чаму цябе цітаўцам завуць?

Драўляная стадола ўраз здрыганулася, дзьверы іржава рыпнулі, людзі гаманкім натоўпам рушылі на падворак, а рэдактар ўсё стаяў і чакаў адказу, і ў зрэнках ягоных злавесным агнём мільгцела жарынка папяросы.

Нечакана, як ад штуршка, Макар ачуўся. Ён падняўся на ногі, пацёр здранцьвелыя калені.

На калідоры палахлівым рэхам абзываліся таропкія жаночыя крокі: жанчына, што заходзіла да Серады, намагалася як мага хутчэй высьлізнуць з барака. «Ці ня тая... грудастая»,— уздыхнуў Макар і з п’янлівай палёгкай адчуў, што вецер зьнянацку суняўся, і што знадворку зацерусіў нудны восеньскі дождж. Яму раптам да змогі, да сьвербу пад дыхніцай закарцела пагаманіць зь Серадой і, падуладны такому жаданьню, Макар нерашучай хадою падышоў да дзьвярэй.

Інжынэр Серада займаў пакойчык у канцы калідора; жыў ён адзін і надта захапляўся жанчынамі. З тае нагоды пра інжынэра хадзіла шмат розных вясёлых показак. Казалі, напрыклад, што на мінулыя кастрычніцкія да яго завітвала жонка першага сакратара абласнога камітэту партыі, якая ўсенькую ноч здушана войкала, а пад раніцу — хлопцы чулі празь сьценку — узбуджана завішчэла: «Укусі мяне!»

Макар пастукаў у дзьверы, інжынэр адгукнуўся і ў гэтым кароткім «да!» чулася сьмяротная стома.

У пакоі было цёпла, парна і пахла адэкалёнам.

— А-а... сусед... заходзь... якраз на гарбату пасьпеў,— прамовіў інжынэр, здымаючы з пліткі бразглівы чайнік.

Такія словы разьняволілі Макара і ён увайшоў у пакой. Апошні раз ён заходзіў да інжынэра пару тыдняў таму — пазычаў солі. Тады, памятаецца, ля правай сьценкі стаяла шафа з моранага дуба. Цяпер шафы не было, а на тым месцы гаргарылася чарцёжнае прыстасаваньне. На пляскатай красьлярскай дошцы ляжаў, прышпілены кнопкамі, аркуш паперы з накрэсьленым на ім аўтамабільным колам.

— Дасканалю шасі,— прамовіў інжынэр, перахапіўшы Макаравы позірк,— на працы часу не стае.

Гаспадар пакою паставіў на стол два парцалянавых кубкі, падсунуў пад іх сподкі і стаў прабіваць нажом бляшанку са згушчаным малаком. Макар даўно не каштаваў такой смакошы, а таму, бязь лішніх запрашэньняў, прысеў да стала.

— Хлеба вось толькі няма,— выгукнуў гаспадар, наліваючы кіпень.

Цягуткі струмок зварухнуўся на донцы кубка і Макар, ня ведаючы — як яго перарваць, лізнуў край бляшанкі.

— Лей згушчонкі больш. Каб салодка было,— параіў Серада, дастаў з партсігара папяросіну, але — Макар гэта са зьдзіўленьнем адзначыў — згінаць у гармонік ня стаў: дзьмухнуў ды ўкінуў у рот.

— Слухай, даўно хацеў цябе спытаць... Чаму ты ўвесь час такі прыгнечаны? Усё вайну перажываеш, ці як?

Пытаньне ўстрывожыла Макара. Хвіліну ён маўчаў, тупа пазіраючы на кубак гарбаты, а потым, сам таго не жадаючы, выдыхнуў: — Прозьвішча хачу памяняць.

Інжынэр стрымана кашлянуў.

— Дзіўнае жаданьне. Хаця...— гаспадар пакою зацягнуўся папяросай, разагнаў рукой шызы дым.— У нас на курсе быў адзін... па прозьвішчы Бліадухо. Ну, вядома ж, пацьвельвалі з мальца. Казалі: «у цябе што, і жонка Бліадухай будзе?» Перад самай вайной зьмяніў. Стаў Калініным — у гонар ўсесаюзнага старасты. Ну дык то Бліадуха... гучыць, як для жанчыны, ня надта мілагучна. А ў цябе ж як... Цітавец? Нармальнае прозьвішча. У нас вунь у палку капітан Цітавец быў,— гаспадар зрабіў паўзу, сёрбнуў гарбаты,— вясёлы такі мужык, кампанейскі. З-пад Слуцку родам.

— А дзе ён цяпер?— вырвалася ў Макара і Серада, сьціснуўшы зубамі папяросу, прыхапіўся на ногі і падышоў да вакна.

— Загінуў... пад Інстэрбургам.

Плячыстая, зьлёгку прыгорбленая інжынэрава постаць нагадала Макару капітана Іванова. Капітан таксама мог цэлымі гадзінамі стаяць ля вакна і смаліць самакруткі.

— Ну дык якія ў цябе праблемы... з тваім прозьвішчам?— запытаўся Серада, прыдушыўшы папяросу ў кансэрвовай бляшанцы.

— Вы ж, напэўна, чулі...— прамармытаў Макар, не пазнаючы ўласнага голасу,— цітаўцам называюць.

— Гэта хто называе? Ці не сусед твой Лазюк? Я да гэтага сьлімака даўно прыглядаюся.

— Ды не... ён нічога,— улякнута прамямліў Макар і, каб перавесьці размову на іншую тэму, запытаўся: — А дзе тая жанчына... ну, што з Мазурыным абдымалася.

Гаспадар пакою прасьвятлеў з твару, дастаў новую папяросу.

— Ленка Якуніна? Што — спадабалася? Баба ўнікум. І грудзі пад самае падбародзьдзе.

Лямпачка над іхнымі галовамі зьменшыла напал і заміргала.

— Штосьці ранавата сёньня,— інжынэр выставіў на стол газьніцу, зь лёгкім сэрцам уздыхнуў: — На Далёкі Ўсход зьехала. Па аргнаборы. Абяцала ліста напісаць.

Потым яны пілі, пры цьмяным сьвятле газьніцы, гарбату, гаспадар распавядаў пра вайну, пра страшныя баі пад Інстэрбургам, пра тое як яго, параненага, выцягнулі з поля бою санітарныя сабакі; Макар безуважна слухаў, зрэдзьчасу ківаў галавой, але ў думках быў ужо там — на Далёкім Усходзе.

«Як усё проста,— думаў ён, мружачыся на рухавы агеньчык лямпы,— завэрбавацца на які вадаплаў і зьехаць на край зямлі. Зьехаць, прыхавацца, згубіцца ў акіянскім абшары». І калі ён вярнуўся ў свой пакой і стамлёна кульнуўся на ложак, падлога разам з ложкам пайшлі ўніз, а потым паволі ўзьняліся, не раўнуючы як карабельная палюба падчас шторму.

«Пачну жыцьцё з пачатку, уступлю ў партыю, буду працаваць па пятнаццаць... не — па сямнаццаць гадзін на содні»,— віравалі ў галаве бязладныя думкі, а вусны малітоўна шапталі адну і тую ж фразу: — Божухна, толькі б яны не прыйшлі.

Яму згадалася вайна. Згадалася, як улетку сорак першага ён валачыўся, у натоўпе уцекачоў, па маскоўскай шашы, са шчымлівым сэрцам згадаў, як на станцыі Вязьма выцягваў з палаючага вагона дзяцей, і як там жа, у Вязьме, зямлячку Ію, якая ішла разам зь ім ад самай Воршы, згвалцілі нейкія апалчэнцы.

Сьлёзы беглі па шчоках і душа, пазбыўшыся, нарэшце, пякельнага цяжару, бязважкім камяком зварухнулася ў грудзіне.

Сярод ночы ў пакой уваліліся Лазюк з Каландзёнкам. Мацюкнуліся, згадалі нядобрым словам нейкую Сьветку, брыкнуліся на ложкі. Праз хвілю захраплі — Лазюк з залівістым прысьвістам, ягоны сябрук — са здушаным клекатаньнем, і ў тым храпеньні Макару пачуліся нечыя невыразныя галасы. Галасоў было некалькі; яны мацнелі, убіраліся ў сілу, потым разам аціхлі і цішыню прарэзаў дзіцячы лямант. Ён кінуўся ў задымлены вагон і там, у куце, убачыў дзіцёнка, на галаве якога гарэла белая панамка. Макар разьдзер павекі.

На ходзіках было без пятнаццаці сем. Лазюк з Каландзёнкам ужо падняліся і, седзячы на ложках, нацягвалі гумовыя боты.

Праз колькі хвілін яны сышлі і ў пакоі стала на дзіва ціха — нават ходзікі пакінулі ўголас лічыць час і бязгучна матлялі ківачом. Можна было яшчэ крыху паспаць, і Макар зьвёў асавелыя — нібыта пяском зацярушаныя — вочы.

Праз поўгадзіны яго абудзілі незнаёмыя крокі. Незнаёмцы прайшліся па калідоры, спыніліся, вярнуліся да ягоных дзьвярэй.

— Тут! — прамовіў нехта ўладным голасам і патрабавальна пастукаў у дзьверы.

* * *

Тым ранкам, акурат а палове восьмай, у барак рашучай хадой увайшлі інспэктары пажарнага нагляду — два маладых хлопцы ў вайсковых шынялях. На мінулым тыдні ва ўнівэрсытэцкім інтэрнаце ўчадзеў падпіты студэнт, і цяпер інспэктары бегалі па бараках ды правяралі пячную цягу.

Кожная грубка грэла два пакоі і трэба было вызначыць — куды выходзяць пячныя дзьверцы.

— Тут,— прамовіў адзін з хлопцаў і грукнуў у дзьверы.

На стук ніхто не азваўся.

Інспэктар зноў пастукаў, хацеў было ісьці далей, але адчуў, што за дзьвярыма нехта ёсьць. У той жа міг дзьверы з рыпам прачыніліся, у вузкай пройме мільгнуў зьбялелы твар, жылістыя пальцы абхапілі вушак і паволі папаўзьлі долу.

— Эй, што з вамі? — выдыхнуў хлопец, працягнуў руку, каб падняць чалавека, але напарнік схапіў яго за хлясьцік шынялю, шматзначна матлянуў галавой.

Адчыніўшы — бяз рыпу і груку — рассохлыя дзьверы, хлопцы выйшлі з барака, перавялі дыханьне.

— Ня дай бог памёр — тады па міліцыях зацягаюць,— паведаміў той, што цягнуў сябра за хлясьцік.

— А можа ўчадзеў? — выдыхнуў сябар.

— Ды кінь ты... з галадухі, відаць,— азваўся напарнік і інспэктары, расшпіліўшы верхнія гузікі шынялёў, рушылі ў бок жаночага барака.

1999

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія