БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 9

ГЕРОЙ У ЧАСЕ

Сяргей Шыдлоўскі

Прамэтэеўская постаць Скарыны, надзвычай папулярная ў 80-х, напрыканцы стагодзьдзя, зь ягоным блізу барокавым адчуваньнем часу, выглядае задужа рэнэсансна, каб выклікаць інтымныя алюзіі. Актуальным героем сучаснасьці робіцца Сімяон Полацкі. Як і Ф. Скарына, гэты палкі патрыёт палічыў для сябе мэтазгодным любіць Бацькаўшчыну з-за мяжы. Але, у адрозьненьне ад Скарыны, С. Полацкі (1629—1680) зьяжджае з радзімы не за фаўстаўскай праўдай, а кіруючыся праектам рацыяналізацыі сьвету. Апошняе прыпушчэньне ў дачыненьні лёсу С. Полацкага не выглядае надмернай мадэрнізацыяй. Калі традыцыйныя культурныя стасункі разбураюцца, чалавек апынаецца сам-насам зь ірацыянальнасьцю часу. Героі традыцыйных грамадзтваў таму лёгка ідуць на сьмерць, што яны несьмяротныя ў цыклічным часе мітаў свайго роду. У гістарычным часе ўсё наадварот — ня род гарантуе неўміручасьць індывіду, а індывід унесьмярочвае род. Скарына зьяжджаў у Эўропу, ведаючы, што патрыярхальны купецкі Полацак, сыстэму самакіраваньня якога вызначалі дамоўленасьці паміж найбуйнейшымі гарадзкімі радзінамі, аб ім паклапоціцца. У часы С. Полацкага, багатыя на вайсковыя ліхтугі, традыцыйныя сувязі парушаюцца. Бяручы за літаратурнае імя назву роднага гораду, як якісьці князь, Пятроўскі-Сітняковіч апэлюе ўжо не да рэальнай палітыка-эканамічнай сілы, а да мінулага, у адрозьненьне ад Ф. Скарыны, які ў сваіх прадмовах да Бібліі зьвяртаўся да патэнцыйных фундатараў — заможнага полацкага «паспольства».

Толькі паэт і мог прасякнуцца веліччу зямлі, напалову сьцертай з палітычнай мапы хранічнымі памежнымі войнамі XVII cт. З гэтага часу з-за адсутнасьці іншых прэтэндэнтаў паэты робяцца нашчадкамі спадчыны Рагвалодавай славы. С. Полацкі папраўдзе князь — князь ад літаратуры, заснавальнік некаранаванай дынастыі. Лёс С. Полацкага, ягоны чын і ймя робяцца той кропкай уводу, у якой страчаная палітыка-эканамічная веліч Полацку сублімуецца ў міт культурнай сталіцы. Без падобнага інфармацыйнага спонсарства разрыў з традыцыяй «залатога стагодзьдзя» быў бы, магчыма, непераадольным. Так ужо адбывалася на гэтай зямлі — згадайма тых жа яцьвягаў. У месцах пераходу адной эпохі ў другую мастком могуць служыць лёсы асобных індывідаў. Не было б «апошняга рымляніна» Баэцыя, Эўропа, магчыма, не зазнала б Рэнэсансу. Калі б не было «апошняга палачаніна» С. Полацкага, на месцы Беларусі зеўраў бы сёньня пыльны транзытны ляндшафт, не паменаваны на мапах,— без прыпынкаў на сотні кілямэтраў.

Полацак сапраўды аб Скарыне парупіўся — паставіў, прынамсі, земляку помнік. Што да Пятроўскага-Сітняковіча, дык ён сам стаўся помнікам гораду. Фаўст — апошні герой традыцыяналізму — шукаў як выратаваць міта-паэтычны радавы час ад ірацыянальнага, усё зьмяняючага часу гісторыі — як можна сказаць «спыніся імгненьне» і ня быць расьціснутым д’ябальскім вынаходзтвам — гісторыяй. Беларускі Фаўст мусіць змагацца і супраць новага гістарычнага часу, і супраць новапаўсталай геапалітычнай прасторы, транзытная сутнасьць якой пазбаўляе тубыльную зямлю ейнага запаведнага статусу. Сьвятасьць — атрыбут адлегласьці, чымсі бліжэй і даступней, тым трывіяльней аб’ект пакланеньня. Патрыятызм — вынаходка эмігрантаў — такіх як С. Полацкі.

Скарына вучыцца і пытаецца, С. Полацкі вучыць і адказвае. Чым няпэўней навакольныя абставіны, тым катэгарычней дыдактыка. Скарына застанецца ў падсьвядомасьці культуры вечным студэнтам, галоўную інтрыгу біяграфіі якога складаюць абароны дысэртацыяў. С. Полацкі — «прыкладнік», практыкуючы ля трону філёзаф. Сусьветны архетып, што дастасуецца постаці Скарыны — мітычны Фаўст. Сітняковіча-Пятроўскага, гэтага Сэнэку з Полацку, хочацца параўноўваць толькі з гістарычнымі героямі. Са Скарынам можна быць «на ты». «Нагавіцы сьвятога Георгія» ў дачыненьні Скарыны — сяброўскі шарж, з Полацкім жа гэта было б карыкатурай. С. Полацкі — высокае, трагедыйнае і не запатрабаванае. Батлеечна-інтэрмэдыйны фармат, пачынаючы з «Камэдыі» Марашэўскага, пераважае ў новабеларускім самапачуваньні. Ад сюжэтаў гісторыі мы хаваемся ў бытавую фабулу показкі. Найбуйнейшым нацыянальным сьвятам робяцца дажынкі — аграрны цыклічны час ня хоча адпускаць; мы вымаўляем «спыніся імгненьне» і шторазу спатыкаемся на д’ябальскай штуцы, імя якой гісторыя.

Скарына быў садоўнікам караля, С. Полацкі — радцам. Ф. Скарына шукаў на Захадзе, С. Полацкі знайшоў на Ўсходзе. Паміж досьведам Скарыны і С. Полацкага сфармавалася мадэль народа-пасярэдніка, якая і ўмажлівіла ідэю Беларусі. Скарына і С. Полацкі — два роўнавялікія архетыпы, два ўзоры прэтэнзіяў для беларускіх культурнікаў. Без Скарыны, а дакладней — імпартаваных з Захаду ведаў, не было б С. Полацкага. Без С. Полацкага ня ўзьнікла б Беларусі — краіны культуртрэгераў і асьветнікаў, краіны-масту паміж Захадам і Ўсходам.

Назва «Беларусь» упершыню пасьлядоўна пачала ўжывацца ў дачыненьні сучаснай беларускай тэрыторыі менавіта пры маскоўскім двары. Масква мела патрэбу ў краіне пасярэдніцы, якая б адаптавала для яе заходнюю веду. Зь іншага боку, Захад шукаў місіянэраў, што б не выклікалі адпрэчаньня ў Масквы. На ролю такіх пасярэднікаў прэтэндавалі розныя тэрыторыі і этнічныя групы, але тое, што гэтая місія-назва «Беларусь» замацавалася менавіта за цяперашняй беларускай тэрыторыяй, ператварыўшы яе ў магістраль для інтэлектуальнага транзыту Захад—Усход, пэўную заслугу мае і С. Полацкі. «Беларусь», якой хацелі яе бачыць у Маскве,— гэта адаптаваны для праваслаўнай Расеі варыянт заходняй цывілізацыі. Нацыю ж фармуюць ня толькі агульнасьць мовы ды гісторы, але яшчэ і місія — геапалітычная каньюнктура. Нацыянальныя эліты могуць спраектаваць прэстыжную нацыянальную ідэю, але, каб нацыя існавала стабільна, яна ня мусіць ухіляцца ад сваёй непасрэднай місіі, якую дыктуе геапалітычная каньюнктура. Сьвятое месца не пустуе. Спачатку «Беларусь» зьявілася на не зусім пісьменных, што зробіш, красвьлюнках маскоўскіх дыпляматаў і толькі пасьля — на палітычнай мапе. Каб апошняе адбылося, яе «вызвалялі» — гэта было актам ня толькі вайсковым, але і сэмантычным. «Вызвалялася» ня проста тэрыторыя, але і сэнс, ідэя, місія для гэтай тэрыторыі, ўканаваныя і закладзеныя ў панятку «Беларусь». Замала мець нацыянальную ідэю і нацыянальную мітаграфію — трэба, каб тваю ідэнтычнасьць прымаў на веру яшчэ нехта збочны. Нацыя — гэта тое, што адбіваецца вонкі. Заселеныя нашчадкамі палачанаў ды палешукоў тэрыторыі здолелі аформіцца дзяржаўна менавіта як магчымасьць міжцывілізацыйнага кампрамісу і пляцоўка для дыялёгу розных культурных каштоўнасьцяў.

Вобраз Сімяона Полацкага слаба акцэптаваны сучаснай беларускай мітаграфіяй, але ягоная прысутнасьць у айчыннай гісторыі не падлягае рэдукцыям. Скарына ж — больш плястычная і спадручная постаць для канструктараў мітаў, яго вобраз падпадае рэдакцыі і кіраваньню палітычнай каньюнктуры. У залежнасьці ад пануючай ідэалягічнай моды ў яго зьмяняецца нават імя Георгій на Францыск — і наадварот. У дадзеным пляне С. Полацкі рэзыстэнтны. Складваецца ўражаньне, што гэты выхаванец віленскіх езуітаў на службе маскоўскага валадара сам вызначыў парамэтры сваёй прысутнасьці ў гісторыі. Урэшце, гэта і было ягонай прафэсіяй — ён карыстаў маскоўскі двор як ідэоляг «палітыкі велічы», забясьпечваючы гістарыясофскую падтрымку маскоўскім унівэрсалісцкім памкненьням.

Здатнасьць ставіць і вырашаць гістарычныя задачы залежыць ад адпаведнага ўяўленьня аб часе і каштоўнасных канатацыяў зь ім зьвязаных. Кар’ера С. Полацкага як прагматычны праект, унутрана каштоўны і этычна апраўданы, магла скласьціся толькі ў выніку адпаведных адносінаў да гісторыі і рэлігійных установак. Як і іншых паэтаў барока, С. Полацкага ўражвае дэструктыўны аспэкт часу, але ён не хаваецца за магіяй барочных арабесак, закліканых закальцаваць лінейны час гісторыі, вярнуўшы яго да камфортнай цыклічнасьці міту. У сытуацыі міжчасься, міждзяржаўя і міжверья С. Полацкі шукае аптымальнае для свайго індывідуальнага лёсу выйсьце. Урэшце, гэтае выйсьце станецца аптымальным і для ўсяго тубыльнага постсармацкага дыскурсу — «усходні» вэктар сфармуе беларускую ідэю-місію вяртаньня праваслаўнай цывілізацыі ў агульнаэўрапейскі кантэкст. Беларускі «славянафіл» у маскоўскім эквіваленце — гэта «заходнік».

Дасьледаваньне жыцьцёвага і творчага шляху С. Полацкага выводзіць на разгляд па-сучаснаму вострых апазыцый Захаду і Ўсходу, краёвага патрыятызму і агульнанацыянальнага пачуцьця, традыцыі і навацыяў, улады і культуры, сьвецкага і клерыкальнага, ідэалаў і прагматызму. Разьвязаньне гэтых дылемаў дазволіла С. Полацкаму зрабіць адну з найбольш уражваючых кар’ераў у гісторыі беларускай культуры. Гэты прыклад пасьпяховасьці на стагодзьдзі прадвызначыў для беларусаў культуртрэгерскі вэктар. С. Полацкі заклаў і яшчэ адзін значны прэцэндэнт — як дасягаць пасьпяховасьці, не адрынаючы свайго. Паэт, будучы ў Маскве, ня выракся ані полацкага патрыятызму, ані прыналежнасьці да базыльянскага ордэну. Зрэшты, каб ня дужа падманвацца на гэты конт, варта ўлічыць адрозьненьні паміж сучасным пачуцьцём этнічнасьці і ўласьціваму часам С. Полацкага спосабу самаідэнтыфікацыі паводле краёва-канфэсійнай прыкметы. Калі для сучаснага нацыяналіста ягоная «радзімай» зьяўляецца мова, дык для чалавека XVII ст. падобнай ідэалягічнай бацькаўшчынай была канфэсія. Ідэю нацыянальнай дзяржаўнасьці замяняла ідэя хрысьціянскага ўнівэрсалізму.

Творчасьць С. Полацкага дазваляе выявіць тыя зьмены, што адбываліся ў сьвядомасьці ягоных сучасьнікаў і, у прыватнасьці, у іхных адносінах да часу. Чуйнасьць і энтузіязм С. Полацкага да новых павеваў добра ілюструе верш «Новаадкрыцьці» (пераклад мой.— С.Ш.): «Краіна Амэрыка i камень, названы // Палярысам, нядаўна ў сьвеце вынайдзены. // Друкарня, стрэльбы i гадзіньнік, // Гіяцынтавыя кроплі — таксама ў сьвеце не здавён, // Шаўкавічны чарвяк, сядло са стрэмянамі // Нядаўна вынайдзены, дзякуючы дасьціпнасьці мудрых». (С. Полацкі, с. 107). Падобная цікавасьць і ўспрымальнасьць паэта да першых поступаў эўрапейскай навукі і зьвязаных зь ёй ідэямі прагрэсу, дазваляе бачыць у асобе С. Полацкага надзейнага мэдыятара ідэйных тэндэнцыяў раньняга барока. У сваім творы «Год века образ» С. Полацкі атаясамляе сэзоны году з узроставымі стадыямі чалавечага жыцьця. Вясна, паводле С. Полацкага, ёсьць «образ детства», лета «подобна до мужеска века», восень «благих деяний плоды обильна», зіма «белыми покривает власы главу». Народная традыцыя таксама ведае прыпадабеньні каляндарнага году чалавечаму веку — падзел адбываецца на «дзявочую» вясну, «жаночае» лета, «хлапечую» восень ды «мужчынскую» зіму (С. Санько, с. 30). Выпадзеньне з гэтага ланцуга дзіцячага і старэчага веку зьвязана, мажліва, са звычайным для традыцыйных культураў стаўленьнем да дзяцінства і старасьці, якія, на думку сучасных заходнеэўрапейскіх гісторыкаў, былі «адкрытыя» эўрапейскай цывілізацыяй толькі ў Новы час. Дзяцінства ня мела аўтаноміі, дзеці з маленства былі ўлучаны ў дарослую працу, старыя ж былі відавочнай абузай. Толькі ў Новы час у гарадах з паляпшэньнем эканамічных варункаў, узьнікае ідэя дзяцінства, як узросту для навучаньня, і прызнаецца за старасьцю права на адпачынак. Гэтая ідэя прасочваецца ў творы С. Полацкага «Малюнкі чалавечага жыцьця» (пераклад мой.— С.Ш.). Паэт падзяляе чалавечы век на пяць пэрыядаў, у кожным зь якіх па шаснаццаць гадоў: «Пяць разоў па шаснаццаць год — канец веку». (С. Полацкі, с. 134). У першыя шаснаццаць гадоў «знойдзеш шалапуцтва, кунегу, розныя бавы». Наступныя шаснаццаць — «вучыцца рамёствам хлапчо мілосны». Пасьля трыццаці двух гадоў: «трэцьцяе 16-годзьдзе збыткуе клопатамі — шукаць наедак мае кожны з сваёй працы». У гэты пэрыяд С. Полацкі раіць «прыслухаць законам i старэйшым». І толькі ў чацьвёртае 16-годзьдзе «высьмела сваімі ведамі зь іншымі дзеляцца, што ў працы набыты». Як шэсьцьдзесят чатыры гады міне — «не цялёпкайся, а сядай ля цёплага каміну» (С. Полацкі, с. 134). Відавочна, што такая біяграфія характэрна для гарадзкога сярэдняга стану — рамесьнікаў ды купецтва. Погляды на выхаваньне дзяцей, якія выказвае С. Полацкі, таксама збольшага адпавядаюць тагачаснаму «сярэдняму клясу». С. Полацкі раіць:

«Вздуй дитяти, пока еще молодо» (С. Полацкі, с. 135), бо «весна есть образ детства... отребляют вредная в ея время, ветви прицепляют полезныя к древесам» (С. Полацкі, с. 349), «Надмерным хутаньнем мілых сваіх дзетак //Да сьмерці прыводзяць неасьцярожныя маткі» (С. Полацкі, с. 198). Таму «Сувора псальмапеўца наказвае біць аб скалу // Няшчасных сыноў, покуль яны яшчэ малыя» (С. Полацкі, с. 135). Гэта што да маральнага клімату эпохі і вытокаў ейнай харызмы.

Заслугоўвае ўвагі верш С. Полацкага «4 czкњci dnia», у якім прасочваюцца каштоўнасныя адносіны паэта да часу: «kto m№dry, ma noc w nienawiњж, // We dnie uciechy szuka y korzyњci» (С. Полацкі, с. 110). Параўнайма з народнай формулай «яго час, яго воля», паводле якой «дабро ёсьць тое, што бывае ў свой час і на сваім месцы» (С. Санько, с. 28). Падобныя адносіны ўпарадкоўваюць сусьвет у сыстэму выразна вызначаных дыхатамій дзень—ноч, сьвет—цемра, дабро—зло і г. д. Але ў гэтую традыцыйную пэўнасьць у вершы С. Полацкага ўжо ўплішчваецца агаворка, характэрная для мадэрновых часін: «Ma w prawdzie czіowiek z niej pod czas wygode» (С. Полацкі, с. 110). Бяз гэтай характэрнай агаворкі, якую санкцыянавалі прасунутыя розумы Новага часу, вогнішчы інквізыцыі яшчэ б доўга палалі ў Эўропе (што праўда, апошні выпадак суду над ведзьмамі зафіксаваны на Полаччыне ў ХVІІІ ст.).

Гістарыясофскія ўяўленьні С. Полацкага сфармаваны гуманістычнай культурай папярэдняй, больш свабоднай, эпохі, зь ейным антыквізуючым пачаткам, трохі рызыкоўным ў дачыненьні клерыкальнага дзеяча. У вершы «4 њwiata wieku», суладна антычнай традыцыі, С. Полацкі вызначае чатыры эпохі сусьветнай гісторыі — залаты, срэбны, медзяны і жалезны век. Такая канцэпцыя гістарычнага часу мае накірунак і рух, але, у адрозьненьне ад больш позьніх аптымістычных уяўленьняў аб лінейным прагрэсе чалавецтва, дадзеная канцэпцыя малюе карціну паступовага заняпаду чалавецтва. Матывамі заняпаду, хуткаплыннасьці і зьменлівасьці часу, няўмольнага адліку чалавечага веку прасякнута паэзія і сьветаадчуваньне барока. Эпітафіі робяцца праграмнымі творамi для творцаў дадзенай эпохі.

У С. Полацкага мы знаходзім эпітафіі для шляхціца і прапаведніка, для старых і маладзёнаў. «Дзень за днём плыве, як у рацэ вада, // Не ўзнавіць, дай веры мне, гэтую страту: // Прышласьць ненадзейная, і цяпершчына да вечара — //не зусім твае» (С. Полацкі, с. 152),— піша паэт у вершы «Песенька аб сьмерці». Час належыць толькі Богу і пераадоленьне нівэлюючай уласьцівасьці часу магчыма толькі ў Богу. Да гэтага павінны імкнуцца ня толькі асобныя індывіды, але і цэлыя народы ды дзяржавы. Стварэньне сусьветнай хрысьціянскай імпэрыі — ідэя, якая рухала гісторыю хрысьціянскай цывілізацыі яшчэ з часоў Каралінгаў. У гэтай ідэі знаходзіць рэлігійнае апраўданьне для сваёй сьвецкай дзяржаўніцкай кар’еры і С. Полацкі. Падобную першааснову сусьветнай хрысьціянскай імпэрыі С. Полацкі бачыць у Маскоўскай дзяржаве. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова перачытаць віншаваньні паэта маскоўскім валадарам, у якіх С. Полацкі прадракае маскоўскаму арлу панаваньне над іншымі дзяржавамі. Дасягненьне гэтай мэты, паводле канцэпцыі стварэньня ўнівэрсальнай хрысьціянскай імпэрыі, і надае сэнс сьвецкай гісторыі зь ейным абсурдным бегам часу, перамагае дэструкцыю пачатак і хаос. (Калі б падобны праект усё ж зьдзейсьніўся пад ачолай маскоўскага арла, эўрапейскай гісторыі сапраўды прыйшоў бы скон у патопе новага барбарства.)

Апраўданьне мэтарацыянальнай дзейнасьці рэлігійнымі каштоўнасьцямі — характэрная рыса Новага часу. Паводле выказваньня М. Вэбэра, дух капіталізму нарадзіўся з пратэстанцкай этыкі. Блізу пратэстанцкі па сваім пэдантычным стаўленьні да літары Сьвятога Пісьма падыход мы знаходзім і ў дыдактычных тэкстах С. Полацкага. Калі сумаваць галоўныя складнікі этычнага кодэксу паэта, то яго ўтвараюць асабісты аскетызм у духу сямі запаветаў, вера, вернасьць ды праца: «Хто багаты цнотамі, па праўдзе мае менавацца // Шляхціцам, хоць быў бы ён народжаны ад невядомага паспалітага. / / А кмет і шляхціц бяз цнотаў — быдла, хоць народжаны ад дабрародных» (С. Полацкі, с. 91) [пераклад мой.— С.Ш.]. Рамесьнікі, як людзі працы, заўжды выступаюць у тэкстах С. Полацкага прыкладам станоўчых якасьцяў і супрацьпастаўляюцца шараговай шляхце і чынавенству.

Калi суадносіць уласьцівае С. Полацкаму адчуваньне часу з тыпамі тэмпаральных тэхналёгіяў, вызначаных В. А. Шкуратавым (В. Шкуратов, с. 28), то яго можна ахарактарызаваць як гістарычнае. Гістарычнае адчуваньне часу адрозьніваецца ад традыцыйных спосабаў міта-магічнай рэпэтыцыі першапачатку скіраванасьцю на рэжым «тут і зараз». Гістарызацыя масавай сьвядомасьці адбылося на памежжы ХVIII—XIX стагодзьдзяў. Раней толькі эліта, па спэцыфіцы сваёй дзейнасьці зьвязаная зь дзяржаўна-палітычнымі і гаспадарчымі фарматамі тэмпаральнасьці, валодала падобным адчуваньнем часу. Чыньнікамі, уплываючымі на гістарыязацыю масавай сьвядомасьці, можа ўважаць жыцьцё на памежжы дзяржаваў і эпох, з уласьцівай яму асаблівай інтэнсіўнасьцю падзеяў, што паглядна суадносяць хаду гісторыі з здарэньнямі асабістага лёсу індывіду. Сьветаадчуваньне барока, як пераходнай сьветапогляднай фармацыі паміж Рэнэсансам і Новым часам, міжэтнічныя і міжрэлігійныя кантакты і канфлікты ў памежнай Полаччыне, войны XVII стагодзьдзя — усё гэта зрабіла С. Полацкага прыналежным гістарычнаму адчуваньню сваёй эпохі. Што і дазваляе сёньня суадносіць ягоны лёс і чын з заканамернасьцямі гісторыі, а ня міту — адсюль адчуваньне актуальнасьці ягонай постаці. У шэрагу скрозь міталягізаваных і забранзавелых герояў Беларусі, якім цяжка спачуваць, С. Полацкі паўстае жывым чалавекам на тле ачалавечнай гісторыі, якую пакінулі духі роду.

Літаратура:
Шкуратов В. А. Историческая психология.— М.: Смысл, 1997.
Полоцкий С. Вирши.— Мн.: Маст. літ., 1990.
Санько Сяргей. «Некаторыя падставовыя і часавыя структуры ў беларускім фальклёры» // Крыўя. 1998. № 1(3). C. 3—37.

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія