Пошук слова для імгненнае ісьціны
Круглы год. Хоку беларускіх паэтаў. Менск, «Літаратура», 1996.
Апошнія дзесяцігодзьдзі для беларускае паэзіі — пэрыяд экспэрымэнтатарства ў галіне зьместу й формы, прычым ня толькі гэтых складнікаў літаратурнага твору паасобку, але й іх нетрадыцыйнага спалучэньня.
У сувязі з гэтым надзвычай цікавым ўяўляецца зварот беларускіх аўтараў да традыцыйнай, клясычнай паэтычнай формы, прычым не ўласьцівай эўрапейскай літаратуры. Прыкладам таму ёсьць зьяўленьне ў творчасьці шматлікіх паэтаў такое клясычнае японскае паэтычнае формы, як хоку.
На мой погляд, стварэньне хоку надзвычай вабнае ня толькі сваёй адноснай сьвежасьцю ў кантэксьце нашае літаратуры, але яшчэ й тым, што дае мажлівасьць праверыць сваю здольнасьць зафіксаваць пачуцьцёвы максымум у аскетычнасьці формы.
Як вядома, асноўныя прынцыпы — правілы стварэньня хоку былі сфармаваныя ў Японіі яшчэ да XVII ст. І такіх характарыстык, якім мусіць адпавядаць хоку, даволі шмат: сапраўдная прыгажосьць, чароўнасьць рэчаў, яднаньне з навакольным сьветам, раптоўнае адкрыцьцё ісьціны, прасьветленая адзінота, сузіраньне, немагчымасьць спазнаньня да канца, адчужанасьць ад будзённасьці, адзінства руху і статыкі, зьменлівасьць й пастаянства (штосьці амаль барочнае) і інш. У гэтым — эстэтыка клясычнага японскага хоку.
Але, трапіўшы на новую этнічную глебу, паэтычная форма ня можа застацца нязьменнай хаця б з-за розьніцы мэнтальнасьцяў прадстаўнікоў розных культураў.
Нават калі мы разгледзем найбольш уплывовыя рэлігійна-філязофскія плыні Ўсходу (даасізм, будызм, напрыклад),
дык заўважым, што надзвычай важны для іх — момант сузіраньня, неўмяшаньня ў звычайны ход падзеяў. Гэтая своеасаблівасьць выяўляецца і ў ходзе думкі паэта. Яна мусіць знаходзіцца ў адной плашчыне з рэчаіснасьцю, яна не павінна парушаць межы таго, што сузірае аўтар, каб не парушыць гармонію. Думка лёгка й натуральна выцякае з імгненьня, зафіксаванага сьвядомасьцю тут і зараз.
Нашаму сучасьніку й суайчыньніку досыць цяжка адлюстраваць сьвет у такім ракурсе. У нас іншы прынцып будовы асацыяцый. Нашай думцы ўласьцівая большая свабода руху «па вэртыкалі» — г.зн., у часе, а таксама мадальная зьменлівасьць. Для нас часта момант не самадастатковы — ён толькі кропка, ад якой адштурхоўваецца разважаньне. Як ва Ўладзімера Сьцяпана:
Явар чырвоны
убачыў бы першы сьнег,
калі б ня вецер.
Факт рэчаіснасьці — нагода зазірнуць за яе межы, ў сфэру мажлівага.
Восеньскі ўспамін –
на вясковых могілках
пахіліўся крыж.
Гэты прыклад хоку Адама Глёбуса, апроч таго, што пацьвярджае вышэйсказанае, выяўляе яшчэ адну асаблівасьць беларускага хоку: у нас цяжка сустрэць па-японску гарманічнае спалучэньне візуальна ўспрынятага рэчаіснага і думкі, ім народжанай. Хоку — гэта ня проста канстатацыя ўбачанага, але ж гэта й ня думка, якая сыходзіць сама зь сябе.
Дарэчы, менавіта ў Адама Глёбуса ёсьць шэраг хоку, якія вылучаюцца сваёй канстататыўнасьцю, статыкай адлюстраванага моманту. Ствараецца ўражаньне кампазыціі, выпадкова выхапленай позіркам і ўзьведзенай да ўзроўню паэтычнага твору. У гэтым ёсьць штосьці ад імпрэсіянісцкіх натурмортаў:
Шклянка на стале.
У празрыста-шэры цень
муха запаўзла.
Свой адбітак на хоку беларускіх літаратараў накладае яшчэ й тое, што бальшыня зь іх жыве й стварае ў гарадзкім асяродзьдзі, дзе амаль немажліва абстрагавацца ад усяго, апроч вузкага фрагмэнту. Горад уваходзіць у сьвядомасьць павышаным дынамізмам, гэта не дазваляе расплысьціся ў рэчаіснасьці — наадварот, часьцей рэчаіснасьць расплываецца ў сьвядомасьці і падфарбоўвае яе. Такім чынам набываецца момант суб’ектыўнасьці позірку на сьвет. У Максіма Клімковіча сустракаем наступнае:
Чакаю гасьцей.
Халодны гузік званка
хто першы кране?
Але ня будзем лічыць заганамі гэткія адступленьні беларускіх аўтараў ад эстэтыкі клясычнага хоку. Безумоўна, беларус ня можа па-японску глядзець на сьвет. Тым больш — яго адлюстроўваць. Нягледзячы на гэта, шматлікія хоку выклікаюць сапраўдную асалоду, зьяўляючыся надзвычай эстэтычнымі творамі.
У любым выпадку, зьяўленьне такой формы ў нашай літаратуры сьведчыць пра яе разьвіцьцё і ўваходжаньне ў сусьветны кантэкст.
Вольга Каленік, Полацак