|
Старыя «тэксты» пра галоўнае
Глобус А. Тэксты. М.: Выдавецтва «АСТ», 2000.—1088 с.
Вузкае кола беларускіх літаратуразнаўцаў... Страшэнна далёкія яны ад пісьменьнікаў... Гэты вядомы жарт згадваецца кожны раз, калі даводзіцца трымаць у руках навуковую працу аб сучаснай паэзіі альбо прозе, прычым першай пашанцавала значна больш. Калі б дасьледнікі паспрабавалі вызначыць самы папулярны празаічны жанр беларускай літаратуры апошняга дзесяцігодзьдзя, то абнародваныя зьвесткі наўрад ці сказалі што-небудзь чытачу, бо, каб суаднесьці мёртвыя вызначэньні тыпу «апавяданьне-жыціе» з жыцьцёвай прозай, да прыкладу, Адама Глёбуса, трэба мець мазгі мастака-абстракцыяніста.
З другога боку, літаратуразнаўства і не разлічана на ўвагу публікі. Праца літаратуразнаўцаў падобна да працы паталягаанатамаў — у якой бы стадыі гніеньня не было цела, ты павінен ставіць дыягназ. Прэпарыраваць, корпацца ў вантробах, зьбіраць рэшткі ад цэлага... Аналізаваць, апісваць, але не абурацца і не спачуваць. Калі пісьменьнікі пішуць эпікрызы реальнасьці, то літаратуразнаўцы робяць тое ж для пісьменьнікаў. Самым папулярным жанрам крытыкі апошнім часам становіцца «гісторыя хваробы», галоўная мэта якой ня столькі заахвоціць патэнцыйнага чытача, колькі растлумачыць, навошта той ці іншы твор быў напісаны. Адсюль і мэдычная тэрміналёгія, накшалт, «Адам Глёбус і дэфлярацыя беларускай літаратуры».
Дзякуючы намаганьням найбуйнейшага расейскага выдавецтва «АСТ» беларускія крытыкі маюць цудоўную мажлівасьць засьведчыць найбольш поўную гісторыю хваробы пісьменьніка Адама Глёбуса, абапіраючыся на тысяча-зь-нечым-старонкавы том яго «Тэкстаў». Рэцэнзаваньне варта пачынаць ужо з анатацыі: «Адам Глёбус — культавая фігура сучаснай беларускай культуры». Можна было і карацей: культурыст. Чалавек, заклапочаны выглядам і доглядам цела. Унушальных памераў фаліянт (пры перакладзе на расейскую — пісаць з двума літарамі «л»), захоўвае шматлікія дэталі, якія далікатна падтрымліваюць гэта вызначэньне. Прызнаньні тыпу: «я не спалохаў яе, бо не вызначаюся ні шырынёю, ні даўжынёю, ні таўшчынёю ў тых самых месцах, што да пэўных імгненьняў мужчыны прыхоўваюць ад жанчын» (с.641),— яшчэ раз растлумачылі, чаму нашы сучасьніцы глядзяць на «культоў» з падазронасьцю. Хоць ня выключана, што радкі прызначаюцца такім жа аматаркам пісьменьніцкага цела, ад якіх у свой час схаваўся Еўтушэнка, абвясьціўшы сябе імпатэнтам.
Ня менш кранальнай зьяўляецца і абвестка ўсё той жа анатацыі аб тым, што Адам Глёбус адыграў рэвалюцыйную ролю ў разьвіцьці беларускага мастацтва, паэзіі, прозы, выдавецкай справы. Пярэчаньне выклікае ня столькі велічыня яго ўнёску ў айчынную культуру, колькі маштабнасьць пераменаў ў саміх згаданых галінах. Па-першае, росквітам сёньняшні стан культуры назваць цяжкавата. Па-другое, тое няўцямнае рэчыва, якое мы называем новай літаратурнай сытуацыяй, складвалася намаганьнямі не аднаго чалавека, аднак жа без перамены палітычнага клімату наўрад ці іх агульныя высілкі мелі б плён. Калі ж маецца на ўвазе тое, што проза Глёбуса адкрыла шлях брутальным тэкстам больш маладых аўтараў, то яго значнасьць для беларускай літаратуры можна параўнаць са значнасьцю такіх палымяных асобаў як, скажам, Дзяржынскі ці Чэ Гевара.
Што да прызнаньня — тут і ўвогуле адны пытаньні. Нягледзячы на пікантнасьць тэмы і лёгкую, амаль акварэльную манеру пісьма, чытацкую цікавасьць пакуль што масавай не назавеш. «Дамавікі», відавочна, мелі б ашаламляльную папулярнасьць у беларускіх падлеткаў, аднак падобныя творы наўрад ці ўвойдуць бліжэйшым часам у падручнікі. Пазыцыю тых, хто мае дачыненьне да выкладаньня беларускай літаратуры, выяўляе нядаўні інцыдэнт на філфаку БДУ, калі студэнтка ледзь ня «вылецела» са сьценаў унівэрсытэту за тое, што напісала курсавую пра Глёбуса. Праўда, яго імя ўжо сустракаецца ў кандыдацкіх, прысьвечаных дасьледаваньням сучаснай прозы, але такія працы больш за ўсё нагадваюць кантаўскую «рэч ў сабе». Глёбус яшчэ не адыграў ролі ў беларускай культуры, бо культура яшчэ не дасьпела да Глёбуса. Хоць, напэўна, несправядліва не заўважыць тут пэўных зрухаў. Так, у лютым 2001, каля апоўначы, было паказана па БТ інтэрвію з сусьветнай знакамітасьцю — рэжысэрам Пітэрам Грынуэем, які цалкам сур’ёзна паведаміў, што ангельскае «happiness» — шчасьце — этымалягічна зьвязанае з двума словамі: «шчаслівы» і «пэніс». Да гэтага часу, здаецца, самым «крутым» вымаўленым словам на першым нацыянальным канале было «прэзэрватыў».
Мажліва, час сапраўднага зьяўленьня «новай культурнай сытуацыі» нашы наступнікі будуць адлічваць ад таго моманту, калі слава Глёбуса-парнографа стане меншай за славу Глёбуса-інтэлектуала. Пакуль жа рэакцыя на яго перадапошні зборнік — кнігу кантамінацыяў «POST SCRIPTUM» — мягка кажучы, не адназначная. Тых, хто «любіць гарачэйшае», відавочна не задаволіў новы імідж пісьменьніка, які даволі нечакана кінуўся апісваць перавагі каханьня ў сямейным ложку. Аматараў Борхеса і Картасара, тых, хто падпадае пад зьедлівае глёбусаўскае вызначэньне «анёлы сярэдняга інтэлектуальнага ўзроўню» (с.806), засмуціла пэўная таннасьць пэрлінаў, накшалт «І безнадзейны баязьлівец можа атрымаць мэдаль за адвагу» (с.1057). Ці — «Першапрычына сьмерці — нараджэньне» (с.1049). У параўнаньні з гэтай заўвагаю, афарызм, які ўгледзеў Занусі на рэштках бэрлінскай сьцяны «Жыцьцё — гэта сьмяротная хвароба, якая перадаецца палавым шляхам», выглядае проста бліскучым. Здаецца, што пісьменьнік спэцыяльна падкінуў пэўную колькасьць труізмаў, каб справакаваць больш-менш дасьведчанага чытача на адмоўныя эмоцыі.
Правакацыя — слова, якое найлепей характарызуе стылістычную манеру пісьма Глёбуса. Цяжка прыгадаць пісьменьніка, які б так клапатліва разьлічваў удар, імкнучыся «прабіць» чытацкую заспакоенасьць. Ці ня лепшы прыклад таму — фінал аповесьці «Млосьці»: «Я ня сплю. Я позна кладуся, я позна ўстаю, бо не люблю начны Менск, пусты і чысты, вымыты і падмецены. Самае вялікае сьмецьце ў горадзе нясе з сабою пасажыраплынь у час пік. А ўночы яны сьпяць, яны паслухмяныя, іх навучылі зьядаць варанае сала... А мяне навучылі стаяць у прыбіральні і ня гідзіцца... Мяне навучылі любіць ноч. А гаварыць тое, што думаю, я навучыўся сам... а можна гаварыць пра непатрэбшчыну і будзе цікава слухаць» (с.569). Гэтыя навязьлівыя, амаль фальклёрныя паўторы ў сказах настолькі «закалыхваюць» чытача, што наступны абзац, дзе аўтар распавядае — чаму катэдральны касьцёл, упрыгожаны бел-чырвона-белымі сьцягамі і харугвамі з Ісусам і Божай Маці, выклікае пачуцьцё гідкасьці (у ім ён пабачыў, як з рота аднаклясьніка вылазіць даўжэзны гліст), успрымаюцца проста накаўтам.
Творчасьць гэтага пісьменьніка нездарма лічаць лепшай праявай постмадэрнізму зь беларускім тварам. Прынцып нонгіерархіі праяўляецца ў яго творах на ўсіх узроўнях — лексэмным, сэмантычным, тэкставым, сынтаксычным. Можна аспрэчваць першынства ў «вынаходніцтве» таго ці іншага слова, але сумнявацца ў тым, што менавіта Глёбус так шырокамаштабна ўвёў у літаратурны ўжытак сэксуальна-эратычную лексіку, не даводзіцца, тым больш, што гэты факт засьведчаны большасьцю крытыкаў. Аднак, было б неразумна бачыць за такім своеасаблівым пашырэньнем слоўніка толькі жаданьне справакаваць чытача ці пазбавіць мову «сораму». За гэтай слоўнай экспансіяй варта заўважыць і аўтарскую рэалізацыю постмадэрнісцкага прынцыпу ўсеагульнай раўнавартаснасьці ўсіх зьяў і ўсіх бакоў жыцьця, які і абумоўлівае дыскурсіўную арганізацыю тэкстаў.
Значна менш увагі надалі крытыкі тым новаўвядзеньням Глёбуса, якія «ўзламвалі» саму нацыянальную традыцыю пісьма. Па-сутнасьці, гэты аўтар першы ўвасобіў ідэю нонсэлекцыі на ўзроўні тэкставых структур, упершыню скарыстаўшы такія постмадэрністычныя прыёмы, як дыскрэтнасьць, дублікацыя, памножаньне. Гэтыя прыёмы, накіраваныя на парушэньне кагерэнтнасьці апавядальнай тканіны, цікавыя ня самі па сабе, а як спроба «разгайдаць» тое, што маецца на ўвазе пад «нацыянальнай мадэльлю сьвета». За гэтымі прыёмамі — сучасная рэальнасьць. Сьвет перастае ўспрымацца трывалым, ява перамяжоўваецца са сном, сучаснасьць з успамінам... Ісьціна можа мяняцца як дубаль кінафільму — калі ня верыце, перачытайце навэлу «Каханкі» ў кнізе «Сьмерць-мужчына».
Сабраныя ў адну кнігу «тэксты» даюць больш маладым чытачам (тым, хто пад час выхаду «Парку» і «Скрыжаваньня» толькі вучыў літары) мажлівасьць пабачыць у Глёбусе ня толькі стваральніка hard core.by, але і тонкага лірыка, пра якога паступова забывае старэйшае пакаленьне. Чым лепей ідуць яго фінансавыя справы, тым менш увагі надаецца яго вершам. Напэўна, ён і бяз гэтага шчасьлівы — у яго ёсьць уласная справа, разумная жонка, мажлівасьць вандраваць. Ён можа «празь белыя жалюзі глядзець на зіму» з вокнаў свайго габінэту... Астатнім застаецца суцяшацца, перачытваючы слова «шчасьце» па-ангельску.
Ганна Кісьліцына
|