Беларускія дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў Польшчы
размова з Паўлам Латушкам
Амбасадарам Рэспублікі Беларусь у
Польшчы
Бліжэйшым часам немалую працу прыйдзецца выканаць беларускім дыпляматам, акрэдытаваным у Польшчы. Паводле Надзвычайнага й Паўнамоцнага Амбасадара Рэспублікі Беларусь у Польшчы Паўла Латушкі, сёлета практычна ўсе дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў Польшчы памяняюць адрасы.
Мы плянуем вельмі значную падзею, і гэта ўжо, можна сказаць, у нейкай ступені адбылося. Адбылося адкрыцьцё Консульства Рэспублікі Беларусь у Бялай Падляскай. Гэта будзе чацьвертая замежная ўстанова Беларусі на тэрыторыі Польшчы. Адкрыцьцё Консульства ў Бялай Падляскай зьвязанае з увядзеньнем — па ініцыятыве польскага боку — візавых адносінаў паміж Беларусяй і Польшчай. Менавіта пры дзяржаўнай мяжы на асноўным накірунку міжнароднае трасы з Захаду на Ўсход будзе напружаная сытуацыя з атрыманьнем візы на ўезд на тэрыторыю Беларусі. Мы спадзяемся, што гэтае Консульства будзе забясьпечваць вырашэньне гэтых праблемаў. Консульства ўжо фактычна існуе ў Бялай Падляскай і пачынае сваю працу.
Трэба таксама адзначыць, што ў гэтым годзе мы адкрылі новую сядзібу Генэральнага Консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку. Быў набыты ва ўласнасьць Беларусі будынак. Гэта першая нерухомасьць Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Польшчы, і гэта сапраўды вельмі важна — важна, што яна зьявілася на Беласточчыне. На Беласточчыне пражывае вялікая колькасьць прадстаўнікоў беларускае меншасьці. Беларусь будзе мець заўсёды ў гэтым рэгіёне свае нацыянальныя інтарэсы. Беларусь зацікаўленая ў разьвіцьці рэгіянальных кантактаў з Падляскім ваяводзтвам, і з гэтым зьвязана набыцьцё новай сядзібы Генэральнага Консульства Беларусі ў Беластоку, якая адпавядае ўсім патрабаваньням працы, у тым ліку і ў візавых адносінах.
Зараз мы знаходзімся ў працэсе перамоваў аб набыцьці новага будынку Амбасады Беларусі ў Варшаве. Спадзяюся, што гэты працэс будзе завершаны станоўча й нам удасца набыць новы будынак Амбасады Беларусі ў сталіцы Польшчы. Трэба адзначыць, што на сёньняшні дзень мы арэндуем два будынкі: адзін для Амбасады й адзін для Консульскага Аддзелу. Гэта сапраўды нязручна, калі мы знаходзімся ў розных будынках. Пры гэтым патрэбныя вялікія грошы на арэндную плату. Зразумела, набыцьцё будынку таксама каштуе вялікія грошы, але гэта пазволіць скараціць выдаткі на арэндую плату.
У гэтым годзе мы зьмянілі адрас знаходжаньня Консульства Беларусі ў Гданьску. Гэта таксама было зьвязана з прыстасаваньнем да ўвядзеньня візавых адносінаў паміж Беларусяй й Польшчай. Консульства ўжо знаходзіцца ў новых памяшканьнях — сучасных, якія адпавядаюць патрабаваньням працы. Мы стараемся аптымалізаваць выдаткі на ўтрыманьне консульскіх установаў Беларусі ў Польшчы.
На дадзены момант на тэрыторыі Польшчы працуюць 4 дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі — Амбасада ў Варшаве ды Консульствы ў Белатоку, Гданьску й Бялай Падляскай. Паводле Амбасадара Паўла Латушкі, гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь зацікаўленая ў разьвіцьці кантактаў з заходняй суседкай.
Той факт, што на сёньняшні дзень мы маем 4 прадстаўніцтвы Беларусі на тэрытортыі Польшчы, сьведчыць аб зацікаўленасьці Беларусі разьвіваць кантакты з суседняй краінай. Гэта сьведчыць таксама аб тым, што адным з прыярытэтаў нашых адносінаў з Польшчай зьяўляецца таксама рэгіянальнае супрацоўніцтва. Мы лічым, што праз разьвіцьцё рэгіянальных кантактаў на ўзроўні кіраўнікоў адпаведных ваяводзтваў у Польшчы й вобласьцяў у Беларусі можа інтэнсыфікавацца гаспадарчае супрацоўніцтва паміж Беларусяй і Польшчай, і ў тым ліку павялічыцца беларускі экспарт у гэтую краіну.
Як сказаў Павал Латушка, прыклады польска-беларускага супрацоўніцтва ўжо ёсьць. Пра гэта сведчыць сустрэча ў Беластоку, якая прайшла на мінулым тыдні.
У мінулую пятніцу ў Беластоку адбылася важная падзея — сустрэча кіраўнікоў чатырох памежных структураў улады. Зь беларускага боку прынялі ўдзел старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка, таксама першы намесьнік старшыні Брэсцкага аблвыканкаму Эдуард Сакалоў. З польскага боку былі прысутныя маршалкі Люблінскага й Падляскага ваяводзтваў. Гэтая сустрэча адбылася пад патранатам Міністэрстваў Замежных Справаў Беларусі й Польшчы, і ў ёй прынялі ўдзел намесьнікі міністраў замежных справаў: Аляксандар Герасіменка зь беларускага боку й Анджэй Залуцкі з польскага боку. Асноўная мэта згаданай сустрэчы — актывізаваць супрацоўніцтва паміж Беларусяй й Польшчай — у першую чаргу паміж прыгранічнымі структурамі ўлады, прыгранічнымі рэгіёнамі абедзьвюх краінаў.
На сёньняшні дзень існуе шмат пытаньняў, у вырашэньні якіх зацікаўлены і адзін, і другі бок. Гэта, у першую чаргу — праблематыка пагранічных пераходаў, паляпшэньне прыгранічнай структуры на беларуска-польскай мяжы, павелічэньне колькасьці прыгранічных пераходаў. Гэта, зразумела, і пытаньне экалёгіі. Мы сумесна выкарыстоўваем рэкі, мы сумесна выкарыстоўваем тэрытарыяльныя абшары й павінны супрацоўнічаць у забесьпячэньні экалягічнай сытуацыі ў згаданых рэгіёнах. Зразумела, што праз разьвіцьцё памежнай інфраструктуры і Беларусь, і Польшча могуць разьвіваць гандлёва-гаспадарчыя кантакты. Менавіта прыгранічныя рэгіёны зацікаўленыя разьвіцьцём гэтых кантактаў. Трэба аднак улічыць, што ўвядзеньне візавых адносінаў хутчэй за ўсё прычыніцца да скарачэньня гандлёва-гаспадарчых кантактаў паміж Беларусяй й Польшчай.
Пра разбудову дыпляматычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь у Польшчы ды пра польска-беларускае рэгіянальнае супрацоўніцтва гаварыў Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Беларусь у Польшчы Павал Латушка.
Валера Саўко