БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАМУНІКАТ

 
КАМУНІКАТ 2 / 2003 (22)

ХІІІ Эканамічны Форум у Крыніцы

У суботу, 6 верасьня, у горным курорце Крыніца закончыўся 13-ы Эканамічны Форум, на якім прысутнічала 1300 гасьцей з 35 краінаў. На форум акрэдытавалася 200 польскіх ды замежных журналістаў.

Эканамічны Форум у Крыніцы – адна з найбольш прэстыжных сустрэчаў бізнэсоўцаў, прамыславікоў і палітыкаў з розных краінаў, але перш за ўсё – з рэгіёну Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. Пра прэстыж мерапрыемства сьведчыць хоць бы факт, што форум адчынілі чатыры прэзыдэнты: Польшчы, Румыніі, Харватыі й Македоніі. У Крыніцу прыбылі таксама кіраўнікі ўрадаў некаторых краінаў, у тым ліку старшыня рады міністраў Польшчы Лешэк Мілер.
Тэмы форуму, як заўсёды, мелі шматбаковы характар – палітыка, грамадзкія справы, але перш за ўсё – эканоміка. Удзельнікі сустрэчы ў Крыніцы вялікую ўвагу прысьвяцілі разьвіцьцю ўзаемных эканамічных адносінаў пасьля ўступленьня некаторых краінаў нашага рэгіёну Эўропы ў Эўрапейскі Зьвяз.

Іншай важнай падзеяй 13-га Эканамічнага Форуму была прэзэнтацыя рапарту “Новая Эўропа”, у якім зьмешчаны аналіз эканамічнага й палітычнага разьвіцьця 27 краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ды Сярэдняй Азіі на працягу апошніх 10 гадоў.

Польшча атрымала даволі станоўчую ацэнку, хоць незалежныя спэцыялісты, якія працавалі над рапартам, зьвярталі ўвагу на немалую карупцыю й вялікі ўзровень беспрацоўя. Цікава, што найбольш станоўчую ацэнку атрымала невялікая Эстонія.
Беларусь апынулася недзе пасярэдзіне. У рапарце зазначаны факт адсутнасьці ў краіне палітычных і эканамічных свабодаў, малы ўзровень замежных інвэстыцыяў і адстунасьць рэформаў. Са станоўчага падкрэсьліваецца невялікі ўзровень беспрацоўя ў Беларусі.
„Ці Беларусь, яе ўлады, могуць пахваліцца іншымі эканамічнымі паказчыкамі?” – такое пытаньне я задаў прафэсару Станіславу Багданкевічу – былому старшыні Нацыянальнага Банку Беларусі:

Станіслаў Багданкевіч: – Безумоўна. Яны ж ня скажуць найбольш істотнага моманту гэтага разьвіцьця. Яны заявяць, што ў нас штогод павялічваецца валавы нацыянальны прадукт, што ў нас нізкае беспрацоўе. Але не скажуць, якой цаной, якая шкода наносіцца будучым пакаленьням. Для прыкладу, у 2001 г. унутраны валавы прадукт павялічыўся на 4,6%, а запазычанасьць эканомікі банкам павялічылася намінальна на 72%. У рэальным, гэта значыць, даляравым пераліку – на 18%. Такім чынам, мы дасягнулі рост на 4,6% шляхам таго, што запазычыліся на 18% у рэальнасьці. Гэта цана нашага дасягненьня. Той жа самы год 43% суб’ектаў гаспадараньня закончылі са стратамі – яны нерэнтабэльныя. Ва ўмовах высокай інфляцыі можа аказацца, што 2/3 беларускіх прадпрыемстваў нерэнтабэльныя. Канешне, яны выпускаюць нерэнтабэльную прадукцыю: частка йдзе на склад, частка – па бартэры йдзе Расеі, каб заплаціць за энэрганосьбіты, за іншыя рэчы. І вось нейк мы існуем, неяк гэта ўсё трымаецца, але трэба памятаць, што гэта не бясконца, таму што беларуская эканоміка ня мае базы, ня мае фундамэнту.

Калі стан беларускай эканомікі нельга назваць аптымістычным – прынамсі так вынікае са словаў прафэсара Багданкевіча – то гандлёвае супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларусьсю разьвіваецца даволі інтэнсыўна. Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка, які прыбыў на Эканамічны Форум, зазначыў, што ў 2002 г. рост тавараабароту паміж Польшчай і Беларусьсю склаў 9,6%, а ў першым паўгодзьдзі бягучага году – аж 58,7%. Паводле Ўладзімера Сямашкі, тэндэнцыя росту дасягнутая дзякуючы польскім інвэстыцыям у Беларусі й павелічэньню беларускага экспарту ў Польшчу. Прычым велічыня імпарту ды экспарту збалянсаваныя.

Канкрэтна беларускіх тэмаў на форуме не было. Хоць прайшла даволі цікавая дыскусія, прысьвечаная сувязям паміж сродкамі масавай інфармацыі й бізнэсам. На гэтай дыскусіі пасрэдна закраналася беларуская тэма: з сытуацыяй на беларускім рынку мас-мэдыяў ўдзельнікаў пазнаёміў Алесь Аніцепнка – кіраўнік Беларускага Калегіюму:

Алесь Анціпенка:– Тэма дыскусіі – права мас-мэдыяў на ясныя стасункі зь бізнэсам. Што да майго апавешчаньня, то ясна, што беларуская сытуацыя цалкам іншая. Я таксама гаварыў і пра тое няспраўджанае рандэву, якое мусіла адбыцца паміж беларускім бізнэсам і незалежнымі беларускімі СМІ, пра стан незалежных мэдыяў ды ўвогуле пра беларускую мэдыя-сцэну.

Валера Саўко:
– Вы сказалі пра адносіны паміж незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі й бізнэсам. Ці нешта такое ўвогуле магчымае? Наколькі вядома, бізнэсоўцы неахвотна даюць рэкляму ў незалежныя СМІ, таму што за гэта могуць аказацца пад ціскам улады.

Алесь Анціпенка: – Такая праблема ёсьць. Увогуле, гаворка йдзе ня толькі пра разьмяшчэньне рэклямы – гаворка пра інвэстыцыі ў СМІ. І тут беларускі бізнэс проста ў такім стане, што любое легальнае інвэставаньне ў мэдыі проста вядзе да разбурэньня бізнэсу.

Валера Саўко:
– Як на дадзены момант можна ацаніць рынак сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі: газэты, тыднёвікі, ФМ-станцыі, тэлебачаньне?

Алесь Анціпенка: – Я ў сваім выступе не карыстаўся тэрмінам “рынак”, я казаў пра мэдыя-сцэну, таму што насамрэч у Беларусі няма рынку мэдыяў, бо на рынку ўсе гульцы маюць аднолькавыя ўмовы й ясныя правілы гульні. Калі для дзяржаўных СМІ ёсьць адны правілы – яны атрымліваюць субсыдыі ад дзяржавы – дык для незалежных газэтаў цэны на распаўсюджваньне вышэйшыя. У такім выпадку ні пра які рынак гаварыць нельга.

Калі казаць пра ФМ-станцыі, то яны займаюць такую, я б сказаў, ляяльную пазыцыю ў дачыненьні да ўладаў. Вядома, яны кантралююца ўладай. Гэта дзіўныя СМІ, хоць іх музычныя праграмы ў нейкай ступені ўпрыгожваюць нашае беларускае жыцьцё.

Валера Саўко:
– Часам паяўляецца ўражаньне, што ў гэтым сэктары ФМ-станцыяў Беларусі назіраецца калі не рэгрэс, дык несумненна застой. Нядаўна з ФМ-этэру зьнікла Радыё “Сталіца” – адзіная беларускамоўная станцыя, якая не была кепскай, а на яе частотах паявіўся канал Радыюс ФМ. Такое ўражаньне, што ўсе ФМ-станцыі маюць бязглузды рэпэртуар: музыка, рэклямы, некалькі словаў – і ўсё. Абсалютна няма перадач, “зь верхняй паліцы”.

Алесь Анціпенка: – Безумоўна. Гэта зададзена тымі ўмовамі выжываньня, у якіх тыя станцыі могуць працягваць існаваць. Яны арыентаваныя на забаўляльныя праграмы – і гэта ўсё, таму што любое сур’ёзнае інфармаваньне грамадзтва пра ягоныя праблемы азначае проста закрыцьцё станцыі.

Яшчэ раз вяртаемся да 13-га Эканамічнага Форуму, які на пачатку верасьня адбыўся ў маляўнічым польскім курорце Крыніца, разьмешчаным у гарах, ля самай мяжы са Славаччынай.

Форум у Крыніцы – вельмі прэстыжнае мерапрыемтсва: 1300 гасьцей з
35 краінаў, 200 акрэдытаваных журналістаў, 4 прэзыдэнты, некалькі прэм’ер-міністраў, ня кажучы ўжо пра міністраў і ўплывовых прадпрымальнікаў. Аб прэстыжы сустрэчы сьведчыць хаця б тое, што з аднаго Польскага Радыё на форуме працавала 6 журналістаў і 2 інжынеры.

А вось як форум у Крыніцы ацаніў доктар эканамічных навук, галоўны эканаміст Варшаўскай Інвэстыцыйнай Групы ды адначасова эканамічны камэнтатар Радыё Палёнія Рычард Мбэвэ:

 

- Усе краіны Ўсходняе Эўропы пачынаюць дыскусію над тым, як ушчыльніць супрацоўніцтва, каб такім чынам павялічыць сваю вагу ў эўрапейскай супольнасьці. Заўважце, калі ласка: цяпер у сьвеце назіраецца тэндэнцыя да інтэграцыі – краіны аб’ядноўваюцца ў групы. Самі па сабе гэтыя групы замкнутыя, каб абараняць свой рынак тавараў і працы ад наплыву замежных тавараў ды таннай рабочай сілы. Менавіта тут, у Крыніцы, адбываюцца сустрэчы ўплывовых людзей – прэзыдэнтаў, прэм’ер-міністраў, эканамістаў – якія імкнуцца выпрацаваць канцэпцыю для Ўсходняе Эўропы.

Мы ўжо ня раз паведамлялі, у тым ліку й непасрэдна са студыі ў Крыніцы, што на форум прыбыло нямала гасьцей зь Беларусі, сярод якіх група 30 прыватных прадпрымальнікаў, афіцыйная дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам, а таксама дзеячы апазыцыі.
На форуме Ўладзімер Сямашка сустрэўся, у прыватнасьці, зь віцэ-прэм’ерам Польшчы Ежы Хаўснэрам. Падчас гэтай сустрэчы, між іншым, закраналася пытаньне рэалізацыі польска-беларускай інвэстыцыі: пабудовы цепла-электрацэнтралі ў Берасьці. Гаворыць Уладзімер Сямашка:

 

- Склаўся пэўны кансорцыюм. Хто туды ўваходзіць, я, з пэўных прычынаў, казаць не хачу. Гэта цалкам польскія прадпрыемствы: фінансавыя структуры, будаўнічыя фірмы, прадпрыемствы з галіны энэргетыкі. Аднаго партнэра я магу назваць – гэта “ALSTOM”. Гэтыя прадпрыемствы падрыхтаваны да ўдзелу ў праекце. А праект сапраўды цікавы, перадусім для Польшчы. Па-першае, яго выканаюць польскія фірмы, яго кошт – 110-120 млн. даляраў. Гэта магчымасьць для польскіх будаўнічых фірмаў, магчымасьць пастаўкі абсталяваньня. Ну й, галоўнае – праект арыентаваны на выкарыстаньне польскага вугалю. Гэта важна, таму што часткова вырашаецца праблема з польскім вугалем, з шахцёрамі і гэтак далей. Мы лічым, што інвэстыцыю можна пачаць ужо ў наступным годзе.

На маё пытаньне, як на дадзены момант разьвіваецца польска-беларускае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, віцэ-прэм’ер беларускага ўраду адказаў:

- Са спадаром Хаўснэрам мы канстатавалі, што вельмі пасьпяхова разьвіваецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Пра гэта сьведчаць лічбы. Напрыклад, у 2002 г. прырост тавараабароту паміж Польшчай і Беларусяй склаў 9,6%, і гэта вялікі тэмп. Калі ж узяць першае паўгодзьдзе бягучага году, то гэта - 58,7% . Прычым гэты рост збалянсаваны – аб’ём экспарту й імпарту амаль роўныя. Гэта - вялікі прагрэс.

Мы задалі пытаньне – за кошт чаго натуецца такі рост? Яшчэ раз вяртаючыся да энэргетыкі: многія польскія фірмы – той самы “ALSTOM” – у мінулым годзе выйгралі тэндэры па Беларусі, і пастаўляюць частку абсталяваньня. Зь Беларусі таксама павялічыўся экспарт, напрыклад, цэмэнту. Калі ж нам удасца пачаць праект па Берасьці, то пачнем рэалізацыю праекту ў Горадні. Ужо працуе польска-беларуская камісія, рабочая група, якая разглядае два вялікія праекты. Плянуецца, што ЦЭЦ у Берасьці будзе мець магутнасьць у 100 мэгават. Аднак у плянах таксама пабудова буйной ЦЭЦ у Горадні магутнасьцю ў 660 мегават. Паводле ацэнак, кошт інвэстыцыі – 950-980 млн. даляраў. І вось гэтая польска-беларуская камісія да канца году павінна распрацаваць бізнэс-абгрунтаваньне па гэтым праекце – пачынаць яго, ці не. Гэтая ж група працуе над праектам разьвіцьця інтэрфэйсу, гэта значыць, будовы альбо мадэрнізацыі высакавольтнай лініі электраперадач паміж Польшчай і Беларусяй. Кошт інвэстыцыі – каля 300 млн. даляраў.


Як будзе выглядаць эканамічнае супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларусяй пасьля ўступленьня першай у Эўрапейскі Зьвяз? Уладзімер Сямашка:

- Беларусь, напрыклад, ад уступленьня Польшчы ў Эўразьвяз у большай ступені выйграе, чым прайграе. Ёсьць станоўчыя моманты: калі мы трапім пад умовы гандлю Эўразьвязу, то ў вялікай ступені на нас адчыніцца зьвязаўскі рынак. Канешне, як і ў кожнай справе, ёсьць чорнае й белае. Ёсьць таксама адмоўныя бакі, для прыкладу, пытаньні пастаўкі калійных угнаеньняў, іншыя пытаньні. Мы дамовіліся з польскім бокам, што будзем шукаць варыянты выйсьця з гэтай сытуацыі, каб вырашыць гэтыя праблемы на карысьць Польшчы й Беларусі. Галоўнае, што мы вырашылі – і са спадаром Хаўснэрам, і зь першым намесьнікам міністра фінансаў Польшчы – каб не згубіць дынамікі эканамічнага супрацоўніцтва.

Для Беларускай Службы Радыё Палёнія выказваўся віцэ-прэм'ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка.

І яшчэ адзін момант сустрэчы ў Крыніцы, тым разам – украінскі кантэкст.
На Эканамічным Форуме было вырашана таксама пра рэалізацыю розных польска-ўкраінскіх праектаў, у тым ліку даволі буйных. Для прыкладу, праект пабудовы нафтаправоду Адэса-Броды-Гданск, які дазволіць, у пэўнай ступені, абмежаваць залежнасьць ад расейскае нафты.

У Крыніцы прысутнічалі таксама прадстаўнікі найбольшай украінскай фінансавай карпарацыі – Індустрыяльнага Саюзу Данбасу – якая зьяўляецца ўладальнікам многіх шахтаў, мэталюргічных заводаў ды іншых прадпрыемстваў цяжкой прамысловасьці. І вось гэтая група зьбіраецца купіць польскі мэталюргічны завод з гораду Чэнстахова, які знаходзіцца на мяжы банкруцтва. Украінцы абяцаюць шматмільённыя інвэстыцыі й разьвіцьцё заводу. Калі ўдасца, гэта будзе, бадай што, першая такфя вялікая ўкраінская інвэстыцыя ў Польшчы. Цяпер адбываецца тэндэр, а ці выйграюць украінцы ці не – пакажа час. Варта толькі зазначыць, што вышэй згаданая фінансавая група “падняла” на ногі многія мэталюргічныя камбінаты й шахты Данбасу.

Валера Саўко
Беларуская Служба Радыё Палёнія
Крыніца-Варшава

 кантакт: kamunikat@poczta.onet.pl 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія