БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАМУНІКАТ

 
КАМУНІКАТ 2 / 2003 (22)

Rzeczpospolita: БЕЛТА ад мора да мора?

22.05.2003

„Польшча можа запатрабаваць ад Беларусі вяртаньня гэтак званых „усходніх крэсаў”, а згаданы працэс мілітарна падтрымаюць Злучаныя Штаты Амэрыкі — напісала ўчора дзяржаўнае беларускае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА. Польскае Міністэрства Замежных Справаў лічыць згаданы тэкст шкодным для двухбаковых адносінаў — інфармуе прэстыжнае выданьне „Rzeczpospolita”.

У камэнтары беларускага агенцтва, верагодна, узьніклым па падставе домыслаў беларускіх і расейскіх палітолягаў, чытаем : „Дысьлякацыя чатырох амэрыканскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Польшчы спрычыніцца да таго, што Варшава стане галоўным мілітарным партнэрам Вашынгтону ў Эўропе й дазволіць ёй рэалізаваць найбольш амбітныя геапалітычныя пляны. Такім чынам зьдзейсьніцца найбольшая мара польскай каталіцкай шляхты — „Польшча ад мора да мора”.” Апрача таго беларускае агенцтва раіць Польшчы больш падрабязна прыглядацца інтарэсам ЗША, таму што пад уплывам падзеяў у Іраку Вашынгтон хоча паглыбіць падзелы ў Эўропе: узмоцніць пазыцыю Польшчы, і такім чынам аслабіць пазыцыю Нямеччыны й Францыі — гэтых праціўнікаў умяшальніцтва ў Іраку.

На згаданы камэнтар зарэагаваў прэс-сакратар польскага МЗС Багуслаў Маеўскі, зьвяртаючы ўвагу на тое, што беларускае агенцтва абапіраецца на несапраўдную інфармацыю. „Справа пераносу часткі вайсковай інфраструктуры з тэрыторыі Заходняй Эўропы ў Польшчу ніколі не абмяркоўвалася” — заявіў Маеўскі.

Паводле польскага МЗС, тэза, прадстаўленая ў камэнтары інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, зьяўляецца доказам крайняе неадказнасьці за слова ды можа ўспрымацца ў якасьці сьвядомага дзеяньня з мэтай пашкодзіць польска-беларускім адносінам. Апрача таго Багуслаў Маеўскі лічыць, што, беручы пад увагу абмежаваны доступ беларусаў да незалежнай інфармацыі, распаўсюджваньне гэткага роду думкаў можа ўспрымацца як спроба запалоханьня беларускіх грамадзянаў і выкліканьня напружаньняў між абодвума народамі.

Паводле аднаго зь лідэраў беларускае апазыцыі, Вінцука Вячоркі, гэта прыклад прымітыўнае прапаганды. Вячорка лічыць, што рэжым шукае ворагаў, каб абгрунтаваць сваё існаваньне, асабліва пасьля пашырэньня NATO й Эўрапейскага Зьвязу.

У сваю чаргу віцэ-дырэктар Цэнтру Ўсходніх Дасьледваньняў Яцэк Ціхоцкі зьдзіўлены, што БЕЛТА апублікавала настолькі несур’ёзны камэнтар. Паводле яго, гэта тым больш нечакана, што апошнім часам беларускія СМІ пазьбягалі атакаў на Польшчу, а ўлады выказвалі зацікаўленьне паляпшэньнем адносінаў з польскім бокам — чытаем у прэстыжным выданьні „Rzeczpospolita”.

Ціск на СМІ ў Беларусі

04.06.2003

Прэстыжная „Rzeczpospolita” паведамляе пра пагрозу для незалежных СМІ ў Беларусі. За невялікую правіну можна атрымаць папярэджаньне ад уладаў, якое дазволіць прыпыніць выхад газэты, альбо нават зьліквідаваць яе.

Кіраўнік беларускае дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, калі чуе накіраванае ў свой адрас абвінавачаньне ў змаганьні зь незалежнымі мэдыямі, адпавядае найчасьцей, што газэтаў, некантраляваных уладай, ёсьць у Беларусі многа. Можна купіць іх у кожным кіёску. Сапраўды, іх шмат, але магчымасьці іх узьдзеяньня невялікія — іхныя наклады не перавышаюць 30 тысяч экзэмпляраў, калі адна прэзыдэнцкая газэта „Беларусь Сегодня” мае 300 тысяч асобнікаў — паведамляе „Rzeczpospolita”.

Цэнтрысцкая ўплывовая „Gazeta Wyborcza” ўзяла інтэрвію ў прабываючага цяпер у Польшчы Паўлюка Канавальчыка — галоўнага рэдактара незалежнага сатырычнага тыднёвіка „Навінкі”, які выдаецца накладам 3 тысяч асобнікаў і таксама апынуўся пад пагрозай закрыцьця за абразу прэзыдэнта й „замах на маральнасьць грамадзянў”. Справа датычыць артыкулу з 20 траўня бягучага году, у якім, між іншым, была іранічная інфармацыя пра факт прызнаньня Арганізацыяй Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе важнасьці парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Былі паказаныя таксама два здымкі прэзыдэнта з гумарыстычнымі камэнтарамі, датычнымі прыняцьця дэлегацыі беларускага парлямэнту ў Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы.

Пётр Канавальчык паведаміў „Gazecie Wyborczej” пра закрыцьцё такіх газэтаў, як: „Свабода”, „Пагоня” й „Рабочы”. Апошнім часам была прыпыненая „БДГ”. Гэткага тыпу пагроза існуе ў дачыненьні менавіта да „Навінак” і „Народнай Волі”. Незалежныя выданьні, якія мусяць поўнасьцю аплаціць кошт друку й распаўсюду, і так знаходзяцца ў значна горшай сытуацыі ў параўнаньні зь дзяржаўнымі, якія атрымліваюць датацыі.

Неўзабаве можа аказацца — дадае „Rzeczpospolita” — , што пры нагодзе нейкага рэфэрэндуму грамадзяне Беларусі змогуць пазнаёміцца толькі з адным пунктам погляду — улады. Хіба што яшчэ змогуць паслухаць электронныя расейскія СМІ, якія прэзэнтуюць расейскі пункт погляду й аказваюць вялікае ўзьдзеяньне на беларусаў.

Так ці інакш, беручы пад увагу яшчэ іншыя небясьпечныя сыгналы, якія даходзяць зь Беларусі, напрыклад, спробы ўлады абмежаваць дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў, Пётр Касьціньскі адзначае на старонках „Rzeczpospolitej”, што сытуацыя ў Беларусі йдзе ў дрэнным накірунку. Выразна відаць, што ўлада хоча ўзмоцніць свой кантроль над грамадзтвам.

І таму шлях Беларусі да пабудовы грамадзянскае супольнасьці цяпер яшчэ больш складаны й цяжэйшы, чым быў дагэтуль. Без свабодных мэдыяў і моцных няўрадавых арганізацыяў напэўна ня ўдасца гэтага дасягнуць.

Польская прэса пра Беларусь

26.06.2003

Сёньняшняя агульнапольская „Gazeta Wyborcza” тры старонкі прысьвячае беларускім справам. Гэта дзьве тэмы: Васіль Быкаў і перасьлед беларускасьці ў Беларусі.

Польская штодзёнка перадрукоўвае артыкул, зьмешчаны 24 чэрвеня на старонкаx газэты „Известия” пра Васіля Быкава. „Сутнасьць драмы Быкава заключалася ня толькі ў неакрэсьленым канфлікце зь цяперашняй уладай. Намнога больш пісьменьнік перажываў тое, што краіна хоча інтэгравацца з Расеяй, замест будаваць незалежны палітычны быт. Аднак Быкаў гэта прыклад шчасьлівага чалавека, зьдзейсьненай асобы, незалежнага жыцьця, бо ён быў мацнейшы за свой лёс, разумнейшы, чым улада, таму што глядзеў далей і бачыў больш, чым ягоны народ” — чытаем у перадруку артыкулу зь „Известий”.

„Gazeta Wyborcza” паведамляе, што за сапраўдны, а не патасны вобраз вайны Васіля Быкава асуджалі рабочыя калектывы, потым, пасьля адлігі ў 1963 годзе — адзначылі тытулам Героя Сацыялістычнай працы. За антыкамунізм Быкава не любіла цяперашняя ўлада. Прэзыдэнт Лукашэнка называў ягоныя палітычныя погляды xворымі. Газэта піша таксама, што пісьменьнік апошнія 5 гадоў жыў за мяжой. Свае апошнія творы ён чытаў у этэры Радыё Свабода. На радзіме афіцыйна іx не друкавалі.

„Gazeta Wyborcza” дае магчымасьць пазнаёміцца з xарактарам творчасьці Быкава — зьмяшчае фрагмэнт успамінаў і разважаньні Быкава, сабраныя ў кнізе „Доўгая дарога дадому” ў перакладзе былога міністра культуры Міxала Ягелы ды апавяданьне „Xутаранцы” ў перакладзе Аляксандра Баршчэўскага — беларускага паэта й кіраўніка Катэдры Беларускай Філялёгіі Варшаўскага Ўнівэрсытэту. Аляксандар Баршчэўскі ўдакладняе, што „Xутаранцы” паxодзяць зь перадапошняй кніжкі пісьменьніка „Паxаджане”, выдзадзенай у Вільні ў 1999 годзе. Гэты том зьмяшчае 20 філязофскіх прыповесьцяў, якія ў выглядзе алегорыі прадстаўляюць разнародныя моманты гістарычнай і сучаснай беларускай рэчаіснасьці.

У сваю чаргу карэспандэнт „Gazety Wyborczej” у Беларусі Цэзары Галіньскі паведамляе, якім чынам улады краіны зарэагавалі на сьмерць Васіля Быкава. „Паводле беларускага тэлебачаньня, творчасьць пісьменьніка датычыла толькі вайны. Нават xраналягічны сьпіс твораў складзены толькі да 1996 г., калі Быкаў атрымаў Ленінскую прэмію за аповесьць „Знак бяды”. Пазьнейшы пэрыяд, калі Быкаў ствараў Беларускі Народны Фронт і адкрыта крытыкаваў Лукашэнкаўскі рэжым, напісаў вядомы збор апавяданьняў „Сьцяна”, які ў Менску ўдалося надрукаваць толькі дзякуючы складкам чытачоў, і, змучаны афіцыйнай прапагандай, выеxаў за мяжу — беларускае тэлебачаньне проста прамаўчала. Не xапіла таксама месца на інфармацыю, што Ўладзімір Пуцін першы паслаў словы спачуваньня сям’і памерлага. Карэспандэнт „Gazety Wyborczej” піша таксама, што з прычыны бел-чырвона-белай сымболікі падчас паxовінаў пісьменьніка ад удзелу ва ўрачыстасьці адмовіўся арганізацыйны камітэт, пакліканы ўрадам.

У паласе побач інфармацыяў пра Васіля Быкава й ягоную творчасьць надрукаваны вялікі артыкул пад назвай „Прывітаньне — недабіткі”. Аўтар Марцін Рэмбач піша пра перасьлед прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Артыкул пачынаецца інфармацыяй, што цягам апошніx двуx гадоў у Беларусі невядомыя асобы моцна зьбілі больш за дзесяць асобаў — прадстаўнікоў сьвету культуры, навукі й СМІ. Амаль усе пацярпелыя зьвязаныя з асяродзьдзем апазыцыі. Газэта называе 19 асоб, зьбітыx невядомымі. Сярод іx Адам Мальдзіс — акадэмік літаратуразнаўца, Валеры Мазынскі — тэатральны рэжысэр, Радзім Гарэцкі — акадэмік геоляг, Генадзь Кесьнер — журналіст Радыё Рацыя. Марцін Рэмбач апісаў выпадкі з Гарэцкім, Мальдзісам і Мазынскім.

У Менску здараецца многа нападаў, і міліцыя моцна трымаецца вэрсіі, што проста час ад часу выпадае на інтэлігента. Дык чаму нападальнікі на прафэсара Гарэцкага пакінулі гадзіньнік, залатую шпільку, а забралі партманэ з дакумэнтамі ды аўтарскія экзэмпляры кніжкі Гаўрылы Гарэцкага, прысьвечаныя нацыянальнаму адраджэньню. Відаць, умелі чытаць — жартуе прафэсар. Альбо чаму Валеры Мазынскі — адзін з найважнейшыx рэжысэраў сучаснае беларускае драматургіі, які рыxтаваў спэкталі, што былі ня вельмі даспадобы адміністрацыі, і які ўрэшце страціў пасаду дырэктара тэатру, быў зьбіты якраз у пэрыяд змаганьня за тэатар?

Напрыканцы 80-x гадоў Мазынскі разам з акторам Яўгенам Шэметам імкнуўся вярнуць беларускую мову да штодзённага жыцьця. Угаворваў бацькоў пасылаць дзяцей у беларускамоўныя школы, блефуючы, што ўжо прынятае рашэньне пра стварэньне беларускамоўныx ВНУ. — І людзі пасылалі — пасьмейваецца Мазынскі ды распавядае пра тыповую сытуацыю падчас гэтай жа акцыі: Дзьверы адчыняе мужык у зьмятай кашулі. — Добры дзень. Вы беларус? — пытае Шэмет. Гаспадар вылуплівае вочы, а потым бездапаможна зьвяртаецца ў бок куxні: — Маша — я беларус? — кліча. — Зноў сьпіўся перад тэлевізарам — чуваць адказ жонкі.

У Менску карыстаньне беларускай мовай можа выклікаць праблемы — перасьцергае „Gazetа Wyborczа”. Прафэсар Адам Мальдзіс апавядае, што калі быў у яго айцец Аляксандар Надсан — дырэктар Беларускай Бібліятэкі й Музэю ў Лёндане і яны шпацыравалі па Менску, на прыпынку двое падлеткаў, пачуўшы беларускую мову, запыталі: — А па мордзе xочаце?

У сваю чаргу прафэсар Радзім Гарэцкі ўжо некалькі гадоў назірае, што ў беларускай інтэлігенцыі нарастае страx перад уладай. Людзі маюць некалькі твараў. Іначай гавораць на адну тэму з кімсьці, xто размаўляе па-беларуску, інакш з расейскамоўнымі, інакш са сваім кіраўніком і яшчэ інакш з жонкай. Пазьбягаюць сытуацыі, у якой трэба чамусьці супрацьпаставіцца, баяцца грубай рэакцыі — заўважае праф. Гарэцкі.

Пра гэта чытаем у „Gazecie Wyborczej”.

Л. Тарасэвіч пра беларусаў у Польшчы

09.07.2003

Журналіст „Gazety Wyborczej” Вітальд Бэрэсь узяў інтэрвію ў Лявона Тарасэвіча — усясьветнай славы беларускага мастака з Падляшша, які мае сваю выставу ў Цэнтры Сучаснага Мастацтва ў Варшаве. Але размова закранае розныя пытаньні, ня толькі з галіны культуры. Бальшыня іх адносіцца да самаадчуваньня беларусаў у Польшчы, талерантнасьці польскага грамадзтва, а таксама існуючых стэрэатыпаў.

У Польшчы шмат зьмянілася ад 1989 году, калі пачаліся пераўтварэньні, у якія заангажаваліся таксама беларусы. Здавалася, што ўжо ня будзе горшых і лепшых нацыянальнасьцяў, але такое спадзяваньне аказалася ілюзорным. Праваслаўнае жыхарства Беласточчыны не дапускалася да кіраўнічых пасадаў. 1989 год, у прынцыпе, няшмат зьмяніў у жыцьці беларусаў Падляскага рэгіёну. У беларускім асяродзьдзі назіраюцца тыя самыя працэсы, што ў цэлай польскай дзяржаве.

У ацэнцы Лявона Тарасэвіча, у жыцьці беларусаў Беласточчыны адпаведнікам Саюзу Левых Дэмакратычных Сілаў (SLD) зьяўляецца Беларускае Грамадзка-Культурнае Таварыства, прэм’ера Лешэка Мілера — старшыня БГКТ Ян Сычэўскі, а Дэмакратычнай Вуніі (UD) — Беларускае Дэмакратычнае Аб’яднаньне. Палякі маюць Адама Міхніка й Яцэка Кураня, а беларусы на Беласточчыне — Сакрата Яновіча.

Меркаваньнем Лявона Тарасэвіча, польскія ўлады прычыняюцца да ўзьнікненьня на Падляшшы атмасфэры недаверу да беларусаў і да цэлага праваслаўнага насельніцтва. У школы не была ўведзеная беларуская мова як раўнапраўная з польскай, не гаворачы ўжо пра навучаньне гісторыі. Па грамадзкім беластоцкім радыё беларускія песьні перадаюцца толькі ў этнічнай праграме. Людзі, якія ў час „Салідарнасьці” йшлі пад дэвізам свабоды, у тым ліку таксама ў мастацтве, сёньня, калі беларусы хочуць паслухаць па мясцовым беластоцкім радыё беларускую песьню, пераўтварыліся ў цэнзараў. Супраць такога падыходу да беларускае культуры запратэставаў Лявон Тарасэвіч тры гады таму, не прымаючы ўзнагароды прэзыдэнта горада Беласток. З таго часу сытуацыя не пайшла да лепшага, дык сёньня таксама не прыняў бы ўзнагароды з рук людзей, якім не залежыць на разьвіцьці беларускае культуры.

Ужо запозна тлумачыць польскай дзяржаве, што шматкультурнасьць знаходзіцца ў ейным інтарэсе. Па словах Лявона Тарасэвіча, польская дзяржава ўжо змарнавала такі шанец. Улады надалей блякуюць розныя беларускія ініцыятывы, хопіць прыгадаць фільм Агнешкі Арнольда пра „Бурага”, камандзіра аддзелу незалежных узброеных сілаў, які ўжо па вайне забіў многіх беларусаў і спаліў вёскі на Беласточчыне.

Лявон Тарасэвіч прызнаецца, што ў беларускім асяродзьдзі на Беласточчыне ёсьць людзі, за якіх прыходзіцца саромецца. І тут дзейнасьць Яна Сычэўскага, які хваліць кіраўніка беларускае дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, не зьяўляецца адзіным прыкладам.

Запозна ўжо таксама старацца зацікавіць Польшчу беларускай культурай зь іншай прычыны — уступленьня ў Эўразьвяз. Цяпер межы ўжо не зьяўляюцца вялікай перашкодай. Можна ладзіць беларускія народныя мерапрыемствы, але й так найлепшыя беларускія фольк- і рок-гурты выступаюць з канцэртамі ў Галяндыі ці Нямеччыне. Неўзабаве польская й беларуская культура апынуцца ў такой самай сытуацыі. Іронія лёсу палягае ў тым, што эўрапейская культурная палітыка засяроджваецца на рэгіяналізацыі, і беларусы могуць скарыстацца гэтым.

Дагэтуль было так, што да беларускасьці мала хто хацеў прызнавацца. Недзе зьніклі беларускія інтэлектуальныя эліты, пераўтварыліся ў польскія. Лявон Тарасэвіч спадзяецца, што можа паявіцца ў канцы канцоў нармальнае пакаленьне беларускае інтэлігенцыі, якая будзе такім партнэрам, як у даваенны час, напрыклад, Браніслаў Тарашкевіч. Спрыяла б гэтаму свабодная дзяржава.

Толькі ці Польшча зьяўляецца такой свабоднай дзяржавай? Свабодная дзяржава здолела б даць згоду на помнік, які ўшанаваў бы памяць невінаватых беларускіх фурманоў, што загінулі з рук нацыяналістычных польскіх партызанаў у 1946 годзе. Свабодная краіна ня думае безупынку пра арганізаваньне фэстываляў патрыятычнай музыкі й ,,крэсовай” паэзіі на землях, дзе жывуць таксама іншыя народы. Краіна, якая зьяўляецца свабоднай, не хвалюецца, калі нехта карыстацца словам „гаймат” і разумее, што назоў „крэсы” можа раніць ейных грамадзянаў іншай нацыянальнасьці, што для беларусаў, украінцаў ці летувісаў можа азначаць трактоўку іхных земляў як свайго роду калёніі.

Дык ці сапраўды Польшча зьяўляецца свабоднай краінай? — задумоўваецца на старонках „Gazety Wyborczej” Лявон Тарасэвіч.

Польская прэса пра адстаўку прэм’ераў і міністра РБ

11.07.2003

Тры польскія газэты — прэстыжная „Rzeczpospolita”, цэнтрысцкая ўплывоая „Gazeta Wyborcza” ды штодзёнка левай арыентацыі „Trybuna” паведамляюць пра зьмены ў беларускім урадзе.

У Менску кадравы землятрус — заўважае „Trybuna”. Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка адразу паслаў у адстаўку прэм’ера Генадзя Навіцкага, ягонага намесьнікаАляксандра Папкова, міністра сельскай гаспадаркі Міхаіла Русага ды кіраўніка „Белдзяржхарчпраму” Анатоля Кузьму. Выконваючым абавязкі прэм’ера быў прызначаны дагэтулешні віцэ-прэм’ер Сяргей Сідорскі, па адукацыі інжынер-электрык.

Прычынай адстаўкі, па словах кіраўніка беларускае дзяржавы, зьяўляецца „адсутнасьць неабходнае арганізацыі, сыстэматычнасьці й эфэктыўнасьці ў працы ўраду”. Сапраўднай прычынай было невыконваньне фінансавых абавязаньняў у дачыненьні да сельскай гаспадаркі ды вынікаючая з гэтага незадаволенасьць сялянаў. Сяляне не атрымалі грошай за прададзеныя дзяржаве: мяса, фрукты, агародніну ды іншыя прадукты, нягледзячы на тое, што А. Лукашэнка катэгарычна запатрабаваў ад ураду ды кіраўнікоў абласных саветаў хуткай выплаты пастаўшчыкам іхнага заробку.

Не ўдаецца Аляксандру Лукашэнку дэбюракратызацыя дзяржавы. Надалей здараецца невыплачваньне заробку й фальшаваньне дадзеных. Гэта не дае падставаў, што ўрад будзе эфэктыўным эканамічным штабам — піша „Gazeta Wyborcza”, спасылаючыся на словы кіраўніка Беларусі.

Прэзыдэнцкую вымову атрымалі амаль усе старшыні абласных саветаў ды кіраўнікі некалькіх ведамстваў і дзяржаўных канцэрнаў. Кіраўнік прэзыдэнцкае адміністрацыі й старшыня Камітэту Дзяржаўнага Кантролю атрымалі вымову за брак пільнасьці. Камітэт і пракуратура былі абавязаныя ўзбудзіць крымінальныя справы за фальшаваньне статыстыкаў. А. Лукашэнка заявіў, што яшчэ ў ліпені памяняе прынамсі адну трэць складу кабінэту, а пры гэтым кабінэт будзе значна скарочаны.

Паводле афіцыйнае вэрсіі, урад, згодна з прэзыдэнцкім распараджэньнем, да 1 ліпеня павінен быў ліквідаваць запазычанасьць у дачыненьні да вытворцаў мяса й малака. І атрымаў інфармацыю аб выкананьні распараджэньня. Аднак, па даручэньні Лукашэнкі, сьледзтва ў гэтай справе правёў Камітэт Дзяржаўнага Кантролю. І аказалася, што, насуперак аптымістычным статыстыкам, выступіла сьпіраль даўгоў. Гандлёвыя цэнтры былі вінаватыя перапрацоўчым заводам прыблізна 20 мільёнаў даляраў, тыя ў сваю чаргу ня выплацілі 12 мільёнаў даляраў калгасам і саўгасам, а сельскія гаспадаркі былі вінаватыя больш за 6 мільёнаў даляраў сваім працаўнікам — піша на старонках „Gazety Wyborczej” Цэзары Галіньскі. У адказ на гэта Лукашэнка запатрабаваў цягам 24 гадзін прадставіць яму рапарт аб прычынах запазычнасьці разам са сьпісам віноўнікаў.

Камэнтатары ўважаюць, што згаданая чыстка сапраўды была землятрусам, але чакаўся нават катаклізм. Ізноў вінаваты нехта іншы, а сапраўдны віноўнік эканамічнага краху прыкідваецца змагаром за шчасьце народу — так пракамэнтаваў адстаўку інфармацыйны партал незалежнай Грамадзянскай Ініцыятывы „Хартыя ’97”.

У сваю чаргу незалежны беларускі палітоляг Уладзімір Падгол зьвярнуў увагу „Rzeczpospolitej” на тое, што дагэтуль асноўным аргумэнтам кіраўніка Беларусі пра вышэйшасьць беларускае сыстэмы над расейскай былі пунктуальныя выплаты пэнсіяў і зарплатаў. У Расеі спазьненьні выплатаў назіраюцца ўжо многа гадоў, у Беларусі, як аказалася, адзін год.

Меркаваньнем Падгола, праблема палягае ў тым, што на зарплатах сялянаў вырасла немалая ценявая зона. Ёсьць людзі, чыноўнікі сярэдняга ўзроўню, якія зарабілі на гэтым вялікія грошы.

Беларуская апазыцыя аднак уважае, што А.Лукашэнка такім чынам рыхтуецца да палітычнае кампаніі, заплянаванае на восень. У гэтай галіне нічога не зьмянілася з часоў Савецкага Саюзу — сказаў „Rzeczpospolitej” Вінцук Вячорка, старшыня Беларускага Народнага Фронту. Восеньню ў Беларусі мае адбыцца рэфэрэндум у справе трэцяга тэрміну паўнамоцтваў Лукашэнкі і, праўдападобна, аб’яднаньня з Расеяй. Лукашэнка — па словах Вячоркі — дасканала адчувае сябе ў ролі дэструктара й знайшоў сабе казлоў адпушчэньня ў выглядзе прэм’ераў і міністра, каб іх абвінаваціць у крызысе. Апазыцыя ўважае, што адстаўкі былі заплянаваныя раней, але зь іх абвяшчэньнем Лукашэнка чакаў зручнага моманту.

Такі момант паявіўся ў сераду, калі Арганізацыя па Бясьпецы й Супрацоўніцтву ў Эўропе прыняла ў Ратэрдаме крытычную рэзалюцыю па Беларусі. Абвяшчаючы адстаўку, А. Лукашэнка такім чынам адрэагаваў сваё расчараваньне й адначасова хацеў пераняць ініцыятыву — пішуць на старонках „Rzeczpospolitej” Катажына Зуховіч і Пётр Касьціньскі.

„Gazeta Wyborcza” пра русыфікацыю Беларусі

16.07.2003

Цэнтрысцкая ўплывовая „Gazeta Wyborcza” зьмясьціла шырокую публікацыю пра спосабы русыфікацыі Беларусі прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Русыфікацыя грамадзкага жыцьця ў Беларусі прагрэсуе — заўважае менскі карэспандэнт штодзёнкі Цэзары Галіньскі.

Улады ў Менску сапхнулі „Сталіцу” — адзіную радыёстанцыю, якая вяшчае па-беларуску — з дыяпазону ФМ у дыяпазон ультракароткіх хваляў, якія можна знайсьці толькі ў старэйшых радыёпрыёмніках ды ў г.зв. радыёкропках. У аўтамабілі альбо дома, дзе няма старога прыёмніка, ужо нельга будзе паслухаць перадачу па-беларуску. Па словах старшыні дзяржаўнай Тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова, месца „Сталіцы” зойме новая радыёстанцыя Радыюс ФМ, якая будзе мець формулу „гарадзкога гіта” й будзе надаваць 20 гадзін у суткі па-расейску музычна-забаўляльную праграму, скіраваную да актыўнага слухача ва ўзросьце ад 18 да 27 гадоў. Тымчасам такіх радыёстанцыяў ёсьць ужо 10 — адзначае на старонках „Gazety Wyborczej” Ц. Галіньскі.

Адбываецца гэтак, нягледзячы на тое, што беларуская мова была прызнаная роднай мовай 85% жыхароў Беларусі. Аднак у штодзённым жыцьці карыстаецца ёю толькі 37%. У 10-мільённай Беларусі асноўнае насельніцтва беларускае — 78%. Да расейскай нацыянальнасьці прызнаецца 11% жыхароў. Другой нацыянальнай меншасьцю зьяўляюцца палякі — 3.9%.

З моманту, калі краінай пачаў кіраваць Аляксандар Лукашэнка, які сам вельмі неахвотна размаўляе па-беларуску, па﷓за выдзеленымі энклявамі — культурнымі ўстановамі — карыстаньне беларускай мовай у Беларусі ўспрымаецца як прызнаньне да дзейнасьці ў антыдзяржаўнай апазыцыі. Ужо некалькі гадоў таму, на пачатку ўлады А. Лукашэнкі, калі карэспандэнт „Gazety Wyborczej” адазваўся па-беларуску ў аўтобусе, сустрэўся са зьдзіўленьнем пасажыраў і насьмешкай, што, відаць, зьяўляецца эмігрантам з Канады. Пару гадоў таму незалежныя СМІ падалі шакуючую вестку — трое маладых чалавек былі затрыманыя міліцыяй за тое, што адважыліся па-беларуску размаўляць у публічным месцы.

На пачатку 90-х гадоў, пасьля атрыманьня Беларусяй незалежнасьці, было інакш — прыгадвае Ц. Галіньскі. Была прынятая праграма павольнага пераводу цягам 10 гадоў на беларускую мову дзяржаўных установаў. Здавалася, што існавалі шанцы рэалізаваць гэта — сказаў „Gazecie Wyborczej” Зьміцер Падбярэскі, былы тэлежурналіст і журналіст Радыё 101,2. Тагачасны кіраўнік тэлевізіі Генадзь Бураўкін — знакаміты паэт і былы Амбасадар Беларусі пры ААН — запатрабаваў, каб кожны журналіст умеў размаўляць па-беларуску. А цяпер турысты, слухаючы радыёперадачы, ня здолеюць сарыентавацца — у Беларусі яны, ці ў Расеі. Радыюс ФМ — гэта ж чарговае расейскае радыё.

Зьміцер Падбярэскі прыгадаў, што падобным чынам зьнікла з эфіру 10 гадоў таму „Беларуская Маладзёжная, якая перад першымі прэзыдэнцкімі выбарамі запрашала ў студыю А. Лукашэнку, якога тады ніхто не любіў. Потым зачыненая „Маладзёжка” пераўтвыралася ў незалежнае беларускамоўнае Радыё 101,2, якое канкуравала на рынку зь некалькімі расейскамоўнымі станцыямі. Яно таксама было зачыненае — 5 гадоў таму, ужо А. Лукашэнкам.

Ліквідуюцца ня толькі электронныя СМІ. Незалежныя газэты таксама зачыняюцца. Зь беларускамоўных газэтаў асталася толькі адна дзяржаўная штодзёнка, аднак перапоўненая ўрадавай прапагандай. „Звязда”, якая поўнасьцю выходзіць на беларускай мове, не паяўляецца па чацьвяргах. Летась была яна прымушаная праглынуць „Чырвоную Змену” — адзіную моладзевую беларускамоўную газэту, на фінансаваньне якой не хапіла дзяржаве грошай. Цяпер „Чырвоная Змена” — гэта толькі штотыднёвы дадатак да „Звязды”.

Сытуацыю найбольш трапна, — заўважае „Gazeta Wyborcza” — хоць зусім выпадкова, акрэсьліла новая дырэктарка Гуманітарнага Ліцэя ў Менску. Калі вучні спыталі яе, чаму размаўляе зь імі па-расейску, адказала, што беларускай мовы ня мусіць ведаць, таму што ў краіне ёсьць дзьве дзяржаўныя мовы. Пасьля бунту вучняў, бацькоў і настаўнікаў, якія трактавалі школу як энкляў роднае мовы, ліцэй быў зачынены.

Паводле дадзеных Таварыства Беларускай Мовы, русыфікацыя грамадзкага жыцьця ў краіне ўзмацняецца. Беларускамоўныя тэлеперадачы складаюць менш чым 8% цэлай праграмы. Яшчэ тры гады таму было іх больш за 10%. На радыё сытуацыя выглядае яшчэ горш. Пасьля ліквідаваньня 5 гадоў таму незалежнага Радыё 101,2 толькі дзяржаўная „Сталіца” перадавала праграму па-беларуску.

Такая самая сытуауцыя назіраецца ў школьнай сыстэме. Цяпер ужо меней за чвэрць вучняў пачатковых школаў вывучае беларускую мову — сказаў „Gazecie Wyborczej” Алег Трусаў — старшыня Таварыства.

Беларускі пісьменьнік зь Беласточчыны Сакрат Яновіч патлумачыў штодзёнцы, з чаго гэта вынікае. Мы ў Польшчы не разумеем, што Беларусь сталася незалежнай дзяржавай нечакана даля самой сябе. Грамадзтва не было падрыхтаванае да гэтага. Беларусь не зьяўляецца незалежнай дзяржавай у нашым разуменьні. Кіруюць ёю саветы, якія паводзяць сябе так, быццам бы Беларусь належала яшчэ да Савецкага Саюзу. Сапраўдных беларусаў у Беларусі няшмат, нейкія 20%. 80% — гэта савецкае насельніцтва. Гэта саветы, а не расейцы, якіх нават ня любяць у Беларусі за тое, што развалілі Савецкі Саюз. Таму калі нехта хоча дабіцца чагосьці ў Беларусі, не павінен экспанаваць сябе як беларуса, бо прайграе. Сьведчыць пра гэта лёс забытага апазыцыянэра зь Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка, які ня мог гэтага зразумець. Можа таму, што паходзіць з Заходняй Беларусі, менш саветызаванай.

Калі гаварыць пра Аляксандра Лукашэнку, то Сакрат Яновіч ацэньвае яго як чалавека, адзіным сэнсам жыцьця якога зьяўляецца ўлада, так як, дапусьцім, Туркмэнбашы ў Туркмэніі ці Фідэля Кастра на Кубе. Калі Лукашэнка хоча захаваць уладу, дык ён ня можа быць беларускім патрыётам, таму што савецкі электарат не прагаласуе за яго. Ён мусіць выконваць ролю савецкага чалавека, з чым — як аказваецца — ня мае ніякіх праблемаў — сказаў „Gazecie Wyborczej” Сакрат Яновіч.

„Gazeta Wyborcza” пра цэнзуру ў Беларусі

23.07.2003

Цэнтрысцкая ўплывовая „Gazeta Wyborcza” піша, што беларускі ўрад уводзіць цэнзуру ў СМІ. Улады ўсё вастрэй кантралююць паведамленьні. Пасьля дэпартацыі карэспандэнта расейскай тэлевізіі НТВ ды заявы пра закрыцьцё дзьвюх амэрыканскіх арганізацыяў, якія падтрымліваюць мэдыі, паявіліся „рэкамэндацыі” навінаў на радыё. Быў таксама абвешчаны сьпіс установаў, якія маюць права да дзяржаўнай таямніцы — піша на старонках „Gazety Wyborczej” менскі карэспандэнт Цэзары Галіньскі.

Менскае Альфа-Радыё, якое працуе на хвалях ФМ, перадае навіны што 15 хвілінаў. Зьмест чарговага выпуску навінаў мусіць трапіць па электронай пошце ў Міністэрства Інфармацыі. Гэтую неабходнасьць прэс-сакратар міністэрства тлумачыць жаданьнем ведаць, ці паведамленьні, якія датычаць кіраўніка дзяржавы й найвышэйшых чыноўнікаў, паходзяць з афіцыйных крыніцаў, такіх як: агенцтва БЕЛТА, менская філія расейскага агенцтва Інтэрфакс, а таксама дадзеныя, атрыманыя ад прэс-сакратароў ведамстваў.

Новыя прынцыпы пачалі дзейнічаць больш-менш месяц таму. У падобнай сытуацыыі як Альфа-Радыё апынулася яшчэ 12 іншых камэрцыйных станцыяў, якія працуюць у дыяпазоне ФМ. Іх журналісты таксама высылаюць выпускі навінаў у Міністэрства Інфармацыі, а дадаткова заўсёды па панядзелках наведваюць міністра, які асабіста рэкамэндуе, якія тэмы варта асьвятляць, а якія лепш абысьці маўчаньнем.

З гэтай прычыны інфармацыйная прапанова камэрцыйных станцыяў, з аднаго боку — вельмі падобная, а з другога — бедная. Кіраўнікі электронных мэдыяў баяцца страціць ліцэнзію на дзейнасьць, таму аўтацэнзура на радыё сталася нармальнай справай — сказаў польскай штодзёнцы Ўладзімер Дзюба, былы журналіст дзяржаўнага радыё й намесьнік старшыні незалежнага Беларускага Аб’яднаньня Журналістаў.

Прэс-сакратар Міністэрства Інфармацыі Павал Булацкі ня бачыць у гэтым нічога дзіўнага. У прынцыпе, толькі адна станцыя — Радыё BA — поўнасьцю прыватнае. У апошніх дзяржава мае свой удзел, дык чаму ня мае права пазнаёміцца зь іх праграмай?

Нявыключана, што незалежную інфармацыю будзе неўзабаве таксама цяжка перадаваць, як і атрымліваць. Урадавая прэса апублікавала сьпіс амаль 60 установаў і арганізацыяў, якія, згодна дэкрэту А. Лукашэнкі, „упаўнаважаныя залічыць сваю інфармацыю да дзяржаўнай таямніцы”. На чале гэтага сьпісу знаходзіцца, зразумела, Адміністрацыя Прэзыдэнта. Апрача яе такія ведамствы й установы, як, напрыклад: КДБ, Міністэрства Статыстыкі, Камітэт Лесгасу, Міністэрствы Здароўя ды Спорту й Фізкультуры — паведамляе на старонках „Gazety Wyborczej” Ц. Галіньскі.

„Polityka” пра польска-беларускія сувязі

24.07.2003

Прэстыжны тыднёвік „Polityka” паведамляе, што летась Польшчу наведала 4 241 711 грамадзянаў Беларусі, і задумоўваецца, якія будуць польска-беларускія дачыненьні пасьля ўвядзеньня Польшчай візавага рэжыму.

Цяжка ўцячы ад гісторыі — уступленьне Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз выкліча неабходнасьць упарадкаваньня ўсходняе мяжы. Гэта зьвязана не з нацыянальным інтарэсам, але з эканамічнымі й грамадзкімі патрэбамі інтэграванага Захаду. Паўторыцца ў пэўным сэнсе сытуацыя польскае дзяржавы з эпохі Сярэднявечча. Але тады пасьля панаваньня Пястаў наступіла эпоха Ягелёнаў, і Эўропа перасунулася да даліны Дняпра. Крэўская вунія стварыла з Польшчы магутную дзяржаву, а беларускамоўны Ягайла заснаваў у Вавэлі дынастыю — піша на старонках „Polityki” — Сакрат Яновіч, беларускі пісьменьнік і публіцыст зь Беласточчыны, сёлетні ляўрэат узнагароды імя Анджэя Дравіча, прызнаванай за папулярызацыю духовае спадчыны Польшчы ў сьвеце ў духу талерантнасьці й узаемазразуменьня.

Можна задумоўвацца, чаму тагачасныя жыхары ехалі за Буг, а не за Одэр. Не было гэта праявай агрэсіі, а прывяло да таго, што ў Гародле падзяліліся гербамі з заможнымі родамі Вялікага Княства Літоўскага. Гэта сьведчыць пра двухбаковае імкненьне да супольнасьці, якое, дарэчы, жывое па сёньняшні дзень — падкрэсьлівае С. Яновіч.

Быццам бы пад цяжарам дакораў сумленьня палякі гавораць сёньня пра тое, што дабіліся ў Эўразьвязе згоды на спрашчэньне візавага руху паміж Польшчай і Беларусяй ды Ўкраінай. Магчыма, гэтак станецца, але й так моладзь зь Беластоку ня зможа езьдзіць на дыскатэкі ў Горадню, а беларускія прыгажуні — гуляць на студэнцкіх сустрэчах у беластоцкіх ВНУ. Кантрольныя прапускныя пункты ў Кузьніцы Беластоцкай і Баброўніках разбудавалі ж апошнім часам ня з той мэтай, каб стаялі яны непрыгоднымі.

Несумненна, Эўразьвяз мае абгрунтаваныя боязі, што азіяты цэлымі натоўпамі захочуць наведаць прыгожы Рэйн, і Польшча павінна выканаць ролю буфара. Але як у такой сытуацыі будзе выглядаць польска-беларуска-ўкраінская роднасьць, якая засталася па ягелёнскай Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, устаноўленай у Любліне ў 1569 годзе? Калі нехта думае, што гэтая роднасьць зьнікне згодна з даручэньнямі спадара Лукашэнкі, то памыляецца — піша С. Яновіч. І напэўна, пазбываючыся бяднейшых родных, Польшча не прычыніцца да росту дынамікі свайго разьвіцьця.

На памежжы людзі ўзбагачаюцца, толькі ня ў нас. Напрыклад, француская Альзацыя начуе ў сябе, але працуе ў суседняй Нямеччыне. Падобным чынам Беласток і Падляшша ня мусілі б пераўтварацца ў рэгіён эмігрантаў, якія шукаюць заробку. Эўразьвяз, у імя кантынэнтальных інтарэсаў, бязьлітасна пазбаўляе нас гэткай магчымасьці. У такой сытуацыі беластаччане накіруюцца ў супрацьлеглы бок, у г. зв. амэрыканскі дабрабыт. А куды паедуць гарадзенцы — у маскоўскі капіталізм?

За нашымі плячыма зробіцца пуста. У выпадку якой-небудзь няўдачы ня будзе з кім хутка дамовіцца. Малое поле дзеяньня заўсёды пагражае ўпадкам. Іншыя дзяржавы, дапусьцім, Францыя ці Вялікабрытанія, больш сур’ёзна адносяцца да сваіх прыхільнікаў. Беларусь і Ўкраіна — гэта ў некаторай ступені палянафільскія дзяржавы. Па-польску можна дамовіцца ў кабінэтах Менску, а з французам, нават добрым сябрам, не пагутарыш па-свойму. Гэта вялікая розьніца, як культурная, так і палітычная. Гэта таксама козыр, якога нельга так лёгка пазбывацца.

Можна заўважыць, што хутка багацеюць ня тыя, хто адгарадзіўся візавым плотам. Шчыльная нацыянальная дзяржаўнасьць вычэрпвае свой гістарычны патэнцыял разьвіцьця, прымушае дзяржавы спалучацца ў сем’і, а жыцьцё ў кожнай сям’і — гэта ўменьне йсьці на кампраміс, таму што ў іншым выпадку прыходзіцца расстацца. Уступленьне Польшчы ў Эўразьвяз будзе спрыяць лепшай будучыні. Але куды мае дзецца братняя Беларусь? — пытае на старонках „Polityki” С. Яновіч.

У Горадні гэта ўспрымаецца з пачуцьцём крыўды. Гавораць, што палякі выкарыстоўваюць шанцы й адварочваюцца да Беларусі сьпіною. Зразумела, маюць да гэтага права, але такім чынам парываюць сувязі з польскім калісьці ўсходам.

Далей ёсьць Расея, якую некаторыя хочуць выпхнуць з Эўропы, але гэта ня ўдасца. Яна занадта патрэбная, ды падтрымае яе Амэрыка. Пры гэтым трэба памятаць, што Расея імкнецца адбудаваць свае заходнія межы з пэрыяду Венскага Кангрэсу 1815 году, значыць, па берасьцейска-гарадзенскім мэрыдыяне.

У гэтым кантэксьце пытаньне візаў перастае быць праблемай толькі паміж Варшавай і ўсходнімі сталіцамі. Апусьцелая ў Польшчы г. зв. Усходняя Сьцяна, несумненна, скарысталася б на гэтым. Але ўсё паказвае на тое, што бязь візаў не абыдзецца. У некаторай ступені гэта выклікана слабымі эканамічнымі сувязямі, нявялікімі забужанскімі рынкамі. Ізноў паяўляецца аднак чарговае пытаньне: дык чаму нямецкія, францускія й італьянскія фірмы ўтрымліваюць у Беларусі свае непрыбытковыя філіялы? Напэўна ня зь літасьці ці дабрачыннасьці. Яны лягічна думаюць: Беларусь ня будзе заўсёды беднай краінай, і таму варта мець сваю градку на Нёмане й Прыпяці, каб нехта другі не апярэдзіў. Швэйцарыі ж, дзе няма натуральных рэсурсаў, удалося дабіцца найвышэйшага сусьветнага ўзроўню. Усё плыве — як гаварылі старажытныя.

Беларусь, зразумела, ня хоча візаў. Праблема Ведамства Замежных Справаў міністра У. Цімашэвіча палягае ў патрэбе знайсьці геніяльнае вырашэньне: што зрабіць, каб Брусэль не была хмарнай і ўмацавацца ў Беларусі? Польшча ня можа думаць толькі пра сябе. За яе плячыма ёсьць Эўропа, якая не намерваецца інвэставаць ва ўнутраныя структуры на Одэры і ў Судэтах, але накіроўвае свае фонды на вонкавыя Буг і Сьвіслач.

Кітайскі мур не надоўга выратаваў кесарства. Беларусь будзе шукаць выхаду на сьвет праз Расею, якая, з прычыны сваёй велічыні, дапушчаецца да групы найбагацейшых дзяржаваў G-8. Як павінна паводзіць сябе Польшча, якая неўзабаве можа апынуцца ў закутку эўразьвязаўскага кантынэнту? Цэлы час перад намі ўзьнікае нейкі мур — гэтым разам цывілізацыйны.

Выснова такая, што трэба знайсьці лепшае вырашэньне, чым візы. Удалося адтэрмінаваць іх увядзеньне з 1 ліпеня на 1 кастрычніка, дык можа за гэты час народзіцца нейкая новая ідэя. Беларусь хоча быць з намі, а мы яе пакідаем збоку, гаворачы, што на гэта прыдзе час, а цяпер думаем толькі пра сваю скуру — піша на старонках „Polityki” С. Яновіч.

Вайна за газ паміж Расеяй і Беларусяй

06.09.2003

Цэнтрысцкая ўплывовая „Gazeta Wyborcza” піша пра вайну за газ паміж Расеяй і Беларусяй. З будучага году расейскі Газпрам не намерваецца прадаваць Беларусі газ па такіх самых цэнах як у Расеі. Можа гэта каштаваць Беларусь дадаткова 100 мільёнаў даляраў — паведамляе з Масквы Марцін Вайцехоўскі, спасылаючыся на газэту „Коммерсант”.

Кіраўнік Газпраму Аляксей Мілер выслаў на бягучым тыдні ліст у гэтай справе да кіраўніцтва свайго партнэра ў Менску — Белтрансгазу. Дагэтуль Беларусь купляла ў Расеі 10,2 мільярда кубамэтраў газу ўгод, плацячы прыблізна 30 даляраў за 1000 кубамэтраў, значыць, толькі, колькі плацяць заходнія вобласьці Расеі. З 1 студзеня 2004 году Газпрам прапануе продаж газу па мінімальнай рынкавай цане, значыць, па 42 даляры за 1000 кубамэтраў. Дзеля параўнаньня, Украіна плаціць за газ з Расеі амаль 50 даляраў, а калі перакрочыць узгодненую квоту, цана расьце аж да 80 даляраў.

Ніжэйшыя цэны за газ для ўладаў у Менску былі падарункам Масквы за ўдзел у ствараньні саюзнае дзяржавы — Зьвязу Беларусі й Расеі. Беларусь узамен за гэта ўвяла нізкія транспартныя аплаты за транзыт расейскага газу ў Заходнюю Эўропу.

„Коммерсант” цьвердзіць, што Газпрам накіраваў свой ліст у Менск у паразуменьні з Крамлём. Вышэйшыя цэны на газ маюць быць карай за тое, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка адтэрміноўвае ўвядзеньне расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі. Згодна з плянамі, супольная валюта павінна ўвайсьці ў абарот з 1 студзеня 2005 году. Лукашэнка не пагаджаецца таксама на тое, каб Газпрам атрымаў кантрольны пакет у транзытных газаправодах, якія йдуць праз тэрыторыю Беларусі. Уступнае паразуменьне па гэтым пытаньні было падпісанае год таму, але перамовы адносна цаны акцыяў Белтрансгазу, якія мае купіць Газпрам, яшчэ не закончыліся.

Беларусы ацэньваюць Белтрансгаз на 5 мільярдаў даляраў, а расейцы — на 1 мільярд. Абодва бакі дамагаюцца таксама кантролю над гэтым акцыянэрным таварыствам. Усё паказвае на тое, што няхутка ўдасца дасягнуць кансэнсусу. „Калі Газпрам атрымае доступ да трубаправодаў у Беларусі, то гэта значна аслабіць уладу Лукашэнкі. Тое самае можна сказаць пра ўвядзеньне расейскае валюты” — камэнтуе „Коммерсант”.

Лукашэнка гаворыць, што пагодзіцца на супольную валюту з Расеяй толькі тады, калі паміж абедзьвюма краінамі ўзьнікне супольная эканамічная прастора. Датаваныя дзяржавай беларускія фірмы атрымалі б тады ў Расеі вялікі рынак збыту, якога Масква аднак ня хоча адкрываць.

Расейцы, здаецца, пачалі аказваць Лукашэнку незадаволенасьць. Газпрам запрапанаваў ураду Расеі зусім адступіць ад праекту прыватызацыі Белтрансгазу. „Розьніцы паміж намі надта вялікія, і, здаецца, ня ўдасца іх пераадолець” — напісаў у сваім лісьце Аляксей Мілер.

Калі Расея павысіць цэны на газ, то бюджэт Беларусі будзе мець сур’ёзныя праблемы. Эканамісты ацэньваюць дадатковыя выдаткі ў будучым годзе на 100 мільёнаў даляраў, што можа для Беларусі скончыцца бюджэтнай дзіркай. Урад у Менску купляў газ у Расеі па 30 даляраў, але датаваў цэны да ўзроўню 20-25 даляраў, каб падтрымаць мясцовую прамысловасьць. Цяпер прыдзецца плаціць рынкавую цану і альбо адмовіцца ад датацыяў, альбо знайсьці недзе дадатковыя сродкі.

Некаторыя аналітыкі аднак уважаюць, што ліст Мілера — гэта тактыка перад чарговым турам расейска-беларускіх перамоваў па пытаньні газу, якія пачнуцца ў кастрычніку. Толькі ў іх тракце будзе прынятае канчатковае рашэньне, якую цану прыдзецца плаціць Беларусі за расейскі газ у будучым годзе.

Расейскім фірмам залежыць на тым, каб увайсьці на беларускі рынак, узяць удзел у яго прыватызацыі, і, дарэчы, ня толькі энэргетычнага сэктара. Аднак Лукашэнка не дазваляе на гэта, каб ня страціць кантролю над эканомікай — сказаў „Gazecie Wyborczej” Цімафей Бардачоў, экспэрт маскоўскае фундацыі Карнэджы.

"У рэзэрваце Лукашэнкі"

06.09.2003

"У рэзэрваце Лукашэнкі" — гэтак называецца публікацыя летувіскага паэта й крытыка Томаса Вэнцлёвы, які з 1977 году жыў у ЗША, а цяпер — у Кракаве. Публікацыя зьмешчаная на старонках цэнтрысцкай уплывовай „Gazety Wyborczej”.

Па словах Вэнцлёвы, Беларусь гэта найбольш экзатычная, па﷓за Альбаніяй, краіна ў Эўропе: рэзэрват саветызму, каралеўства Лукашэнкі, зона Чарнобыля. Беларускія вёскі выглядаюць сумна й па-савецку. Праўда, напісы ўсюды беларускія.

Фэрмэраў у Беларусі мала. Лукашэнка ўсюды пакінуў калгасныя парадкі, а фэрмэраў і ўсякіх прыватных прадпрымальнікаў зьнішчае пры дапамозе падаткаў і розных абмежаваньняў.

Пры ўезьдзе ў Менск кідаецца ў вочы плод новае палітыкі кіраўніка Беларусі ў дачыненьні да рэлігіі — сьвежа пазалочаныя купалы агромністае царквы. Надалей на сваім месцы знаходзяцца помнік Леніну й бюст Дзяржынскага. Засталася ня толькі сядзіба КДБ, але й сам Камітэт Дзяржаўнае Бясьпекі таксама. Як у савецкі час, няма ні сьмецьця, ні жабракоў. Праўда, галоўная вуліца Леніна была перайменаваная на Францішка Скарыны — першага беларускага друкара. Ёсьць таксама й Пляц Незалежнасьці, але менавіта на ім, насупраць сядзібы ўраду, стаіць чорны Ленін, які — як гавораць мясцовыя — назірае, колькі часу захаваецца гэтая незалежнасьць.

Кожны народ мае сымбалі сваіх пакутаў. У Беларусі гэта Курапаты, дзе загінула вялікая колькасьць беларускае інтэлігенцыі — заўважае Томас Вэнцлёва.

У 1920 гадох была праведзеная беларусізацыя краіны: беларуская мова была прызнаная дзяржаўнай, узьніклі беларускія навуковыя інстытуты, паявілася беларускае мастацтва. Тады ў Менск вярнуліся многія эмігранты, гатовыя ўдзельнічаць у нацыянальным адраджэньні. У 1930-х гадох беларусізацыя была гвалтоўна спыненая, і амаль усе ейныя ўдзельнікі зьліквідаваныя — расстраляныя ў Курапацкім лесе.

Сёньня многія прадстаўнікі беларускае інтэлігенцыі зьяўляюцца прыхільнікамі арганічнае працы, значыць, выхаваньня сучаснай эліты й апрацаваньня праектаў, разьлічаных на будучыню. У іх ацэнцы, цяпер няма шанцаў на зьмену рэжыму ў Беларусі. Няма таксама сэнсу чакаць на інтэграцыю з Расеяй, таму што Расеі непатрэбаная інтэграцыя, толькі дэградацыя Беларусі. Пры дапамозе таннага газу Расея стараецца ўзалежніць Беларусь ад сябе. Насуперак чаканьням многіх, Расея не прычыніцца да дэмакратызацыі Беларусі, а беларуская апазыцыя, на жаль, слабая й падзеленая.

Беларускі рэжым парадаксальны — піша Томас Вэнцлёва. Беларусы сьмяюцца, што незалежнасьць атрымалі лягчэй за іншых і найцяжэй зь ёю разьвітваюцца. Інтэграцыйныя перамовы з Расеяй працягваюцца ўжо 6 гадоў, а інтэграцыі не відаць. У прыватызацыі ўдзельнічае расейскі капітал, але Лукашэнка стрымлівае ягонае пранікненьне ў краіну.

Томас Вэнцлёва, наведваючы Беларусь, перагледзеў свой погляд на беларускую мову. Думаў, што сустрэў яе лёс старапрускае мовы, але аказалася, што ў Менску — праўда, расейскамоўным горадзе — усё, што цікавае, адбываецца па-беларуску, і зусім немалая колькасьць інтэлігентаў карыстаецца роднай беларускай мовай, да якой прызнаецца 80% адсоткаў грамадзянаў Беларусі. Так што пра беларускую мову нельга сказаць, што яна мёртвая. Парадаксальна, але гэта менавіта Лукашэнка паўплываў на ўмацненьне беларускае мовы, таму што сталася яна сымбалем апазыцыі й грамадзянскае сьвядомасьці-ацэньвае Томас Вэнцлёва. Разам з ростам нацыянальнае сьвядомасьці расьце й значэньне беларускае мовы.

 кантакт: kamunikat@poczta.onet.pl 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія