Ствараньне Расеяй і Беларусяй супольнае Саюзнае Дзяржавы гэта адзін з найбольш разьвітых інтэграцыйных працэсаў на абшары былога Савецкага Саюзу. Аднак дагэтуль аб’яднаўчы працэс (які пачаўся пакліканьнем мытнага саюзу ў 1995 годзе) меў перш за ўсё прапагандысцкае значэньне, а сама Саюзная Дзяржава (якая пачала ўзьнікаць у сьнежні 1999 году) мела хутчэй за ўсё „віртуальны” характар. Толькі апошнімі гадамі па ініцыятыве расейскага боку адбыўся пераход ад палітыкі сымбаляў да палітыкі прагматызму. Інтэграцыйны працэс, які выразна прысьпешыў напрыканцы 2002 году, пачаў засяроджвацца на рэалізацыі паасобных пытаньняў эканамічна-палітычнага супрацоўніцтва. Нягледзячы на прагрэс у аб’яднаўчым працэсе, ня быў выразна акрэсьлены яго накірунак ды прынцыпы рэалізацыі. Беларуска-расейскія размовы пра інтэграцыю ў вялікай ступені засяроджваецца на безадкладных пытаньнях двухбаковага супрацоўніцтва. Здаецца, што праект інтэграцыі Беларусі й Расеі перш за ўсё бярэ пад увагу ажыцьцяўленьне інтарэсаў правадыроў абедзьвюх дзяржаваў, а пазьней таксама інтарэс заангажаваных у яго бізнэсовых і палітычных элітаў ды сілавых структураў. Пры тым кожны з бакоў, гаворачы пра інтэграцыю, кіруецца зусім іншымі матывамі ды хоча дабіцца сваіх карысьцяў. У адрозьненьне ад эўрапейскай інтэграцыі, голас і патрэбы грамадзтваў абедзьвюх дзяржаваў не адыгрываюць тут важнае ролі. У сувязі з гэтым узьнікаюць пытаньні пра характар гэтага працэсу й матывы заангажаваных у яго бакоў. На якім этапе знаходзіцца інтэграцыя абедзьвюх дзяржаваў і якія могуць быць накірункі яе разьвіцьця? Якія наступствы можа прынесьці гэта для незалежнасьці Беларусі? Адказы на гэтыя пытаньні павінны таксама акрэсьліць пазыцыю й кшталт палітыкі пашыранага Эўразьвязу.
I. Працэс інтэграцыі
Супольная мэта, іншыя матывы
Расея, для якой Беларусь мае важнае геапалітычнае значэньне, імкнецца ўтрымаць яе выключна ў сваёй зоне ўплываў. Актуальна расейскі бок, які ад часу распаду Савецкага Саюзу захоўвае дамінуючую пазыцыю ў замежнай палітыцы ды абарончасьці й бясьпецы, засяроджваецца на эканамічных аспэктах супрацоўніцтва. Мэтай аб’яўленых Масквою эканамічных патрабаваньняў зьяўляецца абмежаваньне коштаў беларускай залежнасьці ды павялічэньне расейскіх уплываў у эканоміцы Беларусі. Расея ў васноўным хоча аб’яднаць беларускую эканоміку са сваёй эканамічнай сыстэмай. Імкнецца таксама да таго, каб расейскі капітал пераняў кантроль над стратэгічнымі і найбольш прыбытковымі галінамі беларускае эканомікі. У сваю чаргу ў палітычнай сфэры Масква надалей хоча ўтрымліваць фактычную залежнасьць Менску.
Імкненьне ж Беларусі да інтэграцыі з Расеяй матывуецца палітычным інтарэсам Аляксандра Лукашэнкі ды фактычным, хаця не акрэсьленым выразна інтарэсам дзяржавы. Мэтай прапагандаванага Аляксандрам Лукашэнкам набліжэньня паміж Беларусяй і Расеяй ды аднавэктарнай, прарасейскай палітыкі зьяўляецца заваяваньне для сябе падтрымкі палітычных і бізнэсовых элітаў Расеі на беларускай палітычнай сцэне. Дазваляе яму таксама запэўніць падтрымку Расеі на міжнародным форуме (напрыклад у АБСЭ ці ў Радзе Эўропы) ды абмежаваць адмоўныя вынікі міжнароднае ізаляцыі. Аляксандар Лукашэнка імкнецца атрымаць магчымасьць уплыву на расейскі бок, дзякуючы структурам Саюзнае Дзяржавы. Апрача гэтага ўзьнікненьне Саюзнае Дзяржавы дало б беларускаму лідэру магчымасьць выхаду зь міжнароднае ізаляцыі.
У сваю чаргу з пункту погляду дзяржаўных інтарэсаў Беларусі, здаецца, што гэтая краіна ня ў змозе сёньня функцыянаваць без расейскай эканамічнай падтрымкі у выглядзе, між іншым, танных і пастаянных паставак энэрганосьбітаў, крэдытаў, ці адкрыцьця расейскага рынку на беларускія тавары. Аб’яднаўчы працэс мае гэтую дапамогу ўтрымаць і замацаваць.
Вельмі важным фактарам уплываючым на ход інтэграцыяных працэсаў, зьяўляецца вялікая дыспрапорцыя — у карысьць Расеі — эканамічных і палітычных патэнцыялаў абодвух бакоў. Гэтая асымэтрыя дазваляе Маскве накінуць уласны кшталт ажыцьцяўленьня працэсу. Яго мэтай зьяўляецца стварэньне зьлітнай палітычна-эканамічнай прасторы й бясьпекі з дамінуючымі ўплывамі Масквы, пры захаваньні фармальных атрыбутаў незалежнасьці Менску. Нягледзячы на дамінацыю Крамля, беларускі прэзыдэнт пасьпяхова не пагаджаўся дагэтуль на рэалізацыю некарысных для сябе вырашэньняў. Эфэкты прыносіць ягоная тактыка абяцаньняў, якія пазьней адклікае, альбо адтэрміноўвае іх рэалізацыю, ды палітыка ўяўных уступкаў. Урэшце — Аляксандар Лукашэнка надалей зьяўляецца найлепшым гарантам інтарэсаў Расеі ў Беларусі.
Інтэграцыйнае спаборніцтва
На працягу апошніх двух гадоў можна было назіраць сваеасаблівае спаборніцтва паміж Менскам і Масквою ў фармаваньні працэсу пабудовы Саюзнае Дзяржавы. Разыходжаньні зьяўляюцца вынікам супярэчных інтарэсаў абодвух бакоў у некаторых сфэрах. Галоўныя спрэчныя пункты датычаць тых расейскіх пастулятаў, зьдзяйсьненьне якіх магло б аслабіць пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі. Гэта ў васноўным пытаньні: дастасаваньня беларускае эканамічнае мадэлі да расейскай, кшталту сыстэмы ўлады Саюзнае Дзяржавы, продажу беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў расейскаму капіталу, адкрыцьця беларускага рынку перад расейскімі фірмамі ды ўплыву беларускага боку на грашовую палітыку Саюзнае Дзяржавы.
Па прычыне гэтых разыходжаньняў паміж верасьнем 2001 і лістападам 2002 году не адбыліся пераломныя вырашэньні ва ўзаемных адносінах. За гэты час Аляксандар Лукашэнка, дзеля забесьпячэньня сваёй палітычнай пазыцыі, між іншым, затрымаў рэзлізацыю расейскіх пастулятаў, кансалідаваў лягэр улады, адсунуў патэнцыйных супернікаў на ўнутранай палітычнай сцэне й замацаваў апарат кантролю грамадзтва.
Утрыманьне цьвёрдае пазыцыі Менску ў адносінах да прыярытэтных эканамічных патрабаваньняў расейскага боку выклікала рашучую рэакцыю расейскага прэзыдэнта. У чэрвені й жніўні 2002 году Ўладзімір Пуцін скрытыкаваў палітыку Лукашэнкі і ў ультыматыўнай форме прадставіў свае ўмовы, паводле якіх да інтэграцыі можа прыступіць Расея. Прадугледжвалі яны поўную інтэграцыю абедзьвюх дзяржаваў альбо шляхам уключэньня Беларусі ў склад Расейскае Фэдэрацыі, альбо ўзьнікненьня бліжэй неакрэсьленае структуры паводле мадэлі Эўразьвязу з дамінуючай пазыцыяй Расеі.
Выклікала гэта даволі вялікае пахаладаньне ва ўзаемных адносінах аж да лістапада 2002 году, калі, у выніку магутнага палітычнага прэсынгу й пагрозы павелічэньня цэнаў расейскага газу, Беларусь была прымушаная пайсьці на ўступкі. Не без значэньня было таксама фіяска беларускіх спробаў паляпшэньня адносінаў з Захадам, якія мелі замацаваць пазыцыю беларускага лідэра й даць магчымасьць шантажаваць расейскі бок. Прэзыдэнт Лукашэнка ня быў запрошаны на саміт Эўраатлянтычнай Рады Партнэрства ў Празе 22 лістапада 2002 году, а пазьней 14 дзяржаваў Эўразьвязу й Злучаныя Штаты Амэрыкі увялі забарону ўезду на сваю тэрыторыю васьмём вышэйшым беларускім чыноўнікам з прэзыдэнтам на чале. Падчас гэтага канфлікту Беларусь не атрымала палітычнае падтрымкі Расеі.
У выніку гэтых падзеяў на пераломе 2002 і 2003 году абодва бакі палагодзілі свае цьвёрдыя пазыцыі. Перамовы пачалі датычыць канкрэтных справаў, і Расеі ўдалося накінуць Беларусі каляндар рэалізацыі сваіх патрабаваньняў. Сёньня здаецца, што Крэмль пераняў ініцыятыву ў працэсе фармаваньня Саюзнае Дзяржавы.
Вынікі інтэграцыі
Беларуска-расейская інтэграцыя без праблемаў разьвіваецца ў тых сфэрах, якія не пагражаюць палітычнай пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі.
Найбольшы прагрэс можна назіраць у інтэграцыі абарончых сыстэмаў і вайсковых структураў абедзьвюх дзяржаваў. З увагі на маштаб сувязяў і ступень залежнасьці, Беларусь зьяўляецца de facto часткай расейскай прасторы абарончасьці й бясьпекі.
На такім жа этапе зьяўляецца супрацоўніцтва памежных службаў. Пра гэта сьведчыць хаця б той факт, што на беларускіх межах абавязваюць расейскія правілы.
Значную дамінацыю Расеі можна назіраць у сфэры замежнае палітыкі. Тут абавязвае далёкая каардынацыя, што дазваляе Расеі захаваць кантроль над дзеяньнямі Беларусі на міжнароднай сцэне. Беларусь захоўвае усё ж нейкую аўтаномнасьць, што дазваляе Маскве адмаўляцца ад тых дзеяньняў Лукашэнкі, якія могуць адмоўна паўплываць на яе пазыцыю. Сьведчыць пра гэта, напрыклад, зусім рознае стаўленьне да ірацкага канфлікту ці да супрацоўніцтва з Эўразьвязам. У гэтым другім выпадку, паколькі зьвязаўска-расейскі дыялёг квітнее, то адносіны паміж Менскам і Брусэлем поўнасьцю замарожаныя, між іншым, таму, што беларускія ўлады ігнаруюць патрабаваньні Эўразьвязу, які заклікае да пашанаваньня дэмакратыі й правоў чалавека.
Найбольш супярэчлівасьцяў датычыць пытаньняў, зьвязаных з эканамічнымі адносінамі паміж абедзьвюма дзяржавамі. Нягледзячы на вялікую залежнасьць беларускай эканомікі ад расейскай, эканамічныя сыстэмы абедзьвюх дзяржаваў значна адрозьніваюцца — як у выпадку эканамічнай мадэлі (у Беларусі увесь час абавязвае камандна-разьмеркавальная сыстэма, а ў Расеі — з многімі элемэнтамі рынкавай эканомікі), так і ў юрыдычнай сфэры (абавязваючыя правілы й нормы). У гэтай сфэры Расея імкнецца зьменшыць разыходжаньні, стараючыся прымусіць Беларусь прыняць расейскія стандарты ды поўнасьцю адкрыць рынак для расейскага капіталу. Адначасова ў перамовах на тэму кшталту супольнае Саюзнае Дзяржавы расейскі бок імкнецца пераняць поўны кантроль над эмісійнымі цэнтрамі (стварыць адзіны эмісійны цэнтар супольнае валюты ў Маскве, што мае даць поўны кантроль над грашовай палітыкай ды перадаць саюзнай Радзе Міністраў кампэтэнцыі ствараньня й рэалізацыі супольнае эканамічнае палітыкі Саюзнае Дзяржавы, што мела б гарантаваць Расеі поўны кантроль над ёю). Дагэтуль Расеі ўдалося прымусіць беларускі бок пачаць прыватызацыю найбольшых прадпрыемстваў энэргетычнага сэктара („Белтрансгазу” ды нафтаперапрацоўчых „Нафтан” і „Палімір”), якая прадбачвае продаж іх расейскім суб’ектам, а таксама вызначэньне дакладных датаў. У выніку вялікага прэсынгу Беларусь злагодзіла сваю цьвёрдую пазыцыю па пытаньнях, зьвязаных з увядзеньнем супольнае валюты. Згодна з дамоўленасьцю з 1 ліпеня 2003 году расейскі рубель меў быць уведзены ў безнаяўных розьліках у Беларусі, а з 1 студзеня 2005 году мае быць валютай Саюзнае Дзяржавы.
Канстытуцыйны рэфэрэндум
Разьвіцьцё й формы беларуска-расейскай інтэграцыі ў вялікай ступені будуць залежаць ад таго, наколькі яна будзе адпавядаць інтарэсам яго двух галоўных актораў — Уладзіміра Пуціна й Аляксандра Лукашэнкі, а таксама заангажаваных у ёй рознага роду груп уплыву з колаў бізнэсу, прамысловасьці, палітычных і сілавых службаў, якія дбаюць пра свае інтарэсы.
Цяперашні этап інтэграцыі скіраваны на прыняцьце абедзьвюма дзяржавамі Канстытуцыйнага Акту Саюзнае Дзяржавы на агульнанародных рэфэрэндумах. Вельмі верагодным здаецца іх правядзеньне ў 2003 альбо ў 2004 гадох, што, як здаецца, адпавядала б інтарэсам лідэраў абедзьвюх дзяржаваў. У цяперашні час адной з найважнейшых палітычных мэтаў Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца працяг тэрміну прэзыдэнцтва (які заканчваецца ў 2006 годзе). Але гэта патрабуе ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю, а добрай падставай для гэтага (хоць не адзінай) быў бы менавіта саюзны канстытуцыйны рэфэрэндум. У сваю чаргу, для Уладзіміра Пуціна, які сутыкнецца з падобнай праблемай увесну 2004 году, важна атрымаць публічны посьпех на міжнароднай арэне, які прынясе яму падтрымку расейскага электарату. Цяжка яму будзе дабіцца такога посьпеху ў адносінах са Злучанымі Штатамі ці Эўрапейскім Зьвязам. Самым лёгкім здаецца інтэграцыйны посьпех зь Беларусяй.
Саюзная Дзяржава, паводле прапанаванага праекту Канстытуцыі, будзе мець характар канфэдэрацыі. У выключнай кампэтэнцыі яе ворганаў будзе правядзеньне агульнай эканамічнай і памежнай палітыкі, кіраваньне рэгіянальнай групай войскаў, а таксама энэргетычнай і транспартнай сыстэмамі; затое будзе цесна скаардынаваная замежная палітыка й абарона абедзьвюх дзяржаваў. Несумненна, дамінуючую ролю ў працэсе прыняцьця рашэньняў будзе адыгрываць Расея. Фармальна абедзьве дзяржавы захаваюць атрыбуты незалежнасьці, што мае значэньне асабліва для незалежнасьці Беларусі.
Кірунак (хутчэй) бясьпечны
Здаецца, найбольшай перашкодай станецца ўвядзеньне ў дзеяньне палажэньняў Канстытуцыі, як і іх ажыцьцяўленьне. Можна прадугледзець, што ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве (2—3 гады) інстытуцыі Саюзнае Дзяржавы фактычна ня будуць мець істотнага значэньня, а галоўнымі суб’ектамі ўлады й далей будуць заставацца ўрады абедзьвюх дзяржаваў. Затое заўважаецца тэндэнцыя да прыняцьця структурамі Саюзнае Дзяржавы часткі функцыяў у двухбаковых стасунках (напрыклад, узгадненьне нормаў і прынцыпаў гандлёвага абмену).
Можна дапусьціць, што далейшы спосаб аб’яднаўчага працэсу будзе палягаць у паступовым павольным прыняцьці Беларусяй расейскіх умоваў. Аднак напэўна Менск будзе старацца надаваць ім такую форму, каб ня надта паслабляць свае інтарэсы (напрыклад, імкнуцца да захаваньня за сабою кантрольных пакетаў акцыяў у прыватызаваных прадпрыемствах) .
Немагчыма, каб на гэта магла паўплываць нават зьмена ўлады ў Менску. Сама ідэя інтэграцыі настолькі папулярная сярод беларускіх элітаў, таксама й апазыцыйных, што большасьць апазыцыйных груповак, асабліва намэнклятурных, выказваецца за працяг аб’яднаўчага працэсу абедзьвюх дзяржаваў (хоць падкрэсьліваецца пры гэтым абавязковасьць захаваньня суверэнітэту Беларусі). Карыстаецца яна таксама вельмі вялікай падтрымкай у беларускім грамадзтве. Паводле апытаньня, праведзенага Незалежным Інстытутам Грамадзка-Эканамічных і Палітычных Дасьледаваньняў, НІГЭПД, у сакавіку 2003 году 50% рэспандэнтаў галасавалі б за прыняцьце Канстытуцыі Саюзнае Дзяржавы, і толькі 16% — супраць.
ІІ. Наступствы расейска-беларускай інтэграцыі.
Пэрспэктыва для Польшчы й Эўразьвязу
Пры разглядзе наступстваў беларуска-расейскай інтэграцыі з пэрспэктыўнага пункту погляду дзяржаваў ЭЗ, а таксама яго будучых улдзельнікаў, узьнікае боязь, што не спрыяла б яна дакляраваным Беларусяй мэтам, гэта значыць, дэмакратызацыі краіны й трансфармацыі вольнага рынку.
Правы чалавека — на Беларусі бязь зьменаў
Інтэграцыя з Расеяй пазытыўна не паўплывае на праблему захаваньня правоў чалавека, дэмакратызацыю жыцьця й разьвіцьцё грамадзтва ў Беларусі (як, зрэшты, і ў самой Расеі). Расейскі бок не прыдае гэтым пытаньням валікай вагі, і яны ня робяцца прадметам беларуска-расейскіх перамоваў. На дадатак, магчымая згода Крамля на пралянгацыю ўлады Лукашэнкі будзе азначаць далейшы рэгрэс у гэтай справе.
Эканамічныя наступствы
Увядзеньне расейскае эканамічнае мадэлі ў Беларусі прымусіла б яе ўлады прыступіць да рэалізацыі эканамічных рэформаў. Аднак яны абмяжоўваліся б адаптацыяй расейскіх вырашэньняў. Няварта таксама спадзявацца на радыкальнае эканамічнае паляпшэньне ў Беларусі. Нельга ўявіць, каб эканамічная інтэграцыя магла стацца імпульсам да гаспадарчага разьвіцьця краіны. Перамены, верагодна, будуць датычыцца асобных сэктараў гаспадаркі, кантраляваных расейскім капіталам, якія будуць функцыянаваць больш-менш на прынцыпах рынкавай эканомікі. Затое астатняя частка беларускай гаспадаркі будзе й далей змагацца зь вельмі сур’ёзнымі праблемамі.
Беларусь — пункт, які зьнікае для Эўропы.
Фармальна прыняцьце Канстытуцыі й сфармаваньне ворганаў Саюзнае Дзяржавы дазволіць Расеі стварыць інстытуцыянальныя інструманты для ўтрыманьня Беларусі ў выключнай сфэры сваіх уплываў. Гэта паўплывае на далейшую маргіналізацыю Беларусі на эўрапейскай арэне й замацуе няўдзел Менску ў дыялёгу паміж Захадам (альбо пашыраным ЭЗ) і Усходам (усходнеэўрапейскія дзяржавы, гэта значыць, Расея, Украіна, Малдова й Беларусь). Прыкладам тут можа паслужыць адсутнасць беларускага боку ў перамовах паміж Эўрапейскім Зьвязам, Летувой, Польшчай і Расеяй пра будучыню Калінінградзкага анкляву й пашырэньне Зьвязу на ўсход.
У цяперашні момант Беларусь не зьяўляецца партнэрам ЭЗ. Аднак вынікам утрыманьня яе маргіналізацыі будзе для Менску страта магчымага раўнапраўнага дыялёгу з Эўразьвязам. Гэта значна ўскладніць рэалізацыю ўсходняга вэктара палітыкі ЭЗ у адносінах да Беларусі, Расея атрымае яшчэ большыя магчымасьці ўплываць на формы супрацоўніцтва Беларусі з ЭЗ, а яе магчымае разьвіцьцё будзе адбывацца ў значнай меры праз Маскву.
ІІІ. Рэкамэндацыі
Да найлепшых інтарэсаў Польшчы й Эўропы належыць спрыяньне захаваньню дзяржаўнасьці й незалежнасьці Беларусі, а таксама дэмакратызацыі яе палітычнай сістэмы й рынкавай трансфармацыі.
Сувэрэнная Беларусь адыгрывае істотную ролю ў сыстэме эўрапейскай бясьпекі й можа пазытыўна ўплываць на рэгіянальную стабільнасьць. Беларусь і ўвесь рэгіён Усходняе Эўропы павінны стацца сфэрай супрацоўніцтва, а не канфрантацыі, паміж ЭЗ і Расеяй.
1. Асновай для разьвіцьця адносінаў Беларусі з Эўропай павінна быць выкананьне Менскам „чатырох крытэрыяў” АБСЭ, гэта значыць, забесьпячэньне дэмакратычных выбарчых працэдураў, спыненьне дыскрымінацыі палітычнай апазыцыі і допуск яе да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, паважаньне мэдыяў і пашырэньне кампэтэнцыяў парлямэнту. Эўрапейскі бок павінен прадставіць рэальную праграму дапамогі Беларусі на бліжэйшыя тры гады.
2. Дзяржавы пашыранага ЭЗ павінны прадставіць беларускаму грамадзтву альтэрнатывы разьвіцьця цеснага супрацоўніцтва са Зьвязам. Важна, каб пераканаць эліты беларускага бізнэсу, намэнклятуры й апазыцыі ў карыснасьці разьвіцьця такога супрацоўніцтва. Хоць канцэпцыя пазыцыі ЭЗ „крок-за-крокам” (якая грунтуецца на паступовым паляпшэньні становішча разам з паступовай дэмакратызацыяй) здаецца слушнай, сама прапанова, прадстаўленая ў яе рамках, аказалася нецікавай для беларускіх уладаў і элітаў і не схіліла іх да зьмены адносінаў з ЭЗ. Здаецца, што ўсьведамленьне карыснасьці ўмацаваньня сувязяў са Зьвязам магло б спрычыніць аказаньне націску, таксама й праз уладныя структуры, на прэзыдэнцкае атачэньне, каб дасягнуць адпаведных пераменаў.
3. Дзеля гэтага абавязковае й разьвіцьцё эўрапейскай інфаромацыйнай палітыкі ў Беларусі, а таксама праграмаў навучаньня й стажыроўкі, якія былі б скіраваныя перш за ўсё на прадстаўнікоў бізнэсу, моладзі й намэнклятуры. Дзеяньні Зьвязу ў адносінах да Беларусі павінны мець такія формы, якія не давалі б прычыны для ўскладненьня беларуска-расейскага супрацоўніцтва. Беларусь можа чэрпаць выгаду з супрацоўніцтва з абодвума бакамі.
4. Пытаньне Беларусі павінна стацца пастаянным элемэнтам дыялёгу Эўразьвяз — Расея. Беларусь трэба трактаваць у катэгорыях „сумеснага выкліку” Брусэлю й Масквы. Галоўнае, з пункту погляду дзяржаваў рэгіёну была б карыснай рэдэфініцыя расейскай палітыкі ў дачыненьні да краінаў Усходняе Эўропы. Варта пераконваць расейскі бок, што сувэрэнныя дзяржавы Ўсходняе Эўропы са стабільнымі дэмакратычнымі сыстэмамі й разьвіцьцём рынкавай эканомікі могуць адыгрываць важную ролю ў сыстэме бясьпекі Расейскае Фэдэрацыі ды мець пазытыўны ўплыў на яе эканамічнае разьвіцьцё.
5. Важным стымулам зьменаў у Беларусі могуць аказацца замежныя інвэстыцыі і прыток заходняга капіталу. Спрыяць гэтаму можа, напрыклад, стварэньне Саюзнага Інвэстыцыйнага Агенцтва, якое дзейнічала б пры падтрымцы інстытуцыяў ЭЗ. Яго задачамі маглі б быць: абмен інфармацыяй, наладжваньне кантактаў паміж інвэстарамі й беларускімі кліентамі, каардынацыя дзеяньняў, абарона правоў і інтарэсаў інвэстараў, а таксама падтрымка беларускіх уладаў у будаўніцтве адппаведных мэханізмаў, якія спрыялі б прыцягненьню інвэстыцыяў у краіну.
6. Рашэньне пра беларуска-расейскую інтэграцыю ёсьць сувэрэнным рашэньнем уладаў Беларусі й Расеі Аднак вельмі важным будзе захаваньне дэмакратычных прынцыпаў і працэдураў у рэалізацыі працэсу аб’яднаньня абедзьвюх дзяржаваў, як і паважаньне волі грамадзянаў. Ключавую ролю будзе тут адыгрываць правядзеньне агульных рэфэрэндумаў згодна з дэмакратычнымі працэдурамі. Калі б дайшло да такіх рэферэндумаў, эўрапейскія дзяржавы й інстытуцыі павінны клапаціцца пра паважаньне свабоды дэмакратычнага выбару згодна з стандартамі АБСЭ й Рады Эўропы. У выпадку парушэньня гэтага крытэрыя Саюзная Дзяржава не павінна падвяргацца міжнародным санкцыям. Яе існаваньне належала б разглядаць як паразуменьне паміж Расеяй і Беларусяй галоўным чынам у эканамічным напрамку. Мэтай такіх паводзінаў павінна быць падкрэсьліваньне суверэнітэту беларускае дзяржавы ў міжнародных кантактах.
Рафал Садоўскі
Супрацоўніцтва: Агата Вежбоўска-Мязга
Павал Валоўскі
Цэнтар Усходніх Дасьледаваньняў (Ośrodek Studiów Wschodnich)
Тэкст публікуецца на сайце дзякуючы прыхільнасьці Цэнтру Ўсходніх Дасьледаваньняў