|
ПАД
ЗНАКАМІ АРЛЫ Й ПАГОНІ
Сакрат
Яновіч
Як вядома, віленская беларуская штотыднёвая газэта "Наша Ніва" выходзіла на працягу няцэлых дзесяці гадоў. Яе выхад быў спынены Першай Сусьветнай вайною, а дакладней кажучы – заняцьцем немцамі заходняй тэрыторыі Беларусі ў 1915 годзе. Час, адпушчаны ёй лёсам, ня быў працяглы, але й ня надта кароткі, калі прыкласьці да гэтага гістарычныя меркі адраджэньня беларусаў. Яе зьяўленьне паспрыяла фармаваньню культурнага й палітычнага цэнтру, якога так не хапала ў цэлым працэсе нараджэньня й крышталізацыі нацыянальнасьці. А рэшта аказалася наступствам векапомнага факту. Нельга думаць, што ў мінулым, доўгім ХІХ стагодзьдзі не прыходзілі на сьвет Божыя людзі з талентам роўным Янку Купалу, Якубу Коласу, ці Максіму Багдановічу. Яны былі, як той жа незабыўны Паўлюк Багрым або заўчасна памерлы Адам Гурыновіч. Аднак таленавітасьць сама па сабе не разьвіваецца, неабходныя ёй адпаведныя ўмовы. Знакаміта ілюструе гэта гісторыя творчасьці вялікага Янкі Купалы. Пачынаўся ён як паэт, менавіта, польскі, што выразна было абумоўлена ягоным рыма-каталіцкім веравызнаньнем. Тыповы мэханізм эмансіпацыі інтэлектуальных адзінак у падкаляніяльным народзе: пераймаць культуру калянізатараў. Ідэнтычна абуджаліся літаратурныя здольнасьці і ў Якуба Коласа – розьніца ў тым, што, будучы выхаваным у праваслаўным духу, схіляўся ён пачаткова да расейшчыны. Цуд адкрыцьця ўласнае душы й Айчыны ў аднаго і ў другога здарыўся тады, калі ўжо дзейнічала беларускае палітычнае падпольле, калі вялі сваю працу ягоныя геральды. Запамятайма: не раней!
У 1902 годзе, калі пецярбурскія студэнты-беларусы думалі пра анімацыю таемнага беларускага руху, яшчэ не было Янкі Купалы, а ў яго асобе насіўся па сьвеце шляхтаваты Ян Луцэвіч, які ў дзень імянінаў сястры Леакадзіі напісаў прысьвечаны ёй гумарыстычны вершык па-польску. Пасыпаліся й іншыя, нават публікаваныя недзе ў Варшаве... Праз два гады пасьля, летам 1904 году, нябрыдкі Янук з парафіяльнай славаю "альбомнага паэта", за якім прападалі экзальтаваныя маладыя шляхцянкі, дае сабе зарок - пісаць толькі па-беларуску. Што здарылася зь ім? Памёр бацька Дамінік, асіраціўшы семярых дзяцей, зь якіх трое таксама неўзабаве адышлі на той сьвет, і Януку – як старэйшаму – давялося мазоліць рукі на гаспадарцы. Сям'я – не зь інтэлігенцкіх – і цяга ў хлопца да кніжак пярэчыла ягонаму мужыцкаму лёсу. Пашукаў лягчэйшага хлеба, але маці хварэла, і трэба было вярнуцца да плуга. Біёграфы Янкі Купалы ўстанавілі надзвычай цікавыя дзьве даты, якія адносяцца да таго ж 1904 году: 14 ліпена напісаў ён апошні свой польскі верш пад загалоўкам Пра жанчыну, а назаўтра, 15 – Маю долю, самы раньні зь вядомых дагэтуль беларускіх твораў Купалы. Пераход ад салоннага стылю да цьвёрдай грамадзкай паэтыкі можна тлумачыць жыцьцёвым упадкам аўтара, горыччу, але гэта не будзе поўная праўда. У тое ж лета пазнаёміўся ён у Менску з Алесем Бурбісам, адным зь вядучых арганізатараў беларускай кансьпірацыі. Сустракаўся і з Антонам Лявіцкім, выдатным пасьля майстрам роднага слова, якога ведаем у гісторыі літаратуры як Ядвігіна Ш. Гэта ён, седзячы ў царскай турме, у 1891 годзе пераклаў славутае апавяданьне Ўсевалада Гаршына Сігнал, а ў наступным годзе – напісаў камедыю Злодзей, пастаноўку якой забараніла паліцыя. Вучань школкі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, як памятаем, натуральна зацікавіў прагнага кніжак Янука Луцэвіча спадчынаю бацькі беларускай літаратуры ды творчасьцю Францішка Багушэвіча – бацькі нашага патрыятызму.
Разам зь Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам прыходзіла ў літаратуру краю ўжо чарговае пакаленьне. Магло й яно не адыграць заўважальнай ролі ў грамадзтве пры сваім жыцьці, як здарылася гэта з ранейшымі творцамі: Янам Баршчэўскім, Янпм Чачотам, Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам, Францішкам Багушэвічам, Альгердам Абуховічам-Бандынэлі, Адамам Гурыновічам... Каб чаго дабіцца ў Беларусі, трэба доўга жыць. Імпэрыя, стомленая пятроўскім галёпам у сваіх пачатках, драмала й трымалася на арміі. І толькі ў век капіталізму набрала яна імпэту. Вырасьлі ёй канкурэнты. На Далёкім Усходзе лупіла па ёй параўнаўча малая Японія, якая хутка дасягнула эўрапейскага разьвіцьця, асабліва ў галіне прамысловай тэхналёгіі. Запозьненая Расея апынулася перад шматлікімі й цяжкімі праблемамі – у іх ліку выйшла на верх і беларуская.
У сваю чаргу Кастусь Міцкевіч – да таго як стаў Якубам Коласам – маючы неблагую пасаду настаўніка, спрабаваў шырокай дзейнасьці, а менавіта, арганізацыі беларускіх школаў, за што быў прысуджаны да трох гадоў зьняволеньня. Самадзяржаўе хісталася, але не падала; дазволіла на выдаваньне "Нашай Нівы" як прыватнага мерапрыемства; біла па руках тых, хто залазіў у ейныя дзяржаўныя справы, да якіх належала й грамадзкая асьвета – інструмэнт русыфікацыі, мацаваньня рэжыму.
Беларуская Сацыялістычная Грамада рабіла высновы з агульнага становішча. Свае сьціплыя сілы арыентавала не на палітычную канфрантацыю з уладамі, а на арганічную працу дзеля росквіту нацыянальнай культуры, што дало неспадзявана багаты плён. Культурная Беларусь рушылася, бы той ледаход у прадвесьне.
* * *
Нараджэньне беларускага нацыянальнага руху не да канца дасьледаванае. Натыкаемся на няясныя эпізоды, альбо й на цэлыя пэрыяды, пра якія знаходзім ня больш, як няўцямныя згадкі, напрыклад, пра дзевяностыя гады ХІХ стагодзьдзя: шмат у чым датычыць гэта й асобы Браніслава Эпімаха-Шыпілы, заслугі якога выразна недацэньваюцца. Народжаны, як і Ян Баршчэўскі, у самым сэрцы колішняй Полацкай Дзяржавы, у Падзьвіньні, малады Браніслаў паўтарыў адукацыйны шлях шмат-каго з адраджэнцаў, закончыўшы гімназію ў поўнямецкай Рызе, а затым Пецярбурскі Ўніверсітэт. Варта яшчэ раз адзначыць цікавы фэномен інфлянцкіх імкненьняў абудзіць беларускую старонку. Тлумачыцца гэта тым, што прыбалтыйская паласа Расейскай імпэрыі – нароўні з аўтаномнай Фінляндыяй – была самай разьвітай – цывілізацыйна ды культурна. Гэтая даўняя швэдзка-нямецкая калёнія зьявілася ўсходнім фрагмэнтам захаду й паслужыла знакамітым заплеччам сталічнаму тады Санкт-Пецярбургу.
Браніслаў Эпімах-Шьпіла ўвайшоў у ХХ стагодзьдзе ў сталым ужо ўзросьце саракагадовага мужчыны. Быў інтэлігентам высокай клясы. Працаваў акадэмічным бібліятэкарам, выкладаў грэцкую й лацінскую мовы, валодаў францускай і нямецкай. У 1889 годзе заняўся ён складаньнем Беларускай хрэстаматыі. Той год быццам бы нічым асаблівым і ня вызначыўся, што ёсць праўдаю, бо быў гэта час эпагею русыфікацыйнага ўціску на народы, што мелі няшчасьце апынуцца ў Расеі – было канчаткова й фармальна ліквідаванае нават Польскае Каралеўства, якое атрымала назоў Прывісьлянскі Край. Даўно была вынішчаная Беларуская партыя, а выдаўцы "Гомана" адбывалі пакараньне: хто ў вязьніцах, а хто ў ссылцы. Усюды настала ўпалоханая цішыня, у якой Браніслаў Эпімах-Шыпіла памаленьку рабіў сваё: зьбіраў беларускія рукапісы, правяраў іх. Дзейнічаў надзвычай асьцярожна, аж на мяжы палахлівасьці, чым не трэба зьдзіўляцца: жыў жа самотным старым кавалерам, у варожым беларушчыне асяродзьдзі, без відавочных пэрспэктываў, акрамя даволі прыстойных заробкаў дацэнта. Недзе побач швэндаліся таленаватыя народнікі ў расхістаных студэнцкіх плашчах, але зь імі нічога сур'ёзнага нельга было рабіць – яны йшлі на эшафот і цягнулі за сабою кожнага, хто лёгкадумна зьвязаўся з тымі крыкунамі. Прапаведнікі добрыя для ідэі, але не для справы. Асьцярожнасьць дзеяча дае трывалыя й пазытыўныя практычныя вынікі, але, разам з тым, пакідае мала сьлядоў будучым дасьледнікам ягонае працы. Таму пра Браніслава Эпімаха-Шыпілу даведваемся вельмі мала. У траўні 1906 году, як толькі палягчэла агульнае палітычнае становішча, выступіў ён зь ініцыятываю заснаваньня беларускай выдавецкай суполкі пад мэтафарнаю назваю "Загляне сонца і ў наша ваконца". Усё адбываецца ў тым жа Пецярбурзе, а не ў Вільні ці ў Менску, дзе паліцыя асабліва чуйная на праявы актыўнасьці патрыётаў, на базе польскай друкарні Пянткоўскага, якая за восем гадоў свайго існаваньня выдала трыццаць восем кніжак, у сярэднім па чатыры тысячы экзэмпляраў тыражу кожнай. Лічба сьціплая, каб не сказаць – бедная. Але трэба прыгледзецца, якое гэта было выдавецтва. Якія рэчы яно выпускала? Перш за ўсё – фундамэнтальнага значэньня для нацыі. Падручнікі тыпу: Беларускі лемантар, альбо Першая навука чытаньня Каруся Каганца, Першае чытаньне для дзетак беларусаў Элаізы Цёткі-Пашкевічанкі. Намаганьнямі тае ж суполкі былі апублікаваныя кніжкі Янеі Купалы, Зьмітрака Бядулі, Цішкі Гартнага. У падпісной сэрыі пад назваю Беларускія песьняры выйшла спадчына Вінцука Дуніна-Марцінкевіча й Францішка Багушэвіча. Былі спробы заснаваньня літаратурна-грамадзкага часопіса "Маладая Беларусь". Характэрнае, што выдаўцы ад пачатку карысталіся двума альфабэтамі – кірыліцкім і лацінскім паводле расейскай ды польскай транскрыпцыяў.
Варта цяпер прыгледзецца да храналёгіі беларускіх падзеяў у так інтрыгуючым нас 1906 годзе. Увесну арганізавалася згаданая суполка. Напрыканцы лета зьявілася газэта "Наша Доля". Глыбокай восеньню пачала пульсаваць рэгулярным штотыднёвым рытмам "Наша Ніва". Тры факты, якія ажно просяцца пра ўзаемную сувязь. Няўжо не дакраналася да іх рука Браніслава Эпімаха-Шыпілы? Энцыкляпэдысты адзначаюць, што ён кантактаваўся з рэдакцыямі... Відаць, ён быў адным зь іх дабрадзеяў, перш за ўсё ў значэньні прыватнага спонсара. Бо – акрамя фальваркоўца Аляксандра Ўласава, які ўзяў на сябе ролю радактара "Нашай Нівы" – яшчэ менавіта Браніслаў Эпімах-Шыпіла меў сапраўдныя грошы за сваю прафэсарскую функцыю. У яго была акуратная кватэра, у якой пастаянна нехта пражываў ды падвучваўся, між іншым, ці не аж два гады кватараваў і Янка Купала, падцягваючы на курсах Чарняева сваю слабенькую адукаванасьць прынамсі да ўзроўню блізкага атэстату сталасьці. Шыпіла бачыў у Купалы небанальны талент, але й інтэлектуальную мізэрнасьць, якая хіліла долу самародную геніяльнасьць. Даць бы яму ўнівэрсытэцкія веды, зусім на іншых тонах зайграла б несьмяротная ліра аўтара Сну на кургане. Яго аберагалі ад рызыкі палітычнай працы, хоць і выкарыстоўвалі ягонае вострае ды глыбокадумнае пяро. Быў благі прыклад Аляксандра Прушынскага - Алеся Гаруна, якога за антыўрадавую дзейнасьць саслалі ў залатыя капальні Сібіры. Забілі выдатнага паэта, загнаўшы ў нявылечныя тады сухоты.
Славутая нашаніўская пара набывала размаху. Прамінула нават не адно цэлае пакаленьне, а ўсяго дзесяць гадоў, калі – у 1918 годзе – лідэры беларускага руху ўзяліся за спробу стварэньня Беларускай Дзяржавы. На два гады да гэтае даты Браніслаў Эпімах-Шыпіла рэдагаваў францускі тэкст Мэморыі прадстаўнікоў Беларусі на III канфэрэнцыю народаў у швэйцарскай Лязане 1916 году – першы беларускі голас на палітычнай арэне Эўропы.
|