|
МОВА Й НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ТОЕСНАСЬЦЬ БЕЛАРУСАЎ–
частка 2
Ніна
Баршчэўская Газэта „Беларус”
піша пра дыскусію, якая вялася на тэму роднае мовы ў 1980-х гадох на старонках
„Літаратуры і Мастацтва”. Пісьменьнікі, настаўнікі, журналісты, студэнты й рабочыя з розных
куткоў Беларусі прыводзілі жудасныя факты, якія сьведчаць пра тое, што
беларуская мова апынулася ў жалю годным стане.
Алесь Васілеўскі адзначае, што ў спрэчках аб
беларускай мове няма аналізу тых прычынаў, што прывялі да крызысу. Многія вінавацяць
сябе ў нацыянальным нігілізьме, у абыякавасьці да свае мовы.А. Васілеўскі піша,
што вінаватых у трагічным стане беларускай мовы ў Беларусі поўна: гэта і настаўнікі, што гавораць
да дзяцей беларускамоўных школаў па-расейску, і бацькі, што «вызваляюць» сваіх дзетак ад лекцыяў «непатрэбнае» мовы,
і ўлады, якія сваімі пастановамі давялі да такой сытуацыі. Аўтар задумоўваецца,
адкуль узялася гэтая абыякавасьць, ці вінаваты ў гэтым нацыянальны характар, ці
можа нешта іншае. Параўноўвае сытуацыю роднае мовы ў прыбалтыйскіх рэспубліках,
дзе выкладаецца яна ад дзіцячага садка ў прымусовым парадку, і нават не
паяўляецца пытаньне, каб не навучаць нацыянальнай мове. А. Васілеўскі
вінаваціць у боязі беларусаў змагацца за сваё нацыянальнае, у тым ліку й за
родную мову, сталінскі тэрор 1930-х гадоў. Людзі баяцца абвінавачаньня ў
беларускім нацыяналізьме, што, дарэчы, здаралася й цяпер, калі на пэдсаветах
тым настаўнікам і вучням, якія адважыліся размаўляць па-беларуску, прыклейвалі
кляймо нацыяналістых. Апрача гэтага, ня зьнік яшчэ зь Беларусі й расейскі
вялікадзяржаўніцкі шавінізм, які адчуваюць на сабе беларусы ды прадстаўнікі
нацыянальных меншасьцяў.[i]
У адрачэньні ад роднае мовы Янка
Запруднік бачыць комплекс ніжэйшасьці беларусаў. „Пагляд на беларускую мову як
на мову другарадную, менш прыгодную для ўжытку ў розных сфэрах жыцьця,
– гэта вынік і эканамічнае рэальнасьці, і культурнае
палітыкі, і імпэрскага характару савецкае фэдэрацыі.”[ii]
Я. Запруднік параўноўвае моўную сытуацыю ў Савецкім Саюзе да моўнай сытуацыі ў
царскай Расеі, калі прыстасаваньне да пануючай культуры лічылася сродкам
выяўленьня ляяльнасьці, а ляяльнасьць палітычная вымагае ляяльнасьці моўнай.
Двухмоўе, калі не рэгулюецца заканадаўствам, мае тэндэнцыю рэдукавацца да
аднамоўя, і таму беларуска-расейскі білінгвізм выраджаецца ў расейскі
моналінгвізм. Гэта спрыяе расейскаму імпэрыялізму, таму што „ўсякі імпэрыялізм
тым мацнейшы чым меншлінгвістычны. Нерасейскія мовы перашкаджаюць расейскай
культуры і палітычнай экспаньсіі.”[iii]
Атаесамліваньне мовы з уладай прыводзіць да таго, што беларусы пакідаюць
беларускую мову як непатрэбную, як перашкоду ў кар’еры, у шуканьні лягчэйшага
жыцьця. Янка Запруднік зьвяртае ўвагу на патрэбу вывучэньня псыхалягічнага,
культурнага й сацыяльнага аспэктаў гэтае зьявы. У курсе тагога досьледу „вырабляўся-б
імунітэт супраць хваробы веку – страты народам свайго набытага вякамі скарбу,
нацыянальнае мовы”[iv].
Я.
Запруднік заклікае разглянуцца вокал сябе й задумацца, ці сёньня на
Бацькаўшчыне не паўтараецца тое самае зьявішча, што ў ХІХ стагодзьдзі. ,,Праўда,
афіцыйнае забароны мовы няма. Але ці-ж ня сьведама занядбоўваецца яна на
карысьць цяперашняе савецкае «францушчыны» ў расейскай форме?! Ня трэба далёка
хадзіць, каб пераканацца ў гэтым. Хопіць паглядзець на рэклямы, афішы, напісы
на вуліцах, на рэпэртуар беларускіх тэатраў і канцэртаў, хопіць паслухаць мовы
беларускіх агітатараў, партыйных сакратароў і іншых камуністычных
«культуртрэгераў», «абкультураных» духам «найбольш выдатнае савецкае нацыі»,
каб пабачыць, у якія закуткі выціскаецца беларускае слова.”[v]
Некаторыя кіраўнікі адзнаку культурнае вышэйшасьці прыпісваюць карыстаньню
расейскай мовай. А ад афіцыйнага акрэсьленьня «культурнае ніжэйшасьці» недалёка
ўжо й да неафіцыйнага акрэсьленьня беларускае мовы, як «простае» й «мужыцкае» – адзначаецца на старонках газэты
,,Беларус”.
Кліч
Францішка Багушэвіча Не пакідайце-ж мовы
нашай беларускай, каб ня ўмерлі! быў кінуты даўно, аднак ён актуальны й
сёньня. Таму й постаць беларускага адраджэнца Ф. Багушэвіча набірае новае
актуальнасьці, як абаронцы беларускае мовы – заўважае Я. Запруднік.
„Ад самага пачатку беларускага нацыянальнага
адраджэння й аж да сяньняшніх дзён найважнейшымі фактарамі нацыянальнага
існаваньня народу й разьвіцьця ягонае нацыянальнае культуры сталіся родная мова
й мастацкая літаратура, гэтаю моваю напісаная”[vi] – піша на старонках газэты „Беларус” Станіслаў Крушыніч,
які падкрэсьлівае таксама, што яшчэ ў канцы XІX стагодзьдзя першым Францішак Багушэвіч
заклікаў беларусаў не цурацца роднае мовы, каб ня ўмерлі. Пазьней Янка Купала ў многіх сваіх вершах вызначыў ролю роднае мовы як
найважнейшага фактара нацыянальнага існаваньня народу. У 1960-х гадох функцыю абаронцаў роднае мовы ўзялі на свае плечы
таксама ў асноўным пісьменьнікі. Рыгор Барадулін у вершах Беларусь – мая мова і песьня
ды Мая мова запратэставаў супраць
камуністычнай тэорыі аб паступовым сьціраньні граняў нацыяў і адміраньні ў
будучыні – як перажытку – нацыянальных моваў. Рыгор Барадулін верыць, што
беларуская мова спрадвечная й вечная – адзначае С. Крушыніч.
Таксама
часапіс ,,Барацьба” заўважае, што пакуль будзе
беларуская мова, так доўга будзе жыць і беларускі народ. Мова
ёсьць вопраткай
душы. Прыгожая й багатая мова гэта доказ высокай
духовай
культуры данага народу. Беларускі народ у няволі знаходзіўся стагодзьдзямі, але стварыў высокія духовыя багацьці. Беларуская мова сачыстая, мілагучная. У ёй можна выказаць усе людзкія пачуцьці, хараство.[vii]
Беларуская гісторыя паказвае, што з усіх
элемэнтаў азначэньня нацыянальнасьці – тэрыторыі, эканомікі, культуры, псыхікі
й г.д. – мова была асноватворным
фактарам. Яна мела прыярытэт над
тэрыторыяй, бо паводле мовы вызначалася й тэрыторыя, а не наадварот – адзначае Я. Запруднік на старонках ,,Запісаў”. Акадэмік Яўхім Карскі, апрацоўваючы Этнаграфічную карту беларускага племя
для вызначэньня межаў, браў пад увагу выключна жывую народную мову, як пісаў – неадлучную адзнаку
беларускае народнасьці на працягу ейнага шматвяковага жыцьця. Калі людзі
трацяць матчыну мову, яны пакідаюць усьведамляць сваю прыналежнасьць. З чужой
мовай яны прыймаюць чужыя звычаі і для свайго племя стаюцца згубленымі. Таксама
Францішак Багушэвіч на пастаўленае сабою ў зборніку Дудка беларуская ў 1891 годзе пытаньне: гдзе-ж
цяпер Беларусь? сам і адказаў: Там,
браткі, яна, гдзе наша мова жывець. Гэта мова сталася важным фактарам калі
не юрыдычнага, дык фактычнага прызнаньня беларусаў як народу царскім урадам у
1897 годзе, у час перапісу насельніцтва Расейскае Імпэрыі. Язэп Лёсік у 1920-х гадох паўтараў сваім
студэнтам, што мова вызначае палітыку, эканоміку й грамадзкі лад жыцьця.[viii]
Адмаўленьне
ад роднае мовы спрыяе хутчэйшай асыміляцыі – заўважае П. Залужны ў артыкуле Як зьнікаюць Беларусы й іншыя народы СССР.[ix] Па словах аўтара, адрачэньне ад роднае мовы найчасьцей прычыняецца
да палянізацыі беларусаў-каталікоў і русыфікаці праваслаўных беларусаў.
Часапіс
,,Барацьба” заклікае да вывучаньня роднае мовы ня толькі ў Беларусі, але й
па-за яе межамі. „Калі беларускі народ на акупаванай Бацькаўшчыне змагаецца за
тое, каб вучыць дзяцей у роднай мове, дык сорам нам, палітычным эмігрантам, каб
нашыя дзеці ня ведалі роднае мовы тут, дзе гэта ня ёсьць ніякім праступкам.”[x] Веданьне роднае мовы прыносіць ня толькі прыемнасьць,
але й карысьць: гэтак для тых, хто, магчыма, вернецца на Бацькаўшчыну, як і для
тых, хто назаўсёды застанецца ў эміграцыі, таму што родная мова будзе ня толькі
доказам іх духовае й нацыянальнае сілы, але таксама будзе выконваць функцыі
мовы сямейнай і адначасова мовы замежнай. „Беларусь не заўсёды будзе калёніяй і «забароненай зонай» у межах расейскай імпэрыі, але вольнаю краінаю.”[xi] Тады прадстаўнікі беларускай эміграцыі, ведаючы сваю родную мову, здолеюць заняць адказныя пасады
ў дыпляматыі, а таксама ў галінах культурнай,
гаспадарча-гандлёвай і турыстычнай лучнасьці.
Двухмоўе
– як здольнасьць карыстацца прынамсі дзьвюма мовамі – у сёньняшнім
цывілізаваным сьвеце амаль паўсюднае. Аднак беларускі білінгвізм спэцыфічны –
уважае польская дасьледніца мовазнаўчых праблемаў Эльжбета Смулкова[xii].
Назіраньне
за моўнай сытуацыяй у Беларусі ў розных афіцыйных і неафіцыйных сустрэчах, а
таксама досьвед Э. Смулковай, які вынікае з соцыя- і этналінгвістычных ды
дыялекталягічных дасьледваньняў, прымушаюць разрозьніць моўную сытуацыю гарадоў
(асабліва сталіцы) і вясковых асяродзьдзяў. На гэтую дыфэрэнцыяцыю накладаецца
дадаткова геаграфічны падзел і значна лепшае захаваньне мовы й беларускіх
гаворак у заходняй частцы краіны, чым ва ўсходняй. Таксама вясковыя гаворкі
ўсходняй Беларусі, незалежна ад сваёй спэцыфікі, увабралі ў сябе значна больш
лексычных і сынтаксычных русыцызмаў, чым гаворкі заходняй часткі краіны.
У
беларускіх гарадох (па-за некаторымі асяродзьдзямі ды індвідуальнымі выпадкамі)
дамінуючай мовай зьяўляецца расейская. Пры гэтым вялікі адсотак карыстальнікаў
расейскае мовы зьяўляецца адначасова беларускамоўным у літаратурным варыянце
альбо дыялектным. На працягу нейкага ўжо часу можна заўважыць, асабліва сярод
горш адукаванага насельніцтва, карыстаньне зьмешанай мовай, якая складаецца з
розных элемэнтаў беларускай і расейскай моваў, гэтак званай трасянкай. Трасянка
можа быць адзіным сродкам камунікацыі паасобных людзей; можа таксама паяўляцца
ў карыкатурнай форме ў адукаваных людзей, асабліва калі расейскамоўныя
суразмоўцы стараюцца карыстацца беларускай мовай. Э. Смулкова заўважае, што
даволі лёгка можна апісаць беларускія моўныя элемэнты ў маўленьні беларусаў
па-расейску, таму што вынікаюць яны ў асноўным з артыкуляцыйнай базы. Значна
цяжэй прадставіць узьдзеяньне расейскае мовы на беларускую, таму што працэс
моўнае русыфікацыі прагрэсуе, і пры гэтым ён моцна індывідуалізаваны, нават у
выпадку актыўнага двухмоўя ды захоўваньня асноўных беларускіх нормаў. З
трасянкай маем дачыненьне тады, калі элемэнты абедзьвюх моваў так
перамешваюцца, што ствараюць трэцюю якасьць, пазбаўленую ня толькі
нарматыўнасьці, але й бяз вызначаных сфэраў ужываньня, якую можна апісваць
толькі як мову канкрэтнае асобы.
Э.
Смулкова заўважае, што беларуска-расейскі білінгвізм у Беларусі, хоць і масавы
(бальшыня насельніцтва разумее абедзьве мовы й можа імі паслугоўвацца), часта
мае індывідуальны характар. Ніна Мячкоўская[xiii] зьвяртае ўвагу на тое, што беларуска-расейскі
білінгвізм, як масавы, абумоўлены больш соцыякультурна, чым этнічна.
Эльжбета
Смулкова задумоўваецца, як гэтае двухмоўе маецца да пытаньня нацыянальнае
тоеснасьці беларусаў?
Мова –
гэта адзін з элемэнтаў нацыянальнае ідэнтыфікацыі. Яна кансалідуе нацыю й дапамагае
распазнаць ейных прадстаўнікоў звонку. Праўда, ёсьць народы, існаваньня якіх ніхто не аспрэчвае, а якія ў штодзённым
жыцьці карыстаюцца мовамі іншых нацыяў. У сытуацыі Беларусі й беларусаў, відаць, спатрэбілася
б аднак пашырэньне функцыяў беларускае літаратурнае мовы, асабліва праз дзеяньні на карысьць павышэньня яе грамадзкага прэстыжу.
Білінгвізм, несумненна, быў бы меншай пагрозай для беларускае
нацыянальнае тоеснасьці, чым трасянка, якая ў існуючых экстралінгвістычных
умовах вядзе да расейскага аднамоўя. Трэба аднак адзначыць, што пры абмежаваных
функцыях нацыянальнае мовы й заніканьні здольнасьці да актыўнага ёю карыстаньня
часткай папуляцыі, даходзяць да голасу іншыя асноўныя каштоўнасьці беларускае
тоеснасьці. Расейскамоўныя беларусы, нягледзячы на русыфікацыйныя працэсы ў
Беларусі, найчасьцей не ідэнтыфікуюць сябе з расейцамі, хоць існуе ў іх
пачуцьцё ўзаемнае блізкасьці.[xiv]
працяг
будзе
[i] Алесь Васілеўскі, Абарона
беларускае мовы ў БССР. Не пра ўсё гаворыцца, у: „Беларус”, № 333,
Нью-Ёрк, студзень – сакавік 1987, с. 1.
[ii] Янка Запруднік, Мова
і ўлада, у: „Беларус”, № 334, Нью-Ёрк, красавік 1987, с. 17.
[vi] Ст. Крушыніч (псэўданім
Станіслава Станкевіча), „Беларусь – мая мова і песьня”, у: „Беларус”,
№ 87, Нью-Ёрк, чэрвень 1964, с. 3.
[vii] Жало, Што за мова?, у: ,,Барацьба”, № 4 (43), Штутгарт, 1961, с.18-19.
[viii] Янка Запруднік, Дзяржаўнасьць
Беларусі ў дасавецкую пару, у: ,,Запісы”, № 15, Нью-Ёрк, 1977,
с. 17-18.
[ix] П. Залужны, Як
зьнікаюць Беларусы й іншыя народы СССР, у: ,,Бацькаўшчына”, № 8 (492),
Мюнхэн, 21 лютага 1960, с. 2.
[x] Ю. Попко, Бацькі, вучэце дзяцей роднае мовы!, у: ,,Барацьба”, № 4 (27),
Штутгарт, 1958, с. 18-
19.
[xii] Elżbieta Smułkowa, Dwujęzyczność po
białorusku: bilingwizm, dyglosja, czy coś innego?, w: Język a
tożsamość na pograniczu
kultur, Białystok 2000, s. 90-100.
[xiii] Н. Мечковская, Языковая
ситуация в Беларуси: этнические коллизии двуязычия, у: „Russian
Linguistic”, № 18, 1994, с. 299-322.
[xiv] Elżbieta Smułkowa, тамсама, с. 99.
|