У ПОЛЬШЧЫ ЛЕПШ ДЫХАЕЦЦА!
дэпутаты фракцыі Рэспубліка беларускага парлямэнту ў Варшаве
У верасьні ў Варшаву на сустрэчы з шэрагам польскіх парлямэнтароў і афіцыйных асобаў прыехалі дэпутаты фракцыі Рэспубліка беларускага парлямэнту: Ігар Баслык, Іван Пашкевіч і Валеры Фралоў. Наведалі яны таксама Беларускую Службу Радыё Палёнія.
Тамаш Саевіч: Скажыце, калі ласка, якія мэты Вашага прыезду ў Польшчу?
Іван Пашкевіч: Асноўная мэта гэта пазнаёміцца ў Польшчы з вопытам функцыянаваньня ўпаўнаважанага па правох чалавека, сустрэчы з нашымі паплечнікамі, дэпутатамі польскага Сэйму, кіраўнікамі фундацыяў, якія працуюць у Польшчы. Самое галоўнае — наладзіць стасункі на далейшае супрацоўніцтва з гэтымі арганізацыямі.
Саюз Левых Дэмакратычных Сілаў гэта партыя, якая кіруе Польшчай, дык мае вялікі ўплыў на кшталт польскай замежнай палітыкі. Ці ёсьць нейкія канкрэтныя вынікі Вашай сустрэчы са старшынём Яскерням ?
І. П.: Мы зь ім сустракаліся ня толькі як з адным з кіраўнікоў буйной палітычнай партыі, але ўсё ж такі як з кіраўніком сэймавай Камісіі па Міжнародных Справах. Нас вельмі цікавілі погляды Польшчы на беларускую справу. Мы хацелі даведацца, якіх поглядаў прытрымліваецца польская дэлегацыя ў ПА АБСЭ на тыя праблемы, якія сёньня існуюць у Беларусі.
Якія Вашыя ўражаньні ад гэтых поглядаў ?
Валеры Фралоў:
Я думаю, што нашыя сустрэчы далі добры погляд на сытуацыю, якую маем цяпер у Беларусі. І калі раней былі сустрэчы польскіх парлямэнтароў з афіцыйнымі асобамі, то для раўнавагі бачаньня сытуацыі ў Беларусі трэба, каб свой погляд прэзэнтавалі таксама прадстаўнікі апазыцыйнага боку. Здаецца, што ў гэтым сэнсе погляд польскіх парлямэнтароў будзе „аптымальны” — двухбаковы.
Ці ёсьць шанец на тое, што пасьля Вашых сустрэчаў з афіцыйнымі асобамі ў Варшаве польскія парлямэнтары будуць рэагаваць на сытуацыю ў Беларусі такім чынам, як чэскія парлямэнтары?
І. П.: Гэта было б вельмі добра. Канстытуцыя Беларусі 1996 году патрабуе заснаваньня воргану ўпаўнаважанага па правох чалавека ў Рэспубліцы Беларусь. На жаль, па сёньняшні дзень гэты закон нават не паступіў у парлямэнт. Таму мы размаўлялі з упаўнаважаным па правох чалавека ў Польшчы — Станіславам Трэцюком і Ежым Яскерням на гэтую тэму. Было б вельмі добра, калі б нам удалося супольна дапрацаваць закон па гэтым пытаньні, уключючы польскі досьвед.
З 1 кастрычніка гэтага году паміж Польшчай і Беларусяй — гэта важная падзея ў гісторыі двухбаковых стасункаў — ажыцьцяўляецца візавы рэжым. З 1 траўня 2004 году Польшча ўваходзіць у Эўрапейскі Зьвяз. Міністар замежных справаў Польшчы падчас размовы з нашай станцыяй у Атэнах у час падпісаньня гістарычнага Трактату пра далучэньне да Эўразьвязу на маё пытаньне — якім чынам ён можа супакоіць беларусаў, каб не баяліся ўступленьня Польшчы ў Зьвяз — адказаў: „Беларусь такім чынам атрымлівае новага адваката сваёй справы ў Эўрапейскім Зьвязе”. Чаго Вы можаце патрабаваць, чаго Вы хочаце прасіць у такой адвакаткі як Польшча?
І. П.: Калі мы ехалі на гэтыя важныя для нас сустрэчы, мы перасяклі беларуска-польскую мяжу. Я кажу гэта не таму, каб спадабацца Вам, ці слухачом, але я адзначыў, што ўжо ў Польшчы дыхаецца лепш, чым у Беларусі. Тут ужо адчуваецца Эўропа. Мы шчыра зайздросьцім Вам у гэтым. Палохае нас крыху ўвядзеньне візавага рэжыму. Гэта выдатак, гэта абмежаваньне для простых людзей. Я задаў пытаньне ў парлямэнце прадстаўніком беларускага МЗС. Я асабіста не разумею такой беларускай гордасьці нашага міністэрства, калі Польшча прапаноўвала, я лічу, вельмі добры шлях на вырашэньне гэтага пытаньня...
...так як у выпадку нашых стасункаў з Украінай, гэтак званы нулявы варыянт...
І. П.: ...Вы павінны нам даваць візы й мы гэта разумеем, таму што гэта патрабаваньне Рады Эўропы, але мы ня вымушаныя былі б за гэтыя візы плаціць. Гэта было б вельмі добра. На жаль, так ня сталася й цяпер будзе абмежаваньне ў паездках.
Польшча выступае на розных эўрапейскіх форумах, жадаючы будаваць усходнюю палітыку Эўрапейскага Зьвязу. Вядома, што яна розная ў паасобных краінах эўраструктуры. Эўрапейская палітыка мае розныя твары ў дачыненьні да Беларусі. Якой палітыкі Польшчы Вы хацелі б у дачыненьні да Беларусі ?
Ігар Баслык: Нас — беларускіх парлямэнтароў — а я думаю, што й польскіх таксама — не задавальняе той узровень адносінаў, у якім сёньня знаходзіцца Польшча й Беларусь. Мы хацелі б, каб Польшча брала больш актыўны ўдзел у прыманьні рашэньняў, якія тычацца беларускіх пытаньняў і канкрэтна сытуацыі ў Беларусі. Мы хацелі б больш інтэнсыўных кантактаў на ўзроўні парлямэнтаў. Яны, на жаль, у нас вельмі сьціплыя. У ходзе гэтых сустрэчаў мы змаглі б выпрацоўваць агульны падыход да гэтага пытаньня.
В. Ф.: Вы згадалі пра Чэхію, здаецца, што Польшчы бліжэй да Беларусі, чым Чэхіі. Я зьяўляюся чальцом Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. І было б вельмі добра, калі б Польшча — як наша суседка — мела большы ўплыў на гэтыя пытаньні.
Я магу Вам сказаць , як на маё пытаньне — чаму Польшча не вядзе ў адносінах да Беларусі так актыўнай палітыкі, як ЗША (маецца на ўвазе Акт аб дэмакратыі ў Беларусі), адказаў адзін з дырэктараў дэпартамэнтаў польскага МЗС. Амэрыканцы могуць сабе дазволіць на такую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, таму што ў Беларусі не жыве 400 000 амэрыканцаў. Нельга не закрануць пытаньняў унутранай сытуацыі Беларусі. Якія Вашыя ўражаньні ад прыезду дэлегацыі ПА Рады Эўропы?
В. Ф.: Мы прымалі ўдзел у сэмінары з дэлегацыяй ПАРЭ. Эўрапарлямэнтары гэта інтэлігентныя людзі, яны карэктна сябе вядуць, але мне здаецца, што яны не атрымалі вялікай радасьці ад гэтых сустрэчаў. На жаль, большая частка нашага парлямэнту саромеецца сваіх поглядаў, хаця ў кулюарах яны глядзяць на жыцьцё такімі самымі вачыма, як і мы. Калі даходзіць да афіцыйных момантаў, дэпутаты паводзяць сябе па-другому.
Вы супраць таго, каб Беларусь атрымала статус спэцыяльназапрошанай?
І. П.: Тыя пытаньні, якія разглядаліся на сумесным сэмінары беларускіх парлямэнтароў і АБСЭ, гэта 4 агульнавядомыя патрабаваньні ў дачыненьні да Беларусі — адмена сьмяротнага пакараньня, дэмакратызацыя законаў і прыстасаваньне іх да эўрапейскіх стандартаў, зьмены ў законе аб СМІ й Выбарчым Кодэксе. Ніводнае пытаньне не было паднесенае беларускімі парлямэнтарамі як трэба. Ведаеце, нашыя дэпутаты настолькі запалоханыя, да таго баяцца выказаць свой пункт погляду, які б не разыходзіўся з афіцыйным, а паколькі афіцыйная ўлада на чале з прэзыдэнтам краіны ў апошні час сваю думку на тэму сьмяротнага пакараньня не выказвала, то яны баяцца сказаць тое, што думаюць.
Зачыняецца ўсё большая колькасьць няўрадавых арганізацыяў. Ідзе „зачыстка поля” перад пераабраньнем Лукашэнкі на прэзыдэнта?
В. Ф.: Ідзе зачыстка. Лукашэнка мае праблемы ў кантактах з Расеяй. У Лукашэнкі няма іншага выхаду, як правесьці гэты рэфэрэндум. Пытаньне толькі — калі гэты рэфэрэндум адбудзецца й якім чынам?
размаўляў Тамаш Саевіч