|
„БЕЛАРУСЬ ЦУДОЎНАЯ КРАІНА!”
адгалоскі візыту ў Беларусь палітыка Вуніі Працы А. Малахоўскага
У верасьні адбыўся візыт прадстаўнікоў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў Менск, пра які мы падрабязна паведамлялі ў нашым эфіры. Нагадаем, што ён быў прысьвечаны актуальным пытаньням сытуацыі ў Беларусі й аднаўленьню Рэспубліцы Беларусь статусу спэцыяльназапрошанай. Візыт эўрапарлямэнтароў скончыўся ня толькі амаль безвынікова, таму што абодва бакі прэзэнтуюць два розныя пункту погляду — але й малым скандалам. Дэпутат польскага Сэйму й адначасова ПАРЭ Аляксандар Малахоўскі зь левай Вуніі Працы (UP) заявіў у Менску, што Беларусь гэта краіна, „дзе малочныя рэкі й кісельныя берагі, а апазыцыя слабая”. Выказваньне было выкарыстанае ў розных кантраляваных афіцыйнымі ўладамі СМІ. Апазыцыя, у тым ліку й лідэр БНФ Вінцук Вячорка, моцна абураныя:
— Мы зьдзіўленыя тым, што некалькі дэпутатаў, якія ўваходзілі ў адмысловую групу дзеля Беларусі, выказалі — мякка кажучы — незраўнаважаныя думкі. Бэльгійскі парлямэнтар Стэф Борыс заявіў, што з арганізацыйнага гледзішча, выбары якія ён меў магчымасьць назіраць у Беларусі праходзілі бездакорна. Я на гэта магу толькі сказаць, што з арганізацыйнага гледзішча беларуская вертыкаль адказная за правядзеньне выбараў амаль бездакорна праводзіць прызначаных Лукашэнкам дэпутатаў. З другога боку дэпутат Малахоўскі, які на жаль не прыйшоў на сустрэчу зь лідарамі беларускіх апазыцыйных, дэмакратычных партыяў, заявіў што апазыцыя ў Беларусі надзвычай слабая. Так, сапраўды, яна выціснутая з сыстэмы ўлады, але ўсім вядома, што ў нас аўтарытарна-таталітарная сыстэма. Але для таго каб ацаніць сапраўдную моц і патэнцыял апазыцыі, трэба зь ёй прынамсьці сустракацца.
Абураныя ня толькі беларускія лідэры, але й некаторыя польскія парлямэнтары — для прыкладу, дэпутат Богдан Кліх з Грамадзянскай Плятформы (ПО), які таксама быў чальцом дэлегацыі эўрапарлямэнтароў у Беларусь.
— Нас выкарыстаў беларускі рэжым — гэта першая выснова. Мы толькі на месцы даведаліся, што Беларусь будзе прасіць аднаўленьня статусу спэцыяльназапрошанай у Разде Эўропы, статусу, які быў прыпынены пасьля некастытуцыйных дзеяньнях рэжыму Лукашэнкі ў 1996 годзе. Лукашэнка распусьціў тады парлямэнт і паклікаў падпарадкаваны сабе. Наш візыт меў быць элемэнтам працэсу вяртаньня Беларусі статусу спэцыяльназапрошанай краіны. Некаторыя чальцы нашай дэлегацыі ўбачылі гэта, але былі таксама тыя, якім не ўдалося заўважыць гэтай маніпуляцыі.
Менавіта, чаму адзін з чальцоў дэлегацыі, польскі дэпутат Аляксандар Малахоўскі выказаўся такім чынам пра Беларусь?
— Мушу сказаць, што я быў вельмі зьдзіўлены паводзінамі дэпутата Малахоўскага, які пастаянна спасылаецца на сваю гісторыю ў лягерах і часы „Салідарнасьці”, калі ён змагаўся з дыктатурай. Гэтага яму ніхто не адмаўляе. Але я быў сьведкам сытуацыі, якая мяне вельмі зьдзівіла, калі ў час сустрэчы з амбасадарамі чальцоўскіх краінаў Рады Эўропы ён прадставіў Беларусь як краіну, ,,дзе малочныя рэкі й кісельныя берагі”, параўноўваючы гэтую краіну з Польшчай, якая, паводле яго, зьяўляецца краінай, дзе 5 мільёнаў (такая лічба была названая спадаром Малахоўскім) беспрацоўных. У Польшчы, на думку Малахоўскага, ёсьць вялікая колькасьць людзей, што жывуць у галечы, тым часам у Беларусі людзі ходзяць добра апранутыя й шчасьлівыя, а сам горад Менск выглядае цудоўна. Такім чынам дэпутат Малахоўскі адмежаваўся ад палітычнай лініі польскага ўраду, так быццам бы палітычная партыя, якую ён рэпрэзэнтуе, не падтрымлівала гэтай пазыцыі. Выступаючы пасьля дэпутата Малахоўскага, я паведаміў амбасадараў зьвязаўскіх краінаў, што пазыцыя Польшчы й тых, якія заклікаюць да пашаны правоў чалавека, а таскама ведаюць, што такое дэмакратыя, зусім розьніцца ад пазыцыі Малахоўскага. Гэта завершылася скандалам: пасьля выступу спадара Малахоўскага голас узяў амбасадар Вялікабрытаніі. Ён згадзіўся з маім пунктам погляду на справы, не згадзіўся з выказваньнямі Малахоўскага, пасьля чаго дэманстрацыйна выйшаў з залі паседжаньняў без разьвітаньня з астатнімі.
Ці Вас задавальняе палітыка польскага ўраду ў дачыненьні да Рэспублікі Беларусь? Вы — як адзін зь нешматлікіх польскіх палітыкаў — дасканала арыетуецеся ва ўнутранай сытуацыі гэтай краіны, падарожнічаеце ў Беларусь.
— Я бачу захады польскага ўраду, які хоча працягваць добры напрамак палітыкі ў дачыненьні да Рэспублікі Беларусь. Праблема ў тым, што той добры напрамак, рэалізаваны ПольшчайБ як і іншымі краінамі Захаду, не прыносіць чаканых намі вынікаў. Пытаньне палягае ў тым, ці ўвогле існуе альтэрнатыўная мадэль палітыкі, якую можна было б рэалізаваць у цяперашняй сытуацыі, калі прэзыдэнт Лукашэнка стараецца замацаваць сваю пазыцыю й уладу. Ён глядзіць таксама, якім чынам як найлепш абясьпечыць беларускія інтарэсы ў саюзнай дзяржаве, але, робячы гэта, ён глядзіць на Ўсход, а не на Захад. Гэта асноўная розьніца ў арыентацыі. Пытаньне ў тым, як мы маглі б паспрыяць тым сілам, якія прадэмакратычныя й эўрапэйскія, адкрытыя на атлянтычнае супрацоўніцтва ды бачаць сваю будучыню ў супольнасьці дэмакратычных дзяржаваў. На гэтае пытаньне на сённяшні дзень ніхто не знаходзіць адказу, таму што палітыка такіх магутных краінаў, як Злучаныя Штаты, Францыя, Нямеччына, ці Вяліабрытанія не дае чаканых вынікаў.
размаўляў Тамаш Саевіч
здымкі: www.sejm.gov.pl
|