ПОЛЬСКІЯ СМІ ПРА БЕЛАРУСЬ
Візавы рэжым прынясе страты!
Прэстыжная Rzeczpospolita шмат увагі прысьвячае візаваму рэжыму, які пачне абавязваць з 1 кастрычніка гэтага году. Незалежныя экспэрты й прадстаўнікі ўраду баяцца, што візы могуць прычыніцца да гвалтоўнага зьмяншэньня нерэгістрванага гандлю зь Беларусяй, Расеяй і Ўкраінай. Вартасьць тавараў, перавезеных летась у чамаданах праз усходнюю польскую мяжу, ацэньваецца на 700 мільёнаў даляраў. Найбольш можа пацярпець абмен зь Беларусяй з прычыны высокіх візаў і адсутнасьці згоды беларускіх уладаў на адкрыцьцё новых польскіх консульстваў — піша Rzeczpospolita. Застануцца тры — у Менску, Горадні й Берасьці. Гэта вынік ня толькі напружаных палітычных стасункаў, але таксама таго, што польскі МЗС цэлую ўвагу засяродзіў на пакліканьні новых консульстваў на Ўкраіне — уважае Зыгмунт Бэрдыхоўскі зь Інстытуту Ўсходніх Студыяў, які зьяўляецца арганізатарам штогадовага форуму бізнэсу з Пошчы й краінаў былога Савецкага Саюзу ў Крыніцы Гурскай.
Інстытут, падбным чынам як МЗС, ацэньвае вартасьць нерэгістраванага абароту паміж Польшчай і Беларусяй на 200-250 мільёнаў даляраў, з чаго найбольшая частка гэта польскі экспарт на Ўсход. Прынамсі цягам першых 6 месяцаў гэты абмен панізіцца — цьвердзіць Бэрдыхоўскі. Меркаваньнем Леха Пінтэры, в.а. начальніка па справах кантактаў з Усходняй Эўропай зь Міністэрства Эканомікі, гэты абмен ужо ня вернецца да сёньняшняга стану. У Польшчу па тавар паедуць толькі прадпрымальнікі, для індывідуальных беларусаў выезд па тавары ў Польшчу перастане аплочвацца. Шматразовая віза каштуе толькі, колькі сярэдні месячны заробак у Беларусі. І таму страцяць польскія прадуцэнты мэблі, харчовых прадуктаў, тавараў для дому, якія беларусы куплялі найчасьцей. Апрача польскіх вытворцаў стратнымі могуць аказацца таксама тыя, хто купляў у Беларусі таньнейшы тавар на ўласны ўжытак альбо з мэтай прадаць па вышэйшай цане. Гэта давала заробак тысячам сем’яў ва ўсходніх ваяводзтвах Польшчы.
Добрай інфармацыяй для польскай дзяржавы зьяўляецца тое, што ўвядзеньне візаў павінна абмежаваць кантрабанду зза Бугу алькаголю, цыгарэтаў і бензыну, што прыносіла Польшчы страты. У новых умовах польскія ўлады будуць больш сурова патрабаваць вяртаньня на сваю Радзіму прынамсі раз на тры месяцы грамадзянаў былога Савецкага Саюзу — гэта ў асноўным датычыць украінцаў. Для часткі зь іх праца ў Польшчы будзе менш аплочвацца.
Цяпер хутка расьце колькасьць асобаў, якія стараюцца прыехаць у Польшчу на запрашэньне. Бальшыня зь іх хоча ўехаць у Польшчу яшчэ перад 1 кастрычніка, таму што гэта — згодна з абавязваючымі правіламі аб бязьвізавым руху — дазволіць ім прабываць легальна бязь візы максымальна 90 дзён — сказаў Rzeczpospolitej Богдан Скіба, кіраўнік жэшаўскага Аддзелу Абслугоўваньня Чужаземцаў. Запрашэньне такое можа таксама дапамагчы тым, хто будзе мець візу, але ня зможа на мяжы даказаць, што валодае адпаведнымі сродкамі, неабходнымі на даўжэйшае прабываньне ў Польшчы, таму што той, хто запрашае, мае абавязак загарантаваць запрошанай асобе кватэру, харчаваньне й лякарскую апеку.
„Rzeczpospolita” інфармуе, што трэба зрабіць грамадзянам усходніх краінаў, каб атрымаць візу.
Расейцы й беларусы павінны зьвярнуцца ў польскую консульскую пляцоўку зь візавай заявай, далучыць да яе здымак і пашпарт. Цана аднаразовай візы, важнай 90 дзён, складае 10 эўра, двухразовай, важнай таксама 90 дзён — 16 эўра, а шматразовай, важнай 1 год — 50 эўра. Жыхары Калінінградзкае вобласьці атрымаюць візы бясплатна.
Украінцы таксама будуць атрымоўваць бясплатныя візы. Могуць яны выдавацца консульствамі на пэрыяд 90 дзён, а нават на 5 гадоў.
Расейцы, украінцы й беларусы, якія будуць наведваць Польшчу, мусяць мець сродкі на ўтрыманьне. Правілы гавораць пра 100 злотых (25 даляраў) удзень у выпадку дарослай асобы й 50 злотых — у выпадку дзяцей да 16 гадоў. Гэты абавязак не датычыць тых, хто прыяжджае на запрашэньне. Запрасіць можа грамадзянін Польшчы, чужаземец, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы мінімум 5 гадоў, а таксама фірма, ці ўстанова, якая мае сваю сядзібу ў Польшчы. Запрашэньне мусіць быць зарэгістраванае ў аддзеле абслугоўваньня чужаземцаў і ваяводзкіх ведамствах. Паляк, які запрашае чужаземца, мусіць запоўніць чатырохбалонкавую заяву й унесьці 40 злотых (прыблізна 10 даляраў) аплаты.
У сваю чаргу для палякаў, якія выяжджаюць у краіны за ўсходняй мяжой, неабходна ведаць, што:
У Расею турыстычная віза каштуе 48 злотых (10 эўра), аднаразовая — 60 злотых (13 эўра), шматразовая — 240 злотых (прыблізна 53 эўра). Да турыстычных візаў патрэбны ваўчар, які выдаецца турыстычнымі бюро, з пацьвярджэньнем начлегу ў расейскіх гатэлях. Пры астатніх візах неабходнае запрашэньне, пасьведчанае расейскім АВіР-ам. Шматразовая віза важная 1 год, аднаразовая — 90 дзён, а турыстычная — максымальна 30 дзён. У Калініградзкую вобласьць візы бясплатныя, не патрэбныя таксама ні ваўчар, ні запрашэньне.
У Беларусь таксама не патрэбныя ваўчар і запрашэньне. За візы трэба заплаціць у беларускім консульстве ў далярах. Аднаразовая віза, важная 30 дзён, каштуе 12 даляраў (хуткая — 22 даляры); двухразовая, важная 90 дзён, каштуе 18 даляраў (хуткая — 43 даляры); а шматразовая, важная 90 дзён, каштуе 30 даляраў (хуткая — 58 даляраў).
Палякам, якія ўяжджаюць на тэрыторыю Ўкраіны, не патрэбныя візы. Могуць знаходзіцца там 90 дзён з моманту перасячэньня мяжы, з магчымасьцю прадаўжэньня на наступныя 30 дзён.
Rzeczpospolita 26.09.2003
Першы месяц візавага рэжыму
Перад польскімі консульствамі на ўсход ад ракі Буг чэргі сталі крыху меншымі, але здараецца, што, каб атрымаць дакумэнты на візу, трэба цэлыя тыдні стаяць у чарзе, прыходзіць штодзённа дзеля таго, каб пацьвердзіць сваю прысутнасьць на грамадзкім сьпісе. Мінае ўжо месяц з моманту ўвядзеньня візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі, Расеі й Украіны. Візы пачалі выдавацца два месяцы таму. За гэты час польскі бок выдаў 131 тысячу візаў — паведамляе прэстыжная штодзёнка Rzeczpospolita.
Найгоршая сытуацыя ў Львове, дзе на грамадзкім сьпісе апынулася нават 3 тысячы чалавек. На адно толькі вызначэньне тэрміну размовы з консульскім чыноўнікам трэба чакаць тры тыдні. У Берасьці грамадзкі сьпіс правяраецца апоўначы. Месца ў чарзе можна купіць — у Берасьці й Львове каштуе яно ад 5 да 15 даляраў. Пры польскіх консульствах няма нават туалетаў, а вуліцы застаўленыя аўтамабілямі. У Калінінградзе зпад польскага консульства апошнім часам былі скрадзеныя 10 аўтамабіляў.
Аднак консулы цьвердзяць, што сытуацыя паляпшаецца. У прынцыпе, ужо няма чэргаў — сказаў Rzeczpospolitej Рамуальд Кунат, генэральны консул Польшчы ў Берасьці. Дадаў, што сапраўды часам на выдачу візы трэба чакаць нават два тыдні, але супрацоўнікі консульства з кожнай асобай дамаўляюцца індывідуальна. У выключных выпадках віза выдаецца адразу. Польскае консульства ў Берасьці штодзённа выдае 600 візаў.
У сваю чаргу консул па візавых справах у Калінінградзе Гжэгаж Марчак заявіў, што ягонае консульства штодзённа выдае каля тысячы візаў. Цяпер у чарзе стаіць прыблізна 300 чалавек. Ёсьць выдзеленае асобнае месца для турыстычных бюро, якія арганізуюць групавыя паездкі.
Выконваючы абавязкі генэральнага консула ў Львове Януш Яблоньскі заявіў пра хуткае пераняцьцё зямельнай дзялянкі, на якой будзе пабудаваная часовая, большая сядзіба польскай пляцоўкі.
Сярод згаданай колькасьці 131 тысячы візаў найбольш выдадзена ў Калінінградзе — 21 тысяча, у Кіеве й Львове — па 18 тысяч, у Луцку — 16 тысяч, у Берасьці — 14 тысяч.
Візы каштуюць: 10 эўра аднаразовая ды 50 эўра шматразовая. Існуе сыстэма ільготаў. Бясплатныя візы атрымоўваюць асобы да 16 гадоў і звыш 65 гадоў.
Беларускае Міністэрства Замежных Справаў у ноце, перададзенай польскаму боку, цьвердзіць, што Польшча не выконвае абавязаньняў, якія ўзяла на сябе ў сувязі з увядзеньнем візавага рэжыму. Не загарантавала іх выдачы бяз доўгага чаканьня ў чэргах — піша на старонках Rzeczpospolitej Пётр Касьціньскі.
Падчас кансультацыяў перад увядзеньнем візаў польскі бок абавязаўся, што кожны зацікаўлены грамадзянін Беларусі атрымае візу цягам пяці дзён, і беларускі бок гэтага чакае — сказаў Rzeczpospolitej прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных. Тым часам здараюцца выпадкі, што ў чарзе да польскага консульства трэба чакаць і тры тыдні. Чэргі агромністыя.
Польскі бок ня хоча гаварыць пра зьмест ноты. Пакуль адказу не атрымае беларускі бок, ня будзе ніякіх камэнтароў — сказаў прэс-сакратар польскага МЗС Багуслаў Маеўскі.
Неафіцыйна польскія дыпляматы зьвяртаюць увагу на тое, што сытуацыя перад польскімі консульствамі паволі паляпшаецца, а беларуская нота была перададзеная ў спосаб, які рэдка практыкуецца ў сьвеце — раней яе зьмест абмяркоўваўся ў Беларусі (пра ноту публічна гаварыў міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў), а толькі потым была перададзена польскаму боку.
Незалежны дэпутат у беларускі парлямэнт, лідэр Грамадзянскага Форуму Антон Навасяд глядзіць на гэтую справу па-другому. Калі тaкая колькасьць грамадзянаў Беларусі хоча наведаць Польшчу, то можа праблема знаходзіцца ва ўнутрамай сытуацыі Беларусі. Калі будуць праведзеныя эканамічныя рэформы, калі будзе адбывацца інтэграцыя ў Эўрапейскі Зьвяз, то можа чэргі перад польскімі консульствамі стануць меншымі.
Рух на мяжы з Калінінградзкай вобласьцю вярнуўся ўжо да ранейшага стану. У суткі прапускныя памежныя пункты перасякае каля 8 тысяч чалавек. Перад 1 кастрычніка гэтая колькасьць вагалася ад 8 да 10 тысяч — сказаў „Rzeczpospolitej” прэс-сакратар Вармінска-Мазурскага Аддзелу Памежнае Варты ў Кэнтшыне Францішак Яроньскі.
29 кастрычніка польска-беларускую мяжу перасякло 3270 беларусаў. Гэта прыблізна 60% ад колькасьці беларусаў, якія наведвалі Польшчу перад увядзеньнем візаў — сказала Анна Валошын-Врона — прэс-сакратар Падляскага Аддзелу Памежнае Варты. Менш чалавек перасякае мяжу ў Люблінскім ваяводзтве.
Палкоўнік Анджэй Вуйцік, прэс-сакратар Надбужанскага Аддзелу Памежнае Варты ў Хэлме ацэньвае, што сёньня ў Польшчу ўяжджае напалову меней падарожных. Аднак іх колькасьць увесь час расьце — нават на некалькісот чалавек удзень.
Меркаваньнем Кшыштафа Путры, старшыні суполкі Лех, у распараджэньні якой знаходзяцца базары ў Беластоку, паяўляецца на іх напалову меней гандляроў зза ўсходняе мяжы. Абароты некаторых прадпрымальнікаў упалі нават на 70% — ацэньвае Путра.
Падляскія дзеячы Грамадзянскай Плятформы (PO) прапануюць, каб польскі ўрад аднабакова адмовіўся ад аплатаў за візы для грамадзянаў Беларусі. Гэта магло б прычыніцца да ажыўленьня апусьцелых памежных базараў.
Rzeczpospolita 31.10.2003
"Новая ўсходняя палітыка” Эўразьвязу
Паводле гэтак званай „новай усходняй палітыкі” Эўразьвязу, узнагароды могуць спадзявацца толькі краіны, якія будуць ажыцьцяўляць працэс дэмакратызацыі й шанаваць правы чалавека. Зь Беларусяй Брусэль ня хоча размаўляць, бо няма пра што. У сваю чаргу з Расеяй супольнасьць хоча стварыць новую раду па супрацоўніцтве.
У панядзелак у Люксэмбурзе падчас сустрэчы міністраў замежных справаў, Уладзімеж Цімашэвіч дэкляраваў зацікаўленасьць пашырэньнем кантактаў Эўразьвязу з Расеяй, Украінай і Малдовай. Эўразьвяз хоча ахапіць тры згаданыя краіны новай стратэгіяй пад назовам „Шырэйшая Эўропа”. Стратэгія датычыць таксама чатырох краінаў Міжземнага мора — Марока,Тунісу, Ярданіі й Ізраэля. Сярод згаданых краінаў няма Сырыі, Лібіі й Алжыру. У сваю чаргу, калі гаворка йдзе пра Эўропу, не хапае Беларусі, таму што менскія ўлады парушаюць правы чалавека. Прадстаўнік Летувы заклікаў не ізаляваць Беларусі, зразумела, гаворка йдзе не пра дзейны рэжым, але пра грамадзянаў.
Камісар Гюнтэр Фэрхойген, які ўчора пазнаёміў кіраўнікоў дыпляматыі 25 краінаў са сваёй канцэпцыяй, зазначыў, што канкрэтныя пляны — адносна кожнай краіны з асобку — будуць прадстаўленыя ў сакавіку 2004 году.
Прынцыпы новай стратэгіі ў дачыненьні да ўсходніх краінаў простыя — узамен за посьпех у галіне абароны чалавечых правоў і дэмакратыі, супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам, нелегальнай іміграцыяй, арганізаванай злачыннасьцю й набліжэньне да эўрапейскага заканадаўства, Эўразьвяз прапануе згаданым краінам эканамічныя карысьці, у тым ліку стварэньне зоны свабоднага гандлю. Сярод праектаў пад увагу бяруцца, між іншым, сеткі транспамежных дарогаў, чыгуначных лініяў, энэргетычных і тэлекамунікацыйных шляхоў. У далейшай пэрспэктыве пад увагу бярэцца таксама ўдзел у супольным рынку, што дазволіла б на свабодны абарот тавараў, капіталу й людзей.
Апрача таго, было прынятае рашэньне пра стварэньне з Расеяй сталай Рады Партнэрства.
Уладзімеж Цімашэвіч зьвярнуў увагу на неабходнасьць вырашэньня пытаньня двухбаковых дамоваў з Расеяй. У сувязі з далучэньнем да Эўразьвязу Польшча будзе прымушаная дэнансаваць гандлёвую дамову з расейцамі, таму што ад 1 тараўня абмен таварамі будзе адбывацца паводле эўрапейскіх стандартаў. Тым часам Расея патрабуе кампэнсацыі за, маўляў, „страчаныя гандлёвыя прывілеі”.
Gazeta Wyborcza 14.10.2003
Пераходныя цяжкасьці з атрыманьнем візаў
З пачатку верасьня польскія консульскія ўстановы ў Беларусі, Украіне й Расеі выдалі каля 150 тысяч віз — гэта 25% ад агульнай колькасьці візаў, выдадзеных летась у консульствах Польшчы па ўсім сьвеце.
Найбольшая лічба візаў выдадзеная грамадзянам Украіны. На другім месцы беларусы, а на трэцім — расейцы. На працягу аднаго дня найбольшая колькасьць візаў выдадзеная ў Кіеве — больш за тысячу. У сярэднім па 500 візаў выдаюць польскія консульскія ўстановы ў Берасьці, Горадні й Менску.
Украіна й Беларусь — дзяржавы Ўсходняй Эўропы, дзе пражывае вялікая польская нацыянальная меншасьць. Украінскія й беларускія палякі, як і іншыя грамадзяне гэтых дзяржаваў, на ўезд у Польшчу павінны атрымаць польскую візу. Беларускім палякам крыўдна, што каб прыехаць у Польшчу, трэба мець візу. Вось што гаворыць старшыня Саюзу Палякаў Беларусі Тадэвуш Кручкоўскі:
— Хачу сказаць адразу, і я ня раз гэта казаў: польскае насельніцтва непакоіцца фактам увядзеньня візаў, таму што гэта перашкодзіць у кантактах з этнічнай Радзімай. Мы разумеем, што Польшча ня мела выбару, што ўвядзеньне візаў — гэта вымаганьне Эўрапейскага Зьвязу. Нават з тэхнічнага пункту гледжаньня ўвядзеньне візаў — гэта нялёгкі працэс. Напрыклад, Гарадзенскую вобласьць, дзе пражывае 300 тысяч палякаў, абслугоўвае толькі адно консульства ў Горадні. Такім чынам, каб атрымаць візу, чалавеку з Воранава альбо Астраўца трэба праехаць 200-300 кілямэтраў, у Горадні здаць дакумэнты, пазьней забраць пашпарт зь візай. На гэта трэба патраціць нямала грошай. Такім чынам, паўстаюць часовыя фінансавыя цяжкасьці.
Увогуле мы, прадстаўнікі Саюзу Палякаў Беларусі, лічым, што дрэнна зрабілі, каб палякі ўяжджалі на тэрыторыю Польшчы па візах. Мы, палякі па-нацыянальнасьці, нашыя дзяды былі грамадзянамі Польшчы, і, як вядома, ніколі не адмовіліся ад гэтага грамадзянства. Мы лічым, што выйсьцем з сытуацыі была б гэтак званая Карта Паляка, а калі не, то Польшча павінна пастарацца, каб палякі, грамадзяне Беларусі мелі адначасова й польскае грамадзянства. Гэта вырашыла б праблемы пэўнага маральнага доўгу, бо мясцовыя палякі змагаліся за Польшчу — аж да сярэдзіны 50-х гадоў дзейнічала Армія Краёва. Беларускія палякі надалей адчуваюць сябе часткай польскага народу. Пацьверджаньнем гэтага зьяўляецца наступны факт: калі ў Польшчы нядаўна была паводка, беларускія палякі сабралі больш за 9 тыс. даляраў дапамогі. І, як сказаў адзін з прадстаўнікоў нямецкіх палякаў, мясцовыя палякі ў багатай Нямеччыне сабралі менш! І таму ўвядзеньне візаў і з маральнага, і зь юрыдычнага пункту гледжаньня шкодзіць палякам Беларусі.
У сваім выказваньні Тадэвуш Кручкоўскі закрануў тэму гэтак званай Карты Паляка. Дазвольце паясьніць, што гэта такое.
Некалькі гадоў таму ў Сэнаце Польшчы паявілася задума, каб палякам, грамадзянам Украіны, Беларусі ды іншых дзяржаваў Усходняй Эўропы, выдаць Карты Паляка — свайго роду дакумэнты, якія дазвалялі б бязь візаў уяжджаць на тэрыторыю Польшчы, працаўладкоўвацца на кароткі тэрмін і г.д. На ўвядзеньне карты патрэбны немалыя фінансавыя сродкі, а Польшча, як небагатая краіна, іх ня мае. І таму Сэнат адмовіўся ад гэтай задумы па фінансавых прычынах. Вось што гаворыць Тадэвуш Кручкоўскі:
— Рэч у тым, што пра Карту Паляка я ўжо ня раз выказваўся, нават удзельнічаў у палеміцы на старонках польскай прэсы. Але я хачу зазначыць яшчэ адзін момант. Карта Паляка, нават калі б яна была ўведзеная, ня мусіць даваць яе ўладальніку сацыяльных гарантыяў тыпу мэдычнай альбо пэнсійнай страхоўкі. Мы толькі хочам, каб на падставе карты кожны паляк, грамадзянін іншай краіны, змог бязь візы прыехаць на тэрыторыю Польшчы. І, натуральна, маладыя людзі павінны мець права на вучобу ў польскіх ВНУ. Дарэчы, няма чаго баяцца, што яны застануцца ў Польшчы, паколькі ў Беларусі пакуль што лягчэй зрабіць кар’еру. Проста ў Польшчы большая канкурэнцыя на рынку працы. А калі ў Беларусі зьменіцца сытуацыя, мясцовы рынак працы станецца вельмі прываблівым. І нам будуць патрэбныя маладыя, адукаваныя людзі.
Генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Крэнтоўскі часта кантактуецца зь мясцовымі прадстаўнікамі Саюзу Палякаў Беларусі. Паводле дыплямата, консульская ўстанова ў Горадні стараецца, каб кожны грамадзянін Беларусі, у тым ліку й калі ён паляк па нацыянальнасьці, бязь цяжкасьцяў атрымаў візу:
— Вельмі часта мясцовыя палякі гавораць мне пра ўвядзеньне візаў. Мы, як прадстаўнікі польскага Міністэрства Замежных Справаў і ўладаў Польшчы, на кожнай сустрэчы стараемся пераконваць, што візавыя працэдуры ня будуць ствараць нейкіх перашкодаў ня толькі для палякаў па-паходжаньню, але й для ўсіх. Мы стараемся, каб кожны наш кліент быў адпаведна абслужаны, стараемся, каб віза была выдадзеная максымальна хутка. Стараемся таксама браць пад увагу матэрыяльную сытуацыю мясцовых палякаў. Я думаю, што, нягледзячы на ўвядзеньне візаў, кантакт беларускіх палякаў з этнічнай Радзімай, з культурай Польшчы ня будзе спынены.
А пакуль што — чэргі, і да таго ж немалыя. Я асабіста бачыў два-тры тыдні таму чаргу недзе са 100 асобаў на вуліцы Будзённага ў Горадні, па якой разьмешчана польскае консульства.
Сапраўды, застаецца верыць, што ў будучыні візу можна будзе атрымаць бязь цяжкасьцяў і без прыніжальных чэргаў, трэба верыць, што гэта толькі пераходны пэрыяд.
Валера Саўко, Горадня-Варшава
Беларуская Служба Радыё Палёнія, 04.11.2003
Змаганьне вучняў за свой ліцэй
„Навучальны год у Гуманітарным Ліцэі імя Якуба Коласа ў Менску закончыўся ля плоту. Аляксандар Лукашэнка палічыў школу за „гняздо рэакцыі” і загадаў зачыніць. Афіцыйнай прычынай выдаленьня настаўнікаў і вучняў на брук заяўляецца неабходнасьць правядзеньня рамонту будынку. Цяпер Гуманітарны Ліцэй імя Якуба Коласа, у якім навучаньне вялося на беларускай мове, існуе ў якасьці тайных групаў, што былі арганізаваныя ў Польшчы падчас акупацыі”.
„Гаворка ня йдзе пра тое, што Лукашэнка лічыць беларускую мову дыялектам расейскай мовы і змагаецца зь ёю. Яму не падабаліся перадусім кангрэсы й пашырэньне ідэі дэмакратыі „ — тлумачыць дырэктар ліцэю Ўладзімір Колас, які сваю функцыю выконвае сымбалічна. Яшчэ да вакацыяў ведамства накіравала новага дырэктара, які павінен „ачысьціць школу з рэакцыйных элемэнтаў і ўвесьці расейскую мову навучаньня”. Менавіта тады вучні й настаўнікі збунтаваліся.
Цяпер лекцыі адбываюцца ў прыватных кватэрах, аднак экзамен на атэстат сталасьці можна здаваць толькі перад дзяржаўнай камісіяй. Дарэчы, беларуская моладзь гэта апошняя грамадзкая група ў краіне, якая мае адвагу дэманстраваць сваю незадаволенасьць.
Тым часам Лукашэнка імкнецца да стварэньня славянскага зьвязу. Ягоны плян быў просты: спалучыць Беларусь з Расеяй і апынуцца на пасадзе віцэ-прэзыдэнта, а пазьней і самога прэзыдэнта саюзнай дзяржавы. Аднак выбар Уладзіміра Пуціна на прэзыдэнта Расеі прымусіў яго прыпыніць згаданыя намеры.
У Беларусі Лукашэнка наводзіць уласны парадак. Тут кожны павінен ведаць сваё месца. Той, хто гэтага не разумее, сустракаецца з пакараньнем. Зь Беларусі была выкінутая амэрыканская арганізацыя IREX, а таксама карэспандэнты расейскай тэлевізіі НТВ, якія дазволілі сабе раскрытыкаваць уладу Лукашэнкі.
„У Беларусі няма канцлягераў, але ёсьць палітычныя вязні, а людзі баяцца выступаць супраць рэжыму” — падкрэсьлівае Анатоль Лябедзька, віцэ-старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі — Лукашэнка ня толькі застаецца пры ўладзе, але разьбіў апазыцыю, фальсыфікаваў рэфэрэндум і загарантаваў сабе пажыцьцёвую ўладу” — дадаў апазыцыянэр. Непаслухмяныя апынуюцца на хіміі. Прыкладам зьяўляецца Мікола Маркевіч, галоўны рэдактар газэты „Пагоня”— чытаем у артыкуле пад загалоўкам „Калгасны фюрэр”.
WPROST 15.10.2003
здымак: www.licej.org
„Беларусь надакучыла палякам...”
У Беларусі няма ўжо пастаянных карэспандэнтаў польскай прэсы. Згаданы факт непакоіць мясцовую апазыцыю. Паводле незалежных беларускіх СМІ, палякі ўжо не цікавяцца Беларусяй — чытаем на стронках прыстыжнага выданьня Rzeczpospolita.
„У сувязі з далучэньнем Польшчы да эўрапейскіх структураў, польскіх чытачоў больш цікавяць праблемы Эўрапейскага Зьвязу, напрыклад, удзел польскіх жаўнераў у міратворчых місіях. У сваю чаргу Беларусь са сваёй палітыкай ужо надакучыла палякам” — так паводле незалежнага беларускага тыднёвіка Свободные Новости Плюс, думаюць выдаўцы польскіх СМІ, вырашаючы пра ліквідацыю карэспандэнцыйных бюро на тэрыторыі Беларусі.
На пачатку кастрычніка так зрабіла Польскае Дзяржаўнае Прэс-Агенцтва (PAP), а некалькі месяацаў раней — цэнтрысцкая Gazeta Wyborcza.
„Тлумачэньне, што ўсё гэта па фінансавых прычынах, мяне не пераконвае. На маю думку, згаданы факт сьведчыць перадусім пра зьмяншэньне зацікаўленасьці палякаў Беларусяй” — лічыць старшыня Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Жана Ліцьвіна, якая дадае, што гэта тым больш балюча, што менавіта цяпер пашыраецца перасьлед у дачыненьні да астатніх незалежных беларускіх СМІ.
„Толькі цягам апошняга году ўлады ліквідавалі звыш дзесяці незалежных газэтаў. На хіміі знаходзіцца наш калега Віктар Івашкевіч (галоўны рэдактар прафсаюзнай газэты Рабочий, пакараны за зьнявагу Аляксандра Лукашэнкі), а будучыня ўмоўна звольненых рэдактараў газэты Пагоня Міколы Маркевіча й Паўла Мажэйкі таксама невядомая.” — прыгадвае старшыня БАЖ.
На пытаньне пра тое, якое дачыненьне мае прысутнасьць польскіх журналістаў да сытуацыі мясцовай прэсы, Жана Ліцьвіна адказвае: ” У сытуацыі, калі свабоду слова душаць, інфармаваньне грамадзянаў суседніх краінаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі, зьяўляецца адным са спосабаў націску на ўлады”.
Найбольш выразным прыкладам салідарнасьці палякаў і беларусаў была леташняя кампанія ў польскай прэсе, якая паведамляла пра перасьлед журналістаў гарадзенскай „Пагоні”. Мікола Маркевіч перакананы, што калі б не згаданая акцыя, ён трапіў бы ў карную калёнію абвостранага рэжыму.
Здаецца, адзіным, хто абараняе рашэньне PAP і Gazety Wyborczej зьяўляецца пісьменьнік і публіцыст Сямён Букчын, спэцыяліст па польска-беларускіх адносінах. Паводле яго, палякі былі прымушаныя ўзяць пад увагу жорсткую канкурэнцыю, а інфармацыю пра Беларусь яны могуць узяць зь інфармацыйных агенцтваў, у тым ліку, таксама з расейскіх.
Тым часам, паводле Жаны Ліцьвіны, гэта крыўдны для беларусаў падыход.
„Гэта пацьвердзіла б погляд, што ня толькі частка польскіх палітычных элітаў, але таксама польскія СМІ, значыць, і грамадзтва, успрымаюць Беларусь як краіну расейскай зоны ўплываў” — сказала старшыня Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Жана Ліцьвіна журналісту прыэстыжнага выданьня Rzeczpospolita.
Rzeczpospolita 17.10.2003
Тактыка намордніка
Тыднёвік Newsweek Polska піша пра сытуацыю мас-мэдыяў у Беларусі. У прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ёсьць ужо спраўджаны мэтад на крытыкаў ягонай палітыкі — ён па чарзе супакойвае непаслухмяныя СМІ.
Аўтар публікацыі, Міхал Кацэвіч, паведамляе, што цягам першых дзён кастрычніка беларуская тэлевізія безупынна паказвала палігон пад Берасьцем і А.Лукашэнку ў мундзіры ў атачэньні расейскіх жаўнераў, якія бралі ўдзел у супольных манэўрах. Кіраўнік беларускай дзяржавы моцна іх хваліў, называў найбольшымі абаронцамі Беларусі й братамі. А 14 кастрычніка прыбыў у Маскву на чарговыя перамовы ў справе інтэграцыі з Расеяй, таму што бяз таннай сыравіны, па ягоных словах, Беларусь збанкрутуе. Тым часам, маўляў, незалежная прэса й расейскія тэлестанцыі безупынна перашкаджаюць й палохаюць коштамі інтэграцыі. У іх ацэнцы, адно толькі ўвядзеньне супольнае валюты мела б каштаваць Беларусь больш за 2 мільярды даляраў.
Дык Лукашэнка пачаў змагацца зь незалежнымі мэдыямі. Газэты зачыняюцца, а на частоты адносна аб’ектыўных расейскіх тэлестанцыяў уводзяцца прапагандавыя беларускія каналы. Пры дапамозе бюракратычных рашэньняў зь Менску былі выгнаныя прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў абароны правоў чалавека, м.ін. Хэльсінскага Камітэту. 2 кастрычніка А.Лукашэнка загадаў ураду напісаць новы закон аб СМІ. Праўдападобна, будзе ён прыняты ўжо ў лістападзе. Мае ў ім апынуцца запіс пра тое, што журналіст ня мае права ачарняць дзяржавы, прэзыдэнта й ягоных чыноўнікаў. Хто гэта зробіць, трапіць у вязьніцу. Дзейны закон даволі лібэральны. Лукашэнку, каб зачыніць газэту, трэба было шукаць прычынаў, напрыклад, караць галоўных рэдактароў штрафам за парушэньне супрацьпажарных правілаў. Цяпер можна будзе афіцыйна абвінаваціць журналіста ў нанясеньні шкоды дзяржаве, нават калі напіша, што раённы чыноўнік узяў хабар — сказаў тыднёвіку Newsweek Polska Эдвард Мельнікаў зь Беларускай Асацыяцыі Журналістаў.
Дагэтуль Лукашэнка аказаўся пераможцам у змаганьні зь вялікімі газэтамі. На паўгоду прыпыніў гарадзенскую Пагоню, расправіўся з БДГ. Цяпер пры дапамозе новага закону хоча расправіцца зь некалькімі дзясяткамі раённых газэтаў і тыднёвікаў, якія выяўляюць афэры сярод ягоных чыноўнікаў. Папярэджаньні ўжо атрымалі: „Мясцовая Газэта Шаг” з Баранавічаў ды „Новая Газэта Смаргоні”. На пачатку кастрычніка міністар інфармацыі Ўладзімір Русакевіч зачыніў 4 мясцовыя газэты, а на ягоным чорным сьпісе знаходзіцца яшчэ больш за 10.
Ня лепш сытуацыя прадстаўляецца з тэлевізіяй. У Беларусі няма незалежных электронных СМІ. Іх ролю выконваюць расейскія тэлестанцыі: ОРТ, НТВ, РТР, ці канал Культура. Яны зьяўляюцца сольлю ў воку Лукашэнкі, таму што расейскія журналісты не гуляюць у сэнтымэнты й беларускага прэзыдэнта называюць „хворым ад амбіцыяў дыктатарам”, а беларускую эканоміку акрэсьліваюць „цяжарам для расейскага бюджэту”. Таму працягваецца змаганьне з расейскай тэлевізіяй. Апошнім часам расейская праграма Культура была замененая беларускай тэлестанцыяй Лад, якая займаецца прапагандай лукашэнкаўскага парадку ў краіне. Больш за 90% эфірнага часу займаюць справаздачы зь візытаў прэзыдэнта й паседжаньняў ураду.
Калі Лукшэнку нешта не ўдаецца, заўсёды знаходзіць віноўнікаў — сказаў тыднёвіку Newsweek Polska Андрэй Максімаў з Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі. Апошнім часам ускладняецца інтэграцыя з Расеяй. Гэта ён меў дыктаваць умовы інтэграцыі, а ня Пуцін. Гэтак ня сталася, і таму знайшоў віноўнікаў — журналістаў. Дарэчы, кіраўнік беларускай дзяржавы зусім не скрывае таго, што хоча ліквідаваць незалежныя СМІ. Перад палётам у Маскву на паседжаньне Саюзнае Рады абвінаваціў замежныя (у тым ліку й расейскія) ды беларускія СМІ ў падрыхтоўцы зговару супраць інтэграцыі.
Беларускі прэзыдэнт, які давёў краіну да эканамічнага заняпаду й які ўсё больш ізалюецца сьветам, не абмяжоўваецца змаганьнем з журналістамі. Імкнецца ўмоцніць свой аўтарытэт. У жніўні ў вялікіх заводах, школах і грамадзкіх установах паявіліся г.зв. палітрукі, мэтай дзейнасьцьі якіх зьяўляецца палітычны кантроль. Маюць яны сачыць за тым, ці працаўнікі ня ставяцца варожа да свае дзяржавы. Згэтуль ужо толькі крок да ўвядзеньня палітычнага кантролю ў рэдакцыях газэтаў — піша на старонках тыднёвіка Newsweek Polska Міхал Кацэвіч.
Newsweek Polska 22.10.2003
Два мільёны палякаў у Беларусі
16 і 17 кастрычніка ў Любліне адбылася вельмі цікавая канферэнцыя, прысвечаная стану адносін паміж Польшчай і Беларуссю, паміж палякамі і беларусамі. Удзельнічалі ў ёй, апрача даследчыкаў з Польшчы, польскія дзеячы з Беларусі са старшынёй Саюза палякаў Беларусі Тадэвушам Кручкоўскім.
З палякамі пра нацыянальныя справы даволі цяжка размаўляць абапіраючыся на аргументы, таму што для іх яны зусім малаважныя. Калі трэба, найвышэйшай крыніцай праўды, напрыклад, для ксяндза, можа быць нават Аляксандр Лукашэнка, хаця рэлігія падказвае яму, што ёсць яшчэ Бог. Дарэчы, праўда ў нацыянальных справах не мае ніякага значэння. Калі расказваеш ім пра вынікі шматмесячных архіўных даследаванняў, прадстаўляеш лічбы, якія разбураюць існуючую міфалогію, у адказ можна ад прафесара пачуць, што ён у гэтай справе распараджаецца іншымі інфармацыямі і называе лічбы, якія яму ў даны момант выгадныя. Калі пытаешся пасля: „Адкуль ты іх ўзяў”, вучоны бессаромна адказвае: „А мне так здавалася”.
Ксёндз прафесар Раман Дзванкоўскі з Каталіцкага Люблінскага універсітэта (КУЛ) даказваў, што ў Беларусі пражывае 2 мільёны католікаў. Звыш 90 працэнтаў з іх гэта палякі. Ксёндз спаслаўся на Аляксандра Лукашэнку, які публічна сказаў, што ў Беларусі каля 14 працэнтаў насельніцтва складаюць вернікі Каталіцкага касцёла. Раней прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч сказаў у Ватыкане рымскаму папу, што выступае ад імя 2 мільёнаў беларускіх католікаў. „Хто ведае лепей чым улады Беларусі”, — рытарычна спытаў ксёндз-прафесар. Аднак польскасць на Беларусі апынулася пад вялікай пагрозай, гаварыў вучоны з КУЛ. Ідзе вялікі ціск на беларусізацыю багаслужбы. Ксёндз даваў зразумець, што гэта вынік палітыкі ўлад. Без падтрымкі з боку Польшчы цяжка будзе затрымаць гэтую хвалю, якая вядзе да абмежавання польскасці.
Выступленне старшыні Саюза палякаў Беларусі, доктара Гродзенскага універсітэта магло сярод удзельнікаў канферэнцыі выклікаць спачуванне для беларускіх палякаў і злосць на польскіх беларусаў, якія раскідаюцца грашыма польскіх падаткаплацельшчыкаў. Можна было пачуць, што беларуская дзяржава не дае ні граша на польскую культуру, не хоча адкрыць польскага універсітэта, імкнецца да беларусізацыі Каталіцкага касцёла. Тым часам жменька беларусаў у Польшчы забірае з бюджэту кожны год звыш 5 мільёнаў злотых. На падтрымку беларускай культуры ідзе вялікая частка бюджэту горада Беластока. Немагчыма нават было спытаць адкуль у грамадзяніна Беларусі такія дакладныя інфармацыі, таму што ў час дыскусіі Кручкоўскі пакінуў публіку і выйшаў. Добра, аднак, ведаць кошт існавання беларускай меншасці. Паводле даступных матэрыялаў на беларускую культуру дзяржава штогод выдае ў сярэднім каля 900 тысяч злотых. Магчыма, астатнія 4 мільёны гэта кошт утрымання спецслужбаў прызначаных для „апекі” над нашай грамадскасцю. Калі б не было беларусаў, можна было б, зразумела, заашчадзіць такія выдаткі. А з бюджэту горада Беластока, са сродкаў прызначаных на фінансаванне культуры, у 2001 годзе беларусы атрымалі 0,03 працэнта.
Пры нагодзе свайго выступлення сакратар БГКТ Валянціна Ласкевіч звярнула ўвагу, што беластоцкія беларусы жывуць у горадзе, у якім мясцовыя палітыкі, у тым ліку і пасол Сейма, адкрыта гавораць: „Польшча толькі для палякаў”.
Доктар Кручкоўскі шмат увагі прысвяціў вызначэнню лічбы палякаў у Беларусі. Паводле перапісу ад 2000 г. польскую нацыянальнасць дэкларавала 390 тысяч грамадзян Беларусі. Зразумела, вучонаму гэта ніякі аргумент. „У Лідскім ці Воранаўскім раёнах, паводле афіцыйных даных, палякаў каля 80 працэнтаў. Але мы лічым, што іх удвая больш”, — заявіў старшыня. Невядома, памыліўся ці гаварыў сур’ёзна. Пацярпелі таксама каталіцкія святары, якія вядуць багаслужбу на беларускай мове, а асабліва Ігар Лашук з Мінска. „Народ ужо не можа сцярпець такой трасянкі”, — канстатаваў вучоны.
Слухаючы старшыню СПБ я разважаў як гэта выглядала б, калі б мы пачалі голасна крычаць, што нас у Польшчы не 48,5 тысяч, але 485 тысяч, што падчас перапісу людзі баяліся прызнавацца да свае нацыянальнасці, што чыноўнікі масава фальшавалі вынікі, дамагацца універсітэта, тэатра і іншых беларускіх устаноў, паводзіць сябе так, як братнія народы. Лёгка можна прадбачыць, якая была б рэакцыя палітыкаў, журналістаў ды шматлікіх маральных і інтэлектуальных аўтарытэтаў.
Польскі гісторык з Мінска Ежы Івашкевіч расказваў пра нацыянальную палітыку сучасных улад Беларусі. Найбольш дасканалым метадам абмяжоўвання дзейнасці нявыгадных арганізацый, — гаварыў ён — бываюць фінансавыя кантролі. Такім шляхам можна закрыць любую арганізацыю. Маючы за сабой акцыю Беластоцкай дэлегатуры НІК у „Ніве”, я прыйшоў да высновы, што метады працы „службаў” дэмакратычных і недэмакратычных рэжымаў так моцна не разыходзяцца. У адным і другім выпадку вынік можа быць падобны.
Яўген Мірановіч
Ніва № 44 (2477), 2 лістапада 2003