|
Хроніка Польскага Радыё для Замежжа
21 лютага 1928 г. Катавіцкая радыёстанцыя Польскага Радыё пачынае перадаваць на сярэдніх хвалях першую сталую перадачу на замежнай мове. Гэта аднагадзінная перадача па-француску "Les boites aux lettres".
1 сакавіка 1936 г. Польскае Радыё пачынае перадаваць на кароткіх хвалях сталыя праграмы для палякаў замежжа. Гадзінныя перадачы, якія выходзяць у эфір тры разы на тыдзень, складаюцца з навінаў на польскай і ангельскай мовах, камэнтароў і музыкі.
1938 г. Польскае Радыё перадае на кароткіх хвалях 19 гадзін перадачаў на францускай, ангельскай, нямецкай, чэскай, вугорскай, партугальскай, італьянскай І польскай мовах.
1939 г. Праграма для Замежжа Польскага Радыё перадаецца сямю кароткахвалевымі станцыямі таксама на доўгіх хвалях з радыёстанцыі Варшава І (штодзённыя перадачы ў нямецкай і ангельскай мовах, раз на тыдзень таксама па-чэску й вугорску).
Кастрычнік 1945 г. Пасьля ваеннага перапынку кароткахвалевая радыёстанцыя Варшава ІІІ узнаўляе перадачы Праграмы для Замежжа. На пачатку яна перадае 1-гадзінную праграму ўдзень, у 1949 г. ужо 10 гадзін.
1956 г. Польскае Радыё перадае 68 гадзін перадачаў для замежжа ўдзень, між іншым, на ангельскай, дацкай, грэцкай, фінскай, францускай, гішпанскай, нямецкай, расейскай, турэцкай і італьянскай мовах.
4 красавіка 1959 г. На сотыя ўгодкі з дня нараджэньня Людвіка Замэнгофа Польскае Радыё пачынае сталыя перадачы на мове эспэранта.
1 ліпеня 1968 г. У эфіры Польскага Радыё паявіліся перадачы на арабскай мове.
1971 г. Праграма для Замежжа Польскага Радыё перадае 50 гадзін удзень на ангельскай, арабскай, чэскай, дацкай, эспэранта, фінскай, францускай, гішпанскай, нямецкай, расейскай, швэдзкай, італьянскай і польскай мовах.
1990 г. Польскае Радыё пачынае перадаваць выпускі для палякаў Украіны, Беларусі, Летувы, Латвіі й Эстоніі.
1991 г. Польскае Радыё перастае рыхтаваць перадачы на арабскай і гішпанскай мовах. Паўстаюць Летувіская ды Ўкраінская Рэдакцыі.
1992 г. Паўстаюць Беларуская й Чэская Рэдакцыі. Перастаюць існаваць перадачы на францускай, італьянскай, швэдзкай і фінскай мовах.
1995 г. Дзякуючы спадарожнікавай і кабэльнай лучнасьці ўсясьветнага апэратара грамадзкага радыёвяшчаньня World Radio Network, абраныя праграмы Ангельскай Рэдакцыі можна слухаць на ўсіх кантынэнтах. У наступныя гады да гэтай прапановы далучаюць праграмы ў польскай і нямецкай мовах.
Люты 1996 г. Віленскае Radio znad Wilii пачынае рэтрансьляцыю летувіскіх, польскіх і беларускіх перадачаў Праграмы для Замежжа Польскага Радыё.
Лістапад 1996 г. Львоўскае Радыё Незалежнасьць пачынае рэтрансьляцыі ўкраінскіх перадачаў Праграмы для Замежжа Польскага Радыё.
1998 г. Праграма для Замежжа Польскага Радыё прыймае назву Радыё Палёнія.
Травень 1999 г. Управа Польскага Радыё стварае Кансультацыйную Раду Радыё Палёнія.
1 студзеня 2000 г. Радыё Палёнія пры дапамозе World Radio Network пачынае штодзённыя паўгадзінныя перадачы ў сыстэме Real Audio на дзевяці мовах і гадзінны выпуск на польскай мове. Адначасова на старонках www.radio.com.pl паяўляюцца тэксты навінаў Радыё Палёнія.
1 студзеня 2000 г. Беларуская Рэдакцыя пачынае свае трансьляцыі ў эфіры радыёстанцыі Балтыйскія Хвалі (Baltic Waves) на сярэдніх хвалях.
11 студзеня 2000 г. Штодзённая перадача Польскай Рэдакцыі выходзіць у эфір І Праграмы Польскага Радыё. Дзякуючы магутнасьці перадатчыка й доўгім хвалям, перадача добра прыймаецца ў суседніх з Польшчай краінах.
Ліпень 2000 г. Слухачы Радыё Палёнія склaдаюць 6,8% ад усіх карыстальнікаў гукавога сэрвісу, зьмешчанага на сэрвэрах WRN. Найбольшае зацікаўленьне выклікаюць перадачы Польскай, Ангельскай і Эспэранцкай Рэдакцыяў.
25 верасьня 2000 г. Праграмы Радыё Палёнія, якія дагэтуль перадаваліся аналягавым чынам пры дапамозе спадарожніка Eutelsat, паяўляюцца таксама ў лічбавай вэрсіі - Сетка World Radio Network, якая выконвае функцыю дыстрыбутара перадачаў Радыё Палёнія ў кабэльнай сувязі, наземных рэтрансьляцыях і па спадарожніку, уводзіць праграмы Ангельскай Рэдакцыі ў новы кругласутачны англямоўны канал dRadio. Дзякуючы гэтаму, са спадарожніка Eutelsat Hot Bird перадачы Радыё Палёнія могуць слухаць уладальнікі лічбавых прыймачоў ва ўсёй Эўропе, на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы, і, часткова, у Заходняй Азіі.
26 сакавіка 2001 г. Расейская Рэдакцыя пачынае свае штодзённыя паўгадзінныя перадачы на сярэдніх хвалях у Санкт-Пецярбурзе.
Травень 2001 г. Канадзкае грамадзкае Радыё CBC пачынае штодзённыя рэтрансьляцыі паўгадзіннай перадачы Ангельскай Рэдакцыі.
|