БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

КАМУНІКАТ

 
 КАМУНІКАТ 2 / 2004 (25)

Mагчымасьці выкарыстаньня структурных фондаў ЭЗ

Перад далучэньнем да Эўрапейскага Зьвязу Польшча карысталася выключна эўразьвязаўскімі праграмамі дапамогі для кандыдацкіх краінаў. Цяпер, як чалец эўрапейскай супольнасьці, яна можа карыстацца іншым родам дапамогі — структарнымі фондамі.

Эўрапейскія Структурныя Фонды былі створаныя з мэтай выраўнаньня розьніцаў між паасобнымі рэгіёнамі Зьвязу. У іхны склад уваходзяць: Эўрапейскі Фонд Рэгіянальнага Разьвіцьця, Эўрапейскі Сацыяльны Фонд, Эўрапейскі Фонд Сельскагаспадарчай Арыентацыі й Гарантыяў, а таксама Фінансавы Інструмэнт Арыентацыі Рыбалоўства.

Структурнымі фондамі могуць карыстацца рэгіёны, дзе ВНП на аднаго жыхара складае менш, чым 75% ВНП Эўразьвязу. Тым часам дадзеная чальцоўская краіна ня можа атрымаць большай дапамогі, чым 4% ейнага ВНП.

Падставай выкарыстаньня сродкаў са структурных фондаў у Польшчы зьяўляецца „Нацыянальны Плян Разьвіцьця на 2004-2006 гг.”, прынцыпы якога знаходзяцца, між іншым, у апэрацыйных праграмах : „Рост Канкурэнтнасьці Прадпраемстваў” і „Разьвіцьцё Чалавечых Рэсурсаў”.

Віцэ-прэм’ер Ежы Хаўснэр паведаміў, што да канца верасьня пачне працаваць сыстэма выкарыстоўваньня сродкаў з эўразьвязаўскіх фондаў. Гаворка йдзе пра суму 3 мільярдаў 700 мільёнаў эўра. Паводле прадстаўніка польскага ўраду, выкарыстаньне гэтых сродкаў было магчымае ад 1 студзеня бягучага году, але толькі тэарэтычна:

— Калі нехта заявіць, што ўсё гэта магло дзейнічаць ад студзеня 2004 году, бо так магло б быць, тады я хачу паясьніць, што так не адбылося ні ў воднай краіне, якая далучылася да Эўрапейскага Зьвязу. У Польшчы таксама гэтак не адбылося, не таму, што нехта гэтага не хацеў, ці што мы недастаткова стараліся. Беручы пад увагу пункт выйсьця й працягласьць працэсу, гэтая магчымасьць мела выключна тэарэтычны характар. Я хачу прыгадаць, што мы ажыцьцяўляем усё гэта ня так, што нехта націскае адну кнопку й чакае вынікаў. Усё робіцца пакрысе.

Ведамства Эканомікі, Працы й Сацыяльнай Палітыкі рэалізуе дзьве сыстэмныя апэрацыйныя праграмы. Mаецца на ўвазе рост Канкурэнтнасьці Прадпрыемстваў і Разьвіцьцё Чалавечых Рэсурсаў. Віцэ-кіраўнік эканамічнага ведамства Марэк Шчэпаньскі гарантаваў, што ў рамках згаданых праграмаў будуць выкарыстаныя ўсе эўразьвязаўскія сродкі:

— Агульная сума праграмы ”Рост Канкурэнтнасьці Прадпрыемстваў” складае больш за 1 мільярд 700 мільёнаў эўра, у тым ліку, 1 мільярд 250 мільёнаў эўра будзе паходзіць з эўрапейскага Фонду Рэгіянальнага Разьвіцьця. У сваю чаргу сума Апэрацыйнай Праграмы „Разьвіцьцё Чалавечых Рэсурсаў” складае 1 мільярд 900 мільёнаў эўра, у тым ліку, каля 1 мільярда 470 мільёнаў эўра будзе паходзіць з Эўрапейскага Грамадзкага Фонду. Ня будзе ніякіх праблемаў з выкарыстаньнем сродкаў у рамках гэтых дзьвюх апэрацыйных праграмаў.

Віцэ-міністар Марэк Шчэпаньскі паведаміў таксама пра публікацыю двух распараджэньняў у справе Сэктарнай Апэрацыйнай Праграмы „Рост Канкурэнтнасьці Прадпрыемстваў” і публікацыю распараджэньня ў справе фінансавай дапамогі, якую ў рамках згаданай праграмы можа аказваць Польскае Агенцтва Разьвіцьця Прадпрымальніцтва. Паводле віцэ-міністра Шчэпаньскага, неўзабаве будзе таксама падпісаная пастанова ў справе працэдуры і ўзору перадачы заяваў.

У жніўні бягучага году стартаваў Фонд Эўразьвязаўскіх Парукаў, які таксама павінен дапамагчы ў выкарыстаньні эўразьвязаўскіх сродкаў. Грошы, сабраныя ў фондзе, прызначаюцца на гарантыі ды парукі банкаўскіх крэдытаў, атрыманых дзеля рэалізацыі эўразьвязаўскіх праектаў.

Паводле старшыні Зьвязу Польскіх Банкаў Кшыштафа Петрашкевіча, Фонд Эўразьвязаўскіх Парукаў дапаможа перад усім малым і сярэднім прадпрыемствам фінансаваць рознага роду інвэстыцыі:

— У выпадку Фонду Эўрапейскіх Гарантыяў тыя атрымальнікі, якія цяпер ня маюць поўных гарантыяў, змогуць скарыстацца гарантыямі ў выглядзе Фонду Эўрапейскіх Парукаў, зразумела, калі праект будзе станоўчы й згодны з дамовай, якую заключыў польскі ўрад.

Старшыня Петрашкевіч паясьняе, што каб скарыстацца эўразьвязаўскімі сродкамі, найперш трэба выдаткаваць уласныя грошы. Для прадпрымальнікаў, муніцыпалітэтаў, няўрадавых арганізацыяў ці ВНУ, якія хочуць скарыстацца зьвязаўскай дапамогай, гэта часта азначае неабходнасьць банкаўскага крэдыту, які цяпер можа атрымаць паруку з Фонду Эўразьвязаўскіх Парукаў.

Паводле заявы старшыні Зьвязу Польскіх Банкаў, цяпер на рахунку фонду знаходзіцца каля ста мільёнаў злотых, але праз тры гады сума можа павялічыцца да 900 мільёнаў. Гэта дазволіць прызнаваць парукі на вышэйшыя сумы крэдытаў. Кшыштаф Петрашкевіч перакананы, што дзякуючы дзейнасьці фонду Польшча зможа выкарыстаць як мінімум 6-7 мільярдаў злотых эўрапейскай дапамогі.

— А ў сувязі з тым, што згаданыя сродкі будуць выплачвацца паступова, бо фінансаваньне працягваецца ад дзесяці месяцаў да некалькіх гадоў, можна сказаць, што падчас далейшага выкарыстоўваньня зьвязаўскіх грошай сумы крэдыту ці атрыманых сродкаў дасягнуць — у найгоршым выпадку — памеру каля 6-7 мільярдаў злотых.

Грошы, якімі распараджаецца Фонду Эўразьвязаўскіх Парукаў, гэта даходы з апрацэнтаваньня грашовых рэзэрваў, якія ўносяць польскія банкі.

Паводле Мацея Тэкельскага, прэс-сакратара Банку Агульнапольскай Гаспадаркі (BGK) фінансавай ўстановы, якая будзе гаспадарыць Фондам Эўразьвязаўскіх Парукаў — крэдыты з парукамі фонду могуць прызначацца на розныя праекты.

— Гэта праекты, названыя ў адмысловых правілах: гэтак званых „сэктарных апэрацыйных праграмах”, прынятых урадам, і на якія згадзілася Эўрапейская Камісія. Адной са згаданых сэктарных апэрацыйных праграмаў зьяўляецца праграма „Рост канкурэнтнасьці прадпрыемстваў”. Калі банк паразумеецца з адпаведным ўрадавым агенцтвам (у гэтым выпадку польскім Агенцтвам Разьвіцьця Прадпрымальніцтва), і сьцьвердзіць, што дадзены праект ахоплены згаданай апэрацыйнай праграмай, на ягоную рэалізацыю можна атрымаць крэдыт і, у будучыні, таксама эўразьвязаўскае дафінансаваньне. Трэба памятаць пра тое, што сродкі выплачваюцца заўсёды пасьля заканчэньня рэалізацыі праекту. Таму муніцыпалітэты ці прадпрыемствы павінны спачатку самі фінансаваць праект. У гэткай сытуацыі яны павінны зьвярнуцца па крэдыт у банк, а калі яны ня маюць адпаведных парукаў — таксама ў Банк Агульнапольскай Гаспадаркі. Пасьля атрыманьня адпаведнай парукі, прадпрыемства можа атрымаць крэдыт у камэрцыйным банку. Tут сэнс у тым, каб павялічыць узровень выкарыстаньня эўразьвязаўскіх структурных фондаў для разьвіцьця польскай эканомікі, а дакладней, каб гэты шанец выкарыстоўвалі прадпрыемствы ды ўлады ў рэгіёнах.

Ці зацікаўленыя суб’екты могуць скарыстацца рознымі лініямі крэдытаў — у сэнсе памеру крэдыту й часу ягонага вяртаньня?

— Гэта ўжо справа паасобных камэрцыйных банкаў. Дарэчы, некаторыя банкі ўжо падрыхтаваліся да гэтага адпаведным чынам. Яны прапануюць адмысловыя крэдыты дзеля фінансаваньня эўразьвязаўскіх праектаў. Разумееце, для банкаў крэдыт з парукай фонду — больш карысная інвэстыцыя, чым іншыя. Калі дадзены праект, напрыклад, на 60% фінансаваны эўразьвязаўскімі сродкамі, тады рызыка з боку банку значна меншая. Таму банкі зацікаўленыя гэткім фінансаваньнем праектаў. У сваю чаргу індывідуальныя ўмовы крэдыту акрэсьлівае камэрцыйны банк. Гэта тым больш важна, што часта муніцыпальныя ўлады альбо прадпрыемствы ня ў стане выканаць гарантыйных патрабаваньняў банку. Фонд Эўразьвязаўскіх Парукаў павінен дапамагчы вырашыць такія праблемы.

Наколькі вялікую зацікаўленасьць Фонд Эўразьвязаўскіх Парукаў выклікае ў Польшчы?

— Найлепшым доказам зацікаўленасьці зьяўляецца факт, што ўжо даўно некалькі польскіх банкаў далучыліся да гэтага Фонду. Tым больш, што інтарэс падвойны: як для фірмаў, якія імкнуцца атрымаць крэдыт, так і для камэрцыйных банкаў. Бо калі атрымальнік крэдыту меў бы праблемы зь вяртаньнем пазыкі, камэрцыйны банк можа зьвярнуцца да банку BGK як да гаранта, які забесьпячвае магчымыя патрабаваньні камэрцыйнай фінансавай установы. Значыць гарантыі зьяўляюцца інтарэсам, як банкаў-крэдытараў, так і фірмаў, якія намерваюцца атрымаць крэдыт. Да нас даходзілі розныя сыгналы, асабліва з рэгіёнаў, што там нялёгка атрымаць у банках крэдыты. Яны чакалі на адпаведны інструмэнт, што палегчыў бы доступ да крэдытаў.

Ці падобныя фонды эўразьвязаўскіх парукаў дзейнічаюць таксама ў іншых краінах Эўрапейскага Зьявязу?

— Мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Наогул ідэя крэдытных гарантыяў да гэтай пары была мала папулярная ў Польшчы, але яна паступова пачынае распаўсюджвацца. Наш банк вядзе таксама агульнапольскі фонд крэдытных парукаў. У першым паўгодзьдзі бягучага году мы далі ў тры разы больш гарантыяў, чым летась. Гэта таксама сьведчыць пра папулярнасьць новага мэханізму. Я магу толькі здагадвацца, што ў іншых, больш разьвітых краінах, гэта папулярны інструмэнт. Спадзяюся, што далучэньне новых краінаў да Эўразьвязу таксама прычыніцца да павелічэньня папулярнасьці інструмэнту банкаўскіх парукаў.

Ці зацікаўленьне Агульнапольскім Фондам Гарантыяў выкліканае далучэньнем Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу?

— Не. Гэта розныя рэчы. Заканадаўцы стараліся, каб працэдуры Фонду Эўразьвязаўскіх Парукаў, якія датычыць суфінансаваньня праектаў з эўразьвязаўскіх фондаў, былі як найпрасьцейшымі. У сваю чаргу, Агульнапольскі Фонд Крэдытнах Парукаў датычыць астатніх праектаў. Так што, паводле мяне, ніякага ўплыву няма, хіба што прыклад эўразьвязаўскіх парукаў паўплываў на папулярнасьць агульнапольскіх мэханізмаў парукі.

Варта зазначыць, што толькі цягам першых гадоў чальцоўства Польшча можа атрымаць каля 8 мільярдаў эўра з Эўразьвязаўскіх Структурных Фондаў.

Фінансавыя сродкі структурных фондаў Эўразьвязу прызначаюцца на тры асноўныя мэты. Першая мэта — прамоцыя й структурнае гаспадараньне адсталымі рэгіёнамі. Другая мэта — падтрымка пераўтварэньняў у эканоміцы й грамадзтвах тых сэктараў, у якіх існуюць структурная праблемы. Mаюцца на ўвазе галоўным чынам рэгіёны, дзе адбываюцца пераўтварэньні ў прамысловасьці, паслугах, рыбалоўстве, сельскай гаспадарцы, а таксама тыя месцы, дзе гаспадарчая дзейнасьць абмяжоўваецца. Усё гэта служыць, перад усім, зьмяншэньню беспрацоўя й дынамізацыі зьменаў у працаўладкаваньні. І трэцяя мэта, гэта падтрымка дастасаваньня палітыкаў, сыстэмаў адукацыі, павышэньня прафэсійных кваліфікацыяў і працаўладкаваньня. Гаворка, між іншым, пра несупынную адукацыю, актыўную палітыку барацьбы зь беспрацоўем і грамадзкім выключэньнем.

Кіраўнік Ведамства Камітэту Эўрапейскай Інтэграцыі, міністар па эўрапейскіх справах Яраслаў Петрас кажа, што ў 2004-2006 гадох Польшча атрымае з бюджэту Эўрапейсага Зьвязу ўдвая больш грошай, чым у яго ўнясе. Паводле міністра, у наступных гадох прапорцыі будуць яшчэ больш карыснымі для польскага боку:

— На пэрспэктыву гэтыя прапорцыі павінны павялічыцца ўдвая. За кожны адзін эўра палякі атрымаюць — у выглядзе дапамогі для фэрмэраў, трансфэраў, сродкаў на ахову межаў, ці падтрымку адукацыі — каля чатырох эўра. Польшча — краіна небагатая — і яна ня будзе вымушаная дзяліцца сродкамі зь бяднейшымі рэгіёнамі Эўропы.

Яраслаў Петрас дадаў, што калі б бюджэтныя прапановы Эўрапейскай Камісіі былі прынятыя, памер эўрапейскіх сродкаў на 2007-2013 гады склаў бы каля аднаго більёна эўра. У гэтым выпадку польская складка была б крыху большай за 2 мільярды эўра. Кіраўнік Ведамства Камітэту Эўрапейскай Інтэграцыі супакойвае, што гэтая складка будзе растэрмінаваная на сем гадоў і прывязаная да ўзроўню эканамічнага разьвіцьця краіны.

Структурная дапамога для Польшчы — як адной зь найбяднейшых краінаў Эўрапейскага Зьвязу — складзе палову эўрапейскіх сродкаў з фондаў, прызначаных на ліквідацыю адсталасьці бедных рэгіёнаў супольнасьці. Цягам бліжэйшых гадоў Польшча можа атрымоўваць з Брусэлю каля 7 мільёнаў эўра ў год. Сродкі будуць выдаткоўвацца на тыя мэты, на якія ў дзяржаўным бюджэце няма грошай.

У ацэнцы старшыні бюджэтнай камісіі Эўрапейскага Парлямэнту Януша Левандоўскага, факт, што Данута Хюбнэр будзе адказваць у Эўразьвязе за рэгіянальную палітыку, гэта вельмі карысная для Польшчы навіна.

— Польшча будзе найбольшым у Эўразьвязе атрымальнікам згаданых сродкаў. Гаворка пра нейкія 35% бюджэту ўсяго Эўразьвязу. За гэтыя сродкі будуць змагацца найбольш. Эўрапейскі Зьвяз будзе выдаткоўваць ад 39 мільярдаў ў 2007 годзе да 51 мільярда эўра ў 2013 годзе. Паводле мяне, грамадзяне адчуюць гэта па магутных інвэстыцыях, на якія ў польскім бюджэце не было б сродкаў. І таму гэта вельмі добра, што настолькі важныя абавязкі пераймае камісар, які паходзіць з Польшчы. Камісары з Усходняй Эўропы лепш за прадстаўнікоў заходняй часткі Эўропы разумеюць, што азначалі 10 гадоў спазьненьняў па гэтым баку Эўразьвязу.

Шмат у чым на паўнамоцтвы камісара з Польшчы — Дануты Хюбнэр — спадзяюцца таксама прадстаўнікі гэтак званых эўрарэгіёнаў, распаложаных на памежжы дзьвюх альбо некалькіх краінаў. Эўрарэгіёны створаныя з мэтай ліквідацыі некарысных наступстваў існаваньня межаў і павышэньня значэньня рэгіёнаў аддаленых ад дзяржаўных сталіцаў.

Эўрарэгіёны зьяўляюцца памостамі ў працэсе эўрапейскай інтэграцыі.

Цэзары Цесьлюкоўскі з эўрарэгіёну „Нёман” лічыць, што Данута Хюбнэр паўплывае на працэдуры, зьвязаныя з зацьвярджэньнем праектаў і перадачай сродкаў з Брусэлю:

— Мы вельмі радыя, што спадарыня Хюбнэр пераняла абавязкі камісара па рэгіянальных справах. У сувязі з гэтым у нас канкрэтныя спадзяваньні. Эўрарэгіён „Нёман” ажыцьцяўляе праекты памежнага супрацоўніцтва ў рэгіёне Балтыйскага мора й польскай усходняй мяжы. Тут ужо многія гады мы змагаемся з праблемамі супрацы з Эўрапейскай Камісіяй. Гаворка йдзе пра тое, што на пацьвярджэньне праектаў з боку Эўракамісіі трэба чакаць сапраўды доўга. Мы спадзяемся, што спадарыня Хюбнэр прысьпешыць гэтыя працэсы. Да гэтай пары працягваюцца арганізацыйныя спрэчкі між Польшчай і Летувой, калі гаворка пра ўдзел эўрарэгіёнаў у выкарыстоўваньні сродкаў. Польшча мае значны досьвед, а летувіскі бок ня бачыць магчымасьцяў, якія адкрываюць эўрарэгіёны. Мы спадзяемся, што спадарыня Хюбнэр падтрымае нашыя намаганьні.

Таксама Зьдзіслаў Альшэўскі з эўрарэгіёну „Балтыка” зьвернецца да Дануты Хюбнэр з просьбай, каб мікрапраектамі надалей кіравалі рэгіёны, а не аддаленыя ад іх сэкрэтарыяты. Напрыклад, у выпадку эўрарэгіёну „Балтыка” фондамі будзе гаспадарыць Тэхнічны Сактратарыят у Вільні. Mіж тым, паводле Зьдзіслава Альшэўскага, летувісы маюць меншы за палякаў досьвед у выкарыстаньні эўразьвязаўскіх сродкаў:

— Летувісы заявілі, што іхныя эўрарэгіянальныя структуры разьвітыя недастаткова, таму яны ня могуць перадаць уладу над імі. У сваю чаргу латышы заявілі, што іхная краіна невялікая, і яны ня будуць дэцэнтралізаваць сродкаў, і таксама будуць гаспадарыць усім цэнтралізавана — са сталіцы. Палякі маюць большы досьвед у гэтай галіне, бо Варшава ўжо даўно вырашыла дэцэнтралізаваць гаспадараньне сродкамі для эўрарэгіёнаў. Мы выкарыстоўваем сродкі амаль на 100%, таму нашым ціхім жаданьнем зьяўляецца тое, каб эўрарэгіёны маглі кіраваць мікрапраектамі.

У лістападзе ў Брусэлі адбудзецца канфэрэнцыя, прысьвечаная эўрарэгіёнам, падчас якой польскія прадстаўнікі змогуць запрэзэнтаваць свае аргумэнты.

На сёньня польскія памежныя гарады й гміны аб’яднаныя ў 15 эўрарэгіёнах, распаложаных уздоўж наземных межаў і берагу Балтыйскага мора.

Сродкі з Эўрапейсага Фонду Рэгіянальнага Разьвіцьця (FEDER) Польшча можа выкарыстаць на інвэстыцыі ў інфраструктуру. Якраз цяпер пачалося будаўніцтва чарговых ста кілямэтраў аўтастрады А2 з Лодзі ў Конін. Большасьць грошай на яе будаўніцтва будзе паходзіць са сродкаў Эўрапейскага Зьвязу.

Будаўніцтва будзе працягвацца каля 15 месяцаў, а першыя аўтамабілі на аўтастрадзе паявяцца напрыканцы 2005 году. Да 2008 году павінна быць гатовая ўся дарога з Варшавы да заходняй мяжы краіны.

Прэм’ер Марэк Бэлька перакананы, што рэалізацыя праграмы будовы аўтастрадаў у Польшчы якраз пачынаецца:

— Сапраўды, цяпер назіраецца рух ня толькі на аўтастрадзе А2, але таксама на аўтастрадзе А4 на поўдні краіны. Урэшце мы пачынаем будаўніцтва аўтастрады А1 (з Гданска на поўдзень Польшчы). Я спадзяюся, што нашыя шматгадовыя абяцаньні будуць зрэалізаваныя. Урэшце мы пачынаем будаваць не віртуальна, не на плянах, але ў сапраўднасьці.

На думку кіраўніка Генэральнай Дырэкцыі Агульнапольскіх Дарогаў і Аўтастрадаў Дарыюша Скаўроньскага, будаўніцтва аўтастрадаў, гэта яшчэ й добры спосаб на абмежаваньне беспрацоўя.

— Кожны кілямэтар будаўніцтва аўтастрады прычыняецца да ўзьнікненьня 42 месцаў працы на самім будаўніцтве, і 54 месцаў пасьля яго заканчэньня: пры абслугоўваньні дарожнай інфраструктуры і ў сэктары паслугаў. Апрача таго, 50% польскіх прадпрыемстваў разьмешчнана ў адлегласьці 50 кілямэтраў ад аўтастрады. Таму такія дарогі паўплываюць на паляпшэньне ўзроўню лягістыкі фірмаў, а значыць таксама на пашырэньне гаспадарчай дзейнасьці, і, наогул, на эканамічнае разьвіцьцё краіны.

Ведамства Інфраструктуры паведаміла, што заявы з просьбай аб суфінансаваньні з эўразьвязаўскіх фондаў праектаў, датычных перадубовы дарогаў, чыгуначных лініяў і доступу да марскіх портаў, складаюць ужо амаль 80% сумы, якую Польшча можа выкарыстаць цягам бліжэйшых трох гадоў:

У сваю чаргу вартасьць магутных праектаў (як мінімум10 мільёнаў эўра кожны), якія ў 85% суфінансуе Фонд Еднасьці (Cohesion Fund) перавысіла памер сродкаў, прапанаваных Польшчы ў 2004-2006 гадох.

Дзяржсакратар Ведамствa Інфраструктуры Гжэгаж Мэндза прыгадаў, што напрыканцы лістапада заканчваецца першы тур перадачы заяваў з просьбай аб дафінансаваньні з Сэктара Апэрацыйнай Праграмы „Транспарт”.

Прадстаўнік ведамства падкрэсьліў, што пасьля далучэньня да Эўразьвязу Польшча можа выкарыстаць сапраўды вялікія грошы на мадэрнізацыю інфраструктуры.

— Ёсьць дзьве крыніцы гэтых сродкаў. Першая, гэта Фонд Еднасьці, дзе цягам 2004-2006 гадоў Польшча можа выкарыстаць суму 2 мільярдаў 89 мільёнаў эўра. Другая крыніца, гэта Эўрапейскі Фонд Рэгіянальнага Разьвіцьця, зь якога ў згаданым пэрыядзе польскі бок можа выкарыстаць 1 мільярд 167 мільёнаў эўра. Каля 57% згаданых спродкў будзе прызначана на дарожныя, а 43% — на чыгуначныя праекты.

Марэк Краўчык — таксама прадстаўнік Ведамства Інфраструктары — заявіў, што пасьля заканчэньня інвэстыцыяў, суфінансаваных сродкамі з эўразьвязаўскіх структарых фондаў, выразна скароціцца час падарожжа як чыгункай, так і на машыне. Напрыклад, цягнікі з Варшавы ў Гдыню змогуць езьдзіць з хуткасьцю каля 200 кілямэтраў на гадзіну. Хутчэй палякі даедуць таксама ў Лодзь.

— Гэта для пасажыра асноўны паказчык. Пасажыр не цікавіцца тэхнічнымі зьвесткамі. Таксама для мяне, як для пасажыра, важна, колькі будзе працягвацца падарожжа. Дакуючы гэтай інвэстыцыі, паездка з Варшавы ў Лодзь зойме крыху больш за гадзіну. Значыць мы вернемся да станоўчых стандартаў.

У дзяржаўным бюджэце знаходзяцца адмысловыя рэзэрвы на ўласны грашовы ўклад, неабходны пры выкарыстаньні эўразьвязаўскіх фондаў дапамогі. Сёлета яны складаюць 3 мільярды 500 мільёнаў злотых.

У сваю чаргу прынамсі 123 тысячы вучняў сярэдніх школаў і каля 15 тысячаў студэнтаў, якія паходзяць зь вясковых мясцовасьяў альбо невялікіх гарадоў, атрымаюць стыпэндыі, фінансаваныя сродкамі структурных фондаў Эўразьвязу. У 2004-2006 гадох Эўрапейскі Грамадзкі Фонд ды дзяржаўны бюджэт перададуць на гэтую мэту каля 176 мільёнаў эўра. Грошы павінны паспрыяць зраўнаньню адукацыйных шанцаў польскай моладзі.

Віцэ-міністар эканомікі Марэк Шчэпаньскі паведаміў, што максымальная сума дафінансаваньня для вучняў складае 250 злотых у месяц (каля $62,5) і каля 350 злотых для студэнтаў ($87,5). Аднак узровень стыпэндыяў можа зьнізіцца ў сувязі зь вялікай зацікаўленасьцю гэтай формай дапамогі:

— Сродкі ў рамках стыпэндыяў змогуць прызначацца на кампэнсацыю коштаў раскватараваньня, харчаваньня, даездаў сродкамі гарадзкога транспарту, на пакупкі падручнікаў, а таксама аплаты за вучобу ў ВНУ й сярэдніх школах.

Віцэ-міністар Шчэпаньскі паведаміў, што моладзь, якая хоча атрымаць стыпэндыі, павінна падаваць адпаведныя заявы ў паветы:

— Паветавыя ўлады будуць вырашаць, ці прызнаць стыпэндыю нейкай канкрэтнай асобе. Зразумела, гэта павінны акрэсьліваць адпаведныя правілы, якія ўсталяць паветавыя ўлады. Значыць, ВНУ не заангажаваныя ў выплату згаданых стыпэндыяў для студэнтаў.

Стыпэндыі можна спалучаць зь іншымі формамі дапамогі, аднак у выпадку студэнтаў атрыманая сума ня можа перавысіць 90% месячнай зарплаты малодшага навуковага супрацоўніка ВНУ. Першыя стыпэндыі моладзь атрымае ў кастрычніку альбо ў лістападзе.

Рыбакі, якія хочуць памяняць прафэсію, альбо ліквідаваць стары катэр, павінны падаваць заявы, датычныя ягонага прызначэньня на злом. Гэткія асобы могуць спадзявацца дафінансаваньня з адмысловага фонду Эўрапейскага Зьвязу. Гаворка тут пра Фінансавы Інструмэнт Падтрымкі Рыбалоўства (IFOP), мэтай якога зьяўляецца падтрымка працэсу рэструктурызацыі рыбалоўства ў чальцоўскіх краінах. За пасярэдніцтвам IFOP Эўразьвяз фінансуе ініцыятывы, якія падтрымліваюць разьвіцьцё рыбнай гадоўлі, разьвіцьцё інфраструктуры портаў, рэструктурызацыю й мадэрнізацыю рыбацкага флёту ды мэтадаў гадоўлі й пераапрацоўкі рыбы. Рыбакі, якія вырашаць выйсьці з рыбалоўства, атрымаюць за катэр каля 250 тысяч эўра, а за лодку даўжынёй у 15 мэтраў — 150 тысяч эўра. Цягам бліжэйшых некалькіх гадоў на злом павінна быць прызначана каля 40% катэраў, а паводле іншых ацэнкаў, нават палова.

Гэта толькі некаторыя магчымасьці выкарыстаньня структурных фондаў Эўразьвязу. Да гэтага трэба дадаць дапамогу, якая ахоплівае сельскую гаспадарку, прадпымальніцтва і г.д.

Вялікія сумы, якія прызначаюцца на структурныя фонды, зьяўляюцца прадметам многіх дыскусіяў і пытаньняў пра эфэктыўнасьць іхнага выкарыстаньня. Пытаньне структурных фондаў закранае ўвагу грамадзкай думкі асабліва багатых краінаў — „платнкаў нэта”, якія ўносяць у эўразьвязаўскую касу больш, чым зь яе атрымліваюць, напрыклад, шляхам структурных фондаў.

У сувязі з гэтым, кожныя тры гады Эўрапейская Камісія абавязаная прадставіць адмысловы рапарт з рэалізацыі праектаў і запрапанаваць плян далейшых дзеяньняў.

Анна Дамбкоўская

 кантакт: kamunikat@poczta.onet.pl 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster