|
Палякі на эўрапейскім рынку працы
На момант пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу на дзесяць новых чальцоўскіх краінаў, у тым ліку Польшчу, большасьць тагачасных чальцоў скарысталася магчымасьцю абмежаваньня доступу грамадзянаў новых чальцоўскіх краінаў да сваіх рынкаў працы. Згаданыя абмежаваньні могуць працягвацца нават да сямі гадоў. Таму й права на свабоднае працаўладкаваньне палякаў на рынках усіх 25 краінаў Эўразьвязу будзе выпрацоўвацца паступова.
У большасьці дзяржаваў, якія былі чальцамі Эўразьвязу да 1 траўня 2004 году (да моманту пашырэньня), польскія грамадзяне змогуць атрымаць працу толькі пасьля таго, як раней яны атрымаюць дазвол на працу. У дзевяці новых чальцоўскіх краінах , а таксама ў Вялікабрытаніі, Ірляндыі й Швэцыі польскія грамадзяне могуць карыстацца дапамогай мясцовых службаў працаўладкаваньня й працаўладкоўвацца безь ніякіх дазволаў.
Ва ўсіх чальцоўскіх краінах падчас выдачы дазволаў на працу эўразьвязаўскія грамадзяне маюць пяршынства перад грамадзянамі краінаў, што не зьяўляюцца чальцамі супольнасьці.
Кіраўнік Ведамства Камітэту Эўрапейскай Інтэграцыі, міністар па эўрапейскіх справах Яраслаў Петрас лічыць, што ўжо неўзабаве палякам будзе лягчэй знайсьці працаўладкаваньне ў некалькіх наступных краінах гэтак званага „старога Эўразьвязу”.
На ягоную думку краіны-чальцы эўрапейскай супольнасьці перасталі баяцца палякаў, якія шукаюць працы за мяжою.
— Досьвед з гэткімі краінамі, як Вялікабрытанія, Ірляндыя ці Швэцыя паказаў, што, па-першае, няма ніякага вялікага наплыву рабочых з новых чальцоўскіх краінаў Эўразьвязу. Па-другое, боязі, зьвязаныя з гэтка званым „сацыяльным турызмам” — гаворка йдзе пра тое, што людзі выяжджаць за мяжу, каб скарыстацца сацыяльнымі прывілеямі іншай чальцоўскай краіны — аказаліся суцэльна неабгрунтаванымі. Таму цяпер Польшчы будзе намнога лягчэй размаўляць з краінамі, якія прадстаўлялі розныя сумневы, і пасьля двух гадоў чальцоўства спаслацца на кляўзулю, якая дае магчымасьць альбо працягваць абмежаваньні для працоўных, альбо ўжо не.
Паводле Яраслава Петраса сыгналы пра намер адкрыць для польскіх грамадзянаў рынкі прыцы накіроўваюць да Польшчы таксама іншыя краіны. Тым часам паводле яго, праўдападобна, найбольш цяжка будзе размаўляць пра гэта з чальцоўскімі краінамі Эўразьвязу — заходнімі суседкамі Польшчы.
Пасьля 1 траўня тысячы палякаў выехалі на працу за мяжу, але ня ўсе даюць там рады. Толькі частка зь іх знайшла працаўладкаваньне. Многім асобам не пашанцавала, таму што яны ня ведалі мовы, альбо ня мелі адпаведных кваліфікацыяў. Некаторыя зь іх былі выкарыстаныя нядобрасумленнымі пасярэднікамі, а іншыя скардзяцца на дыскрымінацыю ў месцы працы. Менавіта для згаданых палякаў прафсаюз „Салідарнасьць” падрыхтаваў адмысловую акцыю. Ад верасьня ў рэгіянальных аддзелах прафсаюзу можна будзе атрымаць інфармацыю пра характарыстыку рынкаў у паасобных чальцоўскіх краінах і пра тамтэйшыя прафсаюзы.
Нашым суразмоўцам зьяўляецца Робэрт Шэўчык з аддзелу па замежных справах Агульнапольскай Камісіі прафсаюзу „Салідарнасьць” .
Ці маглі б Вы патлумачыць, у чым заключаецца згаданая акцыя?
— Акцыя будзе праходзіць у значна большым маштабе, чым гэта адбывалася да гэтай пары. Дарэчы, кантакты з уладамі прафсаюзаў, у тым ліку таксама сэктарных прафсаюзаў зь іншых краінаў, для нас — не навіна. Мы падтрымліваем сувязі ўжо здавён, а цяпер яны павінны стаць больш інтэнсыўнымі. Мы хочам дапамагчы нашым чальцом, якія хочуць паехаць за мяжу, акліматызавацца на месцы. Магчыма, гэта будзе адбывацца за пасярэдніцтвам сяброўскіх прафсаюзных цэнтраў у краінах працаўладкаваньня палякаў.
Ці акцыя „Салідарнасьці” зьяўляецца вынікам скаргаў польскіх працоўных на ўмовы працы за мяжою?
— Мы атрымліваем і гэткія сыгналы. Ня можна ўтойваць, што, выяжджаючы ня толькі з Польшчы, але таксама зь іншых чальцоўскіх краінаў у краіны гэтак званай „старой пятнаццаткі”, і асабліва ў тыя краіны, якія адразу ж пасьля пашырэньня адчынілі свой рынак працы для палякаў (Ірляндыя, Вялікабрытанія, Швэцыя), працоўныя апынаюцца ў розных сытуацыях. Польскія працаўнікі з адпаведнымі кваліфікацыямі працуюць за мяжой эфэктыўна й атрымліваюць за сваю працу высокія зарплаты. Але здараецца й так, што палякаў выкарыстоўваюць як танную рабочую сілу. Нашае заданьне й абавязак загарантаваць ім станоўчыя ўмовы працы і ахову ад выкарыстоўваньня, а з другога боку, перашкодзіць у зьнішчэньні посьпеху тамтэйшых прафсаюзаў. Гаворка йдзе пра адпаведныя ўмовы працы, ці сацыяльныя гарантыі. Рэч у тым, каб рабочая сіла, якая наплывае з новых чальцоўскіх краінаў, была прафэсійная й не спрычынялася да адмоўчых наступстваў на мясцовых рынках працы.
Што можа зрабіць асоба, якая, працуючы за мяжою, апынецца ў нейкай складанай сытуацыі? Куды яна павінна зьвярнуцца?
— Галоўнае, зарыентавацца, ці на дадзеным прадпрыемстве дзейнічае прафсаюз, альбо ці існуе нейкі ў бліжэйшай ваколіцы (усё ў залежнасьці ад краіны й мясцовай прафсаюзнай структуры, якая адрозьніваецца ў паасобных дзяржавах). Гаворка йдзе пра сэктарныя альбо рэгіянальныя структуры. Найважнейшая справа — наладзіць кантакт з прафсаюзам і папрасіць дапамогі, што азначае ўступленьне ў мясцовы прафсаюз. Няраз польскія пацоўныя, напрыклад, працаўладкаваныя ў нарвэскіх верфях, уступаюць у нарвэскія прафсаюзы. У скандынаўскіх краінах стыуацыя намнога прасьцейшая, бо там існуе доўгая прафсаюзная традыцыя (у прафсаюзе там больш за 80% грамадзтва).
А ў якіх краінах найцяжэй вырашыць праблемы працоўных?
— Цяжка гэта ахарактарызаваць у геаграфічным аспэкце. Я паўтару яшчэ раз: бываюць розныя сытуацыі ў розных краінах, таму ня можна ўсяго падсумаваць, гаворачы, што, напрыклад, у Нямеччыне сытуацыя адмоўная, у Швэцыі цудоўная, у Вялікабрытаніі бывае па-рознаму, а ў Францыі — крыху лепш. Ня можна так сказаць, таму што ўсе выпадкі вельмі розныя, і яны залежаць ня толькі ад стаўленьня працоўных, але ад працадаўцаў, сэктару прамысловасьці, прафсаюзных традыцыяў, ці ад эканамічнай сытуацыі дадзенай дзяржавы.
Мы казалі пра сытуацыю, калі нехта сутыкаецца з праблемамі за мяжою. А калі нехта толькі зьбіраецца за мяжу, ці ён таксама можа скарыстацца дапамогай прафсаюзу „Салідарнасьць”?
— Зразумела, што так. І ў гэтым аспэкце мы маем найбольш магчымасьцяў і найбольш заданьняў. Гаворка йдзе пра дапамогу перш чым узьнікнуць праблемы. Да нас часта прыходзяць групы працаўнікоў, якіх за мяжу запрашае нейкая фірма. У гэткай сытуацыі мы можам: па-першае, папрасіць нашых калегаў-прафсаюзьнікаў з дадзенай краіны, каб яны заняліся згаданай групай: прынялі іх у мясцовыя прафсаюзы й аказалі дапамогу ў раскватараваньні альбо ў рознага роду фармальнасьцях, зьвязаных з прабываньнем у гэтай краіне. А таксама, што вельмі важна, мы просім праверыць кантракты на працу й зьвярнуць увагу на элемэнты, якія маглі б спрычыніцца да дыскрымінацыі польскіх працоўных.
Ці да прафсаюзу могуць зьвяртацца таксама індывідуальныя асобы?
— Мы не адмаўляем у дапамозе нікому. Ані нашым чальцом, ані тым асобам, якія не зьяўляюцца чальцамі прафсаюзу. Тым ня менш, трэба заўважыць, мы ўспрымаем чальцоў прафсаюзу інакш, таму што яны ўносяць складкі й павінны спадзявацца на нашую дапамогу. Менавіта гэткім асобам мы абавязаныя асабліва дапамагчы.
Ці валодаеце Вы інфармацыяй пра тое, якія прафэсіі ды ў якіх краінах карыстаюцца найбольшай папулярнасьцю?
— Гэта вельмі складаная справа, таму што, наогул, прафсаюз не зьяўляецца бюро пасярэдніцтва працы. Гэтым пытаньнем займаюцца адпаведныя агенцтвы. Заданьнем прафсаюзу не зьяўляецца стварэньне месцаў працы, пошукі месцаў працы, ці пасярэдніцтва ў атрыманьні працаўладкаваньня. Нашым заданьнем зьяўляецца атрыманьне як найлепшых умоваў працы. Мы можам старацца дапамагчы працаўніком у выезьдзе, ці дапамагчы пачаць працу на месцы, стварыць лепшыя ўмовы прабываньня за мяжою. У сваю чаргу мы ня можам займацца стварэньнем базы зьвесткаў пра патрэбы рынку працы ў паасобных краінах. Гэткай інфармацыяй мы не валодаем.
Нядаўна Польшча адзначала сто дзён свайго чальцоўства ў Эўразьвязе. Ці можаце Вы падсумаваць: як польскія працоўныя даюць рады на эўрапейскім рынку працы?
— Наогул польскія працоўныя ўспрымаюцца ў краінах былой „15” вельмі станоўча, дзякуючы сваім высокім кваліфікацыям. Дарэчы, нягледзячы на ўзровень адукацыі, яны заўсёды зьяўляюцца прафэсіяналамі. Таму й карыстаюцца станоўчай ацэнкай. Апрача таго, шмат замежных працадаўцаў гаворыць пра высокую этыку працы палякаў. Гаворка йдзе пра 3-4 краіны, якія адразу ж адкрылі свой рынак працы для палякаў.
А ў прафэсійным сэнсе: інфарматык, архітэктар ці спэцыялісты рэдкіх прафэсіяў — для іх няма ніякіх пераходных пэрыядаў на эўрапейскім рынку працы.
Прыгадваем, што палякі, якія легальна працуюць у краінах Эўразьвязу, карыстаюцца такімі ж правамі, як мясцовыя рабочыя. Іх ахопліваюць эўрапейскія правілы, дытычныя прызнаваньня кваліфікацыяў і каардынацыі сыстэмы страхаваньня.
Ліквідацыя ўсіх абмежаваньняў, датычных доступу палякаў да эўразьвязаўскага рынку працы, павінна адбыцца перад 1 траўня 2009 году. У 2009-2011 гадох нейкія абмежаваньні будуць магчымыя толькі ў выпадку ўнутраных праблемаў на рынку працы дадзенай краіны. Aнна Дамбкоўская
|