|
Эўрапейскія палітыкі думаюць пра Беларусь
Падчас канфэрэнцыі, сарганізаванай Усходнеэўрапейскім Дэмакратычным Цэнтрам, ягоны кіраўнік Павал Казанэцкі заўважыў, што ні польскія, ні эўрапейскія палітыкі ня маюць ідэі, якім чынам ладзіць супрацоўніцтва зь Беларусяй. Ці сапраўды так ёсьць? — мы пацікавіліся ў намесьніка старшыні Эўрапейскага Парлямэнту Януша Анышкевіча. Януш Анышкевіч:
— Гэта сапраўды складаная справа, а вынікае часткова са слабасьці беларускае апазыцыі. Кажучы „апазыцыя”, я ня толькі маю на ўвазе людзей, згуртаваных вакол палітычных партыяў, але таксама шырэйшыя колы, такія, якімі, для прыкладу, была ў Польшчы „Салідарнасьць”. Гэта праблема. Мы цяпер ужо як чалец Эўразьвязу, які мае сваіх дэпутатаў у Эўрапарлямэнце, стаім перад дылемай — не прызнаючы беларускага парлямэнту, мы ў Беларусі ня маем партнэра да размоваў; не прызнаючы ўлады Аляксандра Лукашэнкі, мы таксама ня маем партнэра да дыскусіі. Мы вымушаныя абмяжоўвацца да сустрэчаў зь беларускімі апазыцыянерамі. Тым часам, калі дэлегацыя Эўрапарлямэнту едзе ў Беларусь, то ўсё ж такі павінна яна сустрэцца з прадстаўнікамі воргану, прызнаванага ў Беларусі парлямэнтам. Гэта складанае пытаньне. У сувязі з гэтым мы яшчэ нейкі час будзем дзейнічаць на прасторы паміж палітыкай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі, непрызнаньня яго, што азначае адсутнасьць размоваў, ды палітыкай нейкага дыялёгу, які выглядае падобным чынам, як выглядаў дыялёг дэмакратычных краінаў Захаду з польскай уладай у пэрыяд 80-х гадоў.
Ці ня ўдасца — можа, дзякуючы польскім эўрадэпутатам — перанесьці гэты дыялёг на ўзровень вельмі канкрэтных дзеяньняў, якія прымаюць, для прыкладу, урады Чэхіі ці Нямеччыны ў адносінах да канкрэтных выпадкаў, калі ў Беларусі чакаецца падтрымка з боку Захаду?
Януш Анышкевіч: — Амаль палову групы Эўразьвяз — Беларусь Эўрапейскага Парлямэнту складаюць палякі. У час апошняй сустрэчы я запрапанаваў групе канкрэтныя дзеяньні, мэтай якіх было б атрыманьне фінансавых сродкаў Эўразьвязу на адкрыцьцё й падтрымку беларускамоўнай радыёстанцыі, якая знаходзілася б на тэрыторыі Польшчы ці Летувы. Над гэтым трэба задумацца. Мы выступім з такой ініцыятывай. Старшыня групы дэпутат Богдан Кліх ужо, дарэчы, пра гэта заявіў. З такога тыпу прапановамі мы можам выступаць на ўзроўні Эўрапарлямэнту. Я спадзяюся, што зможам таксама праверыць, як працуюць розныя зьвязаўскія праграмы, такія як, для прыкладу, ТАСІС. Асаблівую ўвагу мы зьвяртаем на сыстэму стыпэндыяў для беларускае моладзі, якая вучылася ў Гуманітарным Унівэрсытэце, ці ў Беларускім Ліцэі імя Коласа. Гэтая моладзь можа мець цяжакасьці ў атрыманьні дыплёмаў у Беларусі. Трэба стварыць гэтым маладым людзям магчымасьць завершыць адукацыю. Мы спадзяемся, што яны вернуцца ў Беларусь, і тады беларускай уладзе цяжка будзе не прызнаць дыплёмаў, зь якімі яны вернуцца на радзіму.
Ці гэтая радыёстанцыя, пра якую вы згадалі, азначала б працяг існаваньня Радыё Рацыя?
Януш Анышкевіч: — Была б працягам, альбо нечым новым. Гэта менш істотнае. Найважнейшае, каб такая радыёстанцыя папросту існавала. Я думаю, што гэта будзе складана зрабіць у будучым годзе, таму што такое рашэньне зьвязанае зь бюджэтам. Мяркую, што калі мы пачнем дзейнічаць сёлета, то, мабыць, у 2006 годзе нашыя дзеяньні завершацца посьпехам. Я спадзяюся, што гэта нам удасца. У Эўрапарлямэнце, дзякуючы палякам, а таксама дэпутатам з краін Балтыі, пытаньне Беларусі часта ўздымаецца. Мы ня будзем спыняць гэтых намаганьняў.
Ці ў сувязі з гэтым, як ні парадаксальна, Эўрапарлямэнт, дзякуючы палякам, будзе больш адважны ў сваіх дзеяньнях за польскае Міністэрства Замежных Справаў? Польскі МЗС стараўся дапамагчы ў адкрыцьці беларускамоўнай станцыі, якая вяшчала б з тэрыторыі Польшчы, але ўсе гэтыя дзеяньні былі амаль сакрэтныя...
Януш Анышкевіч: — Сытуацыя ў гэтым выпадку значна лепшая. Карысьней схавацца за ініцыятывай цэлага Эўразьвязу, чым выступіць зь ёю самім. Трэба памятаць, што Аляксандар Лукашэнка даволі часта ў сваіх выступленьнях зьвяртаў увагу на тое, што беларуская апазыцыя карыстаецца падтрымкай Польшчы. У сувязі з гэтым Лукашэнка спрабаваў пераканаць іншых, што Польшча мае дрэнныя намеры ў дачыненьні да Беларусі й выкарыстоўвае беларускіх апазыцыянераў у якасьці сваіх агентаў. У сытуацыі, калі зь ініцыятывай выступіць Эўразьвяз, значна цяжэй будзе сфармуляваць такі закід. Праўдападобна, і так мы сустрэнемся з такім закідам, але значна цяжэй будзе пераканаць людзей, што такі закід абапіраецца хоць бы на малой частцы праўды.
Вы сказалі, што эўрапейскія палітыкі не адмаўляюць у дыялёгу зь беларускай уладай, з Аляксандрам Лукашэнкам. Ці можна весьці дыялёг зь людзьмі, якія фармулююць такія абвінавачаньні?
Януш Анышкевіч: — Я сказаў, што Эўразьвяз пакуль што забараняе такі дыялёг. Я сказаў, што ў сувязі з гэтым мы адкідаем пэўныя магчымасьці. Я ня ведаю, ці гэта можна будзе ўтрымаць. Я зьяўляюся прыхільнікам таго, каб такую ізаляцыю надалей утрымліваць, але мы пабачым, ці гэта дасьць нейкія вынікі, ці не. Можа трэба будзе весьці, скажам, больш рэальную палітыку, якая ў меншай ступені будзе абапірацца на раней вызначаных накірунках. Эўразьвяз вядзе размовы з прадстаўнікамі парлямэнтаў, якія былі выбраныя недэмакратычным шляхам — для прыкладу, з парлямэнтам Паўночнай Карэі. Размаўлялі Тамаш Саевіч і Яраслаў Іванюк
8.10.2004
|