|
Польскі МЗС пра Беларусь
У чацьвер 21 кастрычніка
2004 г. Міністэрства Замежных Справаў Польшчы выдала афіцыйную заяву ў справе парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. У ёй польскае зьнешнепалітычнае ведамства „выказвае сваю занепакоенасьць” з прычыны парушэньняў „асноўных дэмакратычных стандартаў, якія вынікаюць як зь міжнародных абавязаньняў Беларусі, так і з унутранага яе заканадаўства”.
„Міністэрства Замежных Справаў заклікае да спыненьня аўтарытарных практыкаў, нязгодных з эўрапейскімі каштоўнасьцямі й прынцыпамі, якія зьяўляюцца падставай палітычнага ладу ўсіх сучасных эўрапейскіх дзяржаваў.”
У заяве гаворыцца, у прыватнасьці, што „асабліва глыбокі супраціў выклікаюць рэпрэсіі адносна апазыцыйных дзеячоў [...] ды абмяжоўваньне свабоды слова, свабоды выбару палітычнага прадстаўніцтва й свабоды сходаў”. Ці гэты супраціў польскага МЗС застанецца на паперы, ці аднак будзе мець нейкае канкрэтнае вымярэньне?
Гаворыць прэсавы сакратар польскага Міністэрства Замежных Справаў Аляксандар Хэцька.
А.Хэцька: Мне здаецца, што гэты супраціў — ня толькі пазыцыя польскага ўраду ці польскага МЗС.
Польскае грамадзтва шмат перажыло ў апошнія дзесяцігодзьдзі. Яно самое мела вельмі складаны шлях да дэмакратыі, яно доўгі час жыло ва ўмовах рэжыму — наколькі быў ён жорсткі, ці можна яго параўнаць зь беларускім — гэта цалкам іншае пытаньне. Але мы, палякі, маем свой досьвед. Мы ведаем, што такое дэманстрацыя, што такое разагнаная дэманстрацыя, што такое дубінкі й допыты, што азначае, калі некага не дапускаюць да выбараў і фальшуюць вынікі выбараў. Мы ўсё гэта ведаем, бо перажылі. Мы гэта разумеем, мне здаецца, нашмат глыбей і дакладней, чым іншыя эўрапейскія краіны. У сувязі з гэтым, нашае стаўленьне да сытуацыі ў Беларусі, апрача акрэсьленьня пазыцыі ў заяве, вельмі эмацыйнае. Мы ж бачым у тэлевізіі, чуем па радыё, што ў дадзены момант адбываецца на Беларусі.
Мы шкадуем, што ёсьць так, а ня йнакш. І афіцыйна, і таксама як людзі, як бліжэйшыя суседзі Беларусі. Для нас вельмі важнае тое, як улада ставіцца да беларусаў, як выглядае штодзённае жыцьцё нашых суседзяў.
З заявы вынікае таксама, што Польшча будзе падтрымліваць на міжнароднай арэне ідэю дэмакратызацыі Беларусі.
А.Хэцька: Я прапаную пачаць ад таго, чым Польшча, у прыватнасьці, у гэтай афіцыйнай пазыцыі, адрозьніваецца ад іншых эўрапейскіх краінаў. З фармальнага пункту гледжаньня можна сказаць, што Польшча гаворыць так, як увесь Эўразьвяз. Але зьвярніце ўвагу на тое, што Польшча ў розных папярэдніх заявах, у розных сыгналах, якія высылае як у бок Эўразьвязу, так і ў бок Беларусі, а таксама ў разнастайных канкрэтных дзеяньнях стараецца даць зразумець і Эўропе, і беларусам, што нельга дапусьціць да ізаляцыі Беларусі й беларускага народу.
Мы маем іншую пазыцыю, чым рэшта Эўропы, бо Польшча мяжуе зь Беларусяй. Беларусы зьяўляюцца суседзямі палякаў. Таму наш абавязак — падыходзіць да суседзкіх суадносінаў зь вялікай уважлівасьцю. Мы стараемся, не падтрымліваючы стасункаў на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, утрымліваць кантакты на ўзроўні самакіраваньня, вырашаць нейкія канкрэтныя справы, як, для прыкладу, бясьпека супольнае мяжы, асьветніцкія пытаньні, культурніцкія, ці справы стыпэндыяў. Гэтым мы займаемся штодня. І мы стараемся, каб усе гэтыя нашыя крокі не прывялі да ізаляцыі Беларусі й беларусаў у нашым геаграфічным абшары. Я лічу, што, з аднаго боку, гэта была б блізарукасьць эўрапейцаў, а з другога, была б гэта параза і Беларусі, і беларусаў.
Нам залежыць на тым, каб беларускія грамадзяне прыяжджалі ў Польшчу. Калі яны ня могуць у сябе пабачыць пэўных стандартаў па розных прычынах — абмежаваньне свабоды слова, свабоды прэсы, абмежаваньне доступу да міжнароднай тэле- і радыёінфармацыі, то яны могуць убачыць гэта ў Польшчы. Мабыць, тут нашыя стандарты яшчэ не дасягнулі навышэйшага сусьветнага ўзроўню. Тым ня менш, мне здаецца, што ў гэтым пляне Польшча шмат чаго дасягнула за вельмі кароткі пэрыяд. І мы гатовыя дзяліцца гэтым досьведам.
Якога роду ініцыятывы маюцца на ўвазе, пра якія ў заяве сказана, што Польшча будзе іх падтрымліваць на форуме Эўразьвязу, АБСЭ і іншых міжнародных установаў? Ці маюць гэта быць беларускія ініцыятывы, ці ўнутраныя, польскія?
А.Хэцька: Я думаю, што і адно, і другое. На маю думку, нельга тут гаварыць пра нейкі гатовы плян, які чакае толькі моманту, калі ў Беларусі нешта зьменіцца. Гэта мусіць выглядаць інакш. У Беларусі мусіць нешта памяняцца, каб Эўразьвяз, да якога належыць Польшча, сам працягнуў руку. На дадзены момант так выглядае сытуацыя.
Я ўпэўнена скажу, што ініцыятыва й патрэба актывізацыі знаходзіцца па беларускім баку. Але напэўна Польшча будзе працягваць палітыку малых крокаў з мэтай вырашэньня канкрэтных справаў, каб не ізаляваць Беларусі й беларусаў, каб даць ім шанец, каб гаварыць пра нейкую пэрспэктыву.
Далей у заяве гаворыцца, што пасьля выкананьня дэмакратычных стандартаў і міжнародных абавязаньняў, якія ўзяла на сябе Беларусь, яна зможа зноў заняць адпаведнае месца ў эўрапейскай сям’і народаў. Ці нехта яе адтуль выкінуў?
А.Хэцька: Я думаю, што істота — не ў гульні слоў. Тут маецца на ўвазе вельмі канкрэтны перагляд цэлага каталягу стардартаў, ці інакш, пунктаў, станоўчы адказ на якія дасьць канчатковую ацэнку, ці дадзеная краіна выконвае эўрапейскія стандарты, ці не. Датычаць яны шматлікіх галінаў. Тым ня менш, пытаньне асноўных правоў і грамадзянскіх свабодаў зьяўляецца сярод іншых найважнейшым. І ад гэтага трэба пачаць. Гэта найвышэйшыя каштоўнасьці, ад якіх пачынаецца большасьць Канстытуцыяў эўрапейскіх дзяржаваў, усіх дэмакратычных краін сьвету. Таму неабходна ўзяць Канстытуцыю ў рукі й праверыць пункт па пункце, ці ейныя запісы выконваюцца на практыцы. І калі б яны былі блізкія гэтым стандартам, то тады ўжо можна размаўляць.
Заявіў прэсавы сакратар польскага Міністэрства Замежных Справаў Аляксандар Хэцька, які таксама дадаў, што такога роду заявы зьяўляюцца афіцыйным сыгналам як для беларускіх ўладаў, так і для міжнароднай супольнасьці пра тое, якую пазыцыю займае Польшча адносна клімату правядзеньня нядзельных выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі. Размаўляла Эльвіра Богдан
21.10.2004
|