|
Пад знакамі Арла й Пагоні
Сакрат Яновіч
У пачатку вясны 1921 году Польшча падпісала ў Рызе мірны трактат з Савецкай Расеяй і Савецкай Украінай, на падставе якога была ўстаноўленая мяжа па Стоўпцы. Адбыўся падзел Беларусі, тэрыторыю якой раскалолі амаль напалову. У рыскіх перамовах, а працягнуліся яны каля пяці месяцаў, ад восені 1920 году, не прынялі ўдзелу ніякія беларускія прадстаўнікі: ні бальшавіцкай арыентацыі, ні тым болей дэмакратычнай. Украіну дзялілі прынамсі пры згодзе яе чырвонага ўраду; беларускае ж пытаньне нават і не пазначанае ў трактатных дакумэнтах (замест аховы правоў беларусаў, што апынуліся пад Польшчаю, гаварылася пра гарантыі расейскаму насельніцтву, украінскаму). Вось так былі патрактаваныя амбіцыі нашага народу, які захацеў быць сабою. Пад гэтым прысудам бачыцца й подпіс Леана Васілеўскага, будучага ў складзе польскай дзяржаўнай дэлегацыі. Знамянальная дэталь.
Польска-беларускія адносіны страцілі важную сваю рысу, менавіта, салідарнасьць у супраціве маскоўскаму імпэрыялізму. Гэтая зьява ўжо не аднавілася. Наадварот, пасьля трактату ў Рызе пашырыўся ў беларускіх элітах комплекс сірочасьці, здрады інтарэсам Беларусі з боку суседніх дзяржаваў, асабліва балюча адчувальны на лініі кантактаў з палякамі. Але важнейшым клопатам Варшаве ў той момант быў канфлікт зь Летувіскай Дзяржаваю за гэтак званы Віленскі Край; летувісам удалося дабіцца некаторай міжнароднай падтрымкі ў іхных прэтэнзіях на Вільню й цэлы рэгіён.
Стан дэфэтызму, альбо й роспачы ў асяродзьдзі палітычных беларусаў скончыўся ў 1922 годзе, калі ўзьнялася новая хваля актывізму. На савецкім баку заварушыліся ўлады вакол будаўніцтва Беларускай Рэспублікі, як прыгоднай між іншым у фікцыйнай ролі адной з заснавальніцаў СССР.
У Заходняй жа Беларусі адшумелі ўсенародныя выбары ў польскі парлямэнт, у выніку якіх сфармаваўся невялікі, але затое дынамічны дэпутацкі Беларускі Клюб, узначалены слаўным потым Браніславам Тарашкевічам. На сытуацыю паабапал стаўпцоўскага кардону ўсё яшчэ моцна ўплывала нядаўняе Слуцкае паўстаньне ў зазімак з дваццатага на дваццаць першы год, як і дзейнасьць Беларускага Цэнтру ў Вільні, які досыць удала разбудзіў заходнебеларускі партызанскі рух, хоць і зь відочнымі намаганьнямі ў ім бальшавіцкага Менску перахапіць ініцыятыву. Няўдача зь незалежнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе — цалкам, зрэшты, зразумелая з пэрспэктывы сёньняшняга часу — спарадзіла вялікае замяшаньне, якое ў сваім крайнім выглядзе наглядалася менавіта ў першыя дваццатыя гады.
Антыбальшавіцкае паўстаньне на Случчыне ўспамагаў зброяй і амуніцыяй польскі армейскі штаб у Баранавічах; на Палесьсі праводзіў свае ваенныя апэрацыі генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч, таксама не без прыхільнай падтрымкі Юзэфа Пілсудскага. Аднак, ці ў Бэльвэдэры ўсур’ёз pазьлічвалі на нейкія трывалыя рэзультаты тых акцыяў, ці ўсяго толькі на часовы іх дывэрсійны ўжытак? Не засталіся ў даўгу й саветы, закідаючы ў польскі тыл, у палескія й прынёманскія пушчы, групы беларускіх інсургентаў, пакуль у 1923 годзе не ўмяшалася Масква, даўшы загад спыніць узброеную правакацыю, якая магла ж давесьці да разьні й небясьпечнага для галоднай Расеі выбуху другой вайны з Польшчаю. Так паслужыліся беларусамі камуністы. А як спатрэбіліся яны ковенскай Летуве? Вельмі падобным чынам. Як інструмэнт для барацьбы за яе інтарэсы. У той час у Коўне была прыдумана ідэя гэтак званай Вялікай Літвы, у рамках якой заходнебеларускія воласьці атрымалі б шырокую культурна-палітычную аўтаномію. Утопія і савецкай, і летувіскай канцэпцыяў адарваць ад Польшчы яе „Крэсы” была і ў тую эпоху дастаткова ясная кожнаму думаючаму; Варшава дамаглася, чаго хацела, не рацыямі альбо аргумэнтамі, але сваімі шматлікімі штыхамі ды карабінамі. Дзяржаўныя мэты вызначылі кулямёты.
Не агентурная, але сапраўды нацыянальная думка высьпявала ў Беларускім Клюбе парлямэнту Рэчы Паспалітай. Рабілася ў ім стаўка на аўтаномію са сталіцаю ў Вільні. Яе рэалістычнасьць хутка аказалася пад пытальным знакам у кантэксьце ўпартай нерэалізацыі Польшчай унутранай самастойнасьці ўкраінскай Галіччыны, хоць і афіцыйна абавязалася яна дзеля гэтага на эўрапейскім форуме, чаго дамагліся львоўскія палітькі ў прадстаўнічых ворганах Лігі Нацыяў.
Тупіковасьць беларускае карты ў міжнародным покэры завяршылася ліквідацыяй пралітоўскага Беларускага Цэнтру ды ягонай антыпольскай падпольшчыны на Віленшчыне з Гарадзеншчынаю. Гэтак жа заціхлі прапольскія сілы, сымбалем якіх стаў генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч (здолеў ён сваіх вэтэранаў уладкаваць на працу, напрыклад, у лесапільнях Белавежы...) А пра аўтаномнасьць Заходняй Беларусі Браніслаў Тарашкевіч сказаў у польскім Сойме, што была гэта яго кароткачасовая наіўнасьць. Што было рабіць у такой безвыходнай сытуацыі? Зноў павярнуць свой позірк на Расею ды падпарадкаваны ёй Менск, што й здарылася. За гэта чарговы раз заплацяць страшэнную цану беларусы, але разам зь імі й палякі. Нічога няма дарма ў гісторыі (лішні раз пацьвердзілася гэта ў 1939 годзе, 17 верасьня).
Сумны роздум пра польска-беларускія суадносіны падсоўвае розуму й такую навуку: нацыянальны эгаізм у дачыненьнях з суседзямі заўсёды даводзіць да самотнасьці, а ў выніку яе — і да катастрофы. Могуць не разумець гэтага простыя людзі, але не інтэлігенты, соль нацыі.
* * *
Палітычнае становішча нязьменна абумоўлівае таксама ўзаемныя сувязі ў сфэрах духоўнасьці. Гэта аксіёма.
Дваццацігодзьдзе паміж Першай і Другой Сусьветнымі войнамі вызначылася ў беларусаў парадоксам бурлівага разьвіцьця іх культуры з адначаснай дэгенэрацыяй палітычных памкненьняў. Прычына гэтага ў тым, што культурастваральная актыўнасьць вальней паддаецца тэрору ўлады, чым менавіта палітычная, якую прасьцей перапыніць, хоць бы паліцэйскімі сродкамі. Паказаў гэта пераломны 1930 год, у які ўжо сядзела ў вязьніцах большасьць нацыянальных дзеячаў па абодвух бакох польска-савецкага кардону, але тая першая хваля арыштаў яшчэ мала кранула якраз творцаў.
Пад канец міжваеннага пэрыяду аказалася, што абедзьве дзяржавы, якія так згодна ў Рызе падзялілі паміж сябе Беларусь, зрабілі ўсё, каб яна болей не паднялася. Чаго дапусьціўся сталінізм, мы ведаем. Нельга зь ім параўноўваць польскі рэжым, які характарызаваўся тыповай у тыя часы нормаю эўрапейскай цывілізацыі: не было пры ім ні масавых забойстваў, ні дэпартацыяў, ні расстрэлаў без суду. Усё беларускае глушылася адміністрацыйнымі мэтадамі, захоўваючы аднак законнасьць — дзесяцігадовыя прысуды ў СССР былі мінімальнымі, а ў Польшчы здараліся рэдка й лічыліся цяжкімі; а канцэнтрацыйны лягер быў толькі адзін, невялікі, на пару тысячаў чалавек, у Картуз-Бярозе.
Гістарычныя досьледы выявілі дакладную залежнасьць антыбеларускіх пачынаньняў Варшавы тае пары ад адносінаў Крамля да Беларускай ССР. Глумленьне энкавэдыстамі менскіх элітаў неадкладна выкарыстоўвалася Варшаваю дзеля далейшага скарачэньня культурна-нацыянальнага жыцьця ў Заходняй Беларусі. Здавалася б, павінна ж адбывацца наадварот: паяўляўся неспадзяваны шанец прыхіліць беларусаў. Але тагачаснай Польшчы яны былі непатрэбныя. Напярэдадні 1939 году настолькі паўсюдна супрацьстаўляліся заходнебеларусы, што зьніклі нават ілюзорныя магчымасьці на нейкае паразуменьне зь імі ўрадавых колаў. Сталася як сталася, і неўзабаве густа пасыпаліся высокія рахункі адным і другім. Вынік гэтага няцяжка было прадугледзець: Польшча была прымушаная назаўсёды пакінуць шырокую паласу ад Чорнага мора да Балтыйскага, а цяпер выпхнутая зь яе й Расея.
Варта спакойна ўдумацца ў тую эпоху й спрабаваць знайсьці адказ на пытаньне, ці даваенная Польшча была ў стане весьці на тых „Крэсах” іншую, чым каляніяльную, палітыку? Аналізы яе гаспадарчага патэнцыялу паказваюць, што — не! Хапала ёй грошай толькі на павелічэньне ў чатыры разы паліцыі ва ўсходніх ваяводзтвах. Свайго роду афрыканізацыя гэтай тэрыторыі выклікала вялікую прыцягальнасьць ідэяў камунізму, якія — што таксама характэрнае — ня мелі істотнай папулярнасьці сярод карэнных палякаў у глыбіні краіны. Без гаспадарчай інтэграцыі гэтыя землі заставаліся штучна далучанымі да польскай дзяржавы, а працэс іх палянізацыі праходзіў надта павярхоўна, абмежаваны да нешматлікіх адукаваных адзінак і да гарадзкога пралетарыяту, у якім пераважаў прышлы элемэнт зь перанаселеных заходніх прамысловых акругаў.
У галіне літаратуры й мастацтваў гэтак жа не знаходзім сьлядоў партнэрства. Вільня — як цэнтар культуры — набыла амаль выключна польскае аблічча. Беларускі Парнас даўно перасяліўся ў Менск, а на апусьцелым па ім месцы ледзь бачна рунелі сям-там маладыя таленты, фактычна, пачаткоўцы, якім не было ўпоравень нават з тутэйшым пісьменьніцкім асяродзьдзем, ня кажучы ўжо пра варшаўскае. Максім Танк, Міхась Машара, Міхась Васілёк, Натальля Арсеньнева, Валянцін Таўлай, Піліп Пестрак — усё гэта прозьвішчы, пра якія гаварылася як пра абнадзейваючыя, але ня болей. Час ад часу друкавала іх творы люблінская „Камэна” альбо львоўскія „Сыгналы”, нешта зьмяшчалася і ў „Атэнэуме”. Гэта элітарныя часопісы, без заўважальнага грамадзкага значэньня.
Да сумнага сымбалю тае сытуацыі належыць постаць Браніслава Тарашкевіча, беларускага велікана, але й асобы з польскай культурай. Клясычны эўрапеец, стваральнік Граматыкі беларускай мовы, пецярбурскі прафэсар, палітык, літаратар (пераклаў Пана Тадэвуша, Іліяду), правадыр славутай Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, сябар варшаўскіх міністраў, добры знаёмы Юзэфа Пілсудскага, парлямэнтар Рэчы Паспалітай, індывідуальнасьць, якую ахвотна віталі ў салёнах польскай сталіцы. Верыў ён, што ўдасца нешта карыснае ўчыніць для Заходняй Беларусі. І расчараваўся да самюткага дна. У 1925 годзе ўхапіўся апошняй надзеі, не пазбаўленай некаторай рэальнасьці: зьвязаўся з камуністычным рухам, з маскоўскім Інтэрнацыяналам. Адвярнуўся ад Польшчы, але не ад яе культуры.
Не прадугледзеў дзьвюх рэчаў: таго, што Варшава зьнішчыць яго толькі палітычна, а Масква яшчэ й фізычна — выстралам у патыліцу 29 лістапада 1938 году.
Усюды, дзе зьявіўся камунізм, лягалі покатам у пясок мільёны людзей. Польшча з культам Пілсудскага не была камуністычнай, а спачатку нават і не нацыяналістычнай. Але, лёгіка гісторыі непазьбежна выводзіла народы на эшафот сатрапаў. У верасьні 1939 году ў Берасьці сустрэліся дзьве арміі, якія затапталі Польшчу: савецкія камандзіры стукнуліся чаркамі зь нямецкімі, супольна прынялі парад войскаў. Гэта не было вызваленьне Заходняй Беларусі, гэта быў падзел Эўропы па лініі ракі Буг. Польшча была высьмеяная як часовая дзяржава; у Крамлі падумвалі аб савецкіх танках на бульварах Парыжа, а ў Бэрліне плянавалі адкінуць Расею за Ўрал, у сыбірскую бяскрайнасьць, адкуль доўга не паявіцца на белы сьвет... Беларусі мела ўвогуле ня быць. (працяг будзе)
|