|
МОВА Й НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ТОЕСНАСЬЦЬ БЕЛАРУСАЎ
частка 4
Ніна
Баршчэўская
У адраджэньні й пашырэньні беларускае мовы важную ролю адыгралі: Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Браніслаў Тарашкевіч і Ян Станкевіч.
Вацлаў Ластоўскі
Вельмі высока дзейнасьць Вацлава Ластоўскага ды ягоную ролю ў адраджэньні беларускага народу ацаніла газэта „Бацькаўшчына”[1]. Янка Станкевіч напісаў, што належыць ён да тых нешматлікіх беларусаў, якія ня толькі ўсёй душою аддаліся беларускай справе, але аддалі ёй і ўвесь свой час.
Вацлаў Ластоўскі займаўся рэдагаваньнем „Нашай Нівы” ды ўсім, што спрыяла беларускаму руху. Вёў ён нацыянальна ўсьведамляльную працу з усімі, хто прыяжджаў у Вільню й хаця крыху цікавіўся беларускай справай. Вельмі часта кантактаваўся з моладзьдзю: „...заражаючы маладзёнаў ідэяй беларускага нацыянальнага адраджэньня, Ластоўскі ратаваў іх маральна”[2]. Станкевічу здаралася сустракацца зь людзьмі, якія казалі, што калі б Ластоўскі не прышчапіў ім беларускае ідэйнасьці яшчэ ў школьным веку, дык яны ня толькі зьгінулі б для свайго народу, але загінулі б і маральна.
В. Ластоўскі быў добрым публіцыстам. Пасьля доўгага паняволеньня, уціску, зьдзекаў, нішчэньня, нярэдка й фізычнага, у беларускага народу засталася толькі мова ды мінуўшчына – заўважае Ян Станкевіч. Мала які народ здолее пражыць без свае мовы, а бяз мовы ды мінуўшчыны – гістарычнае традыцыі – няздольны да гэтага ніводзін народ. І таму мова й гістарычная традыцыя – найбольш патрэбныя ды найдаражэйшыя скарбы народу. В. Ластоўскі разумеў гэта й моцна рупіўся пра долю нацыянальных скарбаў. Ён вывучыў і напісаў ды выдрукаваў Кароткую гісторыю Беларусі, якая мела вельмі вялікае значэньне не таму, што пра Беларусь не было працаў, бо такія гістарычныя працы былі, напрыклад, Адама Кіркора. Значэньне Кароткай гісторыі Беларусі аўтарства В. Ластоўскага праяўлялася ў тым, што была яна напісана па-беларуску, што ўжываўся ў ёй назоў Беларусь, гаварылася пра беларускія землі, а не пра „западнорусские”.
Вялікія заслугі Вацлава Ластоўскага ў разьвіцьці беларускае мовы. Падрыхтаваў ён і выдаў Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Станкевіч вельмі крытычна ацаніў гэтую працу, пішучы, што Ластоўскі ня здолеў аддзяліць зерне ад мякіны й толькі папсаваў багаты матэрыял, мяшаючы прыродныя беларускія словы з уласнымі наватворамі.
Інакш на слоўнік В. Ластоўскага глядзяць сёньня мовазнаўцы ў Беларусі. У ацэнцы Алены Ніякоўскай[3]:
„Слоўнік – гэта суцэльны твор, цікавы, дынамічны, арганізаваны вакол адзінай ідэі – нацыянальнай. Так званая экстралінгвістычная частка слоўніка – гэта не толькі гістарычна-этнаграфічны матэрыял; яна ўключае і асобу аўтара, яго адносіны да прадмету даследавання – мовы”[4].
Пра падыход В. Ластоўскага да лексыкі сьведчыць Прадмова да слоўніка:
„Слова, гэта ня умоўны знак для выражэньня мысьлі, але мастацкі абраз, вызваны найжывейшымі пачуваньнямі, якія прырода і жыцьцё выклікалі ў первабытным чалавеку. Яно знаходзіцца ў цесным зьвязку з народным бытам, яго сьветаглядам, гісторыяй, звычаямі й абычаямі, а дзеля гэтага мова ёсьць вялікай нацыянальнай легендай і скарбніцай, сьвятой спадчынай, каторая пераходзіць з пакаленьня ў пакаленьне, з дзядоў, на ўнукаў. Ўвесь сьветагляд і паэзія нашых прадзедаў замыкаліся ў мове. Кождае слова было легендай-пагудкай, мітам; было поўнае зьместу і паэзіі: бо міт асновываўся на легендзе, а легенда замыкалася ў слове. Слова ёсьць творчасьцю ўсяго народу; формы слова шліфаваліся многімі пакаленьнямі і сталецьцямі, пакуль сталіся тым, чым яны сягоньня ёсьць”[5].
Многія дасьледнікі спадчыны Вацлава Ластоўскага падкрэсьліваюць, што ягоная лексыкаграфічная праца выкарыстоўваецца пры апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналёгіі[6].
„Слоўнік В. Ластоўскага мае агульны характар. У дадатку да яго змешчаны толькі ў перакладзе на беларускую мову назвы птушак, раслінаў, а таксама вайсковыя тэрміны. Тым не менш, як сведчаць матэрыялы навукова-метадычнай канферэнцыі «Актуальныя праблемы беларускамоўнага выкладання тэхнічных і прыродазнаўчых дысцыплін у ВНУ» (Мінск, 1993), многія з выкладчыкаў вышэйшай школы Беларусі пры стварэнні тэрміналагічных слоўнікаў па розных галінах навукі выкарыстоўваюць менавіта гэты слоўнік”[7].
Ян Станкевіч, нягледзячы на крытычную ацэнку Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка, адзначае руплівасьць Ластоўскага пра родную мову. Калі б хаця частка гэтай руплівасьці характарызавала іншых, дык беларускай мове не пагражала б вялікая небясьпека.
„Зь менаванага бачым, што Ластоўскі браў справы глыбока, з карэньня. Дзеля таго-ж ён стараўся аднавіць і пашырыць наш стары, праўдзівы нацыянальны назоў «Крывічы»”[8].
Да гэтай ацэнкі Вацлава Ластоўскага, зробленай Янам Станкевічам, варта дадаць ягоныя заслугі ў рэдагаваньні й выдаваньні ў Коўне беларускага часопіса „Крывіч”, што, дарэчы, высока ацэньваецца сёньня беларускімі дасьледнікамі[9]. В. Ластоўскі зьяўляецца таксама аўтарам многіх кніжных выданьняў: такой грунтоўнай працы, як згаданая Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі, падручнікаў Кароткая гісторыя, Першае чытаньне. Кніжыца для беларускіх дзетак дзеля навукі чытаньня, чытанак Незабудка й Сейбіт, хрэстаматыі Выпісы з беларускай літаратуры.
„Педагагічная спадчына В. Ластоўскага павінна шырока ўлівацца ў змест, формы і метады сучаснага выхавання і адукацыі. Яна дазваляе кожнаму выпрацаваць свой нацыянальны ідэал, заснаваны на гістарычных традыцыях і постацях, глыбока ўсвядоміць маральныя каштоўнасці, вызначыць высакародныя мэты жыцця і тым самым стварыць важныя стымулы для фармавання нацыянальнай свядомасці”[10].
Пра ролю Вацлава Ластоўскага ў адраджэньні й пашырэньні беларускае мовы ды беларускае нацыянальнае ідэі сьведчыць Міжнародная навуковая канфэрэнцыя „Вацлаў Ластоўскі – выдатны дзеяч беларускага адраджэньня”, прысьвечаная 110-м угодкам з дня нараджэньня вучонага, пісьменьніка й грамадзкага дзеяча, якая была сарганізаваная ў 1993 годзе ў Наваполацку[11].
Язэп Лёсік
Асобу Язэпа Лёсіка – грамадзкага дзеяча, пісьменьніка, мовазнаўца й пэдагога прыгадвае на старонках газэты „Беларус” Янка Запруднік[12].
„Асабліва выдатная Лёсікава роля ў моваведнай і пэдагагічнай галіне. На працягу 1920-х гадоў ён працаваў у тэрміналягічнай камісіі Наркамасьветы БССР, у Інстытуце Беларускай Культуры, Беларускай Акадэміі Навукаў, чытаў лекцыі беларускае мовы на настаўніцкіх курсах, у пэдагагічным тэхнікуме, на Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце. Язэп Лёсік напісаў колькі падручнікаў беларускае мовы для розных школаў. (...) На ягонай «Практычнай граматыцы» 1922 году вырасьлі новыя пакаленьні беларускіх настаўнікаў”[13].
Я. Запруднік заўважае, што, нягледзячы на заслугі, імя Язэпа Лёсіка ня згадвалася ў нарысах па гісторыі беларускае літаратурнае мовы, напрыклад, у бібліяграфічным паказьніку Беларускае мовазнаўства АН БССР 1967 году, дзе адзначаецца, што падаецца там поўны сьпіс прац па беларускаму мовазнаўству, няма ніводнае зь Лёсікавых працаў.
Тым часам гэта Язэп Лёсік асэнсаваў ролю нацыянальнае мовы ў дзаржаўным будаўніцтве Беларусі:
„Народ трэба навучыць, яму трэба паказаць, што пакуль не запануе ў краі ягоным наша родная мова, беларуская мова, да таго часу ён будзе бедны, цёмны й галодны. (...) Для нас мова – казаў ён, – становіць усё, нашу палітыку, эканоміку, наш грамадзкі лад жыцьця”[14].
У гісторыі беларускага мовазнаўства Язэп Лёсік пакінуў сьлед як арганізатар і ўдзельнік мовазнаўчага жыцьця ў 20-х гадох ХХ стагодзьдзя, як аўтар шматлікіх прац і дапаможнікаў па беларускай мове. Займаўся праблемамі правапісу, культуры мовы, лінгвістычнай тэрміналёгіі. Ягоныя падручнікі былі шырока вядомыя, неаднаразова перавыдаваліся.
„У значнай ступені дзякуючы ім у савецкай Беларусі стала шырока выкарыстоўвацца правапісная сістэма беларускай мовы, зафіксаваная ў «Беларускай граматыцы для школ» (1918) Б. Тарашкевіча”[15].
Шмат з таго, што напісаў Язэп Лёсік, ня страціла свайго значэньня й па сёньняшні дзень. Сьведчаньнем гэтага зьяўляецца факт, што сярод асобаў, якія ўнесьлі важкі ўклад у стварэньне беларускай навуковай тэрміналёгіі (Мікола Байкоў, Пётр Бузук, Вацлаў Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Сьцяпан Некрашэвіч, Аркадзь Смоліч), дастойнае месца належыць і Язэпу Лёсіку.
Браніслаў Тарашкевіч
Вялікую публікацыю, прысьвечаную Браніславу Тарашкевічу, зьмясьціў на старонках „Запісаў” А. Багровіч[16]. Аўтар першай беларускай граматыкі вучыўся пад кіраўніцтвам такіх выдатных мовазнаўцаў, як Аляксей Шахматаў, Яўхім Карскі, Ян Бадуэн дэ Куртэнэ. Апрача славянскіх моваў і літаратуры вывучаў таксама грэцкую ды лацінскую мовы. Браў удзел у заснаваньні Беларускага Пэдагагічнага Інстытуту ў Менску. Пасьля заняцьця беларускае сталіцы бальшавікамі пераехаў у Вільню, дзе ў 1918 годзе выдаў Беларускую граматыку для школ. Пасьля захопу Віленшчыны польскім генэралам Люцыянам Жэлігоўскім, у гадох 1920-1922 Тарашкевіч быў кіраўніком беларускага школьніцтва гэтак званай Сярэдняй Літвы, дзе ў той час было 200 беларускіх пачатковых школаў і 3 сярэднія. У верасьні 1922 году быў ён прызначаны дырэктарам Віленскае Беларускае Гімназіі. Браў адначасова ўдзел у працах Беларускага Навуковага Таварыства.
Пэдагагічна-навуковая праца Браніслава Тарашкевіча абарвалася з момантам выбару яго напрыканцы 1922 году паслом у польскі Сойм, дзе ачоліў Беларускі Пасольскі Клюб і 34 разы выступаў з прамовамі ў абароне інтарэсаў беларускага жыхарства польскай дзяржавы. За палітычную дзейнасьць 29.11.1932 году Б. Тарашкевіч быў прысуджаны да 8 гадоў цяжкой турмы.
За час знаходжаньня ў вязьніцах Польшчы Тарашкевіч закончыў пераклад з грэцкае мовы ў беларускую Гомэравае Іліяды. Пераклаў таксама Пана Тадэвуша Адама Міцкевіча. Апрацаваў і выдаў пашыраную рэдакцыю Беларускае граматыкі для школ. Намерваўся апрацаваць Гістарычную граматыку беларускае мовы й таму прасіў польскія ўлады пакінуць яго ў Віленскай вязьніцы, дзе была багатая бібліятэка. На гэтую просьбу аднак польскія ўлады не зьвярнулі ўвагі, паколькі дамаўляліся з Масквою аб перадачы яго ў Савецкі Саюз. У выніку дамовы Тарашкевіч быў прывезены 6 верасьня 1933 году на польска-савецкую мяжу каля Стоўпцаў ды абменены на беларускага драматурга Францішка Аляхновіча, якога ўжо некалькі гадоў ГПУ трымала ў Салавецкім канцэнтрацыйным лягеры.
Тарашкевічу Масква не дазволіла заставацца ў Менску, але накіравала на працу ў Міжнародны Аграрны Інстытут пры Камінтэрне. У 1934 годзе прыняў ён савецкае грамадзянства, а 6 траўня 1937 году быў арыштаваны ў сваім памешканьні НКУС-ам. Як падае А. Бэргман, на мэтрыцы Тарашкевіча стаіць дата сьмерці 22 лістапада 1941 году, а як прычына сьмерці пададзеная „вада сэрца”[17].
А. Багровіч зьвяртае ўвагу на тое, што, паводле польскай дасьледніцы ягонага жыцьцёвага й творчага шляху Аляксандры Бэргман, Браніслаў Тарашкевіч ня быў камуністычным дзеячам у строгім разуменьні гэтага слова, але быў верным сынам свайго народу, быў выдатным вучоным, філёлягам-лінгвістам, быў таленавітым правадыром масаў, быў знакамітым прамоўцам, літаратарам, перакладчыкам і публіцыстам.
Беларуская граматыка для школ Б. Тарашкевіча „была высока ацэнена спецыялістамі, некалькі разоў перавыдавалася і адыграла выключна вялікую ролю ў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы”[18].
Ян Станкевіч
Ян Станкевіч сваёй лінгвістычнай працай і пурыстычным падыходам да мовы прычыняўся да ўзьнікненьня супярэчлівых поглядаў на ягоную ролю ў разьвіцьці й нармалізацыі беларускае мовы на эміграцыі. На старонках эміграцыйнага друку паяўлялася вялікая колькасьць публікацыяў, у якіх праяўляліся крытычныя адносіны да мовазнаўчае дзейнасьці Яна Станкевіча[19]. Тым ня меней, сёньня, з пэрспэктывы часу, прызнаецца ягоны ўплыў на выпрацоўку нормаў беларускае мовы ў эміграцыі. У ацэнцы Вітаўта Кіпеля:
„Найбольшы ўплыў на фармаваньне правапіснае й стылістычнае нормы мовы беларускага друку ў Амэрыцы зрабілі д-р Янка Станкевіч і Антон Адамовіч”[20].
Беларускі эміграцыйны дасьледнік дадае, што мова беларускага друку базуецца на правапісе Браніслава Тарашкевіча зь нязначнымі адхіленьнямі, такімі як: пазначэньне паляталізацыі прыназоўнікаў (зь лесу), скарачэньні злучніка і пасьля галосных (бацька й маці) ды некаторымі іншымі.
Менавіта Ян Станкевіч быў ініцыятарам пазначэньня на пісьме мяккасьці прыназоўнікаў на -з перад [j] і мяккімі зычнымі[21]. Станкевіч крытыкаваў Браніслава Тарашкевіча за тое, што аўтар Беларускай граматыкі для школ ня ўвёў гэтага правіла ў сваім падручніку.
„Зьмякчэньне ў прыймёнах з перад й і мяккімі сугукамі наступнога слова аўтар для вымовы прызнае, але ня хоча гэтае асаблівасьці абазначаць на пісьме. Якая раца? За абазначэньнем менаванае мякчыні на пісьме (пісаньням ь па з – зь ім, зь лесу, безь мяне, безь цябе і пад.) прамаўляе: 1) што зьмякчэньне запраўды ў вымове ё, 2) што ў слове мякчыню кожнага мяккога з, с мы абазначаем. Апрача таго іншыя славянскія мовы ня знаюць зьмякчэньня ў прыймёнах з, с. Калі мы менаванае мякчыні ня будзем абазначаць на пісьме, дык пры нябыцьцю ў нас беларускіх школаў, чытаючыя Беларусы перастануць гэтае з зьмякчаць, іншымі словамі – пачне гэтая беларуская асаблівасьць сьцірацца. Не абазначаць на пісьме мякчыні з у прыймёнах – значыць ісьці да ўтраты беларускай мовай яе індывідуальнасьці”[22].
Я. Станкевіч крытыкаваў таксама Б. Тарашкевіча за непасьлядоўнасьць у напісаньні злучніка й пасьля зычных[23].
Гэта, несумненна, заслуга Яна Станкевіча, што сёньня згаданыя асаблівасьці пасьлядоўна выкарыстоўваюцца тымі, хто прытрымліваецца клясычнага беларускага правапісу.
Вельмі багатая спадчына Яна Станкевіча. Апрача вялікай колькасьці мовазнаўчых публікацыяў – больш за 150 артыкулаў, у якіх закраналіся пытаньні фанэтыкі, фаналёгіі, артаэпіі, марфалёгіі, сынтаксісу, лексыкалёгіі, дыялекталёгіі, стылістыкі, сэмантыкі, – ягонаму пяру належыць шэраг падручнікаў ды фундамэнтальная лексыкаграфічная праца – Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. Я. Станкевіч зьяўляецца аўтарам падручнікаў: Просты спосаб ў кароткім часе стацца граматным – у суаўтарстве з Рудольфам Абіхтам (Вроцлаў 1918), Biełaruski prawapis – у суаўтарстве з Антонам Луцкевічам (Вільня 1918), Nowy Lemantar dla biełaruskich dzietak (Вільня 1918), Беларуская правапісь з практыкаваньнямі (Вільня 1921), Правапіс чужых словаў (Вільня 1921), Lemantar pierachodny z łacinicy na kirylicu (Менск 1941), Кніжка вучыцца чытаць і пісаць лацініцаю з укладаньнямі (Менск 1943), Падручнік крывіцкае (беларускае) мовы. Граматыка, правапіс, укладаньні прытарнаваныя вучыцца ў школе й дома (Рэгенсбург 1947). Найбольшая лексыкаграфічная праца Я. Станкевіча – Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік быў выдадзены ўжо пасьля ягонае сьмерці, у 1990 годзе ў Нью-Ёрку.
Вінцук Вячорка й Сяргей Шупа падкрэсьліваюць значны ўклад вучонага ў справу разьвіцьця й пашырэньня беларускае мовы. У сваіх падручніках, дапаможніках, лемантарах Я. Станкевіч, па сутнасьці, распрацоўваў самастойны варыянт беларускае літаратурнае мовы. Пры гэтым ён арыентаваўся на пэўныя ідэальныя патрабаванні й не заўсёды лічыўся з рэальнымі ўмовамі функцыянаваньня мовы, што вяло да непаразуменьняў і недацэньваньня ягонай дзейнасьці. Тым ня меней, многія ягоныя правапісныя, граматычныя й словаўтваральныя рэкамэндацыі сталі нарматыўнымі ў беларускай мове, асабліва ў літаратурнай мове сучаснай эміграцыі[24].
Вялікія заслугі Яна Станкевіча ў моватворчай працы падкрэсьлівае Юрась Бушлякоў.
„Ацэньваючы фэномэн ідэалягічна матываванай інавацыйнай моватворчай дзейнасьці Янкі Станкевіча, трэба бачыць яе заслугу ў захаваньні й пашырэньні многіх адметных («знакавых») асаблівасьцяў беларускай моўнай прасторы, якія сілаю розных прычын аказаліся не запатрабаваныя шырокай літаратурнай практыкаю. Выступіўшы, такім чынам, супраць рэалізоўванай савецкай акадэмічнай навукаю лініі моўнага разьвіцьця, вучоны змог распрацаваць комплексную нармалізацыйную альтэрнатыву, засьведчыўшы гэтым вялікі й да сёньняшняга дня актуальны патэнцыял творчага беларускага мовазнаўства”[25].
Валер Булгакаў бачыць шанец ажыцьцяўленьня Станкевічавага праекту кадыфікацыі беларускае мовы.
„Ян Станкевіч быў галоўным апанэнтам моўнага рэжыму, прынятага ў савецкай Беларусі і бяздумна ўспадкаванага Беларусяй незалежнай. Збор яго твораў фактычна прапануе альтэрнатыўны праект кадыфікацыі беларускай мовы. І, трэба падкрэсьліць, акурат праект, які так і ня быў завершаны Аўтарам у выглядзе строгай сыстэмы. Магчыма, якраз у гэтым палягае шанец для яго рэактуалізацыі ў сучасных варунках. І забясьпечыць яе зможа толькі крытычнае пераасэнсаваньне гэтага праекту наноў, а не сьляпое капіяваньне яго складовых частак пры гістарычна іншых абставінах”[26].
[1] Янка Станкевіч, Вячаслаў Ластоўскі, у: „Бацькаўшчына”, № 48 (179), Мюнхэн, 6 сьнежня 1954, с. 3-4.
[2] Тамсама, с. 3.
[3] Алена Ніякоўская, „Расійска-крыўскі слоўнік” Вацлава Ластоўскага і беларуская нацыянальная ідэя, у: Беларусіка – Albaruthenica, № 4, Мінск 1995, с. 301-306.
[4] Тамсама, с. 302.
[5] В. Ластоўскі, Прадмова, у: Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік, Коўна 1924, с. І.
[6] Сяргей Сідор, Генадзь Смалякоў, Спадчына Вацлава Ластоўскага і распрацоўка беларускай навуковай тэрміналогіі, у: Беларусіка – Albaruthenica, № 4, Мінск 1995, с. 316-320; Тамара Сухая, Людміла Шлома, Васіль Юфераў, Вацлаў Ластоўскі і здабыткі беларускай матэматычнай тэрміналогіі, тамсама, с. 320-323; Станіслаў Ярашэвіч; Медыцынскія назвы ў Слоўніку Вацлава Ластоўскага і сучасны стан беларускай медыцынскай тэрміналогіі, тамсама, с. 323-325.
[7] Сяргей Сідор, Генадзь Смалякоў, Спадчына Вацлава Ластоўскага і распрацоўка беларускай навуковай тэрміналогіі, тамсама, с.
317
[8] Янка Станкевіч, Вячаслаў Ластоўскі, у: „Бацькаўшчына”, № 48 (179), Мюнхэн, 6 сьнежня 1954, с. 4.
[9] Алесь Пашкевіч, Сейбіт сьвятла. Літаратурна-выдавецкая дзейнасьць Вацлава Ластоўскага, у: Беларусіка – Albaruthenica, № 4, Мінск 1995, с. 325-333.
[10] Святлана Снапкоўская, Шляхі выхавання нацыянальнай самасвядомасці ў педагагічнай спадчыне Вацлава Ластоўскага, у: Беларусіка – Albaruthenica, № 4, Мінск 1995, с. 261-262.
[11] Матэрыялы Міжнароднай навуковай канфэрэнцыі „Вацлаў Ластоўскі – выдатны дзеяч беларускага адраджэння”, прысвечанай 110-й гадавіне з дня нараджэння вучонага, пісьменніка і грамадскага дзеяча, тамсама, с. 236-356.
[12] Я. Запруднік, „Вольная Беларусь” і Язэп Лёскі [Лёсік – Н.Б.], у: „Беларус”, № 186, Нью-Ёрк, кастрычнік 1972, с. 4.
[13] Тамсама.
[14] Тамсама.
[15] С. М. Запрудскі, Лёсік Язэп Юр’евіч, у: Беларуская мова. Энцыклапедыя, Мінск 1994, с. 306.
[16] А. Багровіч, Aleksandra Bergman. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, „Książka i Wiedza”, 1977, 244 б. + ілюстрацыі 32 б., у: „Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1977, с. 136-143.
[17] Тамсама, с. 140.
[18] К. І. Германовіч, Тарашкевіч Браніслаў Адамавіч, у: Беларуская мова. Энцыклапедыя, Мінск 1994, с. 558.
[19] Глядзі: Моўная палеміка на старонках эміграцыйнага друку.
[20] Вітаўт Кіпель, Беларусы ў ЗША, Менск 1993, с. 317.
[21] Юрась Бушлякоў, Ян Станкевіч як ідэоляг беларускага моўнага пурызму, у: Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах, т. 2, Менск 2002, с. 558.
[22] Я. Станкевіч, Б. Тарашкевіч: Беларуская граматыка для школ. Выданьне пятае пераробленае і пашыранае. Вільня. 1929 г., бал. 132 + IV, тамсама, т. 1, с. 162.
[23] Тамсама.
[24] В. Вячорка, С. Шупа, Станкевіч Ян, у: Беларуская мова. Энцыклапедыя, Мінск 1994, с. 530-531.
[25] Юрась Бушлякоў, Ян Станкевіч як ідэоляг беларускага моўнага пурызму, у: Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах, т. 2, Менск 2002, с. 578. Глядзі таксама: Юрась Бушлякоў, Моватворчая практыка Янкі Станкевіча: мэханізм узьнікненьня варыянту беларускай літаратурнай мовы, у: Acta Albaruthenica 4, Мінск 2003, с. 117-120; Ніна Баршчэўская, Янка Станкевіч – папулярызатар крывіччыны на старонках беларускага эміграцыйнага часапісу „Веда”, тамсама, с. 99-116.
[26] Валер Булгакаў, Ад укладальніка, тамсама, т. 1, с. 16.
|