|
„Лагодныя рэвалюцыі” – ці наступная Беларусь?
У Кракаве адбылася міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная тэме „лагодных рэвалюцыяў”, якія ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе запачаткавалі шлях вяртаньня многіх краінаў да свабоды й дэмакратыі. Канфэрэнцыю падрыхтавала асацыяцыя „Віла Дэцыя”, а да ўдзелу ў ёй былі запрошаныя многія былыя й дзейсныя „рэвалюцыянеры” з Вугоршчыны, Славаччыны, Чэхіі, Польшчы, Украіны ды іншых краін, якія ўвайшлі на шлях пераменаў. У канфэрэнцыі прымалі ўдзел таксама беларусы.
У "Вілу Дэцыя" прыбыло шмат асобаў, якія ў час апошніх дзесяцігодзьдзяў праводзілі "лагодныя рэвалюцыі" ў Чэхіі, Славаччыне, Вугоршчыне, Украіне ці Польшчы. Легендарны лідэр "Салідарнасьці" Богдан Барусэвіч кажа, што важна, каб досьвед пераменаў перадаць іншым народам, якія дагэтуль змагаюцца з аўтарытарнай ці таталітарнай уладай. Сярод такіх краінаў ён пералічыў і Беларусь.
Барусэвіч: "Мы павінны дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў складанай сытуацыі – напэўна беларускаму грамадзтву, таму што Беларусяй здаўна кіруе Лукашэнка, які цяпер рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў у будучым годзе й хоча быць абраным на трэці тэрмін паўнамоцтваў. Гэта рэжым у цэнтры Эўропы; рэжым, які пагражае бясьпецы хоць бы таму, што па тэрыторыі Беларусі праходзіць газаправод, які дае газ польскай прамысловасьці. Варта таксама прыгадаць, якім чынам Лукашэнка заангажаваўся ў справы Саюзу палякаў у Беларусі. СПБ стаў элемэнтам ціску з боку Беларусі на Польшчу, закладнікам. Гэты рэжым павінен зьнікнуць, таму што ён прыносіць сорам для Эўропы".
Падобным чынам мяркуе галоўны арганізатар канфэрэнцыі, дырэктар „Вілы Дэцыя”, Данута Глёндыс.
Глёндыс: "Напэўна мы павінны быць адказнымі за нашых суседзяў. Так як раней Заходняя Эўропа дапамагла палякам ажыцьцявіць зьмену сыстэмы, правесьці "лагодную рэвалюцыю", так цяпер гэтая адказнасьць знаходзіцца на нашых плячах. Гэта маральны доўг, які мы павінны выплаціць. Зразумела, мы не павінны рабіць гэтага нахабна, але калі такая падтрымка патрэбная, мы павінны яе аказаць."
Выступаючы ў час канфэрэнцыі ад імя Беларускага народнага фронту, яго лідэр у Барысаве, Сяргей Салаш, выказаў думку, што Беларусь можа не дачакацца прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, бо ёсьць шанец на тое, што да моманту іх правядзеньня ў краіне адбудзецца выбух грамадзкай незадаволенасьці з кіраўніцтва краіны ды ўсё мацнейшага рэжыму. Чаму Салаш лічыць магчымым правядзеньне "лагоднай рэвалюцыі" ў Беларусі?
Салаш: "Яна можа адбыцца ў тым выпадку, калі адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл, Аляксандра Мілінкевіча, не зарэгіструюць зь якой-небудзь прычыны. Мы будзем рыхтавацца да абароны гэтай кандыдатуры, будзем выходзіць на вуліцы й патрабаваць ягонай рэгістрацыі. Людзі захочуць абарніць сваю вольнасьць, годнасьць і свой гонар".
Былы старшыня беларускага парлямэнту Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію нашай станцыі заявіў, што хаця сам тэрмін "лагодная рэвалюцыя" яму не падабаецца, то ў Беларусі рэвалюцыя без выкарыстаньня насільля можа адбыцца ў будучым годзе, калі ўлада захоча фальсыфікаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў.
Шушкевіч: "Давайце, будзем пачынаць ня з вуліцы, а з выбараў. На вуліцы павінен быць матыў. Я абсалютна перакананы, што калі наш кандыдат пераможа на выбарах, то яны будуць фальсыфікаваныя такім чынам, што гэта можа стацца прычынай, каб людзі выйшлі на вуліцу й адстаялі сваю перамогу.”
У час канфэрэнцыі шмат гаварылася пра розныя варыянты ходу падзеяў у Беларусі, якая часам параўноўвалася да Ўкраіны перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2004 году. Аднак ніхто з прысутных не сумняваўся ў тым, што гэта сам беларускі народ мусіць выбраць сваю будучыню. Ці ў Беларусі адбудзецца "лагодная", ці якая-колечы іншая рэвалюцыя? Шмат залежыць ад таго, якім чынам адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандар Мілінкевіч будзе весьці сваю працу цягам бліжэйшых 6 месяцаў, як да яго паставіцца Захад, і якія праблемы створыць яму адміністрацыя Лукашэнкі. Тамаш Саевіч, Кракаў
|