|
Робім усё, што можам, каб падтрымаць апазыцыю
Інтэрвію зь віцэ-міністрам замежных справаў Польшчы Багуславам Залескім,
праведзенае ў час канфэрэнцыі „Лагодныя рэвалюцыі”,
сарганізаванай 6-7-га кастрычніка ў Кракаве.
Скажыце, калі ласка, з пункту погляду польскай замежнай палітыкі, дзе знаходзяцца "гарачыя кропкі", дзе мы - як Польшча - павінны асабліва інтэнсіўна працаваць?
Залескі: "Нашыя прыярытэты ў замежнай палітыцы вядомыя й рэалізуюцца цягам апошніх 16 гадоў нязьменна, часам толькі больш увагі надаем пэўным краінам. Прыярытэты - гэта стасункі з Эўразьвязам, Паўночнаатлянтычным пактам, трансатлянтычныя стасункі, і, на канец, адносіны з астатнімі краінамі сьвету. Нашыя прыярытэты не зьмяніліся, і здаецца, што яны ня зьменяцца таксама пасьля выбараў. Дэклярацыі галоўных прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка Польшчы ідуць у гэтым жа напрамку. Гэта азначае добрыя стасункі з суседзямі, Эўразьвяз як партнэр у вонкавых стасунках, трансатлянтычныя стасункі, у тым ліку з ЗША, як найбольш салідным партнэрам у нашай гісторыі."
Вы ў часе канфэрэнцыі "Лагодныя рэвалюцыі" прачыталі пасланьне ўдзельнікам ад міністра замежных справаў Польшчы Адама Даньеля Ротфэльда, у якім шмат увагі было прысьвечана стасункам Польшчы зь Беларусяй і ўнутранай сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Залескі: "Беларусь для нас важная па дзьвюх прычынах. Па-першае, там жыве многа палякаў, а па-другое, гэта палітычны скансэн побач з нашымі межамі. Гэта прычыняецца да таго, што мы вымушаныя рэагаваць на ўсе непрыязныя выступленьні ў дачыненьні да польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі - абараняць іхныя правы й інтарэсы. Па-другое, нам трэба рабіць усё, каб не пагаршаць іхнай сытуацыі. Апошнія падзеі зьвязаныя са спробай накінуць дзяржаўны рэжым Саюзу палякаў Беларусі паказалі, што рэжым Лукашэнкі ня лічыцца з дэмакратычнымі імкненьнямі нацыянальных меншасьцяў і хоча поўнасьцю іх кантраляваць. На гэта не пагодзіцца Польшча."
Але, з другога боку, розныя палітычныя асяродзьдзі Польшчы крытычна ставяцца да дзеяньняў польскага ўраду ў дачыненьні да Беларусі, кажуць, што мы няшмат робім. Аляксандар Мілінкевіч пасьля абраньня адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл таксама заявіў, што спадзяецца на польскі ўрад, які будзе праводзіць больш жорсткую палітыку ізаляцыі лукашэнкаўскага рэжыму й падтрымкі апазыцыі.
Залескі: "Калі казаць пра падтрымку апазыцыйных асяродзьдзяў, то Польшча, па меры сваіх магчымасьцяў, робіць усё, што можа. Таксама ў фінансавым пляне. Мы стараемся мабілізаваць нашых саюзьнікаў у Эўразьвязе й ЗША, каб яны больш актыўна абаранялі правы чалавека ў Беларусі. Я спадзяюся, што нашыя намаганьні дадуць вынікі. Для прыкладу, ініцыятыва стварэньня незалежнай беларускамоўнай станцыі. Трэба павялічыць доступ беларусаў да незалежных СМІ. Калі Вы пытаеце, што яшчэ можна зрабіць, то трэба памятаць, што польская амбасада цяпер аслабленая, між іншым, таму, што мы шмат ужо паспрабавалі ў гэтым пляне зрабіць. Кожны польскі дыплямат, які дзейнічае на карысьць польскай меншасьці ў Беларусі ці дэмакратычнай апазыцыі, прызнаецца беларускім рэжымам пэрсонай non grata. Мы ня маем магчымасьцяў, каб адказваць на кожную правакацыю прэзыдэнта Лукашэнкі. Лукашэнку й яго чыноўнікаў не пускаюць у Эўропу. Апошнім часам быў інцыдэнт, зьвязаны са спробай перасячы польскую мяжу былым старшынём СПБ Кручкоўскім. Гэта мы можам рабіць. Можам намаўляць нашых саюзьнікаў пашырыць сьпіс неўязных асобаў. Гэта вялікія жэсты, але без фінансавай падтрымкі беларускай апазыцыі ў Беларусі няшмат можна будзе зрабіць"
- сказаў у інтэрвію нашай станцыі віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Багуслаў Залескі, зь якім у Кракаве размаўляў Тамаш Саевіч.
|