БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

КАМУНІКАТ

 
 КАМУНІКАТ 1 / 2005 (26)

Пад знакамі Арла й Пагоні

Сакрат Яновіч

Цалкам сапсаваліся адносіны паміж беларусамі й палякамі ў 1939 і наступных гадох. Мала лепшымі зрабіліся яны й да расейцаў. Савецкая ўлада мела той чартоўскі талент, што паспрачала ўсіх з усімі. Прынцып клясавай нянавісьці як фундамант наступальнага камунізму ўчыніў з паляка крыважэрнага ворага тым лягчэй, што яўляўся ён тут пераважна панам, а з расейца – энкавэдоўскага рабаўніка, непаголенага й галоднага, які ўсю ноч будзе піць з табою ў тваёй хаце, каб раніцай выправіць цябе ў Сібір, на гэтак званыя ,,белыя мядзьведзі”. Стан шызафрэніі ў гэтых суадносінах стварыла афіцыйная прапаганда Масквы, у якой поўныя вусны было дружбы да польскага рабочага й селяніна, калі на практыцы таго рабацягу перлі ў быдлячы вагон і, разам з жонкаю й дзеткамі, кіравалі ў гулагаўскія лягеры. Беларус мог страціць розум – любі паляка й ня вер яму, любі расейца ды бойся яго!

У Беластоку заснавалі першы ў ягонай гісторыі стацыянарны тэатар, і аказаўся ім менавіта польскі, пад кіраўніцтвам віленскага актора Аляксандра Вянгеркі. Пачала выходзіць і польскамоўная штодзённая газэта „Вольная Праца”. Аднавіліся школы. Беларуская ССР, пашыраная аж пад Варшаву, да сутокаў рэк Буг і Нараў, уяўляла сабою даволі дзіўны дзяржаўны арэал, на якім у заходніх вобласьцях спакваля дамінавала польская культура, прыглушаная маскоўска-расейскай адміністрацыяй, пад беларускім паказным гербам; на ўсходзе ж дагарала беларушчына, затаптаная імпэрскім ботам. А ўсё гэта ў цэласьці называлася Беларусяй. Ні то на сьмех, ні то на правакацыю... Такога каляніялізму сьвет яшчэ ня зьведаў, каб прымушаць народ дзякаваць за няволю. І то шчыра, нярэдка.

Якія ж тады маглі быць узаемныя сувязі ў літаратуры альбо ў мастацтве, калі, напрыклад, зь некалькіх сотняў беларускіх літаратараў на свабодзе засталося дакладна ўсяго трынаццаць; а за палітычны анэкдот даставалася славутыя „дзевяць грамаў у патыліцу”? Быў забіты ў менскай „амэрыканцы” Браніслаў Тарашкевіч. Недзе звар’яцеў ад катаваньняў Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч). Рыхтавалі канец вялікаму Янку Купалу. Варушыўся пясок ад недастраляных у Курапацкім ляску. Зьнішчалася ўсё разумнае. Заставаліся ў жывых ідыёты й безгаловыя служакі.

Куды йшоў сьвет у пачатку саракавых гадоў ХХ стагодзьдзя, праз пяцьсот гадоў пасьля Францішка Скарыны, празь век пасьля Адама Міцкевіча, атручанага ў Канстантынопалі, і Аляксандра Пушкіна, застрэленага над Чорнай рэчкаю пад Пецярбургам?!

Але, не бывае такое ночы, каб не настаў ранак, а потым і дзень. Трагедыя нямецкай акупацыі зноў дала штуршок да яднаньня народаў. Паўтарылася нешта накшталт перажытай супольна з палякамі царскай тыраніі. На жаль, і з падобнымі вынікамі. Польскі эміграцыйны ўрад, адчуваючы магутную падтрымку з боку альянтаў з антыгітлераўскай кааліцыі, Англіі ў першую чаргу, не сьхіляўся да зьмены свайго бачаньня Беларусі ды ейных праблемаў. Цьвёрда вызнаваў дух Рыскага трактату, што перакрэсьлівала магчымасьці палітычнага паразуменьня. Вацлаў Іваноўскі, той самы, які стаяў ля калыскі Маладой Беларусі, заняў пасаду бургамістра сталічнага Менску ў арганізаваным Бэрлінам, тэрытарыяльна абмежаваным, Камісарыяце Беларусі. Маючы аўтарытэт у нацыянальных элітах, гэты беларускі прафэсар Варшаўскага Палітэхнічнага Інстытута быў у стане нямала зрабіць дзеля будаваньня беларуска-польскага саюзу; карыстаўся даверам таксама ў вядучых колах тайнай Арміі Краёвай. Як сьведчаць цяпер архіўныя дакумэнты, акцыя забуксавала ва ўрадавых кабінэтах лёнданскай эміграцыі санацыйных палітыкаў. Трэба было ім пераскочыць дагэтуль завысокае – прызнаць існаваньне Беларусі! І як наступтва гэтага – дыскутаваць пра яе дзяржаўныя межы, больш альбо менш адступіцца пры тым ад пастановаў у Рызе з 1921 году, што мусіла абазначаць прасоўваньне тэрыторыі Польшчы на захад, за кошт Нямеччыны, аб чым і слухаць не захацелі б ангельцы, якім важна было – ад няпамятных часоў – спрыяць раўнавазе нямецкага патэнцыялу супраць францускага. У змозе перакроіць межы аказаўся ня хто іншы, як Сталін менавіта, ды зусім не ў інтарэсах Беларусі, у чым лёгка здагадацца, і нават ня Польшчы.

На Вацлава Іваноўскага наладзілі ж замах беларускія агенты гестапа, арганізуючы пад эгідаю бадай што самога Радаслава Астроўскага апэрацыю такім чынам, каб усё зваліць на савецкіх партызанаў. Ім тое знакаміта ўдалося, і ў Маскве доўга хваліліся не сваёй работай, не адразу спахапіўшыся, што гэта не прыносіць славы ў вачох патрыятычна настроеных слаёў насельніцтва. Гэтая сьмерць, якая мела месца пры поўным маўчаньні польскага Лёндану, прагучала жалобным рэквіемам апошняе спробы пайсьці сумесна з палякамі. Ад гэтага моманту ў пытаньнях Беларусі на міжнародным форуме чуўся адзін голас – з грузінскім акцэнтам маналёгі Ёсіпа Вісар’ёнавіча ў Ялце, і пасьля, калі Беларускую ССР ўзвысілі ў Сан Францыска да элітарнага кола дзесяці дзяржаваў-заснавальніцаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Няцяжка зразумець, што гістарычнае далучэньне Беларусі да Польшчы было немагчымае. Погляд на яе як на неаддзельную правінцыю настолькі трывала ўеўся ў сьвядомасьць розных пластоў насельніцтва, што спатрэбілася ўмяшаньне таталітарнага хірурга, а дакладней кажучы: новы падзел Эўропы ў выніку рэцыдыву расейскай экспансіі. Масква каторы ўжо раз паставіла свае гарнізоны ў Бярэсьці й Гародні, і не ўпершыню ў Бэрліне (паўторна не дайшла толькі да Парыжа).

* * *

Толькі мала дасьведчаныя інтэлектуальна людзі лічаць гісторыю як нейкі склад ужо непатрэбных, бо даўніх фактаў. У сапраўднасьці мінулае вызначае сёньняшні дзень і будучыню.

У гады станаўленьня даваеннай Польшчы Юзэф Пілсудскі – як яе першаначальнік – наважыўся ажыцьцявіць канцэпцыю фэдэрацыйнага ладу, гэта значыць, і аднаўленьня колішніх Украіны й Літвы ў прыблізных межах першай Рэчы Паспалітай, вядома, з вышэйшай роляй Варшавы. Заняўшы Вільню ў 1919 годзе, абвесьціў гэтак званую адозву да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага. Украінскі фрагмэнт задуманай ім фэдэрацыі спрабаваў рэалізаваць паходам на Кіеў, каб канчаткова ўмацаваць уладу атамана Сымона Пятлюры, што закончылася разгромным адсупленьнем улетку 1920 году.

Рэканструкцыю Вялікага Княства Літоўскага ўяўляў Пілсудскі як зьвязаную з Польшчай дзяржаву літоўцаў, беларусаў і палякаў, падзеленую на тры кантоны: Жамойцкую Літву, Сярэднюю Літву, Беларускую Літву. У адпаведнасьці з гэтым кожная зь іх мела б свае цэнтры, а менавіта: Каўнас, Вільню, Менск. Самой жа Вільні прыдаваў ён дадатковае значэньне яшчэ й як сталіцы цэлай Літвы. Вось так, з большага, павінна было быць. І хоць польскі маршалак карыстаўся славаю, супрацівіліся ягонай канцэпцыі перш за ўсё самі палякі, якія палічылі, што няма патрэбы зь некім дзяліцца ўсходнімі тэрыторыямі. Катэгарычна адкінулі гэтую прапанову таксама ў Каўнасе, памятаючы пра палянізацыйныя вынікі Люблінскай вуніі. Адны беларусы былі сьхільныя йсьці на перамовы, але варшаўскія палітыкі пастараліся суцішыць іх: у час перамоваў з саветамі ў Рызе амаль сілком пазбыліся яны Менску, што выклікала зьдзіўленьне нават у самога Адольфа Іофэ, бальшавіцкага камісара па замежных справах.

Гэтая падзея, так бы мовіць, агаляе карані шумных польска-беларускіх канфліктаў у пэрыяд гітлераўскай акупацыі. Сытуацыя на нашых землях пасьля 1941 году аказалася цалкам непадобнай да тае з 1919-1920 гадоў. Трэба памятаць пры тым, што вырасла новае пакаленьне палякаў, якім і ў галаву не прыходзіла думка, што можна адрачыся й аддаць Беларусі такія гарады, як: Наваградак, Лунінец, Пінск, Бярэсьце, Ліда, Баранавічы, Слонім, Гародня. Калі б хто зь іх такое сказаў, быў бы ўспрыняты чорным здраднікам айчыны!

Гэта яшчэ адна прычына таго, што беларускія палітыкі тыпу Вацлава Іваноўскага мусілі прапасьці. Яны ціснуліся паміж дзьвюх сцэнаў, польскай і расейскай, хоць і намагаліся аперціся на першую зь іх. Іхны час прыйшоў праз паўвеку; тады яны зарана зьявіліся. Забілі ў акупацыйнай Вільні й Францішка Аляхновіча, нягледзячы на тое, што меў ён на сабе арэол вязьня салавецкіх лягераў, якога польскі бок – у пачатку трыццатых гадоў – пераняў у выніку абмену за камунізуючага Браніслава Тарашкевіча. Дасьледнікі паказваюць пальцамі на забойцу з асяродзьдзя Арміі Краёвай, злучаючы гэты замах з апублікаваньнем Аляхновічам у сваёй газэце сьпісаў беларускіх нацыянальных дзеячаў зь Лідчыны, якіх масава расстрэльвалі ня немцы ды не саветы... Якраз у тым павеце структуры АК глыбока ўкараніліся. Такія пасрэдныя доказы злачынства. А быў жа зьліквідаваны ж не абы-хто, але выдатны драматург, адна з самых папулярных постацяў у беларускай культуры.

Ніхто іншы як Тадэвуш Канвіцкі менавіта, пісьменьнік родам зь Віленшчыны, дакладна, хоць, магчыма, не зусім сьвядома, прыкмеціў у сваёй творчасьці і ў публіцыстыцы новы этап у польска-беларускіх зносінах, вельмі нядобры, пачатак якога ў самай сярэдзіне нямецкай акупацыі. Гістарычна спозьненыя дамаганьні беларусаў мець сваю дзяржаву выклікалі крымінальныя дзеяньні супраць іх як з боку Варшавы, гэтак і Масквы. Незалежніцкі рух кваліфікаваўся ў катэгорыю дзяржаўнай здрады, што ва ўмовах фронту раўнялася быць пастаўленым да сьцяны. Ад гэтага моманту пачаўся рост колькасьці польскіх злачынстваў, ня кажучы ўжо пра расейскія, якія дасягнулі астранамічных лічбаў у народазабойстве.

Нацыяналізм ды шавінізм аказаліся непазьбежнымі. У беларускага няма такіх жахлівых рахункаў не таму, што – як некаторыя кажуць – выяўляў ён сябе ў болей чалавечым абліччы, але таму, што меў, звычайна, значна слабейшую апору ў грамадзтве, нацыянальна нясьпелым ды матэрыяльна аслабленым доўгім каляніялізмам. Можна сказаць і так: фашызм – як ідэалёгія галоты – мог шырока прыняцца ў зьбяднелай Беларусі, гэтаксама як і камунізм, які вырас на камітэтах вясковай галечы. Час, аднак, не пазваляў адумацца: Чырвоная Армія наступала, акупанты зьвярэлі, і не было калі разважаць пра мэтадычную індактрынацыю народу.

Адыход немцаў ды прыход саветаў адбываўся ў настроі стомленасьці вайною. Людзі кепска ўспрымалі польскія партызанцкія групы, бачачы ў іх пагрозу рабункаў і поўную бяссэнсіцу іхнай упартасьці. Калі ў 1920 годзе стаялі насупраць сябе дзьве рэгулярныя арміі, адна зь якіх была польская, то ў 1944 ішлі баі не з палякамі, але зь немцамі. Іх ход вырашаў усё – у першай чарговасьці набліжэньне міру.

Камандзіры Арміі Краёвай не пісалі адозваў накшталт адозвы Юзэфа Пілсудскага; яны змагаліся не за нейкую фэдэрацыю, але за ўтрыманьне польскіх межаў пад Менскам; за Польшчу й толькі за Польшчу. Які ж беларускі палітык быў бы ў стане салідарызавацца зь імі? Такога не знайшлося, і не магло знайсьціся. Вось у чым сутнасьць згаданага новага этапу ў польска-беларускіх узаемінах: быць беларусам значыла цепер выступаць супраць Польшчы, хочаш – ня хочаш.

працяг будзе 

 кантакт: kamunikat@poczta.onet.pl 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster