|
Квасьнеўскі не разьвітваецца?
Нядаўна прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі наведаў Злучаныя Штаты, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам Джорджам Бушам. Гэта быў, можна сказаць, разьвітальны візыт. Хаця, хто ведае, можа аказацца й так, што Аляксандар Квасьнеўскі неўзабаве будзе працаваць у Злучаных Штатах.
Мы папрасілі амэрыканіста з Варшаўскага ўнівэрсытэту праф. Кшыштафа Міхалэка паспрабаваць ацаніць 10 гадоў дзейнасьці прэзыдэнта Квасьнеўскага:
К. Міхалэк: У ім ёсьць плюсы й мінусы. Вялікім плюсам зьяўляецца тое, што ў маштабе гэтага дзесяцігодзьдзя можна казаць пра прыняццё Польшчы ў NATO зь вялікай падтрымкай Злучаных Штатаў. Варта нагадаць, што першапачаткова справа прыняцця Польшчы ды іншых краінаў Цэнтральнай Эўропы ў NATO не была настолькі прадвырашанай. У 1993 годзе адміністрацыя Клінтана прыдумала нешта, што называлася „Партнэрствам дзеля міру”. Гэта не давала гарантыі бясьпекі ані Польшчы, ані іншым краінам. Таму, калі азірнуцца на гэтыя 10 гадоў, істотным дасягненнем зьяўляецца тое, што, дзякуючы польскай дыпляматыі, пытаньне пашырэньня NATO сталася прыярытэтам амэрыканскіх плянаў, і што мы ад 1999 году знаходзімся ў гэтым альянсе. Гэты плюс мае гістарычнае значэньне. Важнае таксама збліжэньне Польшчы й Амэрыкі.
З пункту гледжаньня звычайных грамадзян, асноўнага не ўдалося дасягнуць: польскія грамадзяне надалей ня могуць свабодна й бязь візаў езьдзіць у Злучаныя Штаты...
К. Міхалэк: Гэта не ўдалося, але варта памятаць, што верагодныя карысьці палітычнага, вайсковага, а таксама, магчыма, экэнамічнага характару ад нашай прысутнасьці ў Іраку як падчас ваеных дзеяньняў, гэтак і пасьля вайны маглі быць значна большыя. Гэта адна з ілюзіяў, разьвеяных цягам апошніх двух гадоў. Прэзыдэнту Квасьнеўскаму ўдалося пабудаваць нешта істотнае ў палітыцы, але тут ягоная роля невялікая. Выяўляецца, што яму ўдалося навязаць добрыя кантакты з прэзыдэнтам Бушам. Гэта, дарэчы, характэрная рыса адміністрацыі Буша-малодшага. Ён ставіць на пэрсанальныя кантакты, аднак гэта зусім яшчэ не азначае, што за гэтымі добрымі пэрсанальнымі кантактамі ідуць канкрэтныя карысьці для дадзенай краіны. Карацей, пабудаваны добры клімат і ў адносінах паміж прэзыдэнтамі, і ў міждзяржаўных дачыненьнях.
Падчас візыту ў Амэрыку Аляксанадар Квасьнеўскі намаўляў Буша супрацоўнічаць з новаабранымі ўладамі Польшчы. Як вы думаеце, як будуць складацца зносіны амэрыканскай адміністрацыі з новым польскім урадам і прэзыдэнтам?
К. Міхалэк: Гэтага мы, зразумела, ня ведаем, ды й невядома, хто будзе прэзыдэнтам Польшчы. Мне здаецца, што пэрсанальны стыль будзе падобны, калі прэзыдэнтам станецца Дональд Туск. Прэзыдэнту Леху Качыньскаму, здаецца, будзе цяжэй паразумецца з Джорджам Бушам, і дыстанцыя будзе большай. Дзяржаўныя мэты польскай палітыкі, а таксама дачыненні са Злучанымі Штатамі, безумоўна, ня зьменяцца, а стыль залежыць ад асобы будучага прэзыдэнта.
У Польшчы будзе новы прэзыдэнт. Дагэтулешні галава дзяржавы Аляксандар Квасьнеўскі пакідае стырно з добрай характарыстыкай. Ягоны аўтарытэт у сьвеце вялікі, а чуваць таксама галасы, што менавіта ён павінен заняць пасаду генэральнага сакратара ААН пасьля Кофі Анана – праз год. Аднак тут ня ўсё проста. Ёсьць меркаваньні, што кандыдатуры Квасьнеўскага не падтрымае Расея – хаця й тут ня ўсё безнадзейна, бо зноў жа кажуць, што ключ да расейскай згоды альбо нязгоды ляжыць не ў Крамлі, а ў Вашынгтоне.
Несумненны факт: тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандар Квасьнеўскі выкарыстаў з карысьцю для Польшчы, для сьвету й для сябе. Меркаваньнем газэты Washington Post, менавіта Квасьнеўскаму трэба было ўручыць сёлетнюю мірную Нобэлеўскую прэмію, бо ён заслужыў яе больш, чым Махамэд Аль-Барадэй. Амэрыканская прэса хваліць польскага прэзыдэнта за ролю ў вырашэньні ўкраінскага крызысу.
„Ягонае пасярэдніцтва ў час, калі ва Ўкраіне магло адбыцца кровапраліцьцё, не было дастаткова высока ацэненае ў сьвеце” – піша публіцыст Washington Post. Дык можа ролю Квасьнеўскага ацэняць пры выбары новага старшыні Генэральнай Асамблеі ААН? Тым больш, што пры такім выбары кіруюцца якраз рэгіянальным прынцыпам, а з рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы яшчэ ніхто не кіраваў гэтым высокім форумам? Аляксандар Навіцкі
|