БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

КАМУНІКАТ

 
 КАМУНІКАТ 2 / 2005 (27)

Пад знакамі Арла й Пагоні

Сакрат Яновіч

Існаваўшая у акупацыю тайная Польска Дзяржава з падпольнымі адміністрацыйнымі ворганамі кадравага характару, а таксама самай вялікай у паняволенай Эўропе кансьпірацыйнай Арміяй Краёвай, заставалася ізаляванай у сваіх усходніх правінцыях. Сталася так ня ў выніку непрыхільных адносінаў да яе тутэйшага насельніцтва, асабліва ўкраінскага й літоўскага, ці палітыкі Крамля. Вядома, што паразуменьне Польшчы з суседнімі народамі не было ўвогуле магчымым з прычыны перш за ўсё яе тэрытарыяльнай няўступлівасьці. Разам з гэтым бачнай была ейная сіла ня столькі ў зладжаным сужыцьці зь меншаснымі нацыямі, у першую чаргу з украінцамі й беларусамі, колькі ў палянізацыйным націску на гэтак званыя крэсы. Празь мясцовыя польскія гарады – у сэнсе іх мовы й культуры – вызнавалася канцэпцыя асыміляцыі местачкова-вясковых абшараў, што зусім перакрэсьлівала якія-колечы кантакты нават з боку палянафілаў. Вядомы доктар Янка Станкевіч, лідэр глыбока засакрэчанай Партыі Беларускіх Нацыяналістаў, спрабаваў быў пайсьці на саюз з польскімі палітыкамі ў пытаньнях пасьляваеннага эўрапейскага ладу, зыходзячы з цалкам яснай, як здавалася, канстатацыі, што мяжа па Стоўбцы ёсьць неактуальнай, і таму сама хада падзеяў ставіць на парадак дня праблему будучыні арэалу Беларусі. Ідучы на гэта ён не прадугледзеў аднак, што лёнданскі ўрад Польшчы адпадзе зь міжнародных калькуляцыяў альянтаў у выніку катэгарычнага вэта Сталіна як галоўнага партнэра ваеннага Захаду: Англіі й Амэрыкі. Станкевічавыя стараньні сустрэліся зь некаторай падтрымкай у штабістаў АК, якія разьлічвалі на пашырэньне ўзброеных акцыяў у заходнебеларускіх акругах, але не прынесьлі ніякага пазытыўнага водгуку з урадавых колаў.

Неўзабаве, пасьля Сталінградзкага бою й баталіі на Курскай дузе ўлетку 1943 году, вартасьць тае польскае карты пачала хутка падаць. Адначасна сьмяротны замах у верасьні на жыцьцё Вільгельма Кубэ, генэральнага камісара Беларусі, які выношваў у сабе ідэю сфармаваньня пад сваім кіраўніцтвам нечага накшталт пратэктарату, і пасьлейшае забойства – ужо ў сьнежні – Вацлава Іваноўскага, выбілі з палітычнай арбіты кардынальныя беларускія праблемы; лічыліся толькі банальныя патрэбы фронту.

У пасьляваеннай Беларусі польскае насельніцтва, даволі нечакана яму, апынулася ў грамадзкім становішчы нацыянальнай меншасьці. Зьведаўшы савецкую сыстэму ў гадох 1939-1940, яно сквапна пакарысталася дазволенай рэпатрыяцыяй у Польшчу; ня ўсё вясковае, але амаль поўнасьцю гарадзкое. Раптам, на працягу некалькіх месяцаў, заціхла польская мова на вуліцах Гародні, Ліды, Бярэсьця, Баранавічаў, Слоніма. Нават на схіле нямецкай акупацыі ніхто не спадзяваўся такога высяленьня, месцамі падобнага да ўцёкаў. Гэта радыкальна зьмяніла этнічную структуру тэрыторыі. Задзейнічаў закон контррэакцыі: нядаўняя пагроза асабістаму лёсу ад публічнага карыстаньня беларускай мовай перайшла на пальшчызну, адмёўшы яе ў хатнюю прыватнасьць. Але вярнуўся расейскі шавініст пад выгдядам бальшавіцкага чыноўніка, які ў фінальныя пяцідзесятыя гады ўзяўся наводзіць свае парадкі ў сапраўды царскім стылі.

Так прапалі адно й другое – палянізацыя й перамагаючая яе беларусізацыя.

Кардон быў зачынены наглуха.

Польска-беларускую калатню суцішыў нехта трэці. Ня толькі палітычная, але й культурная Варшава паступова забывала пра істотнасьць Менска. Зьдзейсьнілася як быццам прароцтва нацыяналістаў над Віслаю, што акрамя Масквы ніякі іншы цэнтар у тым баку сьвету ня варты ўвагі. Адкрыўся этап гульні палякаў з камунізмам, нагадваючай у сваіх кардынальных парамэтрах часы імпэратара Мікалая І і падпарадкаванага яму Польскага Каралеўства (якому было дадзена ўсё неабходнае дзеля дзяржаўнага функцыянаваньня, уключна зь немалым войскам, апрача вонкавай незалежнасьці).

Усё ж не да канца загубілася цікавасьць беларусаў да палякаў і палякау да беларусаў. Абмежаваная да сфэры літаратуры й тэатру, нарастала ў хрушчоўскую адлігу ды потым: быў перакладзены раман Якуба Коласа У палескай глушы; пастаўлены спэктакль на падставе п’есы Кандрата Крапівы Пяюць жаваранкі; на турнэ быў запрошану Купалаўскі тэатар; быў наладжаны імпарт кніжак і часопісаў ды, што знамянальнае, у творчых асяродзьдзях Варшавы, Лодзі, Познані, Гданска, Любліна зьявіліся маладыя пісьменьнікі зь беларускім радаводам, якія ў паэзіі і ў прозе апявалі краіну свайго дзяцінства – Панямоньне й Падзьвіньне. Рушылі яны як быццам сьлядамі Адама Міцкевіча, Элаізы Ажэшкі, Уладыслава Сыракомлі, ці Мэльхіёра Ваньковіча. Іх прозьвішчы - Ян Гушча, Яўген Паўкшта, Эмілія Кунавіч, Яўген Кабац, Збігнеў Жакевіч, Тадэвуш Канвіцкі, Аляксандар Рымкевіч, Тадэвуш Хрусьцялеўскі, Юзэф Канановіч, і цэлы шэраг менш значных. Прыгадваю іх таму, што да творчасьці некаторых вернемся як да важных культурных фактаў, якія ў наступныя дзесяцігодзьдзі створаць новую якасьць – працягнуць польскія сымпатыі да нас, беларусаў.

Паступова ў псыхіцы палякаў новых пакаленьняў адбудзецца зьмена ў настроі адносінаў да беларусаў і Беларусі. Найкарацей можна ахарактарызаваць яе евангельскай фразай: "Прабачаем і просім прабачэньня". Ёсьць узаемныя рахункі крыўдаў, але не яны павінны вызначаць далейшае жыцьцё.

* * *

Калі глядзець на пасьляваенны пэрыяд у беларуска-польскіх адносінах, то ўсё было быццам мёртвае... Палякам забаранялася заўважаць даваенныя ўсходнія тэрыторыі, а які-колечы голас беларусаў захлынуўся пад маскоўскім ботам. У той магільнай цішыні, створанай камуністамі, цікава прыгледзецца да праграмных пачынаньняў падпольных структураў па абодвух бакох кардону. Польскія кардынальна адрозьніваліся ад беларускіх ня толькі сваёй шматлікасьцю й лепшай кансьпірацыяй, але й востра палітычным характарам, рашучым антыкамунізмам. У іх не было гаворкі пра тое, што рабіць, каб палякі засталіся палякамі ў нацыянальным значэньні, бо ў Польскай Дзяржаве, хоць і падкамуністычнай, аднак ўсё было польскае, уключна са школай і паліцыяй. Нікому не прыходзіла ў галаву, што можа прапасьці родная мова, дух народу.

Беларускія ж падпольнікі выглядалі нашмат сьціплей. Заснаваныя ў гадох 1945-1947 Саюз Беларускіх Патрыётаў на Віленшчыне ці арганізацыя "Чайка" ў Слоніме характарызаваліся адсутнасьцю ў іх кадравых правадыроў; дзейнічалі яны па-аматарску наіўна. Маладыя людзі, пераважна вучні старэйшых клясаў і студэнты, клапаціліся не пра ўзброеныя акцыі альбо антысавецкую дывэрсію, але якраз па-філямацку дэбатавалі аб тым, якія дзеяньні прадпрыняць, каб хоць крыху супрацівіцца татальнай русыфікацыі. Сытуацыя была тыпова каляніяльная: амаль усё мясцовае й вышэйшае начальства прывезенае з Расеі. Саветы не давяралі нават тутэйшым актывістам з былое Кампартыі Заходняй Беларусі, большасьць якіх, зрэшты, была вывезеная на "белыя мядзьведзі". Але ж і пасьля, ужо ў сямідзесятыя гады, з кожных чатырох намэнклятурных начальнікаў трох аказваліся расейскімі. Такія асаблівасьці навейвалі палітыканцкае надвор’е ў Беларусі, асабліва ў яе заходніх акругах, пашыраючы паўсюдны недавер да Польшчы як краіны, загледжанай на Захад, нягледзячы на ейную чырвонасьцяжнасьць. У драматычным становішчы апынулася польская нацыянальная меншасьць, пазбаўленая прынамсі сымбалічных магчымасьцяў на ўласнае духоўнае жыцьцё (акрамя лічаных касьцёлаў).

Здавалася, што фінал у сужыцьці двух братніх народаў будзе такім: беларусы ўвогуле зьнікнуць зь гістарычнай арэны, пераўтворацца ў нейкі падгатунак расейцаў, а палякі змарнеюць да пэрыфэрыйнай народнасьці на абсягах непераможнае імпэрыі. Гэтакі лёс тым болей бачыўся рэальным, бо не відаць было дабрабыту, а беднаму, як вядома, нацыянальны гонар ня ёсць нечым важным (яго думкі заняты тым, як наесьціся й мець у чым зіму прахадзіць).

Беларусаў душылі бальшавікі ня горш за гітлераўцаў. На Гарадзеншчыне яшчэ жывуць сьведкі савецкіх аблаваў на вялікія вёскі, у якіх энкавэдысты лавілі хлопцаў і дзяўчат дзеля гэтак званых камсамольскіх пуцёвак на новабудоўлі ў Сібіры, што нагадвала колішнія паляваньні гандляроў рабамі ў афрыканскіх інтэртэрыторыях. Нацыю пазбаўлялі маладога ды інтэлігентнага элемэнту, зводзячы яе маральны ўзровень да выканаўчай адукаванасьці. Гітлераўцу быў патрэбны беларускі нявольнк, які разумеў бы нямецкую каманду ды ўмеў бы лічыць да аднае тысячы. Камуніст жа, змагаючася гэтаксама з цэлым сьветам, павысіў запатрабаваньні да інжынернасьці, але такое, каб той інжынер, акрамя вузкай спэцыяльнасьці, у іншых праблемах быцьця ўяўляў сабою дэбіла. Месца вынішчанай інтэлігенцыі, якая ўмела незалежна думаць і разумець сьвет ды служыць узорам народу, было запоўнена дыплямантамі з душамі функцыянераў, фактычна, вышкаленымі чыноўнікамі. Яны смачна елі й прыгожа апраналіся ды вялі сябе па-сабачаму верна, як у прымаўцы часоў паншчыны: "Мая справа - паеў і ў хлеў".

У сталінскай лядоўні нішто жывое, як толькі мёртва-афіцыйнае, не магло прабіцца на паверхню. Але ў пасьлясталінскую замаразь, папярэджаную хрушчоўскай адлігаю, сёе-тое, больш-менш людзкое, адбывалася ва ўзаемных кантактах, напрыклад, згаданыя пераклады твораў, тэатральныя спэктаклі, гасьцінныя прыезды пісьменьнікаў зь Беларусі (між іншым, Янкі Брыля, Піліпа Пестрака, Пятра Глебкі). У шасьцідзесятых гадох сфармавалася група польскіх перакладчыкаў беларускай літаратуры, значэньне якой у тую ненармальную эпоху проста немагчыма перабольшыць. Выбар аўтараў і твораў, натуральна, не вынікаў выключна зь літаратурных густаў; хочаш ня хочаш, выяўлялася тут і шырэйшая грамадзка-палітычная прыхільнасьць. Здарылася дагэтуль нечуванае ў адносінах польскіх элітаў да беларускіх. Карыстаючыся фактам узмоцненага агляду польскай кніжнай прадукцыі ў заходнеэўрапейскіх інтэлектуальных колах з прычыны параўнаўчай лібэральнасьці ўладаў самой Польшчы, выдатная беларуская літаратурная творчасьць досыць хутка стала вядомай у сьвеце; ня столькі цераз Маскву, колькі праз Варшаву якраз. Дайшло перад усім да адкрыцьця вялікага таленту Васіля Быкава, чарговыя творы якога перакладаліся ў варшаўскіх выдавецтвах амаль што пажарным парадкам! Аб'явіўся замежнаму чытачу й незабыўны Ўладзімір Караткевіч, і поўны беларускай годнасьці Янка Брыль.

Беларусь, выцертая з палітычнай карты як дзяржава, мацавалася ў міжнароднай сьвядомасьці як арыгінальная й жывучая культура. А пра культуру даўно сказана, што яна заўсёды перамагае, які б ня выпаў на яе долю чорны лёс. Нейк дзіўна сёньня канстатаваць, што Беларусь прывялі да незалежнасьці ня ўзброеныя па зубы палкі й дывізіі, але кніга, быццам у адной біблейскай мудрасьці, якая кажа: "Спачатку было слова".

 кантакт: kamunikat@poczta.onet.pl 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster