ЭМІГРАЦЫЯ ПРА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ
Ніна Баршчэўская
БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ ЦАРКВЫ
Важнае значэньне ў будаваньні нацыянальнае тоеснасьці мае Царква. Дзеля выкананьня гэтай ролі мусіць яна аднак быць нацыянальнай і карыстацца роднай мовай — уважаюць беларускія эміграцыйныя публіцысты.
Рэлігійныя выданьні
А. Пераклады Сьвятога Пісаньня
Першыя пераклады Сьв. Пісаньня паявіліся ўжо на пачатку ХVІ стагодзьдзя. Прыгадаў пра гэта Д. Ясько ў публікацыі „Новы Запавет” у беларускай мове[1]. Аўтар пазнаёміў з цэлай гісторыяй перакладаў Божага слова.
„У той самы час, калі доктар Марцін Лютар перакладаў Біблію на нямецкую мову (1522-34 г.г.), Біблія на беларускай мове ўжо друкавалася (1518-23), насамперш у Празе Чэскай, а пазьней — у Вільні.(...)
Таксама сьведамы беларус і рэлігійны дзеяч, Васіль Цяпінскі, каля 1570 г. у сваёй вандроўнай друкарні надрукаваў Эвангельле ад Мацьвея і Марка, якія былі пераложаны на беларускую народную мову”[2].
Пасьля Першай Сусьветнай вайны на недахоп рэлігійных выданьняў зьвярнуў увагу баптысцкі сьвятар Л. Н. Дзекуць-Малей, які працаваў у Берасьці. Разам з сваёю жонкаю ўзяўся ён перакладаць на беларускую мову Эвангельле. Не давяраючы собскім сілам, зьвярнуўся па фаховыя парады й папраўкі да ведамага беларускага дзеяча й крытыка Антона Луцкевіча, які ахвотна ўзяўся дапамагчы ў гэтай карыснай для народу працы. У 1927 годзе баптысцкае выдавецтва „Компас” надрукавала паасобныя Эвангельлі (Мацьвея, Марка, Лукі, Ёана) і некалькі брашураў на беларускай мове.
Луцкевіч узяўся перакладаць цэлы Новы Запавет. Свой пераклад аддаў ён Брытанскаму і замежнаму біблійнаму таварыству, якое й выдала ў 1931 годзе (у Гэльсінгфорсе ў Фінляндыі) Новы Запавет з Псальмамі на беларускай мове.
Другая Сусьветная вайна зьнішчыла ўсе Новыя Запаветы, якія былі на складзе Біблійнага таварыства ў Фінляндыі, а попыт на іх быў вялікі, таму паявіліся спробы перавыдаць рэлігійную літаратуру.
Доктар В. Тумаш у 1946 г. першы зьвярнуўся да Брытанскага і замежнага біблійнага таварыства з просьбаю аб выданьні, калі ня цэлай Бібліі, дык хоць бы Новага Запавету на беларускай мове. У сувязі з тым, што беларускія дадзеныя былі вельмі розныя — ад 5 тысяч да 50, ангельцы зьвярнуліся да Я. Дыка — сакратара Нямецкай місіі для распаўсюджваньня Эвангельля ў Штутгарце — даць аўтарытэтныя дадзеныя пра колькасьць беларусаў у эміграцыі. Я. Дык запатрабаваў выданьня 3 тысяч асобнікаў Новага Запавету на беларускай мове. Выданьне з 1931 году захавалася ў баптысцкага сьвятара Г. Болтнева, зь якога ў 1948 годзе быў зроблены перадрук патрэбнай колькасьці экзэмпляраў Новага Запавету.
Выданьнем 1948 году карыстаўся айцец Аўген Смаршчок у Лювэне і — як адзначыў Аркадзь Будзіч — было вельмі прыемна слухаць чытаньне Апостала й Эвангельля па-беларуску ў беларускай царкве ды разумець усё, што ў ім гаворыцца. І таму трэба падумаць пра беларусізацыю БАПЦ. Трэба шанаваць высілак Францішка Скарыны, Антона Луцкевіча ды сьветлую памяць тых беларускіх патрыётаў, што пракладалі дарогу роднай мове ў Божы Дом[3].
Меркаваньнем некаторых сьвятароў, калі ў якіх цэрквах чытаецца Сьв. Эвангельле па-царкоўнаславянску, то гэта зусім не супярэчыць беларускасьці царквы, дзе пропаведзі й навучаньне вядзецца па-беларуску, чым і „працярэбліваецца дарога ў роднай мове як у Божы Дом, гэтак і ў Родны Дом, якім ёсьць незалежная Бацькаўшчына”[4].
У 1954 годзе ў Рызе выйшаў пераклад на беларускую мову Сьв. Эвангельля й Апостальскіх дзеяў, зроблены ксяндзом Пятром Татарыновічам. Станіслаў Станкевіч[5] зьвярнуў увагу на саліднасьць і працавітасьць перакладчыка. Пераклад быў зроблены не зь якога-небудзь аднаго, больш перакладчыку даступнага першаўзору, але ксёндз доктар Пётр Татарыновіч, прыняўшы за аснову лацінска-грэцкі тэкст Новага Запавету, навукова апрацаваны й выданы прафэсарам Папескага біблійнага інстытуту А. Аўгустам Мэркам у Рыме ў 1944 годзе, выкарыстаў пры перакладзе зьнішчаны акупантам выданы напярэрадні апошняй вайны ў Вільні ў 1939 годзе пераклад ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, а таксама адзін тэкст у італьянскай мове ды адзін у мове францускай. Па словах аўтара публікацыі, Пётр Татарыновіч увёў нямала інавацыяў у беларускую літаратурную мову з мэтаю ачышчэньня яе ад барбарызмаў і нэалягізмаў. С. Станкевіч высока ацаніў гэтае імкненьне ды намеры, хоць не з усімі рэформамі перакладчыка згодны.
Інфармацыю пра пераклад Бібліі й багаслужбаў на беларускую мову, які ажыцьцяўляўся ў Беларусі, перадаў Алег Бембель[6]. Пытаньне аб перакладзе Сьв. Пісаньня ўзьнікла ў сувязі з тысячагодзьдзем хрышчэньня Русі. Праект перакладу быў ухвалены мітрапалітам Філарэтам. Гэта сьведчаньне таго, што праваслаўная царква ў Беларусі пакрысе пачала паварочвацца да народу тварам — заўважае „Беларус”. Былі спадзяваньні, што мітрапаліт Філарэт афіцыйна зьвярнуўся да беларускай інтэлігенцыі з прапановаю перакладу расейскага кананізаванага тэксту Бібліі на беларускую мову дзеля таго, каб празь нейкі час перавесьці на беларускую мову багаслужбу[7].
Да працы ў галіне беларусізацыі рэлігійнага жыцьця далучыліся таксама эвангельскія хрысьціяне-баптысты: старшы прасьвітар у БССР Іван Букаты, яго намесьнік Аляксандар Фрысюк ды іншыя. У Менскім малітоўным доме баптыстаў у студзені 1989 году адбыліся два грамадзкія сходы, на якіх абмяркоўвалася справа перакладу. Людзі выказвалі задавальненьне, што нарэшце беларускі народ будзе мець Сьв. Пісаньне ў сваёй роднай мове[8].
Біблія ў перакладзе на беларускую мову Васіля Сёмухі была выдадзеная ў Менску ў 2002 годзе накладам 10 тысяч асобнікаў. У выданьне ўвайшлі кананічныя кнігі Старога, Новага Запаветаў і Псалтыра[9].
„Беларус” зьвярнуў таксама ўвагу на першае выданьне малітоўніка для каталікоў лацінскага абраду на Беларусі. Кніжка Msza Święta. Парадак Святой Імшы. Святая Месса была выдадзеная ў Рызе накладам 50 тысяч экзэмпляраў. Дазвол на выданьне быў падпісаны ў 1990 годзе сьвятаром Уладыславам Завальнюком ды тагачасным менскім Апостальскім адміністратарам біскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Малітоўнік складаўся з трох частак: польскай, беларускай і расейскай. З крытыкай гэтага малітоўніка за пяршынства, дадзенае польскай мове, выступіў на старонках „Беларуса” адказны рэдактар Беларускай праграмы Радыё Ватыкан айцец доктар Рабэрт Тамушанскі.
„Слухачы беларускае праграмы Ватыканскага радыё, часта маладыя асобы, якія навярнуліся з атэізму, нам пішуць і просяць малітоўнікаў з малітвамі па-беларуску, бо ў іхніх каталіцкіх сьвятынях усё вядзецца па-польску, значыцца, у мове, якой яны ніколі ня вучыліся”[10].
Б. Беларускае песьнепяяньне
Нацыянальная царква гэта ня толькі Сьв. Пісаньне па-беларуску, але й нацыянальнае песьнепяяньне. Беларускі кампазытар Мікола Куліковіч падзяліўся з чытачамі „Бацькаўшчыны” весткай, што Цэнтар студыяў царкоўна-славянскае музыкі ў Лёндане зьвярнуўся да яго з прапановай выдаць Царкоўны беларускі зборнік. Мікола Куліковіч перакананы, што гэта вельмі карысна, між іншым, і таму, што ў Беларусі ніхто з кампазытараў у той час ня меў магчымасьці пісаць для царкоўнага багаслужэньня.
Тое, што з рэлігійнай музыкі было ў эміграцыі — гэта толькі творы Міколы Куліковіча й Міколы Равенскага, і таму аўтар публікацыі заклікаў кампазытара Алеся Карповіча ды ўсіх музыкаў, нават толькі пачынаючых, каб уключыліся ў гэты праект выданьня Царкоўнага беларускага зборніка ды паспрабавалі сваіх сіл у новай для іх галіне.
Мікола Куліковіч зьвярнуў увагу на тое, што ўжо даўнай традыцыяй увайшло ў царкву, напрыклад, выкананьне калядак у часе багаслужбаў на сьвята Раства Хрыстовага. Трэба пашырыць гэтую практыку выкарыстаньня народных беларускіх сьпеваў на рэлігійную тэматыку ў царкоўным пяяньні, тым больш, што ёсьць ня толькі вялікая колькасьць калядак-батлеек, але й велікодных валачобных песьняў ды рэлігійных народных песьняў на маральна-ўзгадавальныя тэмы. Апрача гэтага трэба адшукаць матэрыялы беларускіх багагласьнікаў з XVІІ стагодзьдзя.
Беларускі кампазытар заўважыў, што перакладчык мусіць ведаць законы сьпеву ды перакладаць так, каб у сваёй мове можна было выконваць славянскую малітву, пяяць яе на тыя ж традыцыйныя царкоўныя матывы, інакш кажучы — захаваць у перакладзе тую ж колькасьць складоў, тыя ж націскі, памеры, ужо не гаворачы аб поўным захаваньні й правільным тлумачэньні зьместу.
Як рэформа царкоўнага пяяньня, гэтак і пераклад багаслужбы на беларускую мову — справа ня толькі сьвецкая, але ў першую чаргу духоўная. Усе дзеяньні й захады магчымыя толькі пры ўмове прызнаньня іх царквою. „З нашага боку ідуць прапановы, пошукі, дапамога, але кіраўніцтва мусіць належаць Сьвяшчэннаму Сыноду”[11].
Ролю М. Куліковіча высока ацаніў А. Будзіч:
„Шмат гадоў працуючы над дасьледваньнем беларускае народнае песьні, кампазытар М. Куліковіч сабраў вялікі матар’ял беларускіх сьпеваў і, грунтоўна прааналізаваўшы іх, змог выбраць зь іx найхарактэрнейшыя, тыповыя паводля свае народна-нацыянальнае самабытнасьці й хараства народныя песенныя звароты й музычныя фразы. Творча апрацоўваючы беларускія прыпеўкі у праваслаўным царкоўным стылі, паводля старадаўных прыкладаў, кампазытар стварыў такім чынам беларускія царкоўныя расьпевы на розныя Божыя Службы, улажыў узоры (галасы) для штодзённага царкоўнага ўжыцьця, а таксама напісаў асноўныя праваслаўныя службы — Літургію й Усяночную”[12].
А. Будзіч паведаміў, што ёсьць таксама і ў кампазытара М. Равенскага ўся Літургія, напісаная ім вылучна на беларускіх песенных матывах. Літургія гэта пяялася, прыкладам, у праваслаўнай капліцы беларускае студэнцкае групы ў Лювэне. Некаторыя малітвы (Отчэ наш, Верую, Херувімская, Достойно есть) выдадзены былі на кружэлках. Значыць, кампазытары сваю працу выканалі, але справа ўперлася ў кансэрватызм БАПЦ.
На адзначэньне тысячагодзьдзя хрысьціянства ў Беларусі быў выпушчаны грамафонны альбом Похвала Белорусским святым, на які зьвярнуў увагу Гай Пікарда, пішучы, што ня трэба зьдзіўляцца паяўленьню галасоў незадаволенасьці й дамаганьняў, каб у якасьці мовы багаслужбаў замест царкоўнаславянскае мовы была ўведзеная беларуская мова, таму што царкоўнаславянская сталася „чужой мясцоваму слыху ў вымаўленьні і ў музычным афармленьні”[13]. Аўтар рэцэнзіі адзначыў што на кружэлцы найбольш арыгінальнымі выйшлі трапары сьв. Кірылу Тураўскаму, сьв. Софіі Слуцкай ды іконе Божай Маці Менскай, таму што маюць яны сувязь зь беларускімі мясцовымі напевамі.
Беларускі царкоўны сьпеўнік пад рэдакцыяй Г.Піхуры-Пікарда[14] выйшаў у выдавецтве Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Кожны сшытак сьпеўніка прысьвечаны асобнай малітве альбо напеву. Рэдактар правёў карпатлівую працу над сьпеўнікам — пазьбіраў усе магчымыя тардыцыйныя напевы, а таксама рэлігійную музыку беларускіх кампазытараў: Міколы Равенскага, Зьмітра Верасава, Міколы Куліковіча, Вячаслава Селяха-Качанскага. Улучыў у сьпеўнік і некаторыя свае кампазыцыі (прыкладам, Канцовыя малітвы).
Родная мова ў рэлігійным жыцьці — неадлучны элемэнт нацыянальнага жыцьця
Газэта „Беларус” прыгадала тыдзень маленьня за Беларусь і беларускі народ, які прайшоў увосень 1947 году ў лягеры ў Остэргофэне. 27 лістапада гэткія малебны служыліся ў праваслаўнай і каталіцкай цэрквах лягеру. Праваслаўны сьвятар М. Сьцяпанаў і каталіцкі ксёндз М. Маскалік прысутнічалі на набажэнствах адзін у аднаго.
„Гэта было сапраўды экумэнічнае маленьне за Беларусь. Вось-ж на беларускай каталіцкай службе, у нямецкім касьцёле і прагучэў першы раз гімн «Магутны Божа», калі прысутныя беларусы, як каталікі, гэтак і праваслаўныя, у дружным хоры зьнесьлі свае малітвы”[15].
Музыку на словы верша Магутны Божа Натальлі Арсеньневай напісаў Мікола Равенскі.
А. Бутрымовіч, закранаючы пытаньне беларусізацыі царквы, адзначыў, што справа вельмі актуальная для цэлага беларускага нацыянальнага жыцьця. У артыкуле У справе беларусізацыі нашых цэркваў[16] напісаў:
„Ідэя царкоўнай і рэлігійнай незалежнасьці вяжацца непадзельна з нацыянальнай незалежнасьцяй кажнага народу, а паняволенага ў васаблівасьці. Змагацца толькі за палітычную й гаспадарчую незалежнасьць свайго народу, а аставацца ў царкоўнай, духовай залежнасьці ад сваіх палітычных і нацыянальных ворагаў — гэта ніякае змаганьне. (...) Незалежнасьць палітычная й нацыянальная мусіць вырастаць з душы народу, з духовай, псыхічнай, культурнай, моўнай, абрадавай, звычаёвай і г.д. незалежнасьці чалавека, зь ягонага маральнага складу, да якога ворагу дабрацца ня так лёгка. І вось царква, як запраўдная выхавальніца чалавека, мае вытварыць гэткі маральны склад чалавека пры дапамозе сваіх выхаваўчых сродкаў”[17].
Духовую незалежнасьць народу — паводле А. Бутрымовіча — выхоўваюць: рэлігійныя сьвятасьці, нацыянальная мова (усе казаньні сьвятары павінны гаварыць па-беларуску), нацыянальныя звычаі, абрады, традыцыі, нацыянальны стыль і нацыянальнае царкоўнае мастацтва, выхаваўчыя арганізацыі, школьніцтва, прапаганда і г.д.
А. Бутрымовіч закрануў справу царкоўнае прэсы ды царкоўных арганізацыяў.
„За выключэньнем каталіцкай прэсы, якая мае прызнакі большага жыцьця, рэлігійная прэса так праваслаўная, як і пратэстанцкая не зусім адказвае вымогам нацыянальна-рэлігійнага выхаваньня. БАПЦ выдае 2-3 нумары «Голасу Царквы», у якіх найбольш месца займае маралізатарскі матарыял. Вельмі мала матарыялу, які тварыў-бы ў чытачу духовую незалежнасьць, мацаваў-бы яго рэлігійнае й маральнае самапачуцьцё, замацоўваў-бы нашыя традыцыі, разьвязваў-бы розныя праблемы ды дапамагаў у рэлігійных беларускіх патрэбах. Выдаваць часапіс толькі дзеля «пасланьняў» і агульнахрысьціянскіх пропаведзяў — мы за бедныя”[18].
На ўзаемасувязі паміж малітвай, розумам і роднай мовай зьвярнуў увагу Янка Запруднік у рэфэраце, прачытаным 5 чэрвеня 1988 году ў Гайлэнд Парку ў Нью-Джэрзі на ўрачыстасьці сьвяткаваньня тысячагодзьдзя хрысьціянства ў Беларусі. У якасьці асноўнай праблемы назваў адсутнасьць роднае мовы ў рэлігійным жыцьці беларусаў на Бацькаўшчыне.
„У рэлігійным жыцьці Беларусаў на Бацькаўшчыне, праваслаўных і каталікоў, няма месца роднай мове. Што горш, у шмат каго няма разуменьня ненармальнасьці такога стану рэчаў, няма разуменьня патрэбы роднае мовы для лучнасьці з Богам, няма ўсьведамленьня, што русыфікацыя й палянізацыя рэлігійнага жыцьця Беларусаў — зьява ў існасьці антыхрысьціянская. Яна вымагае аналізу”[19].
Адваёўваць функцыянальнасьць роднай мове ва ўсіх сфэрах жыцьця, у тым ліку й рэлігійнай, трэба рацыянальнымі аргумэнтамі, лёгікай, спасылкамі на гісторыю й розум. Увесь заходні сьвет моліцца ў нацыянальных мовах, а ў беларусаў поўнасьцю па-беларуску набажэнства служыцца толькі ў Беларускай грэка-каталіцкай царкве. Я. Запруднік прывёў выказваньне Апостала Паўла: „Бо калі я малюся ў незнаёмай мне мове, дык дух мой моліцца, але розум мой застаецца бясплодным”[20]. Значыць, дзеля спалучэньня духа з розумам трэба маліцца ў роднай мове. Згодна з навукаю Апостала Паўла паступалі сьвятыя Кірыла й Мятод, перакладаючы ў другой палове ІX стагодзьдзя царкоўныя кнігі на жывую мову. Пра патрэбу разуменьня малітвы й багаслужбы нагадаў Францішак Скарына, калі ў 1517 годзе пачаў друкаваць пераклад Бібліі ў мове свайго „люду паспалітага”. Скарына ў прадмове да Псалтыра сказаў, што зрабіў гэта „наиболей с тое причины, иже имя милостивый Бог з того языка на свет пустил”. Значыць, у якой мове чалавек нарадзіўся, у гэткай і Богу павінен маліцца, таму што розум найпаўней функцыянуе ў роднай мове. Таксама Францішак Багушэвіч пісаў: „Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам”.
І таму — па словах Я. Запрудніка:
„Царква павінна асудзіць лёгацыд — словагубства, здушваньне Роднага Слова, безь якога чалавек ня можа мець поўнае лучнасьці з Богам. Гэта-ж у Евангельлі сказана: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова». (...) Лёгацыд павінен быць абвешчаны сьмяротным грэхам”[21].
Той, хто пазбаўляе душу беларуса роднае мовы, выступае супраць хрысьціянскае традыцыі.