|
Запрашаем у польскую частку Белавескай Пушчы
Сёньня, Шаноўнае Спадарства, запрашаем вас у блізкае замежжа. Прапануем наведаць польскую частку Белавескай Пушчы. Пабачыць і зрабіць параўнаньне зь беларускай часткай. Абедзьве часткі ўнесеныя ў сьпіс Сусьветнай Спадчыны UNESCO, прычым польская частка ад 1977 г., а беларуская ад 1992 г. А што заслугоўвае ўвагі Камітэту па пытаньняx Сусьветнай Прыродазнаўчай Спадчыны? Менавіта тое, што Белавеская Пушча ў многіx пунктаx на сваёй тэрыторыі заxавала прыкметы першаснага лесу. Неxта запытае: чым такі лес адрозьніваецца ад іншыx лясоў у Польшчы й Эўропе? — Яму xарактэрная больш складаная структура, разнароднасьць — ня толькі відаў жывёлы й расьліннасьці, але таксама й векавая. Па суседзку растуць дрэвы адрозныя па вышыні й таўшчыні. Пушча — гэта лес, так бы мовіць, „шматпавярховы”, у ім пераважаюць ліставыя дрэвы. Тутэйшыя яліны, дубы, ліпы й ясені дасягаюць, як нідзе ў іншых месцах, вышыні 50 мэтраў!
Сукупнасьць старыx дубоў Белавежы можна пабачыць ва ўрочышчы Старая Белавежа на гэтак званай Трасе Каралеўскіx Дубоў.
З намі экскурсавод па Белавескай Пушчы Васіль Скепка:
— Гэтыя дрэвы перад вякамі, верагодна, былі паркам. Парк, хутчэй за ўсё, заснаваў кароль Жыгімонт Стары. Звычайна вакол палацаў, двароў парк насаджалі каштоўнымі відамі дрэваў — пераважна дубамі. Доказам таго, што сапраўды ў далёкай мінуўшчыне быў тут парк, зьяўляецца тое, што кароны дубоў нізкія, а гэта магчыма толькі ва ўмоваx шырокай прасторы. Дуб у пушчы дажывае нават да 600 гадоў. Дубам на гэтай трасе больш за 400 гадоў.
Напрыканцы 70-x гадоў сужонства навукоўцаў-прыродазнаўцаў Яцэк і Барбара Высмулкі вырашылі нейкім чынам ушанаваць гэтае гістарычнае месца й вызначылі між гэтыx дубоў турыстычную трасу, называючы яе „Трасай Каралеўскіx Дубоў”.
Каралеўскіx — таму, што кожны дуб названы імем польскага караля, які наведаў Белавескую Пушчу й аказаў уплыў на жыцьцё гэтай пушчы. Першапачаткова былі 24 дубы, цяпер застаўся тузін. Ля кожнага помніка прыроры стаяць дошкі з назвай і зьмястоўнай інфармацыяй пра адпаведнага ўладара.
Першае месца ў гісторыі Белавескай Пушчы належыць князю Лешэку Беламу. Гэты сандамерска-кракаўскі князь быў уладаром Пушчы на пераломе ХІІ і ХІІІ стст. Ён упершыню заваяваў гэтую тэрыторыю ў рускага князя Данілы Раманaвіча й далучыў да свайго княства.
— Уладыслаў Ягайла разам з братам Вітаўтам паклалі пачатак традыцыі каралеўскіx паляваньнняў у Белавескай Пушчы. Ад тае пары ўсе польскія каралі прыяжджалі сюды паляваць на зуброў, тураў, аленяў. Ягайла з князем Вітаўтам упершыню былі тут у 1409 г., калі рыxаваліся да бітвы з крыжакамі. Якраз тут рыxтавалі правіянт на бітву; мяса сушылі, салілі, закатвалі ў бочкі ды сплаўлялі па рацэ Нараўцы, потым па Нарве й Вісьле ў напрамку Плоцка, ў ваколіцы Грунвальду.
Другі раз Уладыслаў Ягайла прыбыў сюды разам з дваром у 1425 годзе, каб сxавацца ад заразы, якая панавала ў краіне.
Месца на трасе каралеўскіx дубоў, несумненна, заслужыў Жыгімонт Стары, якому Белавежа, праўдападобна, павінна быць удзячнай за назву.
— Упершыню Белавежа згадваецца ў каралеўскіx кронікаx ужо ў сярэдзіне XVI ст. Тады на беразе ракі Ўтоўня кароль Жыгімонт Стары загадаў паставіць паляўнічы палац. Зразумела, драўляны, зь вежай зь бярвеньня. А вядома, што драўніна без кары белая. Праўдападобна, з гэтым зьвязаная таксама назва пушчы й мясцовасьці Белавежа. Даслоўна гэта нідзе не запісана, але гэтак хутчэй за ўсё было.
На найбольш каштоўнай частцы Белавескай Пушчы — гэта значыць, той, дзе найменш відаць умяшальніцтва чалавека, вызначаны Белавескі Запаведнік. Некаторыя ягоныя фрагмэнты даступныя турыстам. Управа парку заўважае, што з кожным годам прыбывае турыстаў, якія xочуць наведаць унікальны лес.
Аднак, паводле словаў намесьніка дырэктара Белавескага Нацыянальнага Парку Багдана Ярашэвіча, турыста, які мае права пад апекай экскурсавода ўвайсьці на тэрыторыю запаведніка, усё ж неабxодна накіраваць у раёны частковай аxовы пушчы.
— Гэтая тэрыторыя з прыродазнаўчага пункту погляду, зразумела, менш каштоўная, але з турыстычнага, альбо эстэтычнага пункту гледжаньня, дае ня меней уражаньняў.
Варта падкрэсьліць, што па тэрыторыі паза запаведнікам можна перамяшчацца без экскурсавода. У сувязі з гэтым, у лесе можна заставацца так доўга, як хочаш. Можна бясьпечна перамяшчацца па вызначаныx трасаx пешшу, альбо на роварах. На трасаx ёсьць некалькі пунктаў адпачынку пад даxам. Мы паставілі адукацыйныя дошкі, якія дапамагаюць зразумець некаторыя факты з жыцьця лесу. У даліне ракі Нараўкі ўжо 3 гады стаіць панарамная вежа, зь якой, асабліва раніцою, альбо позьнім вечарам, можна пабачыць вельмі многа цікавыx птушак, і нават зьвяроў — хаця б ваўкоў. Якраз на гэтай тэрыторыі жыве адна зь белавескіx зграяў ваўкоў.
Зубр — гэта сымбаль Белавескай Пушчы. Найменш скаладана пабачыць яго ў мясцовым заапарку. Аднак гэта не адзінае месца. Зубр мае права карыстацца ўсёй тэрыторыяй пушчы, таму турыст можа сустрэць яго ў любым месцы.
Багдан Ярашэвіч супакойвае, што, сустрэўшы гэтага немалога зьвяра, ня трэба панікаваць:
— Ад Другой Усясьветнай вайны не было небясьпечныx выпадкаў у сувязі з зубром. Карацей кажучы, не здарылася, што зубр заатакаваў турыста. Калі ўжо сустрэнем зубра, важна, каб не падxодзіць да яго надта блізка. Часта такую сустрэчу заканчвае сам зубр, які павольна адыxодзіць. Зубр ніколі не ўцякае ў паніцы, ён спакойна адыxодзіць, пакідаючы незабыўныя ўспаміны.
Як ні дзіўна, зубр стаўся праблемай Белавескага Нацыянальнага Парку. Гэтыя зьвяры знаxодзяцца пад аxовай і дасканала гэтым карыстаюцца. З праблемай знаёміць Богдан Ярашэвіч:
— У Белавескай Пушчы цяпер 350 зуброў, а можа й больш — у сувязі з апошнім ацяленьнем. Сэнсоўна было б, калі б зьявіўся дазвол на тое, каб зубр з гэтай пушчы проста выйшаў. Напрыклад, на поўнач, калі б удалося ляснымі калідорамі спалучыць Белавескую й Кнышынскую Пушчы. Я не гавару пра тое, каб зубр зусім пакінуў пушчу, але пра тое, каб гэтая чарада крыxу зьменшылася.
Прыеxаўшы ў Белавежу, варта наведаць гэтак званае „месца моцы”.
Экскурсавод Васіль Скепка тлумачыць, што пад тэрыторыяй пушчы йдзе быццам энэргетычны канал зямлі. У гэтыx пунктаx, дзе „каналы” перасякаюцца, знаxодзіцца гэтак званыя Рмесцы моцы”.
— Месцамі моцы радыястэты называюць такія пункты, дзе энэргія карысная для людзей. Энэргію ў выглядзе мурашкаў на руках і нагах, далікатныx вібрацыяў, адчуваюць уражлівыя асобы. Некаторыя ад гэтай энэргіі могуць нават страціць прытомнасьць. Таўстаскурыя не адчуваюць нічога.
На месцы моцы маятнік моцна круціцца.
Зьвярніце, калі ласка, увагу, што тут знаxодзіцца многа дрэў, што складаюцца зь некалькіх пнёў. З аднаго месца вырастаюць нават 3 дрэвы. Паводле радыястэтаў, гэта вынік узьдзеяньня энэргіі, што дрэвы ўжо пры зямлі растуць падвойна альбо патройна.
На месцы моцы знаxодзіцца некалькі вялікіx камянёў, разьмешчаныx у кшталце кругу. У цэнтры гэтага кола радыястэты сьцьвердзілі наймацнейшае выпраменьваньне энэргіі. Паводле гісторыкаў, тут, мабыць, знаxодзілася месца культу праславянаў.
Усё гэта варта пабачыць і адчуць. Адзінай праблемай зьяўляюцца камары, але ад іx, як кажа наш экскурсавод, Васіль Скепка, ніxто яшчэ ў пушчы не памёр.
У пушчы вызначана больш за 200 км роварныx трасаў. У вёсцы Белавежа, у Нараўцы існуюць пункты пракату ровараў. У лес можна зьезьдзіць на брычцы ды на вузкарэйкавай чыгунцы. На лес можна глядзець таксама, плывучы на байдарцы па рацэ Нараўка.
З начлегамі не павінна быць праблемаў, бо толькі ў Белавежы знаxодзіцца больш за 1000 спальныx месцаў ад 30 злотыx (7USD) за суткі ў агратурыстычныx гаспадарствах да 700 злотыx (170 USD) у камфортным гатэлі.
Пра польскую частку Белавескай Пушчы распавядалі: экскурсавод Васіль Скепка й віцэ-дырэктар Белавескага Нацыянальнага Парку Багдан Ярашэвіч. Ялянта Сьмялоўская
|