|
Перасьлед незалежнай прэсы
Беларуская асацыяцыя журналістаў абвінавачвае дзяржаўнага манапаліста ў сфэры распаўсюду пэрыядычных выданьняў прадпрыемства “Белпошта” ў парушэньні антыманапольнага заканадаўства й правоў беларускіх падпішчыкаў.
“Белпошта” ігнаруе свой абавязак аказваць паслугі сувязі кожнаму, хто да яе зьвернецца. Чытачы цяпер не атрымаюць па падпісцы «Народную Волю», «Салідарнасьць», «Згоду», «БДГ», «Рэгіянальную газэту» ды іншыя недзяржаўныя грамадзка-палітычныя выданьні. Прымаючы рашэньне выключыць з падпіснога каталёгу на 2006 год бальшыню незалежных газэт, “Белпошта” пайшла на адкрытае парушэньне Закону «Аб паштовай сувязі».
Прадпрыемства зьяўляецца дзяржаўным манапалістам у галіне сувязі і, паводле юрыстаў з Беларускай асацыяцыі журналістаў, гэтым крокам парушае артыкул 396 Грамадзянскага кодэксу пра публічную дамову. Апроч таго, адмаўляючы выданьням ва ўнясеньні ў каталёг, парушае Закон “Аб друку”, таму што пазбаўляе грамадзянаў замацаванага ў Канстытуцыі права на атрыманьне й распаўсюд інфармацыі.
У першыю чаргу ад рашэньня пацерпяць вясковыя жыхары. Яны пазбаўляюцца альтэрнатыўнай крыніцы інфармацыі. Захады “Белпошты” маюць простае тлумачэньне, лічаць у Беларускай асацыяцыя журналістаў: у год прэзыдэнцкіх выбараў даступнаю павінна быць толькі прапаганда са старонак дзяржаўных выданьняў. А вось незалежныя газэты людзям чытаць ня варта.
Апошняю ахвяраю “Белпошты” стала “Рэгіянальня газэта”. На пытаньні аб праблемах адказвае галоўны рэдактар Аляксандар Манцэвіч:
Манцэвіч: Газэту не ўключылі ў каталёг. Матывацыя такая: рэгулярна не аплочваем звышпалоснасьць. Але, паводле вуснай дамоўленасьці па тэлефоне, “Белпошта” сама вылічвала гэтыя грошы з падпісных. Сёньня яны пішуць: “Белпошта” знаходзіцца ў цяжкім эканамічным становішчы й захаваньне фінансавай дысцыпліны – важнейшая ўмова заключэньня дамоваў”. Сума, якая выклікала непаразуменьне, складае 60 тысяч рублёў. На гэтую суму мы падарвалі стабільнасьць “Белпошты”.
Можа быць, справа ў тых матэрыялах, якія вы друкуеце?
Манцэвіч: Пра гэта можна толькі меркаваць і здагадвацца. Але мы - мясцовая газэта культуралягічнага накірунку. Нашыя прыярытэты – культура, гісторыя...
Гісторыя таксама можа мець палітычнае адценьне.
Манцэвіч: Могуць быць толькі здагадкі, што каму не спадабалася.
Вы нейкім чынам зьбіраецеся ўплываць на “Белпошту”?
Манцэвіч: Рыхтуем ліст у “Белпошту” і ў Міністэрства сувязі з нашай аргумэнтацыяй. Выключэньне з каталёгу ўскладніць жыцьцё газэты, але ня спыніць. 20% чытачоў нашай газэты – падпішчыкі. Горш за ўсё, што газэта стане менш даступная ў вёсцы. У горадзе газэту набыць можна. А дзе-небудзь на хутары – не.
Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікала чытачоў таксама выступіць у абарону сваіх правоў на атрыманьне інфармацыі. Напрыклад, чытачы выключаных з падпіснога каталёгу на 2006 год выданьняў могуць скарыстацца кнігаю скаргаў, якую ў абавязковым парадку, згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам, мае ў кожным паштовым аддзяленьні прадпрыемства “Белпошта”. Запісаныя там заўвагі павінныя быць разгледжаныя цягам 15 дзён. Галіна Жарко
Распаўсюджваньне газэт лічыцца дробным хуліганствам
Дэмакратычнага актывіста Алеся Каліту затрымалі за распаўсюджваньне “Народнай Волі”. Нягледзячы на тое, што газэта зарэгістраваная і рашэньне пра забарону яе распаўсюду не прымалася.
Беларусы ня могуць атрымліваць незалежныя газэты ў паштовую скрыню, таму што большасьць недзяржаўных газэт ня ўнесеная ў падпісны каталёг “Белпошты” – прадпрыемства, якое зьяўляецца манапалістам. Ня ўсе газэты прымае і “Белсаюздрук” – таксама манапаліст па распаўсюджваньні прэсы праз шапікі. Альтэрнатыўнай сеткі ў Беларусі няма.
Газэта “Народная Воля” афіцыйна не зьліквідаваная, але па падпісцы праз “Белпошту” яна распаўсюджвацца ня можа, бо ня ўнесеная ў падпісны каталёг, у тым ліку й на 2006 год. У шапіках яе таксама купіць зь нядаўняга часу ўжо немагчыма.
Моладзевы актывіст БНФ Алесь Каліта раздаваў газэту ў падземным пераходзе на менскай плошчы Якуба Коласа. Ён быў затрыманы міліцыянтам Іванам Дулуба. Але ў аддзяленьне ўнутраных справаў Савецкага раёну, куды юнак быў дастаўлены, давялося выклікаць хуткую дапамогу, бо ў Алеся Каліты была падчас затрыманьня пашкоджаная рука.
Каліта: Я пэрыядычна распаўсюджваю газэту, я валянтэр. Гэта не падпрацоўка. «Народная Воля» распаўсюджваецца бясплатна. Гэта наша агульная справа, бо ў Беларусі фактычна ўжо няма свабоды слова. Людзі вельмі ахвотна бралі газэту. Вельмі хутка разыходзіцца. Людзі адчуваюць патрэбу ў свабодным слове. Калі засталося 5 асобнікаў, падышоў сяржант міліцыі, са словамі: «Пройдзем, малады чалавек», і пацягнуў мяне з мэтро. Прычыны затрыманьня не патлумачыў. Я ведаў, што «Народная Воля» незабароненае выданьне. Закон аб друку дазваляе, Канстытуцыя дазваляе распаўсюджваньне. Я юрыст па адукацыі. А супрацоўнік міліцыі нахабна напісаў у пратаколе хлусьню, што я нецэнзурна лаяўся.
Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:
Стэфановіч: Калі справа дойдзе да суда, мы будзем бараніць Алеся. Але сытуацыя, на жаль, на сёньняшні дзень стандартная. Супрацоўнікі міліцыі часта ня могуць патлумачыць, за што яны затрымліваць чалавека Тады выкарыстоўваецца хлусьня пра дробнае хуліганства. Складаюць пратаколы па 156-м артыкуле, што нібыта ён нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы, чапляўся да людзей. Тое самае адбылося і з Алесем. Такія справы, на жаль, вельмі цяжка аспрэчваць падчас разгляду ў судзе, паколькі супрацоўнікаў міліцыі заўсёды бывае некалькі, і яны ўсе разам сьцьвярджаюць, што чалавек лаяўся нецэнзурна”.
Іншыя незалежныя газэты, якія яшчэ можна на сёняшні дзень набыць у шапіку «Белсаюздрук», актыўна рыхтуюцца да такой сытуацыі, калі будуць мець яшчэ большыя цяжкасьці з распаўсюджваньнем. Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько:
Дынько: У падпісны каталёг на 2006 год «Белпошта» газэту «Наша Ніва» ня ўнесла. Пакуль што газэта можа прадавацца ў шапіках, але мы ня маем спадзяваньняў, што газэту міне агульная тэндэнцыя ствараць перашкоды ў распаўсюджваньні. Таму вельмі важна, каб чытачы даслалі свае адрасы ў рэдакцыю. Тады мы будзем мець магчымасьць самі высылаць газэту. Манапалісты «Белпошта» альбо «Белсаюздрук» тады ня змогуць перашкодзіць.
Праваабаронцы тым часам фіксуюць факты, якія пацьвярджаюць парадаксальную сытуацыю, якая склалася ў Беларусі. Легальна выдадзеную газэту няма як распаўсюджваць. Як паказваюць апошнія падзеі, небясьпечна выходзіць з газэтамі на вуліцы й валянтэрам. А гэта яшчэ раз пацьвярджае высновы, што ўлады вядуць скаардынаваны наступ, скіраваны на зьнішчэньне незалежнай прэсы. Галіна Жарко
Праваабаронцаў – у крымінальнікі
Беларускія праваабаронцы дужа занепакоеныя прынятым у першым чытаньні законапраектам, што ўводзіць крымінальную адказнасьць за распаўсюджаньне інфармацыі, якая дыскрэдытуе палітыку Беларусі. Камітэт дзяржаўнай бясьпекі тлумачыць сваю ініцыятыву стварэньня новага закону неабходнасьцю прадухіліць у Беларусі рэвалюцыю.
У інтэрвію агенцтву “Ройтэр” кіраўнік КДБ Беларусі Сьцяпан Сухарэнка сказаў, што Камітэт дзяржбясьпекі не дапусьціць дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне ў выніку магчымых масавых пратэстаў апазыцыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе: «Мы прагназуем розныя варыянты разьвіцьця падзеяў і рыхтуем адэкватныя меры... Любая дзейнасьць, накіраваная на гвалтоўнае зьвяржэньне законнай улады, знаходзіцца пад нашай пільнай увагай».
Кіраўнік КДБ паведаміў, што галоўнай пагрозай улада лічыць не апазыцыю, якая не карыстаецца вялікім уплывам, але ціск з боку Захаду і, у першую чаргу, з боку ЗША.
Як пагрозу нацыянальнай бяспецы разглядаецца стварэньне за мяжою радыёстанцый і тэлеканалаў, накіраваных на Беларусь. Вяшчаньне ўжо пачала “Нямецка хваля”, якая выйграла тэндэр Эўракамісіі. У другім тэндэры ўдзельнічае шэраг кампаній суседніх дзяржаваў – Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, Нямеччыны.
Інфармацыя пра 5 мільёнаў даляраў на стварэньне адмысловага спадарожнікавага тэлеканалу, які плянуе пачаць вяшчаньне ў пачатку наступнага году, таксама не засталіся па-за ўвагаю.
Апроч таго, калі новы закон будзе прыняты, ён зробіць небясьпечным, між іншым, і правядзеньне праваабарончых маніторынгаў. Прадстаўнікі праваабарончых рухаў падпісалі заяву, у якой заклікаюць адмовіцца ад прыняцьця ў другім чытаньні законапраекту, які прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмн да 2 гадоў за прадастаўленьне замежным дзяржавам інфармацыі, якая дыскрэдытуе Беларусь.
«Гэтыя зьмены дзеючага крымінальнага заканадаўства прывядуць да яшчэ большага ўзмацненьня палітычных рэпрэсій, вернуць Беларусь у горшыя часы савецкага таталітарызму», гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.
Камэнтар сытуацыі старшыні праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага:
Бяляцкі: Давядзецца працаваць, маючы над галавою меч крымінальнай адказнасьці. З тых 4-5 арганізацыяў, якія ў нас працавалі яшчэ некалькі гадоў таму, застаўся адзін Хэльсінскі камітэт. Але, калі ён атрымае цягам году папярэджаньне, а гэта, верагодней за ўсё, так і будзе, яго таксама пазбавяць рэгістрацыі. За дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі – крымінальная адказнасьць. За так званую дыскрэдытацыю Беларусі таксама крымінальная адказнасьць. Проста дублюецца былы закон за “антысавецкую дзейнасьць”. Пад дыскрэдытацыяй разумеецца перадача інфармацыі і выступы датычна палітычнага, сацыяльна-эканамічнага жыцьця Беларусі. Усе тыя даклады, якія рыхтавалі праваабаронцы, а таксама й выступы журналістаў ў замежных сродках масавай інфармацыі, падпадаюць пад крымінальную адказанасьць.
Беларускія праваабароцы жартуюць, што нарэшце яны атрымаюць магчымасць зрабіць маніторынг турмаў, куды іх раней не пускалі, але якія расчыняць цяпер перад імі дзьверы. Адно што зьвесткі зьявяцца ажно праз 2 гады.
На сёняшні дзень у Беларусі шасьцёра палітзьняволеных. Калі новы закон будзе прыняты, лік можа пайсьці на сотні.
На пытаньне, ці будуць праваабаронцы працягваць дзейнасьць у новых варунках, Алесь Бяляцкі адказаў:
Бяляцкі: Натуральна, будзем. Праваабаронцы на здаюцца.
Апроч дыскрэдытацыі Беларусі інфармацыйнымі сродкамі, у законе гаворыцца пра крымінальную адказнасьць за падрыхтоўку ўдзельнікаў вулічных акцыяў пратэсту і ўдзелу ў незарэгістраваных грамадзкіх і палітычных аб’яднаньнях.
Ніжняя палата парлямэнту зьбіраецца разгледзець законапраект аб крымінальнай адказнасьці ў другім чытаньні 1 сьнежня. Пасьля таго, як закон будзе падпісаны прэзыдэнтам, ён уступіць у сілу. Ганна Касьцюкевіч Закон аб выкарыстаньні зброі беларускім войскам
У Беларусі завастраецца рэжым - асьцерагаюць мясцовыя няўрадавыя арганізацыі. А разам зь ім нянавісьць да тыx, xто адрозьніваецца, xто думае інакш, xто xоча чагосьці іншага, чым яму прапануюць. А ўсё гэта ў шасьцідзесятыя ўгодкі заканчэньня Другой Сусьветнай вайны.
З нагоды гадавіны Беларускі Хэльсінскі камітэт падрыxтаваў міжнародную акцыю супраціву тэндэнцыям, якія назіраюцца ў Беларусі. Замежныя палітыкі, грамадзкія дзеячы, журналісты былі запрошаны даць ацэнку таму, што адбываецца ў Беларусі. Іx выказваньні будуць друкавацца ў незалежныx выданьняx і ў інтэрнэце.
Старшыня БХК Тацьцяна Процька xоча зацікавіць замежную грамадзкую думку xаця б адным з найбольш адыёзныx законаў, якія падпісаў Александар Лукашэнка. Гутарка пра закон, згодна зь якім беларускае войска зможа выкарыстаць зброю толькі па загаду прэзыдэнта. Закон, як гаворыць Процька, не ўдакладняе, у якіx выпадкаx жаўнеры змогуць страляць.
Т. Процька: Гэта дае прэзыдэнту магчымасьць рабіць вельмі нядобрую справу на законных асновах. Прэзыдэнт мае цяпер ПРАВА рабіць тое, наступстваў чаго мы нават і не ўяўляем сабе. Пасьля суду над Піначэтам шматлікія дыктатары задумаліся - наколькі іx дзейнасьць месьціцца ў рамкаx закону. Яны навучыліся, як застраxавацца на будучыню, бо такім законам можна апраўдаць любыя дзеяньні прэзыдэнта.
Я хачу падкрэсьліць, што кожная дыктатура трымаецца на тым, што людзі здымаюць зь сябе адказнасьць і перакладаюць яе на аднаго чалавека. Менавіта гэты закон і дае магчымасьць не адказваць за свае дзеяньні.
Кожны чалавек ведае, калі ён робіць дрэнна. Нават жаўнер, які страляе ў мірных дэманстрантаў ці зьбівае іx дубінкай, таксама ведае, што ён робіць дрэнна. А так - прэзыдэнт сказаў, і мы нічога ня можам зрабіць, з нас адказнасьць здымаецца. Але няxай людзі ведаюць - гэтым законам адказнасьць не здымаецца. Усё такі трэба будзе адказваць.
Гэта ж паўтор сытуацыі з часоў Другой усясьветнай вайны, калі эсэсаўцы гаварылі, што яны толькі выконвалі загады. Але іx усё ж пакаралі.
Т. Процька: Дакладна так! Трэба памятаць, што ўсе дыктатуры, асабліва таталітарныя, яны заўсёды пабудаваныя па аднолькавых правілах. І ў Беларусі цяпер адраджаецца савецкая таталітарная сыстэма. Тая, якая пазьней стала xарактэрнай для трыццатыx гадоў мінулага стагодзьдзя. Адзінае, што мы пакуль не ў 37-ым годзе, але дзесьці на пачатку трыццатыx, калі масава змагаліся з, як іx называлі, шкоднікамі ў народнай гаспадарцы. У нас таксама паўсюду шкоднікі - то на адной фабрыцы, то на іншым прадпрыемстве, то дзесьці ў раёне іx знаxодзяць і судзяць. Менавіта такая кампанія папярэджвала масавыя рэпрэсіі. У гісторыі Беларусі такое ўжо было. Шкада, што мы гэтага ўроку ня вывучылі.
Як вы лічыце, ці гэты закон пра выкарыстаньне зброі быў прыняты з увагі на тое, што адбылося ва Ўкраіне, як анцідотум на магчымае падобнае разьвіцьцё падзеяў ў Менску?
Т. Процька: Тэматычна ён, адназначна, зьвязаны. Бо такі стыxійны пратэст можа перапалоxаць любую ўладу. І любая ўлада пачынае думаць, як запанаваць над гэтай стыxіяй, як зрабіць яе паслуxмянай. І такі закон, зразумела, дае магчымасьць кіраваць стыxійнымі масамі. Але падзеі ва Ўкраіне маглі быць толькі каталізатарам прыняцьця гэтага закону. Бо ён зьяўляецца сэнсам тыx працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі. Раней ці пазьней ён і так паявіўся б. Бо тое, што цяпер у нас адбываецца ў эканоміцы, што адбываецца з грамадзкімі аб'яднаньнямі ды палітычнымі партыямі, усё гэта ў адным шэрагу са згаданым законам.
На ваш погляд, знойдуцца такія, якія будуць выконваць дадзены закон? Напрыклад, па загаду прэзыдэнта будуць страляць на мірнай дэманстрацыі?
Т. Процька: Вайскоўцы заўсёды выконваюць загады, таму што яны вайскоўцы, таму што гэта іxны сэнс. Падабаецца гэты загад ці не. Ёсьць, зразумела, людзі, якім ён ня будзе падабацца, якія будуць разумець, наколькі небясьпечны гэта мэxанізм - калі ў рукаx аднаго чалавека сканцэнтраваная такая агромністая ўлада. Небясьпечны тым больш, калі возьмем пад увагу сучаснае ўзбраеньне і крохкасьць цывілізацыі. Любы катаклізм можа нашую цывілізацыю проста зьнішчыць.
У нашыx сілавыx структураx многія разумеюць, што на аднаго чалавека нельга ўскласьці такую адказнасьць. Ён жа можа заxварэць, неадэкватна рэагаваць на пэўныя здарэньні, а наступстваў ягонай рэакцыі нельга будзе ўжо зьмяніць. Вы згадалі Ўкраіну. Там не было такой таталітарнай сыстэмы, як у нас. Прыгадайма зноў жа савецкую сыстэму, прыгадайма сыстэму гітлераўскую - многія адчувалі, што гэтага нельга рабіць, але загадам падпарадкаваліся. Таму што баяліся. А адной з задач гэтага закону – перапалоxаць людзей яшчэ больш. Засеяць пачуцьцё страxу й безвыxоднасьці. На нейкім генэтычным узроўні гэты страx застаўся ў людзяx яшчэ з трыццатыx гадоў. На пачатку дзевяностыx ён пачаў патуxаць, але зноў вярнуўся, яшчэ мацнейшы. Марцін Сьмялоўскі Хартыя паляка
Karta Polaka
Маршалак Сэйму Марэк Юрэк у часе сустрэчы зь непрызнаваным беларускім рэжымам кіраўніцтвам Саюзу палякаў Беларусі абяцаў, што неўзабаве будзе прынятая Хартыя паляка.
Сацыёляг з Варшаўскага ўнівэрсытэту, намесьнік старшыні Варшаўскага аддзяленьня таварыства "Wspólnota Polska" Робэрт Вышыньскі перакананы, што францускі досьвед у апошніх тыднях зьяўляецца найлепшым пацьверджаньнем слушнасьці такога кроку.
Робэрт Вышыньскі: Гэта рацыянальны працяг абяцаньня, дадзенага ў часе выбарчай кампаніі, што Польшча дасьць гарамадзянства перасьледаваным палякам зь Беларусі. Гэта азначала б, што яны мусяць адрачыся ад беларускага грамадзянства. У сьвеце ёсьць дзяржавы, якія не прызнаюць падвойнага грамадзянства, і ўважліва за гэтым сочаць.
Такім чынам Хартыя паляка была б для палякаў у замежжы свайго роду страхоўкай, давала б пачуцьцё бясьпекі. Кожны паляк, якога б дзесьці перасьледвалі, мог бы прыехаць у Польшчу. Кожны паляк мог бы працаваць там, альбо працаваць тут.
Гэта крок у слушным напрамку. Прызнаваньне грамадзянства ня мае сэнсу. Тое, што адбываецца ў Францыі, паказвае, што лепшым выйсьцем зьяўляецца Хартыя паляка. З другога боку – гэта абавязак, бо існуе канстытуцыйны запіс пра тое, што кожны паляк мае права жыць у Польшчы. Калі так гаворыцца ў Канстытуцыі, то ён мае права. Але дагэтуль не было ніякага юрыдычнага ўрэгуляваньня дадзенага пытаньня.
У сьвеце ўжо існуюць падобнага роду рэгуляцыі. Калі не шукаць далёка, то ёсьць Хартыя славака, Хартыя летувіса, ці Хартыя вугорца. Дарэчы, і ў Польшчы гэта ня першая спроба палегчыць кантакт асобаў польскага паходжаньня са сваёй этнічнай бацькаўшчынай і ўхваліць Хартыю паляка.
Робэрт Вышыньскі: Прапанова Хартыі, якая паявілася ў Сэйме два скліканьні таму, была ўтапійнай, бо надавала шмат правоў, а іх рэалізацыя шмат каштавала б. Напрыклад, яна давала мэдычнае страхаваньне без аплаты ўзносаў. Гэта не прайшло праз Сэнат, як празьмерна дарагая прапанова. Сёньня ж прапануецца Хартыя, якая не патрабуе выдаткаў з боку дзяржавы. Мне здаецца, што нават калі нехта ў Сэйме будзе супраць, то й так падтрымаюць гэтую прапанову. Гэтая Хартыя дае толькі права прыяжджаць у Польшчу бязь візы й акрэсьленых законам сродкаў на пражываньне, а таксама – я прынамсі спадзяюся – дасьць права на працу. Яна ня будзе патрабаваць выдаткаў.
Гэтак лічыць сацыёляг Робэрт Вышыньскі. А вось што мяркуюць па гэтым пытаньні асобы, якіх гэтая справа можа непасрэдна датычыць.
Нас вельмі цешыць гэтая навіна, – кажа старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс.
Анжаліка Борыс: Для нас гэта вельмі важна. Таму, што на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай, якія сёньня належаць да Беларусі, палякі жывуць многія пакаленьні. Гістарычныя падзеі паспрыялі таму, што яны апынуліся за мяжою. І таму ім так залежыць на тым, каб Польшча выцягнула да іх руку. Сябры нашага таварыства, а гэта пераважна ўжо старэйшыя асобы, якія хочуць атрымаць польскае грамадзянства, яны ня маюць намеру выяжджаць у Польшчу. Толькі, як сказаў мне адзін з нашых сяброў: – „Я проста хачу перад сьмерцьцю ўбачыць польскі пашпарт. І магу спакойна памерці.” Так што для большасьцьі тых людзей гэта звычайная людзкая радасьць, што пасьля столькіх гадоў яны змогуць мець свой асабісты польскі пашпарт.
Гэты дакумэнт можа быць свайго роду прывілеем для палякаў з Усходу, а яшчэ большым прывілеем для беларускіх палякаў. Таму, што ў адрозненьне ад іншых прадстаўнікоў палёніі, беларускія палякі ніколі не пакінулі сваёй зямлі, – кажа галоўны рэдактар ґазэты „Głos znad Niemna” Анджэй Пісальнік.
Анджэй Пісальнік: Мы ніколі й нікуды не эмігравалі. Толькі так склаўся і наш лёс, і лёс гісторыі, што Польшча ад нас аддалілася. І нам здаецца, што было б добра для тых людзей, якія ў часе сталінізму, а потым камунізму, і вось цяпер пад рэжымам Лукашэнкі захавалі сваю тоеснасьць, сваю культуру й традыцыі , каб Польшча гэта дацаніла. Мы ня хочам нейкіх вялікіх прывілеяў, толькі сымбалічнага жэсту сувязі Польшчы з палякамі, якія ніколі не ўцяклі з айчыны.
Магчыма , што яшчэ сёлета польскі Сэйм зацьвердзіць закон аб Хартыі паляка. Прыгадаем, што гэта дакумэнт, які будзе выдавацца польскімі дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі асобам польскага паходжаньня й будзе даваць магчымасьць бязьвізавага ўезду на тэрыторыю Польшчы , а таксама загарантуе сацыяльную падтрымку й магчымасьць працаўладкаваньня без дадатковай рэгістрацыі. Праект закону аб Хартыі паляка быў зацьверджаны польскім Сэнатам 22 красавіка 1999 году. Але польскі Сэйм адправіў праект на дапрацоўку. Магчыма, што неўзабаве сьвет убачыць новая, ужо папраўленая вэрсія гэтага закону. Эльвіра Богдан і Караліна Русіновіч
|