|
Польскія СМІ пра Беларусь
„Па сьлядах Аляксандра Лукашэнкі”
14.11.2005
„Gazeta Wyborcza” паведамляе, што некалькі турбюро ў Воршы прапануе такія менавіта экскурсіі. За $20 можна наведаць родную вёску дыктатара ды мястэчка, дзе ён вучыўся й пазнаёміўся са сваёй жонкай. Экскурсія працягваецца адзін дзень. Пачынаецца ў Воршы й заканчваецца ў Александрыі, дзе Лукашэнка правёў сваё дзяцінства.
-Гэта сур’ёзны праект. Мы спадзяемся, перш за ўсё, зацікаўленьня з боку расейскіх турыстаў - тлумачыць адзін з аўтараў ідэі Іван Гарэлік.
Аднак хто спадзяецца ўбачыць сапраўдную беларускую правінцыю, адчуе расчараваньне, бо Александрыя, якую Лукашэнка часта наведвае, задбаная вёска. Чатыры месяцы таму „бацька” загадаў збудаваць спартыўны й грамадзка-культурны цэнтар ды мост на Дняпры – піша „Gazeta Wyborcza”
Праграма экскурсіі „Па сьлядах Лукашэнкі” не зьмяшчае Рыжкавічаў, вёскі, дзе Лукашэнка жыў разам з жонкаю і дзе быў дырэктарам мясцовага калгасу.
Зласьліўцы заўважаюць, што на трасе няма таксама іншага важнага месца – турмы ў Воршы, дзе малады Лукашэнка працаваў намесьнікам адміністратыўна-эканамічнага начальніка.
Станіслаў Шушкевіч кажа для штодзёнкі „Gazeta Wyborcza”: - Я толькі чакаю, як пачнуць выдаваць кніжкі зь яго біяграфіяй, так як было за Сталіна.
Аднак да сталінскага культу адзінкі ў Беларусі яшчэ далёка - заўважае журналіст, хоць пэўныя зьявы непакояць. Была падрыхтаваная даволі абшырная праца „Жыцьцё для народу”, у якой Мікола Жыгоцкі апісвае дзяцінства й маладыя гады першага прэзыдэнта Беларусі. На шчасьце, Міністэрства Інфармацыі сьцьвердзіла, што кніга не надаецца да друку з увагі на надта нізкі ўзровень.
Але час ад часу ў Беларусі зьяўляюцца паштовыя маркі з выявай Лукашэнкі. У кожнай кнігарні можна купіць патртрэт „бацькі”, а яго здымкі вісяць у дзяржаўных ведмаствах. Але гэга тыповая зьява ў постсавецкай палітычнай культуры.
У Расеі паўсюдна прадаюць партрэты Пуціна, а ва Ўкраіне Вікатара Юшчанкі й Юліі Цімашэнка – супакойвае „Gazeta Wyborcza”.
Прэм’ер Марцінкевіч пра палякаў у Беларусі
19.11.2005
„Польскі ўрад заўсёды будзе падтрымліваць усіх палякаў у Беларусі” – запэўніў Казімеж Марцінкевіч дзеячоў Саюзу палякаў Беларусі. Прэм’ер у пятніцу спаткаўся зь непрызнанымі афіцыйным Менскам прадстаўнікамі СПБ – Анджэем Пісальнікам, Анджэем Пачобутам і Мечыславам Яськевічам. Пісальнік – галоўны рэдактар „Ґлосу з-над Немна” – сказаў у Сэйме, што падчас спатканьня з прэм’ерам атрымаў упэўненасьць, што польскі ўрад будзе выпрацоўваць палітыку адносна польскай меньшасьці ў Беларусі.
Таксама пра гэта піша цэнтрысцкая „Gazeta Wyborcza”. Штодзёнка цытуе Пісальніка, які заўважыў, што падтрымка з боку новага польскага ўраду вельмі важная для палякаў у Беларусі, паколькі беларуская прапаганда хоча пераканаць грамадзтва ў тым, што ранейшая падтрымка была толькі вынікам перадвыбарнай кампаніі й пасля выбараў яе ня стане. Дзеячы Саюзу палякаў Беларусі дадалі, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца далей. Толькі на гэтым тыдні на допыт былі выкліканыя 20 сябраў СПБ, а з кожным разам усё больш асоб атрымлівае забарону выяжджаць за межы Беларусі.
„Gazeta Wyborcza” інфармуе, што К.Марцінкевіч плянуе стварыць пасаду дарадцы па ўсходніх справах.
Андрэй Пачобут без пашпарту
21.11.2005
Польскія газэты паведамляюць пра ўскладненьне сытуацыі палякаў у Беларусі. Андрэя Пачобута – дзеяча рэпрэсаванага Саюзу палякаў Беларусі, які ў пятніцу сустрэўся з прэм’ер-міністрам Польшчы Казімежам Марцінкевічам – беларускія ўлады пазбавілі пашпарту – паведамляюць прэстыжная “Rzeczpospolita” й цэнтрысцкая ўплывовая “Gazeta Wyborcza”.
Пачобут, падобным чынам як і некалькі іншых дзеячаў СПБ, пару месяцаў ня мог пакідаць тэрыторыі Беларусі. Улады анулявалі ім штэмпэлі ў пашпартах, якія дазвалялі перасячы мяжу. Дарэчы, гэтыя штэмпэлі нязгодныя з Канстытуцыяй – сьцвердзіў гэта беларускі Канстытуцыйны суд яшчэ ў 2003 годзе, але сёньняшні рэжым не пераймаецца гэтай пастановай – сказаў “Gazecie Wyborczej” А.Пачобут.
У канцы канцоў Андрэй Пачобут рашыўся прадэманстраваць свой падыход. Паміж Беларусяй і Расеяй няма мяжы, дык тыдзень таму паехаў у Расею і адтуль праз Украіну ў Польшчу. На адсутнасьць беларускай пячаткі ніхто ўвогуле не зьвярнуў увагі. У Польшчы Пачобут супольна з Анджэем Пісальнікам распавялі прэм’еру Казімежу Марцінкевічу аб праблемах палякаў у Беларусі.
У суботу а 23 гадзіне яго затрымала беларуская памежная варта. Афіцэры трымалі яго больш за тры гадзіны і ў канцы канцоў забралі пашпарт. Гэта здарылася ўпершыню, што ўлады аднялі пашпарт у асобы, супраць якой фармальна ня ўзбуджана ніякая крымінальная справа – заявіў Пачобут, які спадзяецца, што ўлады вернуць яму пашпарт, хаця 100-працэнтнай упэўненасьці ня мае, бо беларускім уладам залежыць на ізаляцыі СПБ ад польскіх уладаў.
Сытуацыяй палякаў у Беларусі цікавіцца ААН. Учора прэс-сакратар ураду Конрад Цесялкевіч паведаміў, што ў сераду ў Варшаве з рэпрэсаванымі польскімі дзеячамі сустрэнецца справаздаўца Камісіі правоў чалавека ААН. У сваю чаргу справай адняцьця пашпарту ў Андрэя Пачобута зоймецца юрыст, наняты польскім консульствам. У бліжэйшым часе польскі ўрад зьбіраецца паклікаць упаўнаважанага па справах маніторынгу сытуацыі ў Беларусі. На пасаду дарадцы прэм’ера па ўсходніх справах, праўдападобна, будзе пакліканы Адам Ліпіньскі, які займаецца парлямэнцкімі справамі ў Канцылярыі Прэм’ера.
Майдан б’е брава Лукашэнку
21.11.2005
“Майдан б’е брава Лукашэнку” – у публікацыі пад такім назовам “Gazeta Wyborcza” паведамляе пра сытуацыю ва Ўкраіне год пасьла аранжавай рэвалюцыі. Учора на кіеўскі Майдан Незалежнасьці пад савецкімі, расейскімі ды царскімі сьцягамі выйшлі праціўнікі аранжавай рэвалюцыі. Паявілася таксама мноства транспарантаў з патрабаваньнем стварыць Зьвяз Украіны, Беларусі й Расеі, а таксама прызнаць расейскай мове статус дзяржаўнай ва Ўкраіне.
Дэманстрацыя была сарганізаваная для расейскіх тэлестанцыяў, якія напярэдадні ўгодкаў ахвотна паказваюць Украіну непрыхілянй прэзыдэнту Віктару Юшчанку ды ягонаму лягеру. Непасрэдную трансьляцыю з Майдану Незалежнасьці вёў таксама беларускі спадарожнікавы тэлеканал, праз пасярэдніцтва якога прывітаньні Лукашэнку перадала з пляцу Наталія Вітрэнка, лідэр Прагрэсіўнай сацыялістычнай партыі, арганізатарка маніфэстацыі, якой удалося сабраць на пляцы каля 3 тысяч дэманстрантаў.
Менавіта ад Вітрэнкі ўдзельнікі маніфэстацыі даведаліся, што аранжавая рэвалюцыя гэта вынік змовы Леаніда Кучмы й амэрыканцаў, якія цяпер стараюцца “каляровую чуму” перанесьці ў Беларусь і Расею, а дапамагчы ім у гэтым стараюцца Саакашвілі, Юшчанка, Квасьнеўскі й Адамкус. Па яе словах, прэзыдэнты Грузіі, Украіны, Польшчы й Летувы хочуць “паняволіць усходніх славян і акаталічыць іх на радасьць папу рымскаму”.
Афіцыйныя ўрачыстасьці першай гадавіны аранжавай рэвалюцыі ў аўторак. Разам да народу зьвернуцца прэзыдэнт Віктар Юшчанка ды былая прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка. “Gazeta Wyborcza” задумоўваецца, ці гэта будзе пачатак прымірэньня. Сёньня Цімашэнка й прадстаўнік партыі Наша Ўкраіна заяўляюць, што працуюць над аб’яднаньнем лягеру аранжавых. Дарэчы, час пасьпеў, таму што “пасвараныя атаманы Майдану” за 4 месяцы да парлямэнцкіх выбараў трацяць падтрымку на карысьць Віктара Януковіча. Паводле апытаньняў, Януковіч атрымае 30,5% галасоў, перамагаючы як Нашу Ўкраіну (18,9% падтрымкі), гэтак і Блёк Юліі Цімашэнка (17,6%). Ідучы супольна, могуць перамагчы Януковіча, а паасобку – такіх шанцаў ня маюць.
„Не адыду за грошы”
25.11.2005
Прэстыжная „Rzeczpospolita” зьмясьціла артыкул пад назвай „Не адыду за грошы”. У ім гутарка ідзе пра заяву прэзыдэнта Беларусі. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Захад абяцае яму грошы ўзамен за адыход з пасады прэзыдэнта. „Rzeczpospolita” падкрэсьлівае, што Лукашэнка не назваў канкрэтнай дзяржавы, якая, апрача грошай, абяцала таксама гарантыі бясьпекі яму й яго сям’і. Прыведзеныя наступныя словы беларускага прэзыдэнта: „Я хачу, каб вы ведалі, я вырашыў і не намерваюся паціху адысьці за грошы”. Спасылаючыся на агенцтва РИА Новости, газэта зазначае, што, паводле беларускага прэзыдэнта, нават яго працаўнікі разумеюць, што „ Аляксандар Лукашэнка мае вялікі аўтарытэт і падтрымку ў грамадзтве”. Прэзыдэнт Беларусі паведаміў, што ён ня просіць, каб дэпутаты пайшлі да грамадзтва й заклікалі галасаваць на яго. „Гэта вашая справа, што вы зробіце. Калі лічыце гэта патрэбным – падтрымлівайце, калі не – то не. Але пры гэтым трэба паведаміць пра тое, што творыцца ў нашай дзяржаве, за яе межамі, якую палітыку адносна Беларусі вядзе Захад, Усход, нашыя суседзі. Аб гэтым трэба гаварыць яўна”.
Вінцук Вячорка – лідэр апазыцыйнай партыі БНФ - сказаў штодзёнцы „Rzeczpospolitа”, што пэўна беларускі прэзыдэнт верыць у тое, пра што гаворыць. Менавіта гэта й ёсьць яго харызма. Вячорка мяркуе, што Лукашэнка мае патрэбу апраўдаць сваё трэцяе кандыдаваньне ў прэзыдэнты.
“Турма за спробу зьмены ўлады”
26.11.2005
Прэстыжная газэта “Rzeczpospolita” зьмясьціла невялічкі артыкул пад назвай “Турма за спробу зьмены ўлады”. Гаворка ідзе пра адну са зьмен у беларускім заканадаўстве, якую прапанаваў беларускі прэзыдэнт, а ў пятніцу яна была прынята парлямэнтам. Цяпер тым, хто заклікае да зьмен дзяржаўнай улады й сілаю хоча зьмяніць яе – піша “Rzeczpospolita” – пагражае ад паловы да трох гадоў турмы.
“Мы павінны бараніць народную бясьпеку й не дазволіць, каб адбылася каляровая рэвалюцыя” – гаварыў старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка. Зьмены ў крымінальным праве прадугледжваюць таксама два гады пазбаўленьня свабоды за зьнішчэньне міжнароднай рэпутацыі Беларусі й за дзейнасьць у нелегальных арганізацыях.
Тацьцянy Хом выключылі з унівэрсытэту
26.11.2005
Уплывовая “Gazeta Wyborcza” піша пра адну з найлепшых студэнтак, якую унівэрсытэт у Менску выключыў са сьпісу студэнтаў за тое, што яна без дазволу ўлад паехала на тры дні ў Францыю. Тацьцяна Хом два тыдні таму была выбрана чальцом выканаўчай рады Нацыянальных студэнцкіх задзіночаньняў Эўропы. Пасьля прыезду дадому Тацьцяна не дачакалася віншаваньняў ад свайго унівэрсытэту.
“Яны абвінавацілі мяне ў тым, што я іх не паведаміла пра сваю паездку ў Францыю, – расказвае Тацьцяна Хом. Гаварылі, што паколькі я цяпер працую ў Нацыянальным студэнцкум задзіночаньні, то ня буду больш вучыцца.”
У пятніцу студэнтка афіцыйна была аб гэтым павядомлена й страціла месца ў студэнцкім інтэрнаце.
Рэктар унівэрсытэту Уладзімір Шымаў сваё рашэньне камэнтуе так: “Гледзячы на небясьпечную ўнутраную сытуацыю ў францускіх гарадох, паездка студэнткі магла выклікаць трагічныя наступствы. Яе захаваньне зьяўляецца несур’ёзным, яно сьведчыць пра ігнаранцыю ўнівэрсытэту як установы, якая нясе праўную й маральную адказнасьць за бясьпеку студэнткі”. “Калі ўсе студэнты будуць так рабіць, то рэктара проста пасадзяць у турму, а яна села ў самалёт ды й паляцела ў Францыю” – падтрымлівае рашэньне унівэрсытэту віцэ-рэктар. Менавіта за гэта яе выключылі з унівэрсытэту. Ёсьць рашэньне прэзыдэнта, міністэрстваў, якія рэгулююць справы выезду за мяжу. Кожны студэнт, які хоча гэта зрабіць, павінен прайсьці адпаведныя працэдуры. Дэкрэт з сакавіка 2005 году загадвае, каб усе студэнцкія арганізацыі такога тыпу мелі ліцэнзію міністэрства. Акрамя гэтага, павінны быць прадстаўлены сьпісы выяжджаючых за мяжу студэнтаў. Як піша “Gazeta Wyborcza”, хоць гэты дэкрэт яшчэ не ўступіў у законную сілу, на яго паклікаюцца ўлады унівэрсытэту.
На інтэрнэтстаронках – www.esib.org і www.studenty.by зьбіраюцца подпісы ў абарону перасьледаванай Тацьцяны Хом.
Не пытайся ў беларуса: „Як справы?”
29.11.2005
У сёньняшнім нумары цэнтрысцкай штодзёнкі „Gazeta Wyborcza” зьмешчаны фэльетон Вацлава Радзівіновіча „Андрэй Вышынскі жыве ў Беларусі”.
Калі ў беларуса запытацца: „Як справы?”, то ён адкажа: „Справы вядзе пракурор”. Гэты змрочны жарт, на жаль, з дня ў дзень становіцца ўсё меней сьмешным.
У суботу ніжэйшая палата беларускага парлямэнту ў неадкладным парадку, бо так даручыў Аляксандар Лукашэнка, разгледзела й прыняла зьмены ў крымінальным кодэксе, якія павінны б узрадаваць найлепшага – гэта з іроніяй, засьцерагае Радзівіновіч, – савецкага юрыста XX стагодзьдзя, генэральнага пракурора СССР Андрэя Вышынскага.
Такім чынам у беларускім крымінальным кодэксе неўзабаве паявіцца параграф пра „дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”. Ён прадугледжвае пакараньне для тых, хто „перадасьць іншай дзяржаве або замежнай ці міжнароднай арганізацыі непраўдзівую інфармацыю пра палітычную, эканамічную, грамадзкую ці міжнародную сытуацыю Рэспублікі Беларусь, юрыдычнае становішча грамадзянаў Рэспублікі Беларусь ці яе ворганаў улады”.
Вінаватых у зьдзяйсьненьні пералічаных грахоў чакае параканьне ў форме пазбаўленьня волі ад 6 месяцаў да 2 гадоў. Ад 6 месяцаў да 3 гадоў атрымаюць тыя, хто „пашкодзіць вонкавай бясьпецы Беларусі, яе сувэрэнітэту й тэрытарыяльнай цэласьці”. Калі б на дадатак нехта паспрабаваў заклікаць у сродках масавай інфармацыі „шкодзіць” Беларусі, то яму пагражае ад 2 да 5 гадоў.
У часе сталінскіх паказных працэсаў Вышынскі ня мог абысьціся бяз вымушаных катаваньнямі паказаньняў абвінавачаных, якія толькі пасьля працяглай, саліднай апрацоўкі на Лубянцы прызнаваліся ў супрацы з замежнымі разьведкамі, у тым, што рыхтавалі замах на Сталіна ды іншыя злачынствы.
У Беларусі неўзабаве ўсё будзе значна прасьцей. Чалавек, які сказаў нешта нязгоднае з тым, што можна пачуць у дзяржаўнай тэлевізіі ці прачытаць у штодзёнцы „Советская Белоруссия”, або паразмаўляў з замежным журналістам – ужо падпадае пад параграф. І без вырываньня пазногцяў яму можна даць за гэта прынамсі паўгоду.
Беларускі рэжым уводзіць зьмены ў Крымінальны кодэкс у неадкладным парадку перад прэзыдэнцкімі выбарамі наступнага году, якія Лукашэнка абяцае сабе выйграць, як заўжды, -„элегантна”, г.зн. здабываючы найменш 70% галасоў падтрымкі. Хто ў часе выбарчай кампаніі адважыцца крытыкаваць або пасьля выбараў паспрабуе падважыць дабрасумленнасьць падліку галасоў, згодна з новым заканадаўствам, будзе „дыскрэдытаваць” або „шкодзіць”.
Такім чынам не пытайцеся ў беларуса: „Як справы?”, бо ён сапраўды дасьць дадатковы занятак пракурору, - раіць польскім чытачам Вацлаў Радзівіновіч на старонках цэнтрысцкай штодзёнкі „Gazeta Wyborcza”.
Больш за тысячу жыхароў Гарадзеншчыны падпісалася пад заклікам да беларускіх уладаў, каб вярнуць 1. праграму польскай тэлевізіі TVP у мясцовае кабэльнае тэлебачаньне й агульныя антэны у шматпавярхоўках.
Выказацца ў дадзенай справе маюць магчымасьць чытачы штотыднёвіка палякаў у Беларусі „Głos znad Niemna”. Прэсавы ворган непрызнавай уладай часткі Саюзу палякаў Беларусі зьмясьціў узор ліста да міністра інфармацыі ў абарону TVP. Апэратары кабэльнай тэлевізіі і ўладальнікі антэн у Гарадзенскай вобласьці перасталі перадаваць сыгнал польскай грамадзкай тэлевізіі ў кастрычніку. Чытаем сёньня пра гэта на старонках уплывовых выданьняў „Rzeczpospolita” і „Gazeta Wyborcza”.
Праблемы ў супрацоўніцтве паміж Польшчай і Расеяй
30.11.2005
Цэнтрысцкая ўплывовая „Gazeta Wyborcza” ўзяла інтэрвію ў Канстанціна Касачова, старшыні Камісіі замежных справаў Думы. Канстанцін Касачоў заявіў, што калі б Польшча вяла сябе па-сяброўску ў дачыненьні да Расеі, тады абедзьве краіны маглі б стаць партнэрамі. Але аказваецца, што Польшча выламвае Расеі рукі, і таму Расея мусіць рэагаваць адпаведным чынам.
Касачоў назваў палітычнай правакацыяй рашэньне польскага Міністэрства нацыянальнай абароны пра адсакрэчаньне актаў Варшаўскага дагавору. Галоўная мэта гэтага – даказаць, што менавіта Савецкі Саюз і Расея зьяўляюцца асноўнай крыніцай бедаў Польшчы ды сёньняшняй Эўропы. У ацэнцы Касачова, дакумэнты Варшаўскага дагавору можна было б адсакрэціць, але яны зьяўляюцца супольнай уласнасьцю ўсіх краін – чальцоў дагавору, і таму трэба было гэта зрабіць супольна. Ідэальным вырашэньнем было б, калі б адначасова былі адсакрэчаныя таксама дакумэнты NATO. Аднабаковае рашэньне Польшчы прычыняецца да таго, што ў грамадзкай думкі ўзьнікае ўражаньне, што гэта Варшаўскі дагавор быў адзіным агрэсарам, адзінай крыніцай пагрозы. Тым часам ва ўмовах халоднай вайны штабавыя гульні вялі абодва бакі.
Канстанці Касачоў адмоўным стаўленьнем Польшчы да Расеі абгрунтоўвае таксама пабудову Паўночнага газаправоду, які абмінае Польшчу. Гэты газаправод прынясе карысьці Расеі, Нямеччыне й Эўразьвязу. Гэта камэрцыйная дзейнасьць Расеі і – у ацэнцы старшыні Камісіі замежных справаў Думы – Расея гуляе ў чыстую гульню, у адрозьненьне ад Польшчы, якая стараецца палітызаваць справу паставак газу.
Расея таксама вельмі востра зарэагуе, калі ў Польшчы паявіцца амэрыканская ракетная база. Пабудову элемэнтаў антыракетнага шчыта недалёка ад сваіх межаў успрыме як парушэньне сусьветнай сыстэмы ядзернага супакойваньня. Гэта будзе весьці да гонкі збраеньняў, што ў сваю чаргу павялічыць ваенную рызыку.
У размове з Канстанцінам Касачовам „Gazeta Wyborcza” закранула таксама пытаньне прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Касачоў зьвярнуў увагу на зусім іншую грамадзка-палітычную сытуацыю ў сёньняшняй Беларусі, чым ва Ўкраіне перад аранжавай рэвалюцыяй. У Кіеве быў вялікі грамадзкі супраціў, а беларуская ўлада карыстаецца вялікай падтрымкай. Праўда, ён не ідэалізуе Аляксандра Лукашэнкі, але раіць дазволіць беларусам зрабіць свой выбар. І ўмешваньне Польшчы ва ўнутраныя справы Беларусі – у ацэнцы Расеі – недапушчальнае й нецывілізаванае.
Касачоў бачыць праблему свабоды слова ў Беларусі, але ўважае, што адна справа – падтрымка СМІ, а другая – навязваваньне Беларусі кандыдатаў, якіх падтрымліваюць іншыя дзяржавы.
Касачоў на канец праявіў спадзяваньне, што ў польска-расейскіх дачыненьнях пераможа прагматызм.
Таксама прэстыжная "Rzeczpospolita" займаецца чарговым ужо крызысам у гандлі з Расеяй. У ацэнцы штодзёнкі, кожны месяц спрэчкі з расейцамі, якія забаранілі імпарт многіх польскіх прадуктаў, будзе каштаваць польскія фірмы больш за 85 мільёнаў злотых (прыблізна 25 мільёнаў даляраў).
Расейцы вінавацяць польскі бок у фальсыфікацыі вэтэрынарных і фітасанітарных дакумэнтаў. "Rzeczpospolita" піша пра апублікаваны расейцамі сьпіс тавараў расьліннага паходжаньня, якіх польскія фірмы ня могуць экспартаваць на расейскі рынак. На гэтым сьпісе апынуліся, м.ін.: сьвежая агародніна й садавіна, кветкі, мука, каша, збожжа, а таксама некаторыя драўляныя вырабы. Газэта заўважае, што ўвядзеньне ў гэты сьпіс вырабаў з дрэва абвострыць гандлёвую спрэчку між Польшчай і Расеяй. Міністар сельскай гаспадаркі Лех Ружаньскі сказаў, што расейскія дзеяньні занадта рэзкія ў дачыненьні да польскай віны. "Rzeczpospolita" спасылаецца на Януша Штайнгофа, былога віцэ-прэм’ера ва ўрадзе Выбарчай Акцыі Салідарнасьць, які ня мае сумневаў, што канфлікт вакол фітасанітарнай і вэтэрынарнай дакумэнтацыі выкліканы геапалітычнымі прычынамі. Штайнгоф прыгадаў, што некалькі тыдняў таму расейцы зьвярнуліся да польскага боку з прапановай зьмяніць умовы паставак газу.
"Rzeczpospolita " заўважае, што каб вырашыць згаданыя праблемы, павінны сустрэцца міністры сельскай гаспадаркі абедзьвюх краін. Аднак раней павінна адбыцца паразуменьне паміж групамі экспэртаў з абедзьвюх дзяржаваў, што, дарэчы, вельмі складанае, таму што – па словах міністра Ружаньскага – расейцы не адказваюць на лісты польскага боку. Ня хочуць таксама перадаць тых дакумэнтаў, якія фальсыфікавалі польскія экспартэтры. Адначасова аднак патрабуюць высьвятленьня гэтых фальсыфікацыяў – заўважае "Rzeczpospolita".
Беларусь варта наведваць
01.12.2005
Турыстычны дадатак да “Gazety Prawnej” паказвае мясьціны ў Беларусі, зьвязаныя з Адамам Міцкевічам. У публікацыі “Наведваем суседа” заўважаецца, што ў польска-беларускіх дачыненьнях сёньня дамінуе напружаная палітыка. Тым часам раней цягам многіх стагодзьдзяў паміж беларускім і польскім народамі не было сур’ёзных канфліктаў. Зь Беларусяй зьвязваюць Польшчу прозьвішчы Адама Міцкевіча, Элізы Ажэшкі, Тадэвуша Касьцюшкі, Станіслава Манюшкі, Рамуальда Траўгута, Уладзыслава Сыракомлі, Міхала Клеафаса Агінскага, Яна Чачота, Ігната Дамэйкі, не гаворачы ўжо пра роды Радзівілаў, Сапегаў ці Тышкевічаў.
Беларусы да гасьцей з Польшчы ставяцца прыхільна, па-сяброўску. Дык варта наведваць Беларусь – заклікае “Gazeta Prawna” ў турыстычным дадатку ды знаёміць польскага чытача з нацыянальнымі паркамі Беларусі, з жыцьцём і помнікамі Менска, Горадні, Наваградка, Берасьця ды іншых беларускіх мястэчак.
Беларусь варта наведваць у любую пару году: асабліва вясною, калі цэлая акунаецца ў сьвежую, сакавітую зелень; улетку – у разгары сэзону; ды восеньню – у агромністай колькасьці фантастычных адценьняў колераў лясоў, палёў і лугоў – піша польская “Gazeta
Prawna”.
“Вязьні ў краіне Лукашэнкі”
02.12.2005
Польскія газэты шмат пішуць пра сытуацыю Саюзу палякаў Беларусі. “Вязьні ў краіне Лукашэнкі” – пад такім назовам прэстыжная “Rzeczpospolita” паведамляе пра затрыманьне беларускай міліцыяй Анджэя Пісальніка, нефармальнага прэс-сакратара СПБ, ачоленага Анжалікай Борыс. Такім чынам Пісальнік ня будзе перадаваць “Rzeczpospolitej” інфармацыі зь нядзельных выбараў у Казахстане. Быў ён затрыманы адразу пасьля выезду з Горадні, і на пастарунку анулявалі яму пячатку, якая дазваляе выяжджаць па-за межы Беларусі. Пісальнік ехаў папуткаю ў Менск, адкуль вечарам павінен быў паехаць у Кіеў і з Кіева на самалёце ў Казахстан.
Украінскія калегі арганізавалі выезд на выбары для журналістаў, м.ін., зь Беларусі. Пісальнік быў у гэтай групе, і ўжо нават быў куплены білет.
Пісальнік уважае, што за ім сачылі, таму што нікому ня здрадзіў, якім чынам будзе дабірацца ва Ўкраіну. Аказалася аднак, што міліцыя дасканала ведала. Аўтамабіль ДАІ чакаў на яго каля Скідля, 20 кілямэтраў ад Горадні.
У ацэнцы Анджэя Пісальніка, справа ня ў выбарах у Казахстане. Папросту беларускім уладам залежала на тым, каб ня даць яму магчымасьці рэпрэзэнтаваць за мяжою Беларусі СПБ.
Пісальнік не зьяўляецца адзіным супрацоўнікам Анжалікі Борыс, пазбаўленым права выезду зь Беларусі. У Андрэя Пачобута забралі пашпарт, пячатку анулявалі таксама, м.ін., намесьніку старшыні СПБ Юзэфу Пажэцкаму. Гэтыя дзеяньні – падкрэсьлівае Пісальнік – нязгодныя з Канстытуцыяй, якая гарантуе грамадзянам права да свабоднага перамяшчэньня. Для аоб, пазбаўленых пячаткі, адзіны спосаб выехаць зь Беларусі – ехаць праз Расею, таму што на беларуска-расейскай мяжы няма пашпартнага кантролю.
|