|
Беларусы дзейнічаюць у Варшаве
Разам з тым, як Польшча далучылася да Эўразьвязу, яе сталіца стала важным цэнтрам прэзэнтацыі беларускай культуры на эўрапейскім форуме.
Беларуская культура ў Варшаве стае ўсё больш распазнавальнай зьявай. Гэтак дзеецца, між іншым, дзякуючы Інстытуту беларускай культуры (ІБК), грамадзкай арганізацыі, якая дзейнічае ў сталіцы Польшчы.
Паводле статуту, ІБК мае дзьве асноўыня мэты: інтэграваць у Польшчы беларускамоўнае й беларускае асяродзьдзе і папулярызаваць беларускую культуру.
Пра тое, якім чынам Інстытут рэалізуе свае заданьні апавядае старшыня арганізацыі Вольга Гардзейчык-Мазярская.
Вольга Гардзейчык-Мазярская: — Мы ладзім канцэрты, культурныя мерапрыемствы, бярэм удзел розных міжнародных праектах. На працягу пяці гадоў існаваньня мы выпрацавалі цыклічныя імпрэзы, якія асацыююцца з нашым Інстытутам, зь Беларусяй, якія ў пэўныя даты павінны ў Варшаве быць, таму што, я спадзяюся, мы ўжо прызвычаілі да гэтага варшаўскую аўдыторыю.
Гэта 25 сакавіка — Дзень волі Беларусі. Штогод у гэты дзень мы ладзім выставу, канцэрт, альбо і выставу, і канцэрт.
Другая з цыклічных нашых імпрэзаў гэта Каляды. Мы ў адным і тым жа месцы, у першай палове студзеня, ладзім „Беларускае калядаваньне”. Заўсёды запрашаем які-небудзь гурт, часьцей за ўсё фольк, альбо на мяжы фольк-мадэрн, фольк-рок.
У другой частцы выходзяць калядоўшчыкі з туронем, з казой, са сьмерцю, з д'яблам. Усё адбываецца як належыць у найлепшай традыцыі беларускай вёскі.
Пасьля мы запрашаем усіх гасьцей на беларускую кухню й прапануем дранікі, таму што гэта найбольш спраўджаны рэцэпт.
Перад намі гэтай традыцыі ня мелі беларусы Варшавы, і таму, я лічу, наш Інстытут можа па-ціху ганарыцца.
Інстытут беларускай культуры наладзіў сяброўскія адносіны з варшаўскімі культурнымі ўстаноўамі, між іншым, з Этнаграфічным музэем у Варшаве, але пачаткі ня былі простымі:
Вольга Гардзейчык-Мазярская: — Як мы пачыналі нашыя каляды ладзіць, мы вырашылі, што хочам зрабіць такія вось амаль этнічныя фрагмэнты, гтз. хочам увесьці беларускіх калядоўшчыкаў. І пачалі думаць, адкуль жа возьмем гэтыя усялякія строі. Ня будзем жа мы самі рабіць усялякія маскі. Мы вырашылі пайсьці ў варшаўскі Этнаграфічны музэй. Прыйшлі, пытаемся: „Скажыце, калі ласка, ці ёсьць у вас вось такія рэчы? Мы хацелі б іх пазычыць. Бо ж вядома, што культуры бліскія, і польская, і беларуская”.
Супрацоўніцы музэя спачатку вельмі раззлаваліся на нас і кажуць: „Вы ж не разумееце, куды вы прыйшлі! Гэта музэй! Гэта экспанаты! Людзі плацяць грошы, каб іх толькі ўбачыць! А вы хочаце, каб вам іх далі?”
Мы патупілі сьціпла вочы й кажам: „Так, мы разумеем, але вы нашая адзіная надзея. Ну, ня будзем жа мы вазіць зь Беларусі стажкі саламяныя, каб тут аздобіць залю. Мы так на вас спадзяваліся”.
Скончылася так, што мы так разчулілі гэтых жанчын, што яны самі, асабіста, уласнымі рукамі цягалі гэтыя стажкі з саломы ў маю машыну і з намі пасябравалі так моцна, што калі самі пачалі ладзіць свае міжнародныя фэстывалі, таксама пачалі да нас зьвяртацца. А на „Каляды” яны цяпер да нас прыходзяць. І штогод ведаюць, што мы да іх прыйдзем па гэтыя маскі. І вось апошні год, калі я прыйшла да іх з такой ужо пакутлівай мінай, што вось гэта зноў мы, я паглядзела, а ў іх у куце, ужо ўсё для нас падрыхтавана. І яны кажуць: „А мы ведалі, што вы зараз будзеце да нас зьвяртацца”.
Інстытут беларускай культуры штогод удзельнічае ў славянскім кірмашы, які ладзяць Этнаграфічны й Археалягічны музэі ў цэнтры Варшавы, на мяжы са старым горадам.
Вольга Гардзейчык-Мазярская: — Мы стараемся максымальна багата прадставіць беларускую праграму. Гэта нейкія мультымэдыйныя прэзэнтацыі, абавязкова нейкі гурт, які ўдзельнічае ў канцэрце ўсіх славянскіх гуртоў. Абавязкова ёсьць таксама некалькі стэндаў і месцаў, дзе стаяць прыгожа апранутыя нашыя беларускія дзяўчаты й распавядаюць усім ахвотным пра краіну, нешта паказваюць. Паказваем на стэндах беларускія кнігі, саламяныя, драўляныя вырабы — тое чым Беларусь вядомая. Напрыклад такая рэч, як інкрустацыя саломкай па дрэве, гэта у Польшчы рэдкасьць. Калі мы прывезьлі некалькі сальнічак зробленых такім вось метадам, то гэта быў фурор абсалютны. Наведвальнікі ледзьве ня нюхалі гэтыя сальнічкі.
Яшчэ мы частавалі людзей гарбаткай настоенай на зёлках, далівалі туды некалькі кропляў бальзаму. Усім гэта вельмі падабалася.
Абсалютным шоў двухдзённых „Славянскіх дзён” быў аўсяны кісель. Гэта выглядае як студзень, ці як пудзінг. Белы й вельмі смачны, хоць смак дзіўны. Людзі спачатку баяліся. Яны падыходзілі й пыталіся: „А гэта што?!” А мы кажам: „Пакашкуйце!” Калі яны спрабавалі, пазьней прыходзілі яшчэ й яшчэ. Другога дня, калі мы сабраліся адчыняць гандлёвую нашую кропку, прыбег дырэктар Этнаграфічнага музэю й кажа: -„Ну, нарэшце! Мне ўчора ўсе вушы пражжалі пра ваш аўсяны кісель. Дайце мне хутчэй паспрабаваць, што ж гэта за ён!”
Такія зусім звычайныя й простыя для беларусаў рэчы могуць палякаў узразіць „напавал”.
Дзякуючы Інстытуту беларускай культуры варшаўская публіка мела нагоду пазнаёміцца зь цікавымі беларускімі незалежнымі музыкантамі. У прыватнасьці з забароненымі ў Беларусі, але магчыма, дзякуючы гэтаму, яны становяцца ўсё больш вядомымі ў Эўразьвязе.
Вольга Гардзейчык-Мазярская: — Запрашаць гурты лягчэй за ўсё й чужымі талентамі рэкляманаваць Беларусь.
Мы навучыліся даходзіць да польскіх СМІ, каб перад гэтым паінфармаваць варшаўскую публіку, што будзе такі канцэрт.
Апошняя падзея, гэта выстаўленьне пад Палацам культуры й навукі ў Варшаве музычнага спэктаклю „Народны альбом”, якога некалькі гадоў ужо ня можна выставіць у Беларусі. Гэта было ў межах фэстывалю „На скрыжаваньні культураў”. Мы адразу вырашылі, што пад такую формулу „Скрыжаваньне культур” пасуе толькі „Народны альбом”. Прыйшло на яго прыблізна 600 асобаў.
Несумненна, нам не ўдалоса б прыцягнуць сюды такі вялікі, багаты й дарагі праект, у якім задзейнічана 16 музыкаў, калі б не дапамога гарадзкіх уладаў. Нам на дапамогу выйшла варшаўская Гарадзкая рада. Бюро па культуры й міжнароднай супрацы самі да нас зьвярнуліся.
Мы запрашалі практычна ўсіх зь першай гільдыі гуртоў. Ня раз ужо мы запрашалі N.R.M., Тройцу, Палац, Стары Ольса, Крыві, Новае неба, калі яшчэ яно было, Касю Камоцкую як барда, Віктара Шалкевіча, Сержа Мінскевіча.
ІБК ахвотна запрашае беларускіх выканаўцаў, але таксама з прыемнасьцю рэалізуе ўласныя праекты Інстытуту:
Вольга Гардзейчык-Мазярская: — Мы зрабілі мультымэдыйную прэзэнтацыю „Беларусь — гістарычнае падарожжа”. На фоне гістарычна абгрунтаванай музыкі, на два галасы жаночы й мужчынскі, мы распавядаем гісторыю Беларусі. У цёмнай залі, на экране высьвяталюцца слайды, якія распавядаюць пра Беларусь ад пачаткаў. Ад першага камня з выявай Пагоні, праз замкавую гісторыю, праз руіны замкаў, празь сярэднявечча, праз каралёў, праз ВКЛ.
Палякі, зрэшты, заўсёды дружна зьдзіўляюцца: "А Беларусь таксама была у Вялікім Княстве? Ня толькі Літва?" Заўсёды даводзіцца тлумачыць гістарычную памылку з тэрмінамі, што Беларусь і ёсьць тая Літва, у складзе Рэчы Паспаспалітай абодвух народаў.
Спыняемся на 90-тых гадах, калі вяртаецца герб Пагоня й калі лунаюць на тле блакітнага неба бел-чырвона-белыя сьцягі.
ІБК гуртуе перш за ўсё маладых людзей, студэнтаў, былых студэнтаў, якія неяк зачапіліся за Польшчу й тут жывуць. Праца Інстытуту магчымая дзякуючы энэргіі маладых, бо на цяперашнія ўлады Рэспублікі Беларусь ІБК не разьлічвае.
Вольга Гардзейчык-Мазярская: — Нашага Інстытуту ніякая дзяржава не падтрымлівае. Дарэчы з такой дзяржавай, зь якой мы маем дачыненьне сёньня, мы ня хочам мець нічога супольнага. Мы працуем самі, абсалютна на грамадзкіх пачатках. Часам гэта нас моцна абмяжоўвае. Усё што мы зарабляем ідзе на чарговую імпрэзу. Гэта абсалютна валянтэрская дзейнасьць. Пляны ў нас былі б нашмат амбітнейшыя. Мы хацелі б паказаць гурты "Харошкі", "Госьціца" і сьцягнуць з купалаўскага тэатру спэктакль "Тутэйшыя", але вядома, што гэта ўсё ўпіраецца ў грошы.
Трэба ведаць, што ў Варшавы даволі багатае культурнае жыцьцё, асабліва клюбнае. Я калі сама калісьці сюды прыехала, была абсалютна захоплена, што зазіраеш у газэту, і маеш некалькі старонак дробным шрыфтам напісаных клюбаў, куды можна пайсьці, і ў кожным будзе іншая праграма.
Тое, што мы ўпісваем туды маленькім друкам нашую беларускую культурную прапанову, зьбіраем 300 ахвотных паслухаць беларускую музыку, я лічу безумоўным посьпехам.
Грамадзтва Эўразьвязу няшмат ведае пра Беларусь. Толькі з адным асацыюе бліжэйшую ўсходнюю суседку Супольнасьці — з А. Лукашэнкам. Усё апошняе ва ўяўленьні Эўропы гэта tabula rasa.
Праз Польшчу, сябра Эўразьвязу, Беларусь ужываецца ў сьвядомасьць эўрапейскага грамадзтва. У прыватнасьці, што ва ўсходняй частцы Польшчы, на Беласточчыне, кампактна пражывае беларуская нацыянальная меншасьць.
Уладзімер Міхневіч — старшыня грамадзкай арганізацыі "Беларуская ініцыятыва" падкрэсьлівае значэньне польскіх беларусаў не толькі ў якасьці нацыянальнай разнароднасьці й каштоўнасьці насельніцтва Эўразьвязу, але й для саміх беларусаў у Беларусі.
Уладзімер Міхневіч: — Беласточчына зьяўляецца своеасаблівай энклявай на ўсходніх межах сёньняшняй Польшчы. Ёсьць шмат думак на гэтую тэму, ці гэта добра, ці дрэнна, што беларусы апынуліся ў межах Польшчы. Ці з-за таго яны не паддаліся хутчэй палянізацыі?
Я больш упэўнены ў тым, што дзякуючы гэтай энкляве шмат якія беларусы з самой Беларусі пачынаюць адчуваць сябе больш беларусамі, калі прыяжджаюць на гэтую ж Беласточчыну і ўдзельнічаюць у культурніцкіх імпрэзах, якія арганізоўвае беларуская меншасьць.
На самой Беларусі за гады саветызацыі, з нацыянальнай сьвядомасьці фактычна выбілі паняцьце "беларускасьць". Калі беларус зь Беларусі прыяжджае на тую ж Беласточчыну й паўдзельнічае ў такіх культурніцкіх імпрэзах як "Сяброўская бяседа", якая штогод адбываецца ў Гарадку, альбо Фэстываль музыкі Маладой Беларусі "Басовішча", раптам разумее, што ён апынуўся на гэтак званай "беларускай вёсцы", але не на столькі яшчэ русіфікаванай, як у РБ, і ён пачынае сябе пачуваць таксама паўнавартасным прадстаўніком беларускай культуры й беларускага народу.
Беларус на Беларусі мусіць фактычна штодня змагацца за сваю беларускасьць. Я не кажу, што ён жыве ў нейкіх страшных умовах, што на яго ўвесь час ціснуць. Але быць беларусам на Беларусі й прэзэнтаваць сябе як беларуса нашмат цяжэй, чым у той жа Польшчы. Бо за нейкія грамадзкія чыны, публічныя выказваньні не пасадзяць на 15 сутак у турму. Проста палічаць, што ты маеш права выказацца.
Забываць пра суседку Эўразьвязу польскаму грамадзтву не дазваляе таксама Зьвяз на карысьць падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, які дзейнічае ў Варшаве ад кастрычніка 2003 году.
Гэтая маладзёвая арганізацыя займаецца перш за ўсё палітычнай дзейнасьцю.
Антось Цялежнікаў, віцэ-старшыня ЗПДБ: — Перадусім мы вядзем інфармацыйныя акцыі, бо мы ня хочам толькі пратэставаць, але перадусім інфармаваць. Праз добрыя кантакты з мэдыямі нашая інфармацыя трапляе ў тэлебачаньне, на радыё, у газэты. Палякі даведваюцца чарговы раз, што ёсьць праблема ў Беларусі, што мы імкнемся прыцягнуць увагу неабыякавых грамадзян Польшчы. Натуральна, таксама тутэйшых беларусаў, якія тут вучацца, ці працуюць.
Нашая першая акцыя гэта было звычайнае шэсьце. Нас было 15 чалавек. Мы проста прайшліся зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, з транспарантамі праз цэнтр гораду. Але гэта была найпрымітыўнейшая форма акцыі, якую мы рабілі.
Цяпер, калі робім акцыю, яна носіць характар per formance’у, які нешта сымбалізуе. Напрыклад, надзяваем камусьці маску Лукашэнкі, паказваем жорсткага дыктарара, які насамрэч выглядае сьмешна. Распаўсюджваем інфармацыю пра палітычназьняволеных, зьніклых апанентаў Лукашэнкі.
Аднойчы хадзіў спадар Лукашэнка апрануты ў доўгі зялёны плашч, з доўгай чароўнай палачкай. Падыходзіў і казаў: "Вы таксама можаце зьнікнуць". У нас у Беларусі так гэта выглядае. Мы паказалі гэта сымбалічна. Гэта выклікала цікаўнасьць як мэдыяў, так і грамадзянаў. Такім чынам мы ў чарговы раз прыцягнулі ўвагу да тэмы палітычных зьнікненьняў у Беларусі.
Апошнія акцыі, гэта „Дзень салідарнасьці зь Беларусьсю”. Выйшлі ўжо не 15 чалавек, а значна больш. Людзі вышлі са сьвечкамі, сталі ў ланцуг. Трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі. Акцыя нагадвала часы "Салідарнасьці" ў Польшчы. Яна была праявай салідарнасьці й надзеі, памяці.
Акцыі заўсёды прымеркаваныя да розных датаў як Дзень волі, гадавіны зьнікненьня беларускіх палітыкаў, ці як „Дзень Салідарнасьці зь Беларусьсю”. Ялянта Сьмялоўская
|