БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

КАМУНІКАТ

 
 КАМУНІКАТ 3 / 2005 (28)

Пад знакамі Арла й Пагоні

Сакрат Яновіч

Польская апазыцыя ў часы "Салідарнасьці" ня мела палітычнай праграмы адносінаў да заходнесавецкіх рэспублікаў. Зрэшты, сам гэты рух з выразнай клерыкальна-каталіцкай афарбоўкай насьцярожваў нават літоўцаў, зь якімі, здавалася б, павінна было атрымацца цалкам добрае ўзаемаразуменьне з увагі на супольнае веравызнаньне. У дачыненьнях зь Беларусяй справа наогул не існавала; там не было з кім гаварыць. Гэты арэал, практычна, уяўляў сабою белую пляму ў тыповай сьвядомасьці паляка, які ведаў пра Ўкраіну й Літву, але думаў, што ў Бярэсьці й Гародні стаіць Расея – у прасьцюткім працягу ад Масквы й Смаленска, безь ніякага рэспубліканскага фіктыўнага пасярэдніцтва.

Апублікаваньне ў часопісах Варшавы ці Кракава энцыкляпэдычна банальнай інфармацыі пра беларускі народ выклікала сэнсацыю, быццам бы здарылася адкрыцьцё нейкага невядомага індзейскага племя ў Амазоніі. Асаблівае зьдзіўленьне праяўляла маладое пакаленьне; старэйшае, памятаючы даваенныя часы, крыху наслухалася было пра заходнебеларусаў і таму мела сякое-такое паняцьце.

Надалей дзейнічаў стэрэатып: беларус – камуніст, беларус – вораг Польшчы, беларус – бальшавік з выскаленымі зубелямі! Да гэтага люду няма чаго й набліжацца, бо ўкусіць, схопіць за горла... У канцы васьмідзесятых гадоў толькі ў адной Беларусі ня чулася нават нясьмелага піску супроць савецкага рэжыму; нешта даходзіла сюды, у Польшчу, пра Ларысу Геніюш, але настолькі няясна ды няпэўна, што аж ня верылася ў яе сапраўднае існаваньне.

У 1987 годзе ў Варшаве была афіцыйна выдадзеная кніжка Беларусь, Беларусь, якая расказвала перш за ўсё пра гісторыю польска-беларускага сужыцьця на працягу многіх стагодзьдзяў. І хаця асьвечаны чытач нічога новага ў ёй не знаходзіў, публіка нарабіла шуму. Можна сказаць, што ў Польшчы выбухнула беларускае пытаньне. Адны занялі прыхільны яму бок, іншыя – рашуча варожы. У той момант не было вельмі важным тое, колькі было прыхільнікаў, а колькі праціўнікаў. Сутнасьцю палітычнага, у прынцыпе, скандалу сталася прышэсьце Беларусі быццам бы з таго сьвету.

Ажывіліся літаратурныя кантакты. Саюз Польскіх Літаратараў арганізоўваў прыезд шэрагу творчых дэлегацыяў зь Менску. Асабліва арозьнівалася тут Лодзь, у якой усталявалася найбольшае ў Польшчы інтэлектуальнае асяродзьдзе, зьвязанае менавіта пачуцьцямі сымпатыі да беларускай старонкі як краіны сваіх народзінаў і маладосьці. Лодзінскае выдавецтва вырашыла спэцыялізавацца ў пашырэньні беларускай літаратуры й выпусьціла каштоўныя кнігі, а на сам пачатак – анталёгіі паэзіі й прозы. Нямала было зроблена ў гэтым напрамку й варшаўскімі выдавецтвамі.

На жаль, намаганьні перадавых палякаў не сустракаліся з належным водгукам з боку культурнай Беларусі. Трэба сказаць мацней: Менск маўчаў, і толькі некаторыя асобы ў ім давалі прыватны сыгнал, скажам, дружбы й любові. З чаго гэта вынікала? Прычына, як заўсёды, і ў гэты раз аказалася надзвычай простай: Масква цярпець не магла якога-колечы росквіту беларускай культуры. Даходзіла да дыпляматычных умяшаньняў наконт нібыта залішняй цікавасьці польскіх творцаў беларускімі. Трэба на плюс палічыць тагачасным уладам у Варшаве, што не прыдавалі значэньня ўсім дэмаршам крамлёўскіх шавіністаў. Не было б такога яшчэ ў шасьцідзесятыя альбо і ў палове сямідзесятых гадоў. У васьмідзесятыя ж камунізм памалу сыпаўся, бы тая старая тынкоўка, і, пакуль што нябачна простаму чалавеку, хіліўся да ўпадку. Таталітарызм мае дзівосную візуальную ўласьцівасьць, а менавіта – абвальваецца раптоўна, бы той высокі бераг, які ўчора здаваўся непарушным, а сёньня бачыш, устаўшы раніцою, што ўжо няма яго, панесла з бурлівай вадою. 

Кнігі аднак чытае далёка ня кожны чалавек. Часьцей людзі бяруць у рукі часопісы. А ў іх жа, гэтых воблаках пагоды, надта рэдка зьяўлялася нейкае слова пра Беларусь. І гэтак жа нечакана часта пачало яно гасьцяваць на іхных старонках у той сьмяротны скрыпат у падвалінах Савецкай імпэрыі, у гарбачоўскую „перабудову”. У польскіх умовах чырвоны фашызм раней страціў манаполію на друкаванае слова; разраслася цэлая вялізная сетка непадцэнзурных, падпольных выданьняў; заснавалася адзінаццаць выдавецкіх фірмаў і каля некалькіх сотняў усякіх часопісаў, газэт і газэтак, бюлетэняў і іншай журналісцкай драбніцы (адны хутка падалі, уступаючы месца іншым; другія трымаліся, выстаяўшы выпрабаваньне кансьпірацыяй). У саракамільённай краіне, спазнаўшай смак свабоды, рэпрэсіўны апарат ня мог быць эфэктыўным, тым болей, што ён сам пераставаў верыць у слушнасьцьсваіх дзеяньняў.

Беларусь непасрэдна не пакарысталася гэтым. Усё адбывалася на лініі Варшава – Масква, якія паслалі на пэнсію вартаўнікоў існуючага ладу, а новых не прыслалі, і Менск аднойчы не паверыў сваім вачам, што ўжо быццам і ніхто над ім не стаіць зь бізуном...

* * *

Мы, беларусы, столькі стагодзьдзяў сумесна з палякамі пражылі ў адной дзяржаве, даўняй Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, маючы й пасьля падобны лёс, каб пры канцы дваццацівечча зусім адасобіцца – псыхалягічна й культурна. Выдатны публіцыст „салідарніцкай” арыентацыі Багдан Скарадзінскі напіша:

„Як жывецца людзям у маляўніча-пагоркавай Літве, у Беларусі, зь яе лугамі й бярэзьнікамі, ці на чарназёмнай Украіне? І што іх там хвалюе? Столькі ведаем, што нічога. Напэўна гаруюць-бядуюць, і пэўна сум точыць чарвяком іхныя сэрцы ад нейкае тугі, каб, урэшце, па-людзку жыць, у сябе й на сваім. І, відаць, не да канца згасла ў іх памяць пра вялікія надзеі ды пра яшчэ большыя расчараваньні, прыніжэньні, няўдачы й драмы. І што мы, палякі, займаем у іхнай памяці ды пачуцьцях цалкам сваё й зусім не апошняе месца.

Вымушаны яны глядзець у наш бок – на захад – хочучы таго, ці не, усенькія сьвядомыя беларусы, літоўцы, украінцы. Ці глядзяць яны з адною толькі надзеяй і добразычлівасьцю, я сумняюся. Вялізны ляжыць там цяжар гістарычных канфліктаў, жаляў і крыўды, і нішто не ўдалося – ні нам, ні ім – каб тыя равішчы поўныя ад узаемных прэтэнзіяў хаця б крыху пазавальваць. Магчыма, адно бегкі час прасушыць раны й спавольна паявяцца на іх гаючыя струпы. (...) Некалі ў будучыні надыдзе такі час нармальнага сужыцьця зь Беларусьсю, зь Літвою, з Украінаю. Важнае нават і ня тое, калі ж ён будзе. Куды істотней тое, якраз, якімі мы тады суседзямі будзем. І ў якой меры супольнымі намаганьнямі прысьпешым хаду гісторыі, каб прыдаць ёй нейкі рытм. Каб потым жыць, як і ўсе ў сьвеце; як Бэльгія каля Нідэрляндаў, як Швэцыя каля Нарвэгіі”.

Мары гэтага выдатнага паляка не зьяўляюцца нечым новым, нават і не знакам нашага невыразнага стагодзьдзя. Яны былі і ў даваеннага Тадэвуша Галоўкі, і ў дарэвалюцыйнага Леона Васілеўскага; а раней – у Элаізы Ажэшкі, у Адама Міцкевіча, і ў магутным родзе Радзівілаў. Як прыгожае пераўтварыць у рэальнае? – адвечная дылема.

Аж па гарбачоўскую пару палякі абсалютна не арыентаваліся ў маштабах спусташэньня беларускага нацыянальнага духу. Ім і не падумалася, што ўсяго нешматлікі адсотак насельніцтва Беларусі носіць у сабе адчуваньне асабістае дастойнасьці ды гонару за свой род; рэшта, бальшыня была ўзгадаваная ў паклонстве перад уладаю, у рабскім самааплёўваньні. Як Рымская імпэрыя была імпэрыяй аднаго горада Рым, так Савецкая – была імпэрыяй аднае Масквы, у якую сьцякаліся адусюль усе важнейшыя справы. Бяз згоды Крамля не магло нічога значнага адбыцца на неабдымнай тэрыторі ад Бярэсьця па Ўладзівасток. Парасткі самастойнасьці ў каго-колечы зрэзваліся хутка, бязьлітасна й пад корань. Палякам, як больш-менш нармальнаму эўрапейскаму народу, немагчыма было растлумачыць, што, напрыклад, беларусы ненавідзяць самі сябе. Гэтая агульнанародная псыхічная хвароба называлася савецкім патрыятызмам, патрыятызмам нявольніка да пана. Таму супрацоўніцтва паміж так адрознымі нацыямі канчаткова перастала быць рэальным. Толькі час ад часу мела яно месца паміж элітарнымі коламі ды пад дробязным кантролем вярхоў.

Ваенае становішча ў Польшчы на кароткі пэрыяд стабілізавала ўнутраную сытуацыю ў ёй, але адначасна наглуха ізалявала яе, быццам якую заразную, на ўсходняй мяжы. Дало гэта фатальныя вынікі ў сфэры беларускіх сувязяў. Высока як ніколі ўзьнялася сьцяна недаверу, перш за ўсё з тае прычыны, што па абодвух бакох кардону дайшлі да голасу крайнія погляды: тэрытарыяльны рэвізіянізм з боку вялікапалякаў і расейскае мэсіянства ў Белай Русі, трактаванай накшталт стратэгічнага „балкона” над заходнім памежжам паміж няпэўнай, бо да тла не русыфікаванай Украінай, і непадатлівай Прыбалтыкай (літоўская кампартыя пад кіраўніцтвам Альгірдаса Бразаўскаса скінула зь сябе маскоўскі хамут ды адрэзала лейцы).

І вось на схіле васьмідзесятых гадоў узьнік у Менску Беларускі Народны Фронт „Адраджэньне”. Гаварылася пры гэтым аб польскіх інсьпірацыях у ім, але, калі яны й праявіліся, дык у надта агульным пляне. Канкрэтыкі не магло быць, бо „Салідарнасьць” тым часам арыштавалі тайныя службы і ўсё ў ёй жывое сядзела ўжо па вязьніцах ды лягерах інтэрнацыі. Яна, гэтая ўсенародная арганізацыя, і ў свой эпагей не наладзіла кантактаў зь беларускімі апазыцыйнымі асяродзьдзямі з тае простае прычыны, што яны ў якім-небудзь арганізаваным стане, звычайна, не інснавалі.

Аднак жа было, было ў беларусаў нешта з Эўропы, бо не дарэшты захлынуліся яны азіяцкім сэрвілізмам. Уцалеў інстынкт працы й спадзяваньне на самога сябе; не апусьціліся ў поўную падлегласьць каманднай сыстэме. Чакае свайго дасьледчыка й польская нацыянальная меншасьць у Беларусі, значная ў заходніх яе акругах, якая, без сумневаў, адыграла пазытыўную ролю ва ўтрыманьні ў грамадзтве настрояў прыватнай незалежнасьці ад націскаў безкампраміснай адміністрацыі. Польска-каталіцкі індывідуалізм потым выкарысталі часткова правакатары тайнай паліцыі, але гэта ўжо іншая гісторыя.





39.

Некалі ў антычныя часы гаварылі, што ніхто два разы не ўваходзіць у такую самую раку. У гэтай філясофскай заўвазе сказана вельмі многа, і на яе тэму можна доўга разважаць. А так наогул – у чым тут справа? Па-першае, час не стаіць, а безупынна рухаецца, кожная мінулая сэкунда належыць ужо гісторыі. Па-другое, разам з часам усенька наўкола зьмяняецца, чаго мы не прыкмячаем у штадзённасьці, а толькі праз гады й эпохі. Гэта самы надзейны інтэлектуальны занятак у роздумах наконт будучыні польска-беларускага сужыцьця. Бо не бывала так, каб суседнія народы маглі на вякі вечныя заставацца ў несьціханай варожасьці ды ўзаемнай ізаляванасьці.

Палякаў і беларусаў прымусіць пайсьці насустрач адзін аднаму перш за ўсё самое жыцьцё. Беларусь уяўляе сабою найкарацейшы й цалкам цывілізаваны шлях на неабсяжны гаспадарчы ўсход, на Маскву, Урал і Сібір (а там глядзіш, і Кітай зь Японіяй побач). Такая фантасмагорыя прышлых гадоў, рэальная аднак толькі пры той умове, калі Рэспубліка Беларусь умацуецца як самастойная дзяржава, а суседзі перастануць успрымаць яе як часовую зьяву на палітычнай карце Эўропы. Пакуль што маем дачыненьне з адміністрацыяй і ўрадам у ёй тыпова каляніяльнымі, якія хварэюць з-за распаду маскоўскай імпэрыі, і ў выпадку спробаў аднаўленьня яе гатовыя стацца ейным плацдармам, свайго роду Вандэяй (славутай у Францускую рэвалюцыю правінцыяй, якая дала апору каралеўскай контррэвалюцыі).

Разьвіцьцё падзеяў усё ж прадказвае прыход да ўлады ў Беларусі патрыятычна настроенага маладога пакаленьня, якое не дазволіць падзяліць краіну паміж суседзяў, не сустрэне яе лёс сумнавядомай пасьляюгаслаўскай Босьніі й Герцаговіны, якую расьцягвалі Сэрбія й Харватыя. Тады Рэспубліцы Беларусь акажацца бліжэй у Эўропу цераз польскія порты на Балтыцы ды прысутнасьцю сваіх тавараў на гэтым рынку, які ўжо інтэгруецца паступова з Захадам. Выехаць у шырокі сьвет на плячах палякаў...? У гэтай стылістычнай фігуры зь іранічнай афарбоўкаю знаходзім зерне праўды: сама беларуская культура ў выразнай меры прабівалася са сваёй замкнутасьці часьцей менавіта праз варшаўскае пасярэдніцтва, у чым лёгка дашукацца абумоўленасьці гістарычнай мінуўшчынай.

Зьменіцца мэнталітэт беларуска-польскага суіснаваньня. Адыход пакаленьняў з душою, прастрэмленай адвечнымі крыўдамі на сябе – у выніку пражываньня значнай часткі польскага народу ў заходнебеларускай правінцыі – здыме з парадку дня „крэсавы” шавінізм як вялікую перашкоду ў ліквідацыі двухбаковай закамплексаванасьці. Адначасна з гэтым зацікаўленьне беларускай культурай набудзе болей аб’ектыўныя падставы, без аспэкту польскіх элемэнтаў у ёй, што так прыцягвалі, напрыклад, згаданых творцаў з Лодзі. Зьнікне тып паляка, які глядзіць на Беларусь як на колішнюю ўскраіну Польшчы. Тая Рэч Паспалітая Абодвух Народаў канчаткова аддаліцца ў нябыт і стане далёкім сьведкам двухбаковай гісторыі. 

Ускладніць пэрспэктывы можа нясьпеласьць саміх беларусаў дзеля абароны ўласнай незалежнасьці. Гэта самы праўдападобны варыянт няшчасьця, якое не павінна зьдзейсьніцца... Калі ж дойдзе да яго, значыцьме яно дэградацыю Беларускай Дзяржавы да ролі падрасейскай аўтаноміі ды ўзьнікненьне няўхільнага фактару працяглае барацьбы патомных за ейную поўную эмансіпацыю. Лепей, каб ня здарылася тая стагадовая ціхая вайна супроць дамінацыі Расеі, якая зруйнуе – духоўна найперш, але й матэрыяльна – край ды замарозіць вырастаньне нацыі ў сусьветную нармальнасьць. Ірляндзкая аналёгія тут прарочыць добраахвотную русыфікацыю, як добраахвотна англізаваліся самі ірляндцы пасьля адрыву ад Англіі, але й прынясе з сабою тое самаадрачэньне – гэтак жа шалёную нянавісьць беларусаў да расейцаў, выбухі тэрарыстычных бомбаў мянчукоў у Маскве... Не дапусьці Божа мець рацыю ў гэтым прароцтве!

Эўропа спалоханая югаслаўскім крызысам, плебэйскай, а нават сялянскай вайною ў ёй, якая ў сваёй дзікасьці можа раўняцца з азэрбайджанска-армянскім народазабойчым канфліктам у Карабаху, ці зь менш крывавым азіяцтвам у Абхазіі. Значыць, усё магчымае. І гэта наганяе трывогу ў сэрца ды неспакой у розум. Што будзе зь Беларусяй, калі верх у ёй возьме дурань?!

Застаецца спадзявацца на памяркоўнасьць у самім нацыянальным характары беларусаў і на разбуялы ў палякаў інстынкт не пакідаць у бядзе слабога, якога аблуплівае моцны. Трэба быць наіўным, каб думаць, што расейскія валадары лёгка выпусьцяць з рук такую падатлівую ім здабычу, як Беларусь, і што адназначна заступіцца за ёю Польшча, для якой аднак заўсёды больш карысьці ад згоды з Масквою... Палітычныя прагнозы рэдка пацьвярджаюцца, але трэба іх мець, каб глыбей ацэньваць учарашняе, сёньняшняе ды тое, што наступіць заўтра й пасьлязаўтра. І, як ні дзіўна, пра ўсё вырашае культура, яе сіла ўзьдзеяньня на сьвядомасьць адзінкі й супольнасьці. Прысутнасьць беларускай культуры ў духоўнасьці паляка грунтоўней схіляе яго да Беларусі, таксама як і польскі кампанэнт у асобе беларуса вяжа яго безьліччу нітак сымпатыі да Польшчы. У рэзультаце фармуецца сяброўства, сужыцьцё, больш чалавечны лёс.





40

Надышла пара на генэральныя высновы наконт беларуска-польскага й польска-беларускага сужыцьця на працягу амаль цэлай гісторыі абодвух народаў.

Самае непазбыўнае адчуваньне, дык гэта такое, што кожны народ найглыбей шчасьлівым бывае толькі ва ўмовах незалежнага існаваньня, калі не вымушаны кланяцца чужому за ласку. Гэта аксіёма, праўда па-за ўсякай дыскусіяй. Зразумелі яе палякі, зразумелі – урэшце – і беларусы. 

Паўтысячагадовае супольніцтва Польшчы й Беларусі дае багаты матэрыял дзеля роздумаў над складанасьцю – і нават рызыкай – гэтага, як і кожнага іншага, сужыцця. Быць асобна можа абы дурань, калі яму на тое дазваляюць. Але дзеля таго, каб быць не аднаму, а разам з кімсьці, патрэбная ўжо мудрасьць. Яна бала ў польска-беларускія эпохі, і мы яе цяпер даволі лёгка знаходзім ды выяўляем на паверхню.

Найпершай умоваю даўгавечнага сяброўства зьяўляецца неабходнасьць ва ўзаемінах, патрэбнасьць аднаго аднаму. Гэтага аднак аказваецца далёка недастаткова, хоць бы й таму, што ніколі не здараюцца ідэальна роўныя патэнцыялы – матэрыяльныя й духоўныя. Значыць, большая маральная адказнасьць падае на мацнейшы бок. Знакаміта прасочваецца гэта ў факце зьнікненьня беларускай фэадальнай высокай культуры ў карысьць польскай. Ведаем, што не адбыўся тут крывавы прымус, але, хутчэй за ўсё, унівэрсальная загледжанасьць прасьцейшага ў больш разьвітага. Аналягічная асыміляцыя праходзіла на захадзе Рэчы Паспалітай, на Ўзмор'і й ды ў Сілезіі, дзе спакваля разьлівалася моўная й мэнтальная нямеччына. Неабсяжная хваля росквіту кацілася на славянскі ўсход ад колішніх рымскіх правінцыяў Італіі, Галіі й Брытаніі, і нічога не магло супрацьстаяць ёй. Маскоўскі ізаляцыянізм, выкліканы аб'ектыўнымі й суб'ектыўнымі прычынамі, лёг на пасьлейшую Расею страшэнным ценем адсталасьці, зь якое ня выйшла яна й па сёньняшні дзень. Беларусь апынулася ў неблагой сытуацыі самага крайняга рубяжа культурнай Эўропы, аж да пярэдадня ўзьнікненьня ў ёй індустрыяльнай цывілізацыі.

Да згаданага сужыцьця даходзіць не па інстынкце закаханасці, як назіраем гэта паміж людзьмі, але пад ціскам вонкавых акалічнасьцяў. Іначай кажучы: адзін аднаго ратуе, каб выратавацца абодвум. У беларускім – і ня толькі – выпадку адразу прыгадваюцца нам назвы-сымбалі для ілюстрацыі такіх словаў: будзь гэта Грунвальд, які для заходнеэўрапейскай гістарычнай памяці ня болей значыць як ледзь прыкметны эпізод усяго, але для нас – зваротны момант у выжываньні; ці будзь гэта Полацак, у якім у 1563 годзе засеў Іван Грозны і, каб не Люблінская вунія, расстрос бы ўшчэнт Вялікае Княства Літоўскае, нашую праайчыну.

Абодва народы йшлі крок у крок. Аднак заўсёды адзін зь іх спатыкаўся й пачынаў падаць. Ад таго, як падхопліваў яго другі, можна меркаваць пра шчырасць суадносінаў. Беларусы ўспамагалі мячом ды пагоняю палякаў. Палякі не пакідалі ў бядзе нас. Можна сказаць, усе мелі ў тым інтэрас. І добра. І так павінна быць. Калі той інтэрас прапаў, напрыклад, у 1920 годзе, дык гісторыя тыцнула нам пад нос Рыскі трактат і падзел Беларусі.

За ўсё трэба плаціць. Каштуе дабро, але яшчэ большай цаною трэба пакрываць зло. Пра гэта ведаюць інтэлігентныя палітыкі. Вельмі рэдка разумее гэта, на жаль, просты чалавек.

Саюз моцнага са слабым падвойна рызыкоўны таму другому. Атрымоўваючы апору, ён ніколі ня можа быць упэўненым у тым, што не закончыцца яна ўдушлівым заціскам. Ставіць сябе, такім чынам, у залежнасьць, але выратавальную ў дадзеную гістарычную хвілю. Хоць цяжка пазбыцца яе ў будучым. А што адбываеццца са слабейшым бокам, калі валіцца мацнейшы? Вядома, рухнуць абодва. Вяласць саксонскай Польшчы пахіліла да самюткае зямлі Літву. Сумна канстатаваць тое, але адначасна трэба не забываць, што Масква даўно глынула б з патрахамі Белую Русь, калі б ня польскае плячо. Несумненна, рацыю мецьме й той, хто адкажа, што няўстойка Літвы пагражала самым крывавым інтарэсам той жа Польшчы. Усё зьвязана, нішто не адбываецца ў вакууме.

І ўрэшце, адраджэньне наважытнае Беларусі. Ці пачалося б яно без захаваньня пачуцьця адрознасьці ў дачыненьнях з прышлым сюды расейцам? Рытарычнае пытаньне. Ёсьць арэалы аднае мовы, на якіх бачым па некалькі нацыяў ды дзяржаваў: Швэйцарыя, Нямеччына, Аўстрыя; Францыя й Бэльгія; Англія, Шатляндыя, Уэльс ды Ірляндыя, ня кажучы ўжо пра Злучаныя Штаты Амэрыкі, Канаду, Аўстралію і іншыя. Аб чым гэта сьведчыць? Нацыянальную сьвядомасьць будуе перш за ўсё ўласны гістарычны лёс, асобная мінуўшчына. Такою зьявілася, невідочная на першы погляд, прычына палянізацыі: прагрэс у працэсе жыцьцёвага яднаньня з палякамі. Але ж гэтая прычына прадвырашыла сфармаваньне беларусаў у народ. Наўрад, ці вырасьлі б мы ў поўны рост, падпаўшы пад кулак цароў і каратаючы свой быт у якасьці імпэрскай правінцыі... Як быццам экспэрыментальна пераканаліся ў гэтым зусім сьвежым часам. Што засталося б, менавіта, ад беларусаў, калі б Савецкая імпэрскасць пасядзела ў іх душах яшчэ адно-два пакаленьні?

Гісторыя, можа быць, як рэдка якому іншаму народу, дала нам усе магчымыя адказы на якія хочаш варыянты свайго лёсу. Маем цяпер усе шанцы не памыліцца ў асноўным для нас. І нельга дапусьціць таго, што мы іх не зразумеем. Хай ня маюць рацыі тыя, хто цьвердзіць, што мінулае ня вучыць.

лістапад 1992

 кантакт: kamunikat@poczta.onet.pl 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster