ЭМІГРАЦЫЯ ПРА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ
Ніна Баршчэўская
БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ ЦАРКВЫ — працяг
Важнае значэньне ў будаваньні нацыянальнае тоеснасьці мае Царква. Дзеля выкананьня гэтай ролі мусіць яна аднак быць нацыянальнай і карыстацца роднай мовай — уважаюць беларускія эміграцыйныя публіцысты, якія ў шматлікіх публікацыях асьвятлялі сытуацыю беларускае мовы ў Цэрквах розных канфэсіяў.
А. У каталіцкіх сьвятынях
Пасьля Другой Сусьветнай вайны шмат беларусаў-каталікоў апынулася ў розных краінах сьвету. Найбольшая іх частка пасялілася ў Злучыных Штатах Амэрыкі. Істотнай праблемай была нястача сваіх сьвятароў і багаслужбаў у роднай мове. Таму вялікім сьвятам для беларусаў у ЗША быў прыезд на нейкі час айца Часлава Сіповіча, рэктара Беларускае каталіцкае місіі ў Ангельшчыне й царкоўнага асыстэнта Беларускага каталіцкага акадэмічнага задзіночаньня „Рунь”. Айцец Сіповіч прачытаў тры даклады на рэлігійныя тэмы, а 28 кастрычніка 1957 году адслужыў у роднай мове багаслужбу ў найвялікшай каталіцкай сьвятыні Нью-Ёрку — Катэдры сьв. Патрыка. Багаслужба закончылася малітвай за Беларусь[1].
Многія беларусы зьвярталіся да польскіх сьвятароў з просьбай дапамагчы ў беларусізацыі Каталіцкай царквы.
У другой палове красавіка 1988 году Чыкага наведаў польскі кардынал Гэнрык Гульбіновіч. Мясцовыя беларусы зьвярнуліся да яго з просьбай паспрыяць беларускім каталіком і ўвесьці беларускую мову ў касьцёл на Бацькаўшчыне[2]. Кардынал уважна выслухаў просьбу й абяцаў разгледзець пытаньне. Аднак у публіцыстаў газэты „Беларус” паявіліся сумневы, выкліканыя пашыраным у польскіх рэлігійных колах поглядам, што беларускія каталікі гэта палякі. У сваю чаргу сярод беларускіх партыйных чыноўнікаў не было намераў умацоўваць каталіцызм у Беларусі, пераводзячы багаслужбу на беларускую мову, таму што тады ўсе „пісьменьнікі й нацыяналісты” пабеглі б у касьцёл Богу маліцца, а не ў царкву. Тым часам будучыня каталіцызму ў Беларусі можа быць зьвязаная толькі зь беларускай моваю, — піша „Беларус” — таму што маладое пакаленьне ўжо ня ведае польскае мовы.
Годам раней з такой жа просьбай зьвярнуўся беларускі каталіцкі сьвятар айцец Уладыслаў Чарняўскі да ўдзельнікаў канфэрэнцыі Беларусы, літоўцы, украінцы, палякі — перадумовы пагадненьня, якая была праведзеная зь ініцыятывы айцоў езуітаў 23-25 кастрычніка 1987 году ў Лодзі[3]. У сваім звароце айцец Чарняўскі адклікаўся да гісторыі, да Берасьцейскае вуніі. Ужо ў той час недапушчэньне біскупаў у Сэнат сьведчыла пра погляд на вуніяцкую веру як на мужыцкую, як на мост да акаталічваньня й апалячваньня беларусаў. У 1839 годзе беларусаў ізноў навярнулі ў „рускую веру”. Па словах айца Чарняўскага, „як «руская» гэтак і «польская вера» была паніжэньнем для беларускага народу”[4]. Беларускі сьвятар прывёў прыклады забароны набажэнстваў па-беларуску ды арыштоўваньня беларускіх ксяндзоў (напрыклад, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага), выкідваньня іх зь Беларусі (напрыклад, марыянаў з Друі).
Ксёндз У. Чарняўскі, крытыкуючы пашырэньне на беларускіх землях катэхізму, у якім словы польскія, але напісаныя „рускімі літарамі”, выказаў сумнеў, ці палякі ўспрынялі б станоўча катэхізм з польскімі літарамі, але з расейскімі альбо нямецкімі словамі. З уласнае практыкі прывёў выказваньні дзяцей, якія не разумеюць такога катэхізму. Зьвярнуў увагу таксама на выпадкі адмаўленьня ў шлюбе маладым, пакуль яны ня вывучаць пацераў па-польску. Такі падыход можа прычыніцца толькі да страты вернікаў.
Свае разважаньні айцец Чарняўскі закончыў заклікам да палякаў:
„Палякі! Памажэце нам стаць на хрысьціянскія ногі, памажэце нам, Беларусам-каталіком, мець свайго біскупа, адміністрацыю, сэмінарыю і г. д., і вы дакажаце, даведзяцё, што вы нам «браты ў Хрысьце»”[5].
Нягледзячы на ўсе перашкоды, беларускія патрыёты-сьвятары аднак адпраўляюць багаслужбы й выдаюць рэлігійную літаратуру па-беларуску — напісала Раіса Жук-Грышкевіч. У каталіцкім касьцёле ў Вішневе імша ў беларускай мове адпраўлялася ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім ужо ў 60-70-х гадох XX стагодзьдзя. Айцец Чарняўскі пераклаў на беларускую мову сьвятую імшу[6]. Рыма-каталіцкія багаслужбы адпраўляюцца штодзённа па-беларуску ў Менску, Нясьвіжы, Наваградку, Мёрах. Апрача гэтага ў розных касьцёлах Менску, Гомеля, Магілёва, Горадні, Баранавічаў і Старых Двароў багаслужбу ўсходняга абраду ў беларускай мове служыў айцец Аляксандар Надсан кожны раз, калі прыяжджаў зь Лёндану ў Беларусь. Раіса Жук-Грышкевіч праяўляе спадзяваньне, што сытуацыя беларускае мовы ў рэлігійным жыцьці зьменіцца, калі Беларусь стане сапраўды незалежнай дзяржавай.
„Бясспрэчна, што сытуацыя беларускай каталіцкай царквы, ці то ўсходняга, ці заходняга абраду, у Беларусі вельмі цяжкая, так як цяжкой ёсьць і справа здабыцьця фактычнай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі — здабудзем незалежнасьць і беларускай царквы. Памагай нам Божа!”[7].
Поўнасьцю па-беларуску Сьвятую Імшу 24 сакавіка 1999 году перадала Беларуская сэкцыя Радыё Ватыкан. Было гэта зроблена на просьбу слухачоў зь Беларусі. Імшу адслужыў у Капліцы Дабравешчаньня ў цэнтры прадукцыі праграмаў айцец доктар Рабэрт Тамушанскі ў прысутнасьці групы беларусаў з Рыму й запрошаных гасьцей[8].
Б. У праваслаўных сьвятынях
Газэта „Беларус” зьмясьціла пастановы Сьвяшчэннага сабору япіскапаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Адзін з пунктаў пастановаў Сабору закранаў пытаньне беларускае мовы:
„Веручы, што БАПЦарква ёсьць ад Бога, а беларуская мова — гэта талент, якога зьневажаць і забываць ніколі няможна, на Саборы пастаноўлена Сьв. Евангельле, Апостальскія Пасланьні й Заамвонную малітву на Багаслужбах чытаць пабеларуску, а пасьля ўзгадненьня тэксту й кампазыцыі малітваў «Верую» і «Ойча наш» таксама сьпяваць пабеларуску”[9].
Першая багаслужба па-беларуску была праведзеная 30 лістапада 1969 году ў Дэтройце. Аказалася, што пераклад царкоўнага служэньня на беларускую мову ня ёсьць недасягальным[10].
Беларускія праваслаўныя багаслужбы праводзіліся ў розных гарадох заходняга сьвету, дзе жылі беларусы. Эміграцыйныя газэты паведамляюць пра дзьве багаслужбы, праведзеныя айцом Канстантынам Бандаруком у Мюнхэне — 24 сакавіка й 19 чэрвеня 1991 году. У сваіх казаньнях айцец Канстантын прыгадаў беларускіх сьвятых, гаварыў таксама пра важнасьць памятаньня роднае мовы, шанаваньня народных традыцыяў і багатае спадчыны беларускага народу[11].
Газэта „Беларус” адзначыла прыезд у Нью-Ёрк мітрапаліта менскага й беларускага Філарэта[12]. На адной зь неафіцыйных сустрэчаў мітрапаліту Філарэту давялося выказацца пра ягонае стаўленьне да беларускае мовы.
„Беларуская мова — сказаў Філарэт — «штучная» («искуственная») і было-б «ненатуральным», калі-б сьвятар у сваёй казані зьвярнуўся да вернікаў у беларускай мове. А пра багаслужбу ў беларускай мове дык і гутаркі быць ня можа, гэта, кажа Ўладыка Філарэт, гучэла-б зусім не на месцы”[13].
Гэтага стаўленьня — піша газэта „Беларус” — ніяк нельга назваць ані прагрэсіўным, ані справядлівым, ані нават хрысьціянскім.
„Стаўленьне гэтае традыцыйна маскоўскае — рэакцыйнае й калянізатарскае”[14].
Іншыя мовы, чым расейская — у ацэнцы мітрапаліта — горшыя. Параўнаў ён двух каталіцкіх ксяндзоў: адзін зь іх прынцыпова гаворыць казані па-беларуску, чым — па словах мітрапаліта — выяўляе сваю нацыянальную крайнасьць, а другі прынцыпова карыстаецца польскаю моваю, і таму вернікі яго не разумеюць.
З выказваньняў мітрапаліта Філарэта пра мову ў сьвятынях Аркадзь Будзіч зрабіў наступныя высновы: 1. альбо мітрапаліт Філарэт ня ведае й ведаць ня хоча пра беларускую нацыянальную культуру ў БССР, чым падкрэсьлівае „чужароднасьць маскоўскага праваслаўя на Беларусі, імпэрыялістычны характар гэтае рэлігіі ды ейную калянізатарска-этнацыдную існасьць”[15]; альбо мітрапаліт, ведаючы пра прывязанасьць беларусаў да свае мовы, „сьведама дапамагае бязбожным савецкім русыфікатарам Беларусі мэтадам пашырэньня на Захадзе дэзынфармацыі аб тым, што Беларусы, быццам-бы, не шануюць і не бароняць свае роднае мовы ды імкнуцца чуць расейскую мову ў тых праваслаўных цэрквах, якіх улада яшчэ не паперарабляла ў атэістычныя музэі, канцэртныя залі ды складзішчы”[16].
А. Будзіч піша, што праваслаўныя ў БССР павінны дамагацца, каб мітрапалітам менскім і беларускім быў беларус, які не абражаў бы нацыянальных пачуцьцяў вернікаў і не называў бы штучнай мову, што прыйшла „ад сьв. Еўфрасіньні Полацкай й сьв. Кірылы Тураўскага, ад перакладніка Бібліі Франьцішка Скарыны й абаронцаў гэтае мовы Васіля Цяпінскага, Мялета Сматрыцкага ды сотняў тысячаў іхных пасьлядоўнікаў праз усе стагодзьдзі, у тым ліку Якуба Коласа й Янкі Купалы”[17].
Янка Запруднік зьвяртае ўвагу на інтэрвію, якое ў мітрапаліта Філарэта ўзяў выкладчык менскага Інстытуту культуры Валеры Няфёд. Асабліва ўзьбянтэжыла выказваньне мітрапаліта Філарэта пра ачышчэньне беларускае мовы.
„Мы павінны (...) ачысьціць беларускую мову ад усіх напластаваньняў, каб яна запраўды была мовай народу, была прасякнутая народным духам, а не стваралася паводля ‘прынцыпу’ абы толькі ня быць падобнай да расейскае”[18].
Аўтар публікацыі задумоўваецца, хто гэта будзе ачышчаць беларускую мову, і ці ўладыка намерваецца супрацоўнічаць з Таварыствам беларускай мовы, у статуце якога таксама запісана, што „мае на мэце пашырэньне ўжытку беларускай мовы (...), захаваньне яе чысьціні й самабытнасьці”[19].
Факт, што на ўстаноўчым сходзе Таварыства беларускай мовы былі два каталіцкія сьвятары, але ніводнага праваслаўнага, сьведчыць пра тое, што:
„Руская Праваслаўная Царква на Беларусі яшчэ не зусім пагадзілася з тым, што і для яе настаў час беларусізацыі”[20].
Адсутнасьць аўтакэфаліі беларускага праваслаўя аб’ектыўна й суб’ектыўна ўніфікуе вернікаў Беларусі й Расеі[21].
— У праваслаўных сьвятынях у Польшчы
У Польшчы Праваслаўная царква мае аўтакефалію. Тэарэтычна можа яна самастойна пастанаўляць пра ўсе свае справы. Здавалася б, што ў такой сытуацыі на тэрыторыі Беласточчыны, дзе бальшыня праваслаўных вернікаў гэта беларусы, не павінна быць праблемаў з увядзеньнем беларускае мовы ў багаслужбу. Андрэй Галішэўскі напісаў:
„Раней Праваслаўная Царква думала аб тым, каб у Польшчы Беларусы маглі пачуць казаньне пабеларуску ды пагутарыць із сваім сьвятаром таксама гэтай-жа мовай (але замяніць тэкст царкоўнаславянскі на беларускі ня было спробаў у Польшчы). У Духоўнай Сэмінарыі ў Варшаве выкладалася беларуская мова й некаторыя прадметы на ёй. Ясна, што гэтага дамагліся самыя Беларусы, а галоўна сама Царква. Але з часам у моц розных акалічнасьцяў (пра якія трэба гаварыць асобна) уладыкі зьмянілі сваю пазыцыю. Вось гэтага голасу на карысьць беларускае мовы й ня чуваць цяпер з боку кіраўніцтва Царквы”[22].
Беларусы ў Польшчы патрабавалі таксама ўвесьці беларускую мову ў багаслужбу. Ад імя І Зьезду беларускіх студэнтаў у Польшчы быў высланы праваслаўнаму мітрапаліту варшаўскаму і ўсяе Польшчы ліст з просьбаю-заклікам, каб Праваслаўная царква выступала „зь ініцыятывай дзейнасьці на беларускай ніве і стварала карысныя ўмовы дзеля захаваньня і разьвіцьця нацыянальнай сьвядомасьці”[23]. У лісьце да мітрапаліта сказана:
„Прапануем паступова і неадкладна ўключыць беларускую мову ў багаслужбы, выдавецкую дзейнасьць ды весьці на ёй працу зь дзецьмі і моладзьдзю”[24].
Беларусы ў ЗША выказвалі спадзяваньне ў надыход такога часу, калі сьвятары Беласточчыны загавораць да сваіх вернікаў па-беларуску.
А. Галішэўскі адзначыў, што нацыянальная сьвядомасьць сьвятароў Беласточчыны слабая. Многія зь іх дрэнна паслугоўваюцца беларускай мовай, а шмат хто ўвогуле яе не ўжывае. Прычына ў тым, што не давялося ім вывучаць беларускае мовы. Апрача гэтага яны ня бачаць патрэбы рабіць намаганьні ў гэтым накірунку, паколькі бальшыня жыхароў Беласточчыны гаворыць сваім дыялектам. У казанях культывуецца старая традыцыя, якая засталася ў спадчыну з царскіх яшчэ часоў — па-расейску. Гэтай мовай праваслаўным сьвятарам у Польшчы лягчэй карыстацца, паколькі навучаньне ў Духоўнай сэмінарыі вядзецца менавіта на расейскай мове, а не на беларускай.
Газэта „Беларус” заўважыла, што праваслаўныя сьвятары Беласточчыны ўсё часьцей пачынаюць у казанях карыстацца польскай мовай, асабліва ў гарадох. Такім чынам Праваслаўная царква йдзе ўсьлед за Каталіцкім касьцёлам і пачынае спрыяць хутчэйшай асыміляцыі беларускага насельніцтва ў Польшчы. Беларусы-каталікі ўжо поўнасьцю спалянізаваліся, паколькі ў народзе назіраецца частае атаесамліваньне веравызнаньня з нацыянальнасьцю — каталіцызм успрымаецца як польская рэлігія, і таму польская мова спрыяе палянізацыйнаму працэсу[25].
„Без беларускай мовы, мовы тубыльцаў, лёс праваслаўнае царквы ў Беластоцкім краі перастане кагокольвек неспакоіць у пакаленьні нашых праўнукаў, якія, праўда, яшчэ народзяцца, але іхнымі бацькамі будуць нашы, апалячаныя да шпіку касьцей, унукі, да якіх мы ўжо і не дапусьцім «рускага»!”[26]
„Беларус”, паведамляючы пра выхад Календара Варшаўскае праваслаўнае мітраполіі на 1983 год, сьцьвярджае адсутнасьць у ім беларускае мовы.
„Асноўная мова календара, выдадзенага для Беларусаў і Ўкраінцаў, як гэта ні парадаксальна, — расейская. Частка матар’ялу — каляндар галоўных сьвятаў, склад сынадальнае й парахвіяльнае адміністрацыі (з адрасамі й нумарамі тэлефонаў) — пададзена папольску; папольску зьмешчаная й частка хронікі — прыкладам, артыкул пра 10-годзьдзе царкоўнага хору ў Варшаве (у артыкуле, між іншага, згадваюцца прозьвішчы Куліковіча й Равенскага, як кампазытараў, што пісалі царкоўную музыку). Паўкраінску пададзеныя толькі сьвятцы, сьледам за расейскімі. Беларуская мова у календары поўнасьцяй зігнараваная”[27].
На Беласточчыне не існуе выразных паралеляў паміж нацыянальнасьцю, веравызнаньем і мовай — адзначае Яўген Мірановіч[28], дасьледнік нацыянальнай сьвядомасьці праваслаўнага насельніцтва Беласточчыны. Праваслаўныя масы не зьвязаныя ні нацыянальнай ідэалёгіяй, ні палітычнай. Праўда, значная частка праваслаўных лічыць сябе беларусамі, але няма доказаў, якія сьведчылі б, што з гэтай самаідэнтыфікацыяй спалучаецца жаданьне абароны асноўных беларускіх каштоўнасьцяў: мовы, культуры, выхоўваньня дзяцей на беларусаў.
Для бальшыні асноўным паказьнікам адметнасьці ў параўнаньні з польскім атачэньнем ёсьць менавіта праваслаўе. Рэлігійны крытэрый, а не нацыянальны, зьяўляецца асноўным элемэнтам, які адрозьнівае беларускамоўных католікаў ад праваслаўнага атачэньня, якое ўспрымаецца як „рускае”. Праваслаўнае грамадзтва вернікаў праваслаўя ўспрымае як „сваіх”, „нашых”. Раней былі гэта мясцовыя праваслаўныя жыхары вёскі, якія размаўлялі „па-свойму”, „па-руску”, а сёньня гэта ўсе, хто быў хрышчаны ў царкве й не зьмяніў свайго веравызнаньня. Мова, як крытэрый, які кваліфікаваў да групы сваіх, з часам страціла сваё значэньне[29].
Дасьледаваньні Анджэя Садоўскага паказваюць, што 75,9% праваслаўных сваю самаідэнтыфікацыю найахвотней абмяжоўвае да паняцьця праваслаўны. На пытаньне пра нацыянальнасьць, праваслаўныя жыхары Беласточчыны на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя залічалі сябе: да польскай нацыянальнасьці — 53% апытаных, да беларускай — 28%, да ўкраінскай — 2%, да рускай — 10%, а астатнія не маглі рашыцца, да якой нацыянальнай групы сябе аднесьці.
Я. Мірановіч параўнаў вынікі апытаньня А. Садоўскага з апытаньнем, праведзеным ім самім на пачатку 80-х гадоў, і сьцьвердзіў, што лічбы паказваюць пра вельмі хуткае зьмяншэньне колькасьці рускіх на Беласточчыне й павелічэньне групы праваслаўнага насельніцтва, якое ўважае сябе за палякаў. Амаль не зьмяніўся адсотак беларусаў, нягледзячы на ўзьнікненьне ў тым часе некалькіх беларускіх арганізацыяў, якія розным спосабам узьдзейнічалі на асяродзьдзе праваслаўнага жыхарства. Не аказала таксама ніякага ўплыву на зьмену нацыянальнае сьвядомасьці праваслаўных інтэнсыўная ўкраінская прапаганда.
Праваслаўныя палякі на Беласточчыне значна адрозьніваюцца сваёй сьвядомасьцю ад палякаў-каталікоў, перш за ўсё сваім стаўленьнем да польскае нацыянальнае міталёгіі. Праваслаўныя палякі, як сукупнасьць, не адносяцца таксама недобразычліва да беларускае нацыянальнае культуры, хоць асабіста не атаесамліваюцца зь ёю. Падобны іхны стасунак і да расейскае культуры. Польскую культуру не ўспрымаюць як цалкам сваю, а беларускую, расейскую ці ўкраінскую — як цалкам чужую. Для праваслаўных палякаў польскасьць не зьяўляецца прычынай да гонару, але часьцей выклікае боязі, ці часам ягоная „руская рэлігія” не ўспрымаецца як элемэнт, які выключае яго з польскае нацыянальнае супольнасці. Значыць, часта застаюцца яны ў антаганізмах з самімі сабою. Праваслаўныя палякі адчуваюць, што яны іншыя, чым палякі-каталікі. Польская нацыянальная сьвядомасьць у вялікай ступені функцыянуе згодна з прынцыпам дзяржаўнае прыналежнасьці, а таксама выхаваньня ў польскай культуры. Польскасьць аднак не перакрэсьлівае адчуваньня прыналежнасьці да руска-бізантыйскага культурнага кола.
Як сярод праваслаўных палякаў, гэтак і беларусаў можна гаварыць пра выступаньне розных катэгорыяў успрыманьня польскасьці й беларускасьці. Ёсьць палякі, для якіх польскасьць вынікае з факту жыцьця ў польскай дзяржаве, і ёсьць беларусы, для якіх беларускасьць вынікае з факту вызнаваньня праваслаўя. На другім полюсе знаходзяцца тыя беларусы й тыя праваслаўныя палякі, нацыянальную сьвядомасьць якіх кшталтавала адна з нацыянальных культураў.